МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Мастацтвам за мір // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Забэйда Міхась
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Беларусь, Італія, Кітай, Польшча, Расія, Чэхія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

МІХАСЬ ЗАБЭЙДА

Мастацтвам за мір

Радасна ўсведамляць, што на Бацькаўшчыне цікавяцца маёй скромнай працай. Прызнаюся, што гаварыць аб сабе, а тым больш пісаць, я не ахвотны, бо ўдалося зрабіць так мала ў параўнанні з тым, што хацелася зрабіць. Аднак надзея, што мой расказ дапаможа некаму зрабіць больш, дапаможа прадоўжыць маю працу, унікшы тых ці іншых хібаў, змушае мяне да пісання.

З чаго пачаць? Мусіць, як гэта найчасцей бывае, а нараджэння, бо аб гэтым найменш вядома. Паводле таго, што я чытаў аб сабе ў друку, павінен быў нарадзіцца, прынамсі, у трох ці нават чатырох месцах: гэта — Шэйпічы, Падароск, Несцяровічы і проста... на лузе — на сенакосе!

Перада мною ляжыць дакумент: выпіска з метрычнай кнігі аб нарадзіўшыхся ў 1900 г. Там напісана, што я “мужского пола”, нарадзіўся 1 чэрвеня 1900 года (трэба памятаць, што тады быў у Расіі стары стыль, значыць, па новаму стылю нарадзіўся я 14 чэрвеня 1900 г.). Бацька мой Іван Андрэевіч Забэйда — селянін з вёскі Несцяровічы, маці Аляксандра Феліксаўна (дзявочае прозвішча Суміцкая) з вёскі Шэйпічы.

Гэта з дакументаў. А цяпер некалькі слоў ад сябе.

Бацька, як мне казала маці, быў беззямельным селянінам, працаваў, дзе мог і як мог: батраком, рабочым на будоўлі, нават, здаецца, у Падароску служыў млынаром. Гаварылі, быў здольны чалавек і прыгожа спяваў. На жаль, памёр, калі мне было толькі паўтара года. Дык рос я без бацькі.

Як нам жылося, можаце сабе ўявіць з таго, што з семярых дзяцей да пажылога веку дажыў я адзін. Астатнія памерлі маленькімі. Адзін брат Валодзя дажыў да 22 год і той памёр ад сухотаў.

Памятаю сябе больш-менш ад чатырох год. Жылі мы ў чвартку каля маёнтка Шэйпічы. Маці хадзіла працаваць да пана, а мяне зачыняла ў хаце, каб я не перашкаджаў ёй на рабоце. Потым, як трохі падрос, маці забірала мяне з сабой, і я жыў з ёю на кухні, дзе сталаваліся батракі і падзёншчыкі. Як мяне там не з'елі блохі, прусакі, мухі!

Год з 8—9 і я пачаў працаваць падзённа: паганяў коней у малатарні, вадзіў у повадзе іх, як асыпалі бульбу, зграбаў сена, вязаў за жняяркаю снапы.

Цікава наймаліся тады на работу. Вёска наша жыла бедна, былі нават курныя хаты. Кожны, хто хацеў зарабіць нешта, ішоў у маёнтак. Там на дзядзінцы станавіліся ў рад, а пан аканом выбіраў таго, хто яму спадабаўся. У гэты рад дарослых мужчын і жанчын станавіўся і я, хлапчук.

Спачатку мне плацілі 10 капеек у дзень, потым — залатоўку — 15 капеек, а перад вайной 1914 года атрымліваў ужо саракоўку — 20 капеек.

Хоць маці ў мяне была непісьменная, але мяне старалася вучыць. Сапраўднае школы ў Шэйпічах не было. Дзяцей збіралі ў большую хату і вучылі “чему-нибудь и как-нибудь”. У такую хату два гады хадзіў І я. Потым мяне са стрыечным братам Ванем Урбановічам адвялі ў 3-е аддзяленне Зельзінскай аднакласнай школы. Там мы з ім спалі ў начлежцы ці, лепш кажучы, у раздзявальні. Так мы жылі пры школе цэлы тыдзень. У суботу прыходзілі дахаты, набіралі яды, а ў нядзелю зноў ішлі ў Зельзін, які знаходзіўся ад Шэйпічаў за 6 вёрст. Часам да школы нас падвозіў дзядзька Урбановіч.

Скончыўшы Зельзінскую школу, я перайшоў у двухкласную царкоўнапрыходскую школу ў Галоўчыцах, што былі за 7 вёрст ад Шэйпічаў.

Вучыцца я стараўся, бо разумеў, як цяжка быць непісьменным. Ды і маці ўсё наказвала: “Вучыся, сынок!”, а маці я хацеў слухаць. Я бачыў, як яе часта крыўдзілі, а заступіцца за нас не было каму. Калі яна плакала, і я плакаў з ёю. Каб мяне суцешыць, яна пачынала спяваць. Я пераставаў плакаць і пачынаў ёй падцягваць. I так у песні мы вылівалі сваё гора.

У маці маёй быў вельмі добры голас — густы, аксамітны, мяккі. Ад маці я і пераняў любоў да песні. Ды не толькі любоў: песня стала маёю мовай. Гэта і адчуў Максім Танк, калі ў Вільні пасля майго канцэрта напісаў: “Зусім іначай спяваў М. Забэйда-Суміцкі. 3 першых слоў ён нябачнымі пальцамі адчування ўзяў гэта сэрца песні, палажыў яго на асцярожныя далоні дзіўнага голасу і, абвеяўшы чарам, задумай, панёс яго, здаецца, на растайныя дарогі, між саламяных стрэк, між каласоў, затопленых у сонцы, раскалыханых ветрам. I ці ж можна было не адчуць і не пайсці за песняром.

Зала доўга калацілася да эстрады хвалямі воплескаў...

Змоўклі. Пасля ўсяго мне здалося, у кожнага чагось не хапала, без чаго перш людзі стараліся жыць спакойна, быццам не заўважаючы, і нехта ім прыпомніў, што так няможна жыць далей, як жылі...

Часамі песні так патрапяць сказаць!..” (“Беларускі летапіс”, № 2—3 за 1937 г.)

Цяпер яшчэ раз вярнуся да пытання: дзе ж я нарадзіўся. Спачатку мяне гэта не цікавіла, але потым, многа год спагадзя, калі трэба было ведаць дакладна, я звярнуўся з гэтым пытаннем да маці. Яна ўжо была старэнькая і проста мне сказала: “Сынок, было вас сямёра. Я нявучаная, запісваць не магла. Ці ж магу я памятаць, дзе каторы і калі нарадзіўся? Можа, у Падароску, а можа, і на лузе, бо быў у мяне і такі выпадак. Пайшла грабці сена ды там і рассыпалася. Можа, гэта якраз ты і быў?”

А калі я падумаю, як я люблю прыроду, то пачынаю згаджацца з тым, што, мусіць, гэта сапраўды быў я. У той час бедныя людзі радзіны не спраўлялі, дык не дзіўлюся, што праз якіх 50 гадоў хворая маці не памятала такога “важнага” факта, як мае нараджэнне. А мне гэта, праўду кажучы, і не баліць. Цяпер, калі людзі хутка паляцяць на іншыя планеты (а можа, і нараджацца там будуць), хопіць ведаць, што я нарадзіўся на Зямлі, а дзеля папер-дакументаў — у вёсцы Несцяровічы, дзе нарадзіўся і мой бацька. Магу хіба яшчэ дадаць, што мая бабуля Антаніна — маці маёй маці — яшчэ хадзіла на паншчыну, аб якой мне расказвала жахлівыя рэчы.

А цяпер зноў вернемся да вучобы. Галоўчыцкую школу я скончыў у 1914 годзе. Падрыхтаваўшыся за лета, восенню паехаў з Ванем Урбановічам у Маладзечна, каб здаваць конкурсныя экзамены ў настаўніцкую семінарыю. На станцыі ў Ваўкавыску першы раз у жыцці ўбачыў поезд з паравозам, а калі ён свіснуў, душа ў мяне ёкнула ў пяткі.

Экзамены вытрымаў.

Цягніком чацвёртага класа вярнуўся ў Ваўкавыск, а адтуль з торбаю і ботамі за плячыма, пехатою, босы ішоў 45 кіламетраў дахаты. Маці, убачыўшы мяне, абрадавалася і занепакоілася, даведаўшыся аб маім паступленні на вучобу: “Як жа ты, сынок, там будзеш адзін?” Я і сам быў засмучоны. Ваня, старэйшы і разумнейшы, праваліўся на экзамене, і мне прыходзілася “ісці ў свет” аднаму. I пайшоў. Пайшоў “у людзі”.

У семінарыі дабіўся прыватнай стыпендыі — 45 рублёў у год. Пражыць на гэтыя грошы было немагчыма. Прыйшлося падрабляць урокамі “на даму” ды зацягваць папружку шчыльней. Іншыя хлопцы хадзілі ў сталоўку, дзе карміліся казённыя стыпендыяты, і даядалі там тое, што заставалася ў місах. Разы два хадзіў і я з імі, але было надта брыдка падбіраць чужыя недаедкі — і я больш не пайшоў.

Я шукаў іншага выйсця са свайго цяжкога становішча. Стараўся вучыцца як мага лепш, каб атрымаць казённую стыпендыю — 180 рублёў у год. Зубрыў многа, апрача вучобы нічога не бачыў. I дабіўся свайго: на экзаменах у канцы навучальнага года атрымаў права на поўную стыпендыю. Парадаваліся мы з маці, але ненадоўга: да Маладзечна набліжаўся фронт першай сусветнай вайны. Нам сказалі эвакуіравацца. “Ненадоўга”,— запэўнівалі. Пасля трохмесячнага блукання ля фронту нас, бежанцаў, змардаваных бадзяннем, голадам і хваробай, пасадзілі ў Менску ў цяплушкі, у якіх мы ледзь вытрывалі ад марозу, і павезлі на ўсход. Вазілі доўга, пакуль не высадзілі ў Тамбоўскай губерні каля сяла Ілавайскага.

Маці з братам Валодзем засталася на месцы, а я з кошыкам за плячыма ізноў пайшоў у свет шукаць шчасця. Дабраўся аж да Пензы. I неяк даведаўся, што ў горадзе ёсць настаўніцкая семінарыя. Пайшоў туды, і мяне, як казённага стыпендыята, залічылі на вучобу. Пасля, як высветлілася, што Маладзечанская настаўніцкая семінарыя эвакуіравана і знаходзіцца ў Смаленску, мяне накіравалі вучыцца туды.

Памяшкання свайго семінарыя не мела, і мы займаліся ў другую змену ў гімназіі Вароніна. Жыць было вельмі цяжка. Адной стыпендыі не хапала, а грошы абясцэньваліся. Хлеба з мякінай і таго часта нельга было дастаць. Студэнты перабіваліся хто як мог.

У 1917 г. удзельнічаў у дэманстрацыях, разам з усімі хадзіў па вуліцах, насіў лозунгі з рэвалюцыйнымі плакатамі, крычаў: “Далоў цара!”

У 1918 г. скончыў семінарыю і выехаў у Сібір, дзе ў эвакуацыі знаходзілася мая адзінокая маці (брат Валодзя ўжо памёр). Маці знайшоў у сяле Бароўскім Барнаўльскага павета. Адразу ж падаў прашэнне ў аддзел народнай асветы, і мяне прызначылі настаўнікам у сяло Усць-Калманскае, што каля Барнаула.

Праца была цяжкая, але цікавая. Я арганізаваў там Калманскае культурна-асветнае таварыства. Мяне, васемнаццацігадовага хлопца, выбралі старшынёй. Праводзілі з сялянамі гутаркі на розныя тэмы, чыталі лекцыі, ставілі п'есы. У мяне многа было запалу. Сам я і іграў і спяваў. Так я прапрацаваў адзін год.

Але на свеце было неспакойна. Бушавала грамадзянская вайна. Яе віхуры дакаціліся да ціхага сяла Калманскага і зрушылі мяне з месца. У выніку я апынуўся ў 1920 годзе ў Харбіне.

На станцыі “Пагранічная” Кітайскай усходняй чыгункі атрымаў пасаду настаўніка. Настаўніцкі персанал быў неаднародны, дзяліўся на рэвалюцыйных і рэакцыйных. Я быў з першымі. Мы прайгралі, і я страціў пасаду. Працу знайшоў у Вэйшахэ — на маленькай станцыі той жа Кітайскай усходняй чыгункі — як настаўнік ад бацькоў. Праз два гады за добрую працу быў пераведзены ў Харбін.

Тут я сістэматычна пачаў займацца над удасканаленнем свайго голасу. Са мной стала займацца прафесар Юлія Канстанцінаўна Плотніцкая — былая супрацоўніца Шаляпіна — чалавек ужо пажылога ўзросту, але яшчэ добрая артыстка і педагог.

Я ўжо сказаў, што спяваць любіў з дзіцячых год: спяваў з маці, потым у школах выбіралі мяне ў салюты дзіцячага хору, спяваў у царкве і нават на вяселлях. Мог нядрэнна іграць на розных інструментах: на балалайцы, мандаліне, гітары, гармоніку і нават на скрыпцы, якая засталася ад бацькі. А на губным гармоніку я мог зайграць усё, што толькі пачую (зусім Сымон-музыка!). Памятаю, у маёнтку Шэйпічы, дзе працавала мая маці, быў раяль. Калі прыязджалі панскія дочкі (яны больш жылі ў Ваўкавыску) і пачыналі іграць, я гадзінамі стаяў за плотам і слухаў, забыўшыся аб усім на свеце. Добра ці дрэнна яны ігралі — не ведаю, але гэта была першая музыка, якую я пачуў на раялі. (Цяпер, калі радыё грае больш, чым трэба, мае пачуцці таго часу, можа, трудна нават зразумець.) Калі паны ад'язджалі з двара і маці дазваляла мне сцерці з раяля пыл, я не мог устрымацца і пачынаў падбіраць на клавішах адным пальцам знаёмыя мелодыі народных песень. Маці дзівілася і радавалася, але, баючыся, непрыемнасцей, адганяла мяне прэч.

Шкада, што не нарадзіўся я год 50 пазней, магло б быць з мяне нешта лепшае, Як цяпер у нас вышукваюць таленты! Як ім дапамагаюць развівацца! Як іх падтрымліваюць! Я сам удзельнічаю ў камісіях па адбору здольнай музычнай моладзі. I тады свет быў не без добрых людзей, але цяпер усё робіцца арганізавана.

У настаўніцкай семінарыі спевы былі пастаўлены добра: знаёмілі з тэорыяй музыкі, быў свой хор, вучылі дырыжыраваць. Таму к Плотніцкай я трапіў, маючы некаторую падрыхтоўку ў гэтай галіне. Аднак гэтага для сур'ёзнай музыкі было мала, і я пачаў у Тамашынскай вучыцца на раялі, а з дырыжорам Меттэрам праходзіў курс гармоніі.

Праца ішла добра, і аба мне сталі гаварыць як аб вельмі надзейным маладым спеваку. Так я займаўся два гады. Але чым больш займаўся, тым менш быў задаволены сабой, тым менш у сябе верыў. Стамляла праца ў школе, асабліва моцна адбіваючыся на горле, і я не мог спяваць так, як хацеў, так, як сабе ўяўляў.

Урэшце, ад кар'еры спевака адмовіўся. Гэта было нялёгка, бо са спевамі я даўно і моцна зросся.

Каб нешта рабіць, паступіў на эканамічнае аддзяленне Харбінскага універсітэта.

Заняткі там праходзілі ў другую змену, я працаваў у школе — у першую змену. Такім чынам, я мог спалучаць работу з вучобай. Працаваў многа і вучыўся добра. Усё гэта было для розуму, а сэрца ўсё ж заставалася ў песні. Сэрца хацела спяваць.

Ад вялікай нагрузкі арганізм не вытрымаў, здароўе падарвалася. Урачы знайшлі сэрца хворым, і самае небяспечнае — аказаліся хворымі лёгкія. Даведаўшыся, што брат памёр — ад сухотаў, дактары параілі неадкладна лячыцца. I ўсё ж вучобу ва універсітэце не пакінуў. Працаваў асцярожней, менш, але ішоў наперад. Не пакінуў і спевы.

У 1929 годзе скончыў універсітэт, і мне запрапанавалі асістэнтуру. Але я накіраваўся ў оперу. Думалі, што звар'яцеў чалавек...

А пачалося ўсё так.

У 1929 г. на Кітайскай усходняй чыгунцы адбыўся канфлікт паміж кітайскай і савецкай часткай праўлення. У знак салідарнасці з Савецкім Саюзам была аб'яўлена неафіцыйная забастоўка, у якой прыняла ўдзел і мая школа. Улады, варожа настроеныя да Савецкага Саюза, пазбавілі нас жалавання. Што было рабіць? Я звярнуўся да опернага калектыву, але там месца не знайшлося, усё было ўкамплектавана. Сезон тэатр планаваў пачаць “Русалкай” Даргамыжскага, і раптам бас Шушлін, які павінен быў спяваць мельніка, парушыў кантракт і выехаў у Шанхай. Такім чынам пастаноўка “Русалкі” была пад пагрозай зрыву. Калектыў шукаў выйсця. З Ленінграда мелі добрага барытона Вітэльса, які мог спяваць Анегіна (Чайкоўскага). Пачалі шукаць артыста на партыю Ленскага. На пробу паклікалі мяне. Спадабаўся. Тут жа рашылі замест “Русалкі” ставіць “Яўгенія Анегіна”.

За два тыдні я падрыхтаваў партыю Ленскага. Што перажыў за гэты час, трудна расказаць. Мой дэбют меў поспех, і мяне залічылі ў трупу опернага калектыву.

Потым я спяваў Сінадала з оперы Рубінштэйна “Дэман”, затым пайшлі і іншыя партыі. Да 1932 года я праспяваў 15 роляў. Гэта былі Фаўст з “Фауста” Гуно, Альфрэд з “Травіяты” Вердзі, герцаг з “Рыгалета” Вердзі, Альмавіў з “Севільскага цырульніка” Расіні, князь з “Русалкі” Даргамыжскага, цар Берэндзей з “Снягурачкі” Рымскага-Корсакава, Лыкаў з “Царскай нявесты” Рымскага-Корсакава, Уладзімір з “Князя Ігара” Барадзіна, Уладзімір з “Чарадзейкі” Чайкоўскага, Пінкертон з “Мадам Батэрфляй” Пучыні, Рудольф з “Багемы” Пучыні і іншыя.

Паралельна я працаваў і ў школе, куды зноў вярнуўся пасля забастоўкі.

Маё выступленне ў оперы мела поспех. I я пачынаў верыць у сябе, хацелася і надалей удасканальвацца ў спевах.

Увесь гэты час я жыў вельмі скромна, бо збіраў грошы для паездкі ў Італію, аб якой марыць кожны добры спявак.

У 1932 г. атрымаў візу, звольніўся са школы, пакінуў тэатр і паехаў у Мілан.

У Мілане сустрэўся са спявачкай Анджэлікай Краўчанка, якая раней была ў Харбіне. Яна пазнаёміла мяне з выдатным майстрам спеву Фернандо Карпі, які раней альтэрнаваў з Карузам і іншымі славутымі спевакамі.

З Карпі я працаваў амаль кожны дзень. Маэстра дзівіўся з маёй працавітасці, хваліў мяне і паказваў іншым. вучням. Цікава, што потым да мяне на лекцыі спеву. прыходзілі вучні — іншаземцы, і я сапраўды дапамагаў ім, бо ад прыроды меў добрае вуха і адразу адчуваў, каму чаго не хапае. У тыя часы і сам я вельмі ўважліва слухаў выдатных спевакоў, што выступалі ў Мілане, і, зразумела, многаму ад іх вучыўся. Тут я ўпершыню пачуў Шаляпіна. Ён спяваў Дона Базыля ў тэатры Ла Скала (La Scala). Поспех быў такі вялікі, што артыст вымушаны быў бісіраваць арыю, хоць у гэтым тэатры бісы не дазваляліся. (У кнізе аб Шаляпіне, выдадзенай у Савецкім Саюзе, якраз ёсць здымак з гэтага выступлення.)

У Мілане я сустрэўся і са слаўным Собінавым, які прыязджаў у Італію падшукаць добрага прафесара спеваў для Масквы. Собінаў быў надзвычай прыемны і добразычлівы. Запрасіў мяне да сябе. Мы доўга гутарылі, а потым спявалі. Калі я праспяваў арыю Ленскага, ён сказаў: “Как Вы припоминаете мои лучшие молодые годы!” Даў мне свой адрас і сказаў: “Совершенствуйтесь и приезжайте к нам в Москву”.

Усё, аднак, склалася інакш. Нездарма кажуць: “Человек — раб обстоятельств”. Я працаваў так многа, што ў лёгкіх зноў пачаўся працэс. Давялося лячыцца. Паехаў у Сан-Рэмо. Паправіўшы трохі здароўе, вярнуўся ў Мілан і працягваў спяваць. Я спяваў на італьянскай мове ў операх “Травіята”, “Рыгалета”, “Фауст”, “Севільскі цырульнік” і інш. Мяне запрашаюць выступаць у канцэртах. Крытыка аб маіх выступленнях была вельмі станоўчая. Вось што пісаў “Corriere di Savona” (II Lavoro) (31.X.1934): “Тэнар Міхаіл Забэйда пацвердзіў поспехі, якія меў нядаўна на сваім артыстычным турнэ і якія паўторацца вечарам 31-га г. м. у Мілане. У Забэйды адразу адчуваецца пяшчотная душа славянскага мроючага паэта. Яго тонкая інтэрпрэтацыя захапляе слухачоў. Яго голас — гэта дасканалы інструмент, які здольны перадаць усе пачуцці, змешаныя ў вершы, нават і тады, калі спявае на чужой мове... Гэта пацвердзіла публіка сваімі апладысментамі, дамагаючыся паўтарэння”.

L'ordine, 26.X.1934 — Como — піша: “Міхаіл Забэйда — тэнар надзвычайнай якасці, артыст высокай культуры, голас мяккі, гнуткі, падобны голасу свайго суайчынніка Собінава, інтэрпрэтаваў з выключнай чуллівасцю тонкія кампазіцыі Stein-Schneider, выклікаўшы захапленне ва ўсіх слухачоў”.

I яшчэ “Ciornale dell Arte” (часопіс мастацтва), Мілан; 15.VI. 1935 г. у допісе “Поспехі тэнара М. Забэйды”:

“У галіне канцэртнага і опернага жыцця трэба адзначыць тэнара Міхала Забэйду, які нядаўна выступіў з канцэртам у Міланскай кансерваторыі Вердзі. Забэйда і на тэты раз прадэманстраваў свае выдатныя якасці — галасавыя і інтэрпрэтацыйныя. Трудная праграма была выканана належным чынам, пахвальна, а ў серанадзе з оперы “Ius Primae Noctis” кампазітара P. di Cagno (Каньо), якую Забэйда праспяваў страсна, з экспрэсіяй, багатай гарманійнымі тонамі і сфуматурамі, што паказвае дасканалае майстэрства, публіка бурна апладзіравала мастаку, дамагаючыся паўтору.

Гэты малады артыст прыехаў у Італію ў 1932 г., да гэтага спяваў за граніцай у розных рускіх і італьянскіх операх (“Сівільскі цырульнік”, “Рыгалета”, “Фаўст” і інш.).

На музычным фестывалі ў Варэзе Забэйда выступіў з вялікай праграмай, спяваючы ў арыгінальнай мове творы рускіх, французскіх, іспанскіх і іншых кампазітараў, выклікаючы агульнае захапленне.

Італьянскія газеты параўноўваюць Забэйду з Ціта Скіпай за асалоду і хараство яго спеву. Іншыя зноў параўноўваюць яго з вялікім спеваком рускім Собінавым, што дазваляе прарочыць Забэйдзе вялікую артыстычную будучыню”.

У гэты час я атрымаў з Шэйпічаў вестку аб тым, што мая маці, якая пасля вайны вярнулася на радзіму, моцна хварэе і хоча бачыць сына. Прыйшлося развітацца з Італіяй і ехаць на радзіму. (Праўда, я ўжо жыў тады ў Польшчы). 3 маці я не бачыўся 16 гадоў. Пры сустрэчы было многа радасці і слёз.

На сезон 1935—1936 гг. заключыў кантракт з Познанскай операю. Там усё спяваў па-польску. Пашырыў свой рэпертуар новымі операмі: “Унос з сэралю” Моцарта, “Юлій Цэзар” Гендэля, “Барыс Гадуноў” Мусаргскага і іншымі, у якіх спяваў галоўныя тэнаровыя ролі. Адносіны да мяне дырэктара оперы былі не з лепшых, бо я не ўтойваў таго, што я беларус.

Палітыка польскага буржуазнага ўрада тады была такая: “У Польшчы няма беларусаў”. Вось адзін з фактаў тых адносін. Ставіцца “Яўгеній Анегін” Чайкоўскага. Я маю спяваць Ленскага. Раптам даведваюся, што маю ролю даюць другому. Проці ражна не папрэш! Я мусіў прымірыцца, бо такі быў загад дырэктара. Настаў час прадстаўлення. Сяджу ў зале сярод публікі, гляджу, слухаю. Тэнар спявае выдатную арыю “Куда, куда вы удалились”. Напярэдадні на рэпетыцыі дамовіліся, што гэту арыю “тэнар” (паляк) будзе бісаваць (кажу “тэнар”, бо Ленскага я там не бачыў). Артыст адспяваў арыю, але зала не выказала жадання слухаць паўторна арыю, “біса” ніхто не падаў. А калі “тэнара” “застрэлілі” на сцэне, раптам у наступіўшай цішыні з залы пачуўся голас: “Добра яму гэтак!”

На другое прадстаўленне запрапанавалі мне спяваць партыю Ленскага. Папярэдніх рэпетыцый з аркестрам не было, і, зразумела, “біс” не прадбачыўся. Але калі я скончыў арыю Ленскага, воплескам не было канца. Дырыжор спрабаваў некалькі разоў іграць далей і кожны раз быў змушаны спыніцца: публіка прасіла паўтарыць арыю. Хочучы не хочучы, дырыжор мусіў ізноў іграць уступ да арыі, якую я нечакана праспяваў два разы. “Нарэшце маем Ленскага”,— гаварылі потым слухачы.

У тых умовах мне працаваць было трудна, і я пераехаў у Варшаву.

На мае выступленне па радыё адгукнулася Вільня. Рыгор Раманавіч Шырма запрасіў мяне на канцэрт. Як вядома, беларуская моладзь на канцэрце насіла мяне на руках.

Там я пазнаёміўся і з Максімам Танкам. Гэтыя сустрэчы дапамаглі мне ўтрымацца на той дарозе, па якой я іду і сёння. Гэта дарога не абяцала вялікай кар'еры, але яшчэ больш збліжала мяне з роднаю песняю песняю маёй маці, давала магчымасць распаўсюджваць гэту песню, несці яе ў свет, паказваць яе красу, даваць людзям радасць і ўзбагачаць гэтай песняю сусветную культуру.

Як ставіліся ў Польшчы да беларускай песні? Па-рознаму. Спачатку смяяліся, што Забэйда — спявак італьянскай школы — уключыў у канцэртную праграму мужыцкую песню. А потым? Калі пабачылі, што на мае. канцэрты не толькі ідуць слухаць, але прыязджаюць за дзесяткі кіламетраў, каб пачуць у маім выкананні гэтую мужыцкую песню, тады сталі мне забараняць спяваць у канцэртах беларускія, а разам і рускія песні. А кар'ера вырысоўвалася сапраўды вельмі “спакуслівая”. Адзін раз я спяваў у польскім радыё праграму, якую перад гэтым выконваў славуты Кепура (сімфанічным аркестрам дысрыжыраваў г. Фітэльберг). I вось пасля майго выступлення, між іншым, напісалі: “У Забэйдзе-Суміцкім Кепура знайшоў небяспечнага канкурэнта”. Знайшліся такія, што ўгаварылі мяне адмовіцца ад беларускай песні. Я быў няўмольны. Тады мне замест кар'еры паабяцалі Картузскую Бярозу... Гэта была турма,

Выдатныя майстры, нават з ліку шавіністаў, ставіліся да мяне добра (я ж спяваў і польскія песні!). Былі такія палякі, якія і падтрымлівалі мяне і дапамагалі мне. Да іх належаў, напрыклад, дырэктар польскага (варшаўскага) радыё Рудніцкі.

Памятаю такі выпадак. Спаткаў ён мяне на вуліцы. Прывіталіся. Глядзіць на мяне і кажа: “Чаго гэта вы сумны? Вясна ж на дварэ! Калі ў нас спяваеце?”— “Не ведаю!” — кажу. “Як гэта?” — “Ды ні адзін з вашых рэферэнтаў не прыняў маю праграму на гэты месяц.”— “Вось як! Хадзем са мною”. Зайшлі ў яго кабінет. Ён паклікаў сваіх рэферэнтаў. “Калі ў вас спявае Забэйда?” — спытаўся. “У нас не выходзіць”,— адказалі. “Дык вы хочаце лепш вянкі на труну несці, як гэта было нядаўна з Шыманоўскім?”— “Можа, неяк уключым Забэйду”,— сказалі адзін за другім.

Добра ставіўся да мяне і цяперашні дырэктар варшаўскага радыё Раман Ясінскі. Нават нядаўна Варшава перадавала мой канцэрт у запісу на грампласцінках.

Мае выступленні па Варшаўскаму радыё трансліравалі Парыж, Лондан, Прага, Нью-Йорк і іншыя радыёстанцыі. Пасля выступленняў атрымаў пісьмы з розных гарадоў, а лонданскі радыёчасопіс змясціў мой здымак і артыкул пад загалоўкам: “Спявак, які сам сябе зрабіў”. Польскія кампазітары прыслалі мне свае творы з просьбай, каб я выконваў іх у сваіх канцэртах. Дзякуючы падтрымцы лепшых польскіх людзей, я наспяваў на грампласцінкі першыя ў Заходняй Беларусі і наогул у Польшчы беларускія народныя песні.

Гэта былі: 1) “Малады дубочак”, 2) “Чаму мне не пець”, 3) “Ляціць сарока”, 4) “Конь бяжыць, зямля дрыжыць”, 5) “Шчука — рыба ў моры”, 6) “Ой, рана-рана куры запелі”, 7) “Рабіна-рабіначка”, 8) “Як памерла матулька”, 9) “Ой у лесе-лесе”, 10) “Лявоніха” ў апрацоўцы Туранкова, Красева, Грэчанінава і Казуры. Аднак, каб гэтыя грампласцінкі выпусціць, мне давялося таму-сяму “пазычыць” “пару злотых” (беззваротна). Але грампласцінкі ўдаліся і зрабілі сваю справу.

Песні карысталіся такім поспехам, што на баранавіцкім радыё іх забаранілі перадаваць. У гэты ж час я наспяваў на грампласцінкі і дзве польскія народныя песні: “Куявяк” і “Одэйдзь, Ясю, од окенка” ў апрацоўцы Новавейскага. Цікава, што калі прыехала з Японіі этнаграфічная камісія, каб выбраць нешта з польскага фальклору, то найбольш захапляліся гэтымі польскімі песнямі ў маім выкананні і ўзялі грампласцінку з сабой.

Нягледзячы на ўсе перашкоды, я стаў у Польшчы жаданым спеваком. У маім рэпертуары былі арыі з опер, араторыі, кантаты, песні і рамансы розных народаў і стыляў — ад класікаў да сучасных кампазітараў. Выступаў многа, выязджаў у гастрольныя паездкі за граніцу.

У 1938 г. мяне запрасілі выступіць у Празе, але палітычная сітуацыя была такая, што ад паездкі я адмовіўся. Урэшце, у 1939 г. планавалася гастрольнае турнэ не толькі па Еўропе, але і па Амерыцы. Планы не здзейсніліся, перашкодзіла праклятая вайна.

Захапіла яна мяне ў Варшаве. Як вядома, нямецкія фашысты хутка акружылі горад і сталі бамбіць яго і абстрэльваць. I вось мне ўспамінаецца гераічны ўчынак майго стрыечнага брата Язэпа Урбановіча. Ён з адным сваім таварышам прабраўся праз акружэнне і пранік у Варшаву, каб вывесці мяне з пекла, у якім я апынуўся. На жаль, я быў хворы і не мог ісці. Крануты добразычлівасцю, я падзякаваў ім за чалавечыя адносіны да мяне; пры развітанні сказаў, што хоць застаюся ў Варшаве, але душою буду заўсёды з імі. Так яно і было.

У час бамбардзіроўкі Варшавы мяне аднойчы кантузіла на вуліцы, засыпала ў разбураным доме. У варшаўскім пекле я пражыў да мая месяца 19(40 года, а вясною пераехаў у Чэхаславакію. Трудна забыць тое ўражанне, якое зрабіла на мяне Прага — майская, квітнеючая, залатая Прага. Гэта быў рай! Калі сонечным днём я падняўся на зялёную горку Пэтршын і ўбачыў усю прыгажосць горада, мне здалося, што ў мяне выраслі крылы і што я вось-вось палячу.

Потым я пазнаў І другую старонку пражскага жыцця — цяжкі прыгнёт гітлераўскіх акупантаў.

Неўзабаве мяне запрасіў да сябе на работу Народны тэатр. Выступленне прайшло добра. Крытыкі напісалі, што ў Пражскім тэатры роля Ленскага звычайна адыходзіла на другі план, госцю, аднак, удалося паставіць гэту ролю ледзь не на галоўнае месца.

12 снежня 1940 года адбыўся і мой першы канцэрт у Празе. У перапоўненай Сметанаўскай зале, дзе было больш тысячы слухачоў, у першы раз прагучала і беларуская песня. Я праспяваў там і шырокавядомую песню выдатнага чэшскага кампазітара Б. Сметаны “Кдо в златэ струны заграт зна”, якая канчаецца такімі словамі: “Той народ яшчэ не загінуў, якому вяшчун спявае, бо песня ў небе народжана і ў прах жыццё ўдыхае”. Воплескі, якія дамагаліся паўтарэння, былі такія бурныя, што сапраўды “гатовы былі змыць і песняра і эстраду”, як пісаў калісь Максім Танк. Мой насцярожаны акампаніятар папярэдзіў: “Не паўтарайце, бо пасадзяць на месца і вас і мяне з вамі”.

Крытыка на канцэрт была вельмі добрая. Вось што пісаў “Народні стршэд” (Прага, 18.10.1940 г.):

“Сапраўднай мастацкай падзеяй было канцэртнае выступленне беларускага спевака Міхала Забэйды-Суміцкага, які зноў, як і ў ролі Ленскага ў оперы “Яўгеній Анегін” Чайкоўскага, паказаў сябе спеваком сусветнага маштабу. Ён валодае сваім сакавітым і гнуткім голасам з віртуозным майстэрствам. Захапляе буйнай сілай і незвычайнымі ціхімі тонамі.

I заўсёды добра разумееш кожнае яго слова, ці калі спявае на сваёй мове, ці з прыкладнай увагай па-чэшску. Стылёвая інтэрпрэтацыя італьянскіх майстроў (Качыні, Карыссімі), таксама як і Моцарта і Шуберта, знаходзіць у Забэйды заўсёды арыгінальнае тлумачэнне. Чайкоўскага спявае проста непераўзыдзена, гэтак жа, як і Рымскага-Корсакава. 3 чэшскіх песень, разам з Дворжакам і Новакам, асабліва ўдалася Сметанава “Хто ў залатыя струны”. Найбольшага поспеху, натуральна, дасягнуў у беспадобна дасканалым выкананні ўкраінскіх і беларускіх песень, цудоўным хараством якіх здолеў захапіць прыдзірлівага слухача. Забэйда становіцца, такім чынам, сапраўдным энтузіяністам, які прапагандуе скарбы народнай творчасці з вялікім поспехам”. Тое ж самае пісалі і іншыя крытыкі.

У Берліне мяне абвінавацілі ў тым, што я займаюся прапагандай славянства. Я апраўдваўся, спаслаўшыся на тое, што праграма маіх канцэртных выступленняў дазволена цэнзурай.

Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася, калі нямецкія фашысты напалі на Савецкі Саюз. Праз колькі дзён пасля першых “маланкавых” нямецкіх перамог на маю
кватэру з'явіўся гестапавец і сказаў, што мяне выклікаюць у Берлін. Пасадзілі мяне ў самалёт і павезлі. У Берліне завялі да якогасьці “шэфа”, які тут жа прапанаваў узначаліць “беларускія” радыёперадачы з Берліна і пераехаць у Берлін. Я адмовіўся. Мне параілі падумаць і з'явіцца на другі дзень. Але і на другі дзень я не змяніў свайго намеру. Калі выклікалі на трэці дзень, я ўжо думаў, што больш ніколі не ўбачу залатой Прагі. На мае шчасце, за гэты час “шэфы” знайшлі сабе некага больш “пакладзістага” і мяне адпусцілі. Можаце ўявіць, што я перажыў за тыя тры дні.

А ў Празе чакала іншая “прапанова”. Мяне выклікалі ў аддзел нямецкай прапаганды і сказалі, што калі я хачу спяваць у тэатры, то павінен “праявіць сябе палітычна”. Я не мог “праявіць сябе палітычна”, і прыйшлося адмовіцца ад тэатра, сказаўшы, што мне не дазваляе працаваць здароўе. Мушу сказаць яшчэ аб адной прапанове. Вядомае канцэртнае бюро ў Дрэздэне, якое займалася арганізацыяй канцэртных выступленняў выдатнейшых спевакоў свету, такіх, як Джыльіго, Ціта Скіпа, Тоці даль Монтэ, раней Шаляпіна і інш., прыслала мне разам са спісам імён славутых вакалістаў, якім яно ўжо забяспечвала выступленні, запрашэнне, абяцаючы ўзяць на сябе ролю падрадчыка ў наладжванні маіх канцэртаў. Але і ад гэтай прапановы я адмовіўся. Я ведаў, што фашысты нацкоўваюць адзін народ на другі, выкарыстоўваючы іх спрэчкі ў сваіх інтарэсах. Я ж старайся песняю з'ядноўваць людзей, стараўся закрануць найдалікатнейшыя, самыя патаемныя і лепшыя струны чалавечага сэрца. Таму я спяваў і на роднай мове таго народа, перад якім выступаў. Родная песня адкрывала іх сэрцы, а з адкрытым сэрцам яны прымалі прыгажосць песень і іншых народаў, збліжаючыся з імі. Я спяваў на якіх 16 мовах розных народаў. Спяваў толькі на памяць. Але, як чэхі кажуць, “стало то за то”. Мае выступленні ўспрымаліся з асаблівай цеплынёй і шчырасцю. Гэта не быў проста поспех: адбывалася нешта такое, што узбагачала людзей, збліжала, рабіла іх лепшымі, у тым ліку і мяне самога. Песня станавілася сапраўднай зброяй у барацьбе за лепшага чалавека, за лепшае жыццё.

Памятаю такі выпадак. Прыехаў я ў Рыгу. Якраз перад выхадам на сцэну арганізатары канцэрта папярэдзілі мяне, што тутэйшы слухач — народ паўночны, з халадком, знешне рэагуе мала, дык каб я на гэта не звяртаў увагі і не збянтэжыўся часам. (3 друку арганізатары ведалі, што мае канцэрты ўсюды праходзяць з вялікім поспехам.) Падзякаваўшы за папярэджанне, я выйшаў, як звычайна, на эстраду і адразу ж пераканаўся, што мне сказалі праўду: першыя воплескі былі стрыманыя. Аднак ужо на трэцяй песні лёд “паўночных” людзей растапіўся, а калі я заспяваў песні на латышскай мове, воплескам не было канца, і я вымушаны быў спяваць паўторна. Слухачы так захапіліся маёй песняй, што многія рэчы даводзіліся спяваць на “біс”. Праспяваў паўтона і нашу “Лявоніху”, якая не прадугледжвалася праграмай. Публіка не хацела разыходзіцца, не адпускала мяне са сцэны. Пасля выступлення арганізатары канцэрта падышлі падзякаваць мне і прасілі прабачэння за свае памылковае папярэджанне, гаворачы, што ў іх ніколі нічога падобнага не бывала, што і на выступленні самых выдатных артыстаў іх публіка так горача не рэагавала і што сёння яна проста перарадзілася.

Расказаў я аб гэтым не дзеля таго, каб пахваліцца поспехам. Хоць ён мяне і радаваў, але пасля канцэртаў я не спаў звычайна цэлыя ночы, ведаючы, што, калі б меў лепшае здароўе ды іншыя ўмовы, мог бы даць людзям значна больш. А гэта было маёю мэтаю.

Запрасілі мяне выступіць і ў Ваўкавыску, дзе я спяваў яшчэ перад вайной. Паведаміў аб гэтым сваёй маці і папрасіў, каб яна прыехала. Прывёз яе Уладзімір Урбановіч, брат Язэпа, ці Ёзіка, як мы яго звалі. Ёзік быў партызанам. Цераз Уладзіміра і маці я ўзнавіў з ім кантакт, які пачаўся яшчэ ў Варшаве. Растлумачыў яму, чаму спяваю. (Між іншым, калі б не спяваў, то вымушаны быў бы працаваць дзе-небудзь у Германіі, на ваенным заводзе, як працавалі іншыя, прымусова ўзятыя фашыстамі.) Ганарар ад канцэртаў у Ваўкавыску я аддаў Урбановічу, каб ён перадаў партызанам, папрасіўшы яго не гаварыць аб гэтым нават самым блізкім. Маці папрасіў, каб яна аддала партызанам на бінты маю тонкую бялізну (што яна і зрабіла, як я потым даведаўся). Я папрасіў тады маці дапамагаць Езіку, чым зможа, а сам паабяцаў ёй дапамагаць з Прагі, а пры зручным выпадку прывозіць самому ў Ваўкавыск тое-сёе. Так яно і было.

Але ці варта зараз аб гэтым пісаць: ні маці, ні Язэпа, ні Уладзіміра Урбановічаў цяпер няма ў жывых. Калі б яны былі жывыя, можа б, і маё жыццё склалася інакш...

Я перажыў цяжкія хвіліны, даведаўшыся, што гестапаўцы злавілі і катавалі Уладзіміра Урбановіча. Прызнацца, мяне мучыла, як ён вёў сябе на допыце, ці вытрываў, ці не выдаў чаго пад катаваннямі. Сумненні ўзраслі, калі мяне самога ноччу арыштавалі гестапаўцы і павялі ў турму.

Але аб гэтым іншым разам. Зараз хачу расказаць некалькі слоў пра тое, чаму цяпер нават трудна паверыць.

Неяк я спяваў у Літве. Дакладна не памятаю назвы мясціны. Канцэрт адбываўся ў нядзелю ў школе. Людзей было столькі, што памяшканне не магло змясціць усіх. Паадчынялі вокны і дзверы. Людзі сядзелі на падаконніках і залазілі нават на эстраду. Тыя, хто не трапіў у залу, тоўпіліся пад вокнамі. Я ледзь дабраўся да піяніна. Было горача, не было чым дыхаць. Спяваць было трудна, але бадай кожную беларускую песню спяваў на “біс”.

Пасля канцэрта быў наладжаны гасцінны стол, за якім сядзела багата людзей.

Пераначаваўшы і застаўшыся адзін, я выйшаў падыхаць свежым паветрам. I вось, калі я падышоў да лесу, спаткаў маладога хлапца. Разгаварыліся. Ён мне сказаў, што ўчора слухаў мяне на канцэрце і быў таксама на гасціннай вячэры. I ўрэшце спытаў, ці падазраю я, што за сталом знаходзіліся партызаны.

Малады чалавек расказаў, што ведае мяне яшчэ з Вільні, дзе ён раней працаваў. “Спявайце больш,— сказаў ён,— вельмі нам дапамагаеце, вы абуджаеце волю да барацьбы за вызваленне ад акупантаў. Бачыце, як вас учора слухалі і прымалі?!” Заўважыўшы, што нехта набліжаецца ў нашым напрамку, незнаёмы падзякаваў за канцэрт і, паціснуўшы мне руку, пайшоў у лес. Я вярнуўся ў школу.

Пасля канцэртаў не раз здаралася гутарыць з моладдзю, часта адзін на адзін, і я пераконваўся, што песня рабіла сваю справу. Горш было, калі часамі ў Прагу мне пісалі вельмі адкрыта. Вось такія лісты: “Вельмі паважаны і найдаражэйшы наш мастак! Не толькі ў мяне выклікаюць натхненне і любоў да сваёй роднай песні вашы канцэрты, але ў кожнага, чый слых хоць раз сутыкнуўся з чароўнай мелодыяй вашага голасу.

Песня гэта несла на шырокія, залочаныя сонцам палі, на хвалюючыя загоны ніў, пад пагоднае сіняе неба нашай далёкай, дарагой краіны...

Песня гэта збліжала з даўно пакінутым, аднак ніколі не забытым жыццём, якое здаецца пры цяперашніх жудасных абставінах сном.

Песня гэта адкрыла заслону мінуламу, і яно, блізкае, роднае, так ярка устала перад вачыма, бо раптам з'явіўся той надзвычайны маляр, які асвяжыў гэтыя мілыя вобразы, пакрытыя смугою незлічоныя раны... Застаюся сэрцам і душою з вамі. Сергіевіч”.

Атрымліваў і вастрэйшыя пісьмы, але я, жывучы няўпэўненасцю, што мяне могуць у любы момант “адведаць” гестапаўцы, папаліў іх.

Здаралася і такое. Аднойчы я прыехаў выступаць у Вільню. Іду па вуліцы, насустрач мне крочыць жанчына з двума гестапаўцамі. Параўняўшыся са мною, яна раптам крыкнула гестапаўцам, паказваючы на мяне: “Затрымайце яго! Ён учора быў са мною ў крымінале і ўкраў у мяне рэвальвер!” Гестапаўцы імгненна накіравалі "на мяне аўтаматы, скамандаваўшы: “Рукі ўгару!”, адвялі ў цёмны двор і пачалі абшукваць мяне.

Заўважыўшы, што жанчына полька, кажу ёй па-польску: “Што вы робіце? Вы ж мяне зусім не ведаеце!” А яна: “Я вас добра ведаю і ведаю, што раблю. Вядзіце яго ў крымінал!”

З маіх дакументаў ясна было відаць, што ўчора я не быў у Вільні, і гэта мяне выратавала. Злосны правакатар пралічылася, і мяне адпусцілі.

Як я потым даведаўся, гэта быў правакацыйны метад фашыстаў, ад якога загінула шмат беларусаў. А вечарам таго ж дня я спяваў на канцэрце і Манюшку і Шапэна на польскай мове.

Неўзабаве з Варшавы ў Прагу прыйшоў данос, у якім паведамлялася, што я бальшавіцкі агент. Мяне пацягнулі ў гестапа. Зноў допыты, зноў высвятленне маёй палітычнай зарэкамендаванасці.

Пераканаўшыся, што ад мяне не дабіцца ніякай карысці, немцы распарадзіліся выселіць мяне з Прагі як непажаданую асобу.

Дапамаглі ў бядзе мае знаёмыя дактары: мне выдалі медыцынскае пасведчанне, у якім пацвярджалася, што я цяжка хворы на сэрца і што знаходжуся на лячэнні. Такім чынам, высяленне на нейкі час удалося зацягнуць. Затое нямецкія ўлады забаранілі мне выезд з Прагі без спецыяльнага дазволу, і на працягу цэлага года я павінен быў кожны месяц адзначацца ў пражскай паліцыі.

Але горш за ўсё жылося ў 1944 г.

Я павінен быў наспяваць новыя беларускія песні на грампласцінкі. Адчуваючы сябе дрэнна, звярнуўся да доктара, каб ён зрабіў ін'екцыю кальцыю ў жылу. Праз паўгадзіны я адчуў сябе яшчэ горш, тэмпература падскочыла да 40 °, пачаліся рвоты. Знаёмыя, куды я зайшоў, амаль непрытомнага адвезлі мяне дамоў. Гаспадыня, у якой я кватэраваў, паклікала іншага доктара, які, агледзеўшы мяне, сказаў: “Не ведаю, ці вытрывае хворы гэту ноч” і загадаў неадкладна адвезці мяне ў бальніцу. Як высветлілася, ін'екцыяй была атручана кроў. Папраўляўся я марудна.

Аднойчы ноччу мяне нехта разбудзіў. Расплюшчваю вочы і не веру: у пакоі цёмна, у промні кішэннага ліхтарыка бачу накіраваны на мяне рэвальвер, грубы голас у цемру рэзнуў: “Уставай, пойдзем з намі!” Слабы ад хваробы, ледзь трымаючыся на нагах, апранаюся, а на рукі ўжо надзяваюць ланцугі. I павялі ў цемру...

Вось тады я пазнаёміўся са “слаўным” Печкавым палацам — гняздом гестапа, з Панкрацкаю турмою і, нарэшце, з турмою ў Бенешаве. Гэта была Кальварыя, якая пакінула след на ўсё жыццё. Што ж здарылася? Чаму гестапаўцы надзелі мне наручнікі?

У доме, у якім я жыў, многа разоў начаваў без прапіскі чэх. ён, як нам казаў, трымаў сувязі са славацкімі партызанамі. За чэхам сачылі гестапаўцы і налучылі яго недзе ў другім месцы. Схапіўшы чэха, фашысты арыштавалі ўсіх жыхароў нашай кватэры, а за мной прыйшлі ў бальніцу... Я чуў, як чэха білі фашысты, ён крычаў... Я чакаў сваёй чаргі. I ведаеце, чаго я гады шкадаваў? Што не паспеў зрабіць новых запісаў беларускіх песень на грампласцінкі... Я застаўся жывы і, як бачыце, магу пісаць гэтыя радкі.

Нядаўна я глядзеў фільм аб Юліусу Фучыку, які, здаецца, дэманстраваўся ў Савецкім Саюзе. Там, між іншым, паказвалі і Панкрацкую турму і Пэчкаў палац. Фільм яшчэ раз ажывіў у памяці страшэнна перажытыя малюнкі.

Цяпер можаце ўявіць, з якім пачуццём мы сустракалі ў Празе Савецкую Армію. Яшчэ за некалькі дзён да прыходу арміі-вызваліцельніцы, па закліку чэшскіх патрыётаў перададзенага па радыё, на вуліцах чэхаславацкай сталіцы мы пабудавалі барыкады, каб дапамагчы савецкім воінам дабіваць фашысцкую нечысць.

Пасля вызвалення Прагі Савецкай Арміяй ад гітлераўскіх акупантаў пачалося новае жыццё, новая праца. Мяне запрасілі выступаць па радыё і ў канцэртах. Спяваў песні партызанскія, кампазітараў-класікаў, народныя — рускія, украінскія, беларускія, польскія і інш.

У той час у Празе на радыё працаваў кампазітар Альберт Пэк, які вёў аддзел народнай музыкі. Ён зацікавіўся паказанымі яму беларускімі песнямі і па майму жаданню апрацаваў 8 песень для канцэртнага выканання. Я выканаў іх разам з сімфанічным аркестрам, якім дырыжыраваў Пэк. Песні, перададзеныя па радыё, вельмі спадабаліся слухачу і паўтараліся неаднаразова. Гэта былі “Зялёны дубочак”, “Ды ўжо сонейка”, “Ой, валы мае”, “Замуж пайсці”, “Ой, ляцелі гусі ды з-пад Беларусь, “Ой, у лесе”, “Калыханка” і “Ой, пайду я лугам, лугам”.

Калі ў Прагу сталі даходзіць песні савецкіх кампазітараў, я ўсё, што мне падыходзіла па голасу, рыхтаваў і спяваў, як першае ў Празе выкананне. Так, у клубе кампазітараў, а потым па радыё я выканаў 5 рамансаў Шастаковіча — “День встречи”, “День признания”, “День обид”, “День радости” и “День воспоминаний”; Кабалеўскага — “Дзесяць санетаў Шэкспіра”:

    1. “Тебе ль меня придется хоронить”.
    2. “Трудами изнурен, хочу уснуть”.
    3. “Люблю, но реже говорю об этом”.
    4. “Когда на суд безмолвный, тайных дум”.
    5. “Бог Купидон дремал в тиши лесной”.
    6. “Не изменяйся, будь самим собой”.
    7. “Ты музыка”.
    8. “Ты погрусти, когда умрет поэт”.
    9. “Уж если ты разлюбишь”.
    10. “Увы, мой стих не блещет новизной”.

На гэтых нотах Д. Кабалеўскі мне напісаў: “Первому исполнителю этого цикла за пределами Советского Союза — товарищу Михаилу Забейде на добрую память о встрече в Праге. 16.5.1957 г. Д. Кобалевский”.

Калі я праспяваў першы раз “Дзесяць санетаў Шэкспіра” Кабалеўскага (без нот, па памяці), адзін чэшскі кампазітар, віншуючы мяне, сказаў: “Ну, ведаеце, гэта проста гераічны ўчынак! Колькі ж Вы сіл мусілі ўкласці ў гэту ахвярную працу. Не ведаю, ці здолеў бы хто іншы ў нас гэта зрабіць”.

У маім рэпертуары былі таксама творы Хачатурана, Шапорына, Чуркіна, Пукста, Аладава, Багатырова, Салаўёва-Сядога, Макраусава і іншых савецкіх кампазітараў.

Я наспяваў; многа песень на грамафонныя пласцінкі і больш за ўсё беларускіх народных. Сярод іх: 1) “Зялёны дубочак”, 2) “Ды ўжо сонейка за лес коціцца”, 3) “Ляціць сарока”, 4) “Калыханка”, 5) “Свадзьба камара і мухі”, 6) “Ой, арол, ты арол”, 7) “Ой, ды зарадзілі ягады ў бары”, 8) “Што за месяц, што за ясны”, 9) “Ці не дудка мая”.

Дзве першыя песні я запісаў ад сваёй маці.

На грампласцінкі я наспяваў таксама дзесяць італьянскіх песень на італьянскай мове кампазітараў: Каччыні, Пергалезі, Джыардані, Моцарта, Глюка і інш. Адна з грампласцінак з творамі Моцарта (R'idente la calma) —“Радасны спакой” і Гендэля (О del mio dolce ardore) — “Маё гарачае каханне” была вызначана мастацкім дырэктарам чэхаславацкай грамафоннай фабрыкі як самая лепшая з грампласцінак, наспяваных за апошнія пяць год.

На грампласцінкі наспяваў яшчэ 7 іспанскіх песень на іспанскай мове (у апрацоўцы Мануэля дэ Фалы). Песні беларускія і іспанскія выйшлі і на доўгаіграючых грампласцінках, яны карысталіся такім поспехам, што ўжо даўно распрададзены. Апошняя грампласцінка з неапалітанскай і індзіанскай песнямі, наспяваная мною, таксама ўжо распрададзена.

Мае канцэрты носяць своеасаблівы характар. Я стараюся ўсе творы спяваць у арыгінале і на памяць, каб як мага найбольш прыблізіць выконваемую рэч да слухача, каб як мага найбольшы след пакінуць у яго душы. “Мастацтва — вялікая сіла”,— заўважыў Здэнэк Нэедлы — вялікі чэшскі музыказнаўца. Гэту праўду заўсёды памятаю і сваім мастацтвам стараюся не толькі цешыць слухача, даваць яму духоўную асалоду, алё і выхоўваць яго, узнімаць, абуджаць у ім лепшыя якасці чалавека. З гутарак пасля канцэртаў і пісем, якія атрымліваю, відаць, што слухачы гэта адчуваюць і разумеюць. А гэта самая вялікая ўзнагарода за маю скромную, але цяжкую працу. Бо не заўсёды сустракаюся з разуменнем і падтрымкай. Ёсць у людзей нямала перажыткаў старога, як, напрыклад, шавінізм, з якім, праўда, адкрыта сёння ніхто не асмеліцца выступіць. А хто ведае, што робіцца ў душы чалавека? Многа яшчэ ёсць ваўкоў у авечай скуры. Усё гэта псуе працу і жыццё наогул. Аднак вынікі гэтай працы часта радуюць.

У мінулым і ў гэтым годзе я атрымаў падзяку і прэмію ад чэшскага музычнага фонду “За майстэрскае выкананне песень сучасных чэхаславацкіх кампазітараў”. Удзельнічаю таксама ў аглядзе канцэртнага мастацтва Чэхаславакіі 1962 года. Гэта вялікі гонар і адказнасць: з цэлай рэспублікі выбраны толькі чатыры спевакі. З'яўляюся членам секцыі канцэртных мастакоў, якая аб'ядноўвае найлепшых артыстаў усёй рэспублікі. А трэба сказаць, музычнае жыццё Чэхаславакіі высока развіта і арганізавана. Мала якая краіна экспартуе столькі добрых артыстаў за граніцу, як Чэхаславакія. I каб тут утрымацца “над вадою”, трэба сапраўды нешта ўмець і нешта свае мець.

Люблю спяваць дарма, тут няма канкурэнцыі! За такія выступленні атрымліваю шмат падзяк і спецыяльных пісьмаў з падзякамі, напрыклад, ад Саюза чэхаславацка-савецкай дружбы, ад Саюза чэхаславацка-польскай дружбы, ад Камітэта савецкіх грамадзян, ад Міністэрства школ і культуры Чэхаславакіі, ад розных школ і інш. Быў два разы старшынёю камісіі цэнтральнага круга рэспубліканскага агляду народнай творчасці па сольнаму спеву.

Адным словам, працу маю тут цэняць, мяне паважаюць і любяць. Ці ўсё? Зразумела — не! Ды ўсяго ж не дасягнуў нават геніяльны Шаляпін.

Тут “спаборнічаюць” два ўплывы: адзін старэйшы, гістарычны, — заходні, другі, навейшы,— усходні. Я — з апошнім, і гэта не ўсім падабаецца. I толькі таму, што я ніколі ў жыцці не карыстаўся нічыёй пратэкцыяй (хоць не раз спатыкаўся і з міністрамі і з прэзідэнтамі), мне бывала і бывае вельмі трудна. Але аб гэтым пісаць не буду.

Канчаю свае ўспаміны, якія вельмі сціслыя, бо складаюцца з адных фактаў. Няма афарбоўкі. Яны напамінаюць голае дрэва, без убору лістоў і колеру — усяго таго, што робіць дрэва жывым і прыгожым.

Хацеў бы некалькі слоў сказаць тым, хто, як і я, захоча мастацтвам служыць народу:

“Любіце мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве” (Станіслаўскі);

“Аднаго таленту мала,— трэба працаваць і працаваць” (Б. Сметана);

“Памятайце, што дасканальнасць у мастацтве не ведае меж” (Станіслаўскі).

А Радзіме?!

Toe, што сказаў Янка Купала:

Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,

Над крыжамі бацькоў, над нягодамі.

Занімай, Беларусь маладая мая,

Свой пачэсны пасад між народамі

А сабе?

Палепшыць сваё здароўе настолькі, каб змог паказаць прыгажосць нашай песні і там, дзе яна нарадзілася.

Не знаю, калі я паспеў пастарэць,

Расстацца з юнацкімі марамі;

Амаль развучыўся смяяцца і пець,

Узброіў свой нос акулярамі.

(М. Танк “Роздум”)

15(11-25)ІV.* 1962 г. Прага.

 


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by