МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

“Жыве яшчэ душа ў народзе гэтым...” // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Інтэрв'ю
Краiна: Беларусь, ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

“Жыве яшчэ душа ў народзе гэтым...”

Інтэрв'ю карэспандэнта газеты “Беларусь з паэтам Міхасём Ковылём (Язэпам Лешчанкам)

Пытанне:— Ад чаго (каго) пачала ў Вас цяга да літаратурнай творчасці? У якім тады асяроддзі Вы жылі?

Адказ: Я ў вершы “Паэт” пісаў:

Буду йсці ад сябе, як заўжды,

і прыпынкі

Рабіцьму над тым, што натхніць

і закратае.

Мне і цяпер думаецца, што паэт мусіць ісці толькі ад сябе, рабіць “прыпынкі” (пісаць) ці не, залежыць ад паэта, а не ад “прыпынкаў”. Але адначасна нельга адмаўляць уздзеяння і быцця на сведамасць творцы. Не адмаўляе гэтага і паэтка Наталля Арсеннева ў сваім інтэрв'ю (“Беларус”, № 314). А расейскі савецкі паэт і бард Булат Акуджава добра сказаў, і так добра, што адразу па-беларуску можна чытаць:

Хто што чуе, тое й піша,

Кожны чуе, як ён дыша,

Як ён дыша, так і піша...

Вось жа перад тым, як пачаць пісаць вершы, я шмат “надыхаўся” паэзіі Язэпа Пушчы, Уладзіміра Дубоўкі, Валерыя Маракова, Паўлюка Труса, Якуба Коласа. Парадокс, але Янкі Купалы я тады не чытаў, хоць у маёй творчасці шмат ад Купалы: грамадзянская тэматыка з патрыятычнымі матывамі.

Першы верш, памятаю, пісаў, лежачы пад ялінай і любуючыся сінім полымем лёну на нашай, яшчэ не калгаснай, палосцы зямлі, што межавала з лясной палянкай, дзе вялікая чарада авечак пасвілася пад маім наглядам. Было гэта ў 1928 годзе. Ніводнага радка з таго верша “Лён” я не памятаю, толькі два словы: “сіняе полымя”.

Фальклору таксама надыхаўся на поўныя грудзі, бо ж ні вячоркі, што адбываліся часта і ў нашай хаце, ні вяселлі, ні нарадзіны, на якіх даводзілася бываць, не адбываліся без народнай песні. А на начлегах шмат наслухаўся казак.

Маё сямейнае асяроддзе ў часе першых спробаў пяра — маці, чатыры сястры. Маці непісьменная, набожная, лагодная жанчына, сёстры малапісьменныя, таксама веруючыя, Сёстры мелі добрыя галасы, любілі спяваць. Часамі і маці падпявала ім. Бацькі не памятаю, Маці казала, што быў ён вельмі смелы, граў на гармошку. Пайшоў на вайну, і, як пісаў ягоны сябра, яго разарвала снарадам. Ад бацькі ў мяне, бадай, спадчыннае жаданне граць. А вось ад каго жаданне маляваць і пісаць, не ведаю. Ад маці? Ад яе ў мяне — шчырасць і смеласць казаць праўду ў вочы. А вось вышыні баюся. Не ў бацьку ўдаўся. Можа, таму ў вольнай Амерыцы не дакарапкаўся да мільянера, а толькі да тысячніка. Затое пазбавіўся спадарожніка савецкага раба — страху.

П. — Раскажыце пра свае заняткі ў школе, асабліва пра лекцыі мовы і літаратуры.

А. — У нашай вёсцы Покаршаве дырэктарам пачатковае школы і настаўнікам мовы быў добра адукаваны, шчыры беларус Павел Барысевіч. Мову беларускую ён ведаў дасканальна і стараўся ўсякімі спосабамі прышчапіць веды і любасць да роднага слова. Карыстаўся ён для гэтага нават забароненым метадам фізічнага ўздзейвання: за невывучэнне “ўроку” біў лінейкаю па руцэ t ставіў у куток на калені. Мне, праўда, ні разу не давялося перажыць гэтага паніжэння, бо я, не хвалюся, вельмі любіў вучыцца.

Барысевіч меў багатую бібліятэку, даваў мне чытаць кніжкі маладнякоўцаў, узвышэнцаў, а таксама Якуба Коласа, Лермантава, Эптана Сінклера. На вокладцы твораў Сінклера быў партрэт пісьменніка. Чамусьці мне захацелася яго перамаляваць. I зрабіў гэта, паказаў настаўніку. Той вельмі хваліў і раіў развіваць гэты талент. Але мастацтва я занядбаў, бо нахлынула стыхія вершавання.

У 1925 годзе, скончыўшы пачатковую школу, я пайшоў у Грозаўскую, а пасля — у бліжэйшую да дому Грэскую сямігодку. Прозвішчы некаторых настаўнікаў памятаю — Шарупіча, дырэхтара і выкладчыка грамадазнаўства; Шарэку, выкладчыка фізікі,— але хто выкладаў мову і літаратуру — забі, не прыгадваю.

У 1930 годзе я залічыўся ў менскі Белпедтэхнікум. Тут ужо мне памяць не здраджвае: мову выкладаў брат Язэпа Лёсіка Антон. Добры быў настаўнік, але непатрабавальны. Студэнты на ягоных лекцыях шумелі, не было дысцыпліны.

Вельмі добрая была ў нас выкладчыца літаратуры — Алеся Александрович, сястра паэта Андрэя Александровіча. Яна чаравала і сваёй прыгажосцяй, і пявучым задушэўным голасам.

Прыпамінаю прозвішча Замбжыцкага, але што ён выкладаў, не прыгадваю.

Запамятаўся кампазітар Тэраўскі, як кіраўнік хору, у якім я спяваў тэнарам.

Дырэктарам Белпедтэхнікума тады быў перабежчык з Польшчы, камуніст Южык.

Пачатак 1930-х гадоў быў часам пагрому “нацдэмаў”, выкідання са школаў, арыштаў. Гэтак за часам Южыкавага дырэктарства былі выключаныя з тэхнікума на пастанову агульнага студэнцкага сходу: Уладзімір Сядура, Сяргей Астрэйка, Францішак Гінтаўт, Сяргей Русаковіч, Уладзімір Гуцька, Сяргей Гайка. Я адхапіў “суровую вымову з папярэджаннем”.

П. — За што?

А. — А вось за што. У 1932 годзе нас, студэнтаў, паслалі ў саўгас Сляпянка, што знаходзіўся за Камароўкаю, недалёка ад Менска, на гэтак званы “прярыў”: збіраць бульбу, што замярзала на полі. Мы мусілі голымі рукамі выграбаць яе з мерзлае зямлі. Гэтаю нішчымнай падмерзлаю бульбай нас і кармілі. Я і яшчэ колькі студэнтаў не вытрымалі ды ўцяклі дадому. За гэта на агульным студэнцкім сходзе нам і дасталося: некаторых дэзерціраў павыключалі з тэхнікума, а мне далі строгую вымову з папярэджаннем. Ідэалагічна я тады яшчэ быў вытрыманы: перадавы савецкі юнак бядняцкага паходжання.

Вучыўся я ў педтэхнікуме на пазашкольным аддзяленні, на якім рыхтавалі палітычна-грамадскіх дзеячаў. Але і да мяне, савецкага “двараніна”, прыйшоў з часам бунт, як да тых расейскіх сынкоў-дваранкаў — дзекабрыстаў. У паэме “Непакорныя” я пішу пра гэты бунт:

За тры дні вярнуўся на заняткі —

Атрымаў і ў хвост і ў грыву.

Недарма усё ж падмазаў пяткі:

Больш не пасылалі на прарывы.

 

Толькі ў асабістай справе чорным

Ды па белым мне звілі вяроўку:

“Сімулянт, шматдумны, непакорны”.

Выпісалі ў ГПУ пуцёўку...

Пачала мая справа абрастаць і іншымі “грахамі”. Аднаго разу пры Васілю Туміловічу, які, як я пасля даведаўся, быў сексотам, на пытанне аднае дзяўчыны — таксама, напэўна, недалёкай ад Туміловіча,— чаму я падпісваюся пад вершамі Язэп Маёвы, а не сваім прозвішчам, я ляпнуў: “Таму, што не жадаю целяпацца на вісельні, як прыйдуць палякі”. Выходзіла, што я не верыў у сілу “непераможнай”, якая трымала “граніцу на замку”. “Абразіў” я таксама Чырвоную Армію, калі, падаўшы заяву ў Беларускую вайсковую школу (БВШ) і здаўшы экзамены, адмовіўся пасля ісці ў яе. Выпісаў я сабе і яшчэ адну “пуцёўку ў ГПУ”, калі напісаў верш “Беспрытульны”, якога не прынялі ў “Маладняку”, хоць я лічыўся сябрам гэтае арганізацыі. Усё гэта напэўна было ведама таму, каму трэба было усё ведаць — ГПУ.

Аднаго дня ў Белпедтэхнікум завітала следчая гэтае страшное ўстановы Надзежда Навіцкая і, выклікаўшы мяне з класа, павяла на допыты ў ГПУ, што было размешчана на рагу Савецкай і Урыцкага вуліцаў.

Дапытваў мяне нейкі Браткоўскі: калі прыехаў у Менск, дзе жывеш, хто твае сябры, як вучышся, ці бярэш удзел у грамадскай працы, хто твае бацькі, ці меў якія спагнанні і г. д. А пасля раптам: “Чаму ўцяклі з працы ў Сляпянцы? Хто тады ўцёк і дзе цяпер дэзерціры?”

Я расказаў, як усё адбылося, бо было ясна, што следчы чытаў пратакол студэнцкага сходу, на якім гэтая справа разглядалася. Толькі на ягонае пытанне пра дэзерціраў я сказаў, што не ведаю, дзе знаходзяцца Сядура, Гуцька ды іншыя. А я ведаў, што амаль усе яны ўладзіліся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Браткоўскі мне сказаў: “Калі не ведаеш, дык даведайся і паведамі нам”.

Я падпісаў паперу аб “неразгалошванні таямніцы”, і мяне выпусцілі. Свой настрой пасля допыту я перадаў у паэме “Непакорныя”:

З ГПУ Алесь выйшаў, як з трупярні,

Дзе ўбачыў свой собскі труп.

Калаціліся на слупох ліхтарні,

Зуб не трапляў на зуб.

 

Можа, ад марозу? Быў сцюдзёны люты.

Не, гэта ад страху. Што там ні кажы,

Будзь ты канквістадар, бранёю акуты,

Як бяду пабачыш, сэрца задрыжыць.

 

А бяду Лучына вельмі добра бачыў:

“У ГПУ не водзяць, абы толькі так.

Правакатар трэба ім з душой сабачай,

Хто гатоў прадаць і маці за пятак.

 

Калі ты ідэйна вытрыманы гіцаль,

3 часам, пэўна, будуць грудзі ў ардэнох.

А які, скажэце, будзе з цябе рыцар,

Калі ўжо “вымова” ходзіць па слядох?”

 

I ішоў Лучына, сам сабе не рады:

ЦІ ж такім ён высніў шлях свой у жыцці?

Hi сказаць нікому, ні спытаць парады.

Як жа тую бездань абысці?

 

“Падпісаў паперу, памагаць згадзіўся

Антыбальшавіцкі разматаць клубок...

Радуйся, прадажнік. Сука, ганарыся.

Каін, будзь гатовы шаснуць вілы ў бок.

 

Сам сябе ўратуеш, а сяброў загубіш.

Што табе Нарэйка, Лойка, Рудзька? Што?.,”

3 бервяна аскепкі ў камунізму зрубе...

Пранізаў Алеся ліхаманкі ток.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Вялікі свет, прастор шырокі,

Але нікуды не ўцячэш

Ад усёбачанага вока,

Ад усёчуючых вушэй.

 

I мне стаць вокам тым і вухам...

. . . . . . . . . . . . . . . . . .

Хваробу ў бок!.. Забойцаў слухаць?

Я не прадажная брыда.

 

Валею жыць з душой паэта,

Малітвы сэрца галасіць,

А не касою прайдзісвета

Галовы “ворагаў” касіць.

Дапытвалі мяне ў кастрычніку 1932 года. Адразу ж на допыце праз свайго сябра Сяргея Русаковіча я склікаў Сядуру, Астрэйку, Гайку, Гінтаўта, Лойку. Сабраліся мы ў нейкіх кусціках за будынкам, і я ім сказаў: “Мяне толькі што цягалі ў ГПУ і пыталіся пра вас, дзе вы знаходзіцеся...” Гэта выклікала перапалох. Сядура прапанаваў уцякаць у Польшчу. Астрэйка ж даводзіў, што ўцякаць туды нельга, бо Польшча мае з Масквою ўмову аб выдачы перабежчыкаў. Што тады больш гаварылася, я не памятаю, але мне было ясна, што я падпісаў сабе прысуд, што ГПУ пра ўсё гэта даведаецца, бо, калі мы ішлі назад па калідоры, я заўважыў у куце Васіля Туміловіча...

На заняткі я далей хадзіў, але нічога ў галаву не лезла. Надыходзіў дзень Чырвонай Арміі, 23 лютага. Каб крыху адчапіцца ад страшных думак, я запісаўся ў драмгурток. Рыхтавалі п'есу “Граніца на замку”. Я меў ролю нейкага пагранічніка, страляў па кантрабандыстах, а мне здавалася, што гэта мяне расстрэльваюць... Па спектаклі я граў нешта на скрыпцы, а пасля пачаліся танцы. Гралі вальс “На сопках Манчжурыі”. Я танцаваў з Бірутай Дакальскай. Яна вучылася раней у педтэхнікуме, а пасля, калі арыштавалі ейную маці, перайшла ў музычны тэхнікум. Яна мне падабалася, мабыць — і я ей. У часе танца нехта пакратаў мяне за плячо. Азірнуўся — незнаемы чалавек сярэдняга веку, апрануты ў хромавую тужурку: “Апраніся, пойдзем на хвілінку на двор...” Гэтая “хвілінка” расцягнулася на тры страшныя гады.

П. — Што ж Вам ставілі ў віну?

А. — Вінавацілі ў належнасці да Саюза вызвалення Беларусі (СВБ). А за які месяц выклікалі і выставілі новае абвінавачанне: рыхтаванне збройнага паўстання.

Як ведама, аднак, ніякага Саюза вызвалення Беларусі не было, ніякага паўстання не рыхтавалася. Рэжысёры гэтае трагікамедыі аб гэтым добра ведалі. Якое магло быць збройнае паўстанне з адной іржавай паляўнічай стрэльбай, якую знайшлі пры арышце ў аднаго “нацдэма”, у якога не было на тую стрэльбу дазволу? Гэты абсурд чэкісты хутка зразумелі і абвінавачанне ў паўстанні знялі. Але ўсялякімі спосабамі дамагаліся прызнання ў належнасці да СВБ. Не ведаю, як каго, але мяне на допытах давялі да таго, што маці родная, калі прыйшла пехатою за дзвесце кіламетраў на пабачанне, на якое “разрешили” пасля вынясення прысуду, не пазнала мяне.

Кулакамі мяне не білі, але вымарылі пагрозаю расстрэлу, голадам ды карцэрам.

Аднаго разу ў часе допыту следчая Навіцкая паклала перада мною паштоўку, на якой быў намаляванй герб Беларускае Народнае Рэспублікі. Я ўпершыню бачыў гэты герб, чытаў словы: “Беларуская Народная Рэспубліка”. Што гэта магло значыць, я не ведаў, але ў мяне вырвалася: “Прыгожа выглядае”. За гэтае “прыгожа выглядае” я апынуўся ў карцэры.

Допыты трывалі якіх пяць месяцаў. Як тая сава Навіцкая цягала мяне на допыты ўначы. Пасля таго як мяне пасадзілі зноў у карцэр ды пагразілі, што расстраляюць (Навіцкая махала мне пад носам паперкай і пішчэла: “Вось твой сябра (не называю ягонага прозвішча) прызнаўся, што завербаваў цябе ў арганізацыю), я пастанавіў не мучыцца далей, а пакончыць з сабой. Аскепкам шкла я перарэзаў сабе на левай руцэ вену (белы шрам гэтак і застаўся), але ў камеру ўляцеў вартавы, стукнуў мне прыкладам вінтоўкі па плячох і адразу ж вывалак на калідор. Кроў спынілі, рану зашылі ды... піхнулі назад у карцэр. Але пасля гэтага больш на допыты не клікалі. Па пэўным часе з будынка ГПУ (з камеры ў “американцы”) мяне перавялі назад у турму, дзе ўжо былі Гуцька, Астрэйка, Гінтаўт і, здаецца, Сядура.

Пару месяцаў пазней мяне выклікалі (“с вещами”) і прачыталі на калідоры прысуд: “за контррэвалюцыйную арганізацыю і агітацыю” — тры гады. Судзіла нас завочна Маскоўская калегія.

П. — Дык вучыцца больш Вам ужо не давялося?

А. — Па сканчэнні канцлагернага “універсітэта” жыць у Менску я не меў права. А ў іншыя гарады, дзе я мог жыць і дзе былі інстытуты, я не паехаў, бо не меў там нікога знаёмага, у каго можна было б затрымацца на пару тыдняў. Я паехаў у горад Варонеж, дзе жылі сваякі майго сябра з канцлагера Міці Красналуцкага. Я думаў у іх затрымацца. Праўда, з гэтага нічога не выйшла, але ў Варонежы я застаўся. Уладзіўся на машынабудаўнічым заводзе “Камінтэрн”. Вучыўся, без адрыву ад вытворчасці, далей на рабфаку пры медыцынскім інстытуце. Правучыўшыся пару месяцаў там, здаў экзамены і быў залічаны на літфак Варонежскага педінстытута (у анкеце на пытанне “Ці быў рэпрэсіяваны сам або хто з сваякоў?” да рэпрэсіі і не прызнаўся), ды правучыўся там два гады. Ведаючы пра сваю “палітычную ненадзейнасць”, адзначаную ў пашпарце сакрэтнай адзнакай, я стараўся быць савецкім чалавекам і паэтам. Пісаў я, праўда, вельмі мала, бо не меў часу. Выдрукаваў у гэным часе толькі адзін верш: да 20-годдзя Чырвонае Арміі быў выданы альманах “Непобедимая”, які адчыняўся маім вершам “Полем, полем...”.

П. — А як склалася Вашая доля ў часе вайны?

А. — Ваяваў я з немцамі на Украінскім фронце. У травені 1942 г. немцы абступілі нас пад Харкавам (трыма арміямі там камандаваў ведамы маршал Цімашэнка), і я трапіў у палон да румынаў. У палоне праседзеў больш за год. Выпусцілі мяне ў 1943 годзе, і я прыехаў у Менск.

П. — Як Вы схарактарызавалі б нямецкі перыяд?

А. — Агульную характарыстыку найлепш, можа, даць цытатай з мае паэты “Міжагнёўе”:

Пакараў нас Бог, зямліца:

На тваіх пляцох, сталіца,

Апрычнікаў Берыя Змяніла фельджандармерыя.

П. — Ці шмат Вы пісалі і друкаваліся пад нямецкай акупацыяй?

А. — У часопісе “Новы шлях” была змешчаная мая паэма “Пад небам Случчыны каханай”. На словы маіх вершаў пісалі музыку кампазітары Мікола Куліковіч і Алесь Карповіч. Культурнае, а ў тым ліку і літаратурнае жыццё ў Менску рухалася, набірала моцы. Музы не маўчалі, хоць бомбы і міны грымелі.

П. — Дзе Вы жылі ў Еўропе да прыезду ў Амерыку?

А. — К.алі Нямеччьша была занята войскамі аліянтаў*, я знаходзіўся ў г. Троене на “амерыканскай” зоне. У Троене я працаваў на авіяцыйным заводзе. Пасля жыў у ДП лагеры ў Саксоніі, у Натэрнбергу. Там завербаваўся на працу ў капальні ў Бельгіі, каля Ля-Люверу. Але за паўгода ўцёк адтуль назад у Натэрнберг. Па некаторым часе перабраўся ў беларускі лагер у Бакнанг, адкуль у 1950 г. выехаў у ЗША.

П.— Застаўся па гэтым след у Вашай творчасці?

А. — Вядома, вандроўкі так ці інакш адлюстраваліся ў маіх вершах, але не вельмі шмат.

П. — Як Вы разумееце ролю паэзіі ў жыцці паэта і жыцці народа?

А. — Сваё разуменне паэзіі я выказаў коратка ў вершы “Паэт”:

Паэзія — не табака,

малакроўным нюхаць,

Паэт не застыглая ў статыцы

мумія.

Паэзія ў сэрцы будзіць завірухі.

Паэт за стагоддзі адзін думае.

Хоць “за стагоддзі” — гіпербала, але без думання ніякае паэзіі на свет не з'явіцца.

Некаторыя літаратурныя тэарэтыкі называюць паэзіяй “прыгожыя словы ў прыгожым парадку” або гавораць пра “мастацтва для мастацтва”. Для мяне гэткая паэзія — “табака малакроўным нюхаць”. Калі не табакай, дык рэбусам лічу паэзію, якое і сам творца не разумее без камп'ютэра. Мая паэзія, хочацца думаць, будзіць у сэрцы завірухі кахання, патрыятызму, змаганыя за волю свайго народа. Вось гэтым “будзільнікам” завірухі ў сэрцы была і ёсць для мяне паэзія.

П. — У Вас ці мала вершаў, што сталіся патрыятычнымі песнямі. Прыкладам “Васмёчкі” — “Расцвіталі ў полі васількі” — ды іншыя. Якія ў Вас былі дачыненні з кампазітарамі? Апрача Куліковіча і Карповіча, хто яшчэ пісаў музыку на Вашыя вершы?

А. — У Менску ў часе ванны нехта напісаў музыку да майго верша “Мы Беларусі сваёй арляняты”.

Ужо тут, у Амерыцы, напісалі музыку на мае словы кампазітары Дзмітрый Верасаў, Ксаверы Барысавец, Эльза Зубковіч, Мікола Куліковіч. З Дзмітрам Верасавым стукаліся адзін раз ілбамі, але цяпер гузы пазажывалі, і я спяваю ў царкоўным хоры ў нашай саўт-рыверскай царкве, дзе Верасаў рэгентуе.

П. — Чым у сваёй творчасці Вы найбольш займаецеся цяпер?

А.— Хоць я ўжо ў пенсійным веку, Муза мяне не цураецца, падштурхвае, каб пісаў далей паэму “Непакорныя”. Трэ было б узяцца і за прозу, якую занядбаў. Што з гэтага выйдзе, цяжка сказаць.

П. — Якая ў Вас чытацкая сувязь з літаратурай сучаснае Беларусі?

А. — Амаль ніякая. Мой сябра паэт Янка Золак выпісвае часопіс “Полымя”, дык пару нумароў даваў пачытаць.

П. — Калі пацікавіцца водгукамі ў друку на Вашыя творы, дык дзе іх шукаць? Я ўсведамляю сабе, што гэта пытанне, можа, і не лёгкае, бо не кожны збірае бібліяграфію пра сябе, дык назавеце тое, што Вам запамяталася.

А. — Маеце рацыю, на гэтае пытанне мне цяжка адказаць. Бібліяграфіяй свае творчасці я не займаўся. Памятаю толькі, што рэцэнзію на мае вершы, пад заг. “На шляху да паэтычнага ўзвышша”, напісаў Уладзімір Сядура. Да якогась майго юбілею пісаў артыкул паэт Янка Золак. Адгукнуўся рэцэнзіяй у “Конаднях” крытык Антон Адамовіч (Р. Склют).

Пісаў я артыкулы ды рэцэнзіі: пра беларускіх савецкіх паэтаў, пра Юрку Віцьбіча, Ёсіфа Мандальштама, Андрэя Макаёнка, Кастуся Акулу, Янку Золака, Случанскага ды шмат каго іншага.

Ці мала лістоў пісаў у газету “Новое Русское Слово”, што выходзіць у Нью-Йорку, у якіх палемізаваў з “единонеделимцами”.

Прыгадваецца таксама, як на пачатку 1960-х гадоў кадэбэшнікі з “Голасу Радзімы” скадэбэшылі верш “Грэх на сэрцы цяжкі” ды падпісалі маім псеўданімам. У вершы тым я быццам бы прасіў прабачэння ў Радзімы. Я ім адказаў вершам “Правакатарам”, які перадала на Беларусь радыёстанцыя “Свабода”.

П. — Што б Вы хацелі сказаць яшчэ чытачам “Беларуса”?

А. Хачу шчыра падзякаваць тым з іх, што ахвяравалі або заняліся збіраннем ахвяраў і падпіскі на мой Збор твораў. Асабліва дзякую ініцыятарам гэтае задумы, кіраўнікам Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва. Я, прызнацца, не спадзяваўся, што маю гэтулькі прыхільнікаў свае творчасці. Як тут не ўспомніць словаў: “Жыве яшчэ душа ў народзе гэтым”.

Дык няхай жа гэтая душа і надалей застаецца замілаванай у беларускім мастацкім слове, шчырай і лагоднай, але непакорнай гвалту*.

Саўт-Рывер, ЗША. Люты, 1984 год


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by