МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. Частка 1. Варшава, 2004. — 256 с.

Аўтар: Баршчэўскі А.
Год: 2004
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Германія, Літва, Расія, Францыя, Чэхія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць, ч. 1

ЗЬМЕСТ

Уводзіны

1. Беларускі эміграцыйны асяродак у Санкт-Пецярбурзе

1.1. Выдавецкая суполка „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”
1.2. Антон Луцкевіч – барацьбіт за сувэрэнную й дэмакратычную Беларусь
1.3. Ідэя нацыянальнага адраджэньня ў публікацыі Антона Луцкевіча На дарозі да новаго жыцьця

2. Беларускі эміграцыйны асяродак у Каўнасе

2.1. Роля Каўнаскага асяродка ў разьвіцьці беларускай пісьмовасьці

3. Беларускі эміграцыйны асяродак у Празе

3.1. Абарона беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў на старонках пэрыёдыка „Іскры Скарыны”
3.2. Галоўныя напрамкі публіцыстыкі на старонках „Перавясла”
3.3. Уладзімер Жылка – паэт-выгнаньнік

4. Беларускі эміграцыйны асяродак у Францыі

4.1. Палітычныя й нацыянальныя ідэі беларускай публіцыстыкі ў Францыі міжваеннага пэрыяду

5. Беларускі эміграцыйны асяродак у Бэрліне

5.1. Лёсы беларусаў у Нямеччыне й характар іх выдавецкай дзейнасьці
5.2. Першы Ўсебеларускі Кангрэс у асьвятленьні газэты „Раніца”
5.3. Другі Ўсебеларускі Кангрэс у інтэрпрэтацыі „Раніцы”
5.4. Гістарычная й сучасная нацыянальна-культурная рэчаіснасьць на старонках „Раніцы”

А. Беларусь паміж Захадам і Ўсходам
Б. Францішак Скарына – беларускі першадрукар
В. Кастусь Каліноўскі – змагар за Беларусь
Г. Ушанаваньне памяці Івана Луцкевіча
Д. Ушанаваньне памяці Паўлюка Труса
Е. Ларыса Геніюш на службе нацыі
Ё. Натальля Арсеньнева – паэтка красы й сілы
Ж. Фінальныя заўвагі

Заканчэньне

Streszczenie (Рэзюмэ)
Бібліяграфія
Іменны паказьнік

Беларуская эміграцыйная пісьмовасьць зьяўляецца арганічнай часткай нацыянальнай культуры. На гэтую пісьмовасьць складаюцца: публіцыстыка ды зьвязаная зь ёю пэрыёдыка, мастацкая літаратура – паэзія, проза, драматургія, літаратурная крытыка, урэшце навуковыя ці папулярна-навуковыя дасьледаваньні. Эміграцыйная пісьмовасьць выдатна ўзбагаціла нацыянальную культуру, уводзячы ў яе такія непрысутныя ў беларускай савецкай публіцыстыцы, літаратуры й навуцы інтэрпрэтацыі й каштоўнасьці, як: самабытная трактоўка гісторыі Беларусі, дэмаскацыя сталінскіх і бальшавіцкіх злачынстваў, асуджэньне сілавой калектывізацыі беларускай вёскі, супраціў у адносінах да русыфікацыі Беларусі, аб’ектыўная карціна дэмакра­тычных прынцыпаў і нормаў у жыцьці заходніх краін, пахвала і ўзьвелічэньне духа поўнае свабоды мастака й вучонага, нескаваных прынцыпамі й наказамі сацыялістычнага рэалізму ды марксістоўска-ленінскай мэтадалёгіяй.

На працягу многіх дзясяткаў гадоў у савецкіх энцыкляпэдыях, даведніках, інфарматарах і падручніках пасьлядоўна замоўчваўся факт існаваньня беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці. Калі весткі аб беларускіх эміграцыйных творцах паяўляліся ў беларускай савецкай публіцыстыцы, дык мелі яны, як правіла, іранічны, насьмешлівы, або рэзка асуджальны, пагардлівы характар.

Савецкія публіцысты, гаворачы аб эмігрантах, спаборнічалі паміж сабой у мнажэньні такіх эпітэтаў, як: здраднікі, нацыяналісты, падпальшчыкі вайны, паслугачы імпэрыялістаў, ворагі народу, шпіёны й агенты.

Толькі на пераломе 80-90-х гадоў ХХ ст. выйшла ў савецкай Беларусі першая кніга аўтарства Барыса Сачанкі, у якой выступілі нясьмелыя спробы рэабілітацыі беларускай творчай эміграцыі[1]. У кароценькай расейскамоўнай характарыстыцы кнігі было напісана: 

„В книгу известного белорусского прозаика вошли статьи посвящённые временам сталинщины в белорусской литературе, а также загадка смерти Я. Купалы, мало известной и мало иссле­дованной белорусской литературной эмиграции, деятелям народно-освободительного движения в начале ХХ в., которые оставили зна­чи­тельный след в культуре и науке”[2].



У кнізе гэтай выступіла яшчэ нямала, праўда, паслабленых, але ў сваёй істоце постсавецкіх тэрміналягічных рэліктаў, якія праявіліся ў традыцыйных абразьлівых акрэсьленьнях, ужытых у адрас тых беларускіх творцаў, якія пакінулі Беларусь і апынуліся ў вольным сьвеце. Нягледзячы на гэтыя недахопы, Барыс Сачанка аказаўся адным з першых дасьледчыкаў, якія патрактавалі эміграцыйную пісь­мовасьць, як неадлучную й каштоўную частку беларускай літаратуры.

Як вядома, у верасьні 1991 году пасьля развалу Савецкага Саюзу наступіла абвяшчэньне незалежнай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь, і гэты факт стаўся вялікім штуршком у працэсе ўзьнікненьня даволі значных колькасьцяў кніжных публікацыяў, прысьвечаных характа­рыс­тыцы беларускіх эміграцыйных творцаў. Да такіх выдат­ных эміграцыя­знаўчых кніг трэба залічыць, між іншым, наступныя:

- Б. Сачанка, Туга па Радзіме, Мінск 1992.

- Л. Геніюш, Споведзь, Мінск 1993.

- Беларускія пісьменнікі. Бібліяграфічны слоўнік, т. 1-6, Мінск 1992-1995.

- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, т. 1-6, Мінск 1993-2003.

- Беларускія пісьменнікі. Даведнік, Мінск 1994.

- Беларуская энцыклапедыя, т. 1-18, Мінск 1996-2004.

Асаблівай увагі заслугоўвае трохтомнае дасьледаваньне пад рэдакцыяй А. Сабалеўскага Культура беларускага замежжа[3].

Нельга абыйсьці таксама каштоўнай чатырохтомнай Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, падрыхтаванай і выдадзенай Нацыянальнай Акадэміяй Навук[4].

Выдатным наватарскім дасьледаваньнем у беларускім краёвым эміграцыязнаўстве трэба лічыць кнігу А. А. Пашкевіча[5], якая ў выніку наглага ўмяшальніцтва прасталінскіх вайскоўцаў ня толькі не пры­несла аўтару навуковага посьпеху, але прычынілася да сілавога выключэньня яго з працы на Катэдры Гісторыі Беларускай Літаратуры ў Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце. 

Бласлаўлёная пара абмежаванага палітычнага лібэралізму й мінімальнага нацыянальнага адраджанізму, якая выступіла ў Беларусі ў гадох 1991-2004, дазволіла беларускім дасьледчыкам і выдаўцам выпусьціць у сьвет манаграфіі й літаратурныя творы, між іншым, такіх выдатных эміграцыйных аўтараў, як: Вітаўт Кіпель, Беларусы ў ЗША, Мінск 1993; Кастусь Акула, Змагарныя дарогі, Мінск 1994; Леанід Пранчак, Беларуская Амерыка, Мінск 1994; Янка Юхнавец, Сны на чужыне, Мінск 1994; Масей Сяднёў, Масеева кніга, Мінск 1994; Алег Вініцкі, Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939-1951 гадох, Менск 1994; Янка Запруднік, Беларусь на гіста­рыч­ных скрыжаваннях, Мінск 1996 і Аляксандар Надсан, Біскуп Чэслаў Сіповіч, сьвятар і беларус, Менск 2004. 

З жалем сьцьвярджаем, што ў апошнім пэрыядзе ў Беларусі паглыбляецца й пашыраецца русыфікацыя ўсіх галін асьветніцкага, урадавага, адміністрацыйнага, выдавецкага, культурнага й палітыч­нага жыцьця. Разьмеры й абсяг гэтай русыфікацыі не ўступаюць манструальнай дэнацыяналізацыі Беларусі ў часах сталінскага разгулу, з той аднак розьніцай, што сёньня ў Беларусі не выступае масавае фізычнае зьніштажэньне сапраўдных і ўяўных апазыцыйных элемэнтаў, як гэта было ў пэрыяд сталінскага тэрору.

Мая трохтомная манаграфія Беларуская эміграцыйная пісьмо­васьць ставіць перад сабой задачу хаця б фрагмэнтарна паказаць найважнейшыя праявы той беларускай публіцыстыкі, літаратурнай крытыкі, мастацкай літаратуры й навукі, якія ўзьніклі па‑за этнічнымі межамі Беларусі на працягу ўсяго ХХ і на пачатку ХХІ стагодзьдзяў. 

У першай частцы гэтай кнігі зьвяртаю ўвагу на найважнейшыя друкаваныя праявы беларускай інтэлектуальнай думкі ў такіх асяродках, як: Пецярбург – Расія, Каўнас – Літва, Прага – Чэхасла­вакія, Парыж – Францыя, Бэрлін – Германія. Часова манаграфія зьмяшчаецца ў гадох 1906-1945.

Характарызуючы гэты пэрыяд беларускага эміграцыйнага жыцьця, стараўся я максымальна выкарыстаць публіцыстычныя, навуковыя, эміграцыйныя артыкулы, дасьледаваньні й літаратурныя творы, лічачы, што якраз яны найпаўней і найбольш аўтэнтычна сьведчаць аб дзеяньнях, намерах і імкненьнях беларускіх эмігрантаў, якія, пакінуўшы Радзіму, ня здрадзілі роднаму слову й пры яго дапамозе змагаліся за лепшы лёс Бацькаўшчыны. Некаторыя зь іх, павязаўшы свае надзеі й пляны зь Гітлерам, памыліліся таксама жорстка, як і тыя, хто разьлічваў на шчасьлівы лёс Беларусі пад высакародным кіраўніцтвам „айца народаў” – Я. Сталіна. 

Сёньня, бытуючы на свабодзе, мы павінны аб усім мінулым ведаць, але пры гэтым устрымоўвацца ад рэзкіх, асуджальных ацэнак і прысудаў у адносінах да тых беларусаў, якія дзейнічалі ў выключна цяжкіх, неспрыяльных і складаных жыцьцёвых умовах.

[1] Б. Сачанка, Сняцца сны аб Беларусі, Мінск 1990.

[2] Тамсама, с. 2.

[3] А. Сабалеўскі, Культура беларускага замежжа, т. 1, Мінск 1993; т. 2, Мінск 1993; т. 3, Мінск 1998.

[4] Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, т. 1, Мінск 1999; т. 2, Мінск 1999; т. 3, Мінск 2001; т. 4, частка 1, Мінск 2002; т. 4, частка 2, Мінск 2003.

[5] А. А. Пашкевіч, Канцэпцыя нацыянальнага быцця ў беларускай літаратуры замежжа ХХ стагоддзя, Мінск 2002.

1. 1. Выдавецкая суполка „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”[1]

Пераглядаючы беларускія гістарычныя манаграфіі, падручнікі, энцыкляпэдыі й слоўнікі з савецкіх часоў, нідзе не знаходзім спробы беларускіх аўтараў акрэсьліць, а тым болей паглыблена інтэрпрэ­таваць такое паняцьце, як беларуская эміграцыйная пісьмовасьць. Зьдзіўляе гэта тым болей, што гэтая зьява ня штучная, але жывая й актыўная на працягу амаль ста апошніх гадоў. 

Як быццам праграмнае замоўчваньне й абмінаньне істотнай гістарыч­най зьявы прымушае нас шукаць прынамсі ляканічнай характарыстыкі тэрмінаў: беларуская эміграцыйная пісьмовасьць альбо беларускія эміграцыйныя творцы. 

Зразумела, што не прэтэндуючы да поўнага ды беспа­мыл­ковага вырашэньня гэтага пытаньня, паспрабуем запрапанаваць наступнае акрэсьленьне тэрміну эміграцыйныя творцы: носьбіты беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці – гэта публіцысты, дасьлед­чыкі альбо пісьменьнікі, якія дабравольна ці пад прымусам пакінулі айчынны этнічна-нацыянальны абшар і родны народ, перанесьліся на чужую этнічна-нацыянальную тэрыторыю, пасяліліся сярод чужога народу, але не перасталі пісаць у роднай мове й пачалі створанае выдаваць на чужыне, стараючыся апублікаванае распаўсюджваць сярод выхадцаў зь Беларусі альбо перасылаць свае выдадзеныя творы на Радзіму. 

Зыходзячы з такой формулы, можам сьцьвердзіць, што паўна­кроўная беларуская эміграцыйная пісьмовасьць у XX стагодзьдзі ўзьнікла перадусім у такіх асяродках, як: Пецярбург, Каўнас, Чэская Прага, Парыж, Бэрлін, а пасьля Другой Сусьветнай вайны – у заход­няй Нямеччыне, Францыі, Вялікабрытаніі, Злучаных Штатах Амэрыкі, Канадзе, Аўстраліі і ў некалькіх іншых краінах сьвету. 

Вялікае прыярытэтнае значэньне ў пачатковым разьвіцьці беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці адыграў, несумненна, бела­рускі Пецярбурскі асяродак, які ўзьнік на пачатку XX ст. Некаторыя беларускія дасьледчыкі, разглядаючы гэтае пытаньне, дзейнасьць беларускага Пецярбурскага эміграцыйнага асяродка тракруюць як свайго роду адгалосьсе ці парастак дзейнасьці „Нашай Нівы”. Погляд такі не вытры­моўвае аднак крытыкі з тае простае прычыны, што беларуская пецяр­бурская выдавецкая суполка „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” ўзьнікла амаль паўгоду раней, чым „Наша Ніва”. У такіх абставінах зьяўляецца неабгрунтаванай спроба даказаць, што бела­рускі Пецярбурскі асяродак узьнік пад уплывам віленскай „Нашай Нівы”. Выклікае крытычныя заўвагі таксама тое, што ўсе дасьледчыкі пецярбурскай суполкі называюць яе сёньня „Загляне сонца і ў наша ваконца”, тады, калі ў сапраўднасьці гэтая суполка называлася „За­гляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”. 

Пры нагодзе варта прыгадаць, што галоўнымі ініцыятарамі й стваральнікамі беларускай выдавецкай суполкі ў Пецярбурзе былі: Вацлаў Іваноўскі, Браніслаў Эпімах-Шыпіла[2] і крыху ў пазьнейшым часе моцна ўключыліся ў яе дзейнасьць браты Іван і Антон Луцкевічы ды Браніслаў Тарашкевіч, а таксама Цішка Гартны й Эдвард Будзька. Варта адзначыць, што пецярбурская суполка адыграла агромністую ролю ў падрыхтоўцы й друку першых беларускіх школьных падручнікаў. І так, у ліпені 1906 году суполка выдала першы падручнік Лямантар або Першая навука чытаньня Каруся Каганца. У тым жа годзе суполка выпусьціла ў сьвет Першае чытаньне для дзетак беларусаў Элізы Пашкевіч-Цёткі і тры гады пазьней Другое чытаньне для дзяцей беларусаў аўтарства Якуба Коласа. Апрача гэтага, пецярбурская суполка выдала цэлы шэраг літаратурных твораў Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Каруся Каганца, Янкі Купалы й іншых. Агулам суполка выдала амаль 40 кніг накладам каля 100 тысяч экзэмпляраў. Большасьць гэтай выдавецкай прадук­цыі была накіравана ў Беларусь, хаця выдаўцы стараліся таксама пашыраць яе ў шэрагах беларускай эміграцыі, якая знаходзілася ў розных рэгіёнах Расейскай Імпэрыі. Гаворачы пра выдавецкую дзей­насьць суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”, нельга не сказаць і аб тым, што ў гадох 1912‑1913 выдала яна 3 кніжкі альма­наха „Маладая Беларусь”. 

Для таго, каб зразумець галоўныя мэты ды ідэалёгію пецяр­бурскай суполкі, варта прывесьці фрагмэнт уступу да І тому „Маладой Беларусі”, які выйшаў у 1912 годзе. 

„«Маладая Беларусь» будзе выходзіць кнігамі ў 160 старонак, кніжкі будуць выходзіць адна за аднэй, як толькі набярэцца матэр’ял. 

Ідучы да сваёй мэты «Маладая Беларусь» будзе мець: 

1) Аддзел грамадзянскі, дзе будзем разьбіраць неадложные для беларускаго грамадзянства справы; 

2) Аддзел навучны з асаблівай увагай на навучнае пазнаньне Беларусі; 

3) Аддзел прыгожаго пісьменства і штукі. 

Хаця ўсім была ясна даўно патрэба падобнаго выдавецтва – першы сшытак (томік) пушчаем у сьвет не без трывогі. А крыніца гэтае трывогі вечна тая самая: калі толькі німа сіл выдаваць якой-небудзь беларускай кнігі дваякімі літэрамі зразу – гэта значыць друкаваць тую самую кнігу два разы – заўсёды з’яўляецца страх, што гэту кнігу прачытае толькі часьць беларусаў. 

Ці доўга вісецьме над намі двойчы-літэрнае пракляцьце – ніхто ня ведае цяпер. Адно толькі добра ведаем, у вадно крэпка верым: сьве­до­маму беларусу ўсе літэры роўны – для яго важна не форма – а сама істота, не чым напісана, а што напісана. Аднак пры цяперашнім стане беларускаго руху, болі сьвядомых беларусаў мы можэм палічыць сот­нямі, а ўсіх беларусаў да дзевяці мільёнаў і мы ніколі не можэм забыцца, што гэтые дзевяць (без некалькі соцен мільёнаў) – гэта цяпер матэр’ял, з катораго ешчэ будуць сьведомые беларусы. І вось уся найбліжшая мэта – патрапіць першы раз да сэрца несьведомаго бела­руса, каб умацаваўшы ў ім сьведомые адносіны да нашай справы мець у ім беларуса – грамадзініна”[3].

Шырэйшая праграма ўсёй беларускай пецярбурскай суполкі была вылажана ў тым жа сшытку „Маладой Беларусі” Антонам Наві­ной у паглыбленым аналітычным артыкуле пад назовам На дарозі да новаго жыцьця.

Гаворачы аб беларускай эміграцыйнай пісьмовасьці ў Пецярбурзе, нельга не прыгадаць аб такіх беларускіх газэтах, як „Сьветач”[4] і „Дзянніца”[5] ды аб іх ініцыятарах і выдаўцах Эдварду Будзьку й Цішку Гартным, а таксама аб Беларускім Студэнцкім Гуртку пры Пецярбурскім Універсытэце[6].
 


[1] Беларуская эміграцыйная суполка „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” была, несумненна, найвыдатнейшай беларускай эміграцыйнай грамадзка-нацыянальнай структурай, якая ўзьнікла па‑за этнічнымі межамі Беларусі на пачатку ХХ стагодзьдзя. 

Юрыдычна суполка была зарэгістравана 5 (18) мая 1906 году. Яе галоўнымі ініцыятарамі й арганізатарамі былі: В. Іваноўскі, Ю. Іваноўскі, Б. Эпімах-Шыпіла, В. Валейка, У. Кілашэўскі, К. Кастравіцкі, У. Сталыгва і каля 40 іншых энтузіястаў беларускага адраджэньня. Галоўнай мэтай дзейнасьці гэтай арганізацыі было выдаваньне друкам беларускіх кніг. 

Суполка заключыла паразуменьне з польскай пецярбурскай друкарняй К. Л. Пянт­коўскага. 

Рыхтаваныя суполкай кніжкі друкаваліся кірыліцай альбо лацінкай, а некаторыя зь іх паралельна двума шрыфтамі.

Частка тыражу выдаваных кніжак разводзілася сярод беларусаў – жыльцоў Пецярбурга, Масквы альбо іншых расейскіх гарадоў. Большасьць накладу накіроў­валася ў Беларусь. 

Галоўнай мэтай выдавецкай дзейнасьці суполкі было пашырэньне асьветы сярод беларусаў – эмігрантаў і беларусаў – жыхароў Беларусі. Было гэта істотным і важным з тае прычыны, што да 1915 году на Беларусі не існавала нацыянальнага школьніцтва. Ад некалькіх вякоў адукацыя на ўсёй беларускай тэрыторыі право­дзілася на польскай альбо на расейскай мовах. Парадоксам было тое, што на арганізацыю беларускага школьніцтва ў Беларусі далі дазвол нямецкія акупанты, якія ў 1915 годзе занялі амаль усю беларускую тэрыторыю. 

На пачатку ХХ стагодзьдзя яшчэ не было на Беларусі беларускамоўных падруч­нікаў, пачынаючы ад першых клясаў пачатковых школ, а канчаючы сярэднімі школ­амі й вышэйшымі ўстановамі. Дарэчы, і сёньня ў незалежнай дзяржаве Рэспубліка Беларусь не выдаюцца беларускамоўныя падручнікі па якіх-колечы прадметах, якія выкладаюцца ў вышэйшых установах. Выключэньнем зьяўляюцца падручнікі па беларускай мове й літаратуры для пачатковых і сярэдніх школ, а таксама прызна­чаныя для студэнтаў беларускай філялёгіі ў дзяржаўных унівэр­сытэтах краіны.

Стваральнікі й дзеячы суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”, прагнучы папоўніць страшэнны прабел у нацыянальнай адукацыі, пачалі сваю выдавецкую справу ад друку наступных падручнікаў: Беларускі лемантар або Першая навука чытаньня – 1906 г., Э. Цётка, Першае чытаньне для дзетак беларусаў – 1906 г., Я. Колас, Другое чытаньне для дзяцей беларусаў – 1909 г.

У 1908 годзе суполка заініцыявала выданьне цыклаў літаратурных твораў. У гэтым цыкле выйшлі ў сьвет наступныя кнігі: Я. Купала, Жалейка – 1908 г., Ф. Багушэвіч, Дудка буларуская – 1908 г., Смык беларускі – 1908 г., В. Дунін-Марцінкевіч, Пан Тадэуш – 1908 г., Гапон – 1908 г., Вечарніцы – 1909 г. Кніга з прадмоваю В. Іва­ноўскага В. Дунін-Марцінкевіч і яго жыцьцё. Шчыроўскія дажынкі і Купала – 1910 г.

У гадох 1910-1913 суполка, кіруючыся рэпэртуарнымі патрэбамі беларускіх драматычных гурткоў, выдала такія сцэнічныя творы, як: К. Каганец, Модны шлях­цюк, А. Чэхаў, Сватаньне, М. Крапіўніцкі, Пашыліся ў дурні і Па рэвізіі; Э. Ажэшка, У зімовы вечар, Хам; Я. Купала, Паўлінка.

У гадох 1912-1913 суполка прыступіла да новага тыпу выданьня. Быў гэта альманах „Маладая Беларусь”, у якім – апрача літаратурных твораў – друкаваліся таксама тэарэтычныя дасьледаваньні. У гэтым трохтомным цыкле былі надру­каваны, між іншым, многія творы такіх пісьменьнікаў, як: Янка Купала, Якуб Колас, Канстанцыя Буйла, а таксама знакаміты тэарэтычны артыкул Антона Навіны (А. Луцкевіча) пад загалоўкам На дарозі да новаго жыцьця.

Параўнаўча плённым у выдавецкай справе аказаўся 1913 год, калі суполка выдала наступныя творы: Янка Купала, Шляхам жыцьця, Сон на кургане; А. Чэхаў, Мядзь­ведзь. Апошні выдавецкі акорд суполкі прыпаў на 1914 год, калі выйшаў у сьвет няпоўны зборнік Ф. Багушэвіча Дудка беларуская.

Выбух Першай Сусьветнай вайны канчаткова спыніў існаваньне й дзейнасьць суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”.

За сем гадоў свайго існаваньня суполка выпусьціла ў сьвет 38 кніг агульным накла­дам звыш 100 тысяч асобнікаў. Суполка выдавала таксама паштоўкі зь беларускімі краявідамі й партрэтамі беларускіх пісьменьнікаў.

Калі ўзяць пад увагу, што выдавецкая суполка не карысталася якімі-колечы датацыямі й фінансавай дапамогай з боку дзяржавы, і што ўтрымлівалася выключ­на з ахвяраваньняў галоўным чынам саміх ініцыятараў і арганізатараў, а таксама рэдкіх сымпатыкаў беларускай справы, дык мусім сказаць, што яе дасягненьні й выдавецкі плён мелі характар беларускага нацыянальнага подзьвігу, які можна параўнаць хіба што толькі з выдавецкім подзьвігам Францішка Скарыны.

Варта адзначыць і тое, што прыклад і выдавецкі чын „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” паўплываў на ўзьнікненьне й некалькігадовую дзейнасьць такіх беларускіх пецярбурскіх газэт, як: „Сьветач” 1916-1918 і „Дзянніца” 1918-1919.

Ня можа быць сумненьня і ў тым, што знакамітыя беларускія эміграцыйныя выдаўцы ў Каўнасе: Вацлаў Ластоўскі й Кляўдыюш Дуж-Душэўскі, а таксама Васіль Захарка й Тамаш Грыб у Чэскай Празе чэрпалі свае выдавецкія інспірацыі з досьве­ду й дасягненьняў сяброў выдавецкай суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”.

[2] Выдатны беларускі эміграцыйны дзеяч Браніслаў Эпімах-Шыпіла выводзўся з шляхецкага беларускага каталіцкага асяродзьдзя. Нарадзіўся ён 4 верасьня 1859 году ў фальварку Будзькаўка Полацкага павету на Віцебшчыне. Увайшоў ён у гісторыю беларускай культуры як выдатны фальклярыст, гісторык, мовазнавец, літаратуравед, выдавец, сардэчны апякун літаратурнай моладзі.

Браніслаў Эпімах-Шыпіла закончыў Рыскую Гімназію, а пасьля філязофска-гістарычны факультэт Пецярбурскага Ўнівэрсытэту, у якім абараніў кандыдацкую дысэртацыю. Працаваў ён у бібліятэцы гэтага ўнівэрсытэту й адначасна выкладаў латынь і грэцкую мовы ў некалькіх вышэйшых пецярбурскіх установах. Браніслаў Эпімах-Шыпіла прымаў актыўны ўдзел у пакліканьні да жыцьця й дзейнасьці Круга Беларускай Народнай Культуры і Прасьветы ў гадох 1902‑1904. Арганізацыя гэтая існавала ў Пецярбурзе й гуртавала студэнтаў-беларусаў з розных вышэйшых уста­ноў расейскай сталіцы. 

Істотную ролю ў дзейнасьці гэтай структуры адыгрывалі таксама браты А. і І. Луц­кевічы, В. Іваноўскі і К. Кастравіцкі (Карусь Каганец). Круг Беларускай Народнай Культуры і Прасьветы выдаў зборнік вершаў Я. Лучыны Вязанка – 1903 г., а таксама Калядную пісанку – 1904 г. і Велікодную пісанку – 1904 г. Аб шырокім і высакародным дыяпазоне Круга Беларускай Народнай Культуры і Прасьветы сьведчыць і тое, што сябры гэтай арганізацыі паспрабавалі выдаваць нелегальную беларускую газэту „Свабода”. Браніслаў Эпімах-Шыпіла прыняў непасрэдны аргані­зацыйны й фінансавы ўдзел у Крузе Беларускай Народнай Культуры і Прасьветы, зьядноўваючы да яе прыхільнікаў і энтузіястаў сярод вышэйшых устаноў Пецярбурга. Гэты выдатны беларускі вучоны непасрэдна ўдзельнічаў у падрых­тоўцы матэрыялаў і дакумэнтаў для беларускай дэлегацыі, якая ў 1916 годзе накіравалася ў Лязану на канфэрэнцыю народаў Расеі, дзе дамагалася свабоды й дзяржаўнай незалежнасьці для Беларусі.

Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі Браніслаў Эпімах-Шыпіла паверыў у шчы­расьць бальшавіцкіх дэклярацыяў адносна свабоднага выбару беларусамі сваёй будучыні. Вучоны быў перакананы, што абвяшчэньне БССР і гэтак званая белару­сізацыя маюць шчыры характар і што давядуць да поўнага адраджэньня Беларусі, як у дзяржаўным, гэтак жа ў культурным і моўным аспэктах.

Кіруючыся такой верай, пакінуў Пецярбург і пераехаў у Менск, дзе актыўна ўключыўся ў дзейнасьць Інстытуту Беларускай Культуры, які быў папярэднікам Беларускай Акадэміі Навук. Будучы правадзейным членам Інстытуту Беларускай Культуры, разьвіваў актыўнаю дзейнасьць у шматлікіх галінах беларусазнаўства.

Ужо першая хваля сталінскага тэрору агарнула, між іншым, і Браніслава Эпімах-Шыпілу, які ў палове 1930‑х гадоў быў арыштаваны. Праўда, пасьля 2 месяцаў зьняволеньня выйшаў на свабоду з забаронай жыць і дзейнічаць у Менску. З гэтай прычыны выдатны беларус быў прымушаны вярнуцца ў Ленінград, дзе й памёр 6 чэрвеня 1934 году.

Кароткае турэмнае зьняволеньне й страшэнны разгул сталінскага тэрору, які разьліўся высокай хваляй па Беларусі й па ўсяму Савецкаму Саюзу, вылечылі Браніслава Эпімах-Шыпілу з наіўнай веры ў тое, што бальшавікі прагнуць шчыра адстаяць ідэю дзяржаўнай незалежнасьці й суверэннасьці Беларусі, і што хочуць запэўніць беларускай мове дзяржаўны ранг.

Падчас знаходжаньня на пасадзе старшыні Камісіі Інстытуту Беларускай Культуры, якая рыхтавала Слоўнік жывой беларускай мовы, Браніслаў Эпімах-Шыпіла праявіў максымум працавітасьці, ахвярнасьці й прынцыповасьці. Зрэшты, апрача мовазнаў­ства, актыўна працаваў у галіне этнаграфіі, фальклёру, гісторыі ды іншых праяваў беларускай культуры.

Імпануючымі былі рэзультаты яго дзейнасьці ў галіне беларускага літара­ту­ра­знаў­ства. Дасьледчык падрыхтаваў да друку Беларускую Хрэстаматыю (1889-1931), у якую ўвайшлі творы Ф. Тапчэўскага, Я. Лучыны, А. Паўловіча, У. Сыра­комлі-Кандра­товіча, Э. Пашкевіч (Цёткі) і шматлікіх іншых невядомых і вядомых беларускіх пісьменьнікаў.

Шукаючы нястомна праяваў гістарычнага й сучаснага беларускага пісьменства, Браніслаў Эпімах-Шыпіла навязваў кантакты, уваходзіў у знаёмства з такімі творцамі й знаўцамі беларускай літаратуры, як: Ф. Багушэвіч, М. Доўнар-Запольскі, Э. Карскі, Э. Пашкевіч (Цётка), Я. Колас, М. Багдановіч, Ц. Гартны, Э. Будзька.

Бадай што найбольш кранальныя стасункі зьвязвалі Браніслава Эпімах-Шыпілу з Янкам Купалам. Паэт на працягу некалькіх гадоў жыў на кватэры вучонага, атрымліваў ад яго бацькоўскую дапамогу ў арганізацыйных, выдавецкіх і фінан­савых справах. І нават тады, калі вядучы беларускі творца пакінуў Пецярбург, пераехаў і пасяліўся ў Вільні, дзе стаў галоўным рэдактарам „Нашай Нівы”, у цяжкія хвіліны свайго жыцьця зьвяртаўся да Браніслава Эпімах-Шыпілы за дапамогай і заўсёды яе атрымліваў. Пецярбурскі вучоны прымаў дзейсны й эфэктыўны ўдзел у падрыхтоўцы да друку й выданьні першага паэтычнага зборніка Янкі Купалы Жалейка. Спрыяў таксама паступленьню Янкі Купалы на вышэйшыя курсы Чарняева ў Пецярбурзе. Янка Купала адносіўся да Браніслава Эпімах-Шыпілы з глыбокай павагай і ўдзячнасьцю. Пачуцьці гэтыя праявіліся ў лістах паэта да вучонага, а таксама ў вершах, прысьвечаных гэтаму сардэчнаму другу й апекуну. Аб трываласьці дружбы паміж Янкам Купалам і Браніславам Эпімах-Шыпілам сьведчыць і тое, што нават у гады сталінскага тэрору, калі над паэтам і над вучо­ным вісеў катаўскі тапор, Янка Купала наведаў у Ленінградзе сардэчнага патрона за год да яго сьмерці. 

Браніслаў Эпімах-Шыпіла – адна з найвыдатнейшых постацяў беларускага нацыя­нальнага адраджэньня. Займае ён найбольш экспанаванае мейсца сярод тых беларускіх эмігрантаў, якія, жывучы на чужыне, ніколі ня здрадзілі Бацькаўшчыне й заўсёды пасьлядоўна служылі ідэі веры ў яе адраджэньне ды праз усё жыцьцё пранесьлі высокае перакананьне аб тым, што Беларусь у канцы канцоў перастане быць служкай у чужынцаў і стане годным і гордым гаспадаром у сувэрэннай дзяржаве.

[3] Да чытачоў, у: „Маладая Беларусь”, сшытак І, Пецярбур 1912, с. ІV-V.

[4] Рэдагаваная Эдвардам Будзькам беларуская газэта „Сьветач” выдавалася лацінкаю ў Пецярбурзе ад 1 (14) лістапада 1916 году да 31 студзеня 1917 году. Выйшла ў сьвет усяго 7 нумароў гэтага пэрыёдыка. „Сьветач” меў выразна каталіцка-рэлігійны характар і быў прызначаны для беларусаў каталіцкага вера­вызнаньня. Аўтары публікацыяў і асабліва галоўны рэдактар Эдвард Будзька прапанавалі ідэю адраджэньня Беларусі на грунце каталіцка-рэлігійных ідэалаў і прынцыпаў. Газэта экспанавала розныя праявы беларускага нацыянальнага жыць­ця ў Пецярбурзе, з асаблівай увагай адносілася да дзейнасьці выдавецкай суполкі „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”.

[5] Цішка Гартны, сапраўднае прозьвішча Зьміцер Жылуновіч, апынуўшыся ў Пецярбурзе й актыўна ўключыўшыся ў рэвалюцыйны, бальшавіцкі рух, рэдагаваў у гэтым горадзе дзьве беларускія газэты пад аднолькавымі назовамі „Дзянніца”. Пер­шая „Дзянніца” выдавалася Цішкам Гартным ад 1 (14) лістапада 1916 году да 13 студзеня 1917 году. Публіцысты газэты адводзілі прыярытэтнае мейсца асьвет­ніцка-культурным пытаньням. Інфармавалі сваіх чытачоў аб шматлікіх беларускіх ініцыятывах ня толькі ў Пецярбурзе, але і ў іншых гарадох Расеі. На старонках „Дзянніцы” паяўляліся таксама літаратурныя творы Ц. Гартнага, А. Паўловіча, Ф. Шантыра ды іншых беларускіх паэтаў і празаікаў. Першая „Дзянніца” спыніла сваё існаваньне пасьля выхаду ў сьвет яе 7 нумара. 

Другая „Дзянніца” пад рэдакцыяй таго ж Ц. Гартнага выходзіла ў першыя гады пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі ад 1 сакавіка 1918 году ў Пецярбурзе да 24 лю­тага 1919 году ў Маскве як орган рэвалюцыйнага ўраду і весьнік Беларускай сэкцыі Расейскай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў).

Публіцыстыка другой „Дзянніцы” была больш складанай і разнароднай, чым яе папярэдніцы. З аднаго боку, „Дзянніца” зьмяшчала матэрыялы з тыповай бела­рускай літаратурнай і культурнай праблематыкай, з другога боку, досыць шырока займалася палітычнымі падзеямі, якія мелі мейсца як у рэвалюцыйнай Расеі, так і ў акупаванай немцамі, а пасьля й палякамі Беларусі. „Дзянніца” рашуча падтрымлі­ва­ла ідэю стварэньня Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі, арганічна спалучанай у адной дзяржаве з рэвалюцыйнай Расеяй. Пры гэтым досыць шырока асьвятляла палемікі, што вяліся паміж маскоўскім рэвалюцыйным цэнтрам, які падтрымліваў ідэю стварэньня БССР, і прадстаўнікамі заходняга фронту – В. Кнорынам і А. Мясьніковым – заўзятымі ворагамі беларускай савецкай дзяржаўнасьці. Паводле іх, Беларусь павінна была стацца арганічнай часткай рэвалюцыйнай Расеі.

Варта зазначыць, што „Дзянніца” адводзіла экспанаванае мейсца для мастацкіх твораў і літаратуразнаўчых артыкулаў такіх аўтараў, як: Ц. Гартны, Я. Колас, М. Га­рэцкі, А. Гурло, Ф. Шантыр, Я. Нёманскі, Я. Дыла, Я. Канчар і іншых.

Усяго выйшла ў сьвет 49 нумароў савецкай „Дзянніцы”, якая стойка змагалася за камуністычныя ідэалы, не прадбачваючы, што давядуць яны да заўчаснай сьмерці тысячы ні ў чым невінаватых беларусаў, у тым ліку й галоўнага ідэоляга „Дзянніцы” Ц. Гартнага.

[6] Беларускі Студэнцкі Гурток – арганізацыя гэта была паклікана да жыцьця беларускімі студэнтамі, якія вучыліся ў Санкт-Пецярбурскім Універсытэце.

Ідэя ўзьнікненьня Гуртка нарадзілася на пераломе 1905-1906 гадоў. Ажыцьцяў­леньне яе наступіла 30 сьнежня 1912 году. Вядучым арганізатарам Гуртка быў студэнт фізыка-матэматычнага факультэта Яўген Хлябцэвіч. У дзейнасьць Гуртка актыўна ўключыўся таксама студэнт гісторыка-філязофскага факультэта Браніслаў Тарашкевіч, пазьнейшы арганізатар славутай Сялянска-Работніцкай Грамады. 

Афіцыйным кіраўніком Гуртка быў дацэнт А. Розэнфельд. Дзейнасьць і ідэі Гурт­ка падтрымлівалі такія выдатныя вучоныя, як: А. Бодуэн дэ Куртэнэ, А. Пагодзін, Е. Раманаў, А. Шахматаў, Я. Карскі ды іншыя. 

Беларускі Студэнцкі Гурток актыўна супрацоўнічаў з суполкай „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ” і прымаў удзел у выданьні альманаха „Маладая Беларусь”.

Галоўнай праграмнай мэтай Гуртка было вывучэньне гісторыі Беларусі, фальклёру й этнаграфіі Беларусі, культуры й мастацтва Беларусі, беларускай мовы й літаратуры.

Члены Гуртка апрацавалі й прачыталі на публічных сходах шэраг беларусазнаўчых дакладаў; падрыхтавалі й выдалі газэту „Раніца” – 1914 год і намерыліся выдаваць газэту „Сябра”. Беларускі Студэнцкі Гурток арганізацыйна й фінансава моцна падтрымліваў дацэнт Пецярбурскага Ўнівэрсытэту Браніслаў Эпімах-Шыпіла.

1. 2. Антон Луцкевіч – барацьбіт за сувэрэнную й дэмакратычную Беларусь

Антон Луцкевіч паходзіў з шляхецкай каталіцкай сям’і. Нара­дзіўся ён 17 (29) студзеня 1884 году ў мясцовасьці Шаўлі Ковенскай губэрні. У 1902 годзе скончыў Мінскую Гімназію. Пасьля вучыўся на фізычна-матэматычным факультэце Пецярбурскага Ўнівэрсытэту, у канцы на юрыдычным факультэце Тартурскага Ўнівэрсытэту.

Ужо на пачатку ХХ стагодзьдзя моцна зьвязаўся зь беларускім нацыянальным рухам. У 1903 годзе прыняў актыўны ўдзел у паклі­каньні да жыцьця Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады, якая некалькі гадоў пазьней зьмяніла свой назоў на Беларускую Сацыяліс­тычную Грамаду. Знаходзячыся ў Пецярбурзе, актыўна дзейнічаў спачатку ў Крузе Беларускай Моладзі, а пасьля ў выдавецкай суполцы „Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ”. У першым нумары выдадзенага суполкай альманаху „Маладая Беларусь” апублікаваў выдатны нацыянальна-праграмны артыкул пад загалоўкам На дарозі да новаго жыцьця.

Апынуўшыся ў Вільні, прыняў дзейсны ўдзел у пакліканьні да жыцьця першых масавых газэт: „Наша Доля” (1906) і „Наша Ніва” (1906-1915). Антон Луцкевіч быў членам рэдакцыйных калегіяў гэтых двух тыднёвікаў і напэўна меў вырашальны голас у праграмных справах.

Якуб Колас, успамінаючы сваю працу ў „Нашай Ніве”, напісаў, што „Луцкевіч быў душою нашаніўскага нацыянальнага адра­джэньня”. Калі ўзьнікла ў Вільні Беларускае Выдавецкае Таварыства, Антон Луцкевіч актыўна зь ім супрацоўнічаў і падтрымліваў яго як арганізацыйна, так і праграмна ды фінансава. 

Пачынаючы ад 1911 году, Антон Луцкевіч быў суўладальнікам віленскай бібліятэкі „Веды” Б. Даніловіча, а ў 1914 годзе стаў яе поўным уладальнікам.

У час нямецкай акупацыі Беларусі, што сталася фактам у 1915 годзе, Антон Луцкевіч прычыніўся да ўзьнікненьня Беларускага Тава­рыства Дапамогі Пацярпелым ад Вайны. Арганізацыя гэтая асаблівы клопат праяўляла пра матэрыяльнае бытаваньне ўдоваў і сірат, якія ў выніку вайны былі пазбаўлены элемэнтарных сродкаў да жыцьця. Антон Луцкевіч моцна цікавіўся лёсам беларускіх школаў, якія ўзьніклі на Беларусі ў часе першай нямецкай акупацыі. Будучы выдатным асьветнікам, займаўся ён будынкамі, прызначанымі пад школы, падручнікамі, дыдактычнымі дапаможнікамі й перадусім падрыхтоўкай беларускіх настаўнікаў, якіх па ўсёй краіне было крайне мала.

У 1915 годзе Антон Луцкевіч – разам з братам Іванам і Элізай Пашкевіч (Цёткай) – паклікаў да жыцьця Беларускую Сацыял-Дэмакратычную Работніцкую Групу. У тым самым часе заініцыяваў ідэю арганізацыі Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, якая – у разуменьні аўтара – мела быць свайго роду Злучанымі Штатамі, якія агарнулі б усе народы, што насяляюць тэрыторыі, распаложаныя паміж Балтыцкім і Чорным марамі.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі Антон Луцкевіч прапагаваў ідэю пакліканьня да жыцьця Віленскай Беларускай Рады, якая выступіла зь ідэяй стварэньня Беларуска-Літоўскай Дзяржавы. Пасьля выбараў яго на старшыню Віленскай Беларускай Рады шчыра вітаў узьнікненьне Рады Беларускай Рэспублікі. Увайшоўшы ў яе склад, стаўся гарачым прапагандыстам канцэпцыі абвяшчэньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі. Пасьля расколу Беларускай Сацыялістычнай Грамады прычыніўся да ўзьнікненьня Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі, у хуткім часе быў абраны старшынём сакратарыяту й мініст­рам замежных справаў ва Ўрадзе Беларускай Народнай Рэспублікі. У кастрычніку 1918 году быў пакліканы на пасаду старшыні Рады Народных Міністраў і міністра замежных справаў БНР. На чале дэле­гацыі БНР нанёс афіцыйны візыт на Ўкраіну і правёў размовы з гетманам П. П. Скарапацкім.

У сувязі з выключнымі камплікацыямі й цяжкасьцямі А. Луцкевіч у канцы 1918 году разам з Радай і Ўрадам БНР пераехаў у Вільню й адтуль у Горадню.

У сувязі з тым, што як з савецкага, гэтак і з польскага боку рабіліся рэпрэсійныя крокі ў адносінах да БНР і Беларусі, А. Луцкевіч на пачатку 1919 году скіраваў ноту пратэсту супраць Польшчы, якая далучыла да польскай дзяржавы Беластоцкі, Бельскі й Аўгустоўскі паветы. Гэтая нота не прынесла ніякага практычнага выніку. Польшча Пілсудскага, атрымаўшы ў 1920 годзе бліскучую перамогу над Чырвонай Арміяй пад Варшавай, уключыла ў свае межы ня толькі Беласточчыну, але і ўсю Заходнюю Беларусь, на якую складалася Гарадзеншчына, Наваградчына, заходняя Меншчына, Піншчына й Берасьцейшчына. 

Вяртаючыся да 1920 году варта адзначыць, што ў канцы сакавіка А. Луцкевіч з часткай ураду БНР выехаў у Бэрлін, дзе зрабіў захады дзеля таго, каб беларуская дэлегацыя магла прыняць удзел у Парыскай мірнай канфэрэнцыі, прадстаўляючы на ёй інтарэсы неза­лежнай Беларусі, рэпрэзэнтаванай урадам БНР. Дзеля гэтай канфэрэнцыі Луцкевіч падрыхтаваў і ўручыў старшыні Парыскай канфэрэнцыі мэмарандум, у якім вылажыў гістарычныя крыўды бела­рускага народу ды пастуляты й намеры БНР у галіне адраджэньня беларускай дзяржавы.

Знаходзячыся ў Парыжы, прыняў запрашэньне прэзыдэнта адроджанай Польшчы Ігната Падарэўскага нанесьці візыт у Варшаву. Паверыўшы ў шчырыя інтэнцыі Падарэўскага, Луцкевіч прыехаў у Варшаву й правёў шэраг размоваў з прадстаўнікамі польскага ўраду й начальнікам польскай дзяржавы Пілсудскім. Візыт гэты меў дра­матычны фінал. На пачатку верасьня 1919 году Луцкевіч быў арыштаваны польскімі ўладамі ды толькі 1 сьнежня 1919 году выпушчаны на свабоду й змог вярнуцца ў Менск. Яго памылковая вера ў магчымасьць пагадненьня з Польшчай Пілсудскага была адной з прычын расколу Рады і Ўраду БНР. Зьнеахвочаны ўнутранымі канфліктамі й непаразуменьнямі ў вышэйшых органах Беларускай Народнай Рэспублікі, А. Луцкевіч пайшоў у адстаўку. Пакінуўшы Менск, пераехаў у Вільню, дзе аднавіў „Нашу Ніву” (выдаў 9 нумароў газэты). Апрача гэтага здолеў падрыхтаваць і выдаць 2 зборнікі: Наша Ніва і Памяць Івана Луцкевіча, якія былі формай ушанаваньня й падкрэсьленьня вялікай гістарычнай ролі як „Нашай Нівы”, гэтак і Івана Луцкевіча ў беларускім нацыянальным адраджэньні. 

У палове 1920 году на працягу двух месяцаў бальшавікі пра­трымлівалі Луцкевіча ў астрозе. Пасьля далучэньня Вільні да Рэчы Паспалітай, Антон Луцкевіч настойліва й пасьлядоўна прадаўжаў асьветніцкую, культурную й беларускую грамадзка-палітычную дзей­насьць. Працаваў ён у Віленскай Беларускай Гімназіі, а з 1921 году быў старшынём Беларускага Нацыянальнага Камітэту ў Вільні. У палове 1921 году заснаваў Беларускую Школьную Раду, якая ў пазьнейшым часе спалучылася з славутым Таварыствам Беларускай Школы. Прымаў актыўны ўдзел у пакліканьні да жыцьця Беларускага Навуковага Таварыства, давёў да адкрыцьця Беларускага Музэя імя Івана Луцкевіча. 

Адыграў выдатную ролю ў падрыхтоўцы беларусаў да ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі ў польскі Сойм. Узначальваў Беларускі Цэнтральны Выбарчы Камітэт. Падрыхтаваў праграму дзейнасьці й характар структуры Беларускага Пасольскага Клюбу.

Пасьля ўтварэньня ў 1925 годзе Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады, якая на працягу двух гадоў вырасла да больш чым 100 тысяч членаў і сталася адной з найбольшых эўрапейскіх партыяў, А. Луцкевіч актыўна працаваў у яе органах. 

Пасьля разгрому Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады польскімі ўладамі ў 1927 годзе А. Луцкевіч быў арыштаваны, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з чужаземнымі разьведкамі й пастаў­лены на пачатку 1928 году перад судом, які апраўдаў яго й загадаў выпусьціць з турмы. У гэтым жа годзе быў арыштаваны паўторна й паўторна апраўданы судом. У выніку глыбокіх унутраных канфліктаў і інтрыг быў выключаны з Таварыства Беларускай Школы.

Адной з апошніх праяваў палітычнай дзейнасьці А. Луцкевіча быў яго ўдзел у пакліканьні да жыцьця Цэнтральнага Саюзу Куль­тур­ных і Гаспадарчых Арганізацый, называнага найчасьцей Цэнтра­саюзам. Арганізацыя гэтая старалася выкараніць зь беларускага грамадзкага жыцьця праявы нянавісьці, заўзятасьці, інтрыганцтва, узаемных абвінавачваньняў і даносаў, лічачы, што ўсё гэта шкодзіць беларусам і памагае іх ворагам. Пры гэтым Саюз лічыў, што прапагаваньне ідэяў рэвалюцыйнай барацьбы з сыстэмай і дзяржавай можа толькі пашкодзіць тым, хто гэтую ідэю прапагуе. Праграма Саюзу заклікала да памяркоўнасьці, легалізму й парлямэнтарызму ў змаганьні за лепшы лёс беларускага народу.

Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі такі падыход да справы трактавала як здрадніцтва й праяву сэрвілізму да польскіх санацыйных уладаў. Другой прычынай узьяранасьці КПЗБ у адносінах да А. Луцкевіча быў яго артыкул пад загалоўкам Цень Азэфа, у якім аўтар заатакаваў дыктатарскія практыкі Язэпа Сталіна і Ўсесаюзнай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў). Па сутнасці, гэтая пранізаная праўдай, факталёгіяй і аўтэнтызмам публікацыя сталася фунда­мэн­там пазьнейшага трагічнага лёсу Антона Луцкевіча. 

Незразумела, чаму польскія ўлады ў хуткім часе пасьля друку гэтага антысталінскага й антыбальшавіцкага артыкула прымянілі ў адносінах да аўтара рэпрэсіі. Рэпрэсійнымі крокамі польскіх уладаў у адносінах да Луцкевіча трэба лічыць ліквідацыю кіраванага Луцке­вічам Беларускага Выдавецкага Таварыства, а таксама звальненьне яго з працы ў Беларускай Гімназіі. 

Аб парадаксальнасьці сытуацыі можам гаварыць і ў тым сэнсе, што некаторыя зь дзеячоў Цэнтрасаюзу заатакавалі А. Луцкевіча, прыпісваючы яму недарэчлівыя грахі й промахі. Прыкладам можа быць старшыня Цэнтрасаюзу Ф. Акінчыц, які, мабыць, забыўшыся аб адносінах да Луцкевіча камуністаў, прыпісваў яму марксістоўскую трактоўку рэчаіснасьці й палітыкі. Зь незразумелых прычын да напасьцяў на А. Луцкевіча далучылася таксама Беларуская Хрысь­ціянская Дэмакратыя. 

Глыбока зьнеахвочаны й расчараваны, А. Луцкевіч амаль поўнасьцю парваў з палітыкай і мабыць дайшоў да горкага вываду, што для беларусаў трэба зрабіць многае, але зь беларусамі ня зробіш нічога, бо яны сапраўдныя мастакі ў шкодніцтве ў справах уласнага нацыянальнага інтарэсу.

У 1930-я гады А. Луцкевіч актыўна супрацоўнічаў з такімі газэтамі, як: польскі „Przegląd Wileński”, а таксама зь беларускай пэрыёдыкай: „Калосьсе”, „Гадавік Беларускага Навуковага Тава­рыст­ва”. Пры гэтым актыўна дзейнічаў у Беларускім Навуком Таварыстве, ды ў Беларускім Музэі імя Івана Луцкевіча. Выступаў таксама часта публічна з дакладамі, лекцыямі й гутаркамі перад беларускімі й польскімі слухачамі.

Пасьля ўпадку Польшчы й далучэньня Вільні да СССР савецкія ўлады запрасілі А. Луцкевіча на сход беларускай інтэлігенцыі. Падчас гэтага сходу Луцкевіч заахвочваў усіх беларусаў актыўна ўключыцца ў новае палітычнае савецкае беларускае жыцьцё. Празь некалькі тыдняў А. Луцкевіч быў арыштаваны савецкімі органамі й тэрмінова дастаўлены ў Менск. Адпаведны орган НКУС паставіў яго перад судом, які прысудзіў Луцкевіча да 6‑гадовага лягернага зьняволеньня. Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, А. Луцкевіч памёр у казахстанскай ссылцы ў 1946 годзе.

Такім чынам загінуў на 62 годзе жыцьця адзін з найвыдат­нейшых беларускіх дзеячоў, які павінен быць пастаўлены ў адным шэрагу з такімі знакамітымі беларускімі адраджэнцамі, як Вацлаў Ластоўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Гарэцкі, Адам Станкевіч – усе яны ахвяры крывавага сталінскага тэрору.

Антон Луцкевіч пакінуў багатую беларусазнаўчую публі­цыс­тычную й дасьледчыцкую спадчыну, якая зьяўляецца выдат­ным яго ўкладам у беларускае літаратуразнаўства, мовазнаўства, рэлігія­знаў­ства, фальклярыстыку, гісторыю, асьвету, культуру й палітыку.

Характарызуючы жыцьцё Антона Луцкевіча, нельга забываць аб яго выключным публіцыстычным і навуковым унівэрсалізьме. Быў ён, несумненна, вядучым беларускім інтэлектуалам першай паловы ХХ стагодзьдзя. Ягоныя публіцыстычныя й навуковыя працы былі напісаныя ня толькі на беларускай, але таксама на расейскай і поль­скай мовах. Антон Луцкевіч цесна супрацоўнічаў з многімі польскімі, расейскімі, украінскімі, чэскімі ды іншымі часопісамі. Зразумела, што галоўным чынам засяроджваў сваю ўвагу на беларускай пэрыёдыцы, бо лічыў, што перадусім беларускамоўныя артыкулы, дасьледаваньні й працы могуць пранікнуць найглыбей у беларускую ачарсьцьвелую душу, ажывіць яе, актывізаваць ды інспіраваць у напрамку бела­рускага нацыянальнага адраджэньня. 

Антон Луцкевіч напісаў некалькі соцен публікацыяў, боль­шасьць якіх прысьвяціў разбуджэньню нацыянальнай беларускай сьвядомасьці, будаваньню рангу беларускай нацыянальнай мовы, усьведамленьню беларусам чалавечай гордасьці й годнасьці.

Антон Луцкевіч правільна лічыў, што беларускае адраджэньне ня будзе поўным і пасьлядоўным так доўга, як доўга ня ўзьнікне беларуская нацыянальная дзяржаўнасьць, як доўга беларускамоўная асьвета не агорне ўсіх куткоў краіны, як доўга ў беларускім грамадзкім жыцьці ня ўзьнікнуць беларускія нацыянальныя партыі, як доўга беларускія рэлігійныя канфэсіі не ўвядуць у свае рэлігійныя рытуалы беларускай мовы, і як доўга беларусы ня здолеюць пераканаць далёкіх і блізкіх суседзяў аб тым, што яны ў стане ўзяць у свае рукі лёс беларускай сувэрэннай дзяржавы, здольнай супрацоўнічаць і жыць у згодзе з усімі дэмакратычнымі краінамі сьвету.

Антон Луцкевіч быў выдатным архівістам і дакумэнталістам, патрапіў знайсьці, выкарыстаць і абнародаваць беларусазнаўчыя матэрыялы, захаваныя ня толькі ў беларускіх архівах і бібліятэках, але таксама ў кніжніцах Літвы, Расеі, Украіны, Польшчы й многіх іншых дзяржаваў.

На інтэлектуальную спадчыну Антона Луцкевіча складаецца некалькі соцен публікацый, пачынаючы ад кароткіх інфармацыяў і зьвестак, а канчаючы паглыбленымі навуковымі эсэ й кніжнымі дасьледаваньнямі тыпу: Беларускія песьняры або Адбітае жыцьцё, у якіх шырока й глыбока прадставіў уласную арыгінальную інтэрпрэ­тацыю як жыцця й творчасьці многіх беларускіх пісьменьнікаў, гэтак жа й сваіх уласных знаходак, роздумаў і канцэпцыяў, зьвязаных зь гістарычным лёсам беларускага народу й з пэрспэктывамі яго нацыянальнага адраджэньня.

Вялікім прабелам і недахопам беларускай гістарыяграфіі зьяўляецца тое, што да сёньня беларускія выдавецтвы ня выпусьцілі ў сьвет поўнага збору яго публіцыстычнай і навукова-дасьледчыцкай спадчыны, якая магла б стацца вялікім інспіратарскім чыньнікам ажыцьцяўленьня ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня й аўтэнтычнай сувэрэннай беларускай дзяржыўнасьці, якая, на жаль, і сёньня амаль таксама далёкая, зманлівая й няпоўная, як і ў тыя часы, калі жыў, дзейнічаў, ды тварыў Вялікі Беларус – Антон Луцкевіч, ахвяра сталінскага тэрору й садызму. 

1. 3. Ідэя нацыянальнага адраджэньня ў публікацыі Антона Луцкевіча На дарозі да новаго жыцьця

Артыкул аднаго зь вядучых дзеячоў пэрыяду „Нашай Нівы” Антона Луцкевіча (напісаны пад псэўданімам Антон Навіна) пад назовам На дарозі да новаго жыцьця[1], зьмешчаны на старонках эміграцыйнага альманаха „Маладая Беларусь”, заняў аж 25 старонак друку й быў бадай што найбольш глыбокай тэарэтычнай публікацыяй, прысьвечанай беларускаму нацыянальнаму адраджэньню ў XІX і на пачатку XX стагодзьдзяў.

Антон Навіна распачаў свае разважаньні ад сьцьвярджэньня, што жыцьцё гэта пастаяннае змаганьне, у якім сільнае й актыўнае перамагае, а слабое й пасыўнае гіне. Аўтар зьвярнуў увагу й на тое, што ў сьвеце расьлін, а таксама ў сьвеце некаторых зьвяроў разам з прыходам зімы выступае заміраньне, якое публіцыст называе часовым летаргам. Яно, паводле Антона Навіны, пазваляе адпачыць, ператрываць неспрыяль­ныя ўмовы з той мэтай, каб разам з надыхо­дзячай вясной адрадзіцца й распачаць новую стадыю актыўнага існаваньня. Нешта падобнае выступае таксама ў жыцьці людзей, якія ня маюць сілы для таго, каб перамагчы ў неспрыяльных умовах, і таму ў абліччы дамінацыі сільней­шых прыкідваюцца нежывымі ды пападаюць у стан летаргу, зь якога ізноў прачнуцца ды праявяць акыўную жыцьцяздольнасьць і віталізм. 

Перамога над такім летаргічным станам стварае магчымасьць поўнага нацыянальнага адраджэньня й актыўнага ўключэньня ў су­сьветныя цывілізацыйныя працэсы. Па словах публіцыста, бела­русы якраз і зьяўляюцца такой нацыяй, якая папала ў неспрыяль­ных умо­вах у шматгадовую сьпячку з той мэтай, каб ізноў адрадзіцца ды стацца актыўным членам сям’і вольных і дэмакратычных народаў сьвету. 

Аналізуючы гістарычную мінуўшчыну Беларусі, публіцыст адклікаецца да тых часоў, калі на грунце паасобных плямёнаў фармавалася беларуская нацыя, што ў канцы канцоў давяло ў пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага да максымальнага разьвіцьця беларускай культуры й беларускай мовы. Праявай такога стану рэчаў быў Зборнік законаў Вялікага Княства Літоўскага й Літоўскі Ста­тут, а таксама іншыя шматлікія літаратурныя жанры, якія буйна разьвіваліся на старабеларускай мове ў XІV‑XVІ стст. Антон Навіна зьвяртае ўвагу й на тое, што такі стан рэчаў прычыніўся да нара­станьня атмасфэры варожасьці да беларускасьці з боку двух вялікіх суседзяў, якія стараліся максымальна падпарадкаваць сваім інтарэ­сам беларускую краіну й беларускую нацыю. На жаль, у гэтым працэсе ганебную ролю адыгралі й беларускія асьвечаныя станы, якія даволі лёгка адракаліся ад роднага й пераймалі чужое. Разглядаючы гэтае пытаньне, Антон Навіна напісаў:



„Калі беларусы пагублялі свае інтэлігентныя станы, «простаму» народу – сялянству, каторае адно толькі захавала ў чыстаце сваю нацыянальную душу беларускую, жылося дужа цяжка. Беларускае сялянства стала далёкім і чужым для інтэлігенцыі, каторая дзяржа­лася іншай, чым народ, веры, іншай мовы і складаючыся найбольш с шляхты стаяла ў політычным і соцыяльным значэньні так высока над паднявольным дэмосам, што таго дэмоса і не бачыла”[2].



У далейшых сваіх разважаньнях Антон Навіна адзначае, што XІX ст. прынесла многа доказаў на тое, што нават сярод дэнацыя­налізаванай беларускай шляхты й арыстакратыі нярэдка прабу­джалася беларуская нацыянальная сьвядомасьць і што многія асобы з гэтых слаёў прынялі дзейсны ўдзел у працэсе беларускага нацыянальнага адраджэньня. Аднак такія дзеяньні не маглі давесьці да поўнага рэнэсансу беларускага народу хаця б з тае прычыны, што, з аднаго боку, магутная польская арыстакратыя, а з другога боку, яшчэ магутнейшы расейскі імпэрыялізм не намерваліся паслабляць свайго панаваньня над беларускім народам.

Сапраўднае беларускае нацыянальнае адраджэньне прыпала на пачатак XX ст. і праявілася найпрыгажэй у такіх фактах, як: узьнік­неньне беларускай выдавецкай суполкі ў Пецярбурзе, паклі­каньне да жыцьця „Нашай Долі” й „Нашай Нівы”, а таксама прабуджэньне беларускай сьвядомасьці сярод студэнтаў беларусаў, сярод бела­рус­кіх настаўнікаў, духавенства й сярод беларускага сялянства. Асабліва высока паставіў Антон Навіна ролю й значэньне „Нашай Нівы”. Характарызуючы гэты часопіс, публіцыст напісаў: 



„Мэтай сваёй «Наша Ніва» назначыла: працаваць дзеля культурнаго і эканамічнаго падняцьця Беларускаго краю і народу, разьвіваць у беларусаў нацыональную сьведомасьць, будзіць пачуцьцё грамадзянскай і чэловечай годнасьці і, крэпка злучыўшы ўвадно разьдзеленыя рэлігіей дзьве часьці беларусаў – католікоў і права­слаўных, разьвіваць нацыональную душу беларускаго народу. Патрэба газэты, у каторай і народ мог бы падаваць свой голас, была ўжо дужа вялікая і «Наша Ніва» зразу пайшла ў народ і дайшла да яго. Пад той час ужо ішла сур’ёзная праца ў галавах больш жывых і разьвітых сялян: у душы беларуса, – каторы, жывучы гэтулькі часу паднявольным жыцьцём, прывык ужо глядзець на сябе самога як на нейкае ніжэйшае стварэньне, – цяпер усё болей і болей расьце сьведомасьць, што астаючыся беларусам ён не перастаў і не перастане быць чэлавекам, як усе. Кніжка, газэта ў роднай мові – гэта ўжо не забава, а канечная патрэба. Ён сам пачаў голасна выказваць свае думкі «простымі» словамі – ад сэрца, пачаў выкладаць іх на паперу. І вось мала-па-малу «Наша Ніва» становіцца быццам люстрам, у каторым адбіваецца ўсё крапчэй беларускі нацыональны рух”[3].



Дасьледчык зьвярнуў увагу на тое, што беларускае нацыя­наль­нае адраджэньне праявілася ня толькі ў беларускім публіцыстычным і літаратурным слове, але таксама ў многіх іншых мастацкіх і гра­мадзка-палітычных формах.

Разглядаючы гэтае пытаньне, Антон Навіна адзначыў, між іншым, тое, што ўжо на пачатку XX ст. узьніклі ў многіх гарадох Расейскай Імпэрыі беларускія выдавецкія суполкі. Характарызуючы гэтую цікавую зьяву, Антон Навіна напісаў: 



„Поруч з выдавецтвам «Наша Ніва» і пецярбурскай суполкай «Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ» над павелічэньнем беларускага кніжнага багацьця працуюць яшчэ: у Мінску – суполка «Мінчук», у Вільні – «Наша Хата» і выдавецтва «Полачанін» і «А. Грыневіч». За пяць гадоў яны разам надрукавалі каля 200 тысяч экзэмпляраў кніжэк уся­каго гатунку: ёсьць тут і літаратурные творы, і школьные кніжкі, і практычные, і гаспадарскіе, і нават гісторычные. Як мы палічылі, у год ідзе да народу каля 25 тысяч экзэмпляраў уселякіх выданьняў. Дзе-не-дзе закладаюцца беларускіе бібліотэчкі, школы з навукай па беларуску (неоффіцыальные). Аткрыўся навэт і вучыцельскі журнал (у расейскай мове) – «Белорусский Учитель», але на другім нумэры скончыў сваё жыцьцё. 

У 1910 і 1911 гаду беларускі нацыональны рух далей разрастаецца і ў шыр, і ў глыб. Гэтые гады прынясьлі з сабой нараджэньне беларускага народнага тэатру, народных хораў. У Вільні, Гродні, Слуц­ку, Капылі, Полацку, Дзісьне, Давід-Гарадку, Пецярбурзі, Варшаві і т. д. пазакладаліся драма­тычные гурткі і хоры, каторые робяць публічные вечарынкі, ставяць п’есы ў беларускай мове, пяюць народные песьні, скачуць танцы беларускіе. У тым‑жэ часі бачым зачаткі беларускай драматычнай літэратуры – орыгінальнай і перакладзенай з чужых моў. Збіраюцца, апрацовываюцца і выдаюцца песьні беларускаго народу, а іх мотывы служаць тэмамі для вялікіх музыкальных твораў покуль-што йшчэ чужых композытораў.

У апошнім 1911 гаду справа тэатру становіцца ўжо на мацнейшы грунт. З вясны ў Вільні аткрыўся беларускі клюб пад названьнем «Беларускі Музыкально-Драматычны Кружок», каторы і працуе над разьвіцьцём беларускаго тэатру, песьні, музыкі, танцу. Поруч з гэтым залажыўся аб’езны тэатр пад загадам Ігната Буйніцкага, каторы ў летку аб’ехаў каля 15 мястэчак у Віленскай, Мінскай і Вітэбскай губэрні, падымаючы скрозь беларускі дух, будзячы нацыональную сьве­домасьць”[4].



Характарызуючы першапачатковы пэрыяд беларускага нацыя­нальнага адраджэньня, Антон Навіна зьвярнуў увагу на тое, што раней з прычыны ўсенароднае беларускае цемры й адсутнасьці беларускай нацыянальнай асьветы сапраўдныя беларускія дзеячы не былі ў стане гаварыць, а тым болей пісаць пра свае крыўды, пра свае патрэбы ды імкненьні на роднай мове. Гаварылі пра гэта альбо прадстаўнікі суседніх народаў, альбо рэдкія беларусы, якім удалося вырвацца зь сялянскай нядолі й атрымаць адукацыю, як правіла, на расейскай альбо польскай мовах, і таму гэты тып дзеячоў, пішучы пра Беларусь і беларусаў, адклікаўся да суседніх моваў. Паводле Антона Навіны, гэты этап беларускага нацыя­нальнага адраджэньня ў пэрыяд „Нашай Нівы” ўсё выразьней заканчваўся, і ўсё большая плеяда беларускіх дзеячоў зьвярталася да беларускай нацыі ў яе роднай мове. Разглядаючы гэтае пытаньне, дасьледчык, між іншым, напісаў: 



„Калі беларускі нацыональны рух толькі пачынаўся, гэта быў рух чыста сялянскі: васьмімільённая мужыцкая грамада першы раз падала свой голас, пачала сама гаварыць аб сабе і аб сваіх справах, выка­зываючы свае думкі так, як было найлягчэй – у роднай беларускай мове. За беларусаў лішне ўжо доўга гаварылі другіе: або зусім чужые людзі, або тые сыны беларускай вёскі, каторые «выйшлі ў людзі» і на сваіх сермяжных братоў глядзелі з верху. Ведама, ні адны ні другіе не маглі перэказаць таго, што думае і чаго хочэ народ: яны або ніколі не зналі беларускага селянства, як ніжэйшаго, «простага» стану, або так ад яго далёка адыйшліся, што перасталі разумець людзей, між каторымі ўзрасталі змалку. Затое ўсе шчырые дэмократы горача віталі прабуджэньне вёскі й сталі працаваць над тым, каб ёй лягчэй было выказаць усё, што праз доўгіе гады было зачынена ў галавах селянства цемнатой і беспраўным палажэньнем. Пачалася работа над разьвіцьцём «прос­тай» мовы, каб беларус мог гаварыць аб усім па беларуску: гэта – найлепшы спосаб выказываць свае думкі. 

Простыя, шчырыя словы народу маюць у сабе такую сілу, што прамаўляюць да душы і сэрца кожнаго, хто не загубіў здольнасьці разумець чужы боль і горэ, чужую душу. І вось загнаная, абкіданая пагардай і абсьмеяная родная мова разам зрабілася дарагой і мілай сэрцу ня толькі селяніну-земляробу, але і яго сыну інтэлігенту”[5].



Наступным вельмі важным пытаньнем, якое закрануў Антон Навіна, было пытаньне, зьвязанае з нараджэньнем беларускай нацыя­нальнай інтэлігенцыі. Паводле дасьледчыка, якраз гэтая грамадзкая праслойка – разам зь беларускай моладзьдзю – павінна ўскласьці на свае сэрцы, розумы й рукі цяжар, зьвязаны зь беларускім нацыянальным адраджэньнем. 

Антон Навіна заняўся таксама паставай рэлігійных канфэсіяў у дачыненьні да ідэі адраджэньня Беларусі. Разглядаючы гэтае надзвычай важнае пытаньне, дасьледчык зьвярнуў увагу на трады­цыйную залежнасьць праваслаўнага духавенства ад сьвецкай улады, якая была арганічна зьвязаная з расейскім самадзяржаўем і царызмам. Антон Навіна меў, несумненна, рацыю, калі сьцьвярджаў, што нават тыя праваслаўныя маладыя сьвятары, якія адносяцца да беларускасьці спрыяльна й прыхільна, ня будуць у стане супраць­ставіцца праваслаўнай герархіі, якая ў далейшым цьвёрда стаіць на грунце расейскага самадзяржаўя. Разглядаючы гэтае пытаньне, Антон Навіна напісаў: 



„Не кажучы многа аб нацыональна сьведомых інтэлігентах – асобах сьвабодных профэсій і т. д., бо іх ешчэ надта мала, мы зьвернемся да духавенства, каторае ў беларускай вёсцы мае дужа вялікую вагу. 

Трэба сказаць, што праваслаўных сьвяшчэньнікаў так крэпка дзержаць у сваіх руках вышэйшыя духоўныя ўласьці, такую сілу мае над імі сьвецкая адміністрацыя і правыя організацыі, што нават тыя, каторые шчыра спагадаюць беларускай справе, баяцца паказаць гэта чым-небудзь рэальна. Дый прыток маладых сьвяшчэньнікаў, у каторых нацыональная сьведомасьць прабудзілася ешчэ ў сэмінарыі, апошнімі гадамі неяк затрымаўся: усё болей сьведомые, болей жывые і энэргіч­ные вучні, скончыўшы сэмінарыю, ня хочуць ісьці ў сьвяшчэньнікі, а едуць у ўнівэрсытэты. Нягледзячы на ўсё гэта, чарнасоценцы на Кіеўскім з’езьдзі ў 1909 гаду зусім сур’ёзна падымалі праект, каб усіх сьвяшчэньнікаў с «тутэйшых» людзей перавадзіць з Беларусі ў цэнтральные губэрні, а на іх мейсцэ прысылаць сьвяшчэньнікаў – велі­каросаў, бо мейсцовые не надта энэргічна працуюць дзеля «абру­сеньня» краю!”[6].



Несумненна, беларускі публіцыст меў рацыю і ў тым фрагмэнце артыкулу, у якім падкрэсьліваў, што намнога больш спрыяльную ў адно­сінах да ідэі беларускага адраджэньня пазыцыю займала бела­рускае каталіцкае духавенства, якое перадусім брала прыклад з патрыятычнай паставы літоўскага духавенства, што актыўна ўключы­лася ў працэс літоўскага нацыянальнага прабуджэньня. На думку Антона Навіны, беларускія каталіцкія сьвятары, асабліва мала­дыя, усё актыўней будуць далучацца да беларускага нацыянальнага руху. Дасьледчык напісаў на гэтую тэму наступнае:



„Лепей стаіць справа з каталіцкім духавенствам. Ці тут літоўскія ксяндзы даюць добры прыклад, ці каталіцкіе духоўные ўласьці ўмеюць глядзець упярод – у будучыну – далей за праваслаўных, трудна напэўна сказаць. Адно толькі бачым: між маладымі ксендзамі (асабліва ешчэ вучашчыміся), каторые выйшлі з вёскі і не адарваліся ад яе зусім трапляецца ўсё болей і болей сьведомых беларускіх патрыотаў. Дзе-не-дзе – часта пад страхам свайго блі­жэйшаго начальства – яны ўжо пачалі ў касьцёлі гаварыць казаньня па бела­руску, выдаюць катэхізмы і рэлігійныя кніжкі ў беларускай мові і т. д. Усё гэта – ксяндзы-народнікі, людзі, каторыя скрозь свае рэлігійныя справы і ідэі ўмеюць бачыць жывы народ; гэта – ксяндзы-грамадзяне свайго краю. Але поруч з імі ў каталіцкім духавенстве ёсьць ешчэ другі кірунак: прэдстаўнікі яго, пачынаючы ад быўшаго Віленскаго біскупа барона Роопа глядзяць на беларускую мову толькі як на спосаб шырэньня ў народзі сваіх думак. Такіх дальназоркіх палітыкоў, аднак мала: на Беларусі пераважаюць дагэтуль ксяндзы-палякі і польскі нацыоналізм іх не дапускае нават думкі, каб працуючы для каталіцызму, духавенство карысталася беларускай мовай, паддзержываючы такім спосабам несымпатычны для палякаў беларускі нацыональны рух”[7].



Шукаючы ў беларускіх сацыяльных праслойках і прафэсіях ня толькі прыхільнікаў, але й ворагаў нацыянальнага адраджэньня, Антон Навіна зьвярнуў увагу на тых беларусаў-рэнэгатаў, якія цалкам запрадаліся чужым народам, чужым мовам і чужым нацыянальным інтарэсам. Дасьледчык назваў каля дзесяці расейскамоўных і польска­моўных часопісаў, якія актыўна імкнуліся да кампраметацыі беларускага нацыянальнага адраджэньня ды поўнай дэнацыяна­лізацыі беларусаў. Антон Навіна зьвярнуў увагу на тое, што ў гэтых варожых для беларусаў і беларускасьці выданьнях працуе й дзей­нічае многа беларусаў, якія рашуча супрацьстаўляюцца беларускай нацыянальнай сьвядомасьці ды ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня. Да такіх часопісаў Антон Навіна залічае: часопіс „Крестьянин”, „Белорусская жизнь”, „Северо-западная жизнь”, „Бело­русское общество”, „Белорусский клуб”, а таксама такія польскія часопісы, як: „Przyjaciel”, „Jutrzenka”, „Dwa grosze”. Паводле Антона Навіны, расейскамоўныя часопісы імкнуцца да поўнай русыфікацыі Беларусі, а польскамоўныя – да яе палянізацыі.

Вельмі важнай справай, якой зацікавіўся Антон Навіна ў сваёй публікацыі, сталася ідэя ўвядзеньня беларускай мовы ў школьную сыстэму, а таксама ў праваслаўныя й каталіцкія сьвятыні. Несум­ненна, дасьледчык меў поўную рацыю, лічачы, што прысутнасьць беларускай мовы ў працэсе школьнага навучаньня ды яе дамінацыя ў царкоўных і касьцельных рытуалах магла б адыграць вырашальную ролю ў працэсе беларускага нацыянальнага адраджэньня. Антон Навіна падкрэсьлівае, што без нацыянальнай школы ня можа быць гутаркі аб нармальным функцыянаваньні нацыянальнай сьвядомасьці й дзейнасьці нацыяналь­ных установаў ды структур. Паводле дасьлед­чыка, царскі ўрад даўно зразумеў гэтую элемэнтарную праўду й таму заўсёды пасьлядоўна змагаўся зь ідэяй увядзеньня ў школь­ніцтва на Беларусі беларускай мовы, падмяняючы яе расейскай мовай, якая прычынялася да русыфікацыі беларускіх дзяцей і бела­рускай моладзі. Разглядаючы гэтае пытаньне, дасьледчык напісаў: 



„Офіцыальна ўжываць у школі беларускую мову забаронена. І покуль беларусы не дачэкаюцца такога часу, калі ў Думе падымуць свой голас і здолеюць цьвёрда пастаяць за беларускую школу іх нацыо­нально сьведомыя прадстаўнікі, датуль як навучаньне па бела­руску ў народных школах, так і адкрыцьцё прыватных беларускіх школ ня можа ісьці правільна і шырока, а будзе адбывацца патайна. Гэта – адна з найвялікшых перашкод, якая ляжыць на дарозі беларускага нацыя­наль­нага адраджэньня, але яна так моцна зьвязана з нашым палітычным палажэньнем, што толькі з грунтоўнай пераменай палітычнага «курсу» можна будзе яе пазбыцца. А покуль-што дробныя ручайкі нацыональнай сьведомасьці цекуць у народную школу доўгай абходнай дарогай”[8].



Чарговай праблемай, якой заняўся Антон Навіна, была прабле­ма ўвядзеньня беларускай мовы ў Праваслаўную Царкву й Каталіцкі Касьцёл. Несумненна, беларускі публіцыст меў рацыю ў той момант, калі сьцьвярджаў, што беларускае каталіцкае духавенства знаходзі­лася ў намнога лепшай сытуацыі, чым духавенства права­слаўнае, хаця б з тае прычыны, што магло браць прыклад з паставы літоўскага каталіцкага духавенства, якое актыўна ўключы­лася ў працэс літоў­ска­га нацыя­нальнага адраджэньня. На думку Антона Навіны, беларускія каталіцкія сьвятары, асабліва маладыя, усё шырэй будуць уключацца ў працэс беларускага нацыянальнага руху. Ацэнь­ваючы гэтае пытань­не, Антон Навіна напісаў: 



„Цяпер зьвернемся да справы завядзеньня беларускай мовы ў цэркві й касьцёлі. Кажучы аб цэркві, мы спатыкаемся таксама з пера­шкодамі, каторые залежаць ад агульнай «палітыкі». За тое ў каталіцкім касьцёлі «палітыка» ўраду мае шмат меншую вагу: тутака духавенства, калі‑б хацела, магло‑бы багата зрабіць, але бяда ў тым, што яно – ня лічачы тых маладых ксяндзоў-народнікаў, аб каторых мы сказалі вышэй, – скоса паглядае на беларускі нацыональны рух. Агульна кажучы, справа беларускай мовы не такая простая, як на першы погляд здаецца, і да яе прыступіць трэба дужа асьцярожна і добра ўсё абдумаўшы. Гэтым і тлумачыцца факт, што беларусы ў змаганьні за правы да сваёй мовы ў касьцёлі не пайшлі тэй дарогай, якой з самага пачатку літоўскага руху ішлі і йдуць іх суседзі літвіны”[9].



Антон Навіна лічыць, што праблема ўвядзеньня беларускай мовы ў сьвятыні ёсьць праблемай вельмі складанай і цяжкой, але, нягледзячы на гэтыя цяжкасьці, толькі шырокая прысутнасьць бела­рускай мовы ў рэлігійным жыцьці можа захаваць нацыянальную еднасьць беларусаў католікаў і праваслаўных ды стварыць спрыяль­ныя ўмовы для бела­рускага нацыянальнага адраджэньня. Пасьля дэталёвага разгляду ўсякіх аспэктаў пашырэньня ўплываў беларускай мовы ў розных сфэрах грамадзкага жыцьця на Беларусі, дасьледчык канклюдуе: 



„На нашу думку тутака трэба ісьці двумя дарогамі: праз самы народ і праз духовенства. Трэба старацца, каб жаданьне правоў для роднай мовы ў касьцёлі шырэй збудзілася ў народных масах, каб увесь народ сам пачаў голасна іх дамагацца. Грунт для гэтага прыгатаўляе агульна-беларуская работа; сяўба на ўзаранай ральлі – гэта павіннасьць нацыональна-сьведамого духавенства, у тым ліку і тых ксяндзоў-народнікаў, кадры каторых ужо набіраюцца. Споўніць гэту павіннасьць народ наш мае права вымагаць ад духавенства як ад людзей і грамадзян, сыноў Зямлі Беларускай, нягледзячы на ўсе перашкоды, якія стаўляе польскі нацыоналістычны клір, або Сынод, або йшчэ хто іншы”[10].



З прыведзеных цытатаў адназначна вынікае, што Антон Навіна меў, несумненна, рацыю, калі, марачы пра шырокае й глыбокае бела­рус­кае адраджэньне, разьлічваў на школьніцтва й дзьве вядучыя рэлігійныя канфэсіі. Дасьледчык гэты зусім правільна трактаваў настаўнікаў і сьвятароў як свайго роду місіянераў, якія здольныя павесьці за сабою шырокія народныя масы па шляху беларускага нацыянальнага рэнэсансу. 

Зусім уматывавана й правамерна дасьледчык даказвае, што цёмны беларускі праваслаўны селянін паверыў царкве, што ён расеец, а беларус-католік паверыў касьцёлу, што ён паляк. Разгля­даючы гэтае пытаньне, Антон Навіна піша: 



„Беларускі селянін, не разумеючы чым каталіцтва розьніцца ад праваслаўя, крэпка верыць, быццам каталіцтва – гэта польская вера, праваслаўе – расейская. І ня дзіва: у цэркві ён прывык чуць расейскую мову, у касьцёлі – польскую, сваёй жэ роднай, беларускай, ня чуе ні тут, ні там. Палітыка ўраду і духавенства зрабіла тое, што два зусім розныя паняцьця – рэлігіі і нацыі – у галаве беларуса зьліваюцца ў вадно. «Паляк» і «каталік» для яго такія самыя сынонімы як «рускі», «расеец» і «праваслаўны»”[11].



Антон Навіна ўважае, што такія формы аргумэнтацыі й аг