МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Пяць месяцаў у Менску // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Верас Зоська, Войцікава Людвіка
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Беларусь, Літва
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

ЛЮДВІКА ВОЙЦІКАВА

Пяць месяцаў ў Менску

(З жыцця Максіма Багдановіча)

“У хуткім часе ў Менск прыедзе Максім Багдановіч”,— пачулі мы голас А. Смоліча, які ўвайшоў у сталоўку “Беларускай хаткі”, трымаючы ў руках ліст. Усе прысутныя заварушыліся, пасыпаліся пытанні: “Калі? Надоўга? Што ён піша?”

“М. Багдановіч піша, што хоча пажыць у Менску, у сваім родным горадзе, дыхнуць паветрам Бацькаўшчыны, пачуць жывую беларускую мову. Просіць паклапаціцца аб працы для яго, а калі канкрэтна прыедзе — яшчэ напіша або папярэдзіць тэлеграмай”. Нас ахапіла і радасць, і трывога. Радасць, што пазнаем нашага дарагога паэта, і трывога за яго здароўе, яго жыццё. Як доўга ён паміж намі пабудзе?

Было гэта ў палове верасня 1916 г. У “Беларускай хатцы” на Захараўскай вул., № 18 у сталоўцы “Таварыства дапамогі ахвярам вайны” кожны вечар збіраліся як сябры і працаўнікі Камітэта таварыства, так і іншыя беларусы. Збіраліся, каб супольда скарыстаць вольны вечар, падзяліцца думкамі, уражаннямі перажытага дня.

Цяпер вестка аб прыездзе М. Багдановіча дала новую тэму да гутарак і адначасна новыя абавязкі. Трэба было падумаць загадзя, дзе ён будзе жыць. Перабіраючы розныя магчымасці, затрымаліся на тым, што найлепш будзе наняць пакой у 3. Бядулі. 3. Бядуля з сёстрамі Роняй і Чэрняй жыў на маленькай ціхай вуліцы — Мала Геаргіеўскай у доме Рэдзькі. Дамок стаяў у глыбіні панадворка, за домам быў садок.

Ціха, спакойна, добрае паветра. Кватэра мела тры пакоі: у двух жыў Бядуля з сёстрамі, а трэці, вялйо, светлы, з асобным уваходам, стаяў пусты. З Бядуляй хутка дагаварыліся. Ён рады быў мець пад сваёй страхой такога госця...

Нарэшце ў канцы верасня М. Багдановіч прыехаў. Спаткаў яго А. Смоліч і прывёў у “Беларускую хатку”, дзе мы цэлай грамадой чакалі іх з нецярплівасцю.

Сардэчны, скромны, просты М. Багдановіч адразу заваяваў агульную сімпатыю. Ужо ў канцы вечара здавалася, што ён даўно паміж намі, што ўсім блізкі і дарагі. Тым больш трывожылі нас яго бледнасць і бліскучыя гарачкай вочы. Кашляў зусім мала. Пасля гарбаты сядзелі нядоўга. Трэба было змучанаму дарогай адпачыць. На прыгатаваную кватэру адвялі Багдановіча Смоліч, Фальскі і Галубок.

Дагаварыліся, што Багдановіч будзе сталавацца ў “Беларускай хатцы”, дзе будзе мець не толькі абеды, але і снеданні і вячэры. Мая маці ў той час была загадчыцай сталоўкі, і мы жылі там жа, на месцы. Так што я з Багдановічам бачылася па 3 разы на дзень, а вечары, як заўсёды, праводзілі разам з цэлай нашай грамадкай. Галубок, Фальскі, Смоліч, Багдановіч, часта Ядвігін, я...* Праз пару дзён выявілася, што Багдановіч вельмі мала дбае аб свае здароўе. Найчасцей забываўся прыняць лякарствы, не прыносіў іх з сабой. Як кожны такі хворы, не любіў, каб яму прыпаміналі аб лякарствах, а тым самым аб хваробе. Тады ўмяшалася мая маці. Угаварыла Багдановіча, каб аддаў ёй у рукі ўсе лякарствы, і сама іх яму давала ў адпаведны час. Новыя дозы хто-небудзь з нас прыносіў з аптэкі, так што ён не патрабаваў аб сваім лячэнні думаць і клапаціцца. Адразу ў першы вечар здзівіла нас просьба Багдановіча не класці яму ў гарбату цукру... На пытанне, ці не любіць салодкага, адказаў: “Не ў тым справа... але з цукрам не п'ю”. Дарма стараліся пераканаць, што гэта не здорава, што цукар яму неабходны... Не і не. Раз нехта, не помню ўжо хто, цішком перамяняў шклянку і гарбата аказалася салодкай. Як жа ён разгневаўся, разнерваваўся. Ледзь удалося супакоіць і прыйшлося перапрасіць. Праз пару дзён пасля гэтага, калі мы снедалі ўдваіх, я запыталася: “Скажыце шчыра, чаму так упіраецеся пры сваёй пастанове, нашто вы сабе шкодзіце?”

“Бачыце, кажа, я вельмі перажываю тое, што я бяссільны памагчы тым, хто цяпер пад час вайны церпіць голад, асабліва шкадую дзяцей... Калі я сабе адмаўляю таго, што люблю (бо, прызнацца, люблю салодкую гарбату), мне здаецца, што я раблю нейкую ахвяру, і гэта хоць крыху пацяшае...”— “Выбачайце, кажу, але фактычна ваша ахвяра нічога дзецям не дае”.— “А гэта пабачым...” — неяк загадкава адказаў. I сапраўды праз нейкіх тры месяцы пабачылі. Багдановіч працаваў у магістраце ў аддзеле харчавання. Там працаўнікам, апрача платы, выдавалі паёк, пераважна цукар. I вось у адзін дзень раніцай, выходзячы на працу, М. Багдановіч просіць маю матку, каб дала яму чыстую пошаўку. Увечары, калі ўсе сабраліся і дзівіліся, чаму няма Багдановіча, ён прыйшоў позна і прынёс на плячах больш як паўпуда цукру. Аддаў яго мне (я была сакратаркай “Камітэта дапамогі ахвярам вайны”) і кажа: “Гэта для дзяцей уцекачоў”. Усе былі ўзрушаныя. Толькі зрабілі вымаўку, што не сказаў каму-небудзь, каб памагчы прынесці, і сам цягнуў і мучыўся.

Неяк у канцы кастрычніка прыехала да мяне з фронту медсястра беларуска, мая сяброўка з Гродзенскага гуртка беларускай моладзі Марыся Бобрык. Прыехала на адзін дзень і ўвечары позна выязджала. Я сабралася яе праводзіць. Мы з ёю ўжо выходзілі, як падышоў да мяне Багдановіч і пытаецца: “Можна мне з вамі?” — “Разумеецца, калі ласка...” Вуліцы былі пустыя, нідзе нікога. Не ведаю чаму, мы ішлі не па тратуары, а пасярод вуліцы. Мы з сяброўкай успаміналі Горадню, нашае там жыццё, працу ў гуртку. Багдановіч з зацікаўленнем слухаў, заўважыўшы, што жыў у Горадні, як быў маленькі, і што там пахаваная яго маці. Варочаліся зноў па сярэдзіне вуліцы памаленьку, не спяшаючы. I тады ён пачаў гаварыць аб сабе...

“Я ўжо пагадзіўся са сваёй хваробай і з тым, што жыць асталося не шмат, але мне цяжка, што не магу мець сям'і. Я так люблю дзяцей. Ведаеце, як я пачаў пісаць і друкаваць вершы — на жаль, не на сваёй мове, а па-расейску, бо я гадаваўся ў расейскім асяроддзі, як не горка да гэтага прызнацца — я напісау калыханку і аддаў яе ў друк, падпісзўшы псеўданімам. Усе, хто чытаў, думалі, што гэтую калыханку напісала жанчына і што жцнчына — маці! У гэты твор я ўлажыў усё свае жыццё...”

Пасля наша гутарка перайшла на Менск і ўражанні ад усяго пазначанага і пабачанага. М. Багдановіч, паводле яго слоў, чуўся паміж намі добра, як у сям'і. “Маю толькі адно прыкрае перажыванне, якое адбірае мне спакой. Можа, вы чулі, што я ўжо даўжэйшы час перапісваўся з мінчанкай N. Завязалася лістоўная прыязнь, шчырасць. Вось прыехаўшы і пазнаёміўшыся з N. асабіста, уся прыязнь развеялася... Не магу ей адказаць тым самым — не магу... і гэта так мучыць! Раблю чалавеку прыкрасць. Ці ж гэта можа не балець?” Як я пераканалася ў далейшым, чутнасць М. Багдановіча на нечую крыўду была выключнай. Жыццё праходзіла. “Камітэт дапамогі ахвярам вайны” вёў барацьбу з беспрацоўем. Асабліва балюча было мне, што г. зв. Таццянінскі камітэт адмовіў нам далейшай субсыдыі на ўтрыманне дзіцячага прытулку і запрапанаваў забраць нашых дзяцей пад сваю беспасрэдную апеку. Мы прымушаныя былі згадзіцца. Але паставілі варунак, што нашыя дзеці будуць вучыцца асобна па-беларуску і вучыць іх будуць нашыя вучыцелькі: дачка Ядвігіна Ванда Лявіцкая і яе памочніца Ядзя Раткевіч, якія і дагэтуль апекаваліся дзецьмі.

Нашыя дзеці на лета былі вывезеныя на вёску, і трэба было іх адтуль перавезці ў Ратамку і аддаць у прытулак Таццянінскага камітэта. Прыйшлося мне ехаць памагчы перавозіць дзяцей. Дні ўжо былі кароткія, холад, а ехаць трэба фурманкай кіламетраў 30. Падарожжа не вельмі мілае. Сядзелі мы ў сталоўцы ў поўным зборы і гаварылі аб гэтым. Была пятніца, ехаць мела я ў суботу. Раптам М. Багдановіч кажа: “I я паеду”. Мы ўсе ахнулі! “Што вы кажаце! У такі холад 30 кіламетраў фурманкай! I не думайце!” Зазлаваў на нас Максім. “Што я, маленькі? Волі сваёй не маю? Сказаў паеду і — паеду”. Ізноў пасыпаліся пратэсты. Адзін Галубок маўчаў і думаў нешта сваё. Калі ўжо даходзіла да праўдзівай сваркі, Галубок кажа: “Ціха, ша! Успакойцеся! Я пайду і хутка вярнуся, тады пабачым!..” Не было яго з гадзіну. Нарэшце крокі па сходах, адчыняюцца дзверы, уваходзіць Галубок з аграмадным кажухом, якія насілі вартаўнікі ў дэпо.

— Маеце, дзядзька Максім, паедзеце.

Усе абступілі Галубка, дзякуючы за такое ўладжанне справы.

На другі дзень паехалі. Было ўжо цёмна. Выехалі за горад на тракт. Грукат сціх. Пачалі мы гутарку. Закранулі розныя тэмы. Дайшлі да паэзіі, да яе форм, да тэорыі паэзіі... I раптам нашую ўвагу звярнула нейкая незвычайная чырвань на небе. Пад'ехалі далей на ўзгорак, глядзім — пажар... гарыць вёска! Далека ад нас, але і так было відаць слупы агню, якія падымаліся аж да хмараў. Які жудасны вобраз! “А сколькі там гора людскога, сколькі слёз”,— кажа Багдановіч. Мы змоўклі надоўга.

Прытулкі Таццянінскага камітэта ў Ратамцы мела візітаваць сястра Льва Талстога. Дзеля гэтага ладзілі спектакль-вечарыну. Нашая школа мела выступіць са сваёй асобнай праграмай ды ў беларускіх нацыянальных вопратках. Паставілі сцэнічны абразок “Пастушка”; дэкламацыі, хор. З Менска сабраліся паехаць і мы. М. Багдановіч, А. Смоліч, сёстры Бядулі (каб падтрымаць хор, яны абедзве прыгожа пяялі) і я. Дагэтуль стаіць мне ў вачах Багдановіч: у белай вышыванай кашулі, падпяразаны прыгожым паяском, вясёлы. Умяшаўся ў хор... Здавалася, і ён запяе...

Скончылася ўсё позна, цягніка ўжо не было, і прыйшлося праседзець ноч, бо спаць не было дзе. Школа беларускіх дзяцей змяшчалася ў летнім драўляным дамку — “дачы”. Вучыцелькі мелі маленечкі пакойчык з жалезнай печкай, а клас не апаліваўся. Мы, дзяўчаты, сабраліся ў маленькім пакоі, а Багдановіч (Смоліч выехаў увечары, не чакаючы канца) пастанавіў сядзець у халодным класе. Як мы ні прасілі, нічога не памагала. “Там і так цесна”,— кажа. На працягу ночы я разы тры хадзіла намаўляць яго, каб не рызыкаваў, адумаўся... “Мы не збіраемся спаць, сядзім, гаворым, ідзём”. “Не,— кажа Максім,— я рызыкую сваім здароўем, але не буду рызыкаваць вашым, мая хвароба заразлівая. Вы ж гэта ведаеце”.

Прыйшла зіма. Снег, марозы. Калі пасля марозу прыходзіла адліга, чырвоныя цэглы новага касцёла пакрываліся серабрыстай шэранню, і гэта было цудоўна, як у казцы. На работу мы з Багдановічам выходзілі разам і адразу пераходзілі на другі бок вуліцы, каб ісці каля касцёла (ён стаяў амаль проціў “Бел. хаткі” крыху наскос) і нацешыцца яго цудоўным выглядам. Багдановіча проста адарваць не можна было, да таго быў захоплены. А стаяць на марозе або вільгаці для яго было забойствам, сказаць, што гэта яму пашкодзіць, не можна было, вось і прыходзілася нешта прыдумваць, або спяшацца на работу, або казаць, што мне зімна.

Надыходзіў Новы год. Пастанавілі спатыкаць яго ў “Бел. хатцы” ўсёй нашай грамадой. Усё наладзіць і выслаць усім запросіны даручылі Багдановічу, Смолічу і мне. Сабраліся, хто толькі з нашых быў у той час у Менску. На спатканні былі: М. Багдановіч, Ядвігін Ш., Альберт Паўловіч з дачкой Уладзяй і зяцем Я. Фарботкай, кс. Гадлеўскі, Ф. Шантыр (прыехаў з Бабруйска), Усев. Фальскі, У. Галубок, А. Смоліч, адв. Чаўсоў, Ванда Лявіцкая, Р. Земковіч, А. Уласаў, Я. Крыўка, мая маці Э. Сівіцкая і я. Настрой быў мілы, і ўсе былі рады з гэтай імпрэзы.

Далей усё ішло па-ранейшаму, толькі, на жаль, Багдановіч чуўся слабейшым. Калі ў сталоўцы ўсё заціхла, усе парасходзіліся, ён аставаўся і дапозна сядзеў у канцылярыі камітэта. Гэта быў невялікі пакой з балконам, які знаходзіўся паміж сталовым пакоем і тым, дзе мы жылі з маёй маткай. Там стаяў стол, некалькі крэслаў і глыбокі мяккі фатэль. У гэтым фатэлі сядзеў Багдановіч доўгія гадзіны папоцемку. Я не раз прапанавала лампу, пыталася, можа, што пачытаць, але не хацеў нічога. “Мне тут так добра”,— казаў.

Прадчуваўся ўжо блізкі канец вайны і змены, якія могуць наступіць у жьіцці народаў. Мы часта гаварылі аб тым, што, можа, хутка дачакаемся сваіх беларускіх школаў, а падручнікаў да навукі няма. Лемянтары сякія-такія былі, а вось чытанкі пасля лемянтароў няма. Смоліч запрапанаваў узяцца за апрацоўку такой чытанкі-хрэстаматыі. Складаць яе мы мелі ўтраіх: М. Багдановіч, А. Смоліч і я. Насамперад распрацавалі план. Мела кніжка дзяліцца на чатыры часці: 1-я — Вясна; 2-я — Лета, 3-я — Восень, 4-я — Зіма... Трэба было падбіраць матэрыялы, і працу падзялілі мы паміж сабой так: М. Багдановіч меў заняцца паэзіяй: падбіраць адпаведныя вершы з беларускай літараігуры, рабіць пераклады і, разумеецца, пісаць вершы самому. А. Смоліч браў на сябе тэмы геаграфічныя, гістарычныя і пераклады з расейскай мовы, а я — тэмы прыродазнаўчыя і пераклады з польскай мовы,

ІІІмат вечароў прасядзелі мы ў сталоўцы ў познія гадзіны, калі ўжо нашы штодзённыя вячэрнія госці парасходзіліся. Кожны з нас ужо пакрысе напісаў, але далей супольна працаваць не прыйшлося. Надыходзіла вясна, дажджы, вільгаць. Багдановіч чуўся горш. Тэмпература падымалася. Трэба было яму змяніць клімат. Пастанавілі на супольных парадах, што паедзе ён у Ялту. Здабылі грошы, прыгатавалі ўсё, што трэба на дарогу, і ў канцы лютага наступілі ад'ездзіны. Мы ўсе хацелі праводзіць на вакзал, але ён запратэСтаваў: “Развітаемся тут, у “Беларускай хатцы”. Мне цяжэй будзе расставацца з вамі ўсімі пры натоўпе чужых людзей”. Жагналі мы яго са слязамі ў вачах, як бы прадчуваючы, што жагнаем назаўсёды. Маці мая абняла яго і пацалавала ў лоб; мне ён сказаў: “Я да вас напішу”. I не напісаў, не хапіла, відаць, сілы. А мо і напісаў, ды ліста не выслалі чужыя людзі? Хто ведае...

Але калі прыйшла вестка аб яго смерці, такой цяжкай у адзіноцтве, мы не маглі сабе дараваць зробленай памылкі. Нашто было выпраўляць яго, не парадзіўшыся з доктарам, не ўпэўніўшыся, што гэта яму паможа... Як глупа. Трэба было запэўніць тут на месцы больш выгады, больш сардэчнай апекі. Смерць яго не мінула б, надзеі на гэта не было, але няхай бы паміраў паміж намі, сваімі, адданымі яму шчыра прыяцелямі ў роднай старонцы. Ён жа гэтага хацеў... А можа, меў надзею, што яшчэ падлечыцца і вернецца? Хто ведае...

Прайшло паўвеку, а ўспаміны аб гэтых пяці месяцах усё жывыя*.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by