МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ларыса Геніюш // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Сяднёў Масей
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Беларусь, Чэхія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

МАСЕЙ СЯДНЁЎ

Ларыса Геніюш

У Бельску-Падляскім мяне пусцілі з таварнага цягніка ў горад — засталіся там бацька і сястра, і канвой добра ведаў, што нідзе не дзенуся, вярнуся назад. У горадзе тым я хацеў знайсці Беларускі камітэт у надзеі, што ён можа дапамагчы мне ў маёй бядзе і я буду выратаваны ад лагера. У камітэце быў я ветліва прыняты нейкім Жамойдам. Я расказаў яму пра сябе, пра сваё палажэнне, не ўтаіў таксама, што я беларускі паэт, нядаўні вязень сталінскіх лагераў. Усё гэта, аднак, не мела поспеху — камітэт нічым не мог мне дапамагчы. На развітанне Жамойда падараваў мне кніжку вершаў “Ад родных ніў” Ларысы Геніюш, да таго невядомай мне паэтэсы. З гэтай кнігай я і вярнуўся на таварную станцыю, на “свой” транспарт, да бацькі і сястры.

Ужо толькі ў Беластоку ўдалося мне, разам з бацькам і сястрою, уцячы з транспарту. Рэдактар газеты “Новая дарога”, паэт Хведар Ільяшэвіч, прыняў мяне карэктарам у сваёй газеце.

У вершах Ларысы Геніюш я не знайшоў нічога асаблівага, яны здаліся мне правінцыяльнымі — недасканалымі як паводле паэтычнага майстэрства, гэтак і сваімі адхіленнямі ад нормаў літаратурнай мовы. Што ж тычыцца матываў патрыятычнага зместу, што дамінавалі у кнізе, дык яны таксама надта не ўразілі мяне. Я ацэньваў кнігу перш за усе з эстэтычнага гледзішча, з гледзішча самой эстэтыкі, якой, як мне здавалася, якраз і не хапала вершам Ларысы Геніюш.

1 гэтак яна знікла з поля майго зроку. Яна не існавала для мяне як паэт, аж пакуль я не пазнаёміўся з ёю асабіста. Знаёмства адбылося ў 1944 годзе ў Менску на гэтак званым Другім усебеларускім кангрэсе. На гэты кангрэс я прыехаў з Беластока разам з групай “дэлегатаў” ад Беласточчыны. Я хацеў паглядзець, што гэта за кангрэс, пазнаёміцца з людзьмі, а найболей — пабываць у Менску, у сталіцы, якой я даўно не бачыў і дзе калісьці вучыўся, летуцеў, снаваў планы на будучае і дзе — гэтак неспадзявана — напаткала мяне бяда.

3 Геніюш мяне пазнаёміў Хведар Ільяшэвіч, мой апякун і дарадца. Ды сустрэча была кароткай — пад Менскам ужо стаяла Чырвоная Армія, і горад жыў вельмі напружаным жыццём. Трэба было спяшацца пакідаць яго. Спяшалася і Ларыса Геніюш. Не ведаю як, да нас прыстаў паэт Таўлай і паспеў зрабіць калектыўны здымак. На ім фігуравалі Арсеннева, Ільяшэвіч, Пятрок Шыракоў (Тодар Лебяда), я сам і некалькі іншых асобаў, якіх цяпер не магу прыгадаць. Ларыса Геніюш чамусьці не трапіла на гэта фота. Дый не да яго было. У Ларысы Геніюш было столькі рэчаў, што яна не ведала, як з імі быць. Яна папрасіла мяне, ужо знаёмага ёй чалавека, да таго ж без ніякіх рэчаў, узяць у яе цяжкі кажух Кушаля, мужа Арсенневай. Арсеннева, Геніюш і іншыя паважаныя асобы мелі гарантаваныя, ці што, месцы на цягніку, а мне з кажухом давялося браць той цягнік з боем. Складаўся транспарт з нармальных вагонаў і цяплушак з адчыненымі шырока дзвярыма. Чутка пабегла, што гэта апошні цягнік, і ў паніцы кожны, як толькі мог, лез у гэты цягнік. Куды б я ні ткнуўся, у якія б дзверы ні лез, мяне штурхалі ў грудзі назад тыя, хто ўжо дапяў. Праз буфер я пераскочыў на другую, тылавую старану цягніка і, учапіўшыся, стоячы на падножцы, за кастылі, ехаў ужо. Цягнік набіраў хуткасць, і я баяўся, што станцыйныя слупы, міма якіх цягнік імчаўся, расквасяць мне галаву. Я, канешне, кінуў той кажух. Цягнік на нейкім пераездзе затрымаўся, і я ўсё-ткі ўлез у вагон-цяплушку. Адчуваў сваю віну перад Ларысай Геніюш за страчаны кажух. Думаў, будзе крыўдзіцца на мяне, але нечакана з Прагі яна прыслала мне, яшчэ ў Беласток, віншавальную картку, на якой прыгожая дзяўчынка дае “буські” не менш прыгожаму хлопчыку.

У 1945 годзе мне пашанцавала з Берліна дабрацца да Прагі: хацеў быць хоць у якой, але ў славянскай краше. Не хацелася прабірацца далей на Захад. Думаў, ад Прагі бліжэй дахаты. Я ўсё не траціў надзеі, што маці жыве, і гатовы быў вярнуцца, каб пераканацца, ці гэта так. Ларыса Геніюш прывеціла мяне добра, старалася дапамагчы, чым толькі магла. Пазнаёміла мяне з некаторымі беларусамі, што былі тады ў Празе, у тым ліку з Забэйдам-Суміцкім, Янкам Станкевічам, Уладаімірам Сядурам (У. Глыбінным), Жарскім, Русаком і іншымі. Пазнаёміла таксама з адной мілай жанчынай-чэшкай, што працавала ў нейкай дабрачыннай арганізацыі. Гэта была на імя Ружана. Калі Ларыса Геніюш сказала, што я бедны і беспрытульны. беларускі паэт, Ружана, замужняя жанчына, была настолькі міласэрнай, што дала мне нават сваю ашчадную кніжку, з якой дзеля кароткага майго побыту ў Празе я гэтак і не мог скарыстаць. І па сённяшні дзень, назнаўшы, наколькі жорсткі свет, дзіўлюся, што ўсё ж ёсць у.гэтым свеце такія боскія людзі, як тая чэшка Ружана. Але вярнуся да Ларысы Геніюш. У Ларысы Геніюш жыў я, можа, які з тыдзень, пакуль яна не знайшла для мяне пакойчык, памятаю — на вуліцы Бубеннай. Едучы, бывала, стуль да Ларысы Геніюш трамваем, мне падабалася, як кандуктар-кантралёр звяртаўся да пасажыраў са сваім нямецка-чэшскім: “Фар-картэн-яздэнкі просімо”. У Ларысы Геніюш была ў Празе нядрэнная кватэра. Яна жылі тады толькі з сынам, непаседлівым, не надта паслухмяным, зацятым дзевяцігадовым Юркам. Ён знікаў некуды на цэлы дзень, і маці турбавалася, шукала і не знаходзіла, ён прыходзіў толькі надвечар. Маці пыталася, дзе ён быў? Ён коратка адказваў: “Ездзіў”. Юрка любіў ездзіць трамваем, ведаў.добра горад, ніколі не блудзіў. Мужа ў дому не было. Я так і не ведаў, дзе ён быў. Разглядаў у ягоным лекарскім кабінеце невялічкую бібліятэчку — у ён я знаходзіў заходнебеларускія і менскія выданні: часопісы, газеты, кніжкі. Быў Геніюш, наколькі я мог спасцігнуць, чалавекам левага кірунку.

Ларыса Геніюш умела і любіла гатаваць. Стоячы ля пліты, часам сцёбала мяне сваім фартухом, калі я, згаладалы, хапаў што-небудзь з патэльні. Аднойчы, стоячы з ёю ля пліты, я пачаў пісаць алавіком па кафлі — складаў эпіграму на яе. Яна, каб спыніць маю пэцканіну, сур'ёзна загадала мне: “Ідзі ў уборную і там пэцкай”. Я пакрыўдзіўся і цэлы дзень не гаварыў з ёю.

За сталом у яе былі часта госці, абавязкова гады — Забэйда-Суміцкі. Забэйда-Суміцкі быў ужо і тады ў гадох. Юрка, седзячы за сталом . насупраць яго, чмыхаў, заціскаў нос, дражніў Забэйду-Суміцкага: “Казёл! Казёл!” У прысутнасці Забэйды-Суміцкага ніхто не важыўся курыць — ведалі, што спявак не церпіць табачнага дыму. Шанаваў горла.

Калі я, бывала, выходзіў з Ларысай Геніюш на вуліцу пагуляць, апынуўшыся на тратуары, яна заўсёды гаварыла: “Масейка, давай пабяжым!” I бегла. Але прабегшы колькі метраў, спынялася, хапалася за сэрца: “Не магу — калоціцца”. Але бяжыць зноў. Была яна тады досыць поўнай, задыхалася, нібы не хапала паветра. Прыгадваючы гэта, дзіўлюся цяпер, як яна магла вытрымаць сваю катаргу.

Заставацца ў Празе яна быццам не хацела, збіралася адступаць далей на Захад. Быў вызначаны ўжо дзень і час ад'езду. Гатовыя да ад'езду, мы дамовіліся сустрэцца назаўтра раніцой на вакзале, а калі мы прыйшлі ў назначаны час на вакзал, яе там не было. Для мяне яна знікла назаўсёды. Але ейны вобраз бачу выразна: паважаная, гатовая на ўсё, імпульсіўная, прынцыповая і адначасна — спагадная, міласэрная. Ларыса Геніюш — жанчына тыпу рэвалюцыянеркі Цёткі.

Як паэтэсу вялікага калібру, таленавітую, арыгінальную я ацаніў толькі цяпер, угледзеў ейную значнасць, прачытаўшы ейны зборнік “Невадам з Нёмну” і асабліва — некалькі еййых цыклаў выгнанніцкіх вершаў, што пабачылі свет у газеце “Літаратура і мастацтва”. Ларыса Геніюш паўстала перада мной на ўсю сваю веліч як паэтэса-грамадзянка. Я не бачу ёй роўнай у нашай жаночай паэзіі. Яна паланіла мяне не толькі сваімі паэтычнымі магчымасцямі, а і не менш сваёй — наперакор усяму — мужнай паставай. Яшчэ з большай зыркасцю вырысавалася гэтая пастава ў ейным унікальным творы-ўспаміне “Споведзь”, надрукаванай у часопісе “Маладосць”. Перад гэтым творам блякнуць усе дасюлешнія гулагаўскія творы ў нашай мемуарыстыцы, уключна з “ГУЛАГам” самога Салжаніцына. Гэта творы аблітаратураныя, і дзеля гэтага яны шмат у чым трацяць сваю аўтэнтычнасць. “Споведзь” Ларысы Геніюш падкупляе сваёй непадробнасцю, маральнай вышынёй і падчас зайздросным бляскам выкладу.

1990 г.

Успаміны напісаны спецыяльна для гэтага зборніка.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by