МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Алесь Гарун // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Шыла Мікола
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

МІКОЛА ШЫЛА

Алесь Гарун

Прыкра, жудасна і несамавіта адчувае сябе чалавек, папаўшы першы раз у астрог. Фізіяноміі дазорцаў суровыя, здаецца, што бязлітасныя. Кепска было і ў мяне на сэрцы. Прывялі, у канторы распранулі, абыскалі, забралі сякія-такія рэчы, запісалі і павялі. Адчынілі дзверы, буркнулі: “На палітычны карыдор” і выпхнулі на вялікі, вымашчаны каменем двор, пасярэдзіне якога стаяў чатырохпавярховы будынак з вежамі па кутох і з закратанымі вокнамі. Стаю і, як затраўлены звер, аглядаюся, не ведаючы, што з сабою рабіць. Раптам чую жаночы голас: “Таварыш, вы адкуль?” Аглядаюся — з акна, з другога паверха, махаюць рукой. Падышоў, разгаварыліся. Палітычныя жанчыны. Запрапанавалі на ручнікох, прывязаных да кратаў, забрацца да іх на акно на ранішні пачастунак. Адмовіўся і папрасіў, каб накіравалі мяне да сваіх. Растлумачылі і сказалі, што на трэцім паверсе мяне спаткае палітычны стараста, якому аб гэтым зараз перададуць.

Пайшоў у дзверы. Падняўся па сходах на трэці па-верх. Там мяне ў вялікіх крацяністых варотах і спаткаў стараста Кірыл. А з ім паўсотні палітычных вязняў, сярод якіх быў і той, аб якім я і хачу напісаць. Прывялі мяне ў чатырнаццатую камеру і даручылі высокаму, маладому, як і я, бязвусаму хлапцу, старасце восьмае камеры — Алесю Прушынскаму.

Павёў ён мяне ў камеру № 8. Па дарозе мяне абміналі, і я абмінаў дзесяткі вязняў, сярод якіх былі і з кандаламі на нагах. Звон кандалоў на, мяне зрабіў непрыемнае ўражанне. Прушынскі па маёй міне адчуў гэта і спакойна заўважыў, што не адзін із нас будзе насіць гэтыя бранзалеты. У камеры мяне абступілі з пытаннямі: адкуль і якой партыі. Даведаўшыся, што я належу да Беларускай Сацыялістычнай Грамады, сказалі, што тут ёсць мае аднапартыйцы — Букавецкі (Алесь Бурбіс) і Караткевіч. Адвялі мне месца на, нарах, прынеслі сяннік і саламяную падушку. Пачалося мае новае жыццё, пачаў я прыглядацца да маіх сутаварышоў, да суадносінаў. Першыя веды турэмнага жыцця атрымаў я ад Прушынскага, які не пакідаў мяне, не даваў маркоціцца па волі, па блізкіх. Яго светлы, адкрыты твар з сінімі васільковымі вачыма свяціўся нейкай унутранай цеплынёй, дабратой, ласкавасцю. Часта ўначы, лежачы на нарах, перадаваў ён мне гісторыю свайго жыцця. Паходзіў ён з Менска. Бацька ягоны быў у Менску дворнікам. Шмат пазней я жыў з ім у адным доме. Вучыўся спачатку ў народнай школе, а потьш у рамесніцкай школе па аддзелу сталяркі, якую I скончыў на выдатна і атрымаў працу. Будучы яшчэ ў школе, прымаў удзел у рэвалюцыйнай працы сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістых. За арганізацыю падпольнай друкарні ён і папаў у астрог. Пісаць па-беларуску ён тады не пісаў, хаця адчуваў сябе беларусам. Кожны беларускі верш, які прыходзілася яму чытаць ці чуць ад А. Бурбіса, ён завучваў на памяць. Ледзь не кожны дзень ён дэкламаваў гэтыя вершы. Дэкламаваў ён вершы і Мацея Бурачка. “Дудку беларускую” ён знаў усю на памяць. На мае пытанне, адкуль ён ведае гэтыя вершы, была адповедзь, што ў школе ён ад вучняў дастаў кніжку, выдадзеную гадоў 10 назад таму ў Кракаве, якую перапісаў і завучыў. Памяць ён меў фенаменальную. Даволі было прачытаць яму верш два-тры разы, каб ён яго ўжо дэкламаваў, нідзе не збіваючыся. Па натуры ціхі, крыху саромлівы, спакойны, ён ніколі не высоўваўся наперад, але затое калі была ў турме сярод палітычных “валынка” (забурэнні, непаразуменні з начальствам), ён быў першым. Страху ён не знаў, быў перапоўнены адвагаю і станоўкасцю. Мяккі па характары, чулы, спагадлівы на кожную бяду, на кожнае няшчасце свайго блізкага, ён быў непакорны, няўмольны да сваіх палітычных ворагаў. Памятаю, чыталі камерай апавяданне, здаецца, Купрына, дзе рэвалюцыянер забіў у Адэсе граданачальніка. Ягоная жонка з'явілася да док”гара, каб той паспяшыў з дапамогай ейнаму мужу. Доктар адмовіўся ісці ратаваць жыццё ката рэвалюцыянераў і народа. Але настойлівасць кабеты, ейныя довады, што яе муж цяпер звычайны чалавек, які стаіць перад Богам і Божым Судом, падзеялі на доктара, і ён згадзіўся паехаць. Разбіралася тэма: ці добра зрабіў доктар, што паехаў, ці блага. Большасць выказалася за тое, што нават ворагу ў такой бядзе трэба памагчы. Тады з палкай прамовай, падмацаванай фактамі з жыцця менскае турмы, выступіў Алесь Прушынскі з наганаю, што доктар зрабіў блага, што паехаў ратаваць жыццё ката, жыццё прыгнятальніка народа.

“Чаму яны не мелі літасці,— гаварыў ён,— да Караткевіча (і шмат, шмат іншых), якога павесілі, абрэзаўшы вяроўку, на якой ён вісеў, укінулі ў воз і павезлі хаваць. А калі прывезлі на родную зямельку, ён раптам ачуняў. Ці яны яго пашкадавалі? Не! Прывезлі назад і зноў павесілі. Вось вам літасць, вось вам іх чалавечнасць і гуманнасць, аб якіх вы тут так многа гаварылі. На іх гвалты, на іх здзекі мы павінны адказаць няўмольным тэрорам, каб яны пабачылі нашу сілу, моц і цвёрдасць, каб пачулі перад намі страх, каб іх ад нашага аднаго слова кідала ў дрыжыкі”.

Доўгія восеньскія вечары праводзілі мы на яго нарах. Расказваў ён мне аб сваім жыцці на вёсцы, а потым у месце, аб сваіх бацьках, асабліва аб маці, якую ён любіў неяк асабліва. Ён, як малое дзіця, называў яе ласкальнымі, пяшчотнымі словамі, ён думаў аб ёй, прыгадваў, што яна ў гэты момант робіць, дзе яе думкі. Недарма і зборнік сваіх вершаў ён назваў “Матчын дар”. Яго гаротнае жыццё, яго пакуты, яго перажыванні, як мне думаецца, змусілі яго падпісаць свае першыя вершы, а потым і зборнік псеўданімам Алесь Гарун.

Радасці ў сваім жыцці ён бачыў мала. З малых гадоў памагаў бацькам, то падмятаць вуліцу, то маці мыць бялізну і разносіць яе на кватэры давальнікаў. “Ты не паверыш мне,— казаў ён мне,— як цяжка было мне слухаць абразлівыя заўвагі, што бялізна кепска вымытая. Здаецца, плюнуў бы ім у твар, але я плакаў і цярпеў, несучы ў сэрцы пагарду да іх і помету. Хацелася крывёю напісаць кнігу аб жыцці такіх, як я, пусціць на суд людзей, падняць іх да змагання за лепшае жыццё. Гэта і змусіла мяне ўступіць у партыю, арганізаваць падпольную друкарню, але не давялося кончыць”.

У 1908 годзе Віленская судовая палата засудзіла яго на ссылку ў Сібір. Праз два месяцы яго з партыяй катаржнікаў і адправілі ў Сібір.

Жменька маіх успамінаў няхай будзе вянком на магілу выдатнага сына беларускага народа Алеся Гаруна*.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by