МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Мае сустрэчы // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Шыла Мікола
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Літва
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

МІКОЛА ШЫЛА

Мае сустрэчы

Было гэта ў 1909 годзе, у познюю восень.

Па адбыцці кары ў астрозе я спыніўся на жыццё ў Вільні, дзе, дзякуючы стараниям Яна Луцкевіча, дастаў працу ў вайсковааружнай майстэрні К. Янкоўскага. Пасля працоўнага дня, а 6-й гадзіне вечара, я амаль заўсёды накіроўваўся ў рэдакцыю “Нашай нівы”. У той час рэдакцыя была для беларусаў свайго роду клубам, месцам сустрэчаў і знаёмстваў. Тут жа я пазнаёміўся і пасябраваў з Янкам Купалам.

Яшчэ да знаёмства я зачароўваўся ягонымі вершамi, развучваў іх і часта з захапленнем дэкламаваў у прыватных дамах. Чытаючы Купалавы вершы ў астрозе, я ўяўляў яго зусім інакшым. Паводле ягоных тагачасных твораў, поўных запалу, змагання клічаў і лозунгаў, ён здаваўся мне ўвасабленнем рэвалюцыянера, трыбунам, поўным энергіі і сілы. На гэтую тэму ў менскай турме я часта гутарыў з Я. Коласам, А. Гаруном і А. Бурбісам, якія асабіста Я. Купалу ў той час таксама не ведалі, бо апошнія два трапілі ў астрог яшчэ раней за мяне. Але іхная думка больш-менш сходзілася з маёю.

Гадзіна сёмая вечара. Пры газавым асвятленні Ядвігін Ш. расказвае мне аб сваіх студэнцкіх гадах у Маскве. А расказваў ён па-мастацку. Я ўзесь — слух і ўвага. Адчыняюцца дзверы. У рэдакцыю не то ўваходзіць, не то ўсоўваецца малады, вышэй сярэдняга росту чалавек у паношаным паліто. Вітаецца. Ядвігін Ш. нас знаёміць. У мяне расчыняюцца вочы. “Дык вось ты які...” Як быццам нешта абарвалася ўва мне. Пачынаецца гутарка. Я пільна сачу за Я. Купалам. Нічога рэзкага ў ягоных манерах і жэстах, няўзрушана спакойна гаворыць, час ад часу прамільгне усмешка, заіскрацца вочы, і зноў спакой пануе на ягоным твары.

Загаварылі аб паэзіі, аб новых яе формах. Тут Я. Купала, як відаць, сеў на свайго коніка. Трэба было чуць, як ён з узбуджэннем, ажыўлена стаў на абарону праўдзівага мастацтва, выступаючы супраць спробаў розных наватараў у паэзіі.

— Я лічу сапраўднай паэзіяй толькі тую, якая здольна разварушыць заснуўшыя сілы ў народзе, якая здольна разбудзіць народ ад спячкі,— казаў ён.— Гэта не паэзія, якую сёння прачытаў, а заутра па ей ніякага следу ў душы, як і не было. Праўдзівая паэзія — гэта тая, якая пакідае след, нібы зазубрынкі ў душы чалавека, і цягне сэрца чалаведа да тых ідэалаў, да якіх кліча паэт.

На гэта Ядвігін Ш. заўважыў, што ў нас такіх няма, што мы, на жаль, не маем Байранаў, Гётэ, Пушкінаў... — Калі няма, дык будуць,— лаканічна адказаў Я. Купала.

Працаваў ён тады ганарова ў рэдакцыі, дзе правіў усе вершы, прысыланыя ў “Нашу ніву”. Праца гэтая рабілася вечарамі. Іншы раз ён браў папку з сабою ці то дадому, ці на месца свае платнае працы ў бібліятэку В. Даніловіча “Знание”, якая месцілася на Юр'еўскім праспекце, № А. Там, між іншага, часта адбываліся і нашыя беларускія рэпетыцыі.

З натуры маўклівы, задумлівы, неразгаворлівы, Я. Купала рэдка калі прымаў удзел у спрэчках. Затое сам заўсёды ўважна прыслухоўваўся, каб не прапусціць ніводнага слова. З кнігаю ён ніколі не разлучаўся. Ён не чытаў, а еў іх, як казаў В. Ластоўскі. I гэта была праўда. Кожны вечар ён расказваў нам змест якогась апавядання ці вершаў, каторыя за дзень прачытаў.

— Гэта мая школа,— гаварыў ён.

...Жыў Я. Купала на Зарэччы. Блізу кожную суботу мы з ім наведвалі польскі тэатр “Лютня”. Тэатр ён любіў неяк асабліва, “па-купалаўску”, як гаварыў А. Уласаў. Як толькі адчынялася заслона, ягоных вачэй ніякім чынам нельга было адарваць ад сцэны. Ён, здавалася, разам з акторамі перажываў самую п'есу. Аднойчы мы загадзя купілі білеты на “Дзяды” А. Міцкевіча. Трэба аддаць справядлівасць, што ігра актораў была цудоўная. Пакінула яна на нас вельмі вялікае уражанне. Ідучы дадому, Я. Купала казаў:

— Бачыш, геній выхапіў з нашага беларускага жыцця такі маленькі кавалачак і стварыў з яго цудоўны твор. Не, не! Трэба вучыцца, трэба працаваць, каб чужынцы не рабавалі нашых скарбаў, нашага жыцця; трэба паказаць ім, што і мы патрапім “людзьмі звацца”.

Кожны добры спектакль, кожнае якое-кольвек выдатнае мастацкае з'явішча, каторае пакідала па сабе след у душы, выклікала ў ім падобныя гутаркі.

Трэба было бачыць, як ён правіў вершы нашых песняроў, якія прабавалі свае сілы на літаратурным полі.

— Во, паглядзі, колькі новых маладых талентаў паўстала з нашага народа за якіх-небудзь два-тры гады дзейнасці нашае газеты. А што было б, каб даць нам свабоду, даць школы нашыя, скінуць з нас ланцугі няволі,— часта гаварыў ён.

Першыя вершы Ц. Гартнага, З. Бядулі, А. Гурло, X. Чарнышэвіча, Старога Уласа і шмат, шмат іншых прайшлі праз здольныя рукі Я. Купалы. Не памятаю, хто гэта быў, але адзін з пачынаючых пазтаў прыслаў у рэдакцыю свой верш. Я. Купала прачытаў і, сказаўшы, што верш вельмі добры, сеў правіць. Верш быў надрукаваны. Праз некаторы час ізноў прыйшоў ліст з вершам. Аўтар пісаў, што ён нават і не думаў, што можа так прыгожа і гладка пісаць.

У канцы 1909 ці пачатку 1910 года (добра не памятаю) у Вільню прыехаў Карусь Каганец. Прыехаў ён як і заўсёды хадзіў, у кажушку і беларускай світцы. Світка была падпяразаная рэменем, на якім вісеў прывязаны да раменьчыка ножі і шабалтас. Спакойная, зраўнаважаная гутарка яго рабіла моцнае ўражанне. Ягоны выгляд — малы рост, і горб, вялікая галава з пасівеўшай бародкай і жывымі, праніклівымі вачыма — цягнуў да сябе кожнага. Пасяліўся К. Каганец у мяне, на Набярэжнай, каля шпіталя Св. Якуба. З гэтага дня кожны вольны вечар Я. Купала праводзіў у гутарках у нас. На якія толькі тэмы не ішла размова: літаратура, і тэатр, і малярства (К. Каганец у поўным значэнні гэтага слова быў маляр і скульптар), але кожная тэма зводзілася на нашае беларускае жыццё і ягоныя праблемы.

У гэтым часе адбываліся рэпетыцыі да рыхтаванае беларускае вечарынкі. У праграме — п'еса М. Крапіўніцкага “Па рэвізіі”, хор пад дырыжыраваннем кампазітара Л. Рагоўскага і беларускія танцы пад кіраўніцтвам I. Буйніцкага. Хоць Я. Купала ўдзелу не прымаў, бо ўжо збіраўся ехаць у Піцер на курсы Чарняева, але без ягонай прысутнасці не адбылася ніводная рэпетыцыя ці спеўка.

— Эх, братка, як добра выходзіць! Шкада, што еду. Але, дасць Бог, пабачу і я. Дзядзька Карусь,— гаварыў ён К. Каганцу, — трэба пісаць свае арыгінальныя п'есы. Пазычаць добра, ды пазычанае заўсёды трэба аддаваць... Няхай лепш у нас пазычаюць.

Праз некалькі дзён пасля гэтага мы гуртам правялі яго на станцыю. Ехаў ён у Піцер, каб, як ён сам казаў, вучыцца, як найбольш прынесці карысці і славы нашаму народу*.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by