|
АЎГЕН КАЛУБОВІЧ
Якуб Колас і Янка Купала
Памяць! Памяць! Малю! Малю!
Аднаві мне фарбы палёў і нябёс,
Аднаві мне маю зямлю!
У. Караткевіч
Я не магу пахваліцца, што быў сябрам ці блізкім да Я. Купалы і Я. Коласа. Але ў 1934—1941 гг. пры розных нагодах — юбілейных імпрэзах, сходах, службовых абвязках і прыватна — сустракаўся з імі. Мэта гэтых нататак — аднавіць з памяці колькі паасобных выпадкаў з жыцця вялікіх песняроў.
***
28 сакавіка 1936 г. Зала сходаў у Доме пісьменніка. На сцяне выдзяляецца вялікі партрэт А. Александровіча; на ім “вядучы пралетарскі паэт” сядзіць на стале з цыгарэтаю ў руцэ. Над сцэнаю зверху — свежы лозунг: “Калі вораг не здаецца, яго знішчаюць” (М. Горкі).
Як і часта, у зале, апрача пісьменнікаў, выкладчыкі беларускай літаратуры з вышэйшых і сярэдніх школаў Менска, спаміж якіх і я.
На адкрытым сходзе пісьменнікаў ідзе “дыскусія” пра фармалізм у літаратуры. Пачатак ёй даў артыкул М. Горкага ў маскоўскай “Правде”. Усе разумелі, што і артыкул гэты, і “дыскусія” — чарговы сігнал для новых чыстак і арыштаў, якія неўзабаве і пачаліся.
У зале напружаны, прыгнечаны настрой. Пасля пагромных выступаў казённых крытыкаў Я. Бранштэйна і А. Кучара, падтрыманых А. Александровічам, нясмела выходзілі на трыбуну пісьменнікі і ціха штось няяснае гаварылі. Пасля некаторых прамоўцаў былі паўзы, і старшыня сходу М. Клімковіч настойліва паўтараў сваю просьбу: “Хто яшчэ хоча выступіць?”
У часе аднае з такіх замінак падняўся Я. Колас.
Павольнай хадой ён дайшоў да трыбуны. Твар ягоны быў усхваляваны. Голас — узбуджаны, глухаваты; інтанацыя — падкрэслена выразная. Ён не чытаў свае прамовы, як некаторыя іншыя (мажліва, не збіраўся і выступаць), а гаварыў — не зусім складна, з перарывамі. Прамова ягоная праз колькі дзён была апублікавана ў газеце “Літаратура і мастацтва”, а пазней — у зборах твораў; але далёка не ў той рэдакцыі, якую я чуў на свае вушы і ў іншай стылістычнай форме.
Напачатку Я. Колас заявіў, што ён адмоўна ставіцца да гэтай “дыскусіі”, у якой няма “яснасці... і гаворыцца больш кругом ды навокала” і якая сама дзеля таго мае фармалістычны характар. Такое ж уражанне складалася ў яго, калі ён перад тым быў прысутны на такой жа “дыскусіі” ў Маскве. А тады загаварыў канкрэтна, болей-меней так (як я памятаю):
— Ужо чацвёрты вечар мы таўчэм ваду ў ступе. Усё не можам дашукацца фармалізму ў нашай літаратуры. I фармалістычных твораў... А я ведаю такі твор: мая аповесць “Адшчапенец”. Сырая, схематычная, нерэальная. А чаму? Таму, што наша крытыка, а галоўна Бэндэ, з аглаблёю ў руках бегаў за мною і патрабаваў, каб я як найхутчэй адгукнуўся на калектывізацыю. Дык вось я і адгукнуўся! Цяпер я публічна
адмаўляюся ад яе...
У зале мёртвая цішыня. Я. Колас змоўк. Зрабіў крок ад трыбуны, але спыніўся, пастаяў крыху і дадаў (тут ужо я магу зацытаваць паводле публікацыяў, блізкіх да таго, што ён гаварыў):
— Гэта твор не апошні, пра які можна было б шмат пагаварыць... I калі б вы запыталіся ў мяне: “Дзядзька Якуб, якія ты творы лічыш беззаганнымі?!”— то я крэпка задумаўся б... Можа, каму-небудзь прызнанне гэтае непрыемнае і страшнае, як чалавеку, якому трэба скакаць з трампліна першы раз. Але скокне ён раз, скокне другі, і страх у яго пройдзе...
Цяпер я нават не памятаю, ці выступаў пасля Я. Коласа ў той вечар яшчэ хто. Выступ ягоны так ашаламіў, што заглушыў сабою ўсё іншае што было на тым сходзе перад ягоным выступам і пасля.
***
У тым жа годзе, дзесь на пачатку кастрычніка, я меў нагоду пазнаёміцца з Я. Коласам. Было гэта ў сувязі з 30-гадовым юбілеем ягонай літаратурнай творчасці. Спаміж розных юбілейных імпрэсаў была рэспубліканская радыёперадача. У студыю радыёстанцыі быў запрошаны юбіляр і прамоўцы ад розных устаноў і арганізацыяў. Я выступаў там ад настаўнікаў Менска. Усе мы віталі яго перад мікрафонам. Тады Я. Колас пазнаёміўся з усімі намі.
***
Аднойчы ўлетку 1939 г., калі я ўжо працаваў у Народным камісарыяце асветы, мне перадалі незвычайны ліст. Вялікі аркуш паперы з двух бакоў быў акуратна спісаны дрыжачай старэчай рукой. Пад лістом подпіс: Адам Багдановіч.
Няўжо гэта ліст ад бацькі Максіма Багдановіча — былога беларускага гісторыка, этнографа, фалькларыста і мовазнаўцы, аднаго з кіраўнікоў партыі “Народная воля” ў Менску ў 1880-х — пачатку 1890-х гг.?
Гляджу на канверт, прыколаты да ліста. Так, сумніву няма: ліст з далёкага Яраслаўля ад бацькі паэта. У лісце ён не просіць, а моліць дапамагчы яму: мае 77 год; не здольны да ніякае працы; у пару рэвалюцыі згубіў усю сваю маёмасць, ратуючы ад. пажару Максімавы рукапісы; а цяпер — амаль што жабрак.
Ад 1928 г. урад БССР выдаваў яму персанальную пенсію. Аднак праз два гады, калі па БССР пакацілася хваля масавых арыштаў 1929—1930 гг. і пачалося “сацыялістычнае наступленне па ўсяму фронту”, М. Багдановіч быў абвешчаны “буржуазным” паэтам, вывучэнне ягонай творчасці было выкраслена з усіх школьных праграмаў, а ягоныя “контррэвалюцыйныя” творы забароненыя і выкінутыя з бібліятэк. Тады і ў бацькі паэта, які ў тым годзе пайшоў на эмерытуру, адабралі персанальную пенсію. У 1931—1936 гг. ён так-сяк перабіваўся на мізэрнай пенсіі эмерыта і дапамозе сваякоў. 1937—1939 гг. былі самыя крытычныя, і ён звярнуўся з просьбаю ў Менск.
Што рабіць? Як дапамагчы бацьку М. Багдановіча?
У выніку абмену думкамі з маімі калегамі было вырашана парадзіцца з Саюзам пісьменнікаў БССР і Акадэміяй навук; асабіста — з М. Лыньковым, тады старшынёю СП, і Я. Коласам, віцэ-прэзідэнтам АН. Імя паэта к таму часу было зноў “рэабілітаванае”, а банька ягоны мае вялікія заслугі перад беларускім народам: жывучы далека ад Бацькаўшчыны, ён узгадаваў сына на беларускага паэта, захаваў і перадаў Беларусі асноўны фонд ягонай спадчыны — архіў рукапісаў.
У той, жа дзень я паехаў да М. Лынькова, які прыхільна паставіўся да гэтай справы; а ад яго — да Я. Коласа.
Я. Коласа я застаў у ягоным кабінеце. Ён выслухаў мяне, папрасіў ліст А. Багдановіча, перачытаў яго. Узяў пяро і выпісаў у свой настольны блакнот адрас.
— Трэба неадкладна дапамагчы старому. Каб не было запозна...— Г Я. Колас выказаў свае меркаванні, як дапамагчы. Пасля таго працягваў:
— Самога Максіма я не ведаў. А бацьку яго добра памятаю. Улетку 1923 г. ён прыязджаў у Менск. У Інбелкульт прывозіў Максімавы рукапісы, фатаграфіі з сямейнага альбома і напісаную ім самім, на просьбу Інбелкульта, падрабязную біяграфію сына. На
той час не прыпадала ніякая юбілейная дата, звязаная М. Багдановічам, але Інбелкульт вырашыў з прычыны прыезду бацькі зрабіць літаратурны вечар*. Здаецца, то быў наогул першы такі вечар у памяць М. Багдановіча. З дакладамі і ўспамінамі выступалі Піятуховіч, Бядуля, Грамыка...
Перавёўшы гутарку на М. Багдановіча, ён казаў:
— Максім Багдановіч быў не толькі выдатны паэт, але і крытык.
Я. Колас высунуў адну з бакавых шуфлядаў у сваім стале і выцягнуў адтуль другі том акадэмічнага Збору твораў М. Багдановіча.
— Нядаўна на пленуме Саюза пісьменнікаў у Кіеве, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі, я рабіў даклад. Рыхтуючыся да яго, я перагледзеў гэты том і здзівіўся, які глыбокі і высокакультурны крытык быў М. Багдановіч. У дакладзе я зачытаў выпісаны адсюль аналіз Шаўчэнкавага верша.
Я. Колас адгарнуў кнігу і паказаў мне артыкул “Краса і сіла”, перадрукаваны з часопіса “Украинская Жизнь”, які па-расейску ў Маскве выдаваў С. Пятлюра (М. Багдановіч быў сталым супрацоўнікам таго часопіса).
— Калі я скончыў даклад, да мяне падыходзілі і пыталіся: “Няўжо вы да рэвалюцыі мелі такога крытыка?”
Наступнага дня я выслаў А. Багдановічу ліст, у якім падрабязна паведамляў яму пра нашыя захады.
...Хутка пасля таго на супольнае хадайніцтва Наркамасветы, Саюза пісьменнікаў і Акадэміі навук яму была прызначана персанальная пенсія. На жаль, бедны бацька геніяльнага паэта пакарыстацца ёю ўжо амаль не меў часу: яшчэ ў лютым 19(40 г. Я. Колас і я атрымалі ад яго лісты, а ужо 16 красавіка ён памёр. У лісце да Я. Коласа А. Багдановіч пісаў: “Ваша рэдкая спагадлівасць і Наркамасветы БССР мне глыбака кранулі. Шлю сардэчную ўдзячнасць Вам асабіста і прашу Вас перадаць маю ўдзячнасць у Камісарыят асветы кансультанту-метадысту па беларускай мове т. Калубовічу”*.
***
У канцы лістапада 1939 г. аддзел культуры ЦК КП(б)Б склікаў нараду, на якую былі запрошаныя філолагі Інстытута літаратуры і мовы Акадэміі навук, пісьменнікі, прадстаўнікі Наркамасветы і выдавецтва. Нарада, згодна запросінаў, павінна была “выказацца ў паўстаўшых праблемах беларускай мовы і правапісу”. Праблемы гэтыя сапраўды паўставалі і абвастраліся пасля русіфікацыйнае рэформы правапісу ў 1933 г., выклікаючы ў практыцы друку і пісьма штораз большы разнабой, супярэчлівасці і канфлікты.
Канкрэтнай зачапкай да парады была, праўдападобна, дыскусія, якая ў пытаннях мовы зноў разгарэлася ў тыя дні паміж газетамі “Літаратура і мастацтва” і “Звязда”. Для валадароў Беларусі дыскусія была дужа не на руку, асабліва беручы на ўвагу толькі што “вызваленую ад польскага нацыянальнага прыгнёту” Заходнюю Беларусь. “Вызвольная” прапаганда была ў самым разгары, а тут такі прыкры дысананс! Загадаць змоўкнуць, прыкрыкнуць, як гэта перад тым звычайна практыкавалася, у тых акалічнасцях, відаць, уважалася за немэтазгоднае. Зноў жа, праз Заходнюю Беларусь былі крышачку прыадчыненыя дзверы ў вольны свет, а ну ж пачуюць і там.
Калі я збіраўся ехаць на тую нараду, да мяне па дарозе з педагагічнага інстытута, дзе ён чытаў лекцыі, зайшоў навуковы сакратар Інстытута літаратуры і мовы Акадэміі навук дацэнт Кастусь Гурскі. Разам мы і паехалі. У думках нашых цяплілася, хоць і невялікая, надзея. Набалелае пытанне, прынамсі, пастаўлена на парадак дня.
У вестыбюлі ЦК дзяжурны міліцыянер, перад якім на стале ляжаў спіс запрошаных на нараду, выпісаў нам прапускі і растлумачыў, як знайсці патрэбны пакой. Але тут расчыніліся дзверы з вуліцы, і на парозе паказаўся Я. Колас. К. Гурскі пацягнуў мяне за рукаў, і мы адступілі назад, да акна вестыбюля.
Я. Колас заўважыў нас і падышоў. Прывітаўшыся, ён адразу звярнуўся да К. Гурскага:
— Я чуў, што ў Інстытут літаратуры і мовы званілі Папкоў* і Грэкава*, але не меў выпадку папытацца ў Вас. У якой справе яны званілі?
К. Гурскі паўтарыў Я. Коласу ўжо расказаныя мне па дарозе сюды новыя, не толькі абуральныя, але і анекдатычныя выпадкі з праблемы, якая пастаўлена на парадак дня сённяшняй нарады. Яны званілі, казаў ён, каб узаконіць навуковым аўтарытэтам інстытута тыя змены ў правапісе, якія яны ўжо загадалі ўвесці ў практыку газеты “Звязда”. Папкоў — замену “е” на “і” ў слове “Менск”, якое “Звязда” так ужо і набірае; бо, паводле яго, гэта імя аднае з рэспубліканскіх сталіцаў “нашае краіны”, і яно ўсюды павінна пісацца аднолькава; і напісанне слова “вобласць” без прыстаўнога “в”, з ім гэтае слова “рэжа вуха”, як бы яно — ад “вобла”...
— А што ж Вы яму адказалі?— перабіў К. Гурскага Я. Колас.
К. Гурскі адказаў, што яму цяжка было згадзіцца з такімі аргументамі; што, калі правапіс абаперці на такую “этымалогію”, то знойдзецца шмат іншых выпадкаў і слоў, у якіх трэба было б рабіць якіясь аперацыі, і прывёў Папкову прыклад: “камсамол” — ад “камса”...
— Ну а Грэкава?— зноў перапыніў яго Я. Колас. Відаць было, што ён спяшаўся.
Грэкава, працягваў К. Гурскі, загадала ўнесці ў правапіс дзве зробленыя ёю “папраўкі” ў лозунг “Пралетарыі ўсіх краін, злучайцеся!”. Па-першае, слова “злучайцеся” замяніць на “яднайцеся”, бо вось яна як сакратар ЦК часта падпісвае “дырэктывы” калгасам, што ўжо пара пачынаць “злучную кампанію для ската”; таму заклік “злучайцеся!” у дачыненні да пралетарыяту “неяк нядобра гучыць”. Па-другое, у слове “яднайцеся” пачатковае “я”, хоць і стаіць у першым складзе перад націскам, павінна пісацца праз “е”; бо могуць быць выпадкі, тлумачыла Грэкава, калі слова гэтае пры пісьме ці друку трэба пераносіць і тады пры падзеле яго можа выйсці “яд-”. Для палітычнага лозунга гэта недапушчальна, ЦК партыі на гэта не можа згадзіцца.
Я. Колас нічога не адказаў. У вестыбюль увайшлі К. Крапіва і П. Глебка, ён далучыўся да іх, а мы пайшлі на другі паверх. У невялікай зале ўжо сядзела да 40 асобаў.
Нараду адчыніў У. Малін, сакратар ЦК. Пасля яго гаварыў Я. Колас. Як заўсёды ў такіх выпадках, сур'ёзны, заклапочаны і пачуццёвы. У руках ён трымаў экземпляр газеты “Звязда”.
Гэтая ягоная прамова ніколі не была друкаваная. Мажліва, дзеля таго, што ў ёй Я. Колас не толькі выказваў патрэбу перагледзець і выправіць правапіс, але востра крытыкаваў “моўную практыку” газет, а галоўна “Звязды”, якая, паводле яго, паглыбляла “правапісны хаос”.
— Іншыя газеты і часопісы, а асабліва выдавецтва, дзе заўсёды шмат набранага,— казаў ён,— “Звязда” проста збівае з панталыку. I яны не ведаюць, як жа, урэшце, набіраць і выпраўляць карэктуру — ці згодна існуючага правапісу, ці так, як у “Звяздзе”...
Toe самае трэба сказаць і аб спробах “Звязды” ўвесці ў норму беларускай літаратурнай мовы без усялякае патрэбы і нат супроць натуральных законаў беларускай мовы некаторыя расейскія словы ў збеларушчанай форме. Нядаўна мы чыталі ў ёй справаздачу пра кастрычніцкія святы ў Менску. Там пісалася, што ў зале опернага тэатра адбылося “таржэсцвеннае” паседжанне. Чаму “таржэсцвеннае”,— высака ўзнялася рука Я. Коласа са “Звяздою”,— калі мы маем добрае беларускае слова “ўрачыстае”? Але калі ўжо “таржэсцвеннае”, то чаму тады не “засяданне”?..
Ён прасіў перагледзець правапіс і не “нявечыць беларускае мовы”.
На выступе Я. Коласа “дыскусія” была перарваная. З бакавых дзвярэй нечакана выйшаў першы сакратар ЦК П. Панамарэнка і пачаў расказваць, як колькі дзён перад тым ён быў у Беластоку, як у гатэль да яго быў выкліканы цырульнік, як той цырульнік яго галіў, і падрабязна пра сваю дыскусію з ім аб характары савецкай улады. На тым нарада і закончылася.
***
Быў звычайны рабочы дзень у канцы снежня 1939 г. Зазваніў тэлефон. Я зняў слухаўку.
— Гаворыць Колас. Я даведаўся, што Вы едзеце на раённую настаўніцкую канферэнцыю ў Стоўбцы. Ці не былі б Вы ласкавымі перад тым, як паедзеце, а хоць бы і сёння пасля працы, заехаць да мяне дадому? Я маю пільную патрэбу ў гэтым.
Не згадзіцца я не мог, і мы ўмовіліся, што я прыеду сёння ж.
Пасля працы я сеў у трамвай, што ішоў Савецкай вуліцай, мінуў Эльвод, мост праз р. Свіслач і на Шпітальнай выйшаў. Ужо пачало змяркацца, але ісці было недалёка. Праз колькі хвілінаў ля гарадскога парку на 2-м Шпітальным завулку я спыніўся перад двухпавярховым драўляным асабняком. Гэта быў уласны дом Я. Коласа. У 1920-х гг. у гэтым зялёным куточку горада ў суседстве жылі Я. Лёсік, б. прэзідэнт БНР д-р I. Серада, М. Грамыка, адзін час М. Гарэцкі і шмат іншых. Усе яны павысыланыя. Застаўся тут адзін Я. Колас.
Калі я ўвайшоў у двор, Я. Колас калоў дровы. Ён паклаў сякеру, прывітаўся і павёў мяне ў хату. Па дарозе ў ягоную бібліятэку мы спаткалі жонку, і ён пазнаёміў мяне з ёю.
У бібліятэцы мы селі на канапу, і Я. Колас вытлумачыў мне сваю просьбу:
— Я маю лісты з Мікалаеўшчыны, дзе не быў ад 1915 года. Запрашаюць у госці, а я ўсё яшчэ ніяк не змог адведаць іх, хоць і думкамі ўвесь там. То адно, то другое стаіць на перашкодзе... А яшчэ яны просяць падручнікаў для школы і маіх кніг. Дык вось, даведаўшыся, што Вы едзеце ў Стоўбцы, я і вырашыў прасіць Вас завезці ім ад мяне пакуначак з кнігамі. Сёння я абегаў кнігарні і тое-сёе (праўда, мала) назбіраў.
Жэстам рукі ён паказаў на крэсла, якое стаяла пры ягоным рабочым стале. На крэсле ўзвышаўся стажок да 20 кніг. Я. Колас устаў і прапанаваў мне падысці, разам з ім, да тых кніг. Ён браў кожную з іх, называў, што гэта за кніга, і клаў на стол. Першыя ішлі падручнікі. Калі ж дайшоў да сваіх кніг, то хутка перакладаў дзіцячыя — “Дзед і мядзведзь”, “Савось-распуснік”, “Рак-вусач”, тады — “Новую зямлю”, “Сымона-музыку”, “Дрыгву”... Але вось на зборніку вершаў “Нашы дні” запыніўся, пакруціў яго ў руках, падумаў і адклаў убок.
Мы звязалі ўсе кнігі шпагатам, уклаўшы ў сярэдзіну верхняй кнігі ліст Я. Коласа ў незаклееным канверце. Я. Колас вывеў мяне на вуліцу, развітаўся і папрасіў, каб па прыездзе са Стоўбцаў я абавязкова пазваніў да яго — у акадэмію ці дадому.
...Праз колькі дзён (хутчэй за ўсё — 3 студзеня 1940 г., бо Новы год я спатыкаў у Стоўбцах) я пазваніў Я. Коласу. Паведаміў яму, што ўжо вярнуўся назад і прывёз яму пачку з мікалаеўскім салам і каўбасою.
Я. Колас сказаў:
— То я Вам проста загадваю: адразу пасля працы, без аніякіх перасадак, да мяне дадому. У нас і павячэраем.
На гэты раз мы размясціліся ў сталовай. Пакуль жонка смажыла мікалаеўскую каўбасу і сала, Я. Колас чытаў два лісты, прывезеныя мною, разам з пачкам — ад сваякоў і ад старога сябра, Базыля Шчорса. Тады папрасіў падрабязна расказаць пра ўсё падарожжа ў Стоўбцы і пра спатканні там. Найбольш яго зацікавіла спатканне на канферэнцыі з братам ягоным Міхасём і адведзіны м. Новы Свержань, куды я быў запрошаны да Шчорсаў.
Памятаю, што загадчык райана Хількевіч, перш чым заехаць да Шчорсаў, хацеў пры выпадку паказаць мне Новасвержанскую школу. Таму, калі балагол пад'ехаў да райана і мы ўселіся ў вазок, ён коратка сказаў: “У Новы Свержань, да школы”.
Хвілінаў праз дваццаць мы ўехалі ў мястэчка. Трохі праехалі па ім, і каля аднаго будынка балагол спыніў каня. Здзіўлены Хількевіч агледзеўся па баках і выпаліў: “Куды ж ты нас прывёз? Гэта ж сінагога!” Балагол спакойна павярнуўся да нас і адказаў: “Вы ж прасілі — да школы”. Але тут жа спахваціўся і зразумеў сваю памылку. Завярнуў каня назад, зрабіў колькі паваротаў і на іншай вуліцы зноў затрымаў каня. Агледзеўшы школу, мы заехалі да Шчорсаў, дом якіх стаяў на самым краю мястэчка пры дарозе ў Стоўбцы.
Я. Колас шчыра смяяўся з гэтае прыгоды, увесь ажывіўся, наагул перарываў мой расказ пытаннямі, рабіў каментарыі і ўстаўкі са сваіх успамінаў. Потым выйшаў са сталовай, вярнуўся назад з кніжкаю і пачаў чытаць:
- “У мястэчку Панямонь многа розных выдатных будынкаў і ўстаноў. Тут ёсць... царква Св. Магдалены... дзве школы, сінагога, касцёл і камяніца Базыля Трайчанскага. Але вы яго, напэўна, не ўсе ведаеце. А шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадскі дзеяч...”
- Дык жа ж Панямонь,— спыніўся чытаць ён аповесць “У глыбі Палесся”,— гэта і ёсць Новы Свержань; а Базыль Трайчанскі і яго камяніца — Базыль Шчорс і яго дом. У доме тым я не раз бываў...
Ніякае ваабражэнне тады не магло дапусціць, што прататыпа гэтага персанажа з Коласавай аповесці праз восем год мы будзем хаваць на эміграцыі (на нямецкім могільніку ў Каме).
Пад канец вячэры настрой, аднак, змяніўся на сумны. Жонка Я. Коласа нават праслязілася, расказваючы, што ейнага брата, Камінскага, дзесь на Лідчыне арыштавала НКВД і яны нічога не ведаюць пра ягоны лес. А Я. Колас з сумам дадаў:
— Купала атрымаў нядаўна ліст ад жонкі Уласава, былога рэдактара газеты “Наша ніва”. Яна паведаміла, што Уласаў арыштаваны, і прасіла заступіцца
за яго.
Некалі А. Уласаў быў актыўным беларускім публіцыстам і палітычным дзеячам — адным з ініцыятараў заснавання Беларускай Сацыялістычнай Грамады ў 1902 годзе, рэдактарам газ. “Наша ніва” і час. “Саха”, сябрам Рады БНР і ейнага прэзідыума, сенатарам Заходняй Беларусі ў Польскім сойме. У пазнейшым часе і ў часе арышту, будучы ўжо ў гадах і з слабым здароўем, стаяў у баку ад публічнага жыцця і ва ўласным фальварку пад Маладзечнам дажываў свой век.
— Мы з Купалам,— далей казаў Я. Колас,— хадзілі да Панамарэнкі. Прасілі за яго. Але Панамарэнка нам не дапамог. Ён быццам бы званіў у НКВД,
скуль яму адказалі, што Уласава ў БССР ужо няма. Таму ён нічога не можа зрабіць.
***
Pyx за выпраўленне беларускага правапісу і за чысціню мовы ніколі не сціхаў ад часу правапіснае рэформы 1933 г. Праўда, быў ён мо заціхі, нясмелы. Паўсюдна выяўляўся болей у прыватных гутарках. Але скаргі, нараканні і галасы крытыкі часам узнімаліся на настаўніцкіх сходах, у кабінетах навуковых інстытуцыяў ці ў фельетонах газеты “Літаратура і мастацтва”. Цяпер, у новых, больш спрыяльных акалічнасцях рух гэты пасмялеў і ледзь не выліўся ў бунт. Усё гэта прывяло да таго, што спецыяльнай пастановай СНК БССР для перагляду правапісу была пакліканая Правапісная камісія. Мне цяжка назваць дакладную дату, калі гэта было, але думаю, што дзесь увесну 1940 г.
У склад камісіі ўвайшлі: ад Інстытута літаратуры і мовы Акадэміі навук — ягоныя дырэктар і навуковы сакратар, В. Барысенка і К. Гурскі; ад Саюза пісьменнікаў — Я. Колас, Я. Купала, К. Крапіва, М. Лынькоў, П. Глебка і М. Клімковіч; ад Наркамасветы — кансультанты-метадысты па беларускай мове і літаратуры Гарачун і я. Старшыня камісіі — нарком асветы Е. Уралава; у ейным кабінеце камісія і збіралася на свае сходы.
На першым сходзе ішла агульная дыскусія: у якім кірунку рабіць змены, на якія арфаграфічныя прынцыпы абаперці іх. Думкі сяброў камісіі падзяліліся.
М. Клімковіч выказаўся ісці па той самай дарозе, на якую сталі аўтары рэформы ў 1933 г., гэта значыць узмацніць марфалагічны прынцып. Паводле яго, такія рысы беларускае мовы, як аканне, дзеканне і цеканне зусім не павінны перадавацца на пісьме. Супрацьлеглы пагляд выказаў Я. Колас. Ён горача адстойваў пераважнасць фанетычнага прынцыпу, які найбольш адказвае асаблівасцям беларускай мовы; настойваў узмацніць перадачу на пісьме акання, як гэта было да рэформы 1933 г. У канцы заявіў, што гэта не толькі ягоны пункт гледжання, але і Я. Купалы, які дзеля адсутнасці ўпаважніў яго на гэтую заяву.
Калі ўсе сябры камісіі выказаліся, выяснілася, што М. Клімковіча ніхто не падтрымаў. В. Барысенка і М. Лынькоў не занялі ніякае пазіцыі, а ўсе іншыя сябры сталі на бок Я. Коласа. Е. Уралава ў дыскусіях удзелу не брала, яна кіравала працаю камісіі і вяла сходы.
... Так злажылася, што мне выпала ехаць да Я. Купалы, каб ён падпісаў пратакол сходу камісіі. Я быў шчаслівы выпадку. Я. Купалу я шмат разоў бачыў і чуў, але мне не здаралася быць блізка да яго, каго я ўважаў за нацыянальнага правадыра. Дый ці толькі я. Я бачыў, як усе, а ў тым ліку нават і Я. Колас, пры кожнай нагодзе падкрэслівалі ягонае першынство. Я не сумняваўся, што і сам Я. Купала гэта разумеў. Ніхто з беларускіх пісьменнікаў не захоўваўся так незалежна, як Я. Купала, хоць гэта было і не так лёгка, ён сам дакараў сябе, што таксама
...Плечы гнуў у крук не раз;
Не йшоў з адкрытымі вачыма ў свет
I сцежкі не прастаў,
А ўсёй магчымасцю магчымай
Таптаў сляды, сябе таптаў.
“І прыйдзе...”
Перад тым як ехаць да Я. Купалы, я пазваніў. Жонка ягоная, цётка Уладзя, адказала: “Янка дома. Едзьце”. I вось я на Садовай вуліцы. Заходжу ў двор з таполяй і садком. 3 якімсь хваляваннем падыходжу да дзвярэй.
У пярэднім пакоі мяне спатыкае цётка Уладзя.
— Янка — там. Ён чакае Вас,— і прыадчыніла мне дзверы ў гасціную.
Калі я праходзіў праз пярэдні пакой, я заўважыў Купалаву маці, Бянігну. Яна сядзела ў баку ад праходу з Кацярынаю — дачкою аднае з “раскулачаных” Купалавых сясцёр. Кацярына працуе ў 2-м Клінічным гарадку сястрою і, як і паэтава маці, жыве ў Купалаў.
Я. Купала спаткаў мяне сардэчна. Твар ягоны свяціўся прыемнай усмешкай, увесь ён быў ветлівы, далікатны, уважлівы і разам з тым просты, даступны; наагул быў у добрым настроі і жартаваў. Ён ведаў, па якой справе я прыехаў, падвёў мяне да стала, падпісаў пратакол і сказаў:
— Мне трохі нездаровіцца. То я і прасіў Коласа, каб ён выступаў там і за мяне. Ён расказвае мне пра сходы камісіі.
Мой візіт да Я. Купалы быў напярэдадні юбілейных урачыстасцяў 35-годдзя ягонай паэтычнай творчасці. Усе тыя дні Я. Купала атрымліваў віншавальныя тэлеграмы і падарункі. Таму, калі мы сядзелі і гутарылі, цётка Уладзя і Кацярына ўнеслі ў гасціную толькі што прывезены з пошты і ўжо раскрыты пачак-падарунак Я. Купалу ад ягонага старога прыяцеля, ведамага ў СССР мастака К. Ялісеева, былога ў пачатку 1920-х гг. дэкаратара Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Менску. Калі з пачка выцягнулі абраз у раме — на палатне стаялі жывыя палескія хвоі. Другі падарунак ад іншага маляра (не памятаю — якога) вісеў ужо на сцяне, над канапаю, на якой мы сядзелі. Гэта быў алейны партрэт Я. Купалы, у кунтушы з палосамі.
Хутка дзверы зноў адчыніліся, і цётка Уладзя сказала:
— Янка, да цябе тут яшчэ адзін інтэрэсант.
У гасціную ўвайшоў хлопчык гадоў 15-ці. Я ўстаў, каб развітацца, але Я. Купала затрымаў мяне.
Хлопчык назваўся, што ён кур'ер з рэдакцыі менскай польскай газеты “Sztandar Wolnosci”. Ён прынёс, як гэта зараз жа выявілася, уступны артыкул да выдання вершаў і баладаў А. Міцкевіча. Артыкул гэты (колькі аркушаў машынапісу) Я. Купала павінен быў тут падпісаць. Але перад тым ён зацікавіўся самім
хлопчыкам і пачаў ставіць яму пытанне за пытаннем:
— А чаму ж ты працуеш кур'ерам? Хіба ты не вучышся ў школе?
Хлопчык адказаў, што ён вучыцца ў 8-м класе сярэдняй школы, але што мусіць плаціць за навуку, а маці не мае чым. Таму зрана ён на лекцыях у школе, а па абедзе “падрабляе грошы” (у тым часе была ўведзена плата за навуку ў 8—10 класах і ў вышэйшай школе).
- А скуль жа ты, хлопча?
- З Койданава.
- З Койданава? Я ведаю там шмат каго. Чый жа ты будзеш?
Той адказаў, і гутарка пайшла далей. Відаць было, што Я. Купала пашкадаваў беднага хлопчыка ды яшчэ і земляка. Ён папрасіў цётку Уладзю прынесці яблыкі, і яны ўдваіх тут жа паўкладалі іх у кішэні хлопчыка. Толькі тады Я. Купала сеў да стала, павольна налажыў акуляры, адгарнуў апошні аркуш артыкула і хацеў падпісаць. Ды пяро, відаць, ужо не мела чарніла, і ён звярнуўся да жонкі:
- Уладзя, дай мне, калі ласка, іншую асадку.
Цётка Уладзя заўважыла:
- А што ж ты падпісваць будзеш? Ты чытаў, што там напісана? А мо там табе смяротны прысуд?
- А навошта ж ты ў мяне? Ты і чытай! Мая справа — падпісваць,— з жартам адказаў Я. Купала.
I ён, не чытаючы, узяў з рук жонкі “асадку” і падпісаўся. Я падумаў тады, як трэба будзе ў будучыні быць асцярожным з публіцыстыкай Я. Купалы. У тыя змрочныя гады ён мог падпісаць тэкст, які не толькі не выказваў ягоных паглядаў, але нават і не быў чытаны ім. Імя паэта было вялікае, і ім злоўжывалі.
***
На другі дзень вайны я выйшаў з 21-й сярэдняй школы, якая стаяла на рагу Савецкай і Пралетарскай вуліцаў. Неспадзявана насустрач мне — Я. Купала. З апушчанай галавою. I з неразлучнай палкаю-крывулькаю. Вочы — стомленыя, засмучаныя. Ён прыстаў мо толькі на хвілінку. Кудысь спяшаўся з дому.
Мне здалося, што ён не гаварыў, а ціха скардзіўся.
Толькі што вярнуўся з Рыгі, куды ездзіў на з'езд пісьменнікаў Латвіі. Па дарозе дадому затрымаўся ў Вільні, дзе да гатэля, у якім ён спыніўся (з ім былі таксама М. Лынькоў і П. Броўка), прыйшла дэлегацыя віленскіх беларусаў, але сакратар ЦК Ц. Гарбуноў, які ўсю дарогу іх суправаджаў, дэлегацыю не дапусціў.
Я. Купала быў дужа паранены гэтым выпадкам. З Менска збіраўся ехаць на сваю дачу ў Ляўкі.
Калі ён адышоў, я яшчэ колькі часінаў стаяў, праважаючы яго вачыма. Я бачыў, як ён мінуў педагагічны тэхнікум, дзе ў 20-х гг. працаваў Я. Колас, і крута на пад'ёме вуліцы пачаў падымацца ўгару, насустрач нерухомым слупам чорнага дыму, што стаялі над загарадным аэрадромам. Ужо пазней я не раз думаў: была якаясь таямнічая сувязь паміж тымі слупамі чорнага дыму і хуткай пасля таго трагічнай смерцю Я. Купалы.
***
Ад тых часоў ужо шмат разоў ападала лісце з дрэваў... I Я. Купала і Я. Колас даўно памерлі. Але мне думаецца, што іхная смерць — гэта толькі пачатак іхнай несмяротнасці*.
