|
МІКОЛА ШЧАГЛОЎ (Куліковіч)
Мае ўспаміны
(Янка Купала)*
Праз увесь час свайго жыцця пад Саветамі Янка Купала, нібы човен на ўзбураным моры, то ўзнімаўся на хвалі, то ляцеў уніз. Бо не трэба забывацца на тое, што ў савецкую літаратуру Я. Купала прыйшоў як ужо ведамы змагар за нацыянальную беларускую справу, іншымі словамі, быў тым, каго тады ахрысцілі “буржуазнымі нацдэмамі” і каго тады так старанна выкарчоўвалі. Імя Купалы ўжывалася савецкімі валадарамі адно дзеля спекуляцыі, і былі моманты, калі Купала сядзеў у хаце, баючыся выйсці, і чакаў “чорнага ворана”. I сапраўды ўсе сябры Купалы былі вынішчаны і загінулі або былі выкінутыя на выгнанне. Памятаю, як сёння, гэткія дні... Менск быў як у агні. Усе пахаваліся. У Саюзе пісьменнікаў — пустэльня. Немаведама адкуль з'явілася хутка, што вось-вось будуць арыштаваныя “старыя” (Купала і Колас). Чутка была гэткая ўпартая, што ей усе верылі. Верылі і, хвалюючыся, чакалі... Аднак мінула...
Але вернемся да Кастрычніцкае вуліцы. Уявім сабе ціхі летні дзень баз асаблівае гарачыні. I ў паветры і ў палітыцы як быццам усё добра. З палёгкаю дыхае савецкі Менск. Вы адчыняеце брамку купалаўскае сядзібы і ўваходзіце на пясчаны двор. Перад вамі, як бы пераразаючы ваш шлях, вырастае сцяна з рознакаляровых пышных, прыгожых і пахучых кветак, асабліва незвычайных, чароўных ружаў. Дзесьці каля гэтае жывое сцяны туліцца высокая, але трошкі пахілая постаць у заношанай марынарцы. Гэта і ёсць Янка Купала, ён штодня штосьці варожыць над сваімі кветкамі: папраўляе, падчышчае, перакопвае, падразае. Калі ўвайсці да яго ціхенька — ён і не чуе, не, ўзнімае галавы, заняты сваей справаю. Той, хто быў тут неаднойчы, ужо ведаў, што, значыцца, дзякуй Богу, усё ў парадку.
Мне асабіста заўсёды здавалася, што тут менавіта, сярод гэтых прыгожых кветак і зялёнага лісця, і прыходзіць да Купалы жаданая госця муза і што тут нараджаюцца ў паэта тэмы, метры, рытмы і рыфмы.
Другім месцам, што ведаў кожны, хто наведваў Купалу, быў ягоны сціплы кабінет з шафаю і палічкамі кніжак, з шырокім пісьмовым сталом і крэсламі, з канапаю, пружыны якой бачылі аж зашмат гасцей і начлежнікаў. Сюды ад кветак прыходзіў Купала, каб запісаць на шматку паперы думкі, папрацаваць над вершам.
Купала гаварыў мала і не любіў без патрэбы гаварыць. На сходках і нарадах, калі хто з кіраўнікоў яшчэ не ведаў гэтае ягонае рысы і намагаўся прымусіць Купалу сказаць прамову, гэта яму ніколі не ўдавалася. Тыя ж, хто Купалу ўжо ведаў, да яго наагул з гэткімі справамі не звярталіся. I ён быў на сходах у бальшыні адно пачэсным госцем.
Але калі Купала не ўмеў гаварыць, дык затое ўмеў слухаць. А да гэтага трэба таксама мець талент. Такога ўважлівага і адданага слухача, як Купала, я не сустракаў. Хацелася адкрыць яму ўсю душу, усе патаемныя думкі. Ягоны твар быў зарукаю, што твая тайніца будзем ім захаваная вярней, чымся ў цябе самога.
***
У казках гаворыцца, што пры народзінах дзіцяці над калыскаю ягонай нахіляюцца добрыя варажбіткі, якія дораць дзіця рознымі талентамі. А ў адной я чытаў, што, калі ў нейкай сям'і нарадзіўся хлопчык, усе жадалі яму стацца і багатым, і вучоным, і змагаром, і толькі адна асоба пажадала хлопчыку вырасці проста чалавекам. Усе гэткія казкі вельмі падыходзяць да Купалы. На ягоных народзінах пры калысцы мусілі стаяць дзве варожкі: адна надарыла яго імем Чалавека, а другая — талентам паэта. Абедзве гэтыя годнасці так перапляліся ў Купалы, што цяжка іх адну ад адной адарваць. Ды і не трэба. Але паколькі тэму “Купала — Чалавек” ніхто чамусьці дагэтуль не закрануў ні на Бацькаўшчыне, ні ў нас, на эміграцыі,— мне ў маіх успамінах, як бачыце, даводзіцца на ей спыніцца.
Я ўжо казаў аб некаторых рысах натуры Янкі Купалы. Дадам адно крыштальную чысціню гэтага чалавека, суцэльнасць, неразменнасць ягонае натуры, чэснасць і высокую дабрароднасць. Ён быў сапраўдным арыстакратам духу. Ніхто не можа абвінаваціць яго ў здрадзе, у тым, што ён адрокся, пайшоў супраць сваіх братоў, што ён зганьбіў каго, зрабіў каму благое, падставіў каму нагу, наманіў каму, напаў на слабейшага, перайшоў каму дарогу, заскочыў, насмяяўся з каго. Не! Нават да ворагаў сваіх ён ішоў адкрыта, не хаваючыся, чэсна змагаўся.
Хто ж быў ягонымі ворагамі? Думаецца, што ўсе бліжэйшыя да Купалы людзі любілі яго. Народ глядзеў на яго з пачуццём ганарлівасці і адданасці. Але Купала сам добра ведаў сваіх ворагаў. Гэта былі тыя, хто імкнуўся паняволіць беларускі народ, зганьбіць яго, сцерці ягонае нацыянальнае аблічча, Купалавая чалавечая годнасць спалучалася з глыбокім і незвычайна вострым адчуццём сябе як прадстаўніка беларускае нацыі, які мусіць будзіць і весці наперад беларускі народ. Купала быў не проста рыцар духу, а рыцар-змагар за нацыянальную беларускую ідэю, Нацыянальны Беларускі Герой.
Другая варажбітка з казкі, што мусіла надарыць Купалу паэтычным талентам, зрабіла не менш за першую. Я. Купала стаўся паэтам з Божае ласкі. Сціплы, стрыманы, негаваркі — дзе ён знаходзіў столькі словаў? I якіх словаў! Слова Купалы было перуном, маланкаю, гудзела вечавым звонам, палыхала полымем і ў той самы час цвіло маладым каханнем, атуляла матчынаю пяшчотаю., Слова Купалы заклікала да змагання І перамогі, да жыцця і да ахвярнасці. I ўсе гэтыя словы Купала чэрпаў з крыніцаў народнае мудрасці, з гісторыі народных змаганняў, з глыбінь душы беларускага народа.
Тэматыка Купалы здзіўляе нас сваім незвычайным багаццем, разнастайнасцю, шматграннасцю. Ен адказвае на кожнае пытанне, на кожны настрой.
I колькі раз я пераглядаю купалаўскія вершы — я заўсёды чытаю іх як новыя, знаходжу ў іх кожны раз штосьці нязгледжанае раней, штосьці іншае. Вершы Купалы жывуць, хай плыве год па годзе. Яны заўсёды — сучасныя. Мала гэтага... У адным вершы Купала робіць героем песняра, што стаўся прарокам. Ніхто не памыліцца, калі скажа, што тэты герой, пясняр-прарок і ёсць сам Купала. Я прабаваў пераглядаць вершы Купалы, што былі напісаныя ім яшчэ перад першай сусветнай вайной. I што ж? Яны ў бальшыні сваёй такія сучасныя, што яшчэ мацней уздзейнічаюць на чытача сёння, чымся тады, калі пісаліся. Быццам Янка Купала сваімі прарочымі вачыма ўжо даўно прадбачыў тую чорную пару, што перажывае цяпер наша Бацькаўшчына.
***
Каля 1935 года човен Купалавага жыцця ўзняўся зноў угару. Партыйнае кіраўніцтва БССР выдае ў гэтым годзе дырэктыву абыходзіць 30-гадовы юбілей нашага песняра. А партыйная дырэктыва — гэта не жарты. Хочаш ці не, а мусіш рабіць. Хай гэты юбілей будзе пасля паховінаў ці, наадварот, паховіны пасля юбілею — што загадвае партыя, тое і мае быць. Па твары будучага юбіляра — Янкі Купалы — аніяк не можна было пазнаць, што гэтая пастанова прыйшлася яму да густу. Наадварот, твар паэта быў неспакойны, усхваляваны, быццам гаварыў: “Ой, браточкі, не націскайце вельмі. Я б лепш... таго... гэтага...” Але хто ж слухае ў Саветах самога юбіляра? Ён тут нявольнік, як і ўсе. Голас мае адно сапраўдны гаспадар — ЦК партыі. I хай ЦК — зусім не юбіляр, і пісаў купалаўскія вершы не ён, а Купала... але ўся пашана і гонар належыць як-раз ЦК, таму што, як у нас казалі, “усе мы пад ЦК ходзім”.
Надышоў нарэшце і юбілей. I было б усё, як у Саветах пры такой нагодзе належыцца, г. зн. пачэсны прэзідыум на чале з “вялікім, непараўнальным”, тэлеграма “мудраму з наймудрэйшых” і да таго яшчэ “лепшаму сябру пісьменнікаў і паэтаў”, рэфераты, прывітанні... і нуда, казённая аднастайнасць, рэгламентаванасць, аб чым не варта нават гаварыць,— каб не нечаканыя, хай дробныя здарэнні, няўвязкі, што патрапяць надаць колер і вастрыню нат гэткаму сухому юбілею.
Кампазітар Аладаў у гэтым часе скончыў пісаць вялікую кантату, ці араторыю, на тэкст Я. Купалы “Над ракой Арэсай”. Ну, як не выкарыстаць такую удалую нагоду? Спяшаючыся, змабілізавалі сімфанічны аркестр, хор, салістаў — усё як належыцца. I паставілі араторыю на сцэне перад перапоўненай залай. У першым радзе, вядома, сядзеў сам юбіляр, Янка Купала, з прадстаўнікамі партыі і ўрада. На эстраду выйшаў аўтар — кампазітар Аладаў. Крок ягоны быў няроўны, усхваляваны. Справа ў тым, што яму даводзілася самому дырыжыраваць сваёй кантатаю, бо ніхто з іншых дырыжораў за гэта не ўзяўся.
Як кампазітар Аладаў быў дзіўнаю з'яваю. Вельмі добры музыка, з выдатнымі ведамі, ён, найбольш за ўсё баючыся “шаблону”, выдумляў гэткае, што для нікога не было зразумелым — ні для выканаўцаў,; ні для слухачоў. Ды Аладаў гэтым ані трохі не бянтэжыўся і нікому ніколі на сваю непапулярнасць не скардзіўся. Пісаў і складаў свае творы ў шафу, гаворачы:
— Бетховена таксама пры жыцці не прызнавалі.
У сваім творы “Над ракой Арэсай” Аладаў пакінуў, аднак, Бетховена далека за сабой. Калі той пісаў сімфоніі ў чатырох частках, якія займалі з невялікімі перапынкамі гадзіну часу, дык Аладаў напісаў кантату на Купалаў тэкст, што цягнулася без усялякіх перапынкаў ажно дзве гадзіны. Ну, пакуль зала слухала аб старой беларускай вёсцы, дык яшчэ нічога. Праўда, крыху гаманілі, перакідаючыся жартамі што да постаці Аладава, ягоных вусоў, рук-ветракоў... Але калі справа дайшла да індустрыялізацыі БССР, да трактароў і камбайнаў, дзе Аладаў быў шчаслівы выліць усё сваё кампазітарскае “мудраванне”, дык вытрымаць было ўжо немагчыма. Трамбоны раўлі, “бухалі” трубы, ракаталі фаготы, свісталі прарэзліва флейты, грымотныя літаўры і барабаны “наганялі” тэмпы “сацыялістычных” палёў... Кажуць, добра ўдарыць раз, другі, але калі грыміць бесперасціханку, робіцца няёмка нат найбольш вытрываламу. Пачуўшы роў і грукат, людзі ўсхамянуліся, спалохаліся, але пабачыўшы, што рову аркестра канца няма, пачалі нервавацца і выходзіць з залы ў фае. Спа-чатку цішком, баючыся, па адным, а пасля дык і з шумам, натоўпам. Пакуль “Арэса...” дайшла да канца, у зале блізу ўжо нікога не было... I толькі ў першым радзе адзін, пакінуты прадстаўнікамі, сядзеў Купала. Ён, што прывык глядзець на музычную творчасць як на таямніцу, на варажбу, спярша шчыра перажываў усе “выкрутасы” Аладава. Потым пачаў хвалявацца, што ўсе выходзяць... Выйсці самому не выпадала: для яго ж пісалася гэтая вялікая грымотная рэч з больш чым соткай чалавек удзельнікаў, што стаялі перад ім на сцэне. I Купала, вельмі наагул ветлівы, цярплівы, сядзеў, аж... пакуль не задрамаў. Ачнуўся Купала ўжо тады, калі ўсё скончылася і да яго падыходзілі Аладаў і выканаўцы з прывітаннямі і віншаваннямі. Нічога, аднак, не сказаў ім Купала, наадварот, дзякаваў і выказваў сваё задавальненне. I толькі жонка Купалава, стоячы ў дзвярах, вачыма кідала перуны і маланкі на Аладава, які якраз мінаў яе. Выгляд кампазітара быў жалю варты: чырвоны, спацелы, ён выціраў твар вялікаю каляроваю хусткаю і штосьці вурчэў пад вусамі. Купаліха заступіла яму дарогу і мілым, пяшчотным голасам, што так не падыходзіў да ейнага абуранага твару, звярнулася да Аладава са словамі:
— I што вам, дзядзька Мікола, зрабіў такога дрэннага мой Яначка? За што вы яго так зганьбілі?
Аладаў глянуў на яе, не разумеючы. Думаю, што словы Купаліхі да яго тады “не дайшлі” і ўсю іхную “соль” ён зразумеў адно тады, калі ў газеце “Літаратура і мастацтва” была змешчаная карыкатура, што ўяўляла Аладава, які сядзеў у велізарнай трубе, дзьмучы адтуль на Купалу, тады як публіка ўцякала ўва ўсе бакі...
***
Успомніўшы пра жонку Купалы, не магу тут не адхіліцца на часіну ад юбілейных падзеяў, каб не сказаць аб ёй хоць колькі словаў.
Купаліха, або, як мы ўсе называлі яе, цёткаі Уладзя,— вартая гэтага. У жыцці Купалы яна згуляла вялікую і дабратворную ролю. Натуры мужа і жонкі былі якраз гэткія, аб якіх кажуць, што “процілежнасці зыходзяцца”. Паколькі Купала ўсцяж аб нечым, здавалася, марыў ці летуцеў — Купаліха была, наадварот, уся тут, на нашай грэшнай зямлі. Яна ніколі не разгублівалася, умела ўсё датарнаваць да сваіх патрэбаў. Як яна давала сабе рады з часам, я не ведаю. Працавала цётка Уладзя ў дашкольных установах. Праца была няўдзячная, клапатлівая. Даводзілася цётцы Уладзі дзень па дні бегаць па дзіцячых дамах ці садках, па аддзелах асветы, па розных культурных установах, каб штосьці ўхапіць, штосьці здабыць дзеля палепшання долі беларускіх дзетак. Цётка Уладзя бегала па ўрадах, сварылася, дамагалася, нат часамі і крычала, выведзеная з цярплівасці бюракратычнымі ўрадоўцамі. Дзеці абагаўлялі, цанілі і любілі яе, як чулую маці. А побач з гэтым цётка Уладзя паспявала і па мужавых справах зайсці ў выдавецтва, у рэдакцыю, у Дом пісьменнікаў, а адтуль на рынак, у краму. На працягу дня яе можна было пабачыць у сямі-васьмі месцах. А ў хаце трэба было зварыць абед, памыць, папрасаваць, прыняць наведвальнікаў... Усё гэтае яна рабіла без усялякае цяжкасці, напружанасці, нездавальнення, рабіла лёгка, вясёла, з гумарам. Нават у цяжкія часы, якіх ці мала было ў жыцці Купалы, цётка Уладзя захоўвала бадзёры настрой. Цяжка сказаць, што б Купала рабіў без яе. Яна апекавалася ім не як жонка, а як маці, даглядала яго на штодня, а ў часы небяспекі падтрымлівала ягоны дух. На якой-небудзь урачыстасці прыемна і вясёла было сачыць за гэтаю параю. Наперадзе, бывала, ідзе цётка Уладзя, а за ей, іншы раз здалёку, цягнецца Купала, ён не любіў гэтых урачыстасцяў, прысутнічаў на іх толькі з абавязку, імкнуўся заўсёды кудысьці схавацца, сысці з людскіх вачэй, залезці ў куточак, стацца непрыкметным. Часта лавіў момант і паціху і зусім уцякаў дахаты. Яго шукаюць: “Янка Купала! Дзе Купала?” А ўжо і ягонага следу няма. Дык вось ідзе, бывала, гэткім чынам купалаўская пара. Людзей шмат. Купала не пхаецца наперад, стаіць ля дзвярэй, чакае. Цётка ж Уладзя кіне вокам у бок людзей і, усміхаючыся, кажа:
— Прапусціце, калі ласка, разумніка майго. А потым адвернецца да Купалы:
— Ідзі ж, Яначка, ідзі. Ды ты наперад, наперад. Чаго ж хаваешся? Ты ж, дзякуй Богу, Купала.
Усе навокал смяюцца і з падчыркнутай ветлівасцю прапускаюць Янку Купалу. А той міла ўсміхаецца і кіруецца наперад, паціскаючы рукі і вітаючыся з сябрамі ды знаёмымі.
Цётка Уладзя, як спрытна навучаны і вышкалены ад'ютант, заўсёды была каля мужа, калі гэтага вымагалі абставіны; калі ж прысутнасць ейная была непатрэбиая, дык яе, бывала, і не пабачыш. Купала дзяліўся з жонкаю ўсім і без ейнае парады стараўся не рабіць нічога.
Цётка Уладзя была ў сваёй хаце незвычайна гасціннаю, ветліваю, шчыраю. Любіла запрасіць добрага чалавека, пачаставаць, пагутарыць з ім. Яна ўмела стварыць такі настрой, што госць адчуваў сябе лёгка, прыемна, як у собскай хаце... Думаецца, што ўвесь Менск ведаў цётку Уладзю і любіў яе і за яе самую, і за Купалу.
***
Вяртаючыся да юбілейнае ўрачыстасці.
Не ведаю, чыя гэта была думка перанесці заключную юбілейную вечарыну ў хату самога юбіляра. Думка, праўда, была б зусім не дрэнная, каб усё ў Саветах не мела свайго адваротнага боку. Радыёкамітэт да гэтае выдумкі дадаў сваю: перадаць з кватэры Купалы прабег святкавання на ўсю БССР. На гэтую пару радыё-перадачы беспасярэдня з кватэраў былі ў БССР “цудам тэхнікі” і таму знайшлі падтрыманне і ў партыйных колах.
Дык вось запрошаныя госці накіраваліся ў знаёмы ўжо нам купалаўскі дамок. Увайшлі... і “ах” ды “ox”! Бачаць, ува ўсю шырыню пакоя стол стаіць. А на белым-белым абрусе, Божачка ты мой, чаго, чаго толькі няма! Закускі і халодныя і гарачыя, далікатэсы аж да чорнае ікры, садавіна, тарты, усялякая гарэлка, віны, лікёры. Хоць людзі былі запрошаныя ўсё пачэсныя, але бальшыня з іх даўно ўжо не бачыла і не каштавала такіх незвычайных прысмакаў. З вясёлым гоманам пачалося шуканне сваіх карткаў, і нарэшце ўсе занялі месцы. Але тут пачуўся голас:
— Таварышы! Нашае юбілейнае паседжанне будзе транслявацца па радыё на ўсю БССР. Таму папрашу быць дысцыплінаванымі і захоўваць парадак і прадугледжаны рэгламент. Зараз уключаецца мікрафон.
Тут толькі госці пабачылі на стале чорны, з серабранымі беражочкамі чатырохвугольнік — мікрафон. Ну, а калі мікрафон, дык, значыцца, і кантроль, цэнзура, органы НКВД. Без паперкі, якая дазволеная і падпісаная ўпаўнаважаным Галоўліту, ніводнага слова не дадуць сказаць перад мікрафонам, нават сябру Палітбюро.
Пабачылі, што на акне стаіць яшчэ і апарат, што памацняў гук, а пры ім тэхнік, а побач з ім яшчэ нейкая незнаемая постаць...
Госці ў імгненне згубілі святочны настрой, які вылецеў з пакоя, як гукі з Аладавае трубы. Стол змяніўся адно ў вітрыну савецкага універмага, на якую можна толькі глядзець, а купіць — нічога не купіш.
Юбіляр-Купала меў найсумнейшы ад усіх гасцей выгляд. Перад ім паклалі жмут друкаваных паперкаў. Гэта была “ягоная прамова”, што напісалі спрытныя і дасужлівыя партыйныя рэдактары і якую ён мусіў выдаць за “свае” — адданыя партыі і правадыру словы ўдзячнага і шчаслівага юбіляра.
Усё пайшло паводле загадзя зацверджанага рэгламенту. Але было гэткае нуднае, вялае, нецікавае, што нават тыя, каму “ведаць належала”, затурбаваліся, каб радыёслухачы не зрабілі якіх непатрэбных выснаваў з “хаўтурнага настрою” юбілейнага банкету, і неўзабаве загадана было спыніць трансляцыю. Тэхнік з апаратам і постаць незнаёмага зніклі. Мікрафон усё-ткі пакінулі на стале (ужо без дратоў) дзеля больш урачыстага выгляду. Усё гэта было зроблена неўпрыцям, але людзі даведаліся аб “вызваленні”. А калі яшчэ і “правадыры” неўзабаве павыходзілі, твары аджылі, павесялелі, рукі пацягнуліся да чаркаў... і пачаўся ўжо сапраўдны юбілей нашага паэта. Святкавалі ўсю ноч. Было вясёла: гулялі, віншавалі, уздымалі, тосты, абдымаліся, жартавалі, чыталі вершы, спявалі песні.
Мінула колькі год. I калі ў 1935 годзе Купалу частавалі, дык у 1937 годзе човен ягонага жыцця паляцеў стрымгалоў уніз, ледзь-ледзь не затануўшы. Але навальніца мінула яшчэ раз, і ў 1939 годзе Купалаў жыццёвы човен ізноў узняўся на паверхню.
Станцыя Менск. Адсюль каля 11-е гадзіны ўвечары штодня адыходзіць кур'ерскі цягнік на Маскву. Хай у Саветах усе роўныя, няма ні багатыроў, ні беднаты, але цягнік гэты не для звычайных грамадзянаў шчаслівае Краіны Саветаў. Яны да яго не пасуюць ані кішэняй, ані выглядам. У ім ездзяць звычайна партыйныя і савецкія кіраўнікі ды савецкая “галоўка”. Мяккія вагоны, рэстаран... Што зажадаеш — усё пад рукой; адно спытай — усё, калі ласка.
У гэты вечар на станцыі — натоўп. I ўсё больш “багема” — пісьменнікі, маляры, кампазітары, акторы. Яны выпраўляюць у Маскву на тыдзень беларускае літаратуры сваю беларускую дэлегацыю. Настрой у ўсіх усхваляваны. Шумная гаворка, смех, перакрыкванні намагаюцца пакрыць збянтэжанасць, няпэўнасць... Нарэшце — званок. Пад развітальныя пажаданні, маханне хустачкаў і капелюшоў цягнік нячутна і плаўна адрываецца ад дэбаркадэра і, набіраючы хутчыні, імкне ў далячынь. У адным з міжнародных вагонаў раскладаецца нанач беларуская дэлегацыя. Тут Купала, Колас, Бядуля, Броўка, Глебка — асноўны і галоўны касцяк, што будзе рэпрэзентаваць у Маскве беларускую літаратуру. А каб трохі развесяліць масквічоў, якія (як ні набліжаюць бальшавікі беларускую мову да расейскае) мала што з твораў нашых пісьменнікаў ухопяць, да дэлегацыі далучаныя два кампазітары — Шчаглоў і Любан, а таксама спевакі — Александроўская, Дзянісаў і Балоцін.
Едзе і яшчэ колькі асобаў. Ролі падзеленыя гэтак: пісьменнікі маюць чытаць свае творы, кампазітар Шчаглоў — граць на фартэпіяна свае апрацоўкі беларускіх песняў, спевакі — спяваць розныя рэчы на тэксты беларускіх паэтаў.
Стукацеў мерна цягнік. I што казаць — стукацелі і нашыя сэрцы. Як там будзе? Я з Бядулем выйшлі на калідор і сталі ля акна. Неўзабаве з купэ выйшаў Купала і спыніўся каля нас. Так утрох мы моўчкі глядзелі праз шырокае акно ў цемру начы. Купала выняў з кішэні цыгарэтніцу, пачастваў нас і сам закурыў. Агеньчыкі маленькімі знічкамі адбіваліся мітусіліся на шкле. З канца вагона далятаў перакатамі гучны смех: гэта Любан расказваў свае анекдоты.
Падарожжа кур'ерскім цягніком — хуткае. Пакуль пагутарылі, памарылі, паспалі — ужо і раніца. Давялося ўстаць, прыбрацца ды ісці снедаць. Вагон-рэстаран у гэтым цягніку быў дарагі, але ўсё ў ім было. Нарэшце пачало выплываць з ранішняе імглы тое, што даўней звалася “золатагаловаю”, а сёння “чырваназорнаю” Масквою. Пачалася мітусня. Цягніковае радыё, хрыпата надрываючыся, захлыналася вядомаю абрыдлаю песняй “Широка страна моя родная”... Цягнік падыходзіў да станцыі. Вось яна — Масква, сядзіба тых, што столькі год ужо панявольваюць Беларусь.
Не паспеў наш вагон як след спыніцца, як насустрач нам лынула шумлівая група вясёлых людзей з бярэмамі краскаў у руках. Гэта былі маскоўскія пісьменнікі Катаеў, Гарадзецкі, Суркоў, Нікулін ды інш. У непарадку, мітусліва размясціліся па аўтах і з гудкамі панясліся да былога Ахотнага рада, дзе цяпер быў пабудаваны новы гатэль “Москва”.
Вось сюды і прывезлі нашу дэлегацыю. Афармленне пакояў, запаўненне даўгіх анкетаў (без гэтага ў Саветах кроку не ступіш), здаванне пашпартоў — усё гэта заняло ці мала часу. Масквічы пакінулі нас да веча-pa, калі быў вызначаны банкет у клубе пісьменнікаў. Мы ж — хто галіцца пайшоў, хто на пошту паведаміць хатніх аб шчаслівым прыбыцці ў чырвоную сталіцу, хто купіць якую драбніцу, хто Маскву паглядзець.
Неўзабаве надышоў вечар. Трэба было ехаць на банкет. Мы зайшліся па Купалу. Ён стаяў у сваім пакоі каля акна і глядзеў на мігатлівую агнямі, вячорную рухлівую сталіцу. Спыніліся за ім і мы. Хтосьці кінуў: “Прыгаство!” Ды ні Купала, ні мы не маглі прадбачыць у гэты вечар, што і гэтае “прыгаство”, і гэтая самая “Москва” будуць яшчэ сведкамі апошняе трагедыі Купалы.
Праз гадзіну мы былі на Арбаце. Арбат — раён Масквы, дзе жылі калісьці багацейшыя масквічы, арыстакраты... Забудаваны ён быў прыгожымі, розных стыляў будынкамі. У адным з гэткіх “панскіх” асабнякоў абсталяваўся клуб і Саюз пісьменнікаў СССР. Нас чакалі і неўзабаве запрасілі да стала. Пасярэдзіне пасадзілі Купалу, побач са старшынёю Саюза Фадзеевым. Фадзееў і ўзняў першы тост за беларускую літаратуру і “ейнага лепшага апекуна і натхніцеля... мудрага з наймудрэйшых”. Рэшта была такая, як гэта звычайна бывае на савецкіх банкетах. Сардэчна, як, зрэшты, было загадана, прамаўляў Гарадзецкі, добрую прамову сказаў Катаеў. Сівавалосы “камсамолец” Безыменскі, падобны да пратадыякана, грымеў магутным голасам на ўсю залу. Хацелася смяяцца, гледзячы на паэтку Веру Інбер, што, старая і размаляваная, як танны абразок, сакатала, бы птушка, удаючы наіўнае дзіцянё...
Тыдзень беларускае літаратуры пачаўся паседжаннем праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, прысвечаным “брацкай культуры БССР, што з дапамогаю вялікага расейскага народа выйшла на ўзровень перадавых культураў”. Вёў паседжанне сам старшыня Фадзееў. Відаць, згары было загадана, каб на пахвалы не скупіліся, асабліва Купалу. А тады пачалася праца. Дзеля гэтага было вызначана колькі месцаў: Політэхнічны інстытут, Маскоўскі універсітэт, Дом Чырвонае Арміі... Удача ўсюды была вялікая. Хочацца трохі спыніцца тут на нашым выступе ў Політэхнічньш інстытуце — найбольш знаным і папулярным будынку для навуковых, музычных і грамадскіх рэфератаў, лекцыяў і дакладаў. Праз эстраду Політэхнічнага інстытута прайшло ці мала выдатных людзей. Тут у рэвалюцыю грымеў Маякоўскі, што сваёю пастаццю і модным голасам (а таксама і сталёвымі кулакамі) “граміў” ясеніншчыну, дэкламуючы:
В нашей жизни умереть не ново,
Сделать жизнь значительно трудней,
што не выратавала, аднак, і гэтага “лепшага паэта нашае эпохі”, як ахрысціў Маякоўскага Сталін, ад капітуляцыі перад жыццём і самагубствам.
Цяпер на гэтай самай эстрадзе давялося выступаць нашаму Янку Купалу. Ён ані не быў падобны да Маякоўскага і стаяў перад залай з пахіленай галавою, ціхенька, аднаму хіба сабе чытаючы свае вершы. Велізарная зала была паўная, аж трашчала.
***
Колькі тыдняў пасля пераходу мяжы савецкімі войскамі ў 1939 г. вялікі аўтатранспарт “зісаў” і “эмачкаў” адышоў пад вечар ад будынка менскага ЦК. Ехалі гэтым транспартам колькі адказных прадстаўнікоў партыі і даволі вялікая група беларускіх мастакоў — кампазітараў, актораў ды пісьменнікаў. Заданне гэтае групы было яснае, чыста прапаганднае — пазнаёміць грамадзянаў Заходняе Беларусі з Савецкаю Беларуссю.
У гэтай групе апынуўся і Я. Купала, а з ім пашчасціла ехаць і мне. Настрой у нас усіх быў крыху ўсхваляваны, бо каму ж не хацелася пабачыць тое нядаўняе яшчэ “замежжа”, што, недаступнае пару тыдняў таму, сталася цяпер неад'емнаю часткаю нашае БССР.
Ужо цямнела, калі мы мінулі былую дзяржаўную мяжу Польшчы ў Негарэлым. Нашаю мэтаю былі насамперш Стоўбцы. Дарога ішла лесам. Там-сям гарэлі вайсковыя вогнішчы, ад часу да часу то зблізку, то здалёку чуліся адзіночныя стрэлы. Мы ўсе прыльгнулі да вакенцаў самахода і пільна сачылі за навакольнымі краявідамі. Купала ажио рукамі абняў шыбу, нібы гэта магло дапамагчы яму лепей бачыць. Пачалі паказвацца вёскі. Купала штурхнуў мяне ў бок, быццам гаворачы: “Бачыш, братку?” Я, ведама, бачыў. Вёскі былі прыгожыя, чыстыя. Хаты добра крытыя, з выразанымі, маляванымі аканіцамі, добра зашклёнымі вокнамі, з вясёлымі гародчыкамі, поўнымі пышных вяргіняў і мальваў. Усё гэта было так не падобнае да бедных, шэрых калгасных вёскаў савецкае зямлі, што не заўважыць розніцы было немагчыма.
Да Стоўбцаў даехалі мы, калі ўжо зусім сцямнела. Нас падзялілі на невялікія групкі і пачалі размяркоўваць на ноч. Мне давялося зноў трапіць у аднух хату з Купалам. Мы меліся начаваць у аднаго настаўніка гімназіі — беларуса. ён меў кватэру з колькіх пакояў. Былі тут і кабінет, і зала, і сталовая, і спальня... Усё добра абсталяванае, з дыванамі, абразамі на сценах. Гаспадары замітусіліся, прырыхтавалі гарбату, сухарыкі. Гаспадыня вінаватым голасам перапрашала:
— Даруйце, госцейкі, цяпер вайна, у нас ужо цяжка што-колечы дастаць.
Купала ўстаў, выйшаў і праз колькі часінаў вярнуўся, паклаўшы на стале пакунак з булкамі, кілбасой і цукрам — увесь той запас, які ўдалося наскрэбці яму на дарогу цётцы Уладзі з “зачыненных размеркавальнікаў”. Гаспадары, не ведаю, ці шчыра, ці толькі так, для вока, здзівіліся. Айзік Кучар, без якога, ведама, не абышлася нашая кампанія, з гонарам прамовіў: “У нас усё ёсць! Хутка і ў вас тутака ўсё чыста будзе!”
Пачалася на гэтую тэму даўжэйшая гутарка. Мы распытвалі гаспадароў аб іхным жыцці, яны пыталіся ў нас аб нашым. Гаспадар прызнаўся, што ён зарабляў каля 400 злотых і што, адлічыўшы ўсе выдаткі на кватэру і пражыццё, у яго заставалася каля 150 злотых у месяц. Грошы гэтыя складаліся, а ўлетку яны за іх ездзілі ў горы ці на мора адпачыць. Мы, як кажуць, і вушы развесілі. У нас настаўнікі таксама атрымоўвалі па 400—500 рублёў, але гэтага хапала ім з сям'ёй адно на хлеб ды бульбу.
- А колькі каштаваў у вас мужчынскі гарнітур?— запытаўся Кучар, аматар добра апрануцца.
- Сярэдняе якасці — каля 70 злотых,— адказаў гаспадар.
Мы толькі глянулі адзін на аднаго. У нас мужчынскі гарнітур каштаваў не менш 1000—1500 рублёў. Тут, пабачыўшы нашыя невыразныя міны, Кучар пачаў ужо хлусіць без аніякага сораму:
— У нас таксама кожны працоўны мае ўсё неабходнае. Адклаўшы грошы, ездзіць на курорты, ходзіць ледзь не штодня ў тэатры, мае шмат вольнага часу...
Цяпер ужо гаспадары наставілі былі вушы і ўважліва заслухаліся ў Кучараву гутарку. Мы ж сядзелі моўчкі. Нам было сорамна глядзець адзін аднаму ў вочы. Выратаваў справу Купала, што, паклаўшы руку на плячо Кучара, прагаварыў тонам, якім гавораць дарослыя да недалеткаў:
— Ну, годзе, братку, байкі баяць, час і класціся. Гаспадары кінуліся слаць ложкі. Нас было шэсць чалавек, і кожнаму з нас знайшлося месца. Спалі гэтую ноч мы на чыстых, свежых посцілках, пад узорнымі, шоўкам пацягнутымі коўдрамі.
На другі дзень мы былі ў Беластоку, дзе спыніліся ў будынку былога ваяводства. Хутка пасля нас у Беласток прыехалі акторы. Мы выступалі на сцэнах Беластока, Горадні, Берасця і інш. гарадоў. Кучар кожны раз выходзіў насамперш з прамовай аб савецкай культуры, а потым ужо выступалі мы. Купала чытаў свае вершы. Чытаць ён вельмі любіў, асабліва калі быў у добрым настроі, хоць чытаў дрэнна, як, зрэшты, велізарная бальшыня паэтаў наогул. Купалаву манеру чытаць вельмі ўдала паказваў Любан, і Купала сам шчыра і вясёла смяяўся з наследавальніка, просячы Любана яшчэ і яшчэ паўтарыць, як гэта ён, Купала, чытае свае вершы.
Да Купалы на працягу ўсяго гэтага часу прыходзіла вельмі шмат дэлегацыяў, прасілі яго выступіць і тут і там. Але Купалу найбольш цягнула на родную Вілейшчыну. Аднак, хоць ён і абяцаў шмат каму прыехаць выступіць, хоць і вельмі хацеў наведаць родныя мясціны, яму нікуды не давялося паехаць. Аднойчы ж яго паклікалі ў партыйнае бюро і там “ветліва” папрасілі не даваць нікому ніякіх абяцанак, бо гэта... парушае план. Дзеля ж узгаднення Купалавых учынкаў з партийным планам... да яго прыдзяляецца сакратар Кучар. Гэткім чынам да Купалы быў прыстаўлены афіцыйны камісар. I Купала цяпер на ўсе просьбы і запросіны, адно сумна і збянтэжана ўсміхаючыся, адказваў:
— Ведама, я б вельмі цешыўся... ды вось не ведаю, як план у нас... Звярнецеся, бр(аткі, да майго сакратара.
Назіраючы за Купалам, я, ведама, усведамляў сабе той нутраны боль, што даўно быў звіўшы гняздо ў сэрцы паэта, але я не ведаў ягонае трагічнае тайны. Цікава, што нават ніхто з блізкіх, што ўсцяж былі з Купалам і, пэўна ж, бачылі гэтуго ягоную дзіўную задуму, не аддавалі ей належнае ўвагі. Адзін Самуйлёнак, што ведаў аб сваей цяжкой хваробе, ад якой не маглі яго ўжо выратаваць ніякія лекі, толькі Самуйлёнак, што стаяў ужо тады адною нагою на парозе смерці, першы, а мо і наогул адзіны, разгадаў, вычуў Купалаву таямніцу. Калі, бывала, Купала забудзецца аб навакольнай рэчаіснасці, засумуе, задумаецца, Самуйлёнак падыходзіў да яго, абымаў рукою і казаў:
— Нічога, стары, нічога.
Тады я не ўдумляўся ў гэты просты сказ, але цяпер перад маімі духовымі вачыма ўстае тое глыбокае, вусцішнае, таямнічае пачуццё “таго свету”, якое ахапляла ў тыя часіны аж двух людзей з нашага асяроддзя.
Перад самаю вайною Купала выехаў з колькімі беларускімі пісьменнікамі ў Рыгу на з'езд латвійскіх пісьменнікаў. Калі нечакана пачалася вайна з немцамі і нам, выпадкам прысутным у Менскім Доме пісьменнікаў, палітрук Модэль абвесціў, што нямецкія самалёты ўжо бамбяць Беласток, Баранавічы і Берасце, мы ўсе былі як громам аглушаныя. Адразу ж успомнілі аб нашай дэлегацыі, якая магла трапіць у страшэнную небяспеку. Аднак лёс яшчэ раз ці злітаваўся, ці мо насмяяўся, хто ж гэтае ведае, з Купалы. Ён вярнуўся ў Менск, каб гадзіны праз дзве выехаць адсюль у сваё апошняе падарожжа ў Маскву. Па праўдзе кажучы, Купала не самахоць пакінуў родны Менск, наадварот, ён быў нават абвесціўшы сваім хатнім, што нікуды адгэтуль не паедзе, але яго станоўка, у вялікім паспеху, ледзь не сілком адгэтуль вывезлі, нат не даючы часу на зборы. Падарунак савецкага ўрада — аўтамашына Купалы, саслужыла яму ў гэтым апошнюю службу.
Больш я Янкі Купалы не бачыў.
Перад Купалам мы ўсе ў вялікім даўгу. Усе мы яшчэ замала ведаем і разумеем Купалу і як чалавека і як творцу Некаторыя ягоныя рысы робяцца зразумелымі толькі сёння, а ёсць, пэўна, і гэткія, што яшчэ толькі будуць зразумелымі.
Купала — усцяж поўная скарбніца нацыянальнага багацця вартая належнага пазнання і вывучэння. Постаць Купалы нагэтулькі магутная, што нат і фізічная смерць не патрапіць аддаліць, схаваць ягоны воораз перад вачамі беларускага народа, які вінен яму адно — незабыўныя памяць, пашану і гонар*.
