|
КВЕТКА ВІТАН
“Наша ніва” і Іван Луцкевіч
Колькі я памятаю, на з'яўленне ў продажы газеты “Наша ніва” віленчукі мала ўзялі ўвагі. Шмат з іх казалі з пагардай: “Ot chlopska gazeta”. Але з часам яна, хоць і “хлопска”, знайшла зацікаўленне сярод інтэлігенцыі, як польскай, так і расейскай. Некаторыя з палякоў глядзелі на гэта як на “хлопоманство” і выяўленне краёвага патрыятызму ды казалі, што прыпамінала гэта Яна Чачота з ягонай працай “Piosenki Wiesniacze z nad Niemna i Dzwiny”. Але бальшыня віленскіх палякоў-шавіністаў глядзела на з'яўленне беларускай прэсы варожа, бо гэта падрывала паланізацыю беларускага сялянства. А расейцы пабачылі ў беларускай прэсе праявы сепаратызму, што перашкаджала русіфікацыі гэтага краю.
Такія пагляды я чула сярод знаёмых, калі, пачынаючы ад 1907 года, прыязджала з Пецярбурга, з Вышэйшых жаночых курсаў, дахаты на святы і вакацыі. Мы часта спрачаліся на гэту тэму, бо, як студэнтка філалогіі, я трымалася таго пагляду, што народ выяўляе свае здольнасці і творыць найлепш у сваёй роднай мове. А што цяпер яшчэ мова гэтая мае адзнакі мовы “мужыцкай”, дык гэта з'ява часовая, калі над мовай гэтай папрацаваць, яна станецца такой жа “панскай”, я,к і іншыя мовы. Гэтым я злавала польскіх і расейскіх ша-віністаў, бо наагул не прызнавала неталеранцыі што да іншай веры ці нацыянальнасці. Гэтак я прызнавала беларускаму адраджэнскаму руху raisond'etre*, але бліжэйшага сутыку з ягонымі прадстаўнікамі яшчэ не мела. Цётка, якую я знала з гімназіі, вярнулася ў Вільню, калі я была на курсах, дзеля гэтага мы і не спаткаліся. У часе вакацыяў я была занятая хатнімі справамі нашай вялікай сям'і, а у Пецярбурзе знала толькі сваю навуку.
Калі я на пачатку лета 1915 года (быў другі год вайны) пазнаёмілася з Іванам Луцкевічам, дык зацікавілася ім не толькі як чалавекам, але і ягонымі ідэаламі і працай, у якой я пасля ўзяла жывы ўдзел. “Наша ніва” тады яшчэ выходзіла, але я ў ейнай рэдакцыі не бывала, ды шмат каго з ейных колішніх працаўнікоў там не было ўжо, яны былі пакліканы ў армію або выехалі з Вільні дзеля ваенных падзеяў і пагрозы нямецкай акупацыі.
Актыўны ўдзел у працы “Беларускага камітэта дапамогі ўцярпелым” я пачала толькі пасля прыходу ў Вільню нямецкага войска і таму магла пазнаёміцца толькі з тымі супрацоўнікамі “Нашай нівы”, што засталіся ў Вільні: братамі Луцкевічамі, Вацлавам Ластоўскім ды зноў спаткалася з Цёткай. 3 Аляксандрам Уласавым, мастаком Язэпам Драздовічам і праф. Вацлавам Іваноўскім я пазнаёмілася ў 1919 г., калі яны вярнуліся ў Вільню.
Аб газеце “Наша ніва”, ейнай ідэалогіі і фінансавых справах апавядаў мне Іван Луцкевіч. Утрыманне газеты ляжала вылучна на ягоных плячах. (Падаю тут тое, што апавядаў мне сам Іван Луцкевіч.) Па заканчэнні сваіх археалагічных студыяў у Вене Іван Луцкевіч варочаецца ў Пецярбург, дзе студыюе права. Але калі па рэвалюцыі 1905 года была скасаваная забарона беларускага друку ды паўсталі магчымасці пашырэння беларускае працы ў краі, Іван Луцкевіч, як і ягоны брат Антон, перапыняе сваю навуку і настала перабіраецца ў Вільню. (Антон Луцкевіч быў студэнтам універсітэта ў Дэрпце — цяпер Тарту ў Эстоніі, студыяваў прыродазнаўства.) Па смерці бацькі, калі браты Луцкевічы канчалі гімназію, на іхную долю прыпала невялікая спадчына па бацьку, што дала ім магчымасць вучыцца далей, але, яшчэ будучы студэнтамі, яны часта давалі грошы на беларускую справу. Калі ж яны перабраліся ў Вільню, дык арганізацыя беларускай працы, асабліва ж друку, неўзабаве праглынула рэшту іхнае спадчыны, і, каб не дапусціць да заняпаду гэтае працы, трэба было шукаць новых сродкаў. Параўнальна невялікая група беларусаў, што становіла фактычны актыў беларускага руху ў Вільні, была бедная і грошай на справу даць не магла. Апрача братоў Луцкевічаў, што былі фактычнымі рэдактарамі “Нашай нівы”, да гэтае трупы належалі: Аляксандр Уласаў — афіцыйны рэдактар “Нашай нівы”, Янка Купала, Ядвігін Ш., Вацлаў Ластоўскі, А. Чыж, Сяргей Палуян (памёр у 1910 г.), мастак Язэп Драздовіч ды яшчэ некалькі асобаў. Гэта былі маладыя ідэалісты, поўныя запалу і энергіі ў працы на адраджэнне Беларусі. Грошай яны не мелі. Мусілі не толькі дарма працаваць у газеце ці на іншых дзялянках беларускага руху, але і часам выціскаць з сваіх мізэрных заработкаў для гэтага руху. Адзін А. Уласаў быў замажнейшы, бо меў фальварак Мігаўку пад Радашковічамі, але з гэтага фальварка ён мусіў жыць сам, бо іншых прыбыткаў не меў. Аднак, працуючы ў газеце разам з братамі Луцкевічамі, ён памагаў аплачваць кватэру для ўсяго штаба “Нашай нівы”. Мы бачылі, як грамадства Вільні, фактычна чужое, ставілася да “Нашай нівы”, дык ясна, што хоць і заможнае, але падтрымаць гэтую газету яно не хацела. Выняткам быў Зыгмунт Нагродскі (собснік складу ралейных машынаў — сябра Францішка Багушэвіча), які часамі даваў хоць невялікае падтрыманне. Бальшыня ж віленчукоў глядзела на беларускі рух як на нешта варожае або недарэчнае. Гэтак нашаніўцы мусілі лічыць толькі на свае собскія сілы.
“Наша ніва” — асабліва спачатку — мела мала платных падпісчыкаў, на вёску высылалася пераважна дарма, а ў самой Вільні разыходзілася мала. З гледзішча гаспадарскага гэта было моцна дэфіцытнае прадпрыемства, і каб утрымаць яго, трэба было шукаць нейкіх пабочных крыніцаў. I вось гэтае задание ўзяў на сябе Іван Луцкевіч. Ён не мог пайсці на службу або заняцца нейкай сталай заработкавай працай, бо ўвесь час і энергію сваю мусіў аддаваць маладому беларускаму руху, будучы галоўным маторам і кіраўніком яго. Проста дзіву даешся, як успомніш, як гэты чалавек, заараны штодзённай грамадскай працай, знаходзіў часу і спосабаў здабывання грошай на ўсю беларускую справу, ён кідаўся на ўсе бакі, пры гэтым ніколі не дбаў пра свае асабістыя патрэбы: што здабываў, тое ішло ў грамадскі кацёл. Ён бярэ прадстаўніцтва ад розных фірмаў, пасярэднічае ў трансакцыях з замежжам, мае шмат знаёмых сярод яўрэяў, у сваіх частых раз'ездах выконвае розныя гандлёвыя даручэнні, за што дастае пэўны працэнт. Але з усіх гэтых нясталых прыбыткаў ён не мог бы пакрываць выдаткаў на газету і іншыя грамадскія справы. Больш пэўны прыбытак прыносіў перапродаж антыкварных рэчаў. Іван Луцкевіч быў найлепшы знавец старасветчыны і мастацтва на ўвесь край. Усюды, дзе ён ні бываў, ягоныя вочы шукалі старасвецкіх і мастацкіх рэчаў: старой або народнай старасвецкай разьбы, мастацкіх абразоў, свецкіх і царкоўных, старых рукапісаў і друкаў ды іншых падобных рэчаў. Ён меў нейкі спецыяльны нюх ці здольнасці, каб вынаходзіць гэтыя рэчы там, дзе, здавалася б, зусім не месца ім. Ён знаходзіў іх на кірмашах, на падстрэшшах старых двароў, у букіністаў, перакупнікаў і рызнікаў або і ледзь што не на сметніках. Набываў ён іх пераважна як безвартасныя рэчы, за грашы. Тады ён ведаў, як гэтыя рэчы адрэстаўраваць, і калі яны мелі беларускую характарыстыку — пакідаў іх у сваіх музейных зборах, калі ж яны гэтай характарыстыкі не мелі — прадаваў за надежную ім цану і гэтак здабываў сродкі на беларускую нацыянальную справу. Дзякуючы ягонай стараннасці беларуская справа расла і дужэла, разам з тым раслі зборы беларускай старасветчыны, з якіх пасля склаўся музей — адзін з найбагацейшых у Вільні,— музей пад ягоным імем. Больш вартасныя рэчы не беларускага значэння ён прадаваў у Пецярбургу, у Варшаве або і за межамі — у Кракаве ці Львове, дзе меў сталую сувязь з большымі антыкварыятамі. За некаторыя рэчы ён даставаў па колькі сот рублёў (раз нават за абраз якогась старога французскага маляра дастаў больш як тысячу рублёў). Такія большыя трансакцыі былі для яго святамі. Прыехаўшы ў Вільню, ён перш за ўсё плаціў даўгі за газету — за паперу і друк, і іншыя старыя даўгі; плаціў задаўненую пенсію хатняй наймічцы, купляў даўна нагледжаныя экспанаты для свайго музея і, канечна, патрэбныя рэчы для сябе. Калі боты былі ўжо да немагчымасці дзіравыя або вопратка занадта зношаная, дык купляў сабе ці брату Антону. Але неўзабаве зноў браў напавер паперу і рабіў іншыя даўгі, пакуль зноў здабываў грошы перапродажам. Гэтак Іван Луцкевіч, жывучы вельмі сціпла з сваім братам Антонам, фінансаваў газету “Наша ніва” ды бадай усю беларускую працу ў Вільні ў часе ад 1906 да 1919 г. (У гадах 1913—1915 Іван Луцкевіч выкладаў у прыватнай школе рысункаў Рыбакова мастацтвазнаўства, але зарабляў там вельмі мала). Ад іншых супрацоўнікаў “Нашай нівы” нелыа было вымагаць грашовага падтрымання на газету. Досыць таго было, што яны ў ей задарма працавалі ды так ці інакш самі сябе ўтрымвалі.
Апошнімі гадамі свайго існавання “Наша ніва” мела ўжо ладна платных падпісчыкаў. З году ў год матэрыяльны стан газеты папраўляўся. Тады пачалася і выдавецкая праца. Было заложана Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні. Тады ж паўстала і Беларуская кнігарня ў Вільні, якую вёў Вацлаў Ластоўскі як ейны собснік — аж да 1918 г. Ён і жыў пры кнігарні з жонкай і дзвюма дачкамі ды там жа складаў зборы старасветчыны (збіраць іх навучыўся ў Івана Луцкевіча).
У Пецярбурзе Вацлаў Іваноўскі арганізуе і спачатку фінансуе выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца...”. Там выдаюцца галоўна літаратурныя творы і папулярныя брашуры для сялянства. З цягам часу гэтае выдавецтва пакрывала свае выдаткі, і яно добра разраслося б, як мне апавядаў пасля праф. Вацлаў Іваноўскі, калі б не выбухнула вайна. Зразумела, што і Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні трэба было спачатку паставіць на ногі і фінансаваць яго. I тут зноў без грашовай дапамогі Івана Луцкевіча не абышлося.
Калі ў 1914 годзе выбухла вайна і Вільня адчула блізіню фронту, магчымасці здабывання грошай Іванам Луцкевічам звузіліся. Сувязі з замежжам былі перапыненыя, пошукі антыкварных рэчаў на правінцыі спыніліся дзеля блізіні фронту. Трэба было абмежыцца да малых купоўляў і продажаў у самой Вільні. Асабліва цяжкі быў 1915 год, калі фронт падышоў пад самую Вільню. Шмат беларусаў было мабілізавана ў армію, а сярод іх і супрацоўнікі “Нашай нівы”. Шмат падпісчыкаў было адрэзана фронтам. Дзеля ўсяго гэтага давялося спыніць далейшае выдаванне “Нашай нівы”.
Аб сваіх удалых антыкварных трансакцыях апавядаў мне Іван Луцкевіч у часе нямецкай акупацыі, калі наракаў, што мусіць абмежыцца дл дробных трансакцыяў. Нямецкія вайсковыя ахвоча куплялі антыкі, але Іван Луцкевіч мала што мог прадаць, калі беларускія экспанаты пакідаў для беларускага музея. Я і так дзіўлюся, як ён мог пакрываць хатнія выдаткі праз увесь час нямецкай акупацыі, утрымваючы сябе і брата ды яшчэ падтрымваючы матэрыяльна беларускую справу. Праўда, браты Луцкевічы жылі вельмі ж сціпла (пра гэта гл. Кветка Вітан: “Мае ўспаміны”)*.
