|
А. УЛАСАЎ
Якуб Колас і “Наша ніва”
(Успаміны)
Мне ўжо 62 гады. Я належу да пакалення, якое адышло ў гісторыю. 90 працэнтаў маіх равеснікаў ужо скончылі зямную кар'еру. Я яшчэ на пару гадоў затрымаўся. Варта было б мне напісаць свой “кінематограф” на працягу якіх 35 гадоў для беларускай моладзі. Можа, і ўдасца гэта зрабіць перад смерцю. Малады пясняр Жылка (ён ужо на тым свеце!) мне купіў; тоўсты сшытак на гэта.
Калі я быў студэнтам, то мне прарочылі кар'еру літаратара-гумарыста, а я якраз усё жыццё пісаў на праклятыя палітычныя і эканамічныя тэмы. I цяпер прасілі мяне напісаць пра Якуба Коласа. Я па старой паганай прывычцы (як жартавалі з ваеннага пісара, каторы ўмеў танцаваць толькі ад печкі!) мушу трохі па-глядзець на жыццё кругом. На свет гляджу з заходнебеларускіх земляў. Хацелася б мне пабываць яшчэ ў Менску. Калісь старая Беларуская рэвалюцыйная грамада ў пракламацыях нясмела пісала ў 1905—1906 г.: “Аўтаномія Беларусі з соймам у Вільні альбо ў Менску”. Менск неспадзявана выскачыў першы на сталіцу. Вось я хацеў бы паглядзець на новае там жыццё і “напіцца вады са Свіслачы”. Кідаць мае бедныя, заняпалыя, з сумным жыццём народа, заходнебеларускія землі я не хачу. У мяне астаўся сантымент да скрыўджаных... У нас тут у хаду песня:
Rolnik nasz poczciwy,
Jaki on jest kciwy:
Pije liter z da ла tiny,
A w butach ma dziury...
* * *
Мне трэба адысціся ад цяперашніх часоў і з 1936 года пераскочыць на трыццаць гадоў назад. Бачыце, ніяк не магу адразу перайсці на “зададзеную тэму”.
Бунтавалі, баставалі ўсе студэнты, далучыліся работнікі і сяляне, самадзяржаўе скранулі з гранітнага фундамента. Дума... Народныя выбарныя...
Энергія была ў нас каласальная, энтузіязм моладасці. Вера горы перасоўвала! Менск 1905—1906 г. Пасля першых маіх мітынгаў у Радашковічах, дзе я гаварыў страшэнныя штукі: “Цара не трэба” і т. п.,— я, як кажуць далікатныя местачковыя нашы яўрэі, “трошкі” ўцёк, уначы, зімой, абсаджаным бярозамі старым трактам у Менск. Селянін падганяў каня свайго з пашаны да пасажыра: “Гэй, пралетарый усіх старой... саедзіняйся!” У Менску я з Бурбісам і братамі Луцкевічамі і яшчэ з кучай моладзі арганізавалі забастоўкі шаўцоў, парыкмахераў, музыкантаў.... Стацкевіч (Аганёк) друкаваў пракламацыі; пускалі іх па вёсках і г. д.
Я не меў кватэры, быў падпольнік. Начаваў кожны дзень у другім месцы, а пару разоў і на скверы, “пільнуючы ўсходу сонца”... Здароўе было жалезнае, энергія маладая! З паўгода так рыскаў, як воўк, але Іван Луцкевіч цэлы год у Вільні так бадзяўся. Гэта я пішу для характарыстыкі дэкарацыі таго часу.
Раз на вуліцы спатыкаю Леаніда Канстанцінаўскага*, прыяцеля майго і друга са школьнай лаўкі ў Лібаве. Леанід ажаніўся, быў багаты, наймаў вілу ў Менску. Я знайшоў у яго і стол, і дом. Яго жонка была тыпам тургенеўскіх кабет. Зараз, мае чытачы, дабярэмся і да Якуба Коласа. Гэта я малюю фон абраза.
Ехаў я — раней, чым тое дзеялася,— у трэцім клася. Раптам увальваецца лапцяватая грамада беларусаў з Нёмана. Загналі плыты ў Коўну, едуць назад па Немане, каб ізноў гнаць дрэва. Мяне тады распірала, як кажуць цяпер, ад агітацыі; разгаварыўся скора, чытаў вершы Мацея Бурачка. Тады не было яшчэ ні Купалы, ні Коласа! Плытнікі з в. Мікалаеўшчыны. Гэта веска дастаўляла не толькі “рачных ваўкоў”, але і вучыцялёў народных, як м. Валожын — рабінаў. Мне гавораць: “А ў нас адзін настаўнік “смешна” чытае па-нашаму!”
Праз нейкі час быў у Менску з'езд вучыцялёў, на дачы на Камароўцы. На гэтым з'ездзе я спытаўся: хто тут з вас з Мікалаеўшчыны беларз'скія вершы фабрьь куе? Выходзіць лабаценькі, з чорнай маладзенькай бародкай. Від у яго быў не саўсім забіты семінарскай трафарэтнай вучобай.
Я павёў гэтае жамчужнае зерне да Леаніда Канстанцінаўскага. Ветлівыя гаспадары, шыкарная вячэра. Мой вучыцель развярнуўся. “Но лишь божественный глагол до слуха чуткого коснется, душа поэта встрепенется, как пробудившийся орел!” Хлапец пераабразіўся, вочы яго ззялі, твар адухатварыўся. Мілагучныя рыфмы спявалі ў яго.
Мы ўсе зрдзумелі, што перад намі — узыходзячая зорка беларускай паэзіі.
Я шмат разоў адведваў людзей у турмах. Ніколі не трэба пытацца: як маешся? а найлепш расказачь што-небудзь вясёлае, анекдоты. Іх любіў слухаць і Пікулік.
Калі К. Міцкевіч адседзеў турму, Іван Луцкевіч, каторы ведаў увесь край — у кожным закавулку ён меў знаёмых,— намовіў адну сімпатычную старую паню Т. Гардзялоўскую (кабету тыпу Э. Аржэшчыхі) зрабіць беларускую школу тайную, і Якуба зрабілі вучыцелем яе. Ён быў першы беларускі вучыцель першай беларускай школы. Як гэта ўсё было там, я не памятаю.
***
Браце Якубе! Можа, прачытаўшы гэта, ты ўспомніш нашу залатую моладасць і моладасць беларускага адраджэння і наш стары “губернский город” Менск. Можа, пішучы аб Табе, я, адышоўшы ад актыўнай работы, стары, ужо не умею трымаць нос па ветру і не ўсім дагаджу: не прывык я гэтага рабіць. Чуў твой голас, Якубе, праз радыё, чуў і гарачае прывітанне менскай публікі. Прайшоў Ты праз жыццё, зрываючы, як і мае пакаленне, мала кветак і многа церняў і турмы. Для мяне ўсё ж гэта гонар, што я першы Цябе расшукаў — не праз звесткі ў газетах, а праз) лапцяватых мужыкоў! Я — твой хросны бацька. Нагародай мне было б, каб што-небудзь зрабіць для “Каласкоў” Беларусі, дзе я дажываю свой век! З маёй, цяпер нябожчыцы, радашкоўскай гімназіі выйшаў малады паэт Танк, і многа іх яшчэ выявілася б пры добрых варунках асветы....
***
Помню, як я ў Менску хадзіў у турму да Коласа. За гэты самы вучыцельскі з'езд ён дастаў тры гады. Помню, недзе пад Брэсцкім вакзалам, у завулку, драўляную турму, тыпу павятовай турмы, досыць патрыярхальную. “Старшой” Пікулік, чалавек дабрадушны, убачыўшы мяне з дарамі прыроды, гаварыў: “Пазавіце Кінстанціна!” З нутра турмы выходзіць неяк баязліва наш паэт. Сядаем на лавачцы каля варат, “па-сямейнаму” неяк сядзяць Пікулік і стражнік...
***
Цяпер пяройдзем да “Нашай нівы”. Пачатак беларускай прэсы быў увесь на ахвярах і цяжкай начной працы. Паўтраця году мы з Антонам Луцкевічам пісалі ад вечара да раніцы. Як мы вытрымалі гэту работу, я не разумею. Моладасць, нязломная воля і энтузіязм! Трэба было вырабляць літаратурную мову. Пазней з'явіліся памочнікі. Прыходзілі да нас як у Запарожскую сеч. Помню, зайшоў да нас хлапец, з выгляду падобны да клерыка, каторы адразу сеў пісаць сотні адрасоў. Піша дзень, другі, трэці... Прыклеіўся да работы. Пытаюся, у Івана, як яго прозвішча. Іван кажа: “А чорт яго ведае!— але малайчына”. Аказалася, ніхто яго не ведае, а гэты малец прыклеіўся надоўга.
Так папаў да нас і “дзядзька Барадаты”. Апрацоўваў матэрыял! Прыйшоў з сытым тварам, але, папрацаваўшы пару месяцаў, пабялеў, і нервы як скрыпка зрабіліся. Затое мысль, стыль зрабіўся лёгкі. Барадаты раніцай раз пісаў і кажа: “Я пасля абеду закончу, а цяпер бягу ў суд, як сведка”. Няма яго ні на абед (тры абеды мы дзялілі на пяць чалавек), ні ўвечары. Іван паляцеў разнюхваць, дзе ён дзеўся. Барадатаму, што называецца, “пашанцавала”: тры сведкі зрабілі яго вінаватым, дастаў дзесяць гадоў ссылкі ў Сібір за с.-р. партыю... Праз месяц Барадатага ў кайданах павялі з партыяй на вакзал. Потым мы яму паслалі ў вокладцы кнігі “акуляры”, г. зн. фальшывы пашпарт, і ён у Сібіры ажаніўся ды абсеў.
***
Прыбыў у рэдакцыю да нас урэшце і Якуб Колас. Далі яму адпаведную работу.
Прысылалі ў “Нашу ніву” многа вершаў, расказаў, карэспандэнцыяў. Колас меў многа працы. З благіх вершаў рабіў добрыя, і местачковы вершаплёт, прачытаўшы свае вершы сваім знаёмым, дзівіўся разам з імі: якія пекныя вершы!
Колас унёс многа гумару ў рэдакцыю; чалавек ён быў жыццярадасны, у жьщцё нашае “багемы” ўносіў у вольныя хвіліны многа вяселля.
Помню, раз цэлую ноч працавалі ў рэдакцыі на рагу Завальнай і Троцкай у Вільні. Колас а гадзіне 3-й уночы кажа: “Вот бы выпіў гарэлкі!”— “На грошы і купі!” Колас за паўгадзіны вярнуўся з цёмнай вуліцы і кажа: “Няма, усё зачынена! Тут і генерал не дастане!” Я пайшоў. Пытаюся ў гарадавога: “Калі ласка, дзе тут можна дастаць гарэлкі?” — “Ды вось, у стоража пад № 58”...
***
Маладыя мае чытачы! Вашае жыццё ўсё ўперадзе. Вашая вера ў шчаслівую будучыню, яна недзе за ружовымі хмаркамі-летуценнямі,— там адкрываюцца новыя і новыя далі. Я ўжо прайшоў праз уса далі: жыццё іх мне адкрывала год за годам. Нашае пакаленне несла свае ідэалы вызвалення народаў пакрыўджаных, занядбаных, — пашанавання ўсіх цяжка працуючых, на карысць не сваю, а чужую. Мае равеснікі і аднадумцы клалі свае маладыя гады, сваё асабістае шчасце, свае здароўе, сваё жыццё. Многа іх звалілася ў баразну, аддаўшы ўсе сілы да канца.
Дзе мае таварышы старыя? Большасць спіць у зямлі сырой. Праз іх трупы ідуць новыя барцы, утрымліваючыя заваяваныя папярэднікамі пазіцыі, смела імкнучыся далей — уперад. I як нашае пакаленне старалася вызваляць і дух народа з рабскае залежнасці ад чужынцаў, так і вы, маладыя, мусіце гэта рабіць і стварыць новы перыяд, які б адыграў не меншую ролю ў беларускім рэнесансе, як перыяд “нашаніўскі”*.
