|
На Лысай Гары
Улетку 1926 года я з мужам наведала дом Ядвігіна Ш. у Карпілаўцы.
Паблізу, у Акопах, гасцяваў у сваіх родзічаў Янка Купала з жонкаю. Мы разам хадзілі па квяцістых лугах, узмежках, палявых дарожках. Купала вельмі любіў такія паходы і ведаў цудоўныя маляўнічыя мясцінкі.
Аднаго разу Купала папытаўся, хто вытрывалы, падтрымае таварыства на далёкую экскурсію. Выйсці трэба рана, з расою. Пэўна ж, я адазвалася.
Назаўтра раніцою — была гэта нядзеля — мы выправіліся. Купала, Купаліха і я. Ішлі па дарогах і межах, праз росныя лугі. Рачулкі і раўчукі пераходзілі па дрыготкіх мастках і зыбкіх кладках або слізкіх бярвеннях, перакінутых праз канавы. Купала ішоў моўчкі паперадзе, апіраючыся на сваю неадлучную ляску. Ішоў упэўнена, відаць, што ці раз хадзіў і добра ведаў дарогу нацянькі. Мы з цёткай Уладзяй ледзь надужвалі за ім, перакідаючыся нязначнымі слоўкамі.
Сонца ўзнялося і пачало прыемна аграваць прамочаныя расою ногі, калі мы падышлі да падножжа стромкага ўздыму.
- Ну, вось вам і Лысая Гара!— сказаў Я. Купала.
- Лысая Гара?!— здзіўлена-пытальна глянула я на Купаліху.
- Але ж,— адказала яна кіўком галавы.
- Што ж вы раней не сказалі, куды ідзем. Я б пільней прыглядалася дарогі, а то думала, што ідзем браць баравікі.
- Ну во, баравікі! У чэрвені баравікі! (А трэба сказаць, што Купала вельмі любіў збіраць грыбы і надзвычайна вычуваў баравіковыя мясціны ды нас вучыў гэтай штуцы, калі даводзілася быць разам увосені.)
Мы пачалі ўзбірацца на гару. Спачатку проста і лёгка ішлося паміж нізкіх сасонак, але пасля часінаў 10—12 уздым стаўся больш стромкі, сасонкі радзейшыя, месца больш адкрытае. Сонца, што ўнізе пачало ўжо добра прыграваць, тут здавалася халаднейшым, бо вецер, якога зусім не адчувалася ў даліне, веяў тут бесперашкодна. Камяні, щто ніжэй на схоне ледзь тырчэлі з грунту, прыкрытыя расцінамі, тут пачалі выступаць вялікімі валунамі, абшліфаваныя ветрам або парослыя сухім мохам з паўночнага боку.
На адным з такіх валуноў Купала сеў, выразна змораны, і абапёрся барадою на зложаныя на кійку рукі, углядаючыся ў даль. Я хацела спыніцца тут жа, але Купаліха дала зразумець, што трэба Купалу пакінуць аднаго.
— Няхай, няхай,— толькі сказала яна і пайшла вышэй.
З кожным крокам уздыму мы знаходзілі бяднейшую расліннасць, якой цяжка было ўмацавацца на адкрытым ветру камяністым схоне: рэдкія карлаватыя сасонкі, сухі мох, мізэрная жорсткая трава. Сапраўды лысая гара.
Хутка мы вярнуліся да Купалы і прымасціліся поблч на сухой траве. Цікава глядзець з гары ўдаль на нізіну. Перад вачыма квітнеюць лугі абапал маленькіх рачулак і раўчукоў ды чатырохкутнікі розных формаў, велічыні і афарбавання: вялікія прасторы хвалявіднага сівога жыта; зялёныя чатырохкутнікі ярыны; меншыя, бы абрусы, квітнеючыя грэчкі; палоскі, бы стужкі, далікатна-зялёнага, кволага лёну. Дзе-нідзе, на папары, пастушок пільнаваў мізэрны статак. Дзеля нядзелі на полі ніхто не працаваў.
Было зусім ціха, нават птушак не чуваць было. Месца, дзе сеў Купала, відаць, было яго заўсёдным месцам, бо нават ад ветру яно было зацішное.
— Ну, вось мы на адным з самых высокіх пунктаў нашай Бацькаўшчыны,— задумліва працягнуў Купала, угледжаны ўдаль.
Мне прыгадаліся словы Купалавага твора, і я ціха пачала:
На высокай гарэ,
Дзе ніхто не арэ,
Сокал-птушка дзе толькі садзіцца,
Там збудую-ўзвяду
Нізі ўсёй на віду
Мураваную вежу-званіцу.
Паўза. Купала, не змяняючы паставы:
- ...Не ведама, ці будзе калі збудавана...
- Ну, Вы ўжо збудавалі, напісаўшы твор. Купала ўсміхнуўся.
Купалаву усмешку не злавіла ні адно фота, ёсць шмат Купалавых здымкаў. Найлепшыя з іх: Купала задумлівы, зрокам углыбіўшыся ўнутро сябе; добрае фота — Купала задумлівы, угледжаны ўдаль; добра схоплена — Купала суровы, пахмурны; Купала пагодны; нават ветліва-афіцыйная усмешка ёсць, але гэта не купалаўская усмешка. Купала ўсміхаўся па-дзіцячаму шырокай, адкрытай усмешкай, пры гэтым не толькі вуснамі, а галоўна — яснымі блакітнымі вачыма і ямінкай на барадзе.
Падбадзёраная купалаускай усмешкай, я вяла далей:
- Цяпер толькі трэба добрага інжынера-архітэктара, каб ужыццёвіць ідэю.
- Інжынера?! Архітэктара?!— раптам замяніўся Купала.— Сотні інжынераў, сотні архітэктараў, увесь народ, мільёны.— Купала ўстаў, усхваляваны.— Незалежнасць, свая дзяржава. “З усіх чутны старой”, разумееце: радыёвежа, абсерваторыя, Акадэмія, архіў, кансерваторыя... “З усіх чутны старой”. “Голас роўны
віхуры і грому” ... “На той звон вечавы”, разумееце, вечавы,— сыпаў Купала.
Мне цяжка перадаць. Мы былі збянтэжаныя. Купала заўсёды гаварыў так мала, быў заўсёды такі філасофска спакойны, такі сціплы, а тут ён сыпаў сваім асаблівым “р”, непараўнальным купалаўскім “р”, як гарохам па таку. Раптам змоўк і пачаў бакавінкай спушчацца з гары. Купаліха мяне прытрымала, калі я памкнулася ісці назіркам:
— Няхай, няхай...
Як яна яго ведала! Як аберагала ягоныя маменты творчасці, уздыму, задумы. Мы пайшлі колькі крокаў адзаду. Пасля блізу паўгадзіны хады Купала пачакаў па нас і зусім спакойным, сваім звычайным тонам кажа:
- Бачыце, як пустыя дарогі і сцежкі. Hi чалавека нідзе.
- А раней, бывала, хто пехатой, хто яздой, з маленькіх дарожак на большую спяшаліся, хто ў царкву, хто ў касцёл,— падхапіла Купаліха.
Купала зноў пайшоў наперад. Ён быў выразна нездаволены сваім падарожжам на Лысую Гару. А відаць, хадзіў на яе часта і думаў там свае вялікія думы. I выліліся гэтыя вялікія думы-мроі ў сімвалічны твор “Песня званара”. I шмат хто не зразумеў ягоных мрояў і летуценняў. Дык што ж меў перажыць гэты волат духу, калі пісаў свае “Прарок”, “Перад будучыняй”, “На Куццю”, “Паўстань”, “Над Нёманам”? Які пратэст мусіў клакатаць у ягонай душы, што выліўся ў зварот к “Цару Неба і Зямлі”! I выпадкам крыху прыўзняў ён заслону зместам аднаго твора, адкрыў кавалачак душы, вялікай, паланеючай, якой не змераць нашымі трохмернымі разуменнямі*.
