МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Якуб Колас // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Рытар Іна
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ІНА РЫТАР

Якуб Колас

1930 год — нешчаслівы ў жыцці Якуба Коласа. У тым годзе трагічны лёс наканаваў арышты, выгнанне, гібель амаль усіх ягоных блізкіх сяброў. Сяброў, з якімі ён дзяліў мару пра незалежнасць Беларусі.

Я. Коласа не арыштавалі. Але ён апублікаваў у прэсе ліст, у каторым асудзіў свае палітычныя памылкі нацыяналістычнага характару.

Быў напісаны ліст з добрае волі паэта? Той, хто ведаў Я. Коласа да 30-га года, не хацеў, не мог паверыць.

Мае студэнцкія гады праходзілі ў Менску ў 20-х гадах, калі Я. Колас быў на вяршыні свае літаратурнае славы і, як і Я. Купала, быў сапраўдным народным паэтам Беларусі. Сярод нас, моладзі, ён карыстаўся вялікай павагай. Мы былі зачараваны ягонымі творамі, асабліва “Новай зямлёй” і “Сымонам-музыкам”.

Я тады жыла ў сям'і старэйшай сястры — жонкі паэта Міхайла Грамыкі. Яны здымалі кватэру ў доме на Шпітальнай вуліцы. На той жа вуліцы, не болей за хвіліны тры хады ад нас, мелі ўласны дом Язэп і Ванда Лёсікі. Недалёка ад іх, на 2-м Шпітальным завулку, пабудаваў дом Я. Колас.

Блізкае суседства спрыяла досыць часта спатыкаць Я. Коласа на вуліцы ці ў хаце Грамыкаў. У адрозненне ад іншых нашых знаёмых, прыкладам Я. Купалы, Я. Лёсіка, ён рэдка ўсміхаўся. Mo дзеля таго здаваўся мне нібы суровым. А разам з тым ад маіх сяброў-студэнтаў я ведала, што кожны малады, пачынаючы паэт мог смела ісці ў дом да “дзядзькі Коласа”, чытаць яму свае творы, прасіць ацэны іх і парадаў. I ён не шкадаваў для гэтага свайго часу. Здаралася, Я. Колас здагадваўся, што хтось з гэтых маладых у цяжкім матэрыяльным стане. Ён дапамагаў ім грашыма.

Не абмінаў гэтай добразычлівасці паэта і Нічынар Мяцельскі. Ён таксама пабываў у яго, чытаў яму свае спробы пяра, выслухоўваў парады. На бяду Я. Колас, у сакавіку 1926 года на працэсе “лістападаўцаў” у Менску Н. Мяцельскі аказаўся адным з падсудных.

“Лістападаўцы” — пяць юнакоў у веку ад 15-ці да 22-х гадоў, студэнтаў агульнаадукацыйных курсаў у Слуцку, і іхны настаўнік Юры Лістапад. Іх абвінавачвалі ў друкаванні і распаўсюджанні антысавецкай літаратуры, падрыхтоўцы ўзброенага паўстання, планаванні ў змове з “буржуазией Польшчаю” адарваць БССР ад Савецкага Саюза. Фантастычныя абвінавачанні! А доказы? Мізэрныя! Колькі нумароў рукапіснага часопіса “Наша слова”, выдаванага літаратурным гуртком на курсах. Творы часопісаў — вершы, апавяданні,— наіўныя, аматарскія, але прасякнутыя шчырым замілаваннем да Беларусі.

Візіт Н. Мяцельскага да Я. Коласа спрычыніўся да таго, што паэта ў ролі сведкі выклікалі на судовы працэс, абвінавацілі ў сувязях і ўплывах на “контррэвалюцыўную групу лістападаўцаў”.

Працэс быў публічны. У часе ягоных паседжанняў у Доме працаўнікоў асветы зала заўсёды перапаўнялася, галоўна студэнцкай моладдзю. Мы бачылі, што судовы разгляд вядзецца паводле загадзя акрэсленага кірунку. Абвінаваўцы рэальных фактаў злачыну не мелі, таму спрабавалі інсцэніраваць іх. Падрыхтавалі двух правакатараў: аднаго — перабежчыка з Заходняй Беларусі, друтога — хлапца-случчака, студэнта Беларускага педагагічнага тэхнікума ў Менску. Паказанні абодвух сведкаў хлуслівыя, прадыктаваныя ГПУ.

Найбольш абуралі нас газеты. Кожны дзень яны друкавалі з прабегу працэсу інфармацыі, але дужа фалыпывыя. “Лістападаўцы” трымаліся мужна, з годнасцю. У іхных паказаннях не адчувалася разгубленасці, а з газет выглядала, што яны прызнаюцца да віны.

Допыты Я. Коласа на працэсе былі адным з найбольш узрушаючых маментаў. Памятаю, як сёння, вялікую паўцёмную залу, да адказу набітую людзьмі. На зырка асветленай сцэне, з левага боку, за сталом, накрытым чырвоным сукном, сядзелі суддзі. Я. Колас павольна выйшаў на сярэдзіну сцэны. Ён стаў насупраць стала ў такім месцы, што быў тварам да нас не менш, як да суседзяў. Стоячы, адказваў на пытанні. Часам здавалася, што ён больш гаворыць да тых, хто ў зале, а не да суда і абвінаваўцаў. Што захапіла нас тады бязмерна — гэта поўны кантроль паэта над сабою. Ніводнага непатрэбнага жэсту, руху, выразу твару. Ягоны нягучны голас, без адзінае ноткі хвалявання, быў чутны ў кожным куточку занямелае залы. Адно незвычайная збялеласць твару выяўляла нутраную напружанасць.

Бальшыня прысутных разумела, што мэта гэтых допытаў — запалохаць выдатнага песняра, выклікаць да яго недавер моладзі, паралізаваць уплывы на яе. Аднак эфект быў адваротны: сэрцы маладых мацней, чымся калі-небудзь да таго, палымнелі сімпатыяй, пяшчотай да Я. Коласа і абурэннем супраць фальшывага суда.

Што Я. Коласу ўлады не давяраюць, што за ім пільна сочаць, не было сакрэтам для беларускае грамады. У 1924 годзе, калі ён вяртаўся дадому з адпачынку ў Кіславодску, на станцыі перад Растовам яго абакралі. Праз адчыненае акно вагона ў цягніку з верхняе паліцы жалезным крукам, нібы вудаю, выцягнулі ягоную валізу. Цягнік толькі пачынаў адыходзіць. На пероне стаялі людзі і начальнік станцыі. Злодзея не затрымалі. Я. Колас меў у валізе другую рэдакцыю паэмы “Сымон-музыка”, падрыхтаваную ім да друку; уражанні, занатаваныя ў часе адпачынку; колькі лістоў ад крэўных і сяброў. Хто абакраў? Звычайны злодзей? Сам Я. Колас і блізкія да яго людзі схіляліся да думкі, што гэта зрабіў агент ГПУ.

Здарылася так, што праз некаторы час пасля працэсу я адведала Н. Мяцельскага ў менскай турме, дзе ўсе “лістападаўцы” адбывалі кару, ён прасіў мяне перадаць прывітанне Я. Коласу. Я паабяцала, але як я зраблю гэта — не ведала. Праблема была ў тым, што дома пра мае наведаннв турмы нічога не ведалі. Я перадам прывітанне, а дзядзька Колас выпадкам скажа пра гэта Міхасю. За “літасцівыя прыгоды” мне можа дома добра нагарэць. I не без падставы. Мой швагер не мог пахваліцца ні сялянскім, ні работніцкім паходжаннем. Ягоны малодшы брат Аляксандр, кадравы афіцэр царскай арміі, пасля рэвалюцыі застаўся на эміграцыі ў Польшчы. Ва ўмовах Савецкага Саюза ўсё гэта было вялікай заганай для чалавека. У сваіх учынках Міхась заўсёды павінен быў быць вельмі асцярожным.

I ад мяне таксама патрабавалі не зрабіць чагось неразважнага, не пашкодзіць сям'і.

Нагода перадаць прывітанне надарылася досыць хутка і шчасліва. Я сама была дома. Шарэла. Я чытала ля акна ў сталовым пакоі. Ленавалася ўстаць, каб запаліць святло.

— Добры вечар!— перарваў цішыню голас.

Я ўздрыганулася. Захопленая кніжкаю, я не пачула крокаў. На парозе пакоя, у дзвярах з калідора, стаяў Я. Колас.

    • Добры вечар!— адказала я.
    • Ці Міхася ў хаце няма?
    • Нікога няма, апрача мяне.
    • Шкада, што не застаў. Скажыце яму, што я захадзіў. Бывайце!

Ён накіраваўся да выхаду.

— Дзядзька Колас!— гукнула я яму наўздагон. Ён спыніўся і павярнуўся да мяне.

— Нічыпар Мяцельскі прасіў перадаць вам прывітанне,— сказала я.

Некаторы час Я. Колас стаяў, нібы раздумваючы.

— Дзякую,— азваўся ён нарэшце.— Скажыце яму, дзякую,— паўтарыў ён яшчэ раз свам ціхім роўным голасам і пайшоў.

Я ўздыхнула з палёгкаю: Я. Колас не запытаўся ў мяне, дзе я бачыла Н. Мяцельскага і калі.

***

Я. Колас застаўся ў маёй памяці звязаны і з другой трагічнай падзеяй, што адбылася ў тым жа годзе.

14 лістапада 1926 года ў Менску адкрылася Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу. На канферэнцыю былі запрошаны і прынялі ў ёй удзел не толькі шматлікія выдатныя славісты, але і беларускія нацыянальна-культурныя дзеячы з эміграцыі і Заходняй Беларусі. Спаміж іх Францішак Аляхновіч.

Паэт У. Жылка, які прыехаў з Чэхаславаччыны, назваў канферэнцыю “першым святам беларускай думкі”. На канферэнцыі госці віталі беларускі народ і ягоную навуку, выступалі з навуковымі рэфератамі ці ў дыскусіях. Канферэнцыя мела велізарны поспех. Нашыя дзеячы з-за мяжы пачыналі верыць, што ў БССР мажліва працаваць для адраджэння роднага краю. На жаль, пазней усе тыя, хто гэтаму паверыў і пераехаў жыць у Савецкую Беларусь, згубілі свабоду, а бальшыня — і жыццё. Першай ахвярай у гэтым быў Ф. Аляхновіч.

Амаль штовечара, пасля паседжанняў канферэнцыі, усе ганаровыя ўдзельнікі атрымлівалі запросіны на канцэрт ці тэатральны паказ. Ф. Аляхновіч быў захоплены Першым беларускім дзяржаўным тэатрам (БДТ-1). Калі гасцей запрасілі ў Віцебск на адкрыццё БДТ-2, ён яшчэ да выезду туды пачаў рабіць захады перад уладамі, каб яму дазволілі застацца жыць у БССР. Спаткаўся з народным камісарам асветы А. Баліцкім, які быў больш беларусам, чымся камуністам. Той прыватна парадзіў яму не заставацца і не аддаваць свайго польскага пашпарта.

Адкрыццё БДТ-2 святкавалася не менш урачыста за адкрыццё Акадэмічнай канферэнцыі. З усіх канцоў БССР у Віцебск ехалі прадстаўнікі беларускага мастацтва і культуры. З Менска туды паехалі Купалы, Лёсікі, Я. Колас, шмат маладых паэтаў, акторы і г. д. Грамыкі таксама паехалі, пакінуўшы мяне даглядаць іхную малую дачку.

Праз колькі дзён па іхным звароце дадвму да нас завіталі Я. Колас і Я. Лёсік. Разам з імі прыйшла незнаемая кабета. Яна была старэйшага веку, невысокая, у даўгім чорным старамодным паліто і бэжавай ваўнянай хустцы на галаве. Я тады зразумела, што кабета — маці Ф. Аляхновіча. Яна жыла ў нашым раёне горада, дзесь бліжэй да Вайсковых могілак на Даўгабродскай вуліцы. У яе Ф. Аляхновіч і спыніўся, калі прыехаў на канферэнцыю.

Выдаўся рэдкі для лістапада ясны, пагодны дзень. Яны засталі ўсю нашу сям'ю ў садку каля хаты. Сястра запрасіла іх зайсці ў хату. Адмовіліся. Вельмі спяшаліся. Была нядзеля, і яны хацелі паспець наведаць шмат яшчэ каго з беларусаў. Паабяцалі зазірнуць пазней.

Размову вялі Я. Колас і Я. Лёсік. Кабета больш маўчала, адно часам выцірала рукою слёзы, што набягалі на ейныя вочы. Я. Колас меў з сабою партфель. Выцягнуў з яго заяву ў абароне Ф. Аляхновіча. Папрасіў Міхасёвага подпісу. Міхась падпісаўся. Дарэчы, гэтая заява з подпісамі вялікай колькасці выдатных беларусаў не дапамагла. Ф. Аляхновіча саслалі на Салаўкі.

Увечары таго ж самага дня Я. Колас з Я. Лёсікам, як і абяцалі, зазірнулі да нас. Ад іх мы даведаліся, што з Віцебска Ф. Аляхновіч ехаў з імі ў адным вагоне. Урачыстае адкрыццё тэатра, дасканалыя дэкарацыі сцэны, выкананне акторамі роляў, тэатральная зала, перапоўненая энтузіястычнымі гледачамі,— усё гэта не толькі радасна ўразіла, але і пераканала Ф. Аляхновіча застацца ў БССР, не вяртацца назад у Польшчу.

У Менск яны прыехалі пахмурным халодным ранкам. З вакзала дахаты вырашылі браць рамізніка (трамвая ў Менску тады яшчэ не было). Прапанавалі Ф. Аляхновічу ехаць разам. Ен адмовіўся. Паведаміў, што ў Віцебску яму наказалі па звароце ў Менск не адкладаючы зайсці ў ГПУ. Там дэкляравалі выдаць дакументы на права жыць у Савецкім Саюзе.

Яны паехалі. Ф. Аляхновіч пайшоў пехатою. На Савецкай вуліцы зайшоў у ГПУ, адкуль ужо і не вярнуўся.

***

У кастрычніку 1928 года Я. Колас быў выбраны віцэ-прэзідэнтам Беларускай Акадэміі Навук. У 20-я гады на адкрытых навуковых сходах Інстыітута беларускае культуры, а пазней Беларускай Акадэміі Навук любілі прысутнічаць студэнты. Трэба адзначыць, што ў тую пару менавіта там знаходзілася нашая нацыянальная навуковая трыбуна для абмену думкамі, для дыскусіяў. Асабліва мнагалюднымі і папулярнымі былі пашыраныя сходы кафедраў жывой беларускай мовы і літаратуры ў аддзеле гуманітарных навук. Мы ішлі туды, каб пачуць Я. Коласа, Я. Купалу, Я. Лёсіка, П. Бузука, С. Некрашэвіча і іншых. Усе яны са шчырым захапленнем працавалі над духовым скарбам нашай нацыі — над мовай.

Аднак такі стан працы ў Беларускай акадэміі навук трываў нядоўга. Надышоў 1929 г., з ім так званы “перыяд пераходу да сацыялізму”, “перыяд пералому”, які цяжкаю хваляю пракаціўся па ўсяму Савецкаму Саюзу і з асаблівай лютасцю абрушыўся на Беларусь.

У часопісах і газетах з'явіліся артикулы пра тое, што беларускае мовазнаўства ператварылася ў зброю-змагання ў варожых руках беларускіх нацыянал-дэмакратаў. Вокамгненна ў акадэміі ўзнялі голас апаненты-фальсіфікатары тыпу С. Вальфсона, Л. Бабровіча, Я. Мацюкевіча. Пад іхным націскам адкрытыя сходы абярнуліся ў зацятыя бойкі за “чысціню марксісцка-ленінскай ідэалогіі”. Склалася напружаная, неспрыяльная для навуковае працы атмасфера. Над беларускімі моваведамі, над Я. Коласам навісла навала цяжкіх выпрабаванняў.

У той неспакойны час Я. Коласа і Я. Лёсіка можна было асабліва часта бачыць разам. Яны былі крэўныя, пляменнік і дзядзька, і блізка сябравалі. Тыя, хто іх добра ведаў, уважалі, што Я. Лёсік меў вялікі ўплыў на пляменніка. Калі Я- Колас заходзіў да Я. Лёсіка, яны звычайна заставаліся ўдвух. Нярэдка да нознае начы сядзелі ў кабінеце гаспадара і пра штось сам-насам паціху гутарылі.

Аднойчы да Лёсікаў неспадзявана прыйшоў Аляксандр Цвікевіч. Ён прыйшоў не сам, а з братам свае жонкі. Гаспадары запрасілі іх і мяне ў сталовую на шклянку гарбаты (я тады кватаравала ў Лёсікаў). Крыху пазней з'явіўся Я. Колас і далучыўся да ўсіх.

Я. Колас скардзіўся, што папярэдняе начы зусім не спаў. А. Цвікевіч пажартаваў:

    • Не даюць супакою бойкі на ідэалагічным фронце?
    • Ды не,— запярэчыў Я. Колас.— З музаю позна засядзеўся... А калі лёг, дык да рання сон не браў.
    • Трэба спрабаваць лічыць, калі не спіцца,— парадзіў хтось.
    • Спрабаваў, не дапамагае.

Я. Колас і Я. Лёсік рыхтаваліся на наступны дзень да “сутычкі” з сваімі апанентамі ў Акадэміі. Таму і размова хутка перайшла на тое, што найбольш варушыла іхныя душы. Я. Лёсік хваляваўся:

— Натуральна, усё, над чым мы працуем, патрабуе абмеркавання, патрабуе дыскусіі. Мы не супраць навуковае крытыкі. Гэта правідловы шлях для дасягнення станоўчых вынікаў у працы. Але, калі зробленае наш ганяць без разбору, калі нас таўруюць агентамі польскай інтэрвенцыі, ворагамі, шкоднікамі...

Я. Лёсік раптам змоўк, нібы ад абразы яму дух заняло.

— Уявіць сабе не магу... Ворагі беларускае навукі? Ці ж гэта не глум? Не здзек?— з нязвыклым узбуджэннем уставіў рэпліку Я. Колас.

Таўро “ворагі” і “шкоднікі” асабліва балюча абражала іх. Яны абодва ўважалі сябе заўзятымі праціўнікамі самаўладства, абодва з “нашаніўскіх” часоў бралі ўдзел у рэвалюцыйным нацыянальна-адраджэнскім руху, абодва за гэтую дзейнасць пацярпелі. Я. Лёсік ад 1906 г. і да сакавіка 1917 г. адбываў ссылку ў Сібіры. Я. Колас тры гады сядзеў у менскім астрозе.

    • Ворагі... З глузду з'ехалі нашыя апаненты, дый толькі... Што ім на гэта сказаць?— знайшоў ізноў у сабе голас Я. Лёсік.
    • А я вам параджу,— нечакана азваўся швагер А. Цвікевіча (я не памятаю ягонага прозвішча, але ведаю, што ён быў адвакатам).

За сталом усе павярнулі галовы ў ягокы бок.

— Прыгадайце сваім праціўнікам,— сказаў ён і змоўк на часінку, як гэта робяць дасведчаныя прамоўцы, калі жадаюць выклікаць да сябе найбольшую ўвагу ў слухачоў,— прыгадайце ім, што на той дарозе, па якой яны прыйшлі да перамогі, ёсць кроплі і вашае крыві.

У ліпені 30-га года Я. Лёсіка і іншых арышітавалі. У 42-м годзе Я. Купала скончыў самагубствам. Я. Колас без усіх сваіх блізкіх сяброў застаўся сам паміж жорсткіх жорнаў савецкага ідэалагічнага млына. I паступова, з году ў год, ён паслабляе свой супраціў тым жорнам, ідучы на кампраміс з уласным сумленнем і перакананнем*.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by