|
УСТУП
Прадметам дысэртацыі зьяўляецца аналіз публікацыяў, зьмешчаных на старонках беларускага эміграцыйнага друку, у якіх абмяркоўваюцца пытаньні беларускае мовы. У працы разглядаецца сузалежнасьць паміж правапіснымі нормамі й вымаўленьнем; падаюцца фанэтычныя, марфалягічныя, сынтаксічныя й лексычныя асаблівасьці; паказваецца значэньне беларусізацыйных працэсаў для будаваньня нацыянальнае тоеснасьці; прыводзяцца, з аднаго боку, прыклады русыфікацыі беларускае мовы, а з другога – імкненьне беларусаў як у замежжы, гэтак і на Бацькаўшчыне, захаваць чысьціню роднае мовы; характарызуецца сытуацыя беларускае мовы ў школьнай сыстэме Беларусі ў розных умовах: пад нямецкай акупацыяй, у савецкі пэрыяд ды ў сёньняшні час; разглядаецца навуковая й выдавецкая дзейнасьць у Беларусі ды ў замежжы, а таксама зацікаўленьне беларусікай у сьвеце, у тым ліку і ў Польшчы.
Погляд беларускай эміграцыі на ролю роднае мовы ў захаваньні нацыянальнай адметнасьці дагэтуль ня быў прадстаўлены суцэльна. Сёньняшняя праца прынамсі ў нейкай ступені дапаможа запоўніць існуючы прабел і, з аднаго боку, будзе служыць дапаможнікам для беларускамоўнага навучаньня ў Польшчы, а з другога – зможа быць выкарыстаная нацыянальнай інтэлігенцыяй у Беларусі, якая ўсё мацней цікавіцца творчасьцю беларусаў у эміграцыі. Гэта свайго роду праява ўдзячнасьці для беларускай дыяспары за ейную карпатлівую працу ня толькі дзеля захаваньня роднае мовы, але таксама дзеля яе ўзбагачэньня ды зацікаўленьня ёю іншыя народы.
Прадстаўнікі беларускай дыяспары – вучоныя, пісьменьнікі й журналісты выступалі (і надалей выступаюць) у абароне клясычных правапісных нормаў беларускае мовы. Яны ніколі не пагадзіліся з рэформай беларускага правапісу 1933 году, праведзенай Саветам Народных Камісараў з мэтай збліжэньня яе з расейскай мовай. Дзякуючы такому падыходу правапісныя нормы, выкладзеныя Браніславам Тарашкевічам, ня толькі не былі забытыя, але ўвесь час удакладняліся. У сёньняшні час у Беларусі суіснуюць два правапісы: клясычны, гэтак званая „тарашкевіца” і зрэфармаваны – „наркамаўка”. Такая сытуацыя, натуральна, не спрыяе кансалідацыі беларускамоўнага грамадзтва ва ўмовах беларуска-расейскага білінгвізму з выразнай перавагай расейскае мовы ў розных сфэрах жыцьця. Неабходнасьцю становіцца выпрацоўка новых кампрамісных прынцыпаў правапісу з улікам клясычных нормаў беларускае мовы ды найлепшых уласьцівасьцяў, якія мова здолела назапасіць на працягу свайго разьвіцьця. Сёньняшняя дысэртацыя ўпісваецца ў клясычную плынь правапісных нормаў беларускае мовы, гэтак як і эміграцыйная літаратура, якая зьяўляецца крыніцай аналізаванай праблемы.
Літаратура беларускага замежжа надзвычай багатая. Істотную яе частку складаюць публікацыі, прысьвечаныя роднай мове – сучаснаму стану, суадносінам паміж літаратурнай мовай і дыялектамі ды гістарычнаму працэсу яе станаўленьня і ўзбагачэньня.
Сабраны матэрыял аказаўся занадта шырокім, каб можна было яго зьмясьціць у адной працы, таму ў гэтай кнізе разглядаецца толькі погляд прадстаўнікоў беларускае дыяспары на сучасную беларускую мову. Суадносіны паміж літаратурнай мовай і дыялектамі, а таксама роля беларускай мовы ў сівой мінуўшчыне – гэтыя тэмы знаходзяцца ў стадыі апрацоўкі.
Многія прадстаўнікі беларускай эміграцыі працавалі (і надалей працуюць) вельмі плённа, зьмяшчаючы мовазнаўчыя публікацыі на старонках эміграцыйнага друку пад рознымі псэўданімамі [1] . Варта таксама зазначыць, што ў замежжы выдавалася вялікая колькасьць газэт і часопісаў. Мне пашэнціла пагартаць у Бібліятэцы імя Францішка Скарыны блізу 100 найменьняў [2] . Бальшыня зь іх (у меншай ці большай ступені) закранала моўныя пытаньні, стараючыся выпрацаваць аднолькавыя лексыка-граматычныя й правапісныя прынцыпы.
Мовазнаўчыя дыскусіі праводзіліся падчас навуковых сустрэчаў у Беларускім Інстытуце Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку ды ў Беларускай Бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане. Іх плён выходзіў друкам найчасьцей у пэрыядычных выданьнях у адмысловых рубрыках, такіх як: Куткі мовы ці Із зборкі пазнаньня беларускае мовы. Вялася буйная лексыкаграфічная праца, якая сьведчыць пра лексычнае багацьце беларускае мовы.
Беларускія эміграцыйныя выданьні спрыялі кансалідацыі беларусаў, расьцярушаных па цэлым сьвеце, дапамагалі ім гуртавацца на глебе нацыянальнае ідэі. Разьвіцьцё беларускае мовы ў дыяспары – гэта ня проста частка гісторыі нацыянальнае мовы; гэта важны сацыялінгвістычны й этнакультурны рэсурс, школа выжывання й самаўсьведамленьня.
Дыяспара ня толькі клапацілася пра захаваньне роднае мовы ў эміграцыі, але й зьвяртала вялікую ўвагу на яе ролю ў Беларусі, паказвала, што яна дыскрымінуецца, не займае належнага месца ў нацыянальным жыцьці краіны, і таму адчувае за сабою маральнае права на ўдзел у агульнабеларускім станаўленьні нормаў беларускае мовы[3] .
1. Глядзі: Іменны паказьнік.
2. Глядзі: Характарыстыка беларускіх газэтаў і часопісаў.
3. Глядзі: Nina Barshcheuskaya, The Role of the Belarusian Diaspora in Preservation and Development of the Belarusian Diaspora Language (based on the Belarusian press published in Germany, Annus Albaruthenicus, Krynki 2004, p. 109-123.

