МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Памяці паэта Уладзіміра Хадыкі // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Клішэвіч Уладзімір
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Расія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

УЛАДЗІМІР КЛІШЭВІЧ

Памяці паэта Уладзіміра Хадыкі

12 траўня 1940 г. трагічна загінуў у канцлагеры на Далёкім Усходзе беларускі паэт Уладзімір Хадыка. Хто быў блізкім да беларускіх пісьменнікаў, той добра ведаў Уладзіміра Хадыку як шчырага беларуса, як чалавека, які любіў свой беларускі народ, сваю дарагую Бацькаўшчыну — Беларусь.

Уладзімір Хадыка належаў да тых беларускіх пісьменнікаў, якія былі праз увесь час у няміласці. Колькі вылілася памыяў, бруднай лаянкі на галаву гэтага таленавітага, з чыстым сумленнем паэта! Колькі разоў “крытыкі” Бэндэ і іншыя адводзілі сваю душу, мяшаючы яго з гразёю, труцячы ягонае асабістае жыццё.

А за што?

Толькі за тое, што Уладзімір Хадыка глыбока любіў свой беларускі народ. Колькі ні намагаліся “перабудаваць” душу паэта — гэта не ўдалося, бо Уладзімір Хадыка, зносячы знявагу і здзек, заўсёды быў чалавекам цвёрдай волі, заставаўся з сваімі думкамі. ён не кінуў свайго народа, як іншыя, і не прадаў сваю музу за грошы, каб спяваць песні “роднаму бацьку” Сталіну.

У канцы 1936 г. блізка ўсе пісьменнікі Беларусі былі заарыштаваны і пасаджаны за краты. Я Уладзіміра Хадыку сустрэў 14 кастрычніка 1937 г. у 101 камеры менскай турмы, дзе былі яшчэ і іншыя паэты і пісьменнікі, як: А. З., С. Б., С. Д., С. Э. Гэта была перасыльная камера, адкуль усіх разам накіравалі ў Сібір. Уладзімір Хадыка быў засуджаны на 10 гадоў няволі як “нацдэм”. Часта мне асабіста даводзілася гутарыць з Уладзімірам Хадыкам, будучы ў далёкай Сібіры, у Марыінскіх лагерах.

Уладзімір Хадыка з болем у сэрцы прыгадваў сваю Бацькаўшчыну — Беларусь, свае дарагія палі, дзе ён радзіўся, свае родныя шырокія абшары, дзе так прыгожа цвітуць кветкі, красуюць нівы, шумяць лясы... а слёзы міжволі падалі з вачэй...

Няма там прыгажосці беларускае прыроды, не спяваюць там птушкі, як на Бацькаўшчыне. Там усё выглядае дзіка і сурова. Толькі той, хто кахае сваю Бацькаўшчыну, будучы далёка на чужыне, адчуе ўсю любасць да роднага, свайго.

Сэрца разрываецца, калі падумаеш на чужыне, ды яшчэ ў няволі, аб сваёй Бацькаўшчыне... Дзесяць гадоў няволі... дзесяць гадоў катаргі... дзесяць гадоў не пабачыш ні дзяцей, ні сваіх родных, ні таварышоў... I вось у гэткія цяжкія часіны Уладзімір Хадыка ніколі не падаў духам. Хто быў у выгнанні і хоць адзін раз упаў духам, той адчуў, як вельмі і вельмі цяжка падняцца, а.іншыя і назаўсёды пакідалі жыццё, накладваючы на сябе рукі.

21 траўня 1938 г. я з часткаю пісьменнікаў быў накіраваны з сібірскіх лагераў праз Уладзівасток на Калыму. Уладзімір Хадыка пасля нас быў пасланы ў Забайкалле. Працаваў ён на чыгунцы каля горада Улан-Удэ.

Едучы ў ліпені 1940 г. з Калымы ў Менск сібірскаю чыгункаю ў вагоне нявольнікаў, я выпадкова сустрэў гр-на М. Ён быў разам са мною і Хадыкам у сібірскіх лагерах. Мы добра адзін аднаго ведалі.

Падарожны мне расказваў, хто быў на чыгунцы з нашых знаёмых сібірскіх нявольнікаў у Забайкаллі. (Заўважым, што гр-н М. — беларус з Гомельшчыны.) Размаўляючы далей, ён нечакана сказаў: “Уладзіка Хадыкі ўжо няма...”

— А што з ім?— запытаўся я, насцярожыўшыся.

— 12 траўня мы выйшлі на працу,— пачаў расказваць ён,— працавалі каля чыгункі, падрывалі скалу, а шчэбень адвозілі на тачках па трапе. Мы з ім працавалі на пару. Толькі ён паставіў яшчэ першую тачку і не паспеў адысціся, як... абарваўся з скалы камень і ўпаў... па Уладзіка Хадыку... Hi слова не прамовіў ён. Мы кінуліся ратаваць, адвярнулі камень, але Хадыкі ўжо не стала... Толькі моцна ішла кроў з рота і носа... Мы яму зрабілі дамавіну, пахавалі ў прыгожым месцы і паставілі земляку-беларусу крыж.

— Добры быў чалавек, вечная яму памяць!— дадаў ён.

А як хацеў нябожчык пабачыць сваю радзіму і свайго сына! Але заплюшчыліся ягоныя вочы, не дачакаўся ён гэтай сустрэчы...

Халодная Сібір, цяжкая праца ў забайкальекіх скалах не зламалі цвёрдай волі беларускага паэта, не вытруцілі ягонага замілавання да Беларусі Уладзімір Хадыка верыў у будучыню свае Радзімы, любіў Беларусь, і гэтая любоў сагравала яго там, куды кідалі яго ворагі.

Уладзімір Хадыка паміраў з глыбокай любасцю да Беларусі, як адданы сын беларускага народа, ён змагаўся за ягонае лепшае жыццё і свае жыццё аддаў за
беларускі народ. Гэтую замілаванасць, гэтую любоў да Бацькаўшчыны — Беларусі — Уладзімір Хадыка нёс у сваім сэрцы…*


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by