МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Cor ardens // На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Аўтар: Вітан-Дубейкаўская Юліяна
Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Літва
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/

Ю. ВІТАН-ДУБЕЙКАЎСКАЯ

COR ARDENS

Успаміны

пра Цётку - Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс

 

Мая большая сястра Жэня і я пайшлі вучыцца ў віленскую прыватную гімназію Веры Міхайлаўны Прозаравай таму, што ў казённую гімназію прымалі толькі дачок расейскіх чыноўнікаў і трэба было мець пратэкцыю, каб туды трапіць. У нашай гімназіі быў пераважна мясцовы элемент: шмат польскіх шляхцянак, яўрэйкі, была і караімка, і татарка, і колькі расеек. Тады (1895—1905 гады) быў час строгай русіфікацыі, і нам было забаронена гаварыць іншымі мовамі, як расейская. Памятаю, што мы, вучаніцы, знаходзілі гэта недарэчным і, каб пазлаваць нашую класную даму, гутарылі часта па-польску. Наагул мы раслі без расейскага патрыятызму, хоць нам стараліся яго ў гімназіі прышчапіць. А знаходзячыся паміж розных нацыянальнасцяў і вераў, мы раслі ў духу талеранцыйным і што да рэлігіі.

I беларуска знайшлася ў нашай гімназіі, і то асаблівая. У вышэйшым класе разам з маёй большай сястрою вучылася Алаіза Пашкевічанка. Яна здала экзамен у ,4-ты ці 5-ты клас і была старэйшаю за іншых дзяўчатаў у класе. Казалі, што яна прыехала з вёскі. Трымалася яна асобна ад іншых, была малагаваркая, але з маёй сястрой зышлася бліжэй, бо сястра ей памагала адрабляць лекцыі французскай і нямецкай моваў, якімі Алаіза Пашкевічанка слаба валодала. Аб сваёй сям'і і сваім жыцці Алаіза Пашкевічанка наогул ніколі не гутарыла. Сястра ведала толькі, што яна жыве ў знаёмых на прадмесці.

Але раз у гімназіі паўстаў вялікі перапалох. Алаіза Пашкевічанка, вучаніца тады ўжо сёмага класа, абамлела ў часе лекцыі, і школьная лекарка прызнала, што гэта ад недаядання яна гэтак аслабела. Памятаю, мая сястра із слязьмі апавядала ў хаце, што Алаіза Пашкевічанка гэтак бедная, што на яду ей не стае, але яна вельмі амбітная і не хоча прымаць памогі. Мая маці сказала тады: “Я буду табе даваць булкі на дзвюх, а ты кладзі ў ейны столік, калі яе няма ў класе”. Мне рабіла асаблівую прыемнасць прыходзіць у клас сястры і класці няўзнак булкі ў пюпітр Алаізы Пашкевічанкі. Яна спачатку пыталася ў класе, хто гэта палажыў свае булкі ў ейны пюпітр, аднак вінаватая не аказвалася, а класная дама супакойвала яе, што гэта, мусіць, падарунак. Гэтак мы рабілі да сканчэння гімназіі. З часам Алаіза Пашкевічанка мо і зацеміла, што гэта мы аб ёй дбаем, але нічога не казала і снедала разам з усімі ў сталоўцы, дзе нам давалі яшчэ гарачую гарбату.

Наагул гэты выпадак узварушыў не толькі нас, вучаніцаў, але і нашае начальства. Нашая Вера Міхайлаўна мела добрае сэрца і на радзе бацькоў парупілася, каб Алаізе Пашкевічанцы прызначылі стыпендыю, бо яна была вельмі старанная і добра вучылася (плата за навуку была вельмі высокая: 100 рублёў на год, якраз удвая як у казённай гімназіі — 50 рублёў). Ад таго часу Алаіза Пашкевічанка, калі адчула агульную спагаду, мела больш даверу і апавядала сястры, што яна можа мала мець грошай ад бацькоў з вёскі, мусіць дарабляць лекцыямі і таму ёй гэтак цяжка прабівацца. Алаіза Пашкевічанка позна трапіла ў школу і з вялікімі натугамі і працаю на вёсцы прырыхтавалася да экзамену ў гімназію. Яна і сваімі гадамі і сваёй павагаю вылучалася сярод вясёлых, бестурботных дзяўчатаў. Памятаю, яна кідалася ў вочы сваім бледным паважным тварам, які не бліскацеў свежынёй і красой маладосці, але сваімі паважнымі вачыма, крыху выступаючымі сківіцамі, тонкімі і сцятымі вуснамі казаў аб сіле і цвердзіні характеру. Да мяне яна мела асаблівую сімпатыю, бо калі выпуск сястры рыхтаваўся да апошніх экзаменаў, я прыходзіла пасля лекцыяў у VIII клас і памагала ўсім паўтараць арыфметыку, якая ўваходзіла ў экзамен агульнае матэматыкі. Я тады якраз закончыла арыфметыку і магла на свежую памяць выкладаць усе правілы працэнтаў, сумесяў і г. д.

Алаіза Пашкевічанка знаходзіла, відаць, што я вельмі здольная і паважаная дзяўчынка, і ахвоча гутарыла аб гісторыі, у якой я мела вялікую начытанасць. У нас у хаце Алаіза Пашкевічанка была рэдкі госць, хоць мая маці яе ветліва прымала і запрашала. Усё яна тлумачыла, што не мае часу, бо мусіць не толькі вучыцца, але яшчэ даваць лекцыі, каб зарабляць на свае ўтрыманне. Мы яе ўважалі за польку, бо яна была каталічка і ніколі ні слова не гаварыла аб сваёй беларускасці і палітычных ідэалах. Праўда, і сястра, і я былі шмат маладзейшымі за яе.

Па сканчэнні гімназіі Алаіза Пашкевічанка паехала ў Пецярбург на курсы прафесара Лесгафта (прыватныя курсы, дзе выкладалі прыродазнаўства ва ўсіх яго дысцыплінах і рыхтавалі масажыстак ды настаўніцаў гімнастыкі). Гэтак мы згубілі сувязь з Алаізай Пашкевічанкай. Мая сястра, якая выйшла замуж у 1904 г., перад сваім выездам з мужам ва Ўладзівасток апавядала, што чула ад аднае прыяцелькі, што Алаіза Пашкевічанка сталася сацыялісткай і далучылася да беларускага руху.

У 1905 годзе, пасля прайгранай японскай вайны, калі першая рэвалюцыя вылілася ў генеральную забастоўку і ўвесь рух на чыгунках спыніўся,— у местах кіпела і на частых мітынгах выносіліся розныя жаданні і рэзалюцыі. У гэтым часе я ўжо скончыла гімназію, збіралася на курсы і вучылася лацінскай мове. З вялікай цікавасцю пачала я прыглядацца да моднага тады сацыялістычнага руху і, ведама, хадзіла на мітынгі і зборкі. I вось на адным мітынгу я ў прамоўцы пазнала Алаізу Пашкевічанку, якую я ўжо колькі год не спатыкала. Як яна змянілася!

Я ж яе знала як малагаваркую, спакойную, а тут перад намі была аратарка, якая з вялікай сілай і перакананнем усім сваім сэрцам будзіла ў слухачоў запал 5 любасць да прыгнечанага рабочага люду і беларускага сялянства, за вызваленне і лепшую долю якога трэба ахвяраваць усе свае сілы і жыццё.

Слухаючы Алаізу Пашкевічанку, я добра разумела, што яна сапраўды адчувае тое, да чаго ўсіх заклікае, і таму, што тэта плыло ў яе ад душы, яна мела вялікі ўплыў на ўсю аўдыторыю. Пагутарыць мне з ей тады не давялося, за натоўпам нельга было дабіцца да прамоўцы.

Але неўзабаве ўздым першага рэвалюцыйнага руху быў здушаны, і ўсе дзеячы-правадыры гэтага руху апынуліся ў астрозе ці на эміграцыі. У лік апошніх транша і Алаіза Пашкевічанка. Яна выехала ў Кракаў, каб там закончыць сваю навуку. Аб ейным жыцці ў Кракаве мне апавядала сп. Алёна Бірыч-Л., якая была аднакласніцай маей сястры і Алаізы Пашкевічанкі ў гімназіі. Спаткаліся яны ў Кракаве. Алёна Бірыч-Л. з вялікай любасцяй і пашанай успамінала Алаізу Пашкевічанку і расказвала, з якой нязломнай энергіяй Алаіза Пашкевічанка прабівала сабе дарогу. Яна ўцякла за мяжу без грошаў і мусіла сама зарабляць сабе на жыццё. У Пецярбурзе яна гэтаксама зарабляла І вучылася, але там было лягчэй знайсці лекцыі або пацыентку для масажу, якому яна навучылася. У Кракаве ж было ей куды цяжэй, і трэба толькі дзівіцца, як яна патрапіла знаходзіць працу і заработан. Але не толькі навуцы і грамадскай дзейнасці аддавала яна ўсе свае сілы. Яна захаплялася думкаю ўзгадаваць свой беларускі народ і праз тэатр. I вось яна, не меўшы сцэнічнага навыку і асаблівых здольненняу ў гэтым кірунку, бярэ лекцыі дэкламацыі і ігры на сцэне ў ведамай польскай артысткі Нуны Млодзееўскай і ўпорыстаю працаю дасягае свае мэты: ейная ігра, у якую яна ўлівала ўсю сваю душу, не менш захапляла, як ейныя прамовы. Алаіза Пашкевічанка была прыкладам таго, што можа дасягнуць цвёрдая воля і сэрца, поунае любасці да свайго народа. Пауставала часта пытанне, адкуль яна бярэ сілы, каб так жыць, працаваць і вучыцца, калі ейнае здароўе было слабое і пачаткі сухотаў ужо тады падкопвалі ейныя сілы. Аб ей можна сказаць, што яна гарэла, як ахвярная свяча, і свяціла свайму народу да апошняга дня свайго жыцця. Гэтак характарызавала Алёна Бірыч-Л. Алаізу Пашкевічанку-Цётку ў часе нашае гутаркі ў 1926 годзе ў Вільні.

Я спаткалася яшчэ раз з Алаізай Пашкевічанкай, тады ўжо па мужу Кайрыс, пасля дзесяці год, тэта значьщца ў 1915 годзе, у Вільні, на памяшканні Івана Луцкевіча. Было гэта ўсяго колькі дзён пасля ўваходу немцаў у Вільню. Іван Луцкевіч уважаў, што трэба адразу шырэй паставіць беларускае пытанне перад новымі акупантамі, і запрасіў мяне на паседжанне “Беларускага камітэта помачы пацярпеўшым ад вайны”. Сходкі камітэта адбываліся на Віленскай вуліцы, 33, на памяшканні Луцкевічаў. Вось тут, пасля даўгіх год, я спаткалася з Алаізай Пашкевічанкай-Кайрыс. Мы абедзве вельмі ўсцешыліся. Пачаліся пытанні і апавяданні. Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс казала, што цяпер з мужам жыве ў Вільні і працуе як сястра Чырвонага Крыжа ў шпіталі. Я ж апавядала, што дзеля ваенных падзеяў я засталася ў Вільні, бо не хацела пакінуць мае сям'і і гэтым перапыніла маю навуковую працу.

“Нічога,— казала Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс,— будзем працаваць у роднай Вільні, тут твае веды і праца будуць больш прыдатныя. Асабліва мяне цешыць, што ты знайшла дарогу да нашага камітэта. Вось, не трацячы часу, перакладзі ў нямецкую мову наш мемарыял да нямецкіх акупацыйных уладаў у справе беларускіх школаў”. Яна, з нязломнай сваей энергіяй, горача бралася за справы і была ў духу і энергіі найлепшай калегаю Івана Луцкевіча. Мала нас тады было ў Беларускім камітэце. Польскія дзеячы зласловілі, што ўсіх віленскіх беларускіх дзеячаў можна пасадзіць на адной канапцы. Аднак праца ішла. Цётка, як усе звалі Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс, асабліва рупілася аб адчыненні беларускіх школаў і памагала знайсці памяшканні і інвентар. Хадзіла з роспытамі па раёне, вышуквала беларускія сем'і і заклікала бацькоў запісваць дзяцей у свае школы. I як мы ўсе цешыліся, калі ў лістападзе 1915 года была адчынена першая беларуская пачатковая школа ў Вільні. Адсвяткавалі мы гэтую ўрачыстасць супольнай гарбаткай у Камітэце. Пірог на гэтае свята прынесла з хаты я.

Але гэта быў толькі пачын. Не ставала настаўнікаў. I вось супольнымі стараннямі Цёткі і Івана Луцкевіча былі адчыненыя беларускія курсы, на якіх выкладалі Іван і Антон Луцкевічы, яшчэ пара асобаў і я (нямецкая мова і педагогіка). Усе мы працавалі дарма, толькі кіраўнік курсаў, Пачобка, меў малую пенсію, якую трэба было пакрыць з малых даходаў Беларускага камітэта. Сама Цётка на курсах не выкладала, не мела часу, але цешылася, што калі 3-месячныя курсы закончацца, дык можна будзе адчыняць беларускія школы па ўсіх прадмесцях, дзе больш жыло беларусаў.

На жаль, гэтае радасці яна не дачакалася. Ейнае здароўе было кволае, благім надвор'ем яна вельмі кашляла, яе падточвалі сухоты, яна не магла выходзіць з хаты. I вось у адзін дзень, калі неба не было відаць за імглою, я прынесла ў камітэт пераклад матэрыялаў, якія мусіла падпісаць і Цётка. Іван Луцкевіч папрасіў мяне занесці гэты пераклад, як і яшчэ іншыя паперы, на перагляд і подпіс Цётцы, бо яна мела гарачку і не выходзіла з хаты. Пасля падпісання папераў і заканчэння гутаркі пра бягучыя справы Цётка перайшла на тэму агульнае палітыкі. I яна, як Іван Луцкевіч, была перакананая, што пасля вайны Беларусь будзе сама-стойная між іншымі вольнымі народамі. Трэба толькі панатужыць усе свае сілы, каб падрыхтавацца да гэтага вялікага моманту, калі беларускі народ сам будзе кіраваць сваю долю. Пасля яна перайшла ў гутарцы на Івана Луцкевіча і казала, што ў ягоны палітычны розум і ахвярную працу яна пакладае вялікія надзеі, але трэба, каб добрая душа рупілася аб ім і ягоным здароўі, і што яна вельмі радая, што я гэтак дзельна яму памагаю і добрая яму прыяцелька.

За тыдзень я пачула, што Цётка выехала ў Лідчыну, у сваю родную вёску. У камітэце мы яе больш не бачылі. Яна захварэла на тыфус. Ейны слабы арганізм не мог перамагчы гэткай цяжкой хваробы, і яна згасла, як ахвярная свяча на алтары свае Бацькаўшчыны.

Калі гэтая неспадзяваная вестка дайшла да ўсіх нас, што разам з ею працавалі, нас апанаваў вялікі сум і жаль. Асабліва Іван Луцкевіч доўга не мог з гэтым пагадзіцца, што ўжо няма яе, той, якая жарам сваей душы ўмела захапіць усіх да працы, што яна пакінула нас. Ен заўсёды казаў, што беларуская справа згубіла ў ей cor ardens — палымянае сэрца*.

Нюрнсберг, ліпень 1953 г.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by