МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Мае успаміны аб Алесю Прушынскім // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Эссон А.
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Расія
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

А. ЭССОН

Мае ўспаміны аб Алесю Прушынскім

Упершыню доля спаставіла мяне, паўночнага каўказца, з беларусам Алесем Прушынскім у аднолькава далёкай нам абодвум Сібіры ў 1909 годзе ў перасыльнай частцы славутай Аляксандраўскай Цэнтралкі, недалёка ад г. Іркуцка.

У гэтую перасыльную Цэнтралку з усіх канцоў імперыі зганялі асобныя партыі палітычных ссыльных, засуджаных ваеннымі і іншымі судамі на вечнае пасяленне. Пад канец 1909 года нас набралася шмат сотняў: былі тут латышы ў цёплых арыштанцкіх куртках, падшытых самымі ссыльнымі, так што цёплага падшыцця не было відаць з-пад звычайных арыштанцкіх халатаў з адмысловага грубага сукна. Тут былі беларусы, палякі і яўрэі з заходніх і паўдзённых губерняў Расеі, колькі грэкаў, ладна расейцаў, грузіны, армяне, асеціны і расейцы з Каўказа; было нават двух кіргізаў. З усіх перасыльных найгорш былі апранутыя на зіму мінгрэльцы. Іх было чалавек 25. Ад самага пачатку, як толькі апынуліся ў паўдзённай частцы Расеі, каля г. Растова, мы, каўказцы, пачалі хварэць на тыфус. Мінгрэлыіы былі апранутыя ў лёгкія чэркескі з башлыкамі на галаве, а зіма была ў самым гарце. Тэмпература часта трымалася на 25—35 градусаў ніжэй за нуль тэрмометра Рэамюра; плюнь — і сліна застыгала ў паветры ледзяной куляй, перш чым даляцець да зямлі. Перасыльныя турмы звычайна былі перапоўненыя, і таму колькасць хворых была страшэнная; блізу ўсе мінгрэльцы перамерлі яшчэ перад Самарай.

Наша партыя каўказцаў прыбыла нарэшце ў Аляксандраўскую перасыльную турму, але ў куды меншай колькасці, як яна была ў Растове. Тут нас размясцілі па бараках сярод іншых, што прыйшлі раней. Не лішне будзе сказаць колькі словаў пра гэтую турму. Яна складалася з колькіх карпусоў і баракаў рознага памеру, прычым катаржнікі, што адбывалі свой тэрмін да выхаду на вольнае пасяленне, займалі большую частку іх, і турэмная арганізацыя базавалася, казаў той, на гэтай сталай частцы зняволеных. Будынкі ўсе былі драўляныя. У кожным бараку ўздоўж сценаў было па два рады юрцаў. Прамежак паміж юрцаў быў калідорам, сюды звозілася ежа і ўсё іншае. Па канцах барака, тут жа, каля самых юрцаў, стаяла колькі парашак. Усе баракі I двары былі абгароджаныя высокімі частаколамі з бярвення ў 25—30 футаў увышкі, з завойстранымі вярхамі. Па рагах гэтай высокай агарожы ўзвышаліся будкі варты і вузкія пляцоўкі, па якіх вартаўнікі хадзілі ўзад і ўперад з стрэльбамі на плячах. Турэмная варта была ўкамплектаваная маладымі здаровымі сытымі хлопцамі, усе былі як на падбор. Бальшыню іх легка было падкупіць. Так праз іх можна было за грошы дастаць не толькі белы хлеб, масла, малако і іншыя прадукты, але і такія рэчы, якія былі строга забароненыя турэмнай адміністрацыяй: нажы, чаравікі, акуляры, нелегальную пошту, і нават можна было наладзіць сувязь з мясцовай палітычнай нелегальнай арганізацыяй.

У бараку звычайна змяшчалася да 200 чалавек, даводзілася бадай увесь час быць у бараку, хадзіць паміж юрцаў, сядзець на юрцах і чытаць або гуляць у карт” ці ў шахматы. 3 дазволу начальства мы нават арганізавалі даволі добры хор.

Неўзабаве па тым, як мы прыехалі, маю ўвагу прыцягнулі да сябе два перасыльныя, што прыехалі раней за нас з заходніх губерняў Расеі, яны былі ў адным з. намі бараку. Адзін быў Кулага, эсэр, здаецца, чыгуначнік, з вялікай шаўковай светлай барадой, хоць яму было не больш як 25—26 год. Гэта быў тыповы напышлівы чыноўнік. Ён быў за старасту ў нашым бараку, г. зн. вёў усе патрэбныя перамовы з наглядчыкамі і іншым начальствам у пытаннях нашага барачнага жыцця. Другі, Алесь Прушынскі, таксама беларус з Заходняга краю, быў поўнай супрацьлежнасцю да Кулагі. Высокага росту, крыху суглобы і блізу заўсёды сур'ёзны, але не гмырны, Алесь быў узорам спакойнага і ўдумлівага чалавека. У гутарцы з кім-небудзь ён заўсёды быў без афектацыі і, відаць, таму ад першага ж знаёмства вельмі гарнуў да сябе кожнага. Не ведаю, можа, таму, што мы з ім былі зусім супрацьлежных характараў — я пахопісты, нервовы і гарачы каўказец, а ён — спакойны назіральнік усяго навакольнага, непрайманны беларус, а можа, проста ягонае спакойнае і сур'ёзнае аблічча спадабалася мне, але мы неўзабаве пасябравалі. Алесь быў дасканальны шахматыст, найлепшы з усіх нас, хто гуляў з ім. Гулялі часта. Звычайна ён, гуляючы на памяць, г. зн. без дошкі, быў адна партыя, а колькі нас — другая партия, ён расцягаўся на юрцах, накрываў твар хустачкай, і гульня пачыналася. Мы рэдка выгравалі, дармо што часта перагаворваліся — кансультаваліся. У шахматнай гульні мяне найбольш уражала тое, што Алесь ніколі не нерваваўся. Хіба толькі, калі ён часам забываўся палажэнне тае ці іншае фігуры пасля нашых даўніх нарадаў, можна было згледзець незадаваленне на ягоным твары. Ведама, што гульня ў шахматы адна з самых нервуючых, газардавых; ніколі мы не бачылі, каб у Алеся дрыжэлі рукі, як у нас, ці каб ён хваляваўся.

Я не памятаю, каб я калі бачыў Алеся ў гневе ці ў злосці, за выняткам аднаго выпадку. Тым разам на ягоным, звычайна непрайманным і спакойным, твары было абурэнне. Гэта было аднойчы ў часе маёй спрэчкі з паляком-нацыяналістам. Калі не мылюся, гэта быў граф Чапскі, таксама ссыльны. Чапскі даводзіў канечнасць адлучэння польскай нацыяналістычнай партыі ад расейскіх рэвалюцыйных партыяў на той аснове, што расейцы нагэтулькі менш культурныя за палякоў, што не могуць мець аднае або аднолькавае з палякамі праграмы рэвалюцыйнага змагання. На мой бок неўзабаве стаў Алесь. ён, відаць, бачыў, што я не знаю ні палякоў, ні іхняе культуры і што таму бяру довады Чапскага за грунтоўныя; ён так даў майму апаненту, што ўсе навакол паднялі на смех небараку Чапскага.

Алесь не быў марксісты і наагул не выказваўся за ніводную лінію, што тады панавалі,— ні за народніцкую, ні за марксісцкую. Ад Алеся я ўпершыню даведаўся, што ёсць апрычоная беларуская мова, а не дыялект расейскай мовы. Ён пісаў вершы па-беларуску. Слухаючы яго ўважліва, я не мог нават ухапіць сэнсу, што ён чытаў. Для мяне гэта быў набор нейкіх незразумелых правінцыялізмаў. Агулам беручы, тое, што я чуў, рознілася ад расейскае гаворкі павольнаю плаўнасцю і мякчынёй зычных. Там, дзе расейская гаворка рэжа, як сякерай, або “ыкае”, беларуская выдавалася мне расцягванай нароспеў. Гэта толькі мае ўражанне без крытычнага аналізу, без ведання мовы.

Мы прабылі ў Аляксандраўскай перасыльнай нядоўга. На пачатку вясны нашая партыя ссыльных, якіх размеркавалі на Поўнач у розныя месцы Іркуцкай губерні і Якуцкай вобласці, рушылі ў дарогу. Для мяне абставіны склаліся так, што я не мог нават зберці свае манаткі: за тры дні да нашага адыходу я спяваў з хорам у бараку і быццам за “парушэнне цішыні” ды за “фізічнае ўздзеянне” на аднаго з наглядачоў быў пасаджаны ў цёмны карцэр. Пасля бесперапыннага агульнага пратэсту ўсяе перасыльнае турмы і толькі пасля таго, як прыбыў памочнік пракурора, выкліканы з горада, мяне выпусцілі перад самым выхадам партыі. Дык я і не паспеў развітацца з нікім з тых, хто быў вызначаны на жыццё ў іншыя месцы, у тым ліку і з Алесем*.

A. A-K.

Алесь Гарун

(Аляксандр Прушынскі)

Гэта было ў 1918 годзе — у старым Менску. У скромнай зале, за немаляванымі простымі сталамі, сабраліся прадстаўнікі беларускага народа. Адбывалася сесія Рады Рэспублікі. Маладыя абліччы, гарачыя рэвалюцыйныя прамовы. Шмат тэмпераменту, шмат прыгожых рэзалюцый, але як мала натужнай працы, як мала патрыятызму! Словы і словы... Рэвалюцыя, паглыбленне рэвалюцыі, змаганне з нямецкім імперыялізмам...

I не дзіўна: мядовыя месяцы вялікае ўздойміцы яшчэ не былі перажытымі і цяжка было памірыцца з горкай праўдай, балюча было бачыць нямецкага шуцмана.

Старшыня Рады Рэспублікі абвясціў, што слова належыць раднаму Прушынскаму. Паднялася крыху згорбленая, апранутая ў сялянскую жакетку, павольная статура. Бледнае аблічча, цёмныя засмучаныя вочы, спакойны, роўны, але цвёрды голас. Пачаў гаварыць просты сталяр, быўшы “катаржнік”, якога лепшыя гады жыцця прайшлі ў халоднае і дзікае Сібіры. Па волі расійскага цара — за лепшыя ідэалы, за абарону правоў вякамі няволенага беларускага селяніна дзевяць гадоў катаргі, дзевяць гадоў голаду і маральных здзекаў... Толькі мужыцкі сын, гарачы патрыёт мог знайсці ў сабе сілы і веру, каб перажыць увесь цяжар катаргі. Гэтая вера і гарачая любоў да свайго роднага выліліся ў яркіх “думках”-песнях, у прыгожых і ўталентаваных вершах.

“Паны радныя,— гаварыў А. Прушынскі.—Я чуў тутака гарачыя і прыгожыя прамовы. Шмат гаварылася тутака аб рэвалюцыі, аб заслугах блізкага нам расійскага пралетарыяту, аб патрэбе паглыбляць рэвалюцыю. Я шаную рэвалюцыю, я аддаю ёй сваю пахвалу. Я сам рэвалюцыянер, але аб адным забыліся вы: рэвалюцыі ў нас на Беларусі няма. Яе задушылі Гофман і Троцкі ў Бярэсці, падзяліўшы нашу Бацькаўшчыну, разарваўшы яе на часці. Вы гаворыце аб паглыбленні рэвалюцыі ў той час, калі нямецкі шуцман можа прыйсці сюды і разагнаць гэты Высокі Сход. Іншыя з вас раюць нават змагацца з нямецкімі акупантамі аружнай сілай, весці наш народ на барацьбу з узброеным немцам кулямётамі і гарматамі. А ці падумалі тыя, якія раюць гэта рабіць і сваімі харошымі прамовамі і другіх да гэтага шалёнага ўчынку падбухторваць, што магло б стацца, каб сапраўды наш селянін з голымі рукамі пайшоў біцца з немцам? Ці падумалі аб тым, што мітынговыя прамовы пара скончыць, што трэба цяперака займацца не прамовамі, а трэба, па маёй думцы, разважыць аб тым, як пачаць і з чаго распачаць нашае дзяржаўнае будаўніцтва. Трэба падумаць аб тым, як уцекачоў нашых пераправіць на Бацькаўшчыну, чым накарміць іх,— як школы адкрыць, як абараніць нашага селяніна ад рэквізіцыяў, як завесці суды і шмат, шмат яшчэ чаго.

Паны радныя, памятайце, што мы — прадстаўнікі народа, мы яго голас. Прыпомніце, што народ нас выбраў для працы, і працы цяжкой, а не для гульняў і прыемных гутарак і супярэчак. Наш селянін мала гаворыць, а шмат робіць. Вас — прадстаўнікоў народнае волі — я заклікаю да працы”.

Вось прамова, якую я запісаў у сваім часе і якая даволі характарызуе нябожчыка Аляксандра Прушынскага.

1919 год. Нямецкую акупацыю змяніла бальшавіцка-маскоўская. Урадавыя беларускія ўстановы выехалі. Рада Рэспублікі сваю чыннасць спыніла. Сябры Рады Рэспублікі абвешчаны былі бальшавіцкай уладай “вне закона”. Прушынскі застаўся ў Менску. “Нікуды не паеду,— казаў ён.— На Бацькаўшчыне шмат працы. Смерці ж я не баюся, дый і не расстраляюць мяне — пасаромяцца: усё ж такі я — стары рэвалюцыянер”.

I застаўся працаваць, працаваў цяжка. Працаваў у дзіцячых прытулках, недаядаў часта, недасыпаў, хварэць пачаў. Меў шмат клопатаў і непрыемнасцяў ад бальшавіцкіх камісараў, але заставаўся, як заўсёды, спакойным і гумару не траціў. Па вечарах дапозна сядзеў і пісаў свае думы-вершы. Дзяліўся са сваёй матуляй-старушкай сваімі радасцямі і смуткамі.

Пад канец панавання бальшавікоў у Менску распачаўся нялюдскі тэрор. Кожны дзень расстрэльваліся сотні людзей. Чэка агарнула якоесьці шалёнства. Стала цяжка дыхаць. Алесь пачаў нервавацца, пачаў пратэставаць, і пратэставаць адкрыта, не хаваючыся і не палохаючыся за ўласнае жыццё. З велізарным трудом, проста сілком, удалося прыяцелям Гаруна ўгаварыць яго выехаць на нейкі час з Менска. I гэта было зроблена ў пару, бо чэка ўжо яго шукала...

Бальшавіцкая акупацыя змянілася польскай. Заварушыліся беларусы, забегалі. Шмат працы, шмат працы! Трэба ствараць усё спачатку, нанова. Няма газеты, няма грошай. Школы сталі — дзеці ў прытулках галадаюць.

Маніфест Пілсудскага акрыліў надзеямі, паддаў энергіі і веры.

“Як роўны з роўным, як вольны з вольным... Ідзём вызваляць вас з-пад чужацкага ярма, каб Вы самі пастанавілі аб сваёй дзяржаўнай прыналежнасці...”

Прыгожыя словы, падсалоджаныя. Шмат хто паверыў ім — у тым ліку быў і Гарун. Я памятаю яго сільную зместам прамову да Пілсудскага, калі апошні быў у Менску. Гарун гаварыў і верыў, што сапраўды прыйшлі палякі, каб вызваліць Беларусь ад чужынцаў з усходу, каб сапраўды даць нашаму народу распачаць будаўніцтва свайго гаспадарства. I доўга трымалася ў ім гэта вера. Шчыра пачаў працаваць у кірунку збліжэння двух блізкіх народаў — паляка, ужо аслабаніўшагася, і беларуса, яшчэ прыгнечанага.

1920 год. Польская акупацыйная пята пачала крэпка душыць беларушчыну. Аб прыгожых словах маніфеста Пілсудскага ўжо забыліся. Былі “ўсходнія крэсы” з жандармерыяй, з галіцыйскімі чыноўнікамі і польскім шалёным шавінізмам.

Пачаліся фармацыі беларускага войска. Гэтай справай верхаводзіла вайсковая камісія. На чале яе стаяў Прушынскі. I тут ён верыў, што палякі пойдуць на сустрач беларускаму грамадзянству — дадуць стварыць сваю збройную сілу. Алесь і тутака працуе, аддаючы гэтай справе свае, ужо надарваныя хваробай, сілы. Пры надзвычайных варунках вялася гэтая праца. Халодныя і галодныя афіцэры першага беларускага войска, лепшая беларуская інтэлігенцыя, напружалі сілы, каб стварыць свае войска, каб убачыць на родных вуліцах сталіцы беларускіх жаўнераў і пачуць беларускую жаўнерскую песню. Напружаліся, працавалі — але ўжо болей не верылі падсалоджаным словам польскага пана...

Перастаў ім верыць і Гарун. Не верыў і расчараваўся ў самой магчымасці штосьці зрабіць пад польскай пятой. Шалёная хвароба прыкавала бедака да ложка. Туберкулёз лёгкіх рабіў сваю работу. Алесь чах і відавочна слабеў. Але і тут знайшоў у сабе сілы не пакідаць каханай справы.

Ён пачаў пісаць свае знамянітыя “Дзіцячыя казкі”. Кажу — знамянітыя, бо толькі чутная і крышталёвая душа Гаруна змагла даць такія прыгожыя, так глыбока разумеўшыя дзіцячую душу — казкі.

Пад навалай бальшавікоў польскае войска ўздрыгнулася, пачало паддавацца. Гарэлі вёскі і мястэчкі. Гэта палякі “каралі” беларускіх сялян. Пачаліся расстрэлы, пачаўся здзек. Агнём, крывёй і слязьмі беларускага селяніна генерал Шаптыцкі хацеў стрымаць наступление бальшавікоў...

Хворы, ледзь жывы, амаль што не з апошнім цягніком, выехаў Гарун з Менска.

“Куды едзеш і па што едзеш?”— пытаюся. “Еду,— адказвае,— бо цяперака, калі б застаўся, дык не мінуў бы бальшавіцкае кулі. А жыць я яшчэ хачу, дужа хачу”.

I едзем. Едзем у таварным вагоне, на быдлячым гнаі. Шмат нас сабралася, усе мы пахмурыя, маўклівыя. I кожны з нас мае на думцы, напэўна, адно і тое: “Вось чым адплацілі палякі нашаму народу за наш давер — пажарам Беларусі! А нас, прадстаўнікоў яго, вязуць у гнаёўцы”.

З цяжкімі і сумнымі думкамі даехалі да Ваўкавыска. Гарун зусім аслабеў. 3 болем у сэрцы прыйшлося палажыць яго ў паходны вайсковы шпіталь, які давёз у Кракаў.

У Кракаве, на чужыне, без ніводнага блізкага чалавека, знайшоў сабе Гарун вечны адпачынак...

Кажуць, што на вайсковых могілках можна знайсці магілку, на якой стаіць маленькі драўляны крыжык з ледзь-ледзь прыкметным надпісам:

Тутака пахаваны Аляксандр Прушынскі...*


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by