|
А. САКОВІЧ
Язэп Лёсік
Увосень 1928 года я жыла ў доме Язэпа Лёсіка. Якраз у тую пару ў Беларускім дзяржаўным універсітэце здарылася прыкрая падзея. У цэнтры яе апынуліся нашы маладыя пісьменнікі.
Пачалося з прыемнага. Каля дваццаці паэтаў і пісьменнікаў — студэнтаў атрымалі персанальныя стыпендыі. Імі былі М. Зарэцкі, Я. Пушча, А. Александровіч, Т. Кляшторны, П. Трус, А. Дудар, В. Маракоў, М. Лужанін, П. Глебка, Н. Вішнеўская, К. Крапіва і інш.
— Багаты наш народ на песню, багаты на песняроў,— радасна цешыўся Я. Лёсік.
Але прыемнае ў савецкім жыцці ніколі не трывае доўга. У студэнцкай насценнай газеце з'явіўся “сяброўскі шарж”. На малюнку — сабака, у якога ляціць кій, і подпіс: “Куды ні кінь кіем, пападзеш у... беларускага пісьменніка”.
Бальшыня студэнтаў абурылася. У шаржу яна бачыла свядомае жаданне абразіць нацыянальны гонар беларуса. Міхась Зарэцкі, Андрэй Александровіч і Алесь Дудар запратэставалі. Яны апублікавалі ў прэсе гэтак званы “Ліст трох” і пакінулі універсітэт.
Раптам уся справа набыла надзвычайнага разгалосу і дзіўнага кірунку. Пагрозліва зарэгавала афіцыйная савецкая прэса. Ганілася ёю “антысавецкая сутнасць ліста трох”. Кідаўся заклік “неабходнасці вострай барацьбы пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі з мутнымі антыпралетарскімі ўчынкамі”. Склікаліся мітынгі.
Зрабілі мітынг і на рабфаку пры універсітэце, дзе я працавала за лабарантку-кансультантку ў кабінеце мовы і літаратуры. На мітынгу абвінавачвалі маладых пісьменнікаў. Адважыцца бараніць іх здавалася немагчыма. I я стаяла моўчкі.
Невясёлай вярнулася я дахаты. Ва ўсім, што адбылося на мітынгу, было нешта вельмі прыкрае. Нешта, што паніжае годнасць чалавека. Нешта, у чым я таксама адчувала сябе вінаватай. У той момант мне менш ад усяго хацелася спаткацца з цёткай Вандай, жонкаю Я. Лёсіка. Пачуўшы з калідора ейны голас у дзіцячым пакоі, я, каб унікнуць спаткання, пайшла да сябе праз гасціную.
Амаль палову гэтага прасторнага светлага пакоя займаў кабінет гаспадара. Я. Лёсік сядзеў за пісьмовым сталом і пісаў. Toe, што ён ужо ў хаце, было нечаканым для мяне, бо ён заўсёды шмат пазней прыходзіў дадому.
Не спыніўшыся пісаць, дзядзька Язэп запытаў:
- Рабілі ў вас таксама мітынг?
- Так, рабілі,— адказала я і кранулася ісці ў свой пакой. Але ён затрымаў мяне зноў пытаннем:
- Ганілі хлапцоў?
- Вынеслі рэзалюцыю з асуджэннем іхнага ўчынку,— адказала я.
Я. Лёсік паклаў пяро на чорную мармуровую падстаўку чарнільнага прыбора і павярнуўся да мяне тварам.
- I ніхто не заступіўся за іх?
- Адзін студэнт,— сказала я.— Але ён ходзіць да лекара... Нервовахворы.
- I ніводзін з здаровых нервамі?
Хоць хвіліну перад тым я сама чула сябе вінаватай, мой першы імпульс быў — апраўдацца перад ім.
- Я не ўзнімала рукі за рэзалюцыю.
- З апушчанымі рукамі мала зробіш,— сказаў ён сурова.
Твар ягоны спахмурнеў. Я разумела — чаму. I разам з тым мне хацелася запярэчыць, сказаць яму, што не можна строга судзіць і нас, моладзь. Не мы ва ўсёй гэтай падзеі маем апошняе слова. Партыя. Калі партыя загрозіць падпісаўшым ліст, яны могуць адрачыся ад усяго... ад свайго справядлівага абурэння і ад тых, хто іх бараніў. Друкуе ж А. Александровіч на жаданне партыі пашквільную паэму “Цені на сонцы”.
Гэта я толькі думала, ды не адважвалася выказаць. Я ведала, што дзядзька Лёсік ніколі не згодзіцца з маёй філасофіяй. У сваім жыцці ён усё рабіў з непахіснай рашучасцю і энергіяй, асабліва ў палітычным змаганні. І я была пэўная, што яму балюча думаць аб нас, моладзі, якая так рана навучылася маўчаць. Балела ягонае сэрца і за А. Александровіча, бо “Цені на сонцы”— хлуслівы, брутальны твор. У ім няцяжка пазнаць злосныя карыкатуры на жыццё і дзейнасць лепшых людзей нашай нацыі — С. Некрашэвіча, др. I. Серады, А. Цвікевіча, В. Ластоўскага, М. Грамыкі, Я. Лёсіка, У. Ігнатоўскага і шмат каго іншага. Усе яны ўваходзяць у нашую гісторыю як сумленныя людзі. Людзі, якія марылі і змагаліся, каб правы і воля чалавека, справядлівасць, прыгаство сталіся рэальнасцю, а не абстрактнымі словамі на нашай Бацькаўшчыне.
Што штурхнула А. Александровіча напісаць такі твор? Што штурхнула яго правакаваць сваіх настаўнікаў? Партыйная дысцыпліна? Грошы? Лёгкі поспех? Імя пралетарскага паэты? Жаданне лічыцца першым, выдатнейшым ад усіх, нават ад Я. Купалы?
Я добра ведала Андрэя, бо мы амаль два гады разам вучыліся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме.
У памяці перад маімі вачыма паўстае студзень 1922 года і адзін з маіх першых дзён у тэхнікуме. Я прыйшла за колькі хвілінаў да званка. У вялікай светлай аўдыторыі студэнты стаялі і сядзелі групамі. Я адразу заўважыла, што ўсе яны аб чымсьці горача дыскутуюць.
Аўдыторыі ў тэхнікуме не апальваліся. На лекцыях усе засталіся сядзець у верхняй вопратцы. Дзяўчаты і хлапцы былі апрануты пераважна ў кароткія рыжыя кажушкі. Ад холаду свае рукі яны хавалі ў рукавы кажушкоў.
Я прайшла на свае месца ў сярэднім радзе. Перада мною на стале першае лаўкі сядзеў А. Александровіч. У тэхнікуме галоўна вучылася вясковая моладзь. Моладзь зраўнаважаная, удумлівая. Андрэй вылучаўся пасярод усіх. Ён выглядаў тыповым хлапцом горада, горада цяжкіх гадоў рэвалюцыі. Шаснаццацігадовы юнак, неспакойны, вельмі рухлівы, у старым жаўнерскім шынялі, пераробленым на ягоны невялікі рост, у кепцы, задранай угару на патыліцы. Шараватая скура твару, відаць, ад скупога харчавання.
Тым раннем Андрэй планаваў.
— Будзем вітаць дзядзьку Лёсіка...— казаў ён узбуджана.— Хай ведае, што мы, студэнты, з ім... Ты, Лявон, паставіш крэсла на сярэдзіне,—загадаў ён Л. Плашчынскаму, які сядзеў побач яго.
Я спыталася ў свае суседкі Фросі:
— Хто такі дзядзька Лёсік?
Лявон пачуў маё пытанне і ўмомант павярнуўся да Андрэя:
— Яна не ведае, хто такі дзядзька Лёсік. Андрэевы вялікія сінія вочы запыніліся на мне.
— Не ведае?— Ён глядзеў на мяне, як на якое дзіва.— Усе ведаюць Язэпа Лёсіка.— Ён правёў рукою навокала сябе, паказваючы на студэнтаў, і зняважліва
ўсміхнуўся: — Першую спатыкаю...
На шчасце, у маю абарону стала Фрося.
— Чаго ты прычапіўся да яе? Яна ж нядаўна прыехала з бежанства,— спыніла яна Андрэя.— Дзядзьку Лёсіка выпусціла ЧК з-пад арышту. Ён сёння першы
раз прыйдзе ў тэхнікум на лекцыі,— растлумачыла яна мне.
Фрося на хвіліну змоўкла, а тады амаль пяшчотна дадала:
— Язэп Лёсік — вялікі чалавек. Вялікага розуму і сэрца...
Зазвінеў званок. Адразу ўсе паселі на свае месцы. Дзверы аўдыторыі расчыніліся і захлопнуліся з сілаю. Я. Лёсік стаяў перад намі — высокі, хударлявы. Незвычайным быў ягоны твар: валявы, моцны, з двума глыбока прарэзанымі лініямі на высокім лысеючым ілбу і ля вуснаў.
Мы ўсталі.
- Добры дзень,— павітаўся з намі дзядзька Лёсік. Ягоныя шырока пастаўленыя светлыя вочы глядзелі на нас праз акуляры зычліва. Голас быў гучны і прыемны.
- Добры дзень,— адказалі студэнты.
I тады ўсё адбылося, як запланаваў Андрэй. Лявон падбег і паставіў крэсла ля Я. Лёсіка. Студэнты-хлапцы абкружылі яго, пасадзілі на крэсла і ўзнялі ўгару.
— Хай жыве дзядзька Лёсік!— гукалі мы дружным хорам.— Хай жыве!..
Некалькі разоў Я. Лёсік прабаваў спыніць нашу шумную дэманстрацыю, але дарэмна. Студэнты не адпусцілі яго, пакуль не ўзнялі ўгару тры разы.
Нарэшце крэсла паставілі на падлогу. Я. Лёсік устаў і сказаў: “Дзякую”. Тады, падсунуўшы крэсла бліжэй да настаўніцкага стала, заняў сваё месца і расчыніў класны дзённік. Усё яшчэ з расчуленай усмешкай навокала вуснаў і ў вачах пачаў выклікаць прысутных. Дарэчы, на нашым курсе было шэсць маладых паэтаў. Спіс студэнтаў у дзённіку пачынаўся і канчаўся двума з іх: А. Александровічам і А. Якімовічам.
Пачалася лекцыя беларускае мовы. У аўдыторыі адразу запанавала працоўная атмасфера. Я. Лёсік, спакойна, цікава вёў лекцыю. Быццам не было перапынку ў ягонай працы, быццам не было арышту. Калі ён тлумачыў, адчувалася напружаная ўвага і зацікаўленне ўсяго курса. Я. Лёсік быў выдатны настаўнік. Ягоныя лекцыі мы разумелі вельмі добра, і ў яго не было дрэнных вучняў.
У 20-х гадах на “Правапісе”, “Граматыцы і сінтаксу” Я. Лёсіка вучылася літаральна ўся Беларусь.
Тады вельмі часта студэнты Беларускага дзяржаўнага універсітэта і педагагічнага тэхнікума хадзілі на адкрытыя пашыраныя сходы ў Інбелкульце, а пазней у Беларускай акадэміі навук. Там была наша нацыянальная навуковая трыбуна для абмену думкамі, для дыскусіяў. Там пры кафедры жывой беларускай мовы і літаратуры, у аддзеле гуманітарных навук можна было пачуць Я. Лёсіка, Я. Купалу, С. Некрашэвіча, П. Бузука, Я. Коласа і інш. Усе яны з шчырым навуковым захапленнем працавалі над духоўным скарбам нашай нацыі — над мовай.
Мы любілі слухаць іх усіх, але найбольш Я. Лёсіка. Ягоныя прамовы, асабліва на ўрачыстасцях, прамяніліся тымі жывымі іскрамі, якія запальваюць энтузіязм. Заўсёды, калі мы слухалі яго, у сэрца прыходзіла адвага і жаданне ахвярнасці. Прыходзіла пэўнасць абавязку перад Бацькаўшчынай, перад сваім народам. А самае лепшае было тое, што ён укладаў у нашыя душы веру. Веру, што для кожнага з нас ёсць нешта, што ён мусіць і можа зрабіць.
Сам ён аддаваў на працу не толькі ўвесь свой час, але і свае сэрца, свае здароўе. Здароўе, моцна падарванае даўгімі, цяжкімі гадамі выгнання на Сібіры.
Улетку 1929 года вымушаны быў Я. Лёсік ехаць лячыцца на Каўказ. Больш чымся за месяц да ад'езду ён пачаў адкладваць патрэбныя паперы і кніжкі для працы там. Не хацелася яму і на поўдні марнаваць дарма часу.
У тое ж лета паехала і я з групаю студэнтаў на поўдзень. Мы мелі шмат маладой энергіі, вялікую ахвоту вандраваць і зусім мала грошай. Недзе ў канцы другога месяца нашага падарожжа вярталіся дахаты
Наш настрой заставаўся не благім, але без папярэдняга энтузіязму. Хацелася есці. Было ў нас крыху хлеба, што купілі мы на ўсе свае грошы, як пакідалі Батум, ды па станцыях — дармовы кіпень.
Стаяў вельмі гарачы сонечны дзень, калі мы прыехалі ў Растоў. Я выйшла на станцыю дыхнуць свяжэйшым паветрам і набраць у кубак кіпеню. Раптам на платформе ўбачыла Я. Лёсіка. Я проста не магла паверыць свайму шчасцю. “Удача. Маю шанс дастаць грошы,— спявала мае сэрца.— Дзядзька Язэп напэўна пазычыць мне некалькі рублёў”.
- Дзядзька Лёсік, добры дзень!— гукнула я яшчэ здаля.
- Добры дзень,— адказаў ён, углядаючыся ў мяне, прыжмурыўшыся.— Нічога без акуляраў добра не бачу,— тлумачыў ён, калі я падбегла да яго бліжэй.— Здалёк і вас не пазнаў.
Мая радасная ўсхвалёванасць была такая вялікая, што я спачатку не заўважыла, што ён без акуляраў і твар ягоны заклапочаны.
- Што з вамі сталася?
- Мяне сёння ўначы абакралі. Усё забралі: валізу, марынарку, а ў ёй — акуляры і грошы.
- I паперы?— запыталася я, бо ўмомант прыгадала выпадак з Я. Коласам у 1924 годзе.
Яго таксама абакралі перад Растовам, калі ён вяртаўся з Кіславодска. Дзіўна блізкі збег акалічнасцяў, Коласаву валізу ўкралі праз акно, з платформы станцыі. Выцягнулі яе жалезным круком, як вудай, з верхняй паліцы. Цягнік толькі пачынаў адыходзіць... На пероне стаялі людзі і начальнік станцыі. Злодзея не злавілі. Колас меў у валізе другі варыянт паэмы “Сымон-музыка”, над якім ён працаваў тое лета.
Хто абакраў? Ці быў гэта злодзей? Сам Я. Колас і блізкія да яго людзі схіляліся да думкі, што гэта быў агент ГПУ.
Я. Лёсік кіўнуў галавою. Мне здавалася, што ён зразумеў бег маіх думак, калі адказаў:
- Пэўна, і паперы.
- Праз акно?
- Не, праз дзверы. У маім купэ я сам дзверы на ноч на ланцужок зашчапіў. Расшчапілі... Як гэта яны ўмудрыліся зрабіць?— разважаў ён.
Хуткі цягнік, якім ехаў Я. Лёсік, адыходзіў ад станцыі. На момант я ізноў убачыла яго ў акне вагона, ён усміхаўся на развітанне, але непакой і стурбаванасць не пакідалі ягоных вачэй.
Восень 1929 года прынесла багаты ўраджай вёскам і хутарам, нарэзаным З. Прышчэпавым. Прынесла багаты ўраджай і на нашай навуковай ніве.
Але ў тую ж восень пачаўся і новы курс палітыкі Камуністычнае партыі. 3 ім “раскулачванні”, калектывізацыя, абвінавачванні нашых навукоўцаў і дзеячаў, арышты. Афіцыйная прэса цвердзіла, што асабліва мовазнаўства сталася зброяй змагання ў руках беларускіх нацыянал-дэмакратаў. У гэтай галіне галоўным чынам на асобе Я. Лёсіка канцэнтравалася ейная ўвага.
Прыгадалі яму ягоную ролю на 1-м Усебеларускім кангрэсе, дзейнасць у БНР, рэдагаванне газеты “Вольная Беларусь”, вострыя палітычныя выступы супроць маскоўскай палітыкі цэнтралізму і русіфікацыі. Уся навуковая праца, праробленая Я. Лёсікам, абвяшчалася шкоднай.
Я. Лёсіка, як і іншых беларускіх навукоўцаў, абвінавачвалі і судзілі. Яму не давалі права бараніцца. У хаосе разбурэння і цяжкіх выпрабаванняў адно заставалася добрым: Я. Лёсік не чуўся адзінокім. 3 ім былі ягоныя сябры. Hi пагрозы, ні правакацыі не былі здольнымі парушыць праўдзівага даверу, сімпатыяў у беларускай грамадзе. I самым блізкім для Я. Лёсіка, па-мойму, у тую пару быў ягоны пляменнік Я. Колас. (Дарэчы, пляменнік на два гады старэйшы ад дзядзькі.)
Нават цяпер, аглядаючыся назад, я бачу паўцёмную гасціную з паласой святла ўпоперак яе, што падае з сталовай... I дзве постаці на канапе недалёкага пісьмовага стала. Гэта Я. Лёсік і Якуб Колас. Часта тае зімы, так, не запальваючы агню, сядзелі яны да позняе ночы, схіліўшыся блізка адзін да аднаго, і аб чымсьці ціха размаўлялі.
Сярод людзей, хто добра ведаў іх абодвух, уважалася, што Я. Лёсік меў на Я. Коласа вялікі ўплыў. Калі Я. Колас у лістападзе 1930 года падпісаўся пад ганебным лістом у прэсе, цётка Ванда сказала: “Каб быў з ім Язэп, ён такога ліста не падпісаў бы”.
Хоць Я. Колас пабудаваўся ў суседстве з Лёсікамі і часта прыходзіў да іх, я ніколі не бачыла там ягонае жонкі. Чаму? Я тады не вельмі задумвалася. Праўда, засталося ў памяці, што яе ўважалі за жанчыну, якая не хоча разумець свайго мужа і прыносіць расейшчыну ў сям'ю паэты.
Калектывізацыя вёскі таксама балюча закранула сям'ю Я. Лёсіка. Маці цёткі Ванды, Люцыю Лявіцкую (жонку нашага пісьменніка Ядвігіна Ш.), “раскулачылі”. Цудам выратаваная ад вывазу ў Сібір, яна апынулася ў хаце дачкі.
Гэтая невялічкая, немаладая, але ўсё яшчэ прыгожая кабета назаўсёды засталася ў маёй памяці з слязамі на твары і тугою ў вачах. Двух яе малодшых сыноў вывезлі ў лес пад Котлас. Фальварк ля Радашковічаў забралі. Будучыня для сям'і дачкі не зычыла дабра.
Выглядала сумнай і цётка Ванда. Толькі Я. Лёсік не схіляўся. Прыходзячы дахаты, ён жартаваў. Адразу ўсім неяк рабілася весялей. Няраз чула я, як ён апавядаў цётцы Вандзе аб дыскусіях у Беларускай акадэміі навук. Ён перадаваў усё у форме дыялогаў паміж сабою і апанентамі. Асабліва хораша імітаваў ён свайго галоўнага крытыка С. Вальфсона. Без смеху немажліва было слухаць.
Ён знаходзіў сілы жартаваць, але ўжо тады выглядаў дрэнна. Было відаць, што ён змораны, хоць у ім усё яшчэ гарэла ягоная ваяўнічая непакорлівасць.
У канцы чэрвеня 1930 года, зусім хворы (у яго часта нямелі адна рука і нага, і ён адчуваў, быццам мурашкі бегаюць па іх), выехаў ён лячыцца на поўдзень. Пазней мы даведаліся, што ў той жа дзень, у тым самым цягніку і купэ, паехаў з ім на поўдзень агент ГПУ. Калі Я. Лёсік прыехаў у санаторый, яго арыштавалі. Назад у Менск павезлі пад канвоем.
Быў пачатак ліпеня, калі ў дом Я. Лёсіка прыйшлі з вобыскам. Мы зразумелі, што дзядзька Язэп ужо ў турме.
Вобыск цягнуўся ад гадзіны шостай увечары да самага рання. Перагледзелі ўсё, нават у маім пакоі. Лазілі і ў печку і на печку... ператрэслі ложак, валізу, пісьмовы стол...
Надышлі страшныя месяцы. Трывога, чорныя думкі, страх за лес блізкіх людзей. Уся радасць нацыянальнага жыцця ў Беларусі замерла. Беларуская навука ляжала патоптанай. Несумленныя, беспадстаўныя абвінавачванні дзівілі сваёй абсурднасцю.
Хто быў выканаўцамі волі Масквы? Хто атакаваў? Хто выносіў прысуд? У большасці — людзі чужыя, варожыя да нацыянальных аспірацыяў беларускага народа або камсамольцы тыпу А. Кучара. У сваёй аўтабіяграфіі, апублікаванай у 1963 годзе, ён цынічна зазначае: “Мы... без аглядкі прагаласавалі за генеральную лінію партыі”. Toe, што тысячы нявінных, сумленных людзей загінулі ці без віны пакутавалі ў канцэнтрацыйных лагерах, відаць, і сёння не турбуе іхняга сумлення. Загінуў і Я. Лёсік. 3 успамінаў ягонага брата Антона мы ведаем, што “паміраў Язэп Лёсік пры вельмі цяжкіх абставінах: у турэмнай камеры, у выгнанні, на чужыне, без родных і знаёмых і далёка ад дарагой для яго радзімы, за якую ён аддаў сваё жыццё. Апошнія дні жыцця Язэпа засталіся таямніцаю, як таямніцаю засталася і ягоная магіла, бо дзе пахаваны Язэп Лёсік, жонка і дзеці не маглі даведацца”*.
