МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Пра тое, што ў сэрцы // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Рытар Іна, Саковіч А.
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Беларусь, ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

АЛЕКСАНДРА САКОВІЧ

Пра тое, што ў сэрцы

Я дабралася да ветлых берагоў Злучаных Штатаў Амерыкі на вайсковым транспартным караблі General R. L. Howze ў траўні 1950 г. Цуда? Для мяне — безумоўна. З маленства прагнула я пабачыць далёкія, нязнаныя краіны. Ды ніколі, нават у сваіх лепшых летуценнях, не ўяўляла, што аднойчы здолею апынуцца за акіянам, застануся тут назаўсёды, адчую сябе роўнай сярод роўных.

Першыя пяць год я прабыла ў Нью-Йорку. Адразу давялося на маленькай фабрыцы складаць для засолу ў шкляныя банкі агуркі, тады на другой — пакаваць для крамаў здобныя булкі ды торты. Ашчадзіла трохі грошай і пайшла вучыцца ў The Cambridge School of Business. Магла б узяць патрэбны мне навучальны курс у коледжы, але спачатку моцна асцерагалася хваліцца савецкім універсітэцкім дыпломам.

Праца, навука ў школе забіралі шмат часу, іншым разам стамлялі. Затое ўсё іншае навокал захапляла. Уражалі размахам, багаццем І даступнасцю для ўсіх бібліятэкі, музеі, канцэртныя залы, опера. Не менш дзівілі ў цэнтры места шматпавярховыя небаскробы, вітрыны, раскошныя магазіны, перапоўненыя рознаякімі таварамі, на вуліцах і дарогах — неперарыўная чарада хуткіх гулкіх аўтаў.

Тэй парою ў Нью-Йорку існавала ладная беларуская грамада. Мы ладзілі сустрэчы, канцэрты, святкавалі свае нацыянальныя святы. Праўда, найбольш у тыя гады спраўлялі вяселлі. Жаніліся, выходзілі замуж маладыя. Яны спяшаліся ў новым краі абзавесціся сям'ёю. Ішлі да шлюбу і старэйшыя, якія шмат адпакутавалі, страцілі свае сем'і. Я таксама пабралася з Аўгенам Каханоўскім. З ім пасяліліся ў Кліўлендзе, дзе пражылі шчасліва ўжо 31 год.

Кліўленд — вялікае індустрыяльнае места. Яно прыгарнула нас да сябе настала, бо тут склалася людная беларуская калонія, пабудавана беларуская праваслаўная царква, паўстаў беларуска-амерыканскі цэнтр —Полацак.

Наш маляўнічы Полацак мае больш за 9 гектараў лугу і лесу. На ўзгорку стаіць аднапавярховы цагляны будынак, дзе жывуць галоўныя арганізатары і нязменныя кіраўнікі гэтага прывабнага беларускага кута. Вакол дому — стромкія хвоі, зялёны луг. Адсюль уніз віецца сцежка праз луг да азёрка, да іншых грамадскіх будынкаў, да лесу. Азёрка, невялікае, чыстае, адлюстроўвае ў сабе сіняе неба, раскідзістыя магутныя клёны, белы двухпавярховы дом. Глядзіш на чароўны малюнак зверху, і здаецца ён табе казачна прыгожым.

У Полацку я часты госць. Наогул, гасцей тут заўсёды досыць: свае людзі любяць збірацца разам. Але найбольшае свята для нас усіх — дні вялікай сустрэчы, калі едуць сюды беларусы з розных штатаў Амерыкі, з Канады, лятуць з Еўропы, з Аўстраліі, з Польшчы. У тыя дні ўсе мы чуемся ўзнятымі. Цешымся пабачыць знаёмых людзей. У памяці ўсплываюць падзеі, перажытыя разам у часе вайны, звязаўшыя нас назаўсёды сяброўствам. На сустрэчы мастацкія выступы маладых, народжаных ужо ў Амерыцы, з народнымі спевамі і танцамі не толькі захапляюць, не толькі выклікаюць замілаванне да нашае багатае нацыянальнае спадчыны, але ўзмацняюць веру, што Беларусь жыве і будзе жыць.

Усё ж самае мілае для мяне тут, у Кліўлендзе, —мая ўласная сям'я, мой муж. У нас з ім поўная хатняя згода, агульныя жаданні і мары. Мы абое стараемся па меры нашых сілаў творча працаваць у галіне беларускай літаратуры і гісторыі.

Я пачала пісаць, яшчэ жывучы ў Нью-Йорку. Праф. Янка Станкевіч (рэдактар “Веды”) і др. Вітаўт Тумаш (рэдактар “Запісаў”) ахвотна друкавалі мае першыя спробы пяра. Яны па-сяброўску падбадзёрылі, падтрымалі, надалі мне патрэбнае перакананне, што я павінна працягваць пісаць.

Нярэдка чытачы пытаюцца пра некаторыя мае апавяданні і аповесці: “Гэта вы пра сябе расказалі? Гэта аўтабіяграфія?” Не. Хоць мушу зазначыць, што аўтабіяграфічны элемент да некаторай ступені знайшоў^адбітак у маіх творах. Сюжэты, у якіх б'ецца пульс і кроў рэальнага жыцця, лягчэй тварыць тады, калі сам перажыў, сам зблізку наглядаў. Свае першыя публікацыі я не падпісвала маім сапраўдным імем і прозвішчам — Іна Рытар, а псеўданімам Аляксандра Саковіч.

Я нарадзілася 14(27) снежня 1906 г. у месце Адэсе, на Украіне. Бацькі мае — беларусы. Яны абое паходзілі з мястэчка Ярэмічы, што разлеглася на левым беразе Немана, насупраць Налібоцкае пушчы. У Ярэмічах мой бацька да старое дзедавае хаты дабудаваў другую палову — дачу для нас. Да першае сусветнае вайны маці штогод на летнія школьныя канікулы ехала туды з дзецьмі. Яна не любіла паўднёвае, спякотнае Адэсы. Ёй здаваліся найлепшымі ў свеце прахалодны гушчар з хваёвага бору, росныя сенажаці і лугі, спакойныя воды рэчак і азёр. Замілаваннем да роднага кута, уласцівым ёй, яна надзяліла і нас, сваіх дзяцей, пасяліла ў нас веру, што тут, дзе карэнне нашага роду, заўжды знойдзеш гаючы душу і сэрца адпачынак.

У нашай сям'і было чатырох дзяцей. Дзве сястры і брат — пагодкі. Калі мяне ў шэсць год аддалі вучыцца ў малодшы падрыхтоўчы клас жаночае гімназіі, старэйшая сястра, Ліда, была ў гэтай жа гімназіі ўжо ў восьмым класе.

Ад ранняга дзяцінства ў Адэсе засталіся ў памяці ўрачыстыя святы. На Каляды — ялін.са да столі, удэкараваная бліскучымі цацкамі, рознакаляровымі свечкамі, цукеркамі. На Вялікдзень — прыгожа прыбраны стол. На ім — вялікая здобная пасха, пісанкі, торты, шынка, каўбасы, на блюдзе — запечанае парасё з зялёнай галінкай у роце. Паміж смачнымі рэчамі на стале — пахучыя белыя і ружовыя гіяцынты.

Тады насунулася першая сусветная вайна, за ёю — расейская рэвалюцыя, грамадзянская вайна, голад. Пакінулі навуку і бацькаў кут старэйшыя сёстры і брат. Яны пайшлі працаваць у школы-інтэрнаты, арганізаваныя для адэскіх дзяцей-беларусаў. Я адна засталася з бацькамі.

У былым, так званым “дзіцячым пакоі” з'явілася чорная бляшаная печка — “буржуйка” з трубою праз увесь пакой. Майму баньку, службоўцу на чыгунцы, пашанцавала раздабыць для “буржуйкі” крыху каменнага вугалю. На распал яго патрабаваліся трэскі, а іх тады набыць было амаль немагчыма. Вакол Адэсы — стэпы ды Чорнае мора. Лясоў няма. Час ад часу, патайкі, чыгуначнікі разбіралі на трэскі таварныя вагоны. За гэта, калі лавілі, расстрэльвалі. Рызыкуючы жыццём, прыносіў дадому гэтыя трэскі і тата.

У нашай хаце заўсёды мелася шмат кніжок. Маці любіла чытаць, не шкадавала грошай на кніжку. Навучыла і мяне з маленства любіць і шанаваць добрую кніжку. На жаль, у тыя галодныя і халодныя часы мусіла яна, калі не ставала трэсак, ахвяроўваць якуюсь кніжку на распал.

Цікава, што частыя змены ўладаў, чужаземныя войскі на вуліцах места, страляніна сярод ночы, выбухі бомбаў, вобыскі па хатах, арышты і нават голад — усё ўспрымалася тады мною як штосьці непазбежнае. Сваіх школьных сяброў, Адэсу, Чорнае мора я моцна любіла.

Улетку 1921 г. старэйшая сястра з групаю адэскіх беларусаў наехала на працу ў Менск. У тым жа годзе, позна ўвосені, з галоднае Адэсы яна забрала мяне да сябе.

Менск спаткаў мяне холадам. Белымі, заснежанымі стаялі дрэвы, дамы, вуліцы. Нязвыклы для мяне мароз не вельмі прыемна шчыпаў шчокі і вушы. Пальцы на руках і нагах хутка дубянелі. Нават у сястры мне спачатку здалося няўтульна. Сумавала па бацьках. Аднак. такі настрой трываў коратка, бо мне пашчасціла трапіць у асяроддзе выдатных беларусаў.

Сястра працавала інспектарам дзіцячых прытулкаў. У адным з іх мела пакой. Праз сад ад нашага дому мясціўся дзіцячы садок, дзе загадчыцай была добрая, заўсёды ласкавая цётка Уладзя, жонка Янкі Купалы. Купалы жылі тады пры садку. Там жа меў сабе пакой і Змітрок Бядуля.

У тую пару блізкай сяброўкай мае сястры была Юлія Бібіла, будучы вядомы беларускі бібліёграф. Светлы вобраз гэтае маладое сардэчнае жанчыны застаўся са мною назаўсёды. Калі я пайшла вучыцца, яна шмат дапамагала мне з беларускаю моваю, якую, трэба прызнацца, я не зусім добра ведала. Дапамагала і іншым.

Памятаю, праф. Аляксандр Савіч, выкладчык гісторыі ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, даручыў мне зрабіць рэферат аб творчасці расейскага пісьменніка-філосафа XVIII стагоддзя А. М. Радзішчава. Я старанна перачытала ў бібліятэцы масу матэрыялу, масу перапісала і разгубілася: не ведала, з чаго пачынаць, чым скончыць. У момант мае роспачы з рэфератам зайшла да нас Ю. Бібіла. Яна не пашкадавала свайго часу, засталася са мною на добрую гадзіну, перагледзела мае выпіскі, параіла, што найбольш трэба падкрэсліць, што абмінуць, якое зрабіць заканчэнне. Дзякуючы ёй рэферат меў надзвычайны поспех. Мой тагачасны аднакурснік па тэхнікуму шаснаццацігадовы імпульсіўны Андрэй Александровіч, будучы “вядучы пралетарскі паэт”, пасля рэферату прапанаваў ушанаваць памяць Радзішчава ўставаннем і хвілінаю маўчання. “Нібы на жалобным мітынгу”,— падумала я і глянула на прафесара. У ягоных вачах прамільгнула усмешка, але ён падняўся з крэсла, а за ім і ўсе студэнты.

Аднойчы Ю. Бібіла расказала мне пра Кастуся Каліноўскага, крэўнага ёй па маці, пра ягонае змаганне супраць Масквы. Мужная постаць К. Каліноўскага моцна зацікавіла мяне, абудзіла гордасць звацца беларускай, жаданне аддаць свае сілы і здольнасці для Бацькаўшчыны. Як? Набыць веды з гісторыі Беларусі, напісаць гістарычны раман пра К. Каліноўскага і ягоных сяброў-паплечнікаў. Юнацкія мроі збыліся не цалкам. Ва універсітэце я студыявала гісторыю, а вось раман напісаць не змагла.

Мая альма-матэр — Беларускі дзяржаўны універсітэт, дзе я правучылася 4 гады, зрабіў вялізны ўплыў на мой светапогляд, пакінуў найдаражэйшыя ўспаміны. Там я спаткалася і пасябравала з “Раднёю” — так жартам празвалі сябе сведамыя беларусы-студэнты. У сваім асяроддзі “Радня” не баялася выказваць асабістыя пагляды ў палітычных пытаннях, не хавалася з нацыянальнымі марамі і імкненнямі. Сярод “Радні” была не толькі моладзь, але і старэйшыя гадамі “дзядзькі” — ветэраны першай сусветнай ці грамадзянскай вайны, а часта і ўдзельнікі руху за незалежнасць Беларусь Не з свае волі яны згубілі гады навук і прыйшлі давучвацца. Амаль усе яны, каб мець мажлівасць вучыцца ва універсітэце, мусілі працаваць, бо мелі ўжо сем'і, якія ім трэба было ўтрымліваць.

“Радню” можна было знайсці на ўсіх факультэтах БДУ, але найбольш яе было на сацыяльна-гістарычным аддзяленні педфака. На гэтым аддзяленні лекцыі чыталі высокакваліфікаваныя, вядомыя навукоўцы. Кожны студэнт-гісторык, які студыяваў у БДУ ў дваццатыя гады, можа з гонарам адзначыць, што ён быў вучнем праф. Мітрафана Доўнар-Запольскага, праф. Усевалада Ігнатоўскага, праф. Уладзіміра Пічэты. Неабходна далучыць да гэтых слаўных імёнаў і маладога таленавітага праф. Васіля Дружчыца, які распачаў сваю навуковую кар'еру ў нашым універсітэце дацэнтам. “Радня” любіла працаваць у галіне беларускай гісторыі на семінарах праф. В. Дружчыца, любіла самога маладога навукоўца. Яна часта запрашала яго сфатаграфавацца ррзам на памяць. Адно з такіх фотаў якімсь цудам збераглося ў мяне, не згубілася ў працягу майго складанага, нялёгкага вандравання па свеце. На ім маю сяброўку Броню Паўлоўскую і мяне, як малодшых з “Радні”, пасадзілі ў цэнтры, побач прафесара.

У другой палове дваццатых гадоў сітуацыя на гістарычным аддзяленні педфака пачала мяняцца ў неспрыяльны для незалежнае беларускае навукі бок. У 1926 годзе ўлады загадалі праф. М. Доўнар-Запольскаму пакінуць Менск і Беларусь. Не шанцавала і студэнтам. Прыкладам, мне, якая ніколі не была ні камсамолкай, ні партыйнай, пасля заканчэння універсітэта прапанавалі выкладаць не грамадазнаўства (так тады зваўся курс гісторыі ў школах), а мову і літаратуру, на што я мусіла згадзіцца. Наогул, ад канца дваццатых гадоў на гістарычнае аддзяленне дапускаліся пераважна партыйцы ці камсамольцы. “Радня” там знікла.

Я ўжо працавала выкладчыцай на рабфаку пры БДУ, калі надышоў пакутлівы 1930 год, з за ім нешчаслівая дэкада, адна з самых трагічных у летапісу нашае нацыі. Тады брутальна была знішчана вялікая колькасць беларускіх навукоўцаў, пісьменнікаў, паэтаў, грамадскіх дзеячаў. Сярод беларускае грамады панавала пачуццё няпэўнасці ў заўтрашнім дні. Арыштоўваўся не толькі той, хто аднойчы знаходзіўся ў апазіцыі да камунізму ці да камуністычнай улады, але кожны, хто ўважаўся ў стане выявіць супраціў. Тых, каго пакінулі на волі, прымушалі выступаць з пакаяннымі лістамі, з асудам свае папярэдняе нацыянальнае дзейнасці, з паклёпамі на блізкіх сяброў. Відаць, пад прымусам Змітрок Бядуля напісаў раман “Язэп Крушынскі”. Заўсёды разважлівы, заўсёды ветлівы да людзей, З. Бядуля ў гэтым рамане фальшыва зганіў амаль усіх выдатных беларусаў, надзяліў іх адмоўнымі рысамі. Не ашчадзіў, найбольш ад усіх абразіў свайго сябра Я. Купалу, ягоную жонку, ягоных сваякоў. Ці дараваў яму Я. Купала? Казалі, што дараваў, толькі не хутка. Сам Я. Купала не згадзіўся адразу “сябе таптаць”, зрабіў харакіры. Праф. Ігнатоўскі застрэліўся.

Усё, што адбывалася, не толькі ўражала, але і раніла. Для мяне, асабіста, Менск апусцеў. Дамы стаялі на старых месцах, людзі хадзілі па вуліцах, ды сярод іх амаль не засталося нікога з універсітэцкай “Радні”, нікога з крэўных. Міхайлу Грамыку, майго швагра, асудзілі на ссылку. Сястра з дзецьмі паехала за ім.

Улетку 1930 года я выйшла замуж. Мой муж, Дамінік, як і я, нарадзіўся ў Адэсе. Як і я, прыехаў у Менск у 1921 годзе. Мы абое любілі спорт, спартовыя гульні. На гэтым грунце пасябравалі. Паходзіў ён з польскае сям'і, быў унукам паўстанца 1863—1864 гадоў, сынам прафесійнага рэвалюцыянера-партыйца ад 1905 года, сам камсамолец. Беларускае нацыянальнае пытанне яго мала кранала. Часта, дзе я асуджала палітыку савецкае ўлады, ён шукаў ёй апраўдання. Увогуле, яго найбольш цікавіла не палітыка, а фізіка, космас, тэхнічныя навукі. Ён скончыў тэхнічны інстытут у Маскве. Там застаўся працаваць інжынерам-канструктарам у навукова-даследчым інстытуце. Я не супярэчыла, паехала да яго. Менск без маіх крэўных, без маіх сяброў больш мяне не вабіў.

У Маскве я жыла адно сям'ёй. Гадуючы дзяцей, пазнала не толькі ўцеху, але і матчына гора, калі памёр наш пяршынец — сын Леанард.

Міналі гады. Клопаты і радасці нашае маладое сям'і, навуковыя поспехі мужа паступова пачалі засланяць перажытыя ў трыццатым годзе страхі. Я нават пачала спадзявацца, што ў Савецкім Саюзе можна быць хаця б у сям'і шчаслівай. Горка памылілася. Нахлынула яжоўшчына і захліснула сваёй безашчаднай хваляю нас. Мужа арыштавалі, пасадзілі ў Таганскую турму, збілі да непрытомнасці, абвінавацілі ў “контррэвалюцыйнай дзейнасці”, вывезлі ў канцэнтрацыйны лагер на Калыму. Чула, што праз некалькі гадоў беззаконнага зняволення яго рэабілітавалі. Мажліва, і цяпер ён знайшоў апраўданне здзеку над сабою. Я — не.

Без мужа ў Маскве я адчула сябе адзінокай, безабароннай. На маіх руках засталася двухгадовая дачка Іна. Пагроза, што мяне таксама могуць арыштаваць, а дачку забраць у дзіцячы прытулак, кроіла душу і розум. Тады, у момант роспачы, нарадзілася няўтольнае жаданне пры першай нагодзе вярнуцца назад на Беларусь, вярнуцца ў Ярэмічы, да дарагіх з маленства мясцінаў. Нагода прыйшла ў часе другой сусветнай вайны.

Быў месяц студзень, калі я, трымаючы за руку сваю малую Іну, пераступіла браму роднага кута. Пасля першае сусветнае вайны Ярэмічы засталіся на польскім баку, зрабіліся для нас недасягальнымі. Toe, што я змагла вярнуцца сюды разам з сваім дзіцем, бязмерна цешыла. Пачуццё не толькі радасці, a i гордасці захлынала. Так, гордасці. I ўсё цяжкое, што выпала на маю долю ў апошнія гады, неяк палегчыла, нібы адышло.

Было радасна ізноў спаткацца з сваякамі. Цешыла мажлівасць ісці працаваць у школу-сямігодку, не марнаваць дарма часу.

Пражылі мы з дачкою там амаль цэлы год. I сёння перад вачыма зіхаціць у сонцы празрыстая вада Нёмана. Іна з сяброўкаю цягаюць каменьчыкі з мелкага дна, будуюць штось на беразе. Сіняе неба, сачыстая зеляніна поплаву. У мястэчку няма ні немцаў, ні паліцыі, пі партызанаў. Спакой навокала, спакой на душы.

На нашу бяду, у канцы 1942 года Ярэмічы, маючы ў блізкім суседстве Налібоцкую пушчу, апынуліся ў партызанскім раёне. Людзі пачалі пакідаць мястэчка. Падалася і я з дачкою далей ад небяспекі ў Наваградак. Уладзілася працаваць у Наваградскай настаўніцкай семінарыі.

Ярэмічы ў тым часе гарэлі тры разы: адзін раз іх палілі немцы, два разы — партызаны. За трэцім разам спалілі і маю хату. Вярнуліся пасля велікодных канікулаў семінарысты з суседняга мястэчка Турэц з навіною: “Спадарыня настаўніца! У Лазараву сыботу ваш “палац” спалілі партызаны”. Студэнты, схільныя да жартаў, заўсёды маю хату называлі “палацам”. Але для мяне гэтая вестка прынесла глыбокі боль.

Параскідаў лёс нашу сям'ю па свеце. Бацькі памерлі далёка ад Ярэмічаў. Далёка ад іх засталіся на жыццё сем'і сясцёр і брата. Мая дачка памерла ў Нямеччыне. Я жыву ў Амерыцы. I няма ў нас цяпер месца на зямлі, якое завецца бацькавым гняздом*.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by