МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Сорак два гады таму // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Кушаль Францішак
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Літва
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Ф. КУШАЛЬ

Сорак два гады таму

(Жменя ўспамінаў аб Алесю Гаруну)

Першыя мае ўспаміны аб Алесю Гаруну, што друкаваліся недзе ўвосень 1941 г. у менскай “Беларускай газэце”, былі, магчыма, паўнейшыя, чымся тая жменька, што даю тут, бо тады, у 1941 г., ад трагічных падзеяў на Беларусі ў 1920 г. і майго апошняга развітання з Алесем Гаруном мінула было адно 21 год, сёння ж да іх дайшло яшчэ гэтулькі сама, а сорак два гады ў жыцці чалавека шмат значыць, асабліва ў дачыненні да гэткай нясталай ды нетрывалай рэчы, як людская памяць.

Упершыню я сустрэўся з Алесем Гаруном у Менску ў 1918 г. Прыйшоў я тады ў Менск пехатою з За-бор'я, дзе жылі мае бацькі, з мясцовасці, якая ляжыць у сямідзесяці вярстах ад Менска і належала ў тыя часы да Ашмянскага павета. Мэтаю майго падарожжа ў Менск было дастаць там беларускіх кніжак для бібліятэкі гуртка беларускае моладзі, што я і мае сябры наважылі арганізаваць у мястэчку Івянцы. Беларуская кнігарня змяшчалася тады ў двухпавярховым доме на Захараўскай вуліцы, якраз насупраць “Новага” касцёла. Калі я ўвайшоў у дом, дык адразу пабачыў прылавень, на якім былі акуратна параскладаныя кнігі, а за ім — высокага худога чалавека, апраненага ў жакетку із саматканага вясковага сукна, з-пад якое было відаць белую палатняную кашулю з каўняром, вышываным беларускім узорам. Я кагадзе якраз пакінуў быў царскую армію, што развалілася ў выніку рэвалюцыйных падзеяў, і не патрапіў яшчэ пазбыцца вайсковых звычкаў. Стануўшы на “зважай” перад чалавекам у саматканай жакетцы, я назваў сваё прозвішча.

— Прушынскі,— адказаў мне ён, падаючы руку да прывітання.

Я ўжо ведаў, што Аляксандр Прушынскі — гэта сапраўднае імя паэта Алеся Гаруна, творы якога я з вялікім захапленнем вучыў на памяць і дэкламаваў, і адразу здагадаўся, з кім маю гонар пазнаёміцца. Мы разгаварыліся. Алесь Гарун з вялікай цікавасцю распытваў мяне аб тым, што робіцца на правінцыі, як пашыраецца беларуская сведамасць сярод сялянства ды інш. Нарэшце ён напакаваў маю торбу кніжкамі, сказаўшы, што грошы за іх спагоніць з нас тады, калі нашая бібліятэка пачне мець прыбыткі.

Улетку 1918 г., апрача гэтага першага разу, я вельмі часта бываў у Менску то пехатою, то прыязджаючы з івянецкімі балаголамі. Кожны раз я наведваў беларускую кнігарню і сустракаўся там з Алесем Гаруном. У гэтым жа доме на другім паверсе змяшчалася рэдакцыя беларускай газеты “Вольная Беларусь”. Там я пазнаёміўся і з Язэпам Лёсікам і з ягонаю жонкаю Вандай Лявіцкай, дачкой вядомага беларускага пісьменніка Ядвігіна Ш.

На свеце ўсцяж не было супакою. Увосень 1918 г. выбухла рэвалюцыя ў Нямеччыне. Немцы былі змушаны капітуляваць перад кааліцыяй. Нямецкія арміі пачалі пакідаць займаныя імі прасторы Беларусі. Следам за нямецкай арміяй, што адыходзіла на захад, з усходу ішло бальшавіцкае войска. Неўзабаве ўся Беларусь апынулася пад бальшавікамі. Увесну 1919 г. пачалася новая вайна — польска-бальшавіцкая. Палякі памаршыравалі на ўсход, і 19 красавіка 1919 г. польская армія здабыла Вільню, а колькі месяцаў пасля 8 жніўня 1919 г. — заняла Менск. Неўзабаве па заняцці палякамі Вільні, у траўні 1919 г. у Вільні адбыўся беларускі з'езд Віленшчыны і Горадзеншчыны, на якім было пастаноўлена пачаць пад польскай акупацыяй арганізацыю беларускага войска. На з'ездзе была абраная адмысловая вайсковая камісія, якой і было даручана пачаць захады перад польскім галоўным камандаваннем аб дазволе на арганізацыю беларускіх вайсковых аддзелаў. Пасля вельмі даўніх намаганняў і перамоваў, бо толькі 22 кастрычніка 1919 г. галоўнакамандуючы польскай арміяй Язэп Пілсудскі выдаў нарэшце дэкрэт аб дазволе арганізаваць беларускае нацыянальнае войска. Гэтым жа дэкрэтам паклікалася Беларуская вайсковая камісія (БВК), кожны сябра пайменна. У склад камісіі былі пакліканыя дэкрэтам гэткія асобы: на старшыню БВК прызначаўся Паўла Аляксюк, адвакат паводля прафесіі, вельмі актыўны ў тых часах беларускі дзеяч. На камандуючага беларускімі вайсковымі аддзеламі прызначаўся палкоўнік Канапацкі, беларус татарскага пахбджання. У склад камісіі быў пакліканы і Аляксаядр; Прушынскі, а апрача яго, як сябры камісіі, гэткія асобы: Антон Аўсянік, маёр Якубецкі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, палкоўнік-інтэндант Якубоўскі і я, капітан Францішак Кушаль. Месцам урадавання Беларускае вайсковае камісіі вызначаўся Менск (аб БВК быў мною ў сваім часе напісаны даўжэйшы артыкул “Ад Менску да Лодзі”, які друкаваўся ў 1952 г., у лістападзе, снежні і студзені ў газеце “Беларус”, нумары 21, 23, 24 і 25).

У снежні 1919 г. БВК пакінула Вільню і прыбыла ў Менск, дзе заняла даволі вялікі менскі гатэль “Гарні”. На першым паседжанні камісіі быў абраны ейны прэзідыум, заступнікам старшыні якога стаўся Аляксандр Прушынскі. Памятаю, што ён станоўка адмаўляўся ад гэтае функцыі, матывуючы сваю адмову слабым здароўем. I сапраўды, досыць было глянуць на яго, і кожны мог пераканацца, што перад ім моцна хворы чалавек. Аднак, дармо што ўсе слушныя адмовы, Алесю Гаруну не ўдалося пераканаць камісію, і ён застаўся заступнікам старшыні Прэзідыуму БВК.

Паўла Аляксюк быў незвычайна энергічны чалавек, вельмі добры прамовец. Неўзабаве межы БВК сталіся яму зацесныя. Каб мець магчымасць шырэйшае дзейнасці, ён пачаў штораз часцей выязджаць у Варшаву, дзе, як казалі тады ў Менску, рабіў “высокую” палітыку, Паказаўшыся час-часом у камісіі, ён зноў на даўжэйшы час недзе знікаў. Ясна, што ўвесь цяжар працы ў БВК зваліўся на плечы хворага Прушынскага, а праца гэтая была вельмі цяжкая і нервовая. Бо, не зважаючы на дэкрэт найвышэйшага аўтарытэту, — галавы Польскае дзяржавы і галоўнакамандуючага польскай арміяй, Язэпа Пілсудскага, справа арганізацыі беларускага войска ад пачатку сутыкнулася з немагчымымі да абладжання перашкодамі.

Перашкоды гэтыя вынікалі найперш і з палажэння, што існавала тады на Беларусі. Зламаўшы супраціў бальшавіцкае арміі, польскае войска рынула за ворагам на ўсход , не даючы яму магчымасці арганізаваць дзе-колечы абарону. На прасторах Беларусі, займаных польскай арміяй, зараз жа арганізоўвалася адмініетрацыйная ўлада, вядома, вылучна з паланізаваных паноў, панкоў ды паўпанкаў.

Неўзабаве ўсе адміністрацыйныя становілічы, а гэтаксама пасады ў паліцыі, былі занятыя гэтымі людзьмі. 3 вельмі малымі выняткамі, усе яны былі эндэцкае арыентацыі, а значыцца — зацятымі польскімі нацыяналістамі, ворагамі ўсяго беларускага, бо ж вядома, што няма горшага беларусаеда, як спаланізаваны беларус. Як і трэба было спадзявацца, гэтая зграя цалкам сабатавала дэкрэт Пілсудскага. Высыланыя БВК на правінцыю вербунковыя агенцты звычайна арыштоўваліся і траплялі ў турмы. Ахвотнікаў ісці ў беларускае войска не дапушчалі ў Менск і страшылі рознымі карамi. Можна сабе ўявіць, як перажываў усе гэтыя несправядлівасці і перашкоды фактычны старшыня БВК Аляксандр Прушынскі, знясілены цяжкой хваробай, а таму асабліва чулы на кожную прыкрасць ці няўдачу.

Тым часам дні ішлі, набліжаўся ліпень 1920 г. БВК удалося з вялікімі цяжкасцямі арганізаваць толькі адзін беларускі батальён. Сярод сяброў камісіі пачало расці і мацнець вялікае незадавальненне. Нарэшце недзе ў канцы чэрвеня 1920 г. у Менск прыехаў Паўла Аляксюк. Адбылося вельмі бурнае пленарнае паседжанне БВК, і Алексюку быў адназгодна выказаны недавер. Аляксюк падаўся ў дымісію. Toe самае зрабіў і палкоўнік Канапацкі. Беларуская Вайсковая Камісія апынулася ў крытычным палажэнні. Даць рады крызісу было вельмі цяжка, бо Аляксюк быў вызначаны на старшыню БВК дэкрэтам польскага галоўнакамандуючага. Справу трэба было ўзгадняць з польскім камандаваннем. Аднак усе перашкоды ўдалося абладзіць. Новым старшынёй БВК згадзіўся быць адзін з былых рэдактараў першае беларускае газеты ў Вільні ў 1904 годзе, “Нашай долі”, Францішак Умястоўскі, запрошаны на гэтае становішча ўжо самой БВК. Прыняўшы становішча, Умястоўскі адылі ў Менск не прыбыў. Давялося Аляксандру Прушынскаму і надалей узначальваць БВК.

За часам польскае акупацыі, дармо што вайна і няпэўнасць заўтрашняга дня, у Менску шырока разгарнулася беларускае культурнае жыццё. Тут стала жылі гэткія выдатныя беларускія пісьменнікі, як Янка Купала і Змітрок Бядуля, даездам з Вільні падоўгу запыняўся драматург Францішак Аляхновіч, які сам рэжысыраваў свае рэчы дзеля паказу на менскай сцэне, часта выступаў вядомы хор Тэраўскага, стала выходзіла беларуская газета “Беларусь” пад рэдакцыяй выдатнага журналіста і пісьменніка Язэпа Лёсіка, якога лучыла з Гаруном асаблівая прыязнь, паўсталая яшчэ за часамі супольна адбыванае імі ў Сібіры ссылкі. У гэтым шырокім культурным жыцці Алесь Гарун браў заўсёды дзейны ўдзел, тым болей што быў ён у гэтым часе і старшынёю Беларускага нацыянальнага камітэта, які займаўся арганізацыяй і кіраваннем усяго беларускага жыцця ў Менску. Не было дня, каб у ягоным кабінеце ў БВК, пасля гадзінаў прыкрага і цяжкога ўрадавання, не збіраліся на нарады, што цягнуліся да позняе ночы, беларускія культурныя працаўнікі дзеля абмеркавання пільных справаў з галіны выдавецкай, школьнай ды інш. Гэтак, паважна хворы на сухоты, Алесь Гарун, стаміўшыся за дзень да апошняга, мусіў, пасля кароткага адпачынку, пачынаць назаўтра гэткі ж працоўны дзень, тыдзень па тыдні і месяц па месяцы. Нічога дзіўнага, што якраз да яго так хутка прычапілася яшчэ адна хвароба, стаўшыся беспасярэдняю прычынаю ягонае перадчаснае смерці.

5 ліпеня 1920 г. бальшавікі пачалі на шырокім фронце наступ на польскую армію. Палякам давялося адступаць. У Менску была абвешчаная эвакуацыя. Сябры Беларускае Вайсковае Камісіі зышліся, апошнія ў Менску раз, на паседжанне. Яны перагледзелі і адабралі найважнейшыя і найпатрэбнейшыя дакументы, бо забраць усяго не было магчымасці, падзялілі іх міжсобку, пехатою пайшлі на чыгуначную станцыю і селі ў апошні эшалон, што пакідаў Менск.

Ніхто з нас не ўяўляў сабе, якую жахлівую паразу дастала на Бярэзіне польская армія. Мы былі перакананыя, што бальшавікі будуць неўзабаве затрыманыя, праўдападобна на Нёмне, і наважылі далека не падавацца, а затрымацца дзе-колечы ў заходняй частцы Беларусі. Найдагаднейшым месцам супынку здаўся нам Ваўкавыск.

Лета 1920 г. было на Беларусі незвычайна гарачае. Рана і вельмі багата ўрадзіла гародніна. Беларускія сады аж хінуліся долу ад цяжкіх пладоў. Асабліва надзілі стомленых жаўнераў польскае арміі, што адыходзіла на захад, спелыя буйныя вішні. Яны рвалі іх, елі і запівалі вадой з прыдарожных студняў ды ручаёў. Неўзабаве скрозь выбухла эпідэмія крываўкі (дызентэрыі).

Мы прыехалі ў Ваўкавыск каля паўдня наступнага дня ды пайшлі ў горад уладжвацца. Зайшліся на рынак. Сяляне прывезлі сюды на продаж поўныя вазы вішняў. Вішні былі буйныя і сакавітыя. Мы ўсе ў ахвоту імі ласаваліся. Пад'еў усмак вішняў і Аляксандр Прушынскі. На другі дзень нашага пабыту ў Ваўкавыску сябры БВК зышліся ў зале мясцовае гасцініцы, каб абмеркаваць становішча, у якім мы апынуліся, ды пастанавіць, што рабіць далей. Алесь Гарун на нараду не прыйшоў. Не памятаю ўжо, хто з сяброў сказаў, што “Прушынскі не прыйдзе, бо ляжыць хворы ў сябе на гасподзе”. Я і Антон Аўсянік зараз жа пайшлі да яго, каб даведацца, што з ім.. Гаспода Алеся Гаруна была на адной з ціхіх бочных вулічак Ваўкавыска і выглядала як звычайная сялянская хата. Калі мы ўвайшлі ў гэтую хату, дык адразу ж пабачылі на дзервяным сялянскім ложку, засланым саматканаю коўдраю, Аляксандра Прушынскага — Алеся Гаруна. Ён слабым голасам расказаў нам, што ўчора, пад'еўшы вішняў, пачуў вялікую смагу і напіўся, раз і другі, сцюдзёнай вады. Пад вечар яму зрабілася дрэнна, забалеў жывот. Мучыўся ён ім усю ноч і цяпер адчувае незвычайную слабасць. Пачуўшы гэта, Аўсянік пабег шукаць доктара, а за гадзіну прывёў лекара з вайсковае камендатуры. Агледзеўшы хворага, лекар сказаў, што Аляксандр Прушынскі захварэў на тыповую дызентэрыю, і дадаў: “Я вам дам паперу, адвязеце хворага на чыгуначную станцыю і чакайце. Неўзабаве праз станцыю будзе праходзіць санітарны цягнік, вось і здайце хворага дзяжурнаму лекару гэтага цягніка”. Селянін, у хаце якога прыпыніўся Алесь Гарун, сведка ўсяе гэтае сцэны, згадзіўся адвезці хворага на станцыю сваім канем. Мы дапамаглі Прушынскаму апрануцца і, калі пад ганак пад'ехала каламажка, вывелі яго пад рукі і пасадзілі на воз, бо сам ён стаяць на нагах ужо не мог. Аўсянік сеў побач з хворым і трымаў яго, абняўшы рукою, усю дарогу, я ж з фурманам сеў у перадку. Прыехаўшы на станцыю, мы сапраўды вельмі мала чакалі санітарны цягнік. Ён прыйшоў за якія паўгадзіны. Я і Аўсянік увялі зусім саслабелага Гаруна у цягніку і перадалі санітару. Тут, у цягніку, мы — Антон Аўсянік і я, апошні раз паціснулі руку Алесю Гаруну, жадаючы яму барзджэй ачуняць.

Колькі год пасля — памёр і Антон Аўсянік. I сёння хіба жывы на свеце адзін я, што апошні з беларусаў бачыў жывога Алеся Гаруна. У 1922 г. у часопісе “Беларускі Сцяг”, выдаваным у Коўне, з'явіліся ўспаміны аб Алесю Гаруну, падпісаныя крыптонімам А. А-к. Няма ніякага сумлеву, што аўтарам іх мог быць адно Антон Аўсянік, што разам са мною выпраўляў Алеся Гаруна ў апошняе ягонае падарожжа таго, гэтак памятнага і па сараку год, ліпеньскага дня на станцыі ў Ваўкавыску.

Падзеі тым часам не стаялі на месцы. Польская армія затрымалася адно пад самай Варшавай, дзе і разбіла нарэшце бальшавікоў. Прыйшло замірэнне. Польскае камандаванне вызначыла месцам дзеля рэарганізацыі і папаўнення БВК места Лодзь. Неяк увосень 1920 г. БВК атрымала ўрадавы ліст з вайсковага шпіталя ў Кракаве, у якім паведамлялася, што Аляксандр Прушынскі, сябра БВК, памёр ад дызентэрыі, і падавалася дакладная дата смерці ды месца паховінаў.

Вестка аб смерці Алеся Гаруна вельмі цяжка нас уразіла. БВК пастанавіла дэлегаваць некага з беларусаў у Кракаў, каб дакладна даведацца аб абставінах Гаруновае смерці ды знайсці ягоную магілу, зазначыўшы яе так, каб заўсёды можна было яе адшукаць. Гэткім дэлегатам ахвоча згадзілася паехаць у Кракаў Паўліна Мядзёлка, тады жонка вядомага беларускага дзеяча Тамаша Грыба, які ў тым часе, як эмігрант, жыў у Лодзі. За тыдні два яна вярнулася з Кракава і расказала нам, што ў Кракаўскім вайсковым шпіталі ёй далі ўсю патрэбную інфармацыю аб смерці Аляксандра Прушынскага ды паказалі ягоную магілу. Магіла гэтая знаходзіцца сярод магілаў польскіх жаўнераў, і на ёй стаіць просты дзервяны вайсковы крыжык з таблічкай, на якой напісаныя два словы: Аляксандр Прушынскі.

Гэткая доля нашых вялікіх людзёў, нашых вялікіх паэтаў і нацыянальных прарокаў. Косці Максіма Багдановіча тлеюць “над сіняй бухтай” у далёкім Крыме. Янка Купала знайшоў быў дамавіну ў Маскве. Алесь Гарун супачыў навечна ў чужым польскім Кракаве... Але прайдзе час, і ўсе яны знойдуць вечны супакой на роднай зямлі, у велічным пантэоне беларускіх нацыянальных герояў*.

 


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by