|
ЛЕЎ АКІНШЭВІЧ
Балонкі з успамінаў
Мушу сказаць, што навагу напісаць успаміны я прыняў не без некаторых хістанняў ды крыху пад націскам. Я і цяпер няпэўны, ці мае ўспаміны маюць вартасць, бо я ж не належу да людзей, якія “робяць” гісторыю, да правадыроў і дзеячаў, што прысвяцілі жыццё, каб дасягнуць пэўную мэту, ды апісваюць свой шлях да гэтае мэты. Не маю сумлеваў, што гэткія ўспаміны дзеячаў апраўданыя і карысныя.
Некаторае апраўданне маюць і ўспаміны тых людзей навукі і мастацтва, якія пакінулі па сабе глыбокі след у галіне, якой яны аддалі сваё жыццё. Мне цяжка вызначыць сваё месца сярод гісторыкаў украінскага права ды гісторыкаў Гетманшчыны — галінаў навукі, якім прысвечана бальшыня маіх друкаваных працаў. Але яны засталіся мала ведамыя і не выклікалі шырэйшага водгуку. Мая большая, і найважнейшая, на маю думку, праца пра Раду Старшыны, прыкладам, нават не ўспомненая ў зацемцы пра гэтую ўстанову ў энцыклапедыі і ўкраіназнаўства.
Урэшце, некаторых нават і невыдатных людзей жыццё ставіла ў ролі сведкаў падзеяў гістарычнага значэння, пра якія яны могуць сказаць нешта новае і дагэтуль невядомае. Маё жыццё ў гэткія пазіцыі мяне не ставіла.
Дзеля гэтага я адхіляў усе рады і прапановы пісаць успаміны, ды і цяпер няпэўны, што яны вартыя ўвагі. Вырашальным фактарам урэшце былі настойванні прафесара д-ра Я. Падаха, чалавека, ад якога я дазнаў шмат дабра, адмовіць яму было цяжка.
Магчыма, некаторым апраўданнем для маіх успамінаў можа быць апавяданне пра пакаранне мяне органамі ГПУ за адмову супрацоўніцтва з імі. Таксама цяжкасці з знаходам працы пасля звальнення з Нежынскага інстытута, якія наглядна паказваюць цяжкое палажэнне людзей працы ў дзяржаве, дзе яна адзіны працадаўца. Гісторыя майго звальнення з прафесарскае пасады на аснове цалком фальшывых звінавачванняў характарызуе стыль і звычаі сталінскае дыктатуры.
Для ўкраінскіх гісторыкаў таксама можа быць карыснаю гісторыя гібелі архіва галіцкае арміі, якая можа нешта сказаць пра настроі і пазіцыі людзей 20-х і 30-х гадоў. Калі справа ішла пра ратаванне сваіх людзей, тады і прэзідэнт Акадэміі Забалотны, і гэткі савецкі актывіст, якім быў Іваныцкі-Васіленка, і сціплы беларускі службавік, рызыкуючы сваім жыццём у выпадку выкрыцця факту знішчэння архіва, знаходзілі сваё месца ў акцыі ратунку.
Мне хочацца думаць, што апавяданне пра гэткія падзеі і з'явы можа нечым прыдацца для гісторыі.
Застаецца адказаць на пытанне пра мову. Гэта спецыяльная праблема чалавека ў маім палажэнні. Трэба тут узяць на ўвагу маё мяшанае паходжанне, тое, што ў памяць бацькі я вызначыўся як беларус, хоць ніколі стала на Беларусі не жыў (за выняткам канца 1930-х і пачатку 1940-х гадоў, калі быў у далучаным да РСФСР Смаленску).
Уплывы расейскае культуры, да якое я ніколі варожа не ставіўся, былі моцныя і ў сям'і, і ў школе. Украіна, дзе прайшла значная частка майго жыцця, была быццам маёю другою бацькаўшчынаю ды прадметам маіх даследных працаў. Урэшце, не магу забыцца і пра сваю “другую бацькаўшчыну”, пра ЗША, дзе я ў меру маіх сілаў і магчымасцяў намагаўся ўзяць удзел у навуковай працы.
Пытанне пра мову давялося ўрэшце вырашаць на падставе меркаванняў практычнага характару. А выходзячы з іх, расейская мова, хоць у выпадку публікацыі магла б збольшыць лік магчымых чытачоў, была б непрыдатная ў сувязі з тым, што працы былі напісаныя не ў расейскай мове і пераважна датычылі да гісторыі ўкраінскага права, прадмету для расейскага чытача малацікавага. Дзеля гэтага і доля аўтара гэтых працаў у вачох гэтага чытача мае невялікае значэнне.
Маё месца ў амерыканскай навуцы таксама непрыкметнае, для чаго мае значэнне і тое, што добрая частка з іх падпісаная не маім імем, але псеўданімам Leo A. Yaresh. Маю тут на ўвазе маю манаграфію пра савецкі арбітраж і чарод артыкулаў пра савецкую гістарыяграфію. Гэта быў вынік двух з палавінай гадоў даследнае працы ў Research Project on the USSR. Праблемы, якія датычаць да нацыянальных “мяншыняў” СССР, для якіх мае ўспаміны маглі б даць матэрыял, мала, на жаль, цікавяць амерыканскага чытача.
Мне асабліва прыкра вылучаць сябе як аўтара ўспамінаў у беларускай мове. Але мне ясна, што я не маю права, зрабіўшы гэтак мала для беларускае справы, прэтэндаваць на ўвагу беларускага чытача. Успаміны хіба маглі б паказаць, як справядлівасць гэтае справы змагла выклікаць сімпатыі напалову беларуса, народжанага ў Расеі, які гады маладосці пражыў на Украіне. Але гэта, пэўна ж, не дастатковая падстава для пісання ўспамінаў.
Украінская мова ў гэтым выпадку выглядае найбольш прыдатнаю. I не толькі дзеля таго, што ўкраінскі бок выказаў найбольшае зацікаўленне ў маіх успамінах у асобе прафесара д-ра Яраслава Падаха, старшыні навуковага таварыства імя Т. Шаўчэнкі ў ЗША. Вырашальнае значэнне мае той факт, што бальшыня маіх працаў прысвечаная гісторыі ўкраінскага права ды што арганізацыйна, як супрацоўнік Украінскае акадэміі навук, з украінскай навукай я быў звязаны. Думаю, што мае ўспаміны даюць сёе-тое для гісторыі Акадэміі.
Урэшце, я хачу спадзявацца, што для ўкраінскага грамадзянства яны могуць паказаць, як і некаторыя людзі іншае нацыянальнасці, гэткія, як я, як расейка Н. Палонская-Васіленка, яўрэй О. Гермаізэ, ды шмат іншых, нешта зрабілі для ўкраінскае навукі, а гэтым самым для ўсяе справы ўкраінскага нацыянальнага адраджэння.
ВАЖНЕЙШЫЯ ЖЫЦЦЯПІСНЫЯ ДАТЫ I ФАКТЫ
Акіншэвіч, Леў (Окиншевич, Лев у ўкраінскіх працах, Okinshevic, Leo ў ангельскіх, частка апошніх падпісаная псеўданімам Leo A. Yaresh, a беларускіх псеўданімам Л. Вароніч), народжаны 7 лютага (25 студзеня паводле старога стылю) 1898 года ў Пецярбургу. Мае бацькі — Акіншэвіч Аляксандр, гэным часам адзін з юрысконсулаў кіраўніцтва Паўночна-Заходніх чыгунак, і ягоная жонка Лізавета, народжаная Ярэш. Мой бацька быў беларус, сын сельскага святара ў Гомельскім павеце. Ён скончыў Чарнігаўскую гімназію і юрыдычны факультэт Адэскага універсітэта.
Мая маці была мяшанага чэшска-расейскага паходжання. Яна скончыла жаночую гімназію ў Кіеве і два гады вучылася ў французскай сярэдняй школе аднаго з каталіцкіх жаночых канвентаў у ваколіцах Парыжа. Дзеля цяжкое хваробы — туберкулёзу косці, які зрабіў яе калекаю на ўсё далейшае жыццё,— наша сям'я была змушаная пакінуць Пецярбург ды пераехаць да Кіева, дзе мой бацька заняў пасаду дырэктара паўднёва-заходняга аддзела аднаго з прыватных страховачных таварыстваў.
Майго бацькі не стала ў 1906 годзе. Асірацелая, ачоленая хвораю жанчынаю сям'я перайшла жыць да бацькоў маці. Бацька маёй маці, Хведар Ярэш, больш за 25 гадоў выкладаў лацінскую мову ў калегіі Паўла Галагана. Год пазней, у 1907 годзе, памёр і мой дзед. Жаралом існавання сталася цяпер пенсія маёй бабкі, заработан маёй маткі з лекцыяў французскае мовы, які яна давала ў адной кіеўскай прыватнай жаночай гімназіі, ды невялікая арэндная плата за 30 гектараў зямлі, якую мой дзед Ярэш прыдбаў у Кіеўскім павеце.
У 1907 годзе я паступіў у падрыхтоўчы клас кіеўскай прыватнай гімназіі В. Петра. Выбар гімназіі быў абумоўлены тым, што Петра, які быў блізкім прыяцелем майго дзеда Ярэша, згадзіўся звольніць мяне ад платы за навуку. Калі я быў у 2-м класе, зайшлі змены ў кіраўніцтве гімназіі, і яна перайшла да камітэта бацькоў. I новае кіраўніцтва далей звальняла мяне ад платы за навучанне, цяпер беручы на ўвагу мае добрыя адзнакі.
У 1912 годзе я быў прыняты ў лік стыпендыянта ў калегіі Паўла Галагана. Чатыры гады, праведзеныя ў калегіі, далі вельмі шмат для кажнага з калігіятаў — высокі ўзровень выкладання школьных прадметаў, вялікая бібліятэка, экскурсіі да Пецярбургу і Маскве, спартовыя заняткі. Супольная навука ды жыццё спрыялі ўстанаўленню добрых сувязяў на ўсё жыццё.
Калегію Паўла Галагана я скончыў вясною 1916 года і ўвосень гэтага ж года быў прыняты ў склад студэнтаў юрыдычнага факультэта Кіеўскага універсітэта. Увосень 1917 года я паступіў у другую Кіеўскую вайсковую школу і ў травені скончыў яе ў рангу прапаршчыка. Пасля пары месяцаў у запасным палку я прызначаны да 134-га Феадосеўскага палка (усе даты з памяці і дзеля гэтага прыблізныя).
Вясною 1918 года — паварот з траншэі на берагох Серэту ў Румыніі да Кіева. Летам 1918 года — узноўленыя студыі на юрыдычным факультэце, удзел у дзейнасці беларускай арганізацыі места Кіева, у якой я быў сябрам кантрольнае камісіі. Як колішні афіцэр расейскае арміі я быў прымусова мабілізаваны, на параўнальна кароткі час, рознымі ўрадамі, апрача ўраду УНР (Украінскае Народнае Рэспублікі), які на просьбу беларускага кансуляту звольніў мяне як падданага беларускай рэспублікі ад мабілізацыі. У 1919 годзе — жанімства з Марыяй Савінай, якую знаў з маленства.
ПАЧАТКІ НАВУКОВАЕ ПРАЦЫ
да навуковае працы адчыніў мне выпадак. Перад Калядамі 1920 года, праходзячы вуліцай каля букініста, які расклаў свае кніжкі на тратуары, я пабачыў кнігі прафесара Сяргеявіча “Древности русского …”. Паколькі я меўся ў хуткім часе складаць экзамен з гісторыі расейскага права, я пастанавіў кнігу купіць. Том быў прысвечаны адной тэме: баярскай думе Macкоўскае дзяржавы. З вялікім зацікаўленнем я прачытаў гэтую таленавіта напісаную працу.
На экзамене ў прафесара М. Васіленкі ён мяне запытаўся якраз пра баярскую думу. Я ведаў пра яе ці мала. Пры канцы экзамену прафесар выказаў сваё асаблівае задаваленне і пасуліў мне навуковую працу ў ачоленай ім Камісіі для вывучэння гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права ў Украінскай акадэміі навук. Мы пастанавілі, што працу пачну па заканчэнні ўсіх экзаменаў.
У чэрвені 1921 года апошні экзамен складзены, застаецца толькі дыпломная праца. Я прыйшоў да Акадэміі навук і быў аформлены як ейны навуковы супрацоўнік. На прапанову Васіленкі я меў працаваць над тэмай пра казацкія рады ў Украіне 17—18 стст. (генеральные і старшынскія).
Ужо назаўтра я ўзяўся за працу ды пачаў збіраць матэрыял для свае тэмы са зборніка “Акты, относящиеся к истории южной и западной России”. Адначасна, не жадаючы быць спецыялістам аднае толькі тэмы, я пачаў, і працягваў наступныя чатыры гады, працу над усёй літаратурай з гісторыі ўкраінскага і беларускага права, а таксама над тымі працамі з гісторыі расейскага і польскага права, якія проста ці пасярэдзіне маглі прычыніцца да гісторыі права Украіны і Беларусі. Пры канцы 1921 года публічная абарона дыпломнае працы “Абіранне гэтмана на Украіне-Гетманшчыне” і атрыманне дыплома 1-е ступені.
У 1923 годзе, У выніку праведзенае грашовае рэформы, Акадэмія навук дастала абмежаваны лік пасадаў, якія аплачваліся цвёрдаю валютай. Нашая камісія дастала адну гэткую пасаду (апрача старшыні). Было дамоўлена; што гэты штатны супрацоўнік мае выконваць адначасна і абавязкі сакратара камісіі.
У іншых установах новыя штатныя пасады абсуджваліся паводле выбару іхных кіраўнікоў. У Камісіі заходнерускага і ўкраінскага права акадэмік Васіленка перадаў і гэтую справу на вырашэнне сяброў камісіі. Тайным галасаваннем штатным супрацоўнікам і сакратаром абралі мяне. Мушу тут сказаць, што дачыненні з папярэднім сакратаром камісіі, С. М. Іваніцкім, засталіся сяброўскімі, што робіць яму гонар. Для мяне ж гэтае прызначэнне забяспечвала навуковую працу на колькі гадоў.
Матэрыялы для сваёй тэмы я збіраў з друкаваных
зборнікаў актаў. З парады акадэміка Васіленкі я пераглянуў шматтомны зборнік копіяў архіўных матэрыялаў Судыенкі ў бібліятэцы Кіеўскага універсітэта. Магчымасць пашырыць матэрыял для маёй тэмы далі камандзіроўкі да пазакіеўскіх архіваў. Наколькі помню,
разоў чатыры ездзіў да Масквы, дзе кожны раз два месяцы працаваў у архіве колішніх расейскіх міністэрстваў юстыцыі і замежных справаў, які ў 20-х гадах называўся “Древлехранилище РСФСР”. Адбыў я таксама камандзіроўкі да архіваў Харкава, Палтавы і Чарнігава.
На аснове гэтых матэрыялаў, ужо друкаваных і архіўных, былі падрыхтаваны тры большыя манаграфіі ды чарод артыкулаў у “Працах” камісіі ды ў іншых выданнях. Манаграфіі былі прысвечаны тэмам пра генеральную раду Гетманшчыны, пра раду старшыны ды пра “Знатнае вайсковае таварыства”, якая пабачыла свет толькі ў 1947 годзе.
З задавальненнем успамінаю гэтыя гады працы ў Камісіі гісторыі заходнерускага і ўкраінскага права. Гэта залежала ад атмасферы талерантнасці, якую ўносіў старшыня камісіі акадэмік М. Васіленка, што вяло да дружнага супрацоўніцтва ў працы ейных сяброў. Я не прыпамінаю якога-колечы спаборніцтва, непрыязні і непаразумення. У выніку гісторыя гэтае камісіі гэта гісторыя ейных працаў і дасягненняў, а не, як часта бывае, гісторыя змаганняў розных групаў і спаборніцтва між ейнымі паасобнымі сябрамі.
Асаблівая сітуацыя склалася ў 1924 (?) годзе. Гэта быў час арышту акадэміка Васіленкі, папярэдняга следства, судовага працэсу “Центра действий” ды ягонага колькімесячнага ўвязнення пасля прысуду. Мы, сябры камісіі, намагаліся працягваць ейную працу. Паседжанні камісіі рэгулярна адбываліся кожны тыдзень. Вельмі часта прысутных было толькі тры асобы: апрача мяне як сакратара стала наведвалі паседжанні С. Барысёнак і I. Чэркаскі. Гэты апошні і быў старшынёй пасяджэнняў.
ПРЫ КАФЕДРЫ ГІСТОРЫІ УКРАІНЫ М. С. ГРУШЭЎСКАГА
Аднаго дня, думаю, што было гэта на пачатку 1925 года, у вестыбюлі акадэміі да мяне падышоў акадэмік М. С. Грушэўскі. Да гэтага часу мае “знаёмства” з ім абмяжоўвалася тым, што на прывітальным вечары, зладжаным мясцоваю суполкаю асветы ў гонар ягонага павароту да Кіева, ён, абыходзячы ўсіх прысутных, падаў руку і мне. Цяпер М. Грушэўскі мне сказаў, што ў кіраванай ім навукова-даследчай кафедры гісторыі Украіны, у дадатак да прынятых пры канцы 1924 года аспірантаў, будуць стыпендыі для новых аспірантаў і ён прапануе гэткую стыпендыю мне. М Грушэўскі дадаў, што ён гаварыў пра гэтую прапанову з М. П. Васіленкам і той даў сваю згоду.
Я адразу згадзіўся і падзякаваў яму. Гэта, пэўна ж, паляпшала матэрыяльнае палажэнне ды давала змогу павысіць сваю кваліфікацыю пад кіраўніцтвам вялікага вучонага. М. П. Васіленка пацвердзіў, што ён нічога не мае супроць маёй дадатковай працы.
На жаль, навуковага кіраўніцтва вялікага вучонага я не здабыў. Наколькі прыпамінаю, гутарка ў вестыбюлі акадэміі была адзінаю з М. Грушэўскім. Галава кафедры не кіраваў працаю аспірантаў, гэтае кіраўніцтва належала да сяброў кафедры. Маім кіраўніком быў прафесар Аляксандр Грушэўскі, брат галавы кафедры. Колькі разоў у годзе я дакладваў яму пра сваю працу ды слухаў ягоныя парады.
Наведваючы паседжанні кафедры, я чуўся быццам у іншым свеце ў прыраўнанні да камісіі акадэміка Васіленкі. Там з першага дня я быў прыняты як роўны сярод роўных і пачуваў сябе між сяброў. Гэткая атмасфера людскіх дачыненняў залежала ад старшыні камісіі, які быў нібы старшым і паважаным прыяцелем ейных сяброў.
На кафедры Грушэўскага атмасфера была іншая. Часткова залежала гэта ад таго, што была гэта не гэтулькі даследная, як навучальная ўстанова. Мела знанэнне таксама тое, што падбор аспірантаў не зусім залежаў ад Грушэўскага. Супроць ягонае волі давялося прыняць на аспірантаў трох вучняў прафесара О. Аглобліна. Адзін з іх (Камінскі) быў сябрам Камуністычнай партыі, другі (Крэчэнка) былы сябра Кампартыі ды галава Радамысльскае Чэка. Прысутнасць гэткіх людзей безумоўна адбівалася на характары дачыненняў, якія набіралі фармальны тон.
Мне ніколі не было ясна, чаму прафесар М. Грушэўскі прыняў мяне на сваю кафедру, як таксама не магу і дагэтуль зразумець, чым пры канцы майго прабывання я выклікаў ягоную няласку...
Пасля заканчэння трох гадоў аспірантуры я меў быць пераведзены да навуковых супрацоўнікаў кафедры. Для гэтага я меў публічна абараніць даследную працу. 3 дазволу акадэміка М. Васіленкі для гэтае мэты я падаў манаграфію “Генеральная рада на Гетманшчыне”, якая была надрукавана ў “Працах” Васіленкавае камісіі.
Аднаго дня да мяне ў акадэміі прыйшоў прафесар О. Гермаізэ, з якім у мяне былі сяброўскія дачыненні. Ён сказаў, што М. С. Грушэўскі даручыў яму пераказаць мне ягоную ультыматыўную прапанову: я мушу пагадзіцца на пераход да навукова-даследнае кафедры акадэміка Д. Багалія, які згаджаецца прыняць мяне да складу свае кафедры, і тады мая праца будзе апрабаваная. У іншым выпадку праца будзе прызнаная за
нездавальняючую.
Я адразу згадзіўся. Незадоўга адбылася публічная абарона мае працы, і яна была апрабаваная. У часопісе “Украіна” была змешчана інфармацыя пра гэтую абарону. Больш гэтага: М. Грушэўскі прасіў М. Васіленку дазволіць выдаць 200 экземпляраў адбіткаў маёй працы пад маркаю навукова-даследчае кафедры гісторыі Украіны. Дазвол быў дадзены, і гэтае выданне паказалася.
Магчыма, нездавальненне М. Грушэўскага было спрычынена ахалоджаннем дачыненняў між ім і Васіленкам. Тады Грушэўскі вёў зацятае змаганне з сябрамі управы акадэміі А. Крымскім і С. Яфрэмавым. На супольным сходзе акадэміі М. Васіленка падтрымаў управу. Магчыма, што ў сувязі з гэтым я, як блізкі супрацоўнік Васіленкі, выглядаў цяпер як “прадстаўнік варожых сілаў” на кафедры.
Калі я запытаўся ў Гермаізэ, што казаў яму Грушэўскі, ён адказаў: “Грушэўскі сказаў, што вы чужы”. Гэта магло значыць — “не ўкраінец”, але магло значыць і “васіленкавец”. Урэшце, магло гэта значыць і тое і другое разам.
Няма што казаць, што пагроза не прапусціць маю працу была цалкам рэальная. Я сабе не ўяўляю, як я мог заставацца на кафедры супроць волі ейнага кіраўніка. Практычна я таксама нічога не губляў: на абедзвюх кафедрах, і ў Грушэўскага, і ў Багалія, пасады навуковых супрацоўнікаў не былі платныя.
Што б ні было, прынцыпова няправільна і недапушчальна ставіць ацэну навуковае працы ў залежнасці ад настаўлення да ейнага аўтара. Мой залік у наступным годзе навуковым супрацоўнікам навукова-даследчае кафедры акадэміка Д. Багалія ў Харкаве быў чыста намінальны.
БЕЛАРУСКІЯ СУВЯЗІ
Не зважаючы на працу ў украінскім асяроддзі, у якім я быў трактаваны як свой ды роўны, і ўсё большае зацікаўленне сваёю тэмай, якая належала да гісторыі ўкраінскага права, я не забываўся пра краіну майго бацькі і пачуваўся да абавязку дапамагчы ейнаму нацыянальнаму адраджэнню. Я сістэматычна працаваў над вывучэннем беларускае мовы і ўдасканаленнем свайго яе знання. Гэтыя заняткі далі мне магчымасць зрабіць нешта для беларускае навукі.
Ад 1925 года я супрацоўнічаў у беларускім літаратурна-навуковым часопісе “Полымя”. У гэтым часопісе была надрукавана мая праца “Казацтва на Беларусі”. Яна выклікала зацікаўленне, не зважаючы на тое, што пабудавана была на друкаваных, хоць да гэтага часу і не выкарыстаных матэрыялах. У “Полымі” было надрукавана і колькі маіх меншых артыкулаў ды рэцэнзіяў на ўкраінскія выданні, што датычыліся Беларусі.
Адначасна з гэтым у ўкраінскіх часопісах “Чырвоны Шлях” і “Украіна” я памясціў колькі рэцэнзіяў на беларускія выданні. У “Чырвоным Шляху” быў надрукаваны мой артыкул “Творчы шлях Цішкі Гартнага”, прысвечаны ўгодкам 3. Жылуновіча, беларускага пісьменніка, першага старшыні Рады Народных Камісараў Беларусі а ў часе напісання артыкула кіраўніка дзяржаўнага выдавецтва Беларусі ды рэдактара часопіса “Полымя”. Падпісаў я гэты артыкул “Л. Воронич” — украінізаваная форма прозвішча маёй бабкі па бацьку.
Недзе каля 1928 года, калі аднаго дня прыйшоў а Акадэміі дамоў, знайшоў запіску Жылуновіча, у якой ён пісаў, што ён праездам у Кіеве і хацеў бы бачыць кіеўскага супрацоўніка свайго часопіса. Назаўтра я яго адведаў у ягоным гатэлі і пару гадзінаў мы правялі ў цікавай для мяне бяседзе пра бягучыя праблемы беларускага культурнага жыцця.
У часе маіх трох ці чатырох паездак да Менска я меў нагоду сустрэцца з класікамі беларускай літаратуры Янкам Купалам і Якубам Коласам. Да Купалы мяне прывёў Янка Марук, сакратар “Полымя”, сябра камсамолу і патрыёт Беларусі.
Мае адведзіны Купалы адбыліся колькі месяцаў пасля ягонага выхаду з шпіталя, калі ён пробаваў пакончыць жыццё самагубствам. Калі быў у яго, адчуваў глыбокую трагедыю гэтага светлага чалавека, нацыянальнага прарока, “беларускага Шаўчэнкі”, якому жыць і тварыць давялося ў суровую, жорсткую эпоху “пралетарскай рэвалюцыі”.
Якуба Коласа я адведаў “напаўафіцыйным” спосабам. Гэта было каля 30-га года, калі акадэмік М. Краўчук і я — ён ад агульнага сходу акадэміі, я ад калектыву ейных супрацоўнікаў як старшыня лакальнае акадэмічнае секцыі навуковых працаўнікоў,— прыехалі для падпісання дамовы пра “сацыялістычнае спаборніцтва” Украінскае акадэміі з Беларускай акадэміяй навук. Пад час нашага прабывання ў Менску Якуб Колас, які быў сябрам управы Беларускае акадэміі, запрасіў нас да сябе на вечар. Прыйшоўшы да яго, мы засталі колькіх іншых прадстаўнікоў беларускага культурнага свету. Сярод іх з асаблівай цікавасцю я прыглядаўся да Я. Лёсіка, актыўнага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння.
У той самы прыезд давялося нам пабачыць і В. Ластоўскага, вядучага беларускага вучонага, аўтара манаграфіі з гісторыі беларускага друку ды колішняга старшыню ўраду Беларускае Народнае Рэспублікі, які на сваю пагібель вярнуўся з эміграцыі ў БССР. Нас запрасілі наведаць этнаграфічны музей, дзе Ластоўскі ў той час працаваў навуковым супрацоўнікам. Паказваў нам музей ягоны дырэктар, малады чалавек, не беларускага тыпу. У працэсе агляду экспанатаў музея Ластоўкі падышоў да нас і хацеў уступіць у гутарку, але быў брутальна адсунуты дырэктарам музея.
У часе маіх прыездаў да Менска я навязаў кантакт з беларускімі гісторыкамі 3. Даўгялай, В. Дружчыцам, А. Бурдзейкам і Т. Забелам ды быў гасцінна імі прыняты. Тодара Забелу я знаў яшчэ з Кіева, дзе ён быў актыўным сябрам беларускага студэнцкага гуртка “Зорка”, а пасля кіеўскай беларускай арганізацыі. 3 прыемнасцю таксама ўспамінаю свае спатканні а С. Некрашэвічам, віцэ-прэзідэнтам Беларускае акадэміі навук.
Некрашэвіч ці раз ставіў пытанне, што было б пажадана, каб я пераехаў да Менска і на Беларускім дзяржаўным універсітэце выкладаў гісторыю беларускага права. Гэтыя прапановы дайшлі, ясна, да ведама і рэктара універсітэта прафесара Ул. Пічэты. Калі аднаго разу я з ім сустрэўся ў Беларускай акадэміі навук, ён запрасіў мяне да сябе на абед. За бутэлькай чырвонага віна справу выкладання гісторыі беларускага права ён паставіў адкрыта. Ён казаў, што яму даводзіцца жыць на два дамы, бо ягоная сям'я ў Маскве, і гэта вымагае дадатковых выдаткаў. Дзеля гэтага ён хоча захаваць сабе плату за рэктарства, за выкладанне гісторыі Беларусі на гістарычным факультэце і гісторыі беларускага права на юрыдычным факультэце. Я запэўніў яго, што не прэтэндую на занятае месца.
Пічэта казаў мне, што ён піша гісторыю Беларусі ў 5-ці тамах. Першы том быў складзены, і з даручэння дзяржаўнага выдавецтва Беларусі я быў адным з ягоных рэцэнзентаў. Гэты том быў прысвечаны пераважна беларускай археалогіі ды данарманскаму перыяду. Я горача вітаў гэтую фундаментальную працу.
У часе маіх камандзіровак да Масквы, працуючы там у архівах “Древлехранилища”, я ці раз бачыў новыя матэрыялы да тэмы пра казацтва ў Беларусі за часоў хмяльніччыны. Асабліва шмат іх было ў фондах “Разряду” (прыказу, які ў Маскоўскім гаспадарстве 17 ст. кіраваў вайсковымі справамі) і, чамусьці, у Сібірскім Прыказе. Гэтыя матэрыялы давалі тое-сёе для цэнтральнай тэмы пра “Беларускі полк”, але больш характарызавалі дзейнасць партызанскіх аддзелаў на тэрыторыі Віцебшчыны, Смаленшчыны і Рослаўшчыны, у паасобных выпадках каардынаваную з акцыяй .Беларускага палка. Я занатаваў сабе паказанні на гэтыя дакументы ў рэестрах архіўных фондаў.
Будучы ў Менску на пачатку 1930-х гадоў, я запрапанаваў Беларускай акадэміі навук напісаць большую манаграфію пра казацтва ў Беларусі за часоў хмяльніччыны і дадаць да яе том архіўных матэрыялаў. Скантактаваўшыся ў гэтай справе з дзяржаўным выдавецтвам Беларусі, яны пагадзіліся. Была складзена ўмова, у якой выдавецтва абавязалася прыняць на сябе абавязак аплаціць выдаткі на перапіску архіўных матэрыялаў. Гэтую перапіску я даручыў сёстрам Шуйскім, дазнаным перапісчыцам маскоўскага архіва.
Па колькіх месяцах, па заканчэнні працы над сваёй манаграфіяй пра “Знатнае вайсковае таварыства на Украіне-Гетманшчыне”, я спарадкаваў том маскоўскіх архіўных матэрыялаў і пачаў пісаць працу пра беларускае казацтва. Але былі напісаныя толькі тры першыя раздзелы. Далейшая праца абарвалася ў сувязі з маім адыходам з Украінскае акадэміі навук. На пачатку другое сусветнае вайны гэтыя матэрыялы загінулі ў Смаленску ў пажары.
ЗАПАЛОНЕНАЯ НАВУКА
Палажэнне ў Украінскай акадэміі навук на пачатку 30-х гадоў рэзка змянілася. Шмат супрацоўнікаў было арыштавана і саслана, шмат было “вычышчана” і звольнена. Заміж іх да Акадэміі прыйшло шмат партыйных. Новая кафедра марксізму-ленінізму з вялікім лікам партыйных аспірантаў сталася дамінантнай установай Акадэміі. Пры гэткіх умовах усё больш ставалася ясным, што пагляд, быццам трэба старацца здаволіць вымогі ўдзелу ў “будаўніцтве сацыялізму”, каб гэтым захаваць пачатую ў 20-х гадах даследную працу, сябе не апраўдаў. Гэткі пагляд не ўлічыў, што азначэнне прапорцыі паміж студыямі, якія мелі за мэту развіццё ўкраінскае (і беларускае) культуры і працы па “будаўніцтве сацыялізму”, будзе залежыць ад тых, хто мае рэальную ўладу. А яе мела Камуністычная партыя.
Частка партыі была прыхільная нацыянальнаму адраджэнню свайго народа. Але “нацыянальна сведамыя” камуністы былі ў партыі заўсёды меншынёю. Бальшыня ж належала да людзей, не зацікаўленых у нацыянальным развіцці народа і часта яму варожых. Пачатак 30-х гадоў быў часам, калі нацыянал-камуністы згубілі свой уплыў. Бальшыня іх закончыла жыццё вязнямі савецкіх канцэнтрацыйных лагероў. Уладу ў нацыянальных рэспубліках перабралі людзі абыякавыя, а часта і варожыя да развіцця нацыянальных культураў.
СУСТРЭЧА З ГПУ
Аднаго дня, на пачатку 1932 года, папрацаваўшы дома, я, як звычайна, пайшоў у Акадэмію. Каля ейных дзвярэй да мяне падышлі двое людзей, апранутых у цывільную вопратку, якія сказалі, што яны супрацоўнікі ГПУ, ды запрапанавалі ісці з імі. Было каля 11-й гадзіны раніцы. Дзіўна, што хоць добра помню падзеі таго дня, не магу прыпомніць, як мяне давезлі ці давялі да будынку ГПУ на Банковай вуліцы. Далей усё прыпамінаецца яскрава.
Мы ўвайшлі ў будынак з бакавых дзвярэй, падняліся на другі паверх. Там мяне пакінулі на лаўцы ў другім калідоры. Было злавесна ціха. Часам цішыню перарывалі крокі канваіраў, якія вялі арыштаваных да дзвярэй кабінетаў следчых ГПУ. На калідоры я прасядзеў каля дзвюх гадзін. Пачуццё было непаўторнае: сведамасць таго, што тагачаснае ГПУ не было нічым звязанае ў вырашэнні долі сваіх ахвяраў.
Урэшце два канваіры падышлі да мяне і правялі да
кабінета аднаго з следчых. За колькі часінаў следчы прыйшоў, і я з здзіўленнем пабачыў, што я яго знаў. Дарма, што цяпер ён быў у уніформе афіцэра войска ГПУ, а перад тым я яго бачыў у цывільнай вопратцы. Бачыў я яго ў Акадэміі навук, дзе ён быў аспірантам кафедры марксізма-ленінізма. Ягонае прозвішча было Пагрэбінскі. Гэта быў малады яўрэй, гадоў 23—25, інтэлігентны і, прынамсі ў першай частцы нашае з ім гутаркі, ветлівы.
Гутарка была даўгая, цягнулася 9 гадзінаў, да позняга вечара. Перарвалася яна толькі на абед, які далі і мне.
Хутка мне стала ясна, што ішло пра маё супрацоўніцтва з ГПУ. Гэтая прапанова, аднак, была выказана не адразу. Падрыхтоваю да яе была гутарка пра мае “палітычнае аблічча”. На мае сцверджанне, што я лаяльны грамадзянін савецкае дзяржавы, следчы адказаў, што ГПУ мае вялікія сумлевы ў гэтым — я хутчэй ейны асцярожны вораг. На довад гэтага ён дастаў даволі тоўстую папку з матэрыяламі пра мяне ды прачытаў колькі прыкладаў. Усе яны зводзіліся да сітуацыяў, калі нейдзе нехта з прысутных выяўляў сваё крытычнае настаўленне да савецкае ўлады, а я не даваў гэтаму адпору. Цяпер, казаў следчы, мне даецца магчымасць давесці сваю лаяльнасць ды прыхільнае настаўленне да савецкае ўлады.
Пасля таго як я адмовіўся падпісаць згоду на тайнае супрацоўніцтва з ГПУ, пачалося даўгое намаўленне “падумаць” пра кансеквэнцыі адмовы. Пад час гэтых намаўленняў следчы перайшоў з украінскае мовы, якою ён валодаў беззаганна, на мову расейскую.
Агульна беручы, гэтыя доўгія намаўленні ішлі па лініі, што будзе пры маёй згодзе ці нязгодзе — нагароды за згоду, пакаранне за адмову. Найбольшаю абяцанкай за маю магчымую згоду было ўзвядзенне мяне ў акадэмікі. Гэтая абяцанка, аднак, не дасягала свае мэты: славалюбнасць не належыць да ліку маіх, заганаў, ды я ні на хвіліну і не верыў у магчымасць гэткага раптоўнага ўзлёту, не гаворачы ўжо пра непрымальнасць ягонае цаны.
У ліку пагрозаў за адмову было папярэджанне, што ГПУ можа зруйнаваць мае сямейнае жыццё. Дасягнуць гэтага яны могуць, ці пераканаўшы маю жонку ў маёй “здрадзе”, ці падаслаўшы да яе дазнанага зводніка жанчынаў. Галоўнаю пагрозаю было папярэджанне, што мая адмова будзе азначаць канец маёй навуковай працы. Пры гэтым следчы сказаў, што мэта ГПУ пакінуць на гэтай працы толькі тых, што дапамагаюць ГПУ ды ейнай дзейнасці.
Паколькі я не згаджаўся на тайнае супрацоўніцтва, гутарка прыняла больш непрыемны характар, і следчы часам павышаў голас. Абразу я дазнаў толькі ў трэцяй асобе, калі пачуў, як следчы, выйшаўшы на пару часінаў на калідоры, камусьці там скардзіўся: “Эта сволочь совсем меня измучила!” Час быў ужо позні, і намаўлянні трэ было канчаць. Следчы паклаў перада мной кусок паперы і запрапанаваў выкласці на пісьме прычыны мае адмовы. Утомлены да краю, я не мог нічога лепшага прыдумаць, як напісаць: “Отказываюсь по состоянию здоровья” (Адмаўляюся дзеля стану здароўя). Напаследак следчы мне сказаў, што ад гэтага часу я ў стане вайны з ГПУ і хутка зразумею ўсе гэтага кансеквэнцыі. I ён меў рацыю.
КАНЕЦ ПРАЦЫ У АКАДЭМІІ — НЕЖЫНСКІ ЭПІЗОД
Ішоў страшны 1933 год, год нялюдскае жорсткасці чалавека да чалавека. Вельмі цяжка было бачыць на вуліцах паміраючых з голаду людзей, цяжка было адчуваць сваю бяссільнасць хоць чым-колечы ім дапамагчы.
У Акадэміі навук з кажным месяцам ставала менш ейных кадраў, старых навуковых працаўнікоў, якія ў 20-х гадах гэтак шмат зрабілі для справы нацыянальнага адраджэння. Ішлі арышты і ссылкі ў канцэнтрацыйныя лагеры ГПУ. Шмат было “вычышчана” з Акадэміі з дакументамі, з якімі было цяжка знайсці іншую працу. Некаторыя з навуковых працаўнікоў пакідалі Украіну і пераязджалі да больш бяспечных частак СССР.
Дачыненні да мяне кіруючых колаў Акадэміі паступова пачалі мяняцца. Да гэтага часу я быў у ліку “лаяльных” сяброў калектыву. Маё імя паступова з іхнага ліку знікла, заміж гэтага яно ўсё часцей стала ўспамінацца ў ліку асобаў “сумлеўных”. Усё яснейшаю ставала перспектыва таго, што пры чароднай “чыстцы” Акадэміі мне, як і іншым сябрам Камісіі заходнерускага і ўкраінскага права, пагражае звальненне.
Трэ было прымаць нейкую пастанову. Яна не была лёгкаю. Украіна, дзе прайшлі гады майго юнацтва, была быццам маёю другою бацькаўшчынай. Акадэмія навук, куды я трапіў выпадкова, сталася месцам заўзятае працы і цесных таварыскіх сувязяў. Тэматыка маіх працаў, не мною самым выбраная, усё больш і больш мяне цікавіла ды быццам абяцала мне сталае месца сярод даследнікаў Гетманшчыны.
Дачыненні з маімі калегамі, гісторыкамі ўкраінскага права, былі нязменна прыяцельскія. Настаўленне да мяне акадэміка М. Васіленкі, чалавека, “поўнага духоўным святлом дабра, такту і талерантнасці”, як я пісаў у сваім, апублікаваным, колькі гадоў таму артыкуле пра яго, было нязменна прыхільнае. I ўсё ж, я адчуваў, што трэба пакінуць Акадэмію і, пакуль не запозна, выехаць з Кіева.
Пераехаць у Беларусь, бацькаўшчыну майго бацькі, было першаю думкаю. Але яе давялося адразу адкінуць. Палажэнне там гэным часам было гэткае ж, калі не горшае, як на Украіне. Ішлі арышты і праследы нацыянальных колаў.
Ранняй вясной 1933 года я паехаў да Масквы, да Камісарыяту асветы РСФСР, у аддзел вышэйшых школаў. Там аднесліся да мяне прыхільна і запрапанавалі пасаду прафесара гісторыі СССР у педагагічных інстытутах у Уфе або ў Волагдзе. Мяне больш цікавіла Уфа, але гэта была сталіца Башкірскай аўтаномнай рэспублікі, і там, ясна, гэтым часам таксама ішло праследаванне нацыянальных кадраў. Дзеля гэтага я выбраў Волагду, куды і паехаў з лістом ад Наркампросу РСФСР.
Волагда зрабіла на( мяне добрае ўражанне. Паўночнае паветра было неяк асабліва празрыстае. Шырокія вуліцы з драўлянымі будынкамі ўражалі сваёю цішынёй. На некаторых перакростках стаялі гандляркі з кошыкамі рэпы. “Нашыя паўночныя яблыкі”, сказаў мне адзін валагджанін.
Педагагічны інстытут размясціўся на беразе вялікае ракі такой самай назвы, як і места. Там я сустрэўся з рэктарам і кіраўніком гістарычнага аддзела і без цяжкасці дамовіўся пра ўмовы свае працы ў інстытуце. Найважнейшае ў тагачасных умовах пытанне пра кватэру шчасліва ўладзілася прыдзелам мне двух пакояў у новазбудаваным доме для персаналу інстытута.
Да Кіева варочаўся я ў крыху спакайнейшым настроі.
Было, праўда, шкада кідаць сваю працу і сваіх прыяцеляў. Але мне было ясна, што працаваць, калі б застаўся ў Кіеве, можна было б толькі на шкоду нацыянальнай справе. Пераезд да Волагды даваў надзею, што там ГПУ пра мяне забудзе і не стане мсціцца за адмову супрацоўнічаць.
Вярнуўшыся да Кіева, я пайшоў да Акадэміі і паказаў там ліст валагодскага інстытута з запросінамі да працы. Ніхто з кіраўнікоў Акадэміі мяне не затрымліваў, і я звольніўся з Акадэміі без перашкодаў. Пара дзён пайшло на зборы для пераезду. Пакуль што ехаў я адзін, сям'я тым часам заставалася ў Кіеве. Квіток да Волагды быў у мяне ў кішэні. У дзень ад'езду — цягнік адыходзіў увечары — я пайшоў апошні раз да Акадэміі развітацца з маімі, нешматлікімі ўжо, прыяцелямі ды ўзяць апошнія паперы.
У Акадэміі мне сказалі, што на мяне нехта чакае. Быў гэта чалавек гадоў 27—28, ён сказаў, што ягонае прозвішча Ціхі (Тихий) ды што ён прарэктар Нежынскага педагагічнага інстытута. Прыехаў ён спецыяльна пабачыць мяне з даручэння рэктара Нежынскага інстытута, Карпекі. Рэктару, паводле ягоных словаў, учора званіў Дэмчэнка, сакратар Кіеўскага абкома КП(б)У. Дэмчэнка быццам прасіў Карпеку запрапанаваць мне прафесарскую пасаду ў Нежынскім інстытуце. Рабіў гэтую прапанову Дэмчэнка нібы ад імя Цэнтральнага Камітэта КП(б)У і свайго асабіста, як сябры Цэнтральнага Камітэта. Дэмчэнка даручыў сказаць мне, што партыя непакоіцца ўражаннем, якое можа выклікаць за межамі мой ад'езд з Украіны і, асабліва, у Заходняй Украіне, дзе нібы ідзе шырокая кампанія супроць уціскаў украінскае навукі ў Савецкім Саюзе.
Мяне адразу здзівіла, што гэткае важнае значэнне прыдавалася маёй асобе, даследніку малавядомаму паза вузкім параўнальна колам спецыялістаў гісторыі ўкраінскага права і гісторыі Украіны. З маіх працаў толькі манаграфія пра Раду Старшыны была дыскутаваная ў рэцэнзіі В. Заікіна ў часопісе “Суспільство” ў Заходняй Украіне.
Ды здзіўленне не ішло гэтак далёка, каб я сумляваўся ў праўдзівасці турботаў ЦК КП(б)У з прычыны майго выезду з Украіны. З вялікім сумам бачыў я залом майго плана ратавацца пераездам да Расеі. Бо, хоць дзіўнаю здавалася неспадзяваная ўвага да мае асобы, адкінуць “просьбу”, а фактычна дамаганне ЦК Украінскае кампартыі ў тагачасных умовах было немагчыма. Да гэтага ж, калі б я нават не паслухаў ды выехаў да Волагды, даволі было Дэмчэнку ці камусь іншаму з ЦК пазваніць да Валагодскага інстытута, і мяне адразу звольнілі б з пасады. I гэтага вечара, з квітком да Волагды, я выехаў да Нежына.
У Нежыне я найперш зайшоў да Міколы Пятроўскага, ведамага ўкраінскага гісторыка, з якім у мяне былі прыяцельскія дачыненні. Ён паінфармаваў пра інстытут, ягонае кіраўніцтва і прафесуру. Пры гэтай нагодзе ён прасіў мяне адступіць яму курс гісторыі СССР — фактычна гісторыі Расеі, — а сабе ўзяць далёка больш кантраверсійны, а пры тагачасных умовах небяспечны, курс гісторыі Украіны. Адмовіць яму я не мог.
Калі я пайшоў да інстытута, там мяне прыняў рэктар па прозвішчы Карпека. Ён пацвердзіў тое, што казаў мне Ціхі пра тэлефон Дэмчэнкі, і пасуліў прафесарскую пасаду ў інстытуце з дадаткам — для павелічэння заработку — пасады бібліёграфа пры інстытуцкай бібліятэцы. Для жыцця адводзілася мне памяшканне з двух пакояў. Мне нічога не засталося, як даць сваю згоду. Гэтак на кароткі час я стаў прафесарам Нежынскага педагагічнага інстытута.
Спачатку да Нежына пераехаў я сам, адзін, сям'ю пакінуў у Кіеве. Жыццё паволі ішло быццам здавальняючым шляхам. Само места Нежын здавалася мне правінцыяльным, затое інстытут зрабіў добрае ўражанне. Адчувалася, што гэта хорам навукі з стогадоваю традыцыяй культурнае працы. Асабліва я быў рады бачыць бібліятэку: яна была багатая кнігамі і калекцыя ўкраінікі была вельмі добрая. Горш было з студэнтамі. Вучыліся яны вельмі ахвотна і дысцыпліна ў часе выкладаў была ўзорная. Але іхная падрыхтова ў сярэдніх школах была вельмі нізкая.
Паволі жыццё ў Нежыне і праца ў інстытуце наладзілася, і я меў магчымасць працягваць сваю працу над манаграфіяй “Казацтва на Беларусі”. Пры канцы лістапада мая жонка зліквідавала кіеўскае памешканне, спакавала нашыя рэчы, пераслала да Нежына ды прыехала з сынам да мяне.
На трэці дзень пасля ейнага прыезду лекцыі ў мяне былі ў першай палавіне дня. Пасля заканчэння выкладу мне сказалі, што мяне хоча бачыць рэктар. Сустрэў ён мяне словамі “Не мне б гэта Вам казаць, Леў Аляксандравіч, і не Вам бы гэта слухаць!”— ды стаў чытаць мне загад, які, ягонымі словамі, ён “меў падпісаць”. У загадзе казалася, што ў выніку недастатковай пільнасці адміністрацыі, прафесуры і студэнцтва ў інстытут пралез “нейкі Леў Акіншэвіч, які...” — далей ішлі звінавачванні. Вінавацілі мяне ў сямі грахах. Мая памяць захавала з іх пяць (копія загаду загінула пад час пажару ў Смаленску ў 1941 годзе).
Першае і найцяжэйшае звінавачванне, што ў сваіх лекцыях я быццам выступаў за незалежнасць Украіны ды, за ейны выхад з СССР. Параграф другі казаў, што я быў сувязным паміж беларускімі і ўкраінскімі нацыяналістамі. Далей мяне вінавацілі ў тым, што свае артыкулы пра нацыяналістычныя пазіцыі Грушэўскага і Слабчанкі я напісаў з гэткім разлікам, каб заміж крытыкі гэтых пазіцыяў іх прапагандаваць ды пашыраць іхнія ідэі. 4-е і 5-е звінавачванні закідалі мне, што ў сваіх лекцыях праслаўляў Багдана Хмяльніцкага ды будаваў свае выклады паводле схемы М. Пакроўскага.
Гэта ўсё была чыстая мана. Пачну з М. Пакроўскага. Пагляды гэтага савецкага гісторыка — зацятага і часта дасціпнага крытыка расейскае “буржуазнае гістарыяграфіі” — тады крытыкаваліся як “не ленінскія”. Пра гэта я знаў і на яго не паклікаўся. Дарэчы, суладнае схемы працэсу расейскае гісторыі Пакроўскі ў сваіх працах не вырабіў — пра гэта я меў нагоду пісаць у артыкуле “Перыядызацыя расейскае гісторыі”, надрукаваным у зборніку Rewriting Russian History (Нью-Йорк, 1956).
Украінскія гетманы ў савецкай гістарыяграфіі тады не былі папулярныя, і я рэдка ўспамінаў іхнія імёны. Толькі іранічна, што якраз Багдан Хмяльніцкі за гадоў колькі стаў улюбёным героем савецкіх гісторыкаў і “даслужыўся” да таго, што ягоным імем быў названы савецкі ордэн за вайсковыя заслугі.
Што да прапагандавання ідэяў Грушэўскага ды Слабчанкі, магу толькі сказаць, што я вельмі хацеў бы верыць, што савецкія дзейнікі сапраўды гэтак думаюць ды што ў іхніх словах ёсць доля праўды. Гэтыя артыкулы — балонка з гісторыі “запалоненае” савецкае навукі, калі адмова іх напісаць блізу немінуча азначала арышт, муку ды ссылку ў лагеры, з якіх на волю вярнуўся адзін з дзесяці сасланых.
Ніякім сувязным між беларускімі і ўкраінскімі нацыяналістамі я, пэўна ж, не быў, ніякіх даручэнняў ад адных да другіх не браў і ніякае інфармацыі не перадаваў. Мае адведзіны Менска мелі на мэце толькі жаданне не зусім адарвацца ад беларускага руху. Пра гэтыя паездкі я блізу нікому не гаварыў. Тэрмін “сувязны” мог бы з нацяжкай быць ужыты толькі да маіх, вельмі нялічных, артыкулаў у ўкраінскіх і беларускіх часопісах пра тыя ці іншыя праблемы беларускай ці ўкраінскай культуры. Ды, пэўна ж, звінавачванне мела на ўвазе не гэтыя спробы культурнае інфармацыі. Звінавачванне ў прапагандзе незалежнасці Украіны і разрыву яе з Савецкім Саюзам, пэўна ж, было самым цяжкім ды самым небяспечным — яно аўтаматычна ставіла мяне ў катэгорыю “ворага народа”. Яно таксама было беспадстаўнае. У ўмовах таго часу на Украіне прапаганда ўкраінскае незалежнасці немінуча азначала б арышт і, як тады казалі, “ліквідацыю” таго, хто гэткую ідэю выказвае. Я не мог гэтага рабіць проста з нежадання перадчасна загінуць. Як беларус, я ўважаў, што Украіна мае права на незалежнасць. Але, ясная рэч, публічна гэтую думку я не выказваў нават у гутарках з прыяцелямі.
Мушу прызнаць, што калі ход пра мае друкаваныя працы, звінавачанне гэтае мела часткова рацыю. Артыкул пра “Навуку гісторыі ўкраінскага дзяржаўнага права”, прымаючы канцэпцыю М. Грушэўскага, выразна стаіць на пазіцыі адрознага ўкраінскага гістарычнага працэсу. У сваіх працах пра генеральную раду і раду старшыні на Украіне 17—18 стст., я прыраўноўваў гэтыя інстытуцыі з аналагічнымі ўстановамі іншых еўрапейскіх дзяржаваў, улучаючы расейскую. Гэтым падчырквалася іхная незалежнасць ад расейскіх дзяржаўных інстытуцыяў ды раўнапраўнасць з імі. Але мае працы не былі ведамыя па-за вузкім колам гісторыкаў і гісторыкаў права, і звінавачванне выразна мела на ўвазе не іх.
Пры канцы загаду было зазначана, што мне даецца тры дні на звальненне памяшкання. У маёй “трудовой книжке” было зазначана, што “копія загаду пра звальненне выдадзена прафесару Акіншэвічу на рукі”. Гутарка з рэктарам кончылася запрашэннем мяне прыйсці вечарам на агульны інстытуцкі сход, дзе будзе абмяркоўвацца справа майго “пранікнення” ў інстытут. Я адмовіўся, і рэктар сказаў, што ён мяне разумее.
Было ясна, што гэта была помста ГПУ за маю адмову супрацоўніцтва з імі. Для гэтае помсты яны выбралі час, калі яна мела ўдарыць мяне найбольш балюча: зразу ж пасля ліквідацыі кіеўскага памяшкання і пераезду сям'і да Нежына. Гісторыя з “званком Дэмчэнкі” была, пэўне ж, выдуманая з мэтаю трымаць мяне ў сферы нагляду ГПУ Украінскае ССР.
З цяжкім сэрцам выйшаў я з кабінета рэктара. Ягоны загад азначаў залом усіх маіх планаў і надзеяў. Ды канец навуковае кар'еры не быў самой цяжкой кансеквэнцыяй загаду. У ўмовах сталінскага тэрору 1930-х гадоў навуковая праца ў галіне сацыяльных навукаў губляла сваю цікавасць і ставалася непрыемнасцю.
Зважаючы на маю характарыстыку ў загадзе як контррэвалюцыянера, далёка страшнейшаю была справа немагчымасці знайсці хоць якую працу. Было страшна, у ўмовах цяжкога жыллёвага крызісу, апынуцца на вуліцы без прытулку. Прыгнятала таксама поўная немагчымасць запярэчыць паклёп. Мая бедная жонка, якая толькі канчала распакоўваць нашыя рэчы, была прыбітая неспадзяванаю бядой, але трымалася мужна, разумеючы, што ніякага ратунку быць не можа.
У той самы дзень мы мелі двух наведвальнікаў. Адзін быў не хто іншы, як сакратар інстытуцкага камсамолу. Быў гэта студэнт па прозвішчы Чайка — вельмі здольны юнак, які выразна быў зацікаўлены маімі лекцыямі. З слязьмі ў вачох ён казаў, што мае выступіць на сходзе гэтага дня супроць мяне ад імя камсамолу. Ён знае, што ў закідах мне няма ані слова праўды, але ён змушаны падтрымліваць гэтыя закіды. Прасіў зразумець ягонае палажэнне ды выбачыць яму. Я, зразумела, гэта і зрабіў.
Другім наведвальнікам быў Мікола Няонавіч Пятроўскі, які прыйшоў да нас вечарам пасля сходу калектыву. Ён расказаў, што прысутныя на сходзе востра засуджалі, як тады практыкавалася, адміністрацыю інстытута і, “у парадку самакрытыкі”, самых сябе за недастатковую пільнасць, дзеля чаго ў інстытут змог пралезці гэткі небяспечны варожы “элемент”, якім быў я.
Гэта быў цяжкі час у нашым жыцці. За два дні мы спакавалі рэчы, знайшлі возніка, які перавёз іх да чыгуначнае станцыі, і стуль паслалі да Кіева. Нам не было куды ехаць, як толькі да мае маці. Але ейны пакой быў невялікі, і мы маглі ўзяць з сабой толькі найбольш неабходныя рэчы. Скрыні з маёй бібліятэкай і архівам пазволіла нам паставіць у ейнай адрыні цётка мае жонкі. Рэшту рэчаў — валізы з вопраткай і скрыні з іншымі рэчамі — мой прыяцель Макоўскі перавёз да адрыні свайго прыяцеля Дэнісэнкі. Ужо назаўтра раніцай мне паведамілі, што дзверы адрыны былі адчыненыя ды ўсе чыста рэчы, уключна з мэбляй, прапалі. Трэба сказаць, што ў умовах незвычайнае беднасці савецкага жыхарства 1930-х гадоў ды пусціні тагачасных крамаў страта ўсіх рэчаў адчувалася незвычайна балюча, ды асабліва калі мець на ўвазе, што цяпер я не меў ніякага заработку.
Я чакаў арышту як лагічнае высновы звінавачванняў. Але, пакуль быў на волі, нешта трэба было рабіць. Пры ліквідацыі майго кіеўскага памяшкання я дастаў дзве тысячы рублёў. Цяпер гэтыя грошы нам прыдаліся. Але трэба было дзеіць, пакуль яны не разышліся.
Было ясна, што як прыхільнік незалежнасці Украіны, як гэта выходзіла з запісу ў маёй працоўнай кніжцы, дастаць працу на Украіне я не мог. Як “звязковы” паміж украінскімі і беларускімі нацыяналістамі, не мог я спадзявацца знайсці нейкі занятак на Беларусі. Да гэтага ж усе мае тамашнія знаёмыя і прыяцелі былі арыштаваныя, сасланыя ў лагеры ці расстраляныя. Адзіны шлях быў ехаць да Масквы, не зважаючы на тое, што надзея знайсці працу і там была малая. Але нічога іншага зрабіць было немагчыма.
Быў гэта хіба канец студзеня ці пачатак лютага 1934 года, калі я, пакінуўшы ў сваёй маткі жонку і сына, паехаў да Масквы. Паехаў з цяжкім сэрцам, бо надзеі знайсці там занятак былі больш як няпэўныя, але нешта трэба было рабіць.
Пошукі працы былі балючым працэсам. Усюды вымагалі ў мяне паказаць копію загаду пра маё звальненне і нязменна адмаўлялі ў працы, ці раз у вельмі непрыемнай форме. Колькі разоў я не мог прымусіць сябе ўвайсці ў памяшканне нейкае ўстановы, дзе я мог спадзявацца знайсці працу, і, пастаяўшы колькі часу на вуліцы, адыходзіў, праклінаючы сваю нерашучасць.
Час ляцеў. Мае грошы падыходзілі да канца. I ці раз з'яўлялася думка пра самагубства*.
