|
З Менска — у Мінск
1
Хачу напісаць пра свае нядаўнія адведзіны Мінска, пра сваю сустрэчу з Беларусяй. Хачу і не магу. Пачаў ужо і тут жа адклаў. Не выходзіць. Не асэнсаваў яшчэ матэрыялу, не ўсё яшчэ адклалася. Паспрабую дзеля гэтага паглядзець на свае адносіны эмацыянальна. Бяру сённяшні Мінск. Я не пазнаў яго. У маёй памяці застаўся стары Менск — малы, больш утульны, асабісты, беларускі Менск, Менск пачатку 30-х гадоў, мой Менск. У ім я вучыўся, марыў, спадзяваўся, жыў у чаканні нечага вялікага, што мае вось сёння ці заўтра здзейсніцца. Я любіў ягоныя вуліцы і завулкі. Мне, сялянскаму хлопцу, ён быў зразумелым і ў нечым — родным. Гэта нішто, што ў тым Менску быў я галодным. Я перамагаў свой голад мацнейшай за голад прагай увасобіцца, знайсці сябе, так бы сказаць, у гісторыі. У Менску месцяцца — о святая наіўнасць — рэдакцыі сталічных газетаў і часопісаў. Я ў кожную з іх занясу свае вершы, і калі не ўсюды, дык хоць у адным з гэтых выданняў з'явяцца мае творы, і праз іх з'яўлюся і я, здзейснюся. З вясковай глушы я прыйшоў у беларускую сталіцу менавіта здзейсніцца, калі прызнацца — перадусім у літаратуры,
Прахаджваюся па Савецкай, часцей на тым адцінку яе, дзе Дом пісьменніка. Назіраю, як туды ўваходзяць і адтуль выходзяць людзі, думаю —усе паэты і пісьменнікі. Купалу, Коласа, Чарота я пазнаю — яны амаль такія, якімі я запомніў іх з фатаграфій у маіх школьных падручніках. Яны свяціліся са сцен нашых класаў у нашай сямігодцы.
Ага, вось выйшаў з Дому пісьменніка чалавек у белым вясеннім касцюме, з пухлай, трохі звіслай набок шчакой, бліснуў пры ўсмешцы залатым зубам, мне сказалі — гэта Сымон Баранавых, рэдактар часапіса “Беларусь калгасная”. Я прачытаў ужо ягоную аповесць “Чужая зямля”, і мне яна спадабалася. Я ўжо абагаўляю яго.
I што б вы падумалі — і па сённяшні дзень ён стаіць у маіх вачох такім жа самым — увесь у сонцы, у белых нагавіцах, з усмешкаю, якая, здаецца, выдала ягоную таямніцу — залаты зуб, і той, абрадаваны, што вызваліўся, бліснуў сваёй залатой іскрынкай. Калі мне пазней давялося разам з Баранавых ехаць у Сібір, у цяплушцы, усё роўна ранейшы вобраз пісьменніка — радасны, вясёлы — засланяў у мяне ягоны пакутлівы, рэальны вобраз.
Або вось ідзе з тросцю стройны, яшчэ малады, удумлівы, з сашчэпленымі моцна вуснамі Уладзімір Хадыка. На выгляд горды, ён адкідвае галавой, папраўляючы свае прыгожыя русявыя. валасы. А от ягоны светлы вобраз шарэе, калі бачу Хадыку каля грубкі ў бараку ў Новаіванаўскім лагеры. Хворы, ён мёрз і не адыходзіўся — нават уначы — ад гэтага ачага цяпла. Мне чамусьці прыгадваюцца ягоныя радкі: “І ў сэрцы тога не зглушыць, што перасніў я, перадумаў”.
Ну, а вось Купала. Іду за ім назіркам усё па той жа Савецкай. У Купалы на плячы кастыль. Ён ідзе паволі, коратка спыняючыся ля вітрынаў. Тады мне ўдаецца пабачыць яго ў профіль. Для каго-небудзь іншага гэта быў бы звычайны профіль. Для мяне ж гэта быў цуд, які пабачыў я ўпершыню. Мне здалося, што Купалаў профіль павярнуўся да мяне ўсёй Беларусяй. Якое гэта шчасце магчы бачыць цуд!
Якуба Коласа я ўспрымаю выключна пачуццёва. Стаўляў сябе на месца Сымона-музыкі ці на месца Сцёпкі за парогам. Расчулены, чытаючы гэтыя творы, плакаў. На юбілей Якуба Коласа, памятаю, склаў юбіляру свой верш. Праслухаўшы яго ў маім чытанні, жонка Якуба Коласа, побач якой я сядзеў, узнагародзіла мяне сваім: “Сардэчны верш”. Для мяне гэта было больш залатога медаля.
А вось недзе на Савецкай з падвала, з нейкай кухні, патыхае смачным дражлівым куродымам. Галодны, уцягнуўшы яго ў свае нутро, п'янею. Пачаўшыся было на хаду, верш абарваўся, перапыніўся.
Але гэта быў мой Менск.
300 грамаў хлеба на дзень, што па картцы належыўся мне, студэнту, я з'ядаў па дарозе, яшчэ не дайшоўшы да інтэрната. Ды нішто!
Гэта быў мой Менск. Мая сталіца. У ёй пачалі з'яўляцца ў друку мае першыя вершы. Калі пабачыў свой верш, упершыню надрукаваны ў “ЛіМе”, здалося мне, падраслі дамы паабапал Савецкай, сталі вышэйшымі.
Адкрытыя лісты Янкі Купалы і Якуба Коласа, у якіх яны каяліся ў сваіх “нацыяналістычных” грахох, загартоўвалі нас, іх аўтары вырасталі ў нашых вачах у пакутнікаў за нацыянальнае. А калі Дом пісьменніка на Савецкай апусцеў — там ужо нельга было пабачыць шмат каго з ягоных наведвальнікаў (яны былі пераселены ў іншыя “дамы”), я адчуў, што мой Менск канчаецца. I я спяшаўся жыць. Ішоў туды, куды пайшлі і іншыя. Хоць для Беларусі яшчэ нічога я не паспеў зрабіць, ды, апынуўшыся за кратамі, я думаў, што і я сяджу за Беларусь. Узвышаў сябе тым, што ў маім Менску давялося і мне прычасціцца беларускім духам. Ды вывезены на Калыму, думаў, што ўжо ніколі не пабачу майго Менска.
А от давялося ўсё-такі пабачыць. Праз паўстагоддзе не думаў, што такое калі-небудзь можа здарыцца. Проста не дапушчаў такога. Не верылася — шмат было ўціску, здзеку, варожасці і ахвяраў, каб можна было паверыць. Але час апярэдзіў мяне і адчыніў магчымасць вярнуцца... у мінулае? Не, мінулага няма. На двары стаіць новая эпоха, незразумелая мне. Старога Менска, майго Менска, няма. Ёсць Мінск, вялікі прыгожы горад заходнееўрапейскага кшталту, з шырокімі вуліцамі і цудоўнымі плошчамі, але ўжо незразумелы, чужы мне. Я не паспеў яго яшчэ палюбіць — быў я паглынуты адным: як буду прыняты я новым Мінскам, маладым пакаленнем і калі зусім шчыра — новай (а мо старой?) уладай. Але страх мой быў дарэмным — прыняты быў я незвычайна добра, прыхільна, а самымі малодшымі, напрыклад. сябрамі літаратурнага аб'яднання “Крыніца”, што існуе пры газеце “Чырвоная змена”, нават, сказаць бы — энтузіястычна.
Адведзіны музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа, гутарка з працаўнікамі музея, напрыклад, сынам Якуба Коласа Данілам Міцкевічам і спадарыняй Тамарай Андрэеўнай Сачанка, мілымі і дасведчанымі людзьмі; адрадзілі мяне і ў нейкай ступені вярнулі ў колішні Менск.
Былі вялікай падзеяй для мяне і адведзіны рэдакцый такіх беларускіх выданняў, як “Маладосць”, “Полымя”, “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”, “Голас радзімы”, а таксама рэдакцыі рускамоўнай маладзёжнай газеты “Знамя юности”. У кожнай з іх адбылася сустрэча з супрацоўнікамі. Зачапляліся самыя разнастайныя пытанні, у тым ліку заўсёды роспыты пра жыццё і дзейнасць беларускай эміграцыі, у тым ліку i пра; маю сціплую асобу. Я быў прыемна ўражаны новым падыходам да беларускай праблематыкі, смеласцю думкі, адкрытасцю. Гавару “смеласцю думкі”, бо ж мяне навучылі баяцца, і пачуць самастойную думку было для мяне прыемнай навінай. I гэта натуральна: страх — не лепшы дарадца.
Цікавым быў мой візіт і ў рэдакцыю газеты “Знамя юности”. Вынікам сустрэчы было інтэрв'ю, падрыхтаванае супрацоўніцай газеты Галінай Айзенштадт. Неспадзёўкай было для мяне пачуць з вуснаў рэдактара газеты дасканалую беларускую мову. Дарэчы, ад нядаўняга газета дае некалькі разоў на месяц старонку па-беларуску.
Акрыліў мяне і вечар у Доме літаратара. Вершы, якія я там чытаў, успрымаліся (паводле майго вычуцця) актыўна, дружна, а часам і бурна, як напрыклад, калі прачытаў г;ерш, што канчаўся радкамі “ Я хачу, каб у нас былі нашы імператары і каралі”. Яны ўскалыхнулі аўдыторыю. Вечар дадаў мне ўпэўненасці ў самім сабе, скажу — нават узняў мяне самога ў сваіх собскіх вачах.
Але я мусіў бы пачаць гэты свой опус ад падзякі майму земляку, пісьменніку Васілю Фёдаравічу Хомчанку, які запрасіў мяне і дзякуючы запросінам якога мне ўдалося наведаць сваю Бацькаўшчыну. У гутарках з Васілём мы заглядалі ў сваю маладосць, у стары, ранейшы Менск. У 1936 годзе доля звяла нас у падвальнай камеры на рагу Савецкай і Урыцкага. Тая камера цяпер замуравана, і калі цяпер мы глядзелі на тое замураванае месца, нам здавалася, што і мы замураваныя там навекі.
Абмінуў, не прыгадаў яшчэ я тут дбайнага, умелага, дасведчага арганізатара майго паломніцтва ў святыя месцы — пісьменніка Барыса Іванавіча Сачанку. Дзякуючы яму я пабываў усюды, дзе хацеў. Шчыра ўдзячны яму за клопат, увагу, зразуменне, за ўступнае слова на вечары ў Доме літаратара, за гутарку, якую ён правёў са мной І якая мае быць надрукаванай у часопісе “Маладосць”.
Дазволю сабе яшчэ вярнуцца да майго Менска. Менск — гэта мой лес, у ім я жыў, паміраў і ў ім цяпер нібы ўваскрос. Але Менск — гэта не толькі мой лес. Гэта лес цэлай нашай літаратуры, лес ейных творцаў, у вялікай колькасці — фатальны лес. Менск — гэта, можна сказаць, калыска нашай новай літаратуры і адначасна — ейная Галгофа.
Дык вось з старога Менска, з майго Менска, я наведаў новы, малавядомы мне Мінск, я сказаў ужо — прыгожы, шыкоўны горад, які мне трэба яшчэ вывучыць, палюбіць. Ды ўсё ж, калі я хадзіў ці ездзіў па ім — аўтобусам, тралейбусам, метро, машынай,— прыглядаўся, прыслухоўваўся, напрыклад, да суцэльнай небеларускай гаворкі, да саміх людзей, добрых, цярплівых, міласэрных і прыгожых, мне неяк міжволі прыходзіла думка — з'ехала некуды Беларусь, тая, што я ведаў, і пытаўся ў сябе самога, ці вернецца яна і калі? Песімістычна? Не!*
1990 г.
