МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

“але, думкай, сэрцам толькі я вас знаю...” // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Інтэрв'ю
Краiна: ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

“Але, думкай, сэрцам толькі я вас знаю...”

Гутарка Барыса Сачанкі з Данчыкам і яго маці спадарыняй Юляй

Сваю духоўную радзіму — Беларусь наведаў вядомы спявак са Злучаных Штатаў Амерыкі Данчык (Багдак Андрусішын). Ён пабываў у Ленінградзе, Кіеве, Львове,, выступіў з канцэртамі ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гродне, Вільнюсе, Маскве. Выручаныя ад канцэртаў сродкі ён перадаў у фонд пацярпелых ад чарнобыльскай аварыі, а таксама Таварыству беларускай мовы. Пісьменнік Барыс Сачанка сустрэўся з Данчыкам і яга маці спадарыняй Юляй Андрусішынай. Іх гутарку прапануем вашай увазе.

Б. С. — Спадарыня Юля, калі ласка, раскажыце пра, сябе. Дзе Вы нарадзіліся, як апынуліся на чужыне?

Сп. Юля. — Я нарадзілася ў Менску. У гады вайны выехала ў Нямеччыну, пазней — у Амерыку. Выйшла там замуж. Мой муж украінец, маю двух сыноў — Юрку і Данчыка. Цяпер вось, пасля столькіх год ростані, прыехала на Бацькаўшчыну.

Б. С. — Слоў колькі пра беларускі асяродак у Амерыцы.

Сп. Юля.— У Нью-Йорку ёсць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, якое аб'ядноўвае сведамых беларусаў Амерыкі. Працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва, арганізацыя беларускай моладзі. Выдаецца газета “Беларус”. У Нью-Джэрзі і ў Саўт-Рыверы ёсць свае мясцовыя культурныя цэнтры. Ёсць яны і ў іншых гарадах Амерыкі. У Кліўлендзе, напрыклад,—Полацак, у Нью-Йорку — Менск...

Б. С. — А як амерыканскія ўлады ставяцца да беларускай эміграцыі?

Сп. Юля.— Вельмі добра. Падтрымліваюць нас, да нашых нацыянальных святаў прысылаюць тэлеграмы, віншуюць, дазваляюць арганізоўваць фестывалі, выстаўкі...

Б. С. — Цяпер пытанне да Данчыка. Як ты пазнаў і вывучыў беларускую мову, як пачаў спяваць, як працаваў над сваім голасам, дзе вучыўся, словам, як з Багдана Андрусішына стаў Данчыкам?..

Д. — Не ведаю, з чаго пачаць... Па-беларуску мы гаварылі заўсёды, бо гэта наша родная мова. Тата — украінец, дык я з татам імкнуўся гаварыць па-ўкріаінску, а з мамай і бабцяй —па-беларуску. Для нас з братам гэта было натуральна, звыкла. Так што не было ніякіх праблем. Мяне вельмі дзівіць, чаму тут, у Беларусі, пра гэта пытаюць. Гэта ніякі не талент, калі з малога кожны дзень гаворыш на гэтай мове, дык гэта няцяжка. Праўда, тата іншы раз казаў маме, што пара дзецям пераходзіць на ангельскую мову, а то будуць з іх смяяцца ў школе. Але мы навучыліся размаўляць па-ангельску і не згубілі беларускай і ўкраінскай мовы. Я скончыў універсітэт у Нью-Йорку, факультэт журналістыкі. Але я ніколі не працаваў журналістам. Працую ў банку, набіраю новых супрацоўнікаў і звальняю тых, хто не справіўся з працай ці знайшоў лепшую. Дзесяць год вучыўся іграць на піяніна. Потым, належаў да ўкраінскіх скаўтаў. Вельмі прыгожыя там былі традыцыі — ля вогнішча спяваць пад гітару. Мне гэта падабалася. Я сам купіў сабе гітару і пачаў пад яе спяваць. Першыя песні былі амерыканскія, ну і беларускія, украінскія. Беларусам вельмі спадабалася першая кружэлка маіх песень. Я цяпер яе слухаю з жахам...

Б. С. — Чаму?

Д. — Там усё занадта недасканалае... У 1974 годзе беларуская моладзь зладзіла паказ талентаў, і я тады першы раз выступіў. Атрымаў прэмію... З таго ўсё і пайшло. Калі мяне добра слухаюць і ўсім падабаецца, дык гэта мяне натхняе. Хацелася больш спяваць. У дзевятнаццаць год я наспяваў тую кружэлку. Яна такая аматарская, голас у мяне там не развіты, і гітара зусім не настроена. У мяне і цяпер ёсць праблемы з голасам, бо працую я ў банку і часу няма на тое, каб спяваць. Ды і вучыцца спяваць вельмі дорага каштуе. За кожны урок — сорак пяць мінут — трэба плаціць 50 долараў. А тут, у Беларусі, кожны дзень у мяне канцэрты, бывае, і па два. На гэта сілы трэба мець... Але я наогул люблю спяваць і хацеў бы, каб гэта стала маім жыццём, кар'ерай...

Б. С. — Нам вядома, што табе ў нечым дапамаглі нашы “Песняры”. Як ты з імі пазнаёміўся, пасябраваў?..

Д. — “Песняры” былі маім натхненнем. Мы ўсе, беларусы, захапляліся “Песнярамі”, і асабліва — Лявонам Барткевічам. Калі “Песняры” прыехалі ў Нью-Йорк, то яны ў нашым знакамітым “Брадвэі” выступалі. Мы тады раскупілі ўсе білеты і гуртам пайшлі туды. Пасля канцэрта я зайшоў за сцэну і пазнаёміўся з Мулявіным, Барткевічам і ўсімі астатнімі. Вельмі прыемна было пачуць, што яны ўжо пра мяне таксама ведалі, з першай кружэлкі. 3 1977 года я з імі ў добрым кантакце, асабліва з Барткевічам. Перапісваемся, звонім адзін аднаму. Лявон Барткевіч і запрасіў мяне ў Менск. Было гэта дванаццаць гадоў назад... Думаю, вы разумееце, як я рады, што нарэшце прыехаў на Беларусь...

Б. С. — Спадарыня Юля, Вы прыехалі ў Мінск пасля доўгай ростані. Якім Вы ўбачылі горад свайго маленства, што абудзілася ў Вашай памяці, сэрцы?

Сп. Юля. — Я заўсёды марыла пабываць у Менску і пахадзіць па яго вуліцах, пабыць на тым месцы, дзе я нарадзілася. Я з цяжкасцю пазнаю горад, але старую частку пазнала, там яшчэ засталіся тыя будынкі, што бачыла ў маленстве. Хаты нашай няма — яна стаяла там, дзе цяпер купалаўскі парк. Але я знайшла дом, дзе жыла бабка па бацьку. Мы з Данчыкам каля яго сфатаграфаваліся. Мне вельмі прыемна, што гэтыя дамы маюцца рэстаўраваць. Сам Менск мне вельмі падабаецца. I калі мы з яго выязджаем, то вяртаемся як дадому...

Б. С. — А якое ўражанне Мінск зрабіў на Данчыка?

Д. — Ну, я ніколі не быў у Менску, дык не меў ніякага ўяўлення пра тое, які ён. Я бачыў яго толькі на паштоўках. Я проста ехаў у Беларусь. Кажуць, праўда, што гэта не мая Бацькаўшчына... ёсць слова “атавізм”. Я думаю, у мяне вось такое падсвядомае пачуццё. Тут мае карані, таму ўсё вельмі блізкае. Увогуле, у нас, у Амерыцы, няма ніводнага сапраўднага амерыканца, усе паходзяць аднекуль. Але калі мы цягніком прыехалі ў Менск, то здалося, што прыехалі дадому. Мяне спаткалі на вакзале, ды так, што я быў проста ў шоку. Цэлы натоўп, многія ў беларускіх строях, з песнямі, з нацыянальным сцягам. Я гэтага ніколі не забуду, бо я заўсёды думаў, што на Беларусі няма Беларусі, няма беларускай мовы. Тыя, хто ездзіў сюды з Амерыкі, расчароўваліся, казалі, што ўсе гавораць толькі па-руску.

А тут... Праўда, я па вуліцах не хаджу, я ўвесь час разам са сведамымі беларусамі. Колькасць іх нямалая і будзе расці. Мы радыя, што калі вернемся, то можам паведаміць суродзічам пра ваша нацыянальнае абуджэнне. Людзі ж у Беларусі цудоўныя...

Б. С. — У Данчыка ёсць брат Юрка. Чым ён займаецца, ці спявае беларускія песні?

Сп. Юля. — Юрка мае добры голас, але не спявае. Працуе адвакатам...

Д. — Ён, відаць, баіцца канкурэнцыі са мною... Наогул, наша беларуская эміграцыя вельмі маленькая, і як кажуць амерыканцы, вялікая галава не зробіцца з усяго гэтага. У адной газеце напісалі, што я “самы лепшы беларускі спявак”. Мая дваюрадная сястра жартавала: “I адзіны таксама”. Так што я сваю вартасць выдатна ўсведамляю...

Б. С. — У Амерыцы жыве некалькі беларускіх пісьменнікаў. Што вы пра іх ведаеце?

Сп. Юля.— Мы часта сустракаемся з Наталляй Арсенневай. Яна сяброўка маёй мамы, некалі нават мы ў адным доме жылі. Гадоў пятнаццаць таму яна пераехала ў іншы штат, і цяпер мы бачымся радзей. Летась святкавалі ейнае 85-годдзе... Сустракаемся з Масеем Сяднёвым. Ён у апошні час выдаў некалькі сваіх кніг. Знаёмыя з Міхасём Кавылём, Янкам Золакам...

Д. — Мая бабця з Арсенневай яшчэ з менскіх часоў сябруюць. Калі яна прыязджала на святкаванне свайго юбілею, то спынілася ў нас начаваць. Думаеце, калі жанчыне 85 год, дык яна старая, і ўсё? А яны з маёй бабцяй (а ёй таксама 80 год будзе ў лістападзе), калі збіраліся на вечар, гаварылі, якія надзець панчохі, і Арсеннева сварылася на бабцю, што тая выбрала бежавыя, бо цяпер толькі чорныя панчохі ўсе носяць, а бежавыя не ў модзе. Арсеннева была на высокіх абцасах і з доўгімі завушніцамі. “Чым я не Клеапатра?”— спытала яна. Наогул, яна вельмі адукаваны чалавек, з ёю можна гаварыць на ўсе тэмы, яна ведае літаратуру, музыку...

Б. С. — На эміграцыі жывуць вядомыя беларускія спевакі Пётр Конюх і Мікола Стрэчань. Працуюць там і беларускія мастакі, вучоныя, кампазітары. Хацелася б пачуць што-кольвечы і пра іх.

Сп. Юля.— У нас кожны год адбываюцца выстаўкі ў штаце Нью-Джэрзі. Там выстаўляюць свае абразы Надзея Кудасава, Галіна Русак, Тамара Стагаловіч-Кольба, Людміла Каліноўская, Івонка Шыманец-Сурвіла... На Тыдні славянскіх культур яны таксама выстаўляюць свае абразы разам з мастакамі іншых славянскіх народаў...

Б. С. — 3 друку мы ведаем пра вашы танцавальныя і харавыя калектывы, некаторыя з іх мне ўдалося пабачыць у час майго прабывання ў Злучаных Штатах Амерыкі. Нядаўна адзін ваш ансамбль — “Васілёк” — наведаў Беласточчыну...

Д. — “Васілёк” — лепшы наш калектыў. У ім бяруць удзел людзі рознага ўзросту, ад 15 да 55 гадоў. Але, нягледзячы на гэта, усе яны сябруюць. Гэта цэнтр маладзёжнага беларускага руху. Калектыў не прафесійны. У ім танцуюць лекары, адвакаты, словам, усе працуюць па іншых спецыяльнасцях. Але час ад часу збіраюцца разам. У мінулым годзе “Васілёк” выступаў у вельмі славутай зале на Мантхэтане — у “Лінкольн-цэнтры”. Там выступалі ўсе славянскія народы — украінцы, рускія, палякі, македонцы... Беларусы былі не горшыя ад іншых, яны таксама захаплялі ўсіх. Танцавалі яны тады “Польку-Янку” і “Лявоніху”.

Сп. Юля. — Гэты калектыў танцаваў разам з іншымі і каля статуі Свабоды, калі адзначалася 200-годдзе Амерыкі... Вучыць танцаваць “Васілёк” Ала Орса-Рамана. Яна прафесар хіміі, выкладае ва універсітэце...

д. _ 3 “Васільком” хацеў паехаць на Беласточчыну і я, каб потым ужо адтуль прыехаць у Менск. Але ўсё ніяк не прыходзіла віза...

Б. С. — Ці ёсць сярод беларусаў у Амерыцы мільянеры і як яны ставяцца да беларускай справы?

Д. — Можа, іх нельга назваць яшчэ мільянерамі, але што некаторыя сямейкі жывуць добра, то гэта так. Некаторыя з іх вельмі дапамагаюць беларускай справе, ахвяруюць на гэта грошы. Напрыклад, апошняя кружэлка, якую наспявалі мы з Барткевічам, каштавала 20 тысяч долараў. Беларусы сабралі гэтыя грошы, і, дзякуючы ім, кружэлка выйшла...

Б. С. — Спадарыня Юля, што вы адчуваеце, калі чуеце, як спявае ваш сын?

Сп. Юля. — Мне гэта прыемна, але, здаецца, пасля гэтых канцэртаў я не змагу больш яго слухаць.

Б. С. — Ці чуў Данчык калі-небудзь беларускія песнi ў выкананні Забэйды-Суміцкага?

Д. — Так, чуў. Яго голас мне вельмі падабаецца. Але ці спадабаўся б яму я? Бо я люблю закурыць, а то і выпіць. Калі ў такія хвіліны мяне хто бачыць, то кажуць: “А вось Забэйда-Суміцкі ніколі не піў, не курыў, хадзіў заўсёды з завязаным горлам”.

Б. С. — Ці думаў ты, што ў Беларусі цябе так шырока ведаюць, любяць, што маеш столькі прыхільнікаў твайго таленту, што на твае канцэрты будзе збірацца столькі людзей?

Д. — Гэта было для мяне нечаканым... Я тут шчаслівы, як ніколі ў жыцці...

Б. С. — Калі ты паедзеш з Беларусі, многім тут, у нас, цябе не будзе ставаць, бо ты наш беларускі салавей, што прыляцеў з-за акіяна.

Д. — А мне не будзе ставаць усіх тых, хто мяне любіць і так горача прымае.

Б. С. — Што ж, тады не парывайце з Бацькаўшчынай сувязі, часцей прыязджайце да нас, у Беларусь*.

Верасень, 1989 г.

 


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by