МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

З жыцьця Язэпа Лёсіка // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Лёсік Антон
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Беларусь, Расія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

АНТОН ЛЁСІК

З жыцця Язэпа Лёсіка

Змест маіх успамінаў аб брату Язэпу Лёсіку абумоўлены тымі абставінамі, пры якіх яны пісаліся. Справа ў тым, што сектар навуковых працаўнікоў у інспектарыяце школ паводле сваей ініцыятывы пастанавіў збіраць матэрыялы аб беларускіх дзеячах як ранейшых, так і сучасных. Гэта ініцыятыва была прынята і кіраўнікамі інспектарыята.

Выходзячы з гэтага, калі збіраць матэрыялы аб Язэпу Лёсіку, то зразумела, матэрыял гэты павінен даць, галоўным парадкам, абраз яго як дзеяча палітычнага ці грамадскага і навуковага, інакш кажучы, трэба было даць нарыс таго, што зрабіў Язэп Лёсік для Беларусі, беларускага народа і для беларускай справы наогул. Але мае 70 гадоў і стан здароўя, як чалавека, які ў сваім жыцці перанёс пяць разоў запаленне лёгкіх і ў бясконца цяжкую зіму не раз занепадаў, накіравалі маю думку ў іншы бок. 3 маёю смерцю шмат якія моманты з жыцця Язэпа Лёсіка засталіся б ні для кога невядомымі. А ён заслугоўвае таго, каб хоць галоўнейшае з жыцця ягонага захавалася ў памяці будучых пакаленняў, бо жыццё Язэпа Лёсіка можа мець і выхаваўчае значэнне. Гэта жыццё можна ахарактарызаваць адным словам — змаганне, змаганне з тымі перашкодамі, якія спатыкалі яго бадай што на кажным важным кроку ягонага жыццёвага шляху. I гэта змаганне загартавала характар Язэпа Лёсіка, дало моцу волі, упорыстасць у працы і вялікую працаздольнасць.

Беручы пад увагу, што аб грамадскай і навуковай дзейнасці Язэпа Лёсіка захавалася шмат матэрыялаў у друку ды, апрача таго, жыве нямала сведкаў яго дзейнасці, якія могуць ахарактарызаваць яе лепш за мяне, я наважыў пакінуць на памяць малодшаму пакаленню свае ўспаміны “З жыцця Язэпа Лёсіка”.

Я спяшаўся, покі ёсць сіла,— занесці на паперу тое, што захавалася ў маёй памяці з жыцця брата Язэпа, галоўным чынам факты біяграфічнага характару, і толькі ў сувязі з гэтым закрануў некаторыя моманты з палітычнай і навуковай дзейнасці яго. Гэты свой нарыс “З жыцця Язэпа Лёсіка” я і падаю.

Язэп Лёсік нарадзіўся 6 лістапада 1884 г. у сяле Мікалаеўшчына Менскага павета, у сям'і селяніна. Ён быў малодшы з сямі братоў і апошняе дзіця ў бацькоў. Як самы малодшы ў сям'і, зразумела, Язэп быў пестуном маці і бацькі, братоў і сёстраў. Маленства Язэпа, значыцца, прайшло для яго добра, без усякіх турбот і асаблівых абавязкаў, бо былі старэйшыя браты, якія выконвалі ўсе гаспадарскія справы; нават не прымушалі Язэпа пасвіць гусі, што звычайна ўскладалася на малых. Язэп жыў вольна і праводзіў час як хацеў. Гэта трэба адзначыць, бо ў далейшым жыцці Лёсіка, бадай што на кажным важным кроку жыццёвага шляху, спатыкалі перашкоды і цяжкі лес.

Першы раз ён спаткаўся з такімі перашкодамі на экзаменах у Нясвіжскую семінарыю. Нягледзячы на тое, што Язэп быў здольны, добра скончыў народную школу І яшчэ два гады рыхтаваўся да паступлення ў семінарыю, яго ўсё ж такі “зрэзалі” на экзаменах, як у тыя часы гаварылі.

Прычынаю гэтай няўдачы Язэпа міжвольна быў я. Здарылася так, што інспектар народных вучылішчаў Т. з Менска на рэвізіі маёй школы ў Койданаўскай воласці ў 1892 г. зрабіў такі запіс у класным журнале: “Настаўнік не толькі не папраўляў вучняў, калі яны гаварылі па-беларуску, але і сам гаварыў па-беларуску, як, прыкладам: “пяць”, “чытаць”, “хадзіць” і г. д.”. Значыцца, у віну мне інспектар паставіў беларускае цеканне і дзеканне, чаго не магла выбіць у семінарскіх выхаванцах ніякая русіфікацыя. Гэты запіс з дырэкцыі народных вучылішчаў пераслалі ў Нясвіжскую семінарыю, якую я скончыў. Дырэктар вельмі абурыўся. Гэтаму факту надалі палітычны характар. Раней адносіны дырэктара да мяне як да прыкладнага вучня былі вельмі добрыя.

Пасля прыведзенага факту гэтыя адносіны змяніліся на варожыя. Звычайна калі адзін брат вучыўся ў семінарыі добра, дык і другі мог лёгка вытрымаць экзамен. Так было б і з Язэпам, каб не выйшла азначанага здарэння са мною. У выніку такога здарэння са мною, Язэпа на экзамене “зрэзалі”. Русіфікатар-інспектар не мог прадбачыць, што ягонаму сыну давядзецца вывучаць беларускую мову, а ягоным унукам — вучьщца ў беларускіх менскіх школах. Ужо першы крок Язэпа на ягокым жыццёвым шляху сустрэў вялікую перашкоду; Зразумела, гэта вельмі цяжка адбілася на хлопцы, які так імкнуўся да навукі і толькі марыў аб гэтым. У Далейшым нечага было думаць пра паступленне Язэпа ў Нясвіжскую семінарыю, трэба было ехаць у другую.

У 1898 г. Язэп без усялякіх перашкод паступіў у Маладзечанскую семінарыю. Але ён быў юнак свавольны, не паддаваўся суроваму семінарскаму рэжыму, часта рабіў сутычкі з настаўнікамі. Такім парадкам у семінарыі Язэп стаўся за непажаданага выхаванца, і яго звольнілі з другога класа без права паступлення ў другія навучальныя установи. Таму яму не давялося скончыць семінарыі. Другі раз ён спатыкнуўся на сваім жыццёвым шляху. Калі Язэп вярнуўся з семінарыі дадому, у Мікалаеўшчыну, бацькі, асабліва маці, сустрэлі яго з вялікім жалем і сумам, іх апанавала несупыннае гора, і яны не ведалі, што з Язэпам рабіць, бо ад гаспадаркі ён быў зусім адарваны, а навука яго, на думку бацькоў, была скончана. Аб сваім горы бацькі напісалі мне ў Ноўгарад-Северск на Чарнігаўшчыне, дзе я быў за настаўніка гарадскога вучылішча. Я напісаў, каб Язэп прыехаў да мяне ў Ноўгарад-Северск вучыцца ў гарадскім вучылішчы. Паступіў Язэп у апошні клас вучылішча і ў 1902 г. скончыў яго.

Тут ён больш захапляўся чытаннем кніг з бібліятэкі вучылішча. На шчасце Язэпа, бібліятэка ў Ноўгарад-Северскім вучылішчы была вялікая і каштоўная, бо гэта школа пад назовам “Малое вучылішча” заснавалася яшчэ пры царыцы Кацярыне II, калі Ноўгарад-Северск уважаўся за губернскі горад. У бібліятэцы вучылішча меліся ўсе выданні таго часу. Язэп праводзіў у ён больш часу, чымся траціў яго на вучэнне.

Далей я хацеў паставіць Язэпа на той шлях, на якім стаяў сам, і таму меўся рыхтаваць яго да наступления ў настаўніцкі інстытут. Але для гэтага Язэпу трэ было стаць за настаўніка народнага вучылішча. З гэтаю мэтаю яму давялося пры Ноўгарад-Северскай гімназіі трымаць экзамен на годнасць настаўніка народнае школы. Гэты экзамен ён легка вытрымаў, яму далі пасведчанне, што ён мае права быць за настаўніка ў народным вучылішчы. Язэп пажадаў працаваць на Меншчыне, адкуль ён родам. Яго прызначылі выкладчыкам расейскае мовы ў Бабруйскую сельскагаспадарчую школу.

Працаваў ён у Бабруйску толькі адзін год і ў 1903 г. зноў прыехаў да мяне ў Ноўгарад-Северск і выказаў жаданне працаваць у Ноўгарад-Северскім павеце.

Яго прызначылі настаўнікам у добрую школу ў мястэчку Грамяч, якое на старой этнаграфічнай карце Беларусі ўважалася, але не зусім правільна, за апошні пункт беларускае мовы (на самай справе беларуская мова гучыць у большай частцы Ноўгарад-Северскага павета і даходзіць з аднаго боку да Чарнігава).

У Грамячы Язэп хутка наблізіўся да народа, зрабіўся для яго вялікім аўтарытэтам і цалкам увайшоў у грамадскае жыццё Грамяча. Надыходзіў 1905 год. У Расіі сталі падымацца хвалі пратэстаў супроць царскага самаўладства.

Язэп, будучы ўжо хлапцом 20 гадоў, вельмі захапіўся палітычнымі справамі і стаў знаёміць з палітычнымі пытаннямі грамяцкіх сялян. Сяляне збіраліся ў школу, дзе Язэп чытаў ім газеты. Зразумела, што гэтыя зборышчы сталіся ведамымі паліцыі. Паліцэйскія заходзілі ў школу і слухалі, што чытаў Язэп, як ён выясняў сялянству несправядлівасць валодання вялікімі абшарамі зямлі і нястачу зямлі ў сялян і даводзіў да выніку, што неабходна перадаць панскую зямлю сялянству. Такая неасцярожнасць у сваёй палітычнай дзейнасці прывяла да таго, што Язэпа ў 1905 г. арыштавалі і пасадзілі ў ноўгарад-северскую турму. Ужо трэці раз спаткаў яго сумны лёс. Тагачасны турэмны рэжым не быў вельмі суровы: дазвалялася прыносіць з волі розныя кнігі і яду.

Праседзеў Язэп у турме больш году і за гэты час прачытаў шмат кніг.

Арышт Язэпа вельмі абурыў жыхарства Грамяча, бо яго ўсе любілі і шанавалі, і таму ўзнікла імкненне вызваліць Язэпа з турмы. Да мяне ў Ноўгарад-Северск прыйшлі прадстаўнікі з Грамяча з парадаю, як вызваліць Язэпа з турмы. Паводле іхнае прапановы меркавалася, што прыйдзе сялянства з Грамяча да турмы арганізаваным парадкам і патрабуе вызвалення Язэпа з турмы.

Але беручы пад увагу, што такое з'явішча, як падыход да турмы грамадою, забаранялася і таму магло скончыцца стралянінай у грамаду і вялікімі ахвярамі, а не вызваленнем Язэпа з турмы і што гэта магло павесці да значнага пагоршання далейшага лесу Язэпа,— зважаючы на гэта, я не толькі не параіў здзейсніць план вызвалення Язэпа з турмы, але нават прасіў гэтага не рабіць. Ды і прадстаўнікі з Грамяча самі пераканаліся, што іх план вызвалення Язэпа не дасягне мэты і не палепшыць лесу Язэпа.

Калі маці даведалася, што Язэпа пасадзілі ў турму, то ўдалася ў роспач, бо ні дзяды, ні прашчуры нашы не ведалі такога выпадку, каб хто-небудзь з мікалаеўцаў сядзеў у турме. У Мікалаеўшчыне ніхто не карыстаўся замком, усё дабро было адчынена і нічога не прападала і ніхто ніякай кары не нёс, а тут яе сын Язэп, ды яшчэ ж адукаваны чалавек,— у турме. У галаве сялянскае жанчыны не знаходзілі месца такія, як ей здавалася, несумяшчальныя рэчы, як ейны сын і турма. Несуцешнае гора паскорыла заўчасную смерць нашай маці.

У 1907 г. Язэпа перавезлі на суд у Старадуб на Чарнігаўшчыне. Тут яму ўдалося збегчы з горада і такім чынам унікнуць суда. Пасля гэтага Язэп некаторы час хаваўся ў Стоўбцах, адкуль напісаў да мяне ліст з просьбаю выслаць яму сто рублёў, каб ён мог выехаць за граніцу.

Я выслаў сто рублёў і пасля таго колькі месяцаў не меў ад яго ніякіх вестак і таму думаў, што Язэпу удалося выехаць за граніцу. Але нечакана я атрымаў ліст ад старэйшага брата — начальніка ст. Красноўка, недалёка ад Луганска на Украіне. У тым лісце брат пісаў, што да яго з Пецярбурга прыехаў Язэп з вялікай колькасцю кніжак.

У Красноўцы Язэп пражыў каля двух гадоў. Тут ён галоўным парадкам займаўся чытаннем купленых кніжак. Але далей заставацца нельга было, бо чыгуначны жандар пачаў браць увагу на маладога чалавека без асаблівых заняткаў. А між тым да мяне ў Ноўгарад Северску часта заходзілі паліцэйскія і наводзілі даведкі, дзе Язэп. Гэтае наведванне было часта яшчэ і таму, што я жыў пад наглядам паліцыі, бо як дэпутат працоўнай групы сялянства ў 2-й Дзяржаўнай думе быў зволены з настаўніцкай пасады, прычым працаваць у школе было забаронена. Пры такіх умовах Язэпу да мяне ў Ноўгарад-Северск нельга было прыязджаць, але і заставацца ў Красноўцы таксама было небяспечна і немагчыма.

Не зважаючы на мой стан у Ноўгарад-Северску, Язэп у 1911 г. з Красноўкі прыехаў да мяне, бо хавацца далей было цяжка, тым больш што ў яго не было чужога пашпарту. Зразумела, што ў Ноўгарад-Северску яго хутка арыштавалі і зноў перавезлі ў Старадуб на суд. Цяпер суд вынес значна цяжэйшае пакаранне за тое, якое магло быць у 1907 г. (за такія справы, у якіх абвінавачваўся Язэп, у 1907 г. засуджалі да двух-трох гадоў зняволення). Цяпер Язэпа прысудзілі да бестэрміновага высялення ў Сібір, дзе ён жыў да канца царскага самаўладства, да 1917 г., спачатку ў г. Кірэнску Іркуцкай губерні, а потым у некаторых сёлах Шрэнскага павета. Нядоўгі час Язэп жыў у Бадайбо.

Будучы ў ссылцы, Язэп заняўся самаадукацыяй. З гэтаю мэтаю я высылаў яму падручнікі па розных прадметах. Значнай дапамогі на свае існаванне ад мяне Язэп не мог атрымаць, бо я быў беспрацоўным і жыў прыватнымі ўрокамі, і таму ён здабываў сродкі на свае існаванне фізічнаю працаю і толькі ў Бадайбо быў за пісца, а ў адной вёсцы арганізаваў пачатковую школу, але паліцыя хутка яе зачыніла, бо ў ссылцы ў тыя часы забаранялася працаваць паводле сваёй спецыяльнасці: настаўнік ці доктар маглі ўсё рабіць, толькі першы не вучыць, а другі — не лячыць.

У ссылцы Язэп жыў разам з сябрамі ў няшчасці — з іншымі палітычнымі. Аднаму з такіх сяброў удалося нелегальна прыехаць у Ноўгарад-Северск, дзе была ягоная радня.

Апавядаючы мне аб жыцці Язэпа у ссылцы, ён між іншага дабавіў жартуючы, што Язэп ужо атрымаў медаль... бульбяны, бо ён добры кухар.

У Сібіры Язэп сустрэўся з Алесем Гаруном, з якім потым не разлучаўся. Язэп прыслаў мне фотакартку, на якой былі зняты ён з Алесем Гаруном. На жаль, гэта картка згарэла ў Менску ў часе вайны.

Адарваны ад сваёй Бацькаўшчыны, Язэп трымаў цесную лучнасць з ёю.

Ён супрацоўнічаў у “Нашай ніве” і з далёкага чужога краю пільна сачыў за тым, што рабілася ў краі родным, аб чым можна было меркаваць з тых лістоў, якія ён прысылаў мне ў Ноўгарад-Северск (лісты гэтыя таксама згарэлі).

Часам прысылаў мне адкрытыя лісты з узорам старога беларускага пісьменства 16—17 стагоддзяў. Ён падтрымліваў сувязь з пісьменнікамі і знаёмымі настаўнікамі на Беларусі. Але сведамым, ідэйным нацыяналістам ён стаў яшчэ на семінарскай лаве. Калі Я. Лёсік вярнуўся да мяне з семінарыі ў Ноўгарад-Северск, дык прывёз з сабою колькі сшыткаў тагачасных беларускіх твораў, якія хадзілі ў спісах па руках, як, прыкладам, “Тарас на Парнасе”, “Гапон”, “Гутарка Паўлюка” і шмат паасобных вершаў. Ён любіў іх часта дэкламаваць мне і сябрам па школе, а са мною звычайна гаварыў па-беларуску.

З Сібіры Язэп вярнуўся на Беларусь у 1917 г. і спыніўся ў Менску.

У перыяд ад 1917 да 1923 г. сувязь з Язэпам была слабая, а часам зусім перарывалася, бо спачатку праз Менск праходзіў Заходні фронт, а далей вайна з Польшчаю.

У Менску Язэп Лёсік стаў палітычным дзеячам. Ён выступае на сялянскім усебеларускім з'ездзе за справу Бацькаўшчыны, за нацыянальную сведамасць, за родную мову, за адраджэнне Беларусь

Ён быў сябрам, а потым і старшынёю Усебеларускай Рады, якая выдала закон пра незалежнасць Беларусі і арганізацыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Калі ўсталявалася савецкая ўлада на Беларусі, бальшавікі арыштавалі Язэпа як беларускага дзеяча, аб чым паведаміла мне ягоная жонка, дачка Ядвігіна III. Я тэлеграмаю ў Аддзел асветы прасіў прыняць захады да вызвалення Язэпа з-пад арышту. Але з гэтага нічога б не выйшла, каб не ўзняў свайго голасу Ігнатоўскі. На гэты раз Язэпа неўзабаве вызвалілі. Як ён потым мне перадаваў, за ягонае вызваленне рашуча ходаўся Ігнатоўскі, які заявіў: “Калі не вызваліце Лёсіка, дык саджайце мяне”.

Навуковая і педагагічная дзейнасць Язэпа ў Менску добра ведамая, бо ад ягонае працы засталася вялікая спадчына. Ён выдаваў газету “Вольная Беларусь”, пісаў у шмат якіх часопісах, складаў граматыкі і правапіс, чытаў лекцыі ва універсітэце і адначасна быў за выкладчыка беларуСкае мовы на курсах беларусаведы, якія адбываліся ва ўсёй Беларусі. Гэтая ягоная праца была бадай што найкаштоўнейшая для таго часу, бо тут
ён выступаў як прапагандыст беларускае справы, што вельмі спрыяла развіццю нацыянальнай сведамасці сярод жыхарства Беларусі. :

За дзейнасць сваю ў Менску, якая праходзіла не больш як дзесяць гадоў, Язэп зрабіў вельмі многа. Ён, стоячы на варце чысціні беларускае мовы, актыўна ўдзельнічаў у тэрміналагічнай камісіі Інстытута беларускае культуры, пры гэтым па розных прадметах і ўстанавіў граматычную тэрміналогію. Ён пісаў граматыкі беларускае мовы для школ і тэхнікумаў, бо “Беларуская граматыка для школ” Тарашкевіча была занадта малая і не высвятляла ўсіх фактаў і законаў беларускае мовы.

Для школ Я. Лёсікам была складзена “Школьная граматыка”. Для тэхнікумаў напісаны ў навуковым асвятленні “Фанетыка”, “Марфалогія”, “Сінтаксіс”, прычым “Сінтаксіс” Я. Лёсік напісаў першым і самастойна, бо да яго не было сінтаксісу беларускае мовы. Тарашкевіч гэтага пытання не закрануў. Граматыкамі Я. Лёсіка карысталіся і вышэйшыя ўстановы.

Калі ўспомніць усё тое, што зрабіў Язэп за кароткі час для беларускае справы, то трэба здзіўляцца ягонай энергіі і працаздольнасці. Пры такой сваёй кіпучай дзейнасці ён яшчэ знаходзіў час пісаць артыкулы ў штодзённым друку і ў часопісах.

Апроч таго, не атрымаўшы нават сярэдняй асветы, Язэп самаадукацыяй дасягнуў таго, што паводле свайго разумовага развіцця і веды ён стаяў на ўзроўні тых, хто скончыў вышэйшую асвету. Але ўзяўшыся за працу над развіццём беларускае мовы, Язэп адразу адчуў, што ў галіне філалогіі яму трэба працаваць вельмі шмат, каб быць на ўзроўні сучаснага мовазнаўства. ён дастае навуковыя працы ў галіне беларускае мовы і народнай творчасці, а таксама расейскія кнігі ведамых філолагаў.

Праседжваючы цэлыя ночы над вывучэннем філалагічных навук, Язэп дабіўся ў гэтай галіне вялікіх поспехаў і мог уважацца за сапраўднага моваведа. Для сучаснае беларускае мовы за колькі гадоў Язэп адзін зрабіў гэтулькі, колькі не маглі зрабіць дзесяткі іншых. Натхняла яго ў гэтай працы асаблівая любасць да беларускае мовы. Аднойчы ён сказаў мне: “Калі я праходжу па вуліцах Менску і чую беларускую мову, то слухаю яе, як музыку”.

Што зрабіў Язэп на карысць беларускае мовы, гэта патрабуе асаблівага даследавання, бо ягоныя працы сустракаюцца ў шмат якіх часопісах, газетах, у працах Інстытута беларускае культуры і Акадэміі навук. Калі Інстытут беларускае культуры быў рэарганізаваны ў Акадэмію, Язэп Лёсік атрымаў годнасць акадэміка, і гэта было зусім заслужана.

Дзякуючы такой дзейнасці Язэп Лёсік стаў самым ведамым чалавекам на Беларусі, і гэта было адной з галоўных прычын пераследвання яго з боку бальшавікоў, бо ўсякага, хто падымаўся занадта высока, бальшавікі звычайна апускалі так нізка, што ад яго і следу не заставалася.

Здавалася б, што, дасягнуўшы такой папулярнасці на ўсёй Беларусі, Язэп адчувае сябе вельмі добра, і таму мяне надта здзівіла, калі на мой ліст, у якім я прасіў напісаць, як ён жыве і адчувае сябе ў бальшавікоў, Язэп адказаў: “Жыву, як мыш пад мятлою”. Гэтай характэрнай беларускай прыказкай ён даў зразумець, у якіх умовах яму даводзіцца жыць і працаваць. Калі ўзяць гэта пад увагу, дык яшчэ больш трэба здзіўляцца таму, якую сілу волі меў Язэп, каб праяўляць кіпучую дзейнасць пры такіх умовах, калі жыў, “як кыш пад мятлою”.

Так адчуваў сябе Язэп у той перыяд бальшавіцкай улады, калі яшчэ не пачынаўся націск на беларускіх дзеячаў і баларускую культуру. Тады на чале ўлады стаялі Чарвякоў і Язэп Адамовіч — шчырыя прыхільнікі беларускіх справаў. З боку партыйных колаў таксама не адчувалася яшчэ асаблівага націску. Але калі меркавалася надаць Язэпу Лёсіку годнасць прафесара, дык гэта не ажыццявілася выключна з прычыны ягонага палітычнага светагляду.

Гэты націск быў зроблены з боку партыйных колаў. Усё ж трэба ўважаць, што да 1927 года яшчэ беларускія дзеячы мелі магчымасць рабіць усё тое, што яны уважалі за карыснае для дабра Беларусі і беларускага народа. Наяўны яшчэ націск з боку партыйных колаў на беларускую культуру і ейных дзеячаў пачаўся з часу Акадэмічнай канферэнцыі ў лістападзе 1926 года. Абвінавачванні былі рознага характару. 3 аднаго боку было нездавальненне камісарам асветы Баліцкім, што ён без узгаднення з цэнтральным партыйным камітэтам зрабіў даклад аб стане асветы ў савецкай Беларусі перад вучонымі замежных краін, бо на канферэнцыі былі філолагі з Нямеччыны, Літвы, Латвіі і Польшчы. Нездаволеныя былі нават упрыгожаннем залі, у якой адбывалася паседжанне канферэнцыі; упрыгожанне было ў чыста беларускім стылі. Ніякіх бальшавіцкіх лозунгаў не было. Нават не было партрэта Леніна. Хоць гэты партрэт знялі і паставілі ў такім месцы, у якім яго было не відаць, але абвінавачвалі кіраўніцтва канферэнцыі ў тым, што партрэт Леніна быў выкінуты з залі на падлогу. Далей абвінавачвалі кіраўніцтва канферэнцыі ў тым, што было выдадзена на прыём членаў канферэнцыі і гасцей 3000 руб., што паводле таго часу складала вялікую суму. Гэты ўдала арганізаваны вечар зрабіў вельмі добрае ўражанне на замежных гасцей.

Калі гэта рабілася, то і партыйныя колы мелі на ўвазе асаблівую ўрачыстасць канферэнцыі, але пасля шырока разгорнутай працы яе яны схамянуліся, бо гэтая канферэнцыя паказала кіруючым партыйным колам, на якую вышыню падымаецца беларуская культура і беларуская справа наагул, а гэта зусім не ўваходзіла ў планы бальшавізму, які імкнуўся знішчыць нацыянальную культуру, і таму праца Акадэмічнай канферэнцыі ў гэтых колах выклікала перапалох. Вось чаму Акадэмічная канферэнцыя, якая ўзняла нацыянальную беларускую справу на такую вышыню, зрабілася тым зыходным пунктам, адкуль пачаўся пераслед беларускіх дзеячаў, беларускае культуры і ўсёй беларускай справы.

3 гэтага часу партыйныя колы сталі збіраць матэрыялы супроць беларускіх дзеячаў і ў асаблівасці супроць Язэпа Лёсіка. Першы зрабіў крытыку граматык Я. Лёсіка яўрэй, які прыехаў з Масквы ў Менск, як можна дагадацца, са спецыяльнаю мэтаю, дыскрэдытаваць працу Я. Лёсіка. (Пры бальшавіках яўрэі рабіліся “моваведамі” і складалі граматыкі спачатку расейскія, як, прыкладам: яўрэі — Шапіра, Фрындлянд, Шалыт, а потым па Беларусі яўрэі Шкляр, Рохкінд, а яўрэй Бязносік стаў за нязменнага рэдактара ды і аўтара беларускіх граматык.)

Гэты яўрэй вельмі абурыўся на Я. Лёсіка за тое, што ён пабудаваў усе свае граматыкі вылучна ў беларускай народнай мове і зусім не карыстаўся моваю бальшавікоў і іхнымі лозунгамі. Значыцца, выходзіла, што граматыкі Я. Лёсіка нібыта складзеныя не ў савецкай Беларусі, бо ў іх нічога савецкага не было.

Знайшліся партыйныя “філолагі”, якія даводзілі, што Язэп Лёсік не садзейнічаў развіццю беларускай мовы, а псаваў яе, нават дайшлі да такой бязглуздзіцы, што абвінавачвалі яго ў сведамым псаванні мовы, бо ён пісаў толькі па-беларуску і ўжываў толькі беларускія словы і формы, а ўхіляўся ўжываць словы расейскія. З'явіліся ў друку наспех зляпаныя, без усякага абгрунтавання артыкулы аб тым, як псаваў беларускую мову Язэп Лёсік і ягоныя сябры. Пайшоў моцны націск на беларускую культуру наагул. 3 другога боку, пайшлі абвінавачванні і за палітычны светапагляд Язэпа. Але бальшавікі не ведалі яшчэ, што Язэп быў за сябра Беларускае Рады, якая была створана ў 1918 г., не ведалі, што ён пісаў супроць бальшавікоў у беларускім друку, бо ўсе такія выданні былі захаваныя, але, на вялікі жаль, захаваныя нядобра і ляжалі ў нізе бібліятэчных шафаў.

У бальшавіцкім друку 1927—1929 гадоў сталі з'яўляцца шматлікія артыкулы супроць Язэпа і ягоных сяброў дзейнасці: Сцяпана Некрашэвіча, Смоліча, Ластоўскага і др.

Усіх беларускіх дзеячаў сталі называць нацыянал-дэмакратамі, або, скарочана, “нацдэмамі”, і гэта слова ў бальшавікоў стала ганебным, бо пад гэтым словам яны разумелі “ворагаў народа”, за якіх уважалі ўсіх, хто не спяваў дыфірамбаў бальшавізму.

Беларускіх дзеячаў абвінавачвалі ў тым, што яны нібыта імкнуліся прадацца панскай Польшчы, але да трасенняў на кватэрах у бальшавікоў было яшчэ мала абвінаваўчага матэрыялу. Толькі ведалі бальшавікі, што Язэп Лёсік, як і ягоныя сябры, быў супроць бальшавіцкай улады.

У 1930 г. Язэп Лёсік у канцы ліпеня быў нечакана арыштаваны на курорце ў Мацэсце (на Каўказе), дзе ён лячыўся ад ішыясу: ужо два гады не мог ён хадзіць без палкі.

Закончыць курс лячэння яму не далі, з Каўказу арыштаваным прывезлі ў .Менск і пасадзілі ў турму ГПУ, так званую “амерыканку”. Адначасна з яго арыштам у ягоным доме пры Гашпітальнай вуліцы трэслі. Пачалі трэсці а 10-й гадзіне ўвечары і трэслі аж да 8-й гадзіны раніцы. Спачатку зайшліся да мяне (я жыў у доме Язэпа) і прымусілі мяне быць за сведку пры вобыску брата.

Вобыск быў гэткі старанны, што літаральна не засталося нічога на кватэры, на гары і ў халодных пабудовах, чаго б не зачапілі агенты ГПУ. Нават разабралі на паасобныя часткі маленькі, але высокі вытачаны столік і чагось шукалі ў тых круглых вытулінах, якія былі ў мясцох, дзе столік звінчваўся. Hi Язэпу, ні каму другому і ў галаву не прыходзіла, што гэты столік разбіраецца.

Асаблівую ўвагу бралі на ўсё тое, што напісана рукою. Уся перапіска Язэпа, як асабовая, так і службовая, і ўсякія другія рукапісы былі забраныя. З бібліятэкі ўзятыя кнігі старых выданняў і ўсе старыя часопісы і газеты, у тым ліку і тыя, якія друкаваліся пры нямецкай і польскай уладах.

Апошняе было горш за ўсё, бо з гэтых выданняў бальшавіцкі пракурор знайшоў шмат абвінаваўчага матэрыялу. У гэтых выданнях знайшлі артыкулы Язэпа супроць бальшавікоў.

Было ўзята гэтулькі матэрыялу, што давялося везці на кані.

Беручы пад увагу, што ў гэтую ноч рабіліся арышты ўсіх дзеячаў і вобыскі ў іх, зразумела, якую вялікую колькасць абвінаваўчага матэрыялу знайшлі бальшавікі супроць беларускіх дзеячаў.

У часе вобыску адбылося непрыемнае для агентаў ГПУ здарэнне. Якраз у гэты вечар ішла ў тэатры такая пастаноўка, у якой патрэбна была страляніна ў гарадскім садзе, недалёка ад кватэры Язэпа. Гэта страляніна так напужала тых, хто рабіў вобыск, што яны прыпынілі сваю “працу”. На спалоханых тварах відаць было, што агенты ГПУ палічылі страляніну ў тэатральнай пастаноўцы за адкрытае выступленне прыхільнікаў беларускіх дзеячаў, якіх у гэты час арыштоўвалі і ў якіх трэслі.

Дзесяткі бальшавіцкіх следчых і пракурораў “працавалі” над здабытым матэрыялам для абвінаваўчага акту. Гэты акт ГПУ “змайстравала” ужо ў кастрычніку. Ён быў надрукаваны ў газеце “Звязда”, і ў той жа дзень, калі быў апублікаваны матэрыял, далі загад па прафесіянальных саюзах збірацца ў дом асветы на мітынг. Гэта быў адзін з метадаў бальшавіцкай агітацыі. На мітынгу выступалі партыйныя бальшавікі: рэдактар” “Звязды” Будніцкі і Валабрынскі з Цэнтральнага Камітэту партыі.

Якіх толькі праклёнаў не ўзводзілі гэтыя брахуны і на галовы беларускіх дзеячаў і якімі ганебнымі імёнамі не называлі іх! Асаблівы напад рабіўся на Язэпа Лёсіка. Агонь, што называецца, быў накіраваны супроць Язэпа, і цэнтрам усёй увагі гэтых прыспешнікаў ГПУ быў Язэп Лёсік: з яго пачыналася і з яго канчалася.

Вельмі здзекваўся з Язэпа яўрэй Валабрынскі. Ён насміхаўся нават з таго, што Язэп камусь калісь сказаў: “Я вельмі жадаю, каб каля хаты кожнага беларуса былі садок і кветнік, а сама хата была добрая, светлая і чыстая”.

Гэтыя словы Язэпа палічылі за “кулацкія” імкненні.

I ўсе гэтыя здзекі і кпіны рабіліся смакуючы і з асаблівай злараднасцю.

Цяжка гэта ўспамінаць, бо было вельмі прыкра і агідна слухаць, як змешвалі з гразёю вялікія імкненні беларускіх дзеячаў, палкіх патрыётаў, якія аддалі ўсе свае сілы, а некаторыя і жыццё на карысць сваёй Бацькаўшчыны.

На мітынгу была адмысловая брахня ад пачатку да канца. Дагаварыліся да таго, што іх называлі здраднікамі. Але каму яны здрадзілі?

Галоўныя абвінавачванні былі лжывымі і прыдуманыя следчымі і пракурорамі-паслугачамі ДПУ.

Так беларускіх дзеячаў абвінавачвалі ў тым, што яны імкнуліся далучыць Беларусь да панскай Польшчы і з гэтаю мэтаю зносіліся і трымалі лучнасць з Віленскім цэнтрам і што ўжо быў складзены спіс будучых міністраў Беларусі, прычым Язэпу Лёсіку прапанавалася пасада міністра асветы. На самой жа справе ў часы бальшавіцкай улады яму зусім не было часу думаць і рабіць што іншае, апроч працы над падручнікамі беларускае мовы для школ, над беларускім правапісам і ў дабавак — чытанне лекцыяў ва універсітэце і педагагічным тэхнікуме і на розных курсах. Сюды трэба аднесці яшчэ працу ў штодзённым друку і ў часопісах. Але бальшавікам трэ было змайстраваць тэатральны працэс, падобны да працэсу ў Маскве над так званымі “шкоднікамі” і “ворагамі народу”.

На падобных працэсах тыя, каго абвінавачвалі, пад прымусам і катаваннем узводзілі на сябе ўсялякія паклёпы і абвінавачвалі сябе ў тым, у чым яны былі зусім невінаватыя. Гэтага дабівалася ГПУ зрабіць і ў Менску. На чале ГПУ стаяў яўрэй Рапапорт, і бальшыня агентаў былі яўрэі. Вёў справу беларускіх “нацыяналістаў” прысланы з Масквы яўрэй Агураў. Гэты яўрэй рабіў усе захады, каб “тэатральны” працэс удаўся, але нічога зрабіць не змог.

У лютым 1931 г. прадбачыўся судовы працэс над беларускімі дзеячамі, але прайшоў люты, прайшоў сакавік, а працэсу не ўдалося зрабіць. У канцы красавіка сталася ведама, што ўсе беларускія дзеячы ў адміністрацыйным парадку будуць высланыя з Беларусі. Так і было зроблена. Язэпа Лёсіка выслалі на пяць гадоў у Саратаўскую губерню у г. Аткарск на Волзе. Тут яму было дазволена працаваць у педагагічным тэхнікуме, дзе ён выкладаў расейскую мову і літаратуру. Потым Язэп перайшоў у такі ж тэхнікум у Дубоўцы, таксама на Волзе. Жыў ён там у матэрыяльных адносінах нядрэнна і толькі ў першы год атрымоўваў некаторую дапамогу ад родных. Калі скончылася пяць год ссылкі, Язэп думаў, што можна будзе вярнуцца на Беларусь. 3 гэтаю мэтаю ён у 1935 і 1936 гадах прыязджаў у Менск і быў у НКУС, але, як і трэ было думаць, нічога не дабіўся: яму і пасля пяці гадоў высылкі не дазволілі жыць на Беларусі.

Мяне цікавіла, якім чынам ён падпісаўся пад такім абвінаваўчым актам, калі за сабою такой віны не адчуваў. Беручы пад увагу, што было сурова забаронена пад пагрозай пакарання смерцю гаварыць аб тым, як адбываліся ў бальшавікоў выпыты, Язэп на гэтую тэму не гаварыў, толькі сказаў: “Калі б падалі мне падпісаць свой смяротны прысуд, то я падпісаў бы”.

У апошні раз бачыў я Язэпа ўлетку 1936 г. ён значна ўзмацнеў, хадзіў без палкі і выглядаў зусім здаровым. Відаць, стэповы волжскі клімат быў на карысць ягонаму здароўю, і ў той час ніяк нельга было думаць, што праз два гады ён можа памерці.

Працаваў Язэп у ссылцы таксама напружана, бо прыйшлося выкладаць ужо расейскую мову і літаратуру. Ён і там карыстаўся вялікім аўтарытэтам і пашанаю як з боку настаўніцкага складу, так і з боку студэнтаў, якія з глыбокім жалем праводзілі яго, калі ён пераходзіў у другі педагагічны тэхнікум.

Не адчуваючы ў ссылцы матэрыяльнай нястачы, ён вельмі адчуваў адарванасць ад роднае глебы, ад сваёй дарагой для яго Бацькаўшчыны, ад роднай прыроды і ўсяго роднага і сумаваў аб гэтым. Гледзячы на безлясныя стэповыя роўнядзі волжскага саратаўскага краю, Язэп Лёсік з вялікім сумам пераносіўся на далёкую радзіму, на родныя палеткі, у сасновыя лясы і зялёныя гаі. Перад ягонымі вачыма заўсёды ўставалі прыгожыя малюнкі роднага краю, беларуская вёска з яе жыхарамі, лясы і пералескі, рэчкі і азёры і ўсё тое, у чым ён быў так замілаваны.

I здавалася яму, што ён чуе і мілагучную беларускую мову, якую ў Менску “слухаў, як музыку”. Асабліва было яму цяжка пераносіць высылку з Беларусі і ягонае сям'і. Змагаючыся за чысціню беларускае мовы, жывучы на Беларусі, Язэп і ў сваёй сям'і ахоўваў беларускую мову ад засмечвання расейшчынай і таму не любіў, калі да ягоных дзяцей заходзілі другія дзеці, якія гаварылі па-расейску. А ў ссылцы дзецям Язэпа прыйшлося вучыцца па-расейску, а потым і быць за настаўнікаў у расейскіх школах. Страціўшы надзею вярнуцца на Беларусь, Язэп стаў імкнуцца хоць наблізіцца да яе. Выпадкова ён сустрэўся з навуковым працаўніком з Бранска, які адразу ўбачыў у Язэпе значную навуковую сілу і таму прапанаваў яму перавесціся ў Бранск, значыцца, бліжэй да Беларусь Язэп гэтую прапанову прыняў з вялікай радасцю.

У Бранску яму не ўдалося знайсці падыходзячага становішча, і яго накіравалі ў Навазыбкаў, дзе прапанавалі становішча настаўніка ў школе каля станцыі Злынка. Гэта было ў 1936 г. Ад Злынкі недалёка да Гомеля, і таму Язэп з сям'ёй часта ездзіў у Гомель, каб паглядзець беларускія тэатральныя пастаноўкі і хоць такім чынам адчуць сваю блізкасць да роднай Беларусь Але Язэпу не давялося тут закончыць і навучальнага года. НКУС патрабаваў неадкладнага выезду туды, куды быў высланы, г. зн. зноў у Саратаўскую губерню, дзе ён пражыў пасля гэтага не больш двух гадоў.

Наведванне Язэпам Менска, перасяленне ў Злынку, бліжэй да Беларусі, а галоўнае — зварот у НКУС з просьбаю дазволіць яму жыць на Беларусі — усё гэта павяло да таго, што НКУС не спускаў з яго вачэй і заўсёды меў яго на ўвазе.

Нязначны выпадак сутычкі аднаго камсамольца-студэнта з Язэпам на педагагічным грунце — з прычыны дрэннай адзнакі — прывёў да таго, што знайшлі прычэпку, зрабілі лжывы данос на яго у справе працы ў педагагічным вучылішчы. А гэта было ў часы яжоўшчыны, калі ў Менску рабілі вялікія арышты ўсіх, хто меў хоць якое-колечы дачыненне да беларускае справы. У 1938 г. Язэп зноў быў арыштаваны і пасаджаны ў саратаўскую турму. У гэты час ён быў зусім здаровы і нельга было думаць, што неўзабаве памрэ. Але не прайшло году, як жонка атрымала паведамленне, што Язэп памёр.

Загадка ягонай смерці ў саратаўскай турме крыху высветлілася, калі аддалі жонцы тое з адзежы, што засталося ад Язэпа. У гэтым ліку аддалі і гнілыя камашы. Калі рэмень мог згнісці, значыць, Язэп сядзеў у якойсь мокрай камеры, відавочна з мэтаю барзджэй звесці яго з гэтага свету. Магчыма, што ад такіх цяжкіх турэмных умоў вярнулася ягоная старая хвароба, якая пры адсутнасці дапамогі давяла да смерці, а магчыма, адбылося і што горшае.

Паміраў Язэп Лёсік пры вельмі цяжкіх абставінах: у турэмнай камеры, у выгнанні, на чужыне, без родных і знаёмых і далёка ад дарагой для яго радзімы, за якую ён аддаў сваё жыццё. Апошнія дні жыцця Язэпа засталіся таямніцаю, як таямніцаю засталася і ягоная магіла, бо дзе пахаваны Язэп Лёсік, жонка і дзеці не маглі даведацца*.

 


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by