|
ІНА РЫТАР
На суд гісторыі
I прыйдзе новых пакаленняў
На наша месца грамада
Судзіці суд, ці мы сумленна
Жыццё прайшлі...
И. Купала, “І прыйдзе...”
У кабінеце на сцяне, у светлай дубовай рамцы,— вялікі партрэт Янкі Купалы. Побач, у такіх жа рамках,— Ф. Скарына і Цётка. Пад партрэтамі — нізкія шырокія шафы, поўныя беларускіх кніжак. На нашых сценах — беларускія краявіды.
За вокнамі сад. Увечары, калі на нашай вуліцы паволі заціхае аўтамабільны pyx i далёкі гул з цэнтра горада прыглушае шум дрэваў,— у гэтым пакоі забываешся, што паміж табой і Бацькаўшчынай ляжыць акіян.
Над пісьмовым сталом — павялічаная фатаграфія літаратурнай арганізацыі “Полымя”: Я. Колас, Ц. Гартны, Я. Купала, М. Чарот, А. Гурло, М. Грамыка, У. Галубок, М. Зарэцкі, А. Дудар і іншыя. Якія цяжкія дазнанні выпалі на долю гэтых паэтаў і пісьменнікаў! Бальшыня з іх памерла не сваёй смерцю.
У першым радзе, у цэнтры паміж іх,— Янка Купала. Наш нацыянальны геній, наша нацыянальная сведамасць, нашае нацыяиальнае сумленне. Я гляджу на яго, і наплыў хвалюючых успамінаў ахапляе мяне. Янка Купала ласкавы, жартаўлівы, яшчэ малады — такім я пабачыла яго першы раз у 1921 годзе... I апошняя сустрэча ў Маскве — спачатку непраніклівы, застыглы твар, стомленыя вочы... і раптоўная цеплыня ў іх, калі ён даведаўся аб маіх нягодах.
На Бацькаўшчыне пра смерць Я. Купалы пішуць наўздзіў лаканічна: “Трагічна памёр”. Тут, на чужыне, кажуць: “Скончыў жыццё самагубствам” і разумеюць, што ён адышоў змораны, духова паранены, але не пераможны.
Мне прыгадваецца ранні цёплы вечар у садзе Грамыкаў, першае зжоўклае лісце на траве, Я. Купала, Я. Лёсік і М. Грамыка ля садовага стала. Прыгадваецца і гутарка паміж імі пра Міхася Гурына і нечаканы гарачы выбух Я. Купалы ў абароне гэтага чалавека.
М. Гурын, ці Маразоўскі, як яго ўсе зналі ў Менску, у 1924 годзе быў пасланы ў падполле ў Заходнюю Беларусь. Увесну 1928 года на апошняй балонцы газеты “Савецкая Беларусь” петытам было набрана колькі радкоў, што ў Вільні забіты “правакатар” М. Гурын. Зацемка ў той самай газеце, у якой ён да 1924 года працаваў адказным рэдактарам. У. Ігнатоўскі і М. Чарот, блізкія сябры М. Гурына, мелі ў тым часе клопаты, бо яны абодва паручыліся за яго, калі ён ішоў у Заходнюю Беларусь. “Правакатар ці справакаваны?” — задумваліся людзі. Пра ўсё гэта гутарылі тады ў садзе.
Я сядзела недалёка ад іх і чытала кніжку, але адразу кінула чытаць, як толькі ў гутарцы пачула імя М. Гурына. У нашай сям'і яго зналі ад маленства. Ён, як і мае бацькі, паходзіў з Ярэмічаў. У нас захавалася ягоная фатаграфія — студэнта псіханеўралагічнага інстытута з надпісам: “На добры ўспамін. Пецярбург. 1912 г.”. Год, калі і Я. Купала жыў там. Моладзь, якая нелегальна, праз мяжу, прыходзіла ў Менск, каб вучыцца ў Беларускім універсітэце, шанавала М. Гурына: ён шмат ей дапамагаў.
- Супярэчлівая, трагічная асоба,— выказаўся аб ім мой швагра М. Грамыка.
- А па-мойму, дык палітычны авантурыст, — безапеляцыйна сказаў Я. Лёсік.
Словы Я. Лёсіка ўзрушылі Я. Купалу. Ён аж узняўся са свайго месца.
— Не кажыце так, Язэп, не можна! — запярэчыў ён востра.
На момант запанавала ціша: была нязвыклай узрушанасць заўсёды зраўнаважанага Я. Купалы.
— Не трэба так казаць,— паўтарыў ён ужо звычайным нягучным голасам і сеў.— Mo Гурын не такі ўжо і вінаваты, і суд гісторыі яго апраўдае.
“Суд гісторыі яго апраўдае”— гэтыя словы і ўзрушанасць Я. Купалы засталіся дагэтуль у маёй памяці. У дзень, калі я пачула аб ягонай смерці, я адразу прыгадала іх. I мне думаецца, што адной з прычынаў ягонага самагубства было жаданне апраўдацца перад судом гісторыі.
Першы раз я пабачыла Я. Купалу і ягоную жонку ў 1921 годзе на каляднай ялінцы ў дзіцячым доме. Калі не памыляюся, гэты невялікі прытулак для дзяцей малодшага веку мясціўся на рагу Правіянцкай вуліцы.
Чатыры маладзенькія настаўніцы і госці, паміж якіх і я са сваёй старэйшай сястрой Лідай, зышліся ў невялікай зале. Святочна прыбраная, зала выглядала па-свойму ўтульна. Зіхацела вышараваная да белага нефарбаваная падлога, было цёпла, а ад свежае ялінкі пахла лесам. Каля сцяны, паміж двух вокнаў, красавалася ялінка, уся рознакаляровая ад папяровых цацак, зробленых самімі дзецьмі.
У зале стаяў вясёлы гоман. Уздоўж сценаў на лавах і крэслах ужо сядзелі госці і найменшыя гадунцы. Настаўніца, Ніна Шарамеццева, расстаўляла хор і іншых удзельнікаў паказу ля ялінкі. Усё было гатова. Чакалі толькі Я. Купалу. Ён прыйшоў разам са сваёй жонкай. Малыя пасаскоквалі з лаваў і цесным колам абступілі Купалаў. Відаць было, што дзеці не першы раз бачаць паэта і ягоную жонку і што Купалам прыемная блізіня дзяцей.
Я глядзела на Янку Купалу ўва ўсе вочы. Бачыла светлыя мяккія валасы, акуратна расчасаныя на радок, правільныя рысы твару і ласкавую усмешку вачэй. Я, памятаю, надумала: “Гэта ж Купала зусім яшчэ малады”. Выглядала вельмі міла і ягоная жонка. Уся нейкая ясная, яна мела тады даўгія льняныя косы, прыгожа ўкладзеныя на галаве, вельмі белую скуру твару і сінія вясёлыя вочы. Любасць дзяцей да яе выяўлялася не меншаю, як да Я. Купалы. Адразу яны абое рабілі ўражанне людзей чулых, якім ад першага спаткання пачынаеш верыць.
Я. Купала заняў месца на лаве паміж дзецьмі, ягоныя рукі — на плячах двух малых, што селі, цесна прытуліўшыся да яго. Ён вясёла ўсміхаўся, уважліва сачыў паказ маладых актораў і шчодра, разам з усімі пляскаў ім.
Слухаючы, як дзеці спяваюць і дэкламуюць Купалавы вершы, я ўспомніла выступы беларускага клуба ў Адэсе: хор, “Паўлінку”, чытанне вершаў. У іх бралі ўдзел мае сёстры і брат, а я з бацькамі прыходзіла глядзець. Мяне заўсёды дзівіла, што мая маці і шмат іншых людзей у зале, гледзячы вясёлую “Паўлінку” ці слухаючы хор, пачыналі плакаць. “Чаго ты плачаш?”— пыталася я ў маці, і яна адказвала: “Бо чую нашую мову са сцэны”. Я не зусім разумела тады сваю маці.
Я блізу не памятала Беларусі. Але мая маці не любіла зыркае Адэсы і часта ўспамінала лагодную Бацькаўшчыну. Яна расказвала мне пра Нёман, пра лясы, пра сакавітую, ніколі не выгаралую зялёную траву, пра снег, што не сходзіць праз усю зіму. Я любіла слухаць маці, ды ўсё ж мне больш рэальным быў шумны паўдзённы горад, стэпавая роўнядзь навокала яго, Чорнае мора і на ўзбярэжжы высушаныя сонцам і ветрам голыя скалы. Беларусь, наш край, месца, куды мы ўсей сям'ёй збіраліся некалі вярнуцца, заставалася нерэальнай, як прыгожая казка.
У лістападзе 1921 года мяне з Адэсы, што памірала ад голаду, забрала да сябе ў Менск старэйшая сястра. Нарэшце я апынулася ў Беларусі... толькі без бацькоў. Менск здаўся мне сцюдзёным... Ці раз я паціху плакала, каб ніхто не бачыў, бо была ў асяроддзі людзей, дзе кожны цешыўся, што вярнуўся на Бацькаўшчыну. Адкрыта выявіць сваю тугу мне здавалася не годным добрага беларускага патрыёта.
Таго вечара Янка Купала сказаў мне:
— Першы раз апынуцца далека ад бацькоў заўсёды маркотна.
Я хацела запярэчыць, але ягоныя вочы гаядзелі на мяне ўважліва — добрыя інтэлігентныя вочы, якія, здавалася, чытаюць усе твае думкі і спачуваюць табе. Перад такімі вачыма немагчыма маніць.
— Маркотна,— прызналася я.
Пасля дзіцячых выступаў усіх запрасілі на вячэру ў сталовы пакой. Госці селі паміж гадунцоў за даўгімі нічым не засланымі сталамі. На вячэру падалі салодкі рыс з малаком і ледунцы. Я. Купала адмовіўся ад цукерак, а рыс еў і паважна запэўняў дзяцей, што рыс яму вельмі смачны, што так смачна згатаванага ён ніколі яшчэ не еў. Дзеці верылі яму і чуліся шчаслівымі гаспадарамі.
Калі я прыгадваю Я. Купалу з гадунцамі дзіцячага дома, мне прыходзіць на памяць і любасць да Я. Купалы маіх малых пляменніцаў. Як толькі бачылі Я. Купалу, яны беглі яму напярэймы так, як беглі да сваіх найблізкіх. Я. Купала быў частым госцем у сям'і Грамыкаў. Замілаванне да яго нарадзілася яшчэ той парой, калі дзеці былі зусім малыя і лезлі да яго на рукі. Ён вясёла ўмеў забаўляць іх. Шчуплую Расціслаўку ставіў на сваю нагу і, разгойдваючы то павольна, то шпарка, прыгаворваў: “Едзе, едзе пан, пан, пан на коніку сам, сам, сам; а за панам жыд, жыд, жыд на коніку дрыг, дрыг, дрыг...” Для тлусценькай Марынкі меў іншы жарт. Наставіўшы два пальцы, як казіныя рогі, палохаў: “Ідзе каза рагатая, бадае дзіця пузатае”.
На веснавыя канікулы ў першым годзе майго настаўніцтва я ехала ў Менск вельмі ўзрадаваная: я везла Я. Купалу ліст ад маіх вучняў. Яны прасілі дазволу назваць сваю школу ягоным імем.
Канікулы прыпалі якраз на Вялікдзень, і калі мы са шваграм прыйшлі да Купалаў, заспелі ў іх гасцей. У пярэднім пакоі спаткаліся мы з групай маладых пісьменнікаў, якія адыходзілі ўжо. Было відаць, што яны выпілі. Наперадзе найвышэйшым і найвесялейшым — іх было чатырох — выглядаў М. Зарэцкі. Ён нахінуўся да мяне і сказаў паціху: “Шкада, я не дачакаўся вас”. Твар і вочы ягоныя смяяліся. Я не была знаёмая з ім і разумела, што ён жартуе.
- Аб чым ён табе там шэпча?— папытаўся швагра.
- Гэта ейны сакрэт, і яна дзядзьку Міхасю не скажа,— адказаў за мяне М. Зарэцкі.
Я. Купала, які праводзіў гасцей, наглядаў усю гэтую сцэну моўчкі, усміхаючыся. Мы прывіталіся з ім.
— Як жа самастойна працуецца?— папытаўся ён у мяне.
— Не магу жаліцца,— сказала я,— маю добрых вучняў.
Ува ўтульным сталовым пакоі Купалаў, за вялікім, прыгожа засерваваным сталом, застаўленым пітвом і закускамі, разам з Купаліхай сядзелі праф. Грэдынгер з жонкаю. Купаліха была рухлівая і гаваркая, як заўсёды. I хаця таго дня, як мы даведаліся пасля, у іхнай хаце перабыло шмат людзей з велікоднымі наведзінамі, яна не выглядала зморанай. Твар у яе забтаўся ружовы, ясныя вочы вясёла іскрыліся.
Мы заседзеліся ў Купалаў позна. Не хацелася ісці дадому, бо сястра тае вясны павезла дзеці на паўдня адведаць дзеда і бабу ды засталася там да восені. Між іншага, пару месяцаў пасля паехалі ў Адэсу і Купалы з Лёсікамі.
Я перадала Я. Купалу ліст ад вучняў. ён адразу прачытаў яго.
- Ці яны самі зажадалі мяне? — папытаўся ён, дапытліва ўглядаючыся ў мае вочы і выразна падчыркваючы слова “самі”.
- Пэўна, самі,— адказала я.
Пярэвіцкая сямігодка, дзе я выкладала беларускую мову і літаратуру, была невялікая і досыць далека ад чыгункі. Настаўнікі ў бальшыні былі людзі сямейныя і старэйшыя за мяне. Напачатку я вельмі адчувала там нястачу сваіх блізкіх і сяброў. Але гэта трывала, пакуль я не пазнала маіх вучняў.
Перад тым я знала толькі гарадскую школу. Мяне ўразіла розніца паміж гарадской і вясковай школай. Як цікавіліся, як лавілі кожнае слова настаўніка вясковыя вучні, як хацелі аб усім даведацца, як яны верылі настаўніку!
Пазашкольнымі гадзінамі ў мяне і ў маіх вучняў было шмат вольнага часу. Вечарамі мы зыходзіліся ў школе, каб чытаць творы з беларускае літаратуры. Старэйшыя вучні збіралі фальклор і выдавалі школьны краяведны часопіс.
Калі я пра ўсё гэта расказвала Я. Купалу, дык бачыла ізноў перад сабою вялікі, слаба асветлены газніцаю школьны пакой. Бачыла юнацкія твары, узнятыя да мяне, і на тварах радаснае здзіўленне. Яны мелі здаровую, чыстую душу, мае малодшыя сябры.
Больш за ўсё яны любілі слухаць, калі я расказвала ім пра Менск, пра універсітэт, пра нашых паэтаў і пісьменнікаў. Я таксама расказвала ім і пра Акадэмічную канферэнцыю, на якую прыехалі і вядомыя навукоўцы нават з-за мяжы. Сведамасць, што нашай мовай цікавяцца і яе вывучаюць не толькі свае, але і замежныя вучоныя, захапляла іхнае ўяўленне, абуджала пачуццё нацыянальнае годнасці.
Я казала Я. Купалу праўду. I з собскае ініцыятывы вучні Пярэвіцкае школы, што перад тым насіла імя Луначарскага, зажадалі змяніць яго на імя Янкі Купалы.
Таго вечара Я. Купала не толькі даў згоду, a i падараваў вучням школы “Шляхам жыцця” са сваім надпісам.
Я прывезла і перадала кніжку школе. Вучням кніжка, надпісаная для іх “самім” Янкам Купалам, выдавалася проста цудам. Першага дня, шчасліва ўсхваляваныя, яны не маглі спакойна сядзець на лекцыях: круціліся, перагаварваліся, бясконца распытваліся пра Я. Купалу. Я не спыняла выяву іхнае радасці, бо разумела іх.
Падараваў Я. Купала кніжку мне таксама, але гэта сталася колькі месяцаў пасля, калі я вярнулася ў Менск і жыла ў Лёсікаў.
***
Ад сярэдзіны 20-х гадоў і да самае высылкі Міхася Грамыкі з Менска ў 1931 годзе мы жылі на Шпітальнай вуліцы, адразу за гарадскім садам. У вельмі блізкім суседстве да нас былі Гарэцкія, Лёсікі, Я. Колас і д-р I. Серада. Лёсікі мелі прыгожы вялікі дом. Калі ў сям'і Грамыкаў падраслі малыя і пачало рабіцца десна, Лёсікі прапанавалі мне пакой. Я перайшла да іх, і ад таго часу мае жыццё праходзіла паміж двума дамамі — Грамыкаў і Лёсікаў.
Цётка Ванда, жонка Язэпа Лёсіка, ад першага дня, як толькі я ўсталявалася ў іх, празвала мяне “Казачонкам” і ўзяла пад сваю апеку, не менш, чымся мае дзве старэйшыя сястры.
Яна шмат апавядала мне пра свайго бацьку, нашага пісьменніка Ядвігіна Ш., і пра Янку Купалу. Гэта ейны бацька першы вычуў паэтычны талент нікому яшчэ тады не вядомага юнака — Янкі Луцэвіча.
Сама Ванда Лёсік была жанчына рэдкае дабрыні. Усё, што звязана з сардэчнасцю, з людскою цеплынёю, было ў яе. Сваёй вясёласцю, жвавасцю, пачуццём гумару, яна, як і Купалава жонка, адразу выклікала сімпатыю. Мо таму гэтыя дзве мілыя жанчыны вельмі сябравалі. Трое дзяцей Лёсікаў — Юрка, Люцыя і Алеська — хадзілі ў дзіцячы садок, якім кіравала Купаліха— цётка Уладзя.
Неяк апавядаючы мне, які прыгожы юнак быў Я. Купала і як заглядаліся на яго дзяўчаты з-пад Радашковічаў, Лёсічыха сказала:
- Каб вы зналі яго тады, дык напэўна б закахаліся.
- Я і цяпер закаханая ў яго,— азвалася я.
— Не маніце, Казачонак, я добра ведаю ўсе вашыя заляцанкі, — не згаджалася цётка Ванда.
Часта яна жартавала:
— Вы ж да мяне штодня на споведзь прыходзіце.
Гэта была праўда. У мяне ад яе бадай не было сакрэтаў.
Аднаго разу яна сказала:
— Вы ўсё хваліцеся, што маеце надзвычайных сяброў. Пакажыце іх нам з Уладкай (так яна звала Купаліху). Мы пабачым, паслухаем іх і выкажам вам свой
погляд — ці сапраўды яны такія ўжо выдатныя.
Так паўстала ідэя супольнае вечарыны маладых са старэйшымі, вечарыны, што неспадзявана для ўсіх ейных удзельнікаў дала зачэпку для абсурдных абвінавачанняў у часе арыштаў у 1930 годзе.
— Зробім вашы госці,— казала далей Лёсічыха.— Вы накажыце сястры з мужам і маладым, а я заутра ж, як павяду сваіх студэнтаў у акадэмію да Купаліхі,
перакажу ей і Янку вашыя запросіны.
Яна падумала крыху і дадала:
- Трэба будзе і Ластоўскіх з Ганкаю паклікаць, няхай Ганка пазнаёміцца з добрай беларускай моладдзю, а то...
- Што, а то?— папыталася я.
- Нічога асаблівага,— неяк сумелася цётка Ванда,— мо гэта мне здаецца... часам выглядае, што Яна ўхіляецца сваіх людзей...
Я бачыла, што Лёсічыха ведае штось пра Ганку, чаго не хоча мне гаварыць.
У мяне было шмат сяброў, але я запрасіла найбольш цікавых з іх, як мне тады здавалася. Аднаго — Янку Юрашкевіча, літаратара, другога — Міколу Улашчыка — гісторыка. Абодва яны скончылі наш універсітэт, абодва цікавіліся старадаўняй парой гісторыі Беларусі крыніцаў. Трэцяга — лекара Язэпа Бараноўскага, ці Юзіка, як мы ўсе яго звалі. Ён быў не толькі добры лекар, але і вельмі вясёлы ў гутарцы, спрытны на жарты. Юзік падабаўся кожнаму, хто яго знаў, і на універсітэце каля яго заўсёды ракатала мора смеху.
Усё да прыйма дарыхтавала сама Лёсічыха. Зарадная гаспадыня, у сваім доме ўмела яна стварыць атмасферу ўтульнасці і камфорту. Кожнаму ў іх чулася прыемна.
Вечарына ўдалася. Мне цяжка прыгадаць цяпер, аб чым якраз гаварылі мы таго вечару. Памятаю адно, што ніякіх незвычайных ці палітычных гутарак не было.
Гасцінны Язэп Лёсік, родны дзядзька Якуба Коласа, як і пляменнік, меў прыемныя рысы тыповага беларускага жартаўніка. Валодалі гэтым мастацтвам у вялікай меры М. Грамыка, Лёсічыха і Купаліха. А Юзік прыклаў тады ўсе свае маладыя сілы, усю энергію, каб не паддацца старэйшым. Таму і было шмат смеху.
Я. Купала сядзеў у цэнтры стала, папіваў свой “Барзак” (на стале да закусак не было гарэлкі, а толькі віны), гаварыў няшмат, І разам з тым здавалася, што ён бярэ ўдзел у гутарках не менш за іншых.Ён выглядаў у добрым настроі.
Таго вечару я пазнаёмілася з Ганкай Ластоўскай. Яна, беленькая, худзенькая, у чорнай сукенцы, выдавалася мне прыемнай, хоць паводле ейнага твару цяжка было пазнаць, аб чым яна думае, ці сапраўды ёй весела, калі яна разам з усімі смяецца.
Па вячэры ўсе перайшлі ў гасцінны пакой. Я села каля старэйшай Ластоўскай на канапе. Быццам жадаючы апраўдаць сваю падчарку, яна сказала мне:
- У Ганкі цяжкія перажыванні. Яна вельмі нешчаслівая.
- Чаму?— са спачуваннем зацікавілася я.
- Ейны муж у Летуве за камунізм засуджаны на 15 год турмы, — сказала яна і папыталася:— Мо вы і не ведалi гэтага?
- Не ведала... Нават не думала, што Ганка ўжо замужка.
Ластоўская ўздыхнула:
— Яна рана выйшла замуж... вельмі рана. Мы з Вацлавам былі супраць гэтага...
Я чулася вельмі шчаслівай, што такія вялікія людзі, як Янка Купала, Язэп Лёсік, Вацлаў Ластоўскі, былі маімі гасцямі. Таго вечара Я. Купала падараваў мне “Жалейку”. На тытульнай балонцы ён надпісаў: “Miлай дзяўчыне, Іне Рытар, на ўваходзіны. Шчыра адданы Янка Купала. 20.1.1930 г.”
Цяжка даць веры, каб такая звычайная вечарына пасля, у абвінавачаннях “нацдэмаў”, магла быць кваліфікаваная як “канспірацыйны сход” у доме Лёсікаў.
На шчасце, таго вечара мы яшчэ не ведалі, якая драма завязваецца вакол нас. Не ведалі, што блізу кожнаму рыхтавалася ў гэтай драме трагічная роля. Праўда, ужо былі трывожныя падзеі, але праз усе гады жыццё ў Савецкай Беларусі не было ні звычайным, ні лёгкім... а жывым людзям неўласціва заўсёды канцэнтраваць свае думкі толькі на тым, што турбуе, засмучае.
Пакуты нашага народа — “раскулачванні” сялянаў, арышты і вывазы на Сібір — сталіся першым актам гэтае драмы, у якой адразу змушаны былі ўзяць удзел Купала і Лёсікі.
“Раскулачылі” Лявіцкіх. Забралі іхны невялікі фальварак пад Радашковічамі. Братоў Ванды Лёсік — 22-гадовага Вацака і 18-гадовага Казіка — прымусова вывезлі пад Котлас. Там яны жылі ў зямлянках, секлі ад рана да начы лес, галадавалі, хварэлі на цынгу. У лістах прасілі сястру прыслаць сухароў. Язэпу Лёсіку пашанцавала выратаваць цешчу, Люцыю Лявіцкую, жонку Ядвігіна Ш. Яна, як стаіць, апынулася ў доме дачкі, бо ўлады, вывозячы на Поўнач, не дазвалялі людзям браць з сабою рэчы.
“Раскулачылі” і Купалавых сёстраў з маткаю. Колькі Янка Купала ні бегаў па ўстановах — нічога не памагала. Урэшце, калі ён дастаў дазвол ім застацца ў Беларусі, іх ужо везлі ў кірунку Котласа. Купаліха разам з Лёсічыхай дагналі іх у Барысаве, выцяглі з таварнага цягніка і прывезлі ў Менск.
У чэрвені 1930 года сядзелі арыштаваныя Юзік, Янка і Мікола, а ўжо да сярэдзіны ліпеня за кратамі былі Я. Лёсік, М. Грамыка, В. Ластоўскі і шмат іншых. Я. Купала заставаўся на волі. Ён не забываўся на сем'і арыштаваных сяброў. Разам з жонкаю прыходзіў ён адведаць асірацелыя разгубленыя сем'і.
Абвінавачванні і пагрозы не спыняліся. Такія словы, як “ворагі СССР”, “працэс над нацдэмамі”, “суровая кара”, “расстрэл”, не зыходзілі з балонак афіцыйнага савецкага друку. Надышоў канец лістапада, і нашая драма падыходзіла да свае кульмінацыі: Я. Купала зрабіў спробу самагубства. У лютым застрэліўся У. Ігнатоўскі.
Уся тая пара засталася ў маёй памяці шэрай, панурай. Да ўсіх бедаў у нас яшчэ не ставала дроў, каб добра апаліць хату, і мы ўсю зіму хадзілі па пакоях у польтах. Не ставала і ежы: таго, што выдавалася на карткі на тыдзень, ледзь выстачала на пару дзён, і мы былі галодныя.
Неяк у снежні месяцы я спаткалася з Купаліхай на Савецкай вуліцы, каля педагагічнага тэхнікума. Вечарэла. Крыху мяло. Я папыталася:
- Дзядзьку Купалу лепей?
- Дзякую, лепей.
- Мы з сястрою збіраемся адведаць яго.
- Даражэнькая, мо не трэба,— сказала яна і аглянулася навокал.
Блізка не было відаць нікога.
— Падобна, яны сочаць нашую хату. Калі Янку выклікалі ў ГПУ, заўсёды ведалі, хто ў нас бывае,— тлумачыла яна нервова.
Аднаго дня ў канцы красавіка 1931 года зноў у доме мае сястры, куды я вярнулася жыць, каб даглядаць малых, калі сястра хадзіла на працу, мы сядзелі за сталом і частавалі Купаліху. На стале да гарбаігы не было ні цукру, ні хлеба, а толькі талерка сухіх тараноў, ачышчаных ад касцей і скуры. Гэта было ўсё, чым тады мы маглі пачаставаць. Кожны з нас браў кавалак сухое салонае рыбы, доўга жаваў яе. Ад солі смягла ў роце, і незасалоджаная гарбата прыемна асвяжала.
За месяцы, што мы не бачыліся з Купаліхай, усе шмат адпакутвалі, але цяпер, увесну, ведалі, што працэсу і расстрэлаў нашым не будзе. Ведалі, што бальшыня арыштаваных высылаецца за межы Беларусі. Паміж іх і мой швагра. Сястра з дзецьмі збіралася ехаць за ім.
Купаліха ўсё яшчэ была вельмі сумная, і слёзы часта набягалі на ейныя вочы, калі яна расказвала нам пра свае пакуты.
Бадай усе найбліжэйшыя Купалавы сябры былі арыштаваныя; і Купалы, прызвычаеныя, што ў іхным доме не мінала, каб хтось да іх не завітаў, апынуліся на адзіноце. Ды ненадоўга: іх пачалі блізу штовечар наведваць агенты ГПУ, Яны чулі, як стукала брама ад вуліцы, чулі цяжкія крокі на сваім двары і праз акно бачылі дзве цёмныя постаці ў вайсковым... Тыя забіралі Янку Купалу з сабою, а яна заставалася дома, чакала і не ведала, ці ён вернецца.
ён вяртаўся. Праўда, іншым разам над раннем. Ад зморы не мог гаварыць, а толькі курыў, І яна бачыла, як дрыжэлі ягоныя рукі, калі ён запальваў цыгарэту. Часамі, вярнуўшыся, ён адразу ішоў у свой пакой і валіўся на канапу. Гадзінамі ляжаў моўчкі. Яна адчувала, што нешта страшное можа здарыцца з ім, і не спала сама, прыслухоўваючыся да кожнага шолаху ў ягоным пакоі.
Аднойчы ей здалося, што з пакоя мужа чуваць стогны. З часіну яна ляжала знямелая, не даючы сабе веры, прыпушчаючы, што гэта толькі ўяўленне ейных напятых нерваў. Але стогн паўтарыўся — ціхі, здушаны. Яна кінулася ў ягоны пакой, спатыкаючыся, мала не падаючы, клічучы яго.
Тае начы Я. Купала зрабіў харакіры, зрабіў першую распачлівую спробу вырвацца з маскоўскай няволі.
Я. Купала быў яшчэ слабы і не ўставаў з ложка, калі да яго ў адведзіны прыехаў У. Ігнатоўскі. Сам У. Ігнатоўскі чуўся і выглядаў вельмі блага, бо яго таксама штовечара цягала на допыты ГПУ. Яго, як і Я. Купалу, змушалі “прызнацца”, што ён узначальваў “контррэвалюцыйную арганізацыю беларускіх нацдэмаў”. Hi Я- Купала, ні У. Ігнатоўскі на гэтую правакацыю не згаджаліся.
— Табе трэба жыць, Янка... трэба жыць,— пераконваў сябра У. Ігнатоўскі.— Ты ў нас адзін...
Ён пераконваў, суцяшаў вялікага паэта, што прыйдзе лепшы час... але сам неўзабаве застрэліўся.
Янку Купалу адратавалі, вылечылі. У снежні 1930 года ён падпісаўся пад лістом, у якім ад ягонага імя ганьбавалася ўсё тое, у што ён верыў.
— Ён не можа сабе дараваць, што тае начы не вытрываў болю і застагнаў,— сказала нам Купаліха і заплакала.
Ад тае пары пачынаецца трагічны ранфлікт паэта з собскім сэрцам, што і прывёў яго да новае спробы самагубства, да смерці.
***
Апошні раз бачыла я Я. Купалу ў Маскве ў часе Дэкады беларускага мастацтва ў 1940 годзе.
Пайшлі мы — я і мая сястра Валянціна — у тэатр на дзённы паказ. Ішлі “Партызаны” К. Крапівы. У антракце ў фае спаткалі Я. Купалу. На ім быў прыгожы шэры гарнітур і ордэн Леніна на грудзях. Мы прывіталіся і разам з ім, каб не стаяць на праходзе, адышліся крыху ўбок, да калоны.
Я не бачыла яго блізу дзесяць год, але мне здалося, што ён мала змяніўся.
- Mo i цётка Уладзя прыехала?— папыталіся мы.
- Не, засталася на Дняпры... Дачу сцеражэ.
- Вас можна павіншаваць?— сказала я, паказваючы вачыма на ордэн.
Ён нічога на гэта не адказаў, і твар ягоны не зварухнуўся.
- А дзе ж муж?— папытаўся ён у мяне.
- Муж высланы на Калыму.
- А хоць малы добра гадуецца?
- Сын памёр.
- Вось яно як нядобра выходзіць...
У роўным і ціхім голасе Я. Купалы, у ягоных вачах я адчула спагаду.
- У мяне чатырохгадовая дачка,— ледзь вымавіла я, шукаючы ў торбачцы хустачкі, бо мне сціснула ў горле, а на вочы набеглі слёзы.
- Гэтага яшчэ ў тэатры не ставала!— упікнула мяне сястра.
- Ой, каго я бачу! Янка глядзі, яны ж ні-ні не змяніліся.
Гэта казаў Змітрок Бядуля і працягваў свае дзве рукі, каб прывітацца. Усхваляваная гутаркай з Я. Купалам, я не бачыла, як ён падышоў і стаў каля нас. З. Бядуля весела жартаваў, і мне было лягчэй перамагчы свае слёзы. Я нават рассмяялася, успомніўшы адзін эпізод з нашага з ім знаёмства.
У 1923 годзе 3. Бядуля часта заходзіўся ў дзіцячы дом імя А. Чарвякова, дзе Валянціна была за настаўніцу. Пры доме была свая школа і колькі маладых настаўнікаў. З. Бядуля любіў чытаць ім свае новыя творы. Чытаў ён неяк дзіўна: хутка, манатонна, быццам у ягоных творах не было ніякіх знакаў прыпынку. Аднойчы, слухаючы яго, я не вы.трывала і пырснула ад смеху. З. Бядуля пакінуў чытаць. Сястра і іншыя настаўніцы глядзелі на мяне з дакорам. “Выбачайце, калі ласка”,— прамармытала я. “Нічога”,— сказаў З. Бядуля, але голас ягоны быў больш ветлівы, чымся вочы. Я вучылася тады ў педагагічным тэхнікуме і жыла пры Валянціне, у дзіцячым доме. Аўтарытэту сястры не заўсёды прызнавала, і З. Бядуля гэта ведаў. Ці раз ён спачуваў ёй: “Я дужа добра разумею вас са свае практыкі... У мяне ж тое самае дабро ёсць”. Пры ім жыў ягоны малодшы брат. Тым разам, калі З. Бядуля ўзлаваўся на мяне, адыходзячы, ён сказаў сястры: “Слухайце, давайце пажэнім нашых двух дурняў”.
- А дзе ж сястра Ліда і Міхась?— папытаўся ў нас Я. Купала.
- У Кіраўску, у Запаляр'і.
- Няўжо зноў Міхась высланы?
- Не, яны самі сябе туды выслалі.
“Самі сябе выслалі”. Гэты сказ часта ўжываўся тою парою і не патрабаваў тлумачэння. Кожны ведаў, што людзей, якія адбылі высылку, маглі арыштаваць ізноў. Некаторыя, больш прадбачлівыя, а спаміж іх і М. Грамыка, выбіралі самі тое месца, адкуль ужо не было куды далей высылаць. Перавага бьма тая, што той уважаўся за “вольнага” і карыстаўся правамі “вольнанаёмнага”.
Паўз нас прайшоў Якуб Колас. Ён прывітаўся, але не запыніўся.
Пачаліся светлавыя сігналы. Антракт канчаўся. Трэ было развітвацца.
— Перадайце,— папрасіла я Я. Купалу,— прывітанні цётцы Уладзі, Дняпру і Менску...
Гэта быў чэрвень 1940 года. Не думала я тады, што бачу Я. Купалу і З. Бядулю апошні раз. Не думала, што ім абодвум засталося нядоўга жыць. Не спадзявалася я тады і вярнуцца на Бацькаўшчыну.
У чэрвені 1942 года памёр Я. Купала на чужыне. Над Нёмнам пачула я гэтую страшную вестку і плакала па ім*.
