|
СТЭПОНАС КАЙРЫС
З маіх успамінаў пра Цётку
Алаізу Пашкевічанку-Цётку* пазнаў я недзе ў 1902 годзе, калі быў студэнтам-тэхнолагам трэцяга курса. Пазнаёміліся мы ў Пецярбургу. Пасля сканчэння прыватнай гімназіі Прозаравай у Вільні Алаіза Пашкевічанка запісалася на Вышэйшыя педагагічныя курсы прафесара Лесгафта ў Пецярбургу і адразу трапіла ў самы вір усё мацнеючага рэвалюцыйнага руху акадэмічнай моладзі. Студэнцкія страйкі, дэманстрацыі, крывавыя экзекуцыі, арышты, ссыльныя канвоі — усё часцейшымі нарастаючымі сутаргамі сутракалі жыццё вышэйшых школаў Расеі. Студэнцтва было тады пульсам царскае імперыі, пульсам, што пачынаў біцца ўсё мацней і бескантрольней. Студэнцкаму рэвалюцыйнаму руху, што ахапляў розныя ідэалагічныя плыні з розных нацыянальных групаў, было супольным адно: змаганне з манархічным царскім рэжымам. Паасобныя нацыянальныя групы лучылі з гэтым і свае спецыфічныя заданні.
У асяроддзі вось гэтай усё больш распальванай моладзі Алаіза Пашкевічанка пачулася адразу “як у сябе дома”. Вельмі чуйная на падзеі, выбуховага характару, не церпячы аніякіх кампрамісаў ані ў сябе, ані ў іншых, адкідаючы ды высмейваючы ўсякія канвэнансавыя формы ў дачыненнях,— яна уважала за свой абавязак і гонар быць усюды там, дзе так ці гэтак выяўляўся нарастаючы супроць існуючага стану настрой. Яна акуратна наведвала сходкі, брала ўдзел у дэманстрацыях, рупілася пра арыштаваных сяброў. Адразу самавызначылася беларускай і гэткаю засталася назаўсёды.
Алаіза Пашкевічанка, якая нарадзілася і вырасла ў Старым Двары, Васіліскай воласці, Лідскага павета Віленшчыны, на бацькавай гаспадарцы блізу ў 100 гектараў*, у тагачасным Пецярбургу знайшла і сціплае сваё нацыянальнае асяроддзе. На тэхналагічным інсты-туце студыяваў тады ўжо Вацлаў Іваноўскі, Цётчын сусед з Двара Лябёдка, а ў пазнейшыя гады і ейны даўгагодны супрацоўнік. На той жа тэхналагічны інстытут запісаўся і вілянчук Пранцішак Умястоўскі, таксама беларус. Прыроднік Тодар Іваноўскі, брат Вацлава, ужо тады выразна хінуўся ў летувіскі бок, а найстарэйшы з Іваноўскіх, тэхнолаг-хімік Юры, уважаў сябе за паляка. З блізкіх Цёткі-Пашкевічанкі прыяцеляў прыпамінаю Сабіну Ячынаўскую, якая пасля выйшла замуж за Вацлава Іваноўскага. Беларусаў-студэнтаў было тады ў Пецярбургу вельмі мала.
З Алаізай Пашкевічанкай пазнаёміў мяне Тодар Іваноўскі, цяперашні прафесар прыродаведных навукаў на Віленскім універсітэце, якому я тады памагаў засвойваць летувіскую мову. Незвычайна жывога характеру, нештодзённая, яна выразнялася нават і ў шматколерным студэнцкім асяроддзі ды адразу зрабіла на мяне ўражанне “чалавека з жывой душой”. Па-свойму зблізілі нас Цётчыны апавяданні з дзён ейнага маленства, калі яна, яшчэ малою дзяўчынкаю, ездзіла з бацькам у Ночу прадаваць лён. Тамака яна першы раз пачула і летувіскую гутарку. Жартам нас, летувісаў, называла “гіргунамі”. Ці і ў Цётчынах жылах не было нейкай крыхі “гіргунскай” крыві — мне не ўдалося выясніць. Аднак Пашкевічаў у Летуве — колькі хаця.
З першых студэнцкіх гадоў засталося ў мяне не шмат супольных успамінаў. Былі мы маладымі. Жылі пачуццём, умелі размахнуцца, будучыні не палохаліся. Летувісаў-студэнтаў на высокіх школах Пецярбурга было тады каля 30—40 чалавек. Сярод іх ужо зазначалася ідэалагічная дыферэнцыяцыя, і абсалютная бальшыня студэнтаў хінулася да Летувіскай сацыял-дэмакратычнай партыі. Частка з іх гарнулася дзейна да партыйнай працы, рыхтавала партыйную літаратуру і збірала грошы на выданне яе. Ці рабілася тады нешта і сярод студэнтаў-беларусаў, цяпер не памятаю. З Алаізай Пашкевічанкай сустракаўся тады даволі рэдка. Ці яна і тады спробвала ўжо нешта пісаць — цяжка мне сказаць.
Жыццё як летувіскай, гэтак і беларускай акадэмічнай моладзі было тады вельмі цесна звязанае з Вільняю. З прычыны студэнцкіх страйкаў школы зачынялі, і мы ехалі “дамоў” весці далей рэвалюцыйную працу ўжо на сваіх палетках. Частка летувіскіх студэнтаў ужо ад 1900 года пераняла ад сасланых тварцоў Летувіскай сацыял-дэмакратычнай партыі іхную працу, аднавіла заняпалую ўжо крыху партыйную арганізацыю і шпарка развівала яе. У часе падзеяў 1905 года ў Вільні, калі не браць Бунду, Летувіская сацыял-дэмакратычная партыя выступала як наймацнейшая палітычная група. З Вільні партыйная праца шырылася па ўсім краі і заносіла рэвалюцыйны рух усё далей у летувіскую вёску. У Вільні мне давялося жыць летнімі вакацыямі ад 1899 года; а з набліжэннем рэвалюцыі 1905 года — і праз увесь год.
Усё часцей сустракаўся я і з Алаізай Пашкевічанкай. Беларускіх дзеячаў у Вільні было ўжо больш. У Вільні жылі тады Антон і Іван Луцкевічы; часта наведваў Вільню Вацлаў Іваноўскі; у беларускай працы браў удзел студэнт Пранцішак Умястоўскі. За беларуса сябе ўважаў і грашыма беларускую справу падтрымліваў собснік вялікага складу земляробскіх машынаў у Вільні Зыгмант Нагродскі. У асяроддзі беларускіх дзеячаў часта ўспаміналіся імёны Якуба Коласа і Янкі Купалы. Радзей і куды пазней — ксяндза Адама Станкевіча. Сталым Цётчыным ад'ютантам быў Бурбіс, летувіс з прозвішчам і беларус з пераканання. Асяродак беларускай дзейнасці канцэнтраваўся тады ,ў Вільні. Ад 1903 года дзеіла тут ужо Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, арганізацыя выразна сацыялістычнага кірунку, якая намагалася знайсці сувязь з работнікамі ды рамеснікамі і ў самой Вільні.
У 1906 годзе пачынаюць выходзіць у Вільні беларускія тыднёвікі, спачатку “Наша доля”, а пасля “Наша ніва”. Для Цёткі-Пашкевічанкі была гэта ці не найбольш інтэнсіўная пара ейнай палітычна-грамадскай працы. Поўна было яе ўсюды. Працавала ў газеце, брала ўдзел у сходах, спробвала прамаўляць на мітынгах, выступала як прадстаўніца Беларускай Сацыялістычнай Грамады на нарадах дэлегатаў рэвалюцыйных партыяў. На гэтым адрэзку напружанай грамадскай працы яна, здаецца, і пачынала спробваць свае паэтычныя здольнасці. Прынамсі, ейны “Хрэст на свабоду” ў 1905 годзе быў адным з найпапулярнейшых і публічна дэкламаваных вершаў. У асобе Цёткі малады беларускі рух здабыў не толькі адданую ўсёй душой працаўніцу, але і няўтомную ініцыятарку самога руху.
Тагачасныя летувіска-беларускія дачыненні ў Вільні адзначала шчырая прыязнь. Маладым летувіскаму і беларускаму рухам даводзілася здабываць сабе ў разнамоўнай Вільні месца і роўныя з іншымі грамадскія правы. Лёгка гэта не было. Над грамадскім, культурным, а часткова і палітычным жыццём “хрысціянскага віленскага грамадзянства” даміналі тады поўнасцю мясцовыя палякі. Эліту гэтых “тутэйшых” палякаў тварылі інтэлігенцыя, што паходзіла з летувіскай і беларускай шляхты, абшарнікі, што прыехалі ў места, часткова прадстаўнікі фінансавага капіталу, настаўлены па-польску каталіцкі клер ды збагацелыя часткі мяшчанства. Гэтая вось эліта абапіралася на апалячаны віленскі плебс і адчувала сябе за бясспрэчнага гаспадара ў касцёле, у справах места, на віленскіх вуліцах ды тварыла грамадскую думку Вільні. Гэтыя віленскія палякі, тутэйшыя людзі, што тут нарадзіліся і выраслі, былі на свой лад звязаныя з доляю гэтага краю. Яны па-свойму зжыліся з людзьмі, па-свойму асэнсоўвалі гістарычныя традыцыі краю, былі зайздросныя за сваю пазіцыю ў грамадзянстве і з злосным падозраннем сустрэлі новыя, што выйшлі з народа, рухі. У змаганні за сваю будучыню летувісы і беларусы стварылі тады супольны фронт супроць віленскіх палякаў і былі добрымі сябрамі. Пытанне тэрытарыяльнага размежавання абодвух рухаў, а разам і пытанне дзяржаўнай прыналежнасці Віленшчыны, тады ў паважнейшай форме не паўставала.
Будучы тады ў Вільні, Пашкевічанка-Цётка жыла сярод свае сям'і. Ейныя два браты, Вацлаў і Язэп Пашкевічы, абодва ахвіцэры Маладзечанскага пяхотнага палка, нежанатыя, мелі супольнае памяшканне на Сніпішках. Братоў наведвалі прыездам з правінцыі старэйшая сястра Стэфанія і маладзейшая Караліна. Наймаладзейшая Цётчына сястра — Зофія — паказвалася тады ў Вільні рэдка. У братоў жыла і Алаіза. Паводле нацыянальнай сведамасці Цётчына сям'я была неадналітая, а адначасна і своеасабліва “тутэйшая”. Хатняя мова была польская, польская таго асаблівага характару, які яна мела ў дробнай шляхты Летувы і Беларусі і на які гэтак своеасабліва ўплывалі сінтаксіс, вымова і слоўнік мясцовых моваў. Цётчына матка была пад наибольшим уплывам польскай культуры. Старэйшая сястра Стэфанія была “па-панску” настаўленая і выразна аддавала першыню польскай мове. Прыхільнасць да польскай культуры выяўлялі брат Вацлаў і сёстры Караліна ды Зофія. Найбольш за ўсіх з беларускай вёскай і беларускай мовай зросся Цётчын бацька і ейны брат Язэп. Дзейнага падтрымання сваёй беларускай нацыянальнай працы ад сяброў свае сям'і Цётка не мела. Але і ейны ўдзел у беларускім руху не ўважаўся ў сям'і за нейкае няшчасце.
У канцы 1905 года, пасля залому работніцкага паўстання ў Маскве, пачала заломвацца і ўся рэвалюцыя. Пачала ўсё мацней бушаваць рэакцыя, налягаючы першым чынам на краі, што адзначыліся рэвалюцыйнымі днямі, гэтым самым — на Летуву, Беларусь, а разам і Вільню. Адначасна з рэвалюцыяй ападалі і рэвалюцыйныя настроі, слабела рэвалюцыйная праца, якую часткова даводзілася пераносіць у падзямелле. Цётка-Пашкевічанка з ейным выбуховым характарам і балючай пачуццёвасцю глыбей за іншых перажыла апаразу і хіба барзджэй за іншых паддалася часоваму песімізму. У Пецярбург канчаць курсы прафесара Лесгафта Яна больш не паехала. У адной беларускай хрэстаматыі я натрапіў на цверджанне, быццам за нелегальную працу Цётцы пагражала судовая справа і дзеля гэтага яна была змушаная перабрацца за межы. Нашыя дачыненні тады не былі яшчэ вельмі блізкія, і гэтага цверджання я не мог бы катэгарычна запярэчыць. Мне ўсё ж выдаецца, што не пагроза кары навяла Алаізу Пашкевічанку на думку выезду за межы на далейшыя студыі. На пачатку 1906 года яна ўжо напэўна была ў Кракаве і пачала студыяваць літаратуру на Кракаўскім універсітэце. У часе бытнасці ў Кракаве Цётка пазнала на сцэне і слаўную тады драматычную артыстку Сольскую ды была захоплена ейнаю ігрою. Пад уплывам ігры Сольскай Цётка зацікавілася тэатрам наогул і, калі не мыляюся, нейкі час наведвала драматычную студыю Сольскай, спрабуючы сваіх здольнасцяў на сцэне. Ужо ладна пазней, у 1913 годзе, калі яна стала жыла ў Вільні, Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс пакладала шмат натугаў, каб зарганізаваць і рыхтаваць трупу беларускіх артыстаў-аматараў для гастроляў па меншых мястэчках Віленшчыны. На адным такім паказе ў Вілейцы давялося і мне пабыць.
Алаіза Пашкевічанка, якая кожнай працы аддавалася ўсёй сваёй душою, не ўмела сцерагчы свайго здароўя. Яна не знала супачынку, калі трэба было нешта тэрмінова выканаць. За працаю часта забывалася, што трэба і есці. Калі была студэнткаю ў Кракаве, не хацелася зварачацца да блізкіх па дапамогу ды часта і галадавала. Як найменш рупілася пра свае ўборы — ёй усё ішло. Нядбайнасць пра сваё здароўе з часам памсцілася. Ранняю вясной 1907 года мне давялося браць удзел у агульным з'ездзе Расейскай сацыял-дэмакратычнай партыі ў Лондане. Па дарозе назад у Летуву я завярнуў у Закапанае. У Закапаным, у гуральскай хаціне, знайшоў хворую на лёгкія Цётку — як заўсёды жывую, чуйкую на падзеі і найменш дбайную пра сябе. Працэс у лёгкіх толькі пачынаўся, аднак для залячэння яго канечнымі былі чыстае горнае паветра, як найбольш сонца ды магчыма лепшая яда. Пра гэта, аднак, Цётка і ў Закапаным найменш рупілася. Засталася там на ўсё лета. З бліжэйшых прыяцеляў мела яна ў Закапаным хворага тады ж на лёгкія Вітаўта Чыжа, студэнта з Ашмянскага павета, што студыяваў тэхніку ў Львове. Яна там ссябравалася блізка і з Ёнасам ды Юліяй Білюнасамі. Енас Білюнас, цяжка вынішчаны сухотамі, дажываў у Закапаным тады свой апошні год.
Алаіза Пашкевічанка прабыла ў Закапаным ці не да канца 1907 года — наведваў я яе там яшчэ раз увосені таго ж года — паправілася з лёгкімі і перабралася на студыі ў Львоўскі універсітэт, на гістарычна-філалагічны факультэт. Для свае дыпломнае працы ўзяла спачатку гістарычную тэму: паўстанне Свідрыгайлы. Пазней тэму змяніла і пачала збіраць матэрыял пра “беларускую батлейку”. Гэтага матэрыялу назбірала даволі шмат, працы, аднак, не напісала. (Можа, можна гэта спраўдзіць у Вітаўта Чыжа, калі яшчэ жыве; прынамсі, у Вільні гэтай працы не пісала.) На Львоўскім універсітэце Алаіза Пашкевічанка студыявала да 1911 года.
Гады 1906—1907 былі ў жыцці Пашкевічанкі гадамі перамены, але без балючых пераломаў. Выглядае, што акурат тады, пры ападанні рэвалюцыйнага руху ў Расеі, яна на даўжэйшы час адмежавалася ад палітычнай дзейнасці ды аддавалася нацыянальна-культурнай працы. Новы кірунак набылі ад гэтага часу і ейная паэтычная творчасць, і напісаныя ёю белетрыстычнага характару абразкі. Цётка прыціхла, хоць жывых сувязяў з навакольным жыццём і не зрывала. Яна брала цяпер яго такім, якім яно было. Не падыходзіла б да Цётчынага характару, каб яна і тады не верыла ў святлейшую будучыню свайго народа. Песімізм, які і на яе ці раз моцна нападау, ніколі не ўплываў на ейную станоўкасць працаваць і на ейную веру ў поступ чалавецтва, а разам і свайго краю. Гэтай культурнай працы Цётка аддала ўсю пазнейшую пару свайго жыцця, калі, пасля замужжа, зажыла настала — аж да пачатку першай сусветнай вайны — у Вкіьні. Найбольш працы і цёплай рупнасці аддавала тады выдаванню часопіса для моладзі “Лучынка”.
Студыюючы на універсітэце ў Львове, Алаіза Пашкевічанка не мела большых клопатаў з хваробаю лёгкіх. Штовясны наведвала бацькавіну. Нашыя дачыненні, што ставалі ўсё больш прыяцельскімі, ад 1906 года былі нагэтулькі блізкія, што ўлетку 1909 года яна гасціла ў мяне ў Мелікесе Самарскай губерні, дзе я па сканчэнні ў 1908 годзе інстытута тэхналогіі працаваў ужо інжынерам пры пабудове чыгуначных мастоў. У 1911 годзе Алаіза Пашкевічанка другі раз наведала мяне, ужо ў Куршчыне, на Украіне, дзе мне давялося выконваць, разам з інжынерам Петрам Вілейшысам, пабудову мастоў Паўночна-Данской чыгункі.
У канцы 1911 года я вярнуўся з Украіны і асяліўся ў Вільні. У лютым 1912 года мы пабраліся, і ад гэтай пары Цётка-Кайрыс жыла ўвесь час, аж да свае смерці, у Вільні, наведваючы рэдчас Менск, сваю бацькавіну, маю бацькавіну і Віленшчыну. Уладзіліся мы вельмі сціпла, па-студэнцку, і напачатку зажылі на Звярынцы. Цётка не цярпела мяшчанскага спосабу жыцця, і аж да першай сусветнай вайны мы абыходзіліся памяшканнем з двух пакояў з кухняй. Наймічкі мы не мелі, хоць майго заработку за працу ў самаўрадзе места Вільні стала б і на крыху раскашнейшае жыццё; на абаіх знаць было яшчэ нядаўнае студэнцтва.
Жонка не мела тады ніякай працы, што звязвала б яе, і ўвесь свой час аддавала справам беларускага руху. Шмат пісала. Не уважаю за свае задание выказвацца пра Цётчыну творчасць. У сваю творчасць яна заўсёды ўкладала душу. Не заўсёды было ей легка выказаць словамі перажыванні, пачуцці і думкі. Чарнавікі ейных друкаваных твораў паказваюць, што часта патрэбная была марудная праца, пакуль выражаныя думкі знаходзілі сабе адпаведную форму на паперы. Можа дзеля гэтага Цётка не паспела стварыць гэтулькі, колькі абяцаў ейны, перажываннямі наздзіў багаты, нутраны свет.
Першая сусветная вайна, якая заспела нас у Вільні, адлістала і ў Цётчыным жыцці новую балонку. Давялося ёй бадай зусім абарваць працу, якую раней вяла. Выбухлая вайна стала перад усімі намі і поўная будучых магчымасцяў і, адначасна, жудасная сваёю штодзённаю рэчаіснасцяй. Ваенныя падзеі закраналі ўвесь час ды беспасярэдня і Вільню. Катастрофа расейскіх арміяў ува Усходніх Прусах запоўніла віленскія больніцы раненымі і хворымі на заразныя хваробы. Цётка не ўмела быць абыякавай да падзеяў і ўвясну 1915 года падалася на працу сястрою міласэрдзя, у барак для заразных хваробаў у Вільні. Працавала да позняй восені. У беларускім друку можна сустрэць вестку пра тое, быццам Цётка была сястрою міласэрдзя на фронце. У сапраўднасці на фронце яна ніколі не была. Увосені гэтага ж года загінуў у франтавых баях каля Горадна Цётчын брат Язэп. I гэта быў пачатак ідучых на яе няшчасцяў.
У 1915 годзе Вільня ўжо чакала нямецкай акупацыі. Падахвочваныя расейскімі ўладамі, жыхары краю, асабліва мяшчане, масава збіраліся да эвакуацыі у Расею. Мы дамовіліся заставацца ў Вільні і у Вільні дачакаліся і немцаў. Нямецкая акупацыя адразу спаралізавала грамадскае жыццё, спыніла выхад прэсы; не дапушчала арганізаванае дзейнасці, праз вайскова-адміністрацыйны апарат скавала увесь край ды пачала бязлітасна ачышчаць яго. Вільня адразу апынулася пад пагрозаю голаду. Трэба было ратаваць ад галоднай смерці дзяцей галоты і арганізаваць ім прытулкі. Неўзабаве пачалі галадаваць масавыя віленчукі, і немцы былі змушаны даць дазвол на арганізаванне публічных сталовак для народа ды прыдзялялі ім крыху і харчоў. Гэтак пачалася праца ратавання ад голаду, і Цётка жвава у яе ўлучылася. Ды ненадоўга. У канцы 1915 года захварэў на сыпны тыфус ейны бацька, і яго павезлі ў больніцу ў Ліду. У студзені 1916 года бацька памёр. Па атрыманні паведамлення мы выехалі ў Ліду на паховіны. Пасля пахавання старога Пашкевіча мы зімоваю дарогаю, коньмі, пры вялікім марозе паехалі на жончыну бацькавіну. Ейная сям'я была раскіданая: апрача памерлага бацькі і двух сыноў на вайне, адзін з якіх ужо загінуў, эвакуавалася ў Расею Цётчына маці і ейная малодшая сястра Караліна. Стары Двор апусцеў, у ім засталася толькі старэйшая сястра Стэфанія.
Я працаваў у віленскім самаўрадзе і мусіў варочацца дамоў. Жонка засталася на некаторы час на бацькавіне. Пасля колькіх дзён я атрымаў тэлеграму, што і жонка небяспечна хворая. Таго ж дня выехаў чыгункаю і з Васілішак пехатою дабраўся да Старога Двара. Жонка ляжала непрытомная ўжо ад колькіх дзён, хворая на той жа тыфус. Папрошаны з Васілішкаў лекар-немец мала знаўся на лячэнні тыфусу, не памог нічога. Шукаць іншых лекароў было немагчыма: на месцы іх не было, а дабрацца да Вільні гэтымі часамі было блізу немагчыма; ды на гэта было ўжо і запозна. Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс памерла 5 лютага 1916 года пад роднаю страхою, не прыходзячы да памяці. Пахавалі яе на бацькавіне. Паміж гасцінцам у Васілішкі, што ідзе каля самай сялібы Пашкевічаў, і дарогі, што адгалінаецца ад гэтага гасцінца ды ідзе ў сялібу, каля сялібнай агарожы, вырасла адзінотная магіла. Магілу сцеражэ дзервяны, зроблены вясковым дойлідам крыж з надпісам, хто ляжыць у магіле. Быць пахаванаю блізка свайго дому жадала сама Цётка.
Ваенныя гады і пасляваенныя падзеі шмат што змянілі і ў маім жыцці. Пасля нямецкай акупацыі Вільні мы з жонкаю перабраліся з Звярынца ў места ды асяліліся на Пясковай вуліцы. У гэтым памяшканні перажыў я да 1918 года. У канцы гэтага года, з пачаткам адбудовы незалежнай Летувы, я выехаў з Вільні ў Утэнскі павет на арганізацыю мясцовага самаўраду і назад не вярнуўся,— Вільню заняла Чырвоная армія, і з Капсуком сустрэцца мне не давялося: пакінутыя ў памяшканні мае рэчы — кнігі і Цётчыны рукапісы — узялі пад сваю апеку і перахавалі мае прыяцелі. Не знайшоў пазней толькі двух партрэтаў Цёткі, рысаваных вугалем мастаком Станейкам. Крыху пачакаўшы, знайшлася магчымасць забраць свае рэчы ў Коўню, дзе я асяліўся настала. Сярод захаваных рэчаў была і скрынка з рукапісамі Цёткі. Пасля я іх перагледзеў. Сярод іх нічога не знайшоў, што ўжо не паказалася ў беларускім друку, хіба найбольш у “Лучынцы”. Гэта былі чарнавікі Цётчыных друкаваных вершаў і апавяданняў ды колькі незакончаных варыянтаў на тыя самыя тэмы. Адабраў тое, што мне выдавалася больш вартасным, у асобную папку і чакаў нагоды для навязання лучнасці з Цётчыным братам Вацлавам, каб выясніць, якой беларускай арганізацыі маю гэтую спадчыну перадаць. Зрабіць гэта мне не ўдалося. І калі я ўлетку 1944 года ўпотайкі пакінуў Коўню, Цётчыны рукапісы засталіся там. Ці хоць нешта з мае собскасці, мае бібліятэкі і рукапісаў яшчэ сёння існуе — вельмі сумляваюся.
Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс пакінула жыццё быццам скрадкам у абмерлай дзеля вайны вясковай глушы. Пакінула супраць свае волі. Жыць і быць дзейньш удзельнікам жыцця хацела Цётка. Сямейныя няшчасці апошніх месяцаў ударылі па ёй балюча; аднак жа тысячы ніцей, якімі яна была звязана з жыццём, засталіся мала кранутыя. Жыццё надзіла яе і далей. Вайна яшчэ не дайшла і да свае палавіны, але мы усе, разам і Цётка, чакалі, не без надзеі, ейнага канца. Ці не прынясе ён і нашым краем новую будучыню? Цётчыны творчыя сілы яшчэ толькі даспявалі. Калі на самым пачатку грамадскае працы ейную творчасць пабуджаў паўсталы настрой рэвалюцыйных абставінаў, што быў зменны і дзеіў больш на пачуцці, дык пазнейшымі гадамі Цётка супакоілася ды бралася за больш сталыя заданні, кіруючыся выразна больш да арганічнай працы ў галіне культурнага жыцця, да культурных заданняў беларускага руху першым чьшам. I хто ведае, мо вайна, што стварыла новыя, хай сабе і часовыя, жыццёвыя абставіны ды суліла новае, хоць яшчэ і невыразнае будучае жыццё,— ці яна не была б пачаткам новай і ў Цётчыным жыцці і творчасці пары? Магчыма. У гэткую новую пару, мне здаецца, Цётка ўвайшла б яшчэ больш сталаю, узбагачанаю дазнаннем мінуласці і працавала б з неаслабнай ахвярнасцю для выбранай мэты жыцця. Любасці да людзей і свайго краю Цётцы заўсёды стала б нагэтулькі доўга, колькі ёй было б прызначана жыць.
Кім была Пашкевічанка-Кайрыс паводле сваіх палітычна-сацыяльных паглядаў? Яна была адным з закладнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады ды уважала сябе ўвесь час за сябру гэтай арганізацыі, не набіраючы, аднак, характэрных партыйнаму чалавеку якасцяў. Яе не вязалі пастановы партыйнае праграмы, і яна не гэтак ужо вельмі і пільнавала партыйнай дысцыпліны. Хоць Беларуская Грамада была сацыялістычнаю арганізацыяй, Цётку не шмат цікавілі асновы тэорыі сацыялізму. Была ёй, аднак жа, сваёй маральная існасць сацыялізму. Яна была арганічна зліўшыся з народам свайго асяроддзя, і яе, як у творчасці, гэтак і ў жыцці — заўсёды цягнула туды, дзе было больш гора, дзе больш крыўдзілі, паніжалі “малога” чалавека, дзе была ў ім паніжаная сама ягоная чалавецкасць. Гэта не выпадкам у сваёй творчасці Цётка шмат сэрца аддавала вясковаму асяроддзю, самагаротнай, самапрыбітай істоце — вясковай жанчыне. Мне здаецца, што Цётка была сацыялісткаю дзеля свайго сэрца і чуйкай справядлівасці: значыцца, самаспраўднай сацыялісткай, якая свае сілы і здольнасці прызначала змаганню з людской цемнатой, з людской крыўдай, з абесчалавечаннем і са злым рэжымам палітычнага ўціску і нягодамі сацыяльнага ладу.
Ці непадзельная адданасць Цёткі беларускаму руху і ягоным заданням не мела чагосьці, што вызначалася б надмерным вузкім зацікаўленнем толькі “сваёй” беларускай справаю? Хоць Цётка ўсюды і заўсёды падчырквала сваю беларускасць і не дазваляла нікому зачапіць беларускую справу, у гэтай, аднак, своеасаблівай ваяўнічасці не было нейкай агрэсіўнасці супроць якой-небудзь іншай нацыяльнасці. Наведваючы разам маю бацькавіну, мне не раз даводзілася дзівіцца, як легка і “натуральна” Цётка ўлучалася ў новае ёй асяроддзе. Пасля дня гасцявання яна была ўжо “свая” сярод маіх блізкіх, хоць гэта і былі “гіргуны”. Што дапамагала Цётцы вельмі борзда злівацца, хай і з чужым сабе нацыянальна асяроддзем, дык гэта ейны людскі падыход да чалавека і пашана да яго. 3 летувісамі сябравала асабліва цёпла, і, у часе нашага жыцця ў Вільні, наш даволі сціплы “таварыскі” круг складаўся блізу вылучна з летувісаў і беларусаў — сярод іх мы абое чуліся “сваімі”.
Ваенныя гады раскідалі часткова як віленскіх летувісаў, гэтак і віленскіх беларусаў. З канцом вайны пачаліся намаганні адбудовы незалежнай Летувы, і адначасна Беларусь паўстала як Савецкая Сацыялістычйая Рэспубліка з цэнтрам у Менску, залежная ад Масквы больш, як калі-небудзь на працягу свайго гістарычнага шляху. Шмат старых знаёмстваў абарвалася. Пасля авантуры Жэлігоўскага змянілася з грунту і само віленскае жыццё. I адно колькі год пасля вайны, калі беларусы пачалі разгортваць у Вільні сваё культурнае жыццё, давялося тады ізноў прыгадаць сабе з болем, што згубіў беларускі pyx у асобе Цёткі*.
