МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Завулак імя Янкі Купалы // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Віцьбіч Юрка
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ЮРКА ВІЦЬБІЧ

Завулак імя Янкі Купалы

У нас, безумоўна, няма аніякіх падставаў, каб адчуваць крыўду да газеты “Новое русское слово”. Газета гэтая, як падкрэслівае самая ейная назва, не беларуская, а расейская. Таму калі мы, беларусы, ведаем гісторыю і літаратуру Расеі, дык расейцам, а тым больш на эміграцыі, зусім неабавязкова цікавіцца гісторыяй і літаратурай суседняе Беларусі. Адсюль зусім натуральна, што, разгарнуўшы нумар “Нового русского слова” ад 12 лістапада г. г., мы пабачылі і вялізны артыкул “Силуэты старой Москвы” і бюлетэнь Керэнскага, або “Лиги борьбы за Народную Свободу”,— “Грядущая Россия”. А беларускае імя, такое дарагое ўсім нашым суродзічам ад калыскі да труны, мы знайшлі сярод абвестак. Там на бізнесавай старонцы побач з рэкламай расейскага кабарэ “Две гитары” мы заўважылі:

Книги из СССР

Е. Мозольков — Янка Купала. Жизнь и творчество. 181 ст. В переплете. Цена 75 центов. Книга посвящена родоначальнику белорусской литературы, поэту-революционеру, лауреату Сталинской премии.

Янка Купала як лаўрэат Сталінскае прэміі? З узварушанага паклёпам мінулага ўсплыла нізка жывых непасрэдных успамінаў.

1919 год. Вяліж. Былая мужчынская гімназія, перайменаваная ў 5-ю школу 2-й стунені. Сярод настаўнікаў яе асабліва вылучаецца Міхаіл Навіцкі. Пазней яго бальшавікі закатуюць ужо як протаіерэя за тое, што ён разам з мітрапалітам Мэльхісэдэкам падпіша ў 1924 г. зварот аб арганізацыі Беларускае аўтакафедральнае царквы. А цяпер ён кідае выкладаць расейскую мову і літаратуру і, насуперак праграм Наркомпроса РСФСР, чытае нам лекцыі па геаграфіі, гісторыі і літаратуры Беларусі. Аднойчы Навіцкі прыходзіць на лекцыю надзвычай усхваляваны і, разгарнуўшы апошні нумар “Правды”, голасна чытае:

Демьян Бедный

Янкин голос соловьиный

Превратился в шип змеиный,

Да, в змеиный,

Да, в змеиный.

I, чытаючы, Навіцкі добрасумленна стараецца данесці да нас і падкрэсліць усю нянавісць крамлёўскага прыдворнага пісакі да нашага роднага паэты. З паўхвіліны ён маўчыць і раптам, узняўшы да гары рукі, з вялізным натхненнем чытае:

На сход, на усенародны грозны, бурны сход

Ідзі, аграблены, закованы народ!

Навіцкі чытае з такім пачуццём, што твар ягоны стаўся белым, але голас не згубіў моцы:

Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі,

Як гібнеш з дзецьмі ты ад катняе рукі —

Аддаці ўсё на суд, на усенародны сход,

Ідзі, аграблены, закованы народ.

Навіцкі закрыў далонямі твар і хутка выйшаў, амаль выбег, з класа. Шмат разоў пазней чуў я, як чыталі “На сход” Янкі Купалы, але ніколі ён не прагучаў для мяне з такой сілай, як тады, у 1919 годзе, у старадаўнім беларускім Вяліжы, што сцякаў крывёю, змагаючыся з расейскім бальшавізмам.

1924 год. Віцебск, які пасля ўпартых цатрабаванняў насельніцтва толькі што далучаны да БССР. Педагагічны інстытут, у сцены якога зляцелася моладзь з усяе маляўнічае азёрнае Віцебшчыны — з берагоў азёраў Няшчэрда і Езерышча, з наддзвінскіх салатных вёсак, з яблыневых хутароў пад Бешанковічамі і Чашнікамі, з-пад Цяпіна, дзе тварыў калісьці Васіль Цяпінскі, з Полацка Францішка Скарыны. Успамінаецца літаратурны вечар, на які адмыслова запрошаны з Менска Янка Купала. Перад вечарам паэта з уласцівай яму сціпласцю звяртаецца з просьбай да пачынаючых пісьменнікаў з мясцовае філіі “Маладняка”:

— Вы ўжо, хлопцы, як-небудзь без мяне. А я вось пасяджу ў прэзідыі і разам з усімі паслухаю вас. Га?

Аднак сталася зусім інакш. Калі перапоўненая да краёў аўдыторыя пабачыла свайго паэту, дык здалося — усе дзвінскія парогі ўварваліся ў залю:

— Купала! Янка Купала!!! Купала!!!

Паэта ўзняўся з месца і пачаў чытаць. Голас ягоны быў глухі, і чытаў ён свае творы заўсёды манатонна. Аднак ён заўсёды даносіў да слухача тое натхненне, у якім гэтыя творы нарадзіліся. Ён прачытаў толькі адзін верш, але трэ было мець вялікую мужнасць, каб прачытаць яго. На пярэдніх крэслах сядзелі мясцовыя камуністы. Значная частка іх пазней загіне ў савецкіх катавальнях за падтрымку, як адзначаць суддзі, мясцовага нацыяналізму. Але ж паміж імі сядзелі чэкісты, на руках якіх не высыхала беларуская кроў. Янка Купала не бачыў іх, калі чытаў:

Чужак-дзікун, крывёю упіўшысь свежай,

Запрог цябе ў няволю, ў батракі,

I тваю маці-бацькаўшчыну рэжа,

Жывую рве на часці, на кускі.

I калі Янка Купала скончыў, дык зноў зашумелі ранейшыя дзвінскія парогі. Сінявокія студэнткі ў даматканай вясковай вопратцы, так-сяк пераробленай на гарадскі ўзор, падносілі яму звычайныя беларускія палявыя кветкі — васількі, рамонкі. А потым нечакана на крэсла ўскочыў высокі, дужы, зграбны юнак у вышыванай кашулі. Пазней ён — Сцяпан Такеля, як нацдэм знікае назаўсёды ў капальнях Сібіры. А цяпер ён запяяў — уся аўдыторыя падхапіла ягоны моцны голас:

Не пагаснуць зоры ў небе,

Пакуль неба будзе.

Не загіне Край забраны,

Пакуль будуць людзі.

1932 год. Менск. Дом пісьменніка. Ён двухпавярховы з мезанінам і падвалам. На гэтых двух паверхах месціліся рэдакцыі “Полымя рэвалюцыі” і “Літаратура і мастацтва”, Літаратурны фонд, кабінет сакратара парткома Гурскага, кабінет старшыні Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР Клімковіча, зала для агульных пасяджэнняў і г. д. У падвале знаходзіўся рэстаран. У той самы дзень наверсе ў зале адбывалася агульнае пасяджэнне, прысвечанае абгаварэнню Сталінскае канстытуцыі*. Адсутнічаць на такім насяджэнні не рэкамендавалася. Таму ўнізе ў рэстаране за адным з ягоных столікаў сядзелі толькі Алесь Дудар, Уладзімір Хадыка і Валеры Маракоў. Алесь Дудар незадоўга перад гэтым вярнуўся з ссылкі, якую адбываў за свой верш “Вецер з Усходу”. Пазней яго расстраляюць. Таксама праз некалькі год жорсткая скала на беразе Байкала раздушыць у часе выбуху савецкага катаржаніна Уладзіміра Хадыку. Звар'яцее ў адным з сібірскіх лагераў Валеры Маракоў*. А тады яны моўчкі пілі горкае піва. Час ад часу да іх даляталі зверху выкрыкі Клімковіча:

— Вялікі Сталін... Адзіная ў свеце Канстытуцыя... Вялікі брацкі рускі народ...

Маракоў адштурхнуў убок кухаль і, працягнуўшы да гары руку, амаль шэптам прыгадаў Блока:

Ты будешь доволен собой и женой,

Своей конституцией куцей,

А вот у поэта всемирный запой,

И мало ему конституций.

Нечакана адчыніліся дзверы, і ўвайшоў Янка Купала. Ён прыйшоў не з залы, бо на ягоным паліто яшчэ не паспелі растаяць сняжынкі. Трох маладзейшых паэтаў агарнула радасць. Яны цяпер тут не адны. З імі Янка Купала. Яны сустрэлі яго з тэй непаўторнай цеплынёй, з якой сустракалі толькі Янку Купалу. Крыху счакаўшы, Уладзімір Хадыка звярнуўся да яго з просьбай:

— Дзядзька Купала, прачытайце нам што-небудзь сваё новае.

I Купала прачытаў першы радзел свае новае паэмы “Над ракой Арэсай”. Паэма была прысвечана будаўніцтву камуны на Палессі і з'яўлялася спробай паэты зразумець савецкую рэчаіснасць. Тры маладзейшыя паэты ніколі яшчэ нічога не чулі больш убогага па форме і па зместу. Ім сталася сумна і страшна. Ім сталася балюча за Янку Купалу. Скончыўшы, ён запытальна паглядзеў на іх, што стараліся не глядзець яму ў вочы. Яны вельмі любілі Янку Купалу, каб сказаць яму няпраўду. I тады ён хутка ўстаў.

— Дзякую за шчырасць,— падняўшы руку да паверхаў, дадаў:— А там ёю захапляюцца.

I раптам, ужо ўзяўшыся за клямку дзвярэй, звярнуўся да Алеся Дудара радкамі ягонага верша:

Ішлі людзі праз Себеж на захад,

Не згубіўшы, шукалі чагосьці.

I пад замчышчам сохнуць і чахнуць

Беларускія белыя косці.

Ніхто ніколі не бачыў, каб мужны, нягнуткі, зацяты Алесь Дудар плакаў, але тады, у той вечар, у тым сутарэнні Дома пісьменніка, ён плакаў.

1936 год. Менск. Той жа Дом пісьменніка. Толькі замест таленавітае сям'і беларускіх песняроў у ім засталіся толькі тымчасовыя недабіткі і “ўдарнікі, закліканыя ў літаратуру”. У калідоры сустракаю Янку Купалу.

— Чуў, Юрка, што вы ездзілі ў Полацк,— кажа ён.— Я вось збіраюся туды і ніяк не збяруся. Раскажыце, што цікавага там бачылі?

Я расказваю, што, вандруючы па полацкіх вуліцах, зусім выпадкова трапіў на завулак імя Янкі Купалы. Ён маленькі і здаецца фіялкавым ад бэзу, што з абодвух бакоў звісае над ім. Ён парослы травой, бо канчаецца абрывам. А пад гэтым абрывам цячэ Палата — тая самая, якое дзеля “прозвашася полочане”. Направа відаць старадаўняя царква Спаса, пабудаваная Ефрасінняй, князёўнай полацкай. Налева, за ўзвышшам Ніжняга Замка, выглядаюць купалы Святое Сафіі. А крыху далей, за Дзвіной, усталі сцяной лясы і пайшлі, пайшлі далека, далека, на дзесяткі кіламетраў аж да самых Браслаўскіх азёраў. I з аднаго боку канчаецца завулак імя Янкі Купалы Палатой, а з другога — вуліцай імя Міхаіла Калініна.

— Завулак Янкі Купалы?— здзіўляецца паэта.— Няўжо яшчэ яго не перайменавалі?

1941 год. Смаленшчына. Стромкі ўзгорак невядомае рэчкі. Пачатак другое сусветнае вайны. Гараць паводле сталінскага і гітлераўскага загадаў тысячагадовыя беларускія гарады. Адным з апошніх пакідае Менск Янка Купала. I вось у Смаленшчыны, на стромкім узбярэжжы невядомае рэчкі, ён вылазіць з машыны. Падышоўшы да абрыву, ён нізка, нізка, да самае зямлі, кланяецца Беларусі, ахутанай у незлічоны раз за сваю гісторыю вайсковым дымам. А потым, звярнуўшыся да прысутных, кажа:

— Лепш мне кінуцца ўніз галавой з гэтага абрыву, чым ехаць далей.

1942 год. 28 чэрвеня ў адной з маскоўскіх гасцініцаў нечакана памірае Янка Купала. Пройдзе час, і гісторыя падыме заслону, за якой памёр на чужыне, у эміграцыі, наш нацыянальны Прарок. Нам сёння ягоная смерць здаецца і перадчаснай і загадкавай. Усяго 10 дзён заставалася да ягонага 60-годдзя, і па самаму складу свае натуры ён належаў да людзей даўгавечных. Тым часам нам застаюцца толькі прыпушчэнні. Яшчэ ў 1930 г. Янка Купала спрабаваў забіць сябе... Магчыма, трапіўшы ў сталіцу турмы народаў, ён у стане душэўнай дэпрэсіі забівае сябе. А магчыма, яго забіў кат у белым доктарскім халаце. Сваіх паэтаў расейцы калісьці забівалі на дуэлях, а ў нашыя часы атручвалі медыкаментамі, дык ці можна чакаць ад іх літасці да небяспечнага чужога паэта.

1 ліпеня хавалі Янку Купалу. Цярушыў дождж. Па вузкіх завулках сунуўся чорны фургон. Сустрэчныя масквічы не звярталі аніякае ўвагі на убогую пахавальную працэсію. Чорны фургон рушыў паволі з целам вялікага Народнага Паэты Беларусі не да сцяны Крамля, дзе хаваліся вялікія людзі краіны. Хіба ж так хавае Масква сваіх адданых наймітаў — сапраўдных сталінскіх лаўрэатаў, як хавала Янку Купалу? Але дарма

Не зрабіць нікому гэткай дамавіны

I не вырыць ямы гэтакай глыбіны,

Каб у іх з вачэй мне Беларусю-Маці,

Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.

А хоць дасць мне доля ў дамавіне месца,

Устане день з зямлі мой, на крыж абапрэцца

I ў той бок глядзеці будзе век нязводна,

Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.

Янка Купала як лаўрэат Сталінскай прэміі? Хлусня! Недарэчнасць! Мана! Янка Купала ў той ступені з'яўляецца сталінскім лаўрэатам, у якой Аляксандр Пушкін з'яўляецца толькі і вылучна камер'юнкерам “двора его императорского величества государя императора Николая Первого”*.

1950 г.

 


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by