МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

На суд гісторыі. Мастацкая літаратура, Мінск, 1994

Кнiга: На суд гісторыі. Мінск. 1994
Год: 1994
Раздзел: Успаміны
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/
На суд гісторыі

 

ЗМЕСТ

    • Барыс Сачанка. Жывыя сведкі мінулага
    • Ю. Вітан-Дубейкаўская. Cor ardens. Успаміны npа Цётку — Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс
    • Стэпонас Кайрыс. З маіх успамінаў пра Цётку
    • Вацлаў Ластоўскі. Мае ўспаміны аб М. Багдановічу
    • Людвіка Войцікава. Пяць месяцаў у Менску (3 жьщця Максіма Багдановіча)
    • Мікола Шыла. Алесь Гарун
    • Эдуард Будзька. Пясняр у жыцці
    • А. А-к. Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі)
    • А. Эссон. Мае ўспаміны аб Алесю Прушынскім
    • Ф. Кушаль. Сорак два гады таму (Жменя ўспамінаў
    • Кветка Вітан. “Наша ніва” і Іван Луцкевіч
    • Мікола Шыла. Мае сустрэчы
    • А. Уласаў. Якуб Колас і “Наша ніва”
    • Іна Рытар. На суд гісторыі
    • Іна Рытар. Якуб Колас
    • А. С. На Лысай гары
    • Аўген Калубовіч. Якуб Колас і Янка Купала
    • Масей Сяднёў. Юбілейныя сустрэчы (Зблізку ад Коласа і Купалы)
    • Мікола Шчаглоў (Куліковіч). Мае ўспаміны (Янка Купала)
    • Юрка Віцьбіч. Завулак імя Янкі Купалы
    • Антон Лёсік. З жыцця Язэпа Лёсіка
    • А. Саковіч. Язэп Лёсік
    • Яўхім Кіпель. Апошнія дні Уладзіміра Жылкі
    • Міхась Забэйда. Мастацтвам за мір
    • Наталля Арсеннева. З майго жыццяпісу
    • “Я толькі кропля ў акіяне...”. Гутарка Барыса Сачанкі з Масеем Сяднёвым.
    • “Жыве яшчэ душа ў народзе гэтым...”. Інтэрв'ю карэспандэнта газеты “Беларус” з паэтам Міхасём Кавылём (Язэпам Лешчанкам)
    • Аляксандра Саковіч. Пра тое, што ў сэрцы
    • Леў Акіншэвіч. Балонкі з успамінаў
    • “Але думкай, сэрцам толькі я вас знаю...” Гутарка Барыса Сачанкі з Данчыкам і яго маці спадарыняй Юляй
    • Коратка пра аўтараў

  

Жывыя сведкі мінулага

Успаміны, сабраныя ў гэтай кнізе, пісаліся на працягу многіх гадоў самымі рознымі аўтарамі і друкаваліся ў пераважнай большасці на старонках выданняў, што выходзілі за межамі Беларусі, і таму не дзіўна, былі недаступныя шырокім чытацкім колам. Толькі сёння, быццам птушкі вясною, вяртаюцца яны з далёкага выраю ў родны край. Раней, да тых пазітыўных змен, што адбыліся за апошнія часы у нашым грамадстве, пра іх вяртанне не магло быць нават і гутаркі. I справа не толькі ў падзеях, фактах і імёнах, якім яны прысвечаны, але і ў іх аўтарах — людзях нялёгкага, а то і зусім незвычайнага, пакручастага лесу. Пра многіх з іх не згадвалася ў нашым друку, а калі і згадвалася, дык не інакш як пра нацыяналістаў, здраднікаў, ворагаў. Так, сёй-той з гэтых людзей сапраўды меў свае, адрозныя ад агульнапрынятых, прынцыпы і погляды; больш таго, у дні суровых выпрабаванняў, што выпалі на Беларусь, не пайшоў бараніць Бацькаўшчыну, а прымкнуў да акупантаў, зрабіўся вольным ці нявольным сведкам, а то і ўдзельнікам жудасных злачынстваў, што чыніліся на нашай зямлі. У кожнага з іх на тое был! свае прычыны, якія можна ўлічваць, а можна і не ўлічваць, асуджаць. Тым не менш, мы не абмінулі і такіх аўтараў, палічылі патрэбным уключыць у кнігу тое, што яны напісалі, пакінулі пасля сябе. Чаму? Ды таму, што яно ўяўляе несумненную цікавасць. Гэта ж жывыя галасы свайго часу, далёкага ці ўсім блізкага мінулага, уражанні і думкі сведак падзей, што так ці інакш прычыніліся да гісторыі Беларусі, тых, хто-потым стаў яе гонарам і славай. Ды і праліваюць жа яны святло на тое, што адбывалася на нашай Бацькаўшчыне, дадаюць шмат чаго новага, чаго мы не ведалі ды і ведаць не маглі, бо не жылі ж у тым часе, не бачылі ўсіх яго перыпетый, нават не ўяўлялі ўсіх складанасцей і цяжкасцей. Не лішне тут нагадаць і яшчэ пра адно: цікавых, напоўненых роздумам і фактамі, успамінаў у нашай літаратуры захавалася мала, а калі быць дакладным — лічаныя адзінкі. I каштоўнасць кожнага з іх на вагу золата. Вядома, не ўсё, што напісана ў гэтых успамінах, варта прымаць на чыстую веру. Трэба спадзявацца, вучоныя-даследчыкі з часам дадуць праўдзівыя ацэнкі кожнаму з іх, аддзеляць зерне ад плевел. Наша ж задача сціплейшая — пазнаёміць чытачоў з тым, што доўгія гады хавалася, было малавядома ці зусім невядома.

Барыс Сачанка

Ю. ВІТАН-ДУБЕЙКАЎСКАЯ

COR ARDENS

Успаміны

пра Цётку - Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс

 

Мая большая сястра Жэня і я пайшлі вучыцца ў віленскую прыватную гімназію Веры Міхайлаўны Прозаравай таму, што ў казённую гімназію прымалі толькі дачок расейскіх чыноўнікаў і трэба было мець пратэкцыю, каб туды трапіць. У нашай гімназіі быў пераважна мясцовы элемент: шмат польскіх шляхцянак, яўрэйкі, была і караімка, і татарка, і колькі расеек. Тады (1895—1905 гады) быў час строгай русіфікацыі, і нам было забаронена гаварыць іншымі мовамі, як расейская. Памятаю, што мы, вучаніцы, знаходзілі гэта недарэчным і, каб пазлаваць нашую класную даму, гутарылі часта па-польску. Наагул мы раслі без расейскага патрыятызму, хоць нам стараліся яго ў гімназіі прышчапіць. А знаходзячыся паміж розных нацыянальнасцяў і вераў, мы раслі ў духу талеранцыйным і што да рэлігіі.

I беларуска знайшлася ў нашай гімназіі, і то асаблівая. У вышэйшым класе разам з маёй большай сястрою вучылася Алаіза Пашкевічанка. Яна здала экзамен у ,4-ты ці 5-ты клас і была старэйшаю за іншых дзяўчатаў у класе. Казалі, што яна прыехала з вёскі. Трымалася яна асобна ад іншых, была малагаваркая, але з маёй сястрой зышлася бліжэй, бо сястра ей памагала адрабляць лекцыі французскай і нямецкай моваў, якімі Алаіза Пашкевічанка слаба валодала. Аб сваёй сям'і і сваім жыцці Алаіза Пашкевічанка наогул ніколі не гутарыла. Сястра ведала толькі, што яна жыве ў знаёмых на прадмесці.

Але раз у гімназіі паўстаў вялікі перапалох. Алаіза Пашкевічанка, вучаніца тады ўжо сёмага класа, абамлела ў часе лекцыі, і школьная лекарка прызнала, што гэта ад недаядання яна гэтак аслабела. Памятаю, мая сястра із слязьмі апавядала ў хаце, што Алаіза Пашкевічанка гэтак бедная, што на яду ей не стае, але яна вельмі амбітная і не хоча прымаць памогі. Мая маці сказала тады: “Я буду табе даваць булкі на дзвюх, а ты кладзі ў ейны столік, калі яе няма ў класе”. Мне рабіла асаблівую прыемнасць прыходзіць у клас сястры і класці няўзнак булкі ў пюпітр Алаізы Пашкевічанкі. Яна спачатку пыталася ў класе, хто гэта палажыў свае булкі ў ейны пюпітр, аднак вінаватая не аказвалася, а класная дама супакойвала яе, што гэта, мусіць, падарунак. Гэтак мы рабілі да сканчэння гімназіі. З часам Алаіза Пашкевічанка мо і зацеміла, што гэта мы аб ёй дбаем, але нічога не казала і снедала разам з усімі ў сталоўцы, дзе нам давалі яшчэ гарачую гарбату.

Наагул гэты выпадак узварушыў не толькі нас, вучаніцаў, але і нашае начальства. Нашая Вера Міхайлаўна мела добрае сэрца і на радзе бацькоў парупілася, каб Алаізе Пашкевічанцы прызначылі стыпендыю, бо яна была вельмі старанная і добра вучылася (плата за навуку была вельмі высокая: 100 рублёў на год, якраз удвая як у казённай гімназіі — 50 рублёў). Ад таго часу Алаіза Пашкевічанка, калі адчула агульную спагаду, мела больш даверу і апавядала сястры, што яна можа мала мець грошай ад бацькоў з вёскі, мусіць дарабляць лекцыямі і таму ёй гэтак цяжка прабівацца. Алаіза Пашкевічанка позна трапіла ў школу і з вялікімі натугамі і працаю на вёсцы прырыхтавалася да экзамену ў гімназію. Яна і сваімі гадамі і сваёй павагаю вылучалася сярод вясёлых, бестурботных дзяўчатаў. Памятаю, яна кідалася ў вочы сваім бледным паважным тварам, які не бліскацеў свежынёй і красой маладосці, але сваімі паважнымі вачыма, крыху выступаючымі сківіцамі, тонкімі і сцятымі вуснамі казаў аб сіле і цвердзіні характеру. Да мяне яна мела асаблівую сімпатыю, бо калі выпуск сястры рыхтаваўся да апошніх экзаменаў, я прыходзіла пасля лекцыяў у VIII клас і памагала ўсім паўтараць арыфметыку, якая ўваходзіла ў экзамен агульнае матэматыкі. Я тады якраз закончыла арыфметыку і магла на свежую памяць выкладаць усе правілы працэнтаў, сумесяў і г. д.

Алаіза Пашкевічанка знаходзіла, відаць, што я вельмі здольная і паважаная дзяўчынка, і ахвоча гутарыла аб гісторыі, у якой я мела вялікую начытанасць. У нас у хаце Алаіза Пашкевічанка была рэдкі госць, хоць мая маці яе ветліва прымала і запрашала. Усё яна тлумачыла, што не мае часу, бо мусіць не толькі вучыцца, але яшчэ даваць лекцыі, каб зарабляць на свае ўтрыманне. Мы яе ўважалі за польку, бо яна была каталічка і ніколі ні слова не гаварыла аб сваёй беларускасці і палітычных ідэалах. Праўда, і сястра, і я былі шмат маладзейшымі за яе.

Па сканчэнні гімназіі Алаіза Пашкевічанка паехала ў Пецярбург на курсы прафесара Лесгафта (прыватныя курсы, дзе выкладалі прыродазнаўства ва ўсіх яго дысцыплінах і рыхтавалі масажыстак ды настаўніцаў гімнастыкі). Гэтак мы згубілі сувязь з Алаізай Пашкевічанкай. Мая сястра, якая выйшла замуж у 1904 г., перад сваім выездам з мужам ва Ўладзівасток апавядала, што чула ад аднае прыяцелькі, што Алаіза Пашкевічанка сталася сацыялісткай і далучылася да беларускага руху.

У 1905 годзе, пасля прайгранай японскай вайны, калі першая рэвалюцыя вылілася ў генеральную забастоўку і ўвесь рух на чыгунках спыніўся,— у местах кіпела і на частых мітынгах выносіліся розныя жаданні і рэзалюцыі. У гэтым часе я ўжо скончыла гімназію, збіралася на курсы і вучылася лацінскай мове. З вялікай цікавасцю пачала я прыглядацца да моднага тады сацыялістычнага руху і, ведама, хадзіла на мітынгі і зборкі. I вось на адным мітынгу я ў прамоўцы пазнала Алаізу Пашкевічанку, якую я ўжо колькі год не спатыкала. Як яна змянілася!

Я ж яе знала як малагаваркую, спакойную, а тут перад намі была аратарка, якая з вялікай сілай і перакананнем усім сваім сэрцам будзіла ў слухачоў запал 5 любасць да прыгнечанага рабочага люду і беларускага сялянства, за вызваленне і лепшую долю якога трэба ахвяраваць усе свае сілы і жыццё.

Слухаючы Алаізу Пашкевічанку, я добра разумела, што яна сапраўды адчувае тое, да чаго ўсіх заклікае, і таму, што тэта плыло ў яе ад душы, яна мела вялікі ўплыў на ўсю аўдыторыю. Пагутарыць мне з ей тады не давялося, за натоўпам нельга было дабіцца да прамоўцы.

Але неўзабаве ўздым першага рэвалюцыйнага руху быў здушаны, і ўсе дзеячы-правадыры гэтага руху апынуліся ў астрозе ці на эміграцыі. У лік апошніх транша і Алаіза Пашкевічанка. Яна выехала ў Кракаў, каб там закончыць сваю навуку. Аб ейным жыцці ў Кракаве мне апавядала сп. Алёна Бірыч-Л., якая была аднакласніцай маей сястры і Алаізы Пашкевічанкі ў гімназіі. Спаткаліся яны ў Кракаве. Алёна Бірыч-Л. з вялікай любасцяй і пашанай успамінала Алаізу Пашкевічанку і расказвала, з якой нязломнай энергіяй Алаіза Пашкевічанка прабівала сабе дарогу. Яна ўцякла за мяжу без грошаў і мусіла сама зарабляць сабе на жыццё. У Пецярбурзе яна гэтаксама зарабляла І вучылася, але там было лягчэй знайсці лекцыі або пацыентку для масажу, якому яна навучылася. У Кракаве ж было ей куды цяжэй, і трэба толькі дзівіцца, як яна патрапіла знаходзіць працу і заработан. Але не толькі навуцы і грамадскай дзейнасці аддавала яна ўсе свае сілы. Яна захаплялася думкаю ўзгадаваць свой беларускі народ і праз тэатр. I вось яна, не меўшы сцэнічнага навыку і асаблівых здольненняу ў гэтым кірунку, бярэ лекцыі дэкламацыі і ігры на сцэне ў ведамай польскай артысткі Нуны Млодзееўскай і ўпорыстаю працаю дасягае свае мэты: ейная ігра, у якую яна ўлівала ўсю сваю душу, не менш захапляла, як ейныя прамовы. Алаіза Пашкевічанка была прыкладам таго, што можа дасягнуць цвёрдая воля і сэрца, поунае любасці да свайго народа. Пауставала часта пытанне, адкуль яна бярэ сілы, каб так жыць, працаваць і вучыцца, калі ейнае здароўе было слабое і пачаткі сухотаў ужо тады падкопвалі ейныя сілы. Аб ей можна сказаць, што яна гарэла, як ахвярная свяча, і свяціла свайму народу да апошняга дня свайго жыцця. Гэтак характарызавала Алёна Бірыч-Л. Алаізу Пашкевічанку-Цётку ў часе нашае гутаркі ў 1926 годзе ў Вільні.

Я спаткалася яшчэ раз з Алаізай Пашкевічанкай, тады ўжо па мужу Кайрыс, пасля дзесяці год, тэта значьщца ў 1915 годзе, у Вільні, на памяшканні Івана Луцкевіча. Было гэта ўсяго колькі дзён пасля ўваходу немцаў у Вільню. Іван Луцкевіч уважаў, што трэба адразу шырэй паставіць беларускае пытанне перад новымі акупантамі, і запрасіў мяне на паседжанне “Беларускага камітэта помачы пацярпеўшым ад вайны”. Сходкі камітэта адбываліся на Віленскай вуліцы, 33, на памяшканні Луцкевічаў. Вось тут, пасля даўгіх год, я спаткалася з Алаізай Пашкевічанкай-Кайрыс. Мы абедзве вельмі ўсцешыліся. Пачаліся пытанні і апавяданні. Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс казала, што цяпер з мужам жыве ў Вільні і працуе як сястра Чырвонага Крыжа ў шпіталі. Я ж апавядала, што дзеля ваенных падзеяў я засталася ў Вільні, бо не хацела пакінуць мае сям'і і гэтым перапыніла маю навуковую працу.

“Нічога,— казала Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс,— будзем працаваць у роднай Вільні, тут твае веды і праца будуць больш прыдатныя. Асабліва мяне цешыць, што ты знайшла дарогу да нашага камітэта. Вось, не трацячы часу, перакладзі ў нямецкую мову наш мемарыял да нямецкіх акупацыйных уладаў у справе беларускіх школаў”. Яна, з нязломнай сваей энергіяй, горача бралася за справы і была ў духу і энергіі найлепшай калегаю Івана Луцкевіча. Мала нас тады было ў Беларускім камітэце. Польскія дзеячы зласловілі, што ўсіх віленскіх беларускіх дзеячаў можна пасадзіць на адной канапцы. Аднак праца ішла. Цётка, як усе звалі Алаізу Пашкевічанку-Кайрыс, асабліва рупілася аб адчыненні беларускіх школаў і памагала знайсці памяшканні і інвентар. Хадзіла з роспытамі па раёне, вышуквала беларускія сем'і і заклікала бацькоў запісваць дзяцей у свае школы. I як мы ўсе цешыліся, калі ў лістападзе 1915 года была адчынена першая беларуская пачатковая школа ў Вільні. Адсвяткавалі мы гэтую ўрачыстасць супольнай гарбаткай у Камітэце. Пірог на гэтае свята прынесла з хаты я.

Але гэта быў толькі пачын. Не ставала настаўнікаў. I вось супольнымі стараннямі Цёткі і Івана Луцкевіча былі адчыненыя беларускія курсы, на якіх выкладалі Іван і Антон Луцкевічы, яшчэ пара асобаў і я (нямецкая мова і педагогіка). Усе мы працавалі дарма, толькі кіраўнік курсаў, Пачобка, меў малую пенсію, якую трэба было пакрыць з малых даходаў Беларускага камітэта. Сама Цётка на курсах не выкладала, не мела часу, але цешылася, што калі 3-месячныя курсы закончацца, дык можна будзе адчыняць беларускія школы па ўсіх прадмесцях, дзе больш жыло беларусаў.

На жаль, гэтае радасці яна не дачакалася. Ейнае здароўе было кволае, благім надвор'ем яна вельмі кашляла, яе падточвалі сухоты, яна не магла выходзіць з хаты. I вось у адзін дзень, калі неба не было відаць за імглою, я прынесла ў камітэт пераклад матэрыялаў, якія мусіла падпісаць і Цётка. Іван Луцкевіч папрасіў мяне занесці гэты пераклад, як і яшчэ іншыя паперы, на перагляд і подпіс Цётцы, бо яна мела гарачку і не выходзіла з хаты. Пасля падпісання папераў і заканчэння гутаркі пра бягучыя справы Цётка перайшла на тэму агульнае палітыкі. I яна, як Іван Луцкевіч, была перакананая, што пасля вайны Беларусь будзе сама-стойная між іншымі вольнымі народамі. Трэба толькі панатужыць усе свае сілы, каб падрыхтавацца да гэтага вялікага моманту, калі беларускі народ сам будзе кіраваць сваю долю. Пасля яна перайшла ў гутарцы на Івана Луцкевіча і казала, што ў ягоны палітычны розум і ахвярную працу яна пакладае вялікія надзеі, але трэба, каб добрая душа рупілася аб ім і ягоным здароўі, і што яна вельмі радая, што я гэтак дзельна яму памагаю і добрая яму прыяцелька.

За тыдзень я пачула, што Цётка выехала ў Лідчыну, у сваю родную вёску. У камітэце мы яе больш не бачылі. Яна захварэла на тыфус. Ейны слабы арганізм не мог перамагчы гэткай цяжкой хваробы, і яна згасла, як ахвярная свяча на алтары свае Бацькаўшчыны.

Калі гэтая неспадзяваная вестка дайшла да ўсіх нас, што разам з ею працавалі, нас апанаваў вялікі сум і жаль. Асабліва Іван Луцкевіч доўга не мог з гэтым пагадзіцца, што ўжо няма яе, той, якая жарам сваей душы ўмела захапіць усіх да працы, што яна пакінула нас. Ен заўсёды казаў, што беларуская справа згубіла ў ей cor ardens — палымянае сэрца*.

Нюрнсберг, ліпень 1953 г.

СТЭПОНАС КАЙРЫС

З маіх успамінаў пра Цётку

Алаізу Пашкевічанку-Цётку* пазнаў я недзе ў 1902 годзе, калі быў студэнтам-тэхнолагам трэцяга курса. Пазнаёміліся мы ў Пецярбургу. Пасля сканчэння прыватнай гімназіі Прозаравай у Вільні Алаіза Пашкевічанка запісалася на Вышэйшыя педагагічныя курсы прафесара Лесгафта ў Пецярбургу і адразу трапіла ў самы вір усё мацнеючага рэвалюцыйнага руху акадэмічнай моладзі. Студэнцкія страйкі, дэманстрацыі, крывавыя экзекуцыі, арышты, ссыльныя канвоі — усё часцейшымі нарастаючымі сутаргамі сутракалі жыццё вышэйшых школаў Расеі. Студэнцтва было тады пульсам царскае імперыі, пульсам, што пачынаў біцца ўсё мацней і бескантрольней. Студэнцкаму рэвалюцыйнаму руху, што ахапляў розныя ідэалагічныя плыні з розных нацыянальных групаў, было супольным адно: змаганне з манархічным царскім рэжымам. Паасобныя нацыянальныя групы лучылі з гэтым і свае спецыфічныя заданні.

У асяроддзі вось гэтай усё больш распальванай моладзі Алаіза Пашкевічанка пачулася адразу “як у сябе дома”. Вельмі чуйная на падзеі, выбуховага характару, не церпячы аніякіх кампрамісаў ані ў сябе, ані ў іншых, адкідаючы ды высмейваючы ўсякія канвэнансавыя формы ў дачыненнях,— яна уважала за свой абавязак і гонар быць усюды там, дзе так ці гэтак выяўляўся нарастаючы супроць існуючага стану настрой. Яна акуратна наведвала сходкі, брала ўдзел у дэманстрацыях, рупілася пра арыштаваных сяброў. Адразу самавызначылася беларускай і гэткаю засталася назаўсёды.

Алаіза Пашкевічанка, якая нарадзілася і вырасла ў Старым Двары, Васіліскай воласці, Лідскага павета Віленшчыны, на бацькавай гаспадарцы блізу ў 100 гектараў*, у тагачасным Пецярбургу знайшла і сціплае сваё нацыянальнае асяроддзе. На тэхналагічным інсты-туце студыяваў тады ўжо Вацлаў Іваноўскі, Цётчын сусед з Двара Лябёдка, а ў пазнейшыя гады і ейны даўгагодны супрацоўнік. На той жа тэхналагічны інстытут запісаўся і вілянчук Пранцішак Умястоўскі, таксама беларус. Прыроднік Тодар Іваноўскі, брат Вацлава, ужо тады выразна хінуўся ў летувіскі бок, а найстарэйшы з Іваноўскіх, тэхнолаг-хімік Юры, уважаў сябе за паляка. З блізкіх Цёткі-Пашкевічанкі прыяцеляў прыпамінаю Сабіну Ячынаўскую, якая пасля выйшла замуж за Вацлава Іваноўскага. Беларусаў-студэнтаў было тады ў Пецярбургу вельмі мала.

З Алаізай Пашкевічанкай пазнаёміў мяне Тодар Іваноўскі, цяперашні прафесар прыродаведных навукаў на Віленскім універсітэце, якому я тады памагаў засвойваць летувіскую мову. Незвычайна жывога характеру, нештодзённая, яна выразнялася нават і ў шматколерным студэнцкім асяроддзі ды адразу зрабіла на мяне ўражанне “чалавека з жывой душой”. Па-свойму зблізілі нас Цётчыны апавяданні з дзён ейнага маленства, калі яна, яшчэ малою дзяўчынкаю, ездзіла з бацькам у Ночу прадаваць лён. Тамака яна першы раз пачула і летувіскую гутарку. Жартам нас, летувісаў, называла “гіргунамі”. Ці і ў Цётчынах жылах не было нейкай крыхі “гіргунскай” крыві — мне не ўдалося выясніць. Аднак Пашкевічаў у Летуве — колькі хаця.

З першых студэнцкіх гадоў засталося ў мяне не шмат супольных успамінаў. Былі мы маладымі. Жылі пачуццём, умелі размахнуцца, будучыні не палохаліся. Летувісаў-студэнтаў на высокіх школах Пецярбурга было тады каля 30—40 чалавек. Сярод іх ужо зазначалася ідэалагічная дыферэнцыяцыя, і абсалютная бальшыня студэнтаў хінулася да Летувіскай сацыял-дэмакратычнай партыі. Частка з іх гарнулася дзейна да партыйнай працы, рыхтавала партыйную літаратуру і збірала грошы на выданне яе. Ці рабілася тады нешта і сярод студэнтаў-беларусаў, цяпер не памятаю. З Алаізай Пашкевічанкай сустракаўся тады даволі рэдка. Ці яна і тады спробвала ўжо нешта пісаць — цяжка мне сказаць.

Жыццё як летувіскай, гэтак і беларускай акадэмічнай моладзі было тады вельмі цесна звязанае з Вільняю. З прычыны студэнцкіх страйкаў школы зачынялі, і мы ехалі “дамоў” весці далей рэвалюцыйную працу ўжо на сваіх палетках. Частка летувіскіх студэнтаў ужо ад 1900 года пераняла ад сасланых тварцоў Летувіскай сацыял-дэмакратычнай партыі іхную працу, аднавіла заняпалую ўжо крыху партыйную арганізацыю і шпарка развівала яе. У часе падзеяў 1905 года ў Вільні, калі не браць Бунду, Летувіская сацыял-дэмакратычная партыя выступала як наймацнейшая палітычная група. З Вільні партыйная праца шырылася па ўсім краі і заносіла рэвалюцыйны рух усё далей у летувіскую вёску. У Вільні мне давялося жыць летнімі вакацыямі ад 1899 года; а з набліжэннем рэвалюцыі 1905 года — і праз увесь год.

Усё часцей сустракаўся я і з Алаізай Пашкевічанкай. Беларускіх дзеячаў у Вільні было ўжо больш. У Вільні жылі тады Антон і Іван Луцкевічы; часта наведваў Вільню Вацлаў Іваноўскі; у беларускай працы браў удзел студэнт Пранцішак Умястоўскі. За беларуса сябе ўважаў і грашыма беларускую справу падтрымліваў собснік вялікага складу земляробскіх машынаў у Вільні Зыгмант Нагродскі. У асяроддзі беларускіх дзеячаў часта ўспаміналіся імёны Якуба Коласа і Янкі Купалы. Радзей і куды пазней — ксяндза Адама Станкевіча. Сталым Цётчыным ад'ютантам быў Бурбіс, летувіс з прозвішчам і беларус з пераканання. Асяродак беларускай дзейнасці канцэнтраваўся тады ,ў Вільні. Ад 1903 года дзеіла тут ужо Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, арганізацыя выразна сацыялістычнага кірунку, якая намагалася знайсці сувязь з работнікамі ды рамеснікамі і ў самой Вільні.

У 1906 годзе пачынаюць выходзіць у Вільні беларускія тыднёвікі, спачатку “Наша доля”, а пасля “Наша ніва”. Для Цёткі-Пашкевічанкі была гэта ці не найбольш інтэнсіўная пара ейнай палітычна-грамадскай працы. Поўна было яе ўсюды. Працавала ў газеце, брала ўдзел у сходах, спробвала прамаўляць на мітынгах, выступала як прадстаўніца Беларускай Сацыялістычнай Грамады на нарадах дэлегатаў рэвалюцыйных партыяў. На гэтым адрэзку напружанай грамадскай працы яна, здаецца, і пачынала спробваць свае паэтычныя здольнасці. Прынамсі, ейны “Хрэст на свабоду” ў 1905 годзе быў адным з найпапулярнейшых і публічна дэкламаваных вершаў. У асобе Цёткі малады беларускі рух здабыў не толькі адданую ўсёй душой працаўніцу, але і няўтомную ініцыятарку самога руху.

Тагачасныя летувіска-беларускія дачыненні ў Вільні адзначала шчырая прыязнь. Маладым летувіскаму і беларускаму рухам даводзілася здабываць сабе ў разнамоўнай Вільні месца і роўныя з іншымі грамадскія правы. Лёгка гэта не было. Над грамадскім, культурным, а часткова і палітычным жыццём “хрысціянскага віленскага грамадзянства” даміналі тады поўнасцю мясцовыя палякі. Эліту гэтых “тутэйшых” палякаў тварылі інтэлігенцыя, што паходзіла з летувіскай і беларускай шляхты, абшарнікі, што прыехалі ў места, часткова прадстаўнікі фінансавага капіталу, настаўлены па-польску каталіцкі клер ды збагацелыя часткі мяшчанства. Гэтая вось эліта абапіралася на апалячаны віленскі плебс і адчувала сябе за бясспрэчнага гаспадара ў касцёле, у справах места, на віленскіх вуліцах ды тварыла грамадскую думку Вільні. Гэтыя віленскія палякі, тутэйшыя людзі, што тут нарадзіліся і выраслі, былі на свой лад звязаныя з доляю гэтага краю. Яны па-свойму зжыліся з людзьмі, па-свойму асэнсоўвалі гістарычныя традыцыі краю, былі зайздросныя за сваю пазіцыю ў грамадзянстве і з злосным падозраннем сустрэлі новыя, што выйшлі з народа, рухі. У змаганні за сваю будучыню летувісы і беларусы стварылі тады супольны фронт супроць віленскіх палякаў і былі добрымі сябрамі. Пытанне тэрытарыяльнага размежавання абодвух рухаў, а разам і пытанне дзяржаўнай прыналежнасці Віленшчыны, тады ў паважнейшай форме не паўставала.

Будучы тады ў Вільні, Пашкевічанка-Цётка жыла сярод свае сям'і. Ейныя два браты, Вацлаў і Язэп Пашкевічы, абодва ахвіцэры Маладзечанскага пяхотнага палка, нежанатыя, мелі супольнае памяшканне на Сніпішках. Братоў наведвалі прыездам з правінцыі старэйшая сястра Стэфанія і маладзейшая Караліна. Наймаладзейшая Цётчына сястра — Зофія — паказвалася тады ў Вільні рэдка. У братоў жыла і Алаіза. Паводле нацыянальнай сведамасці Цётчына сям'я была неадналітая, а адначасна і своеасабліва “тутэйшая”. Хатняя мова была польская, польская таго асаблівага характару, які яна мела ў дробнай шляхты Летувы і Беларусі і на які гэтак своеасабліва ўплывалі сінтаксіс, вымова і слоўнік мясцовых моваў. Цётчына матка была пад наибольшим уплывам польскай культуры. Старэйшая сястра Стэфанія была “па-панску” настаўленая і выразна аддавала першыню польскай мове. Прыхільнасць да польскай культуры выяўлялі брат Вацлаў і сёстры Караліна ды Зофія. Найбольш за ўсіх з беларускай вёскай і беларускай мовай зросся Цётчын бацька і ейны брат Язэп. Дзейнага падтрымання сваёй беларускай нацыянальнай працы ад сяброў свае сям'і Цётка не мела. Але і ейны ўдзел у беларускім руху не ўважаўся ў сям'і за нейкае няшчасце.

У канцы 1905 года, пасля залому работніцкага паўстання ў Маскве, пачала заломвацца і ўся рэвалюцыя. Пачала ўсё мацней бушаваць рэакцыя, налягаючы першым чынам на краі, што адзначыліся рэвалюцыйнымі днямі, гэтым самым — на Летуву, Беларусь, а разам і Вільню. Адначасна з рэвалюцыяй ападалі і рэвалюцыйныя настроі, слабела рэвалюцыйная праца, якую часткова даводзілася пераносіць у падзямелле. Цётка-Пашкевічанка з ейным выбуховым характарам і балючай пачуццёвасцю глыбей за іншых перажыла апаразу і хіба барзджэй за іншых паддалася часоваму песімізму. У Пецярбург канчаць курсы прафесара Лесгафта Яна больш не паехала. У адной беларускай хрэстаматыі я натрапіў на цверджанне, быццам за нелегальную працу Цётцы пагражала судовая справа і дзеля гэтага яна была змушаная перабрацца за межы. Нашыя дачыненні тады не былі яшчэ вельмі блізкія, і гэтага цверджання я не мог бы катэгарычна запярэчыць. Мне ўсё ж выдаецца, што не пагроза кары навяла Алаізу Пашкевічанку на думку выезду за межы на далейшыя студыі. На пачатку 1906 года яна ўжо напэўна была ў Кракаве і пачала студыяваць літаратуру на Кракаўскім універсітэце. У часе бытнасці ў Кракаве Цётка пазнала на сцэне і слаўную тады драматычную артыстку Сольскую ды была захоплена ейнаю ігрою. Пад уплывам ігры Сольскай Цётка зацікавілася тэатрам наогул і, калі не мыляюся, нейкі час наведвала драматычную студыю Сольскай, спрабуючы сваіх здольнасцяў на сцэне. Ужо ладна пазней, у 1913 годзе, калі яна стала жыла ў Вільні, Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс пакладала шмат натугаў, каб зарганізаваць і рыхтаваць трупу беларускіх артыстаў-аматараў для гастроляў па меншых мястэчках Віленшчыны. На адным такім паказе ў Вілейцы давялося і мне пабыць.

Алаіза Пашкевічанка, якая кожнай працы аддавалася ўсёй сваёй душою, не ўмела сцерагчы свайго здароўя. Яна не знала супачынку, калі трэба было нешта тэрмінова выканаць. За працаю часта забывалася, што трэба і есці. Калі была студэнткаю ў Кракаве, не хацелася зварачацца да блізкіх па дапамогу ды часта і галадавала. Як найменш рупілася пра свае ўборы — ёй усё ішло. Нядбайнасць пра сваё здароўе з часам памсцілася. Ранняю вясной 1907 года мне давялося браць удзел у агульным з'ездзе Расейскай сацыял-дэмакратычнай партыі ў Лондане. Па дарозе назад у Летуву я завярнуў у Закапанае. У Закапаным, у гуральскай хаціне, знайшоў хворую на лёгкія Цётку — як заўсёды жывую, чуйкую на падзеі і найменш дбайную пра сябе. Працэс у лёгкіх толькі пачынаўся, аднак для залячэння яго канечнымі былі чыстае горнае паветра, як найбольш сонца ды магчыма лепшая яда. Пра гэта, аднак, Цётка і ў Закапаным найменш рупілася. Засталася там на ўсё лета. З бліжэйшых прыяцеляў мела яна ў Закапаным хворага тады ж на лёгкія Вітаўта Чыжа, студэнта з Ашмянскага павета, што студыяваў тэхніку ў Львове. Яна там ссябравалася блізка і з Ёнасам ды Юліяй Білюнасамі. Енас Білюнас, цяжка вынішчаны сухотамі, дажываў у Закапаным тады свой апошні год.

Алаіза Пашкевічанка прабыла ў Закапаным ці не да канца 1907 года — наведваў я яе там яшчэ раз увосені таго ж года — паправілася з лёгкімі і перабралася на студыі ў Львоўскі універсітэт, на гістарычна-філалагічны факультэт. Для свае дыпломнае працы ўзяла спачатку гістарычную тэму: паўстанне Свідрыгайлы. Пазней тэму змяніла і пачала збіраць матэрыял пра “беларускую батлейку”. Гэтага матэрыялу назбірала даволі шмат, працы, аднак, не напісала. (Можа, можна гэта спраўдзіць у Вітаўта Чыжа, калі яшчэ жыве; прынамсі, у Вільні гэтай працы не пісала.) На Львоўскім універсітэце Алаіза Пашкевічанка студыявала да 1911 года.

Гады 1906—1907 былі ў жыцці Пашкевічанкі гадамі перамены, але без балючых пераломаў. Выглядае, што акурат тады, пры ападанні рэвалюцыйнага руху ў Расеі, яна на даўжэйшы час адмежавалася ад палітычнай дзейнасці ды аддавалася нацыянальна-культурнай працы. Новы кірунак набылі ад гэтага часу і ейная паэтычная творчасць, і напісаныя ёю белетрыстычнага характару абразкі. Цётка прыціхла, хоць жывых сувязяў з навакольным жыццём і не зрывала. Яна брала цяпер яго такім, якім яно было. Не падыходзіла б да Цётчынага характару, каб яна і тады не верыла ў святлейшую будучыню свайго народа. Песімізм, які і на яе ці раз моцна нападау, ніколі не ўплываў на ейную станоўкасць працаваць і на ейную веру ў поступ чалавецтва, а разам і свайго краю. Гэтай культурнай працы Цётка аддала ўсю пазнейшую пару свайго жыцця, калі, пасля замужжа, зажыла настала — аж да пачатку першай сусветнай вайны — у Вкіьні. Найбольш працы і цёплай рупнасці аддавала тады выдаванню часопіса для моладзі “Лучынка”.

Студыюючы на універсітэце ў Львове, Алаіза Пашкевічанка не мела большых клопатаў з хваробаю лёгкіх. Штовясны наведвала бацькавіну. Нашыя дачыненні, што ставалі ўсё больш прыяцельскімі, ад 1906 года былі нагэтулькі блізкія, што ўлетку 1909 года яна гасціла ў мяне ў Мелікесе Самарскай губерні, дзе я па сканчэнні ў 1908 годзе інстытута тэхналогіі працаваў ужо інжынерам пры пабудове чыгуначных мастоў. У 1911 годзе Алаіза Пашкевічанка другі раз наведала мяне, ужо ў Куршчыне, на Украіне, дзе мне давялося выконваць, разам з інжынерам Петрам Вілейшысам, пабудову мастоў Паўночна-Данской чыгункі.

У канцы 1911 года я вярнуўся з Украіны і асяліўся ў Вільні. У лютым 1912 года мы пабраліся, і ад гэтай пары Цётка-Кайрыс жыла ўвесь час, аж да свае смерці, у Вільні, наведваючы рэдчас Менск, сваю бацькавіну, маю бацькавіну і Віленшчыну. Уладзіліся мы вельмі сціпла, па-студэнцку, і напачатку зажылі на Звярынцы. Цётка не цярпела мяшчанскага спосабу жыцця, і аж да першай сусветнай вайны мы абыходзіліся памяшканнем з двух пакояў з кухняй. Наймічкі мы не мелі, хоць майго заработку за працу ў самаўрадзе места Вільні стала б і на крыху раскашнейшае жыццё; на абаіх знаць было яшчэ нядаўнае студэнцтва.

Жонка не мела тады ніякай працы, што звязвала б яе, і ўвесь свой час аддавала справам беларускага руху. Шмат пісала. Не уважаю за свае задание выказвацца пра Цётчыну творчасць. У сваю творчасць яна заўсёды ўкладала душу. Не заўсёды было ей легка выказаць словамі перажыванні, пачуцці і думкі. Чарнавікі ейных друкаваных твораў паказваюць, што часта патрэбная была марудная праца, пакуль выражаныя думкі знаходзілі сабе адпаведную форму на паперы. Можа дзеля гэтага Цётка не паспела стварыць гэтулькі, колькі абяцаў ейны, перажываннямі наздзіў багаты, нутраны свет.

Першая сусветная вайна, якая заспела нас у Вільні, адлістала і ў Цётчыным жыцці новую балонку. Давялося ёй бадай зусім абарваць працу, якую раней вяла. Выбухлая вайна стала перад усімі намі і поўная будучых магчымасцяў і, адначасна, жудасная сваёю штодзённаю рэчаіснасцяй. Ваенныя падзеі закраналі ўвесь час ды беспасярэдня і Вільню. Катастрофа расейскіх арміяў ува Усходніх Прусах запоўніла віленскія больніцы раненымі і хворымі на заразныя хваробы. Цётка не ўмела быць абыякавай да падзеяў і ўвясну 1915 года падалася на працу сястрою міласэрдзя, у барак для заразных хваробаў у Вільні. Працавала да позняй восені. У беларускім друку можна сустрэць вестку пра тое, быццам Цётка была сястрою міласэрдзя на фронце. У сапраўднасці на фронце яна ніколі не была. Увосені гэтага ж года загінуў у франтавых баях каля Горадна Цётчын брат Язэп. I гэта быў пачатак ідучых на яе няшчасцяў.

У 1915 годзе Вільня ўжо чакала нямецкай акупацыі. Падахвочваныя расейскімі ўладамі, жыхары краю, асабліва мяшчане, масава збіраліся да эвакуацыі у Расею. Мы дамовіліся заставацца ў Вільні і у Вільні дачакаліся і немцаў. Нямецкая акупацыя адразу спаралізавала грамадскае жыццё, спыніла выхад прэсы; не дапушчала арганізаванае дзейнасці, праз вайскова-адміністрацыйны апарат скавала увесь край ды пачала бязлітасна ачышчаць яго. Вільня адразу апынулася пад пагрозаю голаду. Трэба было ратаваць ад галоднай смерці дзяцей галоты і арганізаваць ім прытулкі. Неўзабаве пачалі галадаваць масавыя віленчукі, і немцы былі змушаны даць дазвол на арганізаванне публічных сталовак для народа ды прыдзялялі ім крыху і харчоў. Гэтак пачалася праца ратавання ад голаду, і Цётка жвава у яе ўлучылася. Ды ненадоўга. У канцы 1915 года захварэў на сыпны тыфус ейны бацька, і яго павезлі ў больніцу ў Ліду. У студзені 1916 года бацька памёр. Па атрыманні паведамлення мы выехалі ў Ліду на паховіны. Пасля пахавання старога Пашкевіча мы зімоваю дарогаю, коньмі, пры вялікім марозе паехалі на жончыну бацькавіну. Ейная сям'я была раскіданая: апрача памерлага бацькі і двух сыноў на вайне, адзін з якіх ужо загінуў, эвакуавалася ў Расею Цётчына маці і ейная малодшая сястра Караліна. Стары Двор апусцеў, у ім засталася толькі старэйшая сястра Стэфанія.

Я працаваў у віленскім самаўрадзе і мусіў варочацца дамоў. Жонка засталася на некаторы час на бацькавіне. Пасля колькіх дзён я атрымаў тэлеграму, што і жонка небяспечна хворая. Таго ж дня выехаў чыгункаю і з Васілішак пехатою дабраўся да Старога Двара. Жонка ляжала непрытомная ўжо ад колькіх дзён, хворая на той жа тыфус. Папрошаны з Васілішкаў лекар-немец мала знаўся на лячэнні тыфусу, не памог нічога. Шукаць іншых лекароў было немагчыма: на месцы іх не было, а дабрацца да Вільні гэтымі часамі было блізу немагчыма; ды на гэта было ўжо і запозна. Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс памерла 5 лютага 1916 года пад роднаю страхою, не прыходзячы да памяці. Пахавалі яе на бацькавіне. Паміж гасцінцам у Васілішкі, што ідзе каля самай сялібы Пашкевічаў, і дарогі, што адгалінаецца ад гэтага гасцінца ды ідзе ў сялібу, каля сялібнай агарожы, вырасла адзінотная магіла. Магілу сцеражэ дзервяны, зроблены вясковым дойлідам крыж з надпісам, хто ляжыць у магіле. Быць пахаванаю блізка свайго дому жадала сама Цётка.

Ваенныя гады і пасляваенныя падзеі шмат што змянілі і ў маім жыцці. Пасля нямецкай акупацыі Вільні мы з жонкаю перабраліся з Звярынца ў места ды асяліліся на Пясковай вуліцы. У гэтым памяшканні перажыў я да 1918 года. У канцы гэтага года, з пачаткам адбудовы незалежнай Летувы, я выехаў з Вільні ў Утэнскі павет на арганізацыю мясцовага самаўраду і назад не вярнуўся,— Вільню заняла Чырвоная армія, і з Капсуком сустрэцца мне не давялося: пакінутыя ў памяшканні мае рэчы — кнігі і Цётчыны рукапісы — узялі пад сваю апеку і перахавалі мае прыяцелі. Не знайшоў пазней толькі двух партрэтаў Цёткі, рысаваных вугалем мастаком Станейкам. Крыху пачакаўшы, знайшлася магчымасць забраць свае рэчы ў Коўню, дзе я асяліўся настала. Сярод захаваных рэчаў была і скрынка з рукапісамі Цёткі. Пасля я іх перагледзеў. Сярод іх нічога не знайшоў, што ўжо не паказалася ў беларускім друку, хіба найбольш у “Лучынцы”. Гэта былі чарнавікі Цётчыных друкаваных вершаў і апавяданняў ды колькі незакончаных варыянтаў на тыя самыя тэмы. Адабраў тое, што мне выдавалася больш вартасным, у асобную папку і чакаў нагоды для навязання лучнасці з Цётчыным братам Вацлавам, каб выясніць, якой беларускай арганізацыі маю гэтую спадчыну перадаць. Зрабіць гэта мне не ўдалося. І калі я ўлетку 1944 года ўпотайкі пакінуў Коўню, Цётчыны рукапісы засталіся там. Ці хоць нешта з мае собскасці, мае бібліятэкі і рукапісаў яшчэ сёння існуе — вельмі сумляваюся.

Алаіза Пашкевічанка-Кайрыс пакінула жыццё быццам скрадкам у абмерлай дзеля вайны вясковай глушы. Пакінула супраць свае волі. Жыць і быць дзейньш удзельнікам жыцця хацела Цётка. Сямейныя няшчасці апошніх месяцаў ударылі па ёй балюча; аднак жа тысячы ніцей, якімі яна была звязана з жыццём, засталіся мала кранутыя. Жыццё надзіла яе і далей. Вайна яшчэ не дайшла і да свае палавіны, але мы усе, разам і Цётка, чакалі, не без надзеі, ейнага канца. Ці не прынясе ён і нашым краем новую будучыню? Цётчыны творчыя сілы яшчэ толькі даспявалі. Калі на самым пачатку грамадскае працы ейную творчасць пабуджаў паўсталы настрой рэвалюцыйных абставінаў, што быў зменны і дзеіў больш на пачуцці, дык пазнейшымі гадамі Цётка супакоілася ды бралася за больш сталыя заданні, кіруючыся выразна больш да арганічнай працы ў галіне культурнага жыцця, да культурных заданняў беларускага руху першым чьшам. I хто ведае, мо вайна, што стварыла новыя, хай сабе і часовыя, жыццёвыя абставіны ды суліла новае, хоць яшчэ і невыразнае будучае жыццё,— ці яна не была б пачаткам новай і ў Цётчыным жыцці і творчасці пары? Магчыма. У гэткую новую пару, мне здаецца, Цётка ўвайшла б яшчэ больш сталаю, узбагачанаю дазнаннем мінуласці і працавала б з неаслабнай ахвярнасцю для выбранай мэты жыцця. Любасці да людзей і свайго краю Цётцы заўсёды стала б нагэтулькі доўга, колькі ёй было б прызначана жыць.

Кім была Пашкевічанка-Кайрыс паводле сваіх палітычна-сацыяльных паглядаў? Яна была адным з закладнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады ды уважала сябе ўвесь час за сябру гэтай арганізацыі, не набіраючы, аднак, характэрных партыйнаму чалавеку якасцяў. Яе не вязалі пастановы партыйнае праграмы, і яна не гэтак ужо вельмі і пільнавала партыйнай дысцыпліны. Хоць Беларуская Грамада была сацыялістычнаю арганізацыяй, Цётку не шмат цікавілі асновы тэорыі сацыялізму. Была ёй, аднак жа, сваёй маральная існасць сацыялізму. Яна была арганічна зліўшыся з народам свайго асяроддзя, і яе, як у творчасці, гэтак і ў жыцці — заўсёды цягнула туды, дзе было больш гора, дзе больш крыўдзілі, паніжалі “малога” чалавека, дзе была ў ім паніжаная сама ягоная чалавецкасць. Гэта не выпадкам у сваёй творчасці Цётка шмат сэрца аддавала вясковаму асяроддзю, самагаротнай, самапрыбітай істоце — вясковай жанчыне. Мне здаецца, што Цётка была сацыялісткаю дзеля свайго сэрца і чуйкай справядлівасці: значыцца, самаспраўднай сацыялісткай, якая свае сілы і здольнасці прызначала змаганню з людской цемнатой, з людской крыўдай, з абесчалавечаннем і са злым рэжымам палітычнага ўціску і нягодамі сацыяльнага ладу.

Ці непадзельная адданасць Цёткі беларускаму руху і ягоным заданням не мела чагосьці, што вызначалася б надмерным вузкім зацікаўленнем толькі “сваёй” беларускай справаю? Хоць Цётка ўсюды і заўсёды падчырквала сваю беларускасць і не дазваляла нікому зачапіць беларускую справу, у гэтай, аднак, своеасаблівай ваяўнічасці не было нейкай агрэсіўнасці супроць якой-небудзь іншай нацыяльнасці. Наведваючы разам маю бацькавіну, мне не раз даводзілася дзівіцца, як легка і “натуральна” Цётка ўлучалася ў новае ёй асяроддзе. Пасля дня гасцявання яна была ўжо “свая” сярод маіх блізкіх, хоць гэта і былі “гіргуны”. Што дапамагала Цётцы вельмі борзда злівацца, хай і з чужым сабе нацыянальна асяроддзем, дык гэта ейны людскі падыход да чалавека і пашана да яго. 3 летувісамі сябравала асабліва цёпла, і, у часе нашага жыцця ў Вільні, наш даволі сціплы “таварыскі” круг складаўся блізу вылучна з летувісаў і беларусаў — сярод іх мы абое чуліся “сваімі”.

Ваенныя гады раскідалі часткова як віленскіх летувісаў, гэтак і віленскіх беларусаў. З канцом вайны пачаліся намаганні адбудовы незалежнай Летувы, і адначасна Беларусь паўстала як Савецкая Сацыялістычйая Рэспубліка з цэнтрам у Менску, залежная ад Масквы больш, як калі-небудзь на працягу свайго гістарычнага шляху. Шмат старых знаёмстваў абарвалася. Пасля авантуры Жэлігоўскага змянілася з грунту і само віленскае жыццё. I адно колькі год пасля вайны, калі беларусы пачалі разгортваць у Вільні сваё культурнае жыццё, давялося тады ізноў прыгадаць сабе з болем, што згубіў беларускі pyx у асобе Цёткі*.

ВАЦЛАЎ ЛАСТОЎСКІ

Мае ўспаміны аб М. Багдановічу

Паяўленне творчасці Максіма Багдановіча ў крыўскай (беларускай) мове цесна звязана з рэдакцыяй тыднёвага беларускага часопіса “Наша ніва”, які выходзіў у Вільні ад восені 1906 да восені 1914 года.

Дзеля гэтага, для лепшага выяснення некаторых момантаў з маіх успамінаў, лічу патрэбным найперш кароткімі рысамі ўвесці чытача ў круг унутранага жыцця рэдакцыі і парушаўшых яе сіл і імкненняў.

1909 год быў асабліва трудным у развіцці крывічанскага (беларускага) адраджэння. Рэвалюцыйны ўздым 1905—1906 гг. застаўся недзе далёка па-за сінімі лясамі. Маладая сялянская дэмакратыя, за гады наступіўшай пасля ўздыму рэакцыі, была разбіта. Адны сядзелі ў турмах (Я. Колас, А. Бурбіс і інш.), другія былі сасланы (Прушынскі, Лёсік і іншыя), трэція дапасоўвалі свае сілы да варункаў паднявольнага жыцця, чацвёртыя адкрыта пайшлі ў варожы адраджэнню абоз, далучаючыся да расійскай і польскай рэакцыі.

З сіл, якія дзеялі ў 1905 годзе, пры крывічанскім (беларускім) адраджэнні асталіся нячысленыя адзінкі, дый тыя неарганізаваныя, з разнароднымі імкненнямі і разумением ролі беларускага (крыўскага) адраджэння ў жыцці народа і для яго будучыні.

Склад рэдакцыі “Наша ніва” ў 1909 годзе быў гэткі: А. Уласаў, браты Іван і Антон Луцкевічы, Ядвігін Ш. (Лявіцкі), Янка Купала, В. Ластоўскі і, дарыўкамі,— Язэп Манькоўскі (Янка Окліч) ды Чыж (Альгерд Бульба), а на пачатку лета 1909 г. прыбыў яшчэ С. Палуян.

Гэты склад рэдакцыі ў 1909 і 1910 гг. рэзка распадаўся на дзве групы, каторыя былі дамэтна характарызаваны свежа прыехаўшым з Кіева С. Палуянам “верхняй” і “ніжняй” палатамі. Да “верхняй” палаты належалі: А. Уласаў, браты Луцкевічы і, калі бывалі,— Чыж і Манькоўскі. “Ніжняя” палата складалася з Ядвігіна Ш., Купалы, Ластоўскага і Палуяна, а ў канцы 1909 г. да яе далучыўся мастак-маляр Я. Драздовіч. Рэдакцыя ў цэлым ніколі не сходзілася. На Віленскай, № 20, дзе памяшчалася рэдакцыя, магазін ад вуліцы займала “ніжняя” палата, святліцу ад падворку мела ў сваім выключным панаванні “верхняя” палата. Паміж сабою працаўнікі гэтых дзвюх “палат” рэдка сустракаліся; у тэхнічных справах рэдакцыі зносіліся праз замкнутыя на ключ дзверы па шчэлцы над парогам. Праз гэту шчэлку перасылаліся туды і назад рэдакцыйныя матэрыялы і карэспандэнцыя.

За зачыненымі і завешанымі цяжкай драперыяй дзвярыма ў гасподзе “верхняй” палаты вяршыліся “высокія” палітычныя матэрыі. Адгалоскі шырокіх планаў “верхняй” палаты даходзілі ў “ніжнюю” з трэціх і пятых рук, часта ў хаатычнай форме. Адно толькі было пэўным, што там ішла буйная ігра са значнымі стаўкамі з боку уніяцкай іерархіі і некаторых другіх, сільных у тыя часы, палітычных краевых чыннікаў. Ад вуліцы ж у “ніжнюю” палату ішла публіка “чорная” і “шэрая”. Ясна, што пры такім падзеле “верхняя” і “ніжняя” палаты думалі па-рознаму, жылі рознымі ідэаламі, насілі ў сабе зародкі розных кірункаў нацыянальнай мыслі.

На пачатку 1909 г. Максім Багдановіч прыслаў некалькі лісцікаў сваіх вершаў, падпісаных поўным уласным прозвішчам і імем. Вершы для кожнага нумара “Нашай нівы” падбіраў Янка Купала, бо, акрамя Я. Коласа, Купалы і яшчэ 2—3 паэтаў, 99 % вершаў, надасланых у рэдакцыю, былі з дэфектамі. Павіннасцю Я. Купалы было папраўляць іх перад здачай у друк. Друкавалі ж адзін-два вершы кожнага новага “паэта”, каб заахвоціць яго да пісання. Былі ці не былі зроблены якія папраўкі ў вершах “Над магілай” і “Прыйдзе вясна”, я не памятаю, можа, памятае сам Я. Купала, але гэта былі адны з першых вершаў і надрукаваныя пад праўдзівым прозвішчам і імем аўтара. На пачатку траўня месяца, таго ж года, Максім Багдановіч ізноў прыслаў у “Нашу ніву” маленькі сшытачак новых сваіх твораў, які абымаў 8—9 вершаў. Нябожчык Ядвігін ахрысціў гэты сшытачак “дэкадэнтчынай”. Яго апінія падзялялася “вярхоўнай” палатай. Іншага погляду трымалася аб новым пісьменніку “ніжняя” палата, а ў першы чарод Я. Купала, які інтуітыўна вычуў у гэтых першых паэтыцкіх спробах у Максіме Багдановічы сапраўднага мастака. Спамянуты сшытак вярнуўся з перагляду “верхняй” палаты ў “ніжнюю”, перакрэслены сінім алоўкам з надпісам рукой А. Уласава “В архів”. Пад перакладам з Н. Святагора “Дзве песні” быў надпіс рукой А. Луцкевіча “можна надрукаваць пад псеўданімам”: палітыка “верхняй” палаты строга прытрымлівалася лініі нераскрывання сваіх супрацоўнікаў, каб манаполія прадстаўніцтва руху была выключна ў яе руках.

“Дзве песні” пайшлі ў друк з папраўкамі ў мове Я. Купалы, але з іншым подпісам: у карэктуры Ядвігін падпісаў верш, прыдуманым ім для Максіма Багдановіча, псеўданімам “Максім Крыніца”.

Праз некалькі тыдняў пасля надрукаванага верша “Дзве песні” Максім Багдановіч прыслаў яшчэ некалькі новых вершаў і ліст, у якім пратэставаў, што яго перарабілі ў “Максіма Крыніцу”. Але вершы былі зноў “дэкадэнцкія” і дзеля гэтага трапілі ў тую ж папку, дзе быў папярэдні сшытак з надпісам “В архів”. Там яны пралежалі да канца жніўня, калі іх выцягнуў на свет С. Палуян, які, прачытаўшы вершы, з надзвычайным захапленнем стаў бараніць іх спярша перад Ядвігіным, а пасля перад “верхняй” палатай, з радоў якой за надрукаванне некаторых вершаў першы выказаўся Чыж, а пазней А. Луцкевіч. У выніку ў № 35—36 (падвойным) з перапрапраўкамі С. Палуяна пад праўдзівым ужо прозвішчам аўтара былі надрукаваны два вершыкі пад агульным загалоўкам “Лясун” (б. 516), у № 38 — “Край мой радзімы”, у № 39—“3 песняў беларускага мужыка”, далей у № $1 — два вершы з цыкла “Вадзянік”, у № 42 — “На чужыне”, у № 43 — “Пугач”, у № 44 — пераклад з Гейнэ, у № 46 — павіншаванне “Нашай ніве”, у № 47 — “Разрытая магіла”, у № 50 — верш, пасвяточны С-ну, № 51—52 — “Цемень”.

Пасля надрукавання “Край мой радзімы” і вершаў з цыкла “Вадзянік” у рэдакцыйным складзе, акрамя Ядвігіна, які ўпорна казаў: “А ўсё ж гэтыя вершы не для народа”, усе аднагалосна выражалі прызнанне пісьменніцкага таленту М. Багдановічу. С. Палуян завязаў з ім частую перапіску на нацыянальна-літараратурныя тэмы. Пасля ж выезду С. Палуяна назад у Кіеў і яго трагічнай смерці перапіску з Багдановічам прадаўжаў аўтар гэтага нарыса.

Ядвігін меў рацыю, калі казаў, што вершы М. Багдановіча будуць незразумелымі радавому чытачу “Нашай нівы”. Пераканацца ў гэтым мне давялося летам: 1910 года, калі з Менску, пачародна, прыязджалі ў Вільню Альберт Паўловіч і Галубок. Абодва паэтьі' нападалі на беззмястоўнасць вершаў М. Багдановіча, а асабліва — А. Паўловіч, які злосна выкпіваў, перафразоўваючы, паасобныя звароты вершаў М. Багдановіча, каторага стала называў не па прозвішчы, а “ваш Лесавік”. Усе гэтыя нападкі прыходзілася выслухаць мне як сакратару рэдакцыі, прычым ніякія аргументы ў абарону М. Багдановіча не мелі ўплыву. Вуснамі супраціўнікаў Багдановіча гаварыла іх абражаная аўтарская амбіцыя, што ў нашым мініяцюрным часопісе, замест іх твораў, займаецца месца пад вершы Багдановіча. Што нападкі з боку менчукоў былі няшчырымі, відаць з таго, што, у мэтах канкуравання з Багдановічам за месца ў часопісе, А. Паўловіч пачаў надсылаць замест сваіх вясёлых і дасціпных жартаў вершы на сур'ёзныя тэмы. Але з А. Паўловіча лепшы гумарыст, як філосаф і эстэт, і таму не ўдалося яму выціснуць з “Нашай нівы” творчасці М. Багдановіча, тым больш што-з кожнай новай прысылкай вершаў у развіцці яго таленту адчуваўся значны поступ.

На вясну 1912 года М. Багдановіч пісаў у рэдакцыю “Нашай нівы”, што ён хацеў бы ў гэтым годзе выкарыстаць свае канікулы на першую паездку на Бацькаўшчыну і прабыць які месяц дзе-колечы на вёсцы, каб азнаёміцца з мовай і бытам таго народа, на служэнне якому хацеў пасвяціць свае сілы. Па нарадзе, якая адбылася паміж братамі Луцкевічамі і А. Уласавым, М. Багдановічу адпісаў А. Луцкевіч, запрашаючы на лета да свайго дзядзькі, дробнага шляхціца, які меў свой фальварак недзе між Вілейкай і Менскам.

У чэрвені месяцы прыехаў М. Багдановіч у Вільню. Пры першай сустрэчы з ім мне ўразіліся яго вочы з даволі праніклівым поглядам, але калі ён, гаворачы, запаляўся, вочы яго глядзел не на зне, а ўнутр, быццам былі звернуты ў мозг.

Драездам у вёску М. Багдановіч прабыў два дні ў Вільні. Абедзве ночы начаваў у рэдакцыі “Нашай нівы”, якая тады месцілася на Завальнай вуліцы, № 7, у тым самым памяшчэнні, дзе цяпер Беларуская кнігарня. Абедзве ночы я правёў разам з ім, і кожны раз гутаркі нашы зацягваліся ад змяркання да світання.

Багдановіч дзяліўся сваімі думкамі і з захапленнем пераймаў ад мяне мае ведамасці з беларускай (крыўскай) этнаграфіі і гісторыі, якія я пераказваў яму як ўмеў, дэманструючы быўшыя пры рэдакцыі калекцыі Івана Луцкевіча. Асабліва глыбокае ўражанне на Багдановіча зрабілі рукапісы старасвецкіх славянскіх кніг і дакументаў, а такжа слуцкія паясы, якія ён па некалькі разоў пераглядаў.

— Гэта ёсць фундамент нашага адраджэння! Гэта і за тысячу гадоў будзе сведчыць аб нас!— казаў М. Багдановіч аб помніках нашай старасвецкай культуры.

Мову М. Багдановіч знаў яшчэ дрэнна і, гаворачы, збіваўся на маскоўшчыну, але чутка ўлаўліваў дысанансы, спыняўся і перапытваў: “Як трэба сказаць гэта правільна”, “Прашу, папраўце мяне”.

М. Багдановіч прыехаў у Вільню ўжо як актыўны і свядомы працаўнік беларускага (крыўскага) адраджэння, глыбей сягаючы думкай у будучыню нашага народа, чым мы, працаўнікі, згрупаваныя ў цэнтры. Гэтыя яго думкі аб адраджэнні і былі галоўнай тэмай нашых начных бясед.

Мыслі яго былі больш-менш гэткія. Адзіная аснова нашага адраджэння — гэта сялянства. Усё, што па-за сялянствам,— чужое і варожае адраджэнню. Мозгам кожнай нацыі ёсць яго інтэлігенцыя, —- і вось першым і найважнейшым нашым заданнем павінна быць узгадаванне інтэлігенцыі, выведзенай з сялянскіх мае. М. Багдановіч верыў у інтэлект. Ен з запалам мроіў аб тым, каб з беларускай (крыўскай) інтэлігенцыі ўзгадаваць сапраўднага генія слова, які б паказаў свайму народу не толькі красу роднай мовы, але даў бы творы з агульналюдскімі цэннасцямі, каб знанне творчасці нашага генія было абавязковым для кожнага культурнага чалавека ўсяго свету. Інтэлігенцыя з народа і сама ў сабе народная, каторая будзе ў сябе ў сям'і гаварыць роднай мовай, будзе вучыць сваіх дзяцей дома спярша ў роднай мове, раней чым паслаць іх у чужую школу,— навучыць народ адносіцца з пашанай да яго пагарджанай усімі мовы; геніі ж слова павінны ўвекавечыць нашае нацыянальнае імя і паставіць яго нараўне са ўсімі іншымі культурнымі народамі свету.

Пераходзячы да тагачаснай беларускай (крыўскай) пісьменнасці, М. Багдановіч казаў, што, нягледзячы на ўсю яе беднасць, яна мае ў сабе зародкі новых дум, новых цэннасцяў. Край беларускі — лясісты і балоцісты. Вось нам і трэба стварыць паэзію лесу, паэзію дрыгвы. Украінская стыхія — стэп, у нас наша стыхія — лес і балота. Тут ёсць свая адменная краса, адменная рытміка, адменны чар. Трэба іх падгледзець, знайсці і вынесці на шырокі свет...

Прабыўшы, здаецца, месяц на вёсцы, М. Багдановіч вяртаўся назад праз Вільню.

Ізноў панавіліся паміж намі гутаркі на тыя ж тэмы. Ён цяпер яшчэ пэўней глядзеў у будучыню. Між іншым, прывёз з сабой праект ацзнкі літаратурных твораў, прыдуманы ім у часе адпачынку. Ен шукаў матэматычна правільнага і вернага спосабу ацэнкі гэтых твораў і прыйшоў да вываду, што такі спосаб можна знайсці, калі разлажыць твор на паасобныя вобразы, звароты і словы. Адны вобразы і звароты будуць належаць да катэгорыі збітых, выцертых ад доўгага ўжытку, як хадзячая разменная манета, другія будуць зусім арыгінальнымі, не ўзятымі скульсці, не запазычанымі ад другіх, а створаныя самім пісьменнікам. Гэтая арыгынальнасць і становіць самае цэннае ў творчасці аўтара. Фаўняючы творчасць двух аўтараў, трэба падлічыць суму створаных ім вобразаў, зваротаў і думак, кожнага ў аддзельнасці,— і цыфравая розніца пакажа стасунковую вышэйшасць або ніжэйшасць аднаго і другога аўтара. Пазней М. Багдановіч уносіў карэктывы да гэтых сваіх думак: ён вымагаў не толькі арыгінальнасці, але і апрацавання арыгінальнага, шліфоўкі, што выказаў у сваім апавяданні аб Іконніку і Залатару.

На вёсцы М. Багдановіч не марнаваў часу, ён напісаў там цыкл вершаў “Старая Беларусь”, у якіх адбіліся яго настроі з пабыцця ў рэдакцыі “Нашай нівы” і, цешу сябе,— часцю мае з ім начныя бяседы, акрамя таго — нізку вершаў “Места” і, урэшце, — “У вёсцы” і “Вераніка”.

За некалькі месяцаў пасля выезду з Вільні М. Багдановіч надаслаў у рэдакцыю “Нашай нівы” рукапіс, у якім былі сабраны яго вершы, я,к некаторыя з раней друкаваных у “Нашай ніве”, так і на-нова ім напісаныя, пад загалоўкам “Кніжка выбраных вершаў”, з просьбай выпусціць асобнай кніжачкай. Рукапіс гэты пралежаў у рэдакцыі больш паўгода, бо не было грошай, каб надрукаваць яго. I толькі ў 1913 годзе былі дабыты грошы на надрукаванне рукапісу. Здарылася гэта такім парадкам. Мая швагерка, літоўская пісьменніца Пеледа (Lazdynu Peleda), прывезла мне з Кейдан старое антыпедзіум з гербам “Равіч”. Гэтае антыпедзіум прадаў Іван Луцкевіч нейкаму памешчыку, каторы пячатаўся гербам “Равіч” (дзева едзе на мядзведзю), за трыста рублёў. 150 руб. з гэтых грошай пайшло на аплату друкарні за друкаванне “Нашай нівы”, а другіх 150 руб. прызачаны на выданне вершаў М. Багдановіча. Вершы былі здадзены ў друкарню. У часе набору іх, перад надрукаваннем першага аркушу, Вацлаў Іваноўскі і Іван Луцкевіч дасталі яшчэ нейкую суму грошай ад княгіні Магдалены Радзівіл на выданне беларускіх кніжак. Пастаноўлена было паказаць спраўнасць перад княгіняй, і дзеля гэтага на загалоўнай балоне памешчаны быў знак “лебедзь”, што мела азначаць герб Завішаў (Магдалена Радзівіл з дому Завішанка). Рысунак на акладку даў я са свайго сабрання. Гэты рысунак у 1905 годзе зрабіў адзін з вучняў (не памятаю яго прозвішча) Штыгліцаўскай школы. Рысунак напамінае крыху вянок, дзеля гэтага я і пастанавіў, карыстаючыся правамі выдаўца, надпісаць на кніжцы да аўтарскага яшчэ і свой загаловак “Вянок”. Выходзіла нязгорш: “Вянок, кніжка выбраных вершаў”. А каб апраўдацца перад чытачамі, чаму названа кніжка “Вянком”, я на першым, пасля загалоўка лісце памясціў раз'ясненне: “Вянок на магілу С. А. Палуяна (8 красавіка 1910 г.).” Зрабіў я гэта без ведама аўтара, але асновуючыся на яго сардэчным адношанні да нябожчыка Палуяна. Між іншым, калі кніжка выйшла, М. Багдановіч быў вельмі здаволены з майго помыслу, што выразіў у форме падзякі вершам, які павінен быць у маіх архівах. Але, прыняўшы чула загаловак, М. Багдановіч у даўжэзным лісце выказаў мне нездаваленне, што ў кніжцы прайшлі, праз недагляд карэктуры, даволі чысленныя памылкі, а галоўная з іх — у вершы “Вераніка”. Пры ламанні верша пераблытаны парадак яго: пасля пятага шасціверша (на 111 бал.) 9, 10 і 11-е шасцівершы, месца якім павінна быць на 113 балоне, пасля 8-га шасціверша.

Віна была мая, але я не чуўся вінаватым, што і тлумачыў аўтару ў сваім лісце. Аднак часовая астуда ў нашых стасунках была даволі хутка згладжана.

У нас з М. Багдановічам нанова завялася перапіска, якая цягнулася да лета 1914 года.

Вось пакаротцы галоўнейшае з маіх стасункаў з Максімам Багдановічам. Яго перапіска маецца ў мяне на схове ў глухой правінцыі пад польская акупацыяй. 3 часам, калі я дабуду яе, здужаю асобныя моманты гэтага нарыса шырэй асвятлщь фактычным матэрыялам”*.

ЛЮДВІКА ВОЙЦІКАВА

Пяць месяцаў ў Менску

(З жыцця Максіма Багдановіча)

“У хуткім часе ў Менск прыедзе Максім Багдановіч”,— пачулі мы голас А. Смоліча, які ўвайшоў у сталоўку “Беларускай хаткі”, трымаючы ў руках ліст. Усе прысутныя заварушыліся, пасыпаліся пытанні: “Калі? Надоўга? Што ён піша?”

“М. Багдановіч піша, што хоча пажыць у Менску, у сваім родным горадзе, дыхнуць паветрам Бацькаўшчыны, пачуць жывую беларускую мову. Просіць паклапаціцца аб працы для яго, а калі канкрэтна прыедзе — яшчэ напіша або папярэдзіць тэлеграмай”. Нас ахапіла і радасць, і трывога. Радасць, што пазнаем нашага дарагога паэта, і трывога за яго здароўе, яго жыццё. Як доўга ён паміж намі пабудзе?

Было гэта ў палове верасня 1916 г. У “Беларускай хатцы” на Захараўскай вул., № 18 у сталоўцы “Таварыства дапамогі ахвярам вайны” кожны вечар збіраліся як сябры і працаўнікі Камітэта таварыства, так і іншыя беларусы. Збіраліся, каб супольда скарыстаць вольны вечар, падзяліцца думкамі, уражаннямі перажытага дня.

Цяпер вестка аб прыездзе М. Багдановіча дала новую тэму да гутарак і адначасна новыя абавязкі. Трэба было падумаць загадзя, дзе ён будзе жыць. Перабіраючы розныя магчымасці, затрымаліся на тым, што найлепш будзе наняць пакой у 3. Бядулі. 3. Бядуля з сёстрамі Роняй і Чэрняй жыў на маленькай ціхай вуліцы — Мала Геаргіеўскай у доме Рэдзькі. Дамок стаяў у глыбіні панадворка, за домам быў садок.

Ціха, спакойна, добрае паветра. Кватэра мела тры пакоі: у двух жыў Бядуля з сёстрамі, а трэці, вялйо, светлы, з асобным уваходам, стаяў пусты. З Бядуляй хутка дагаварыліся. Ён рады быў мець пад сваёй страхой такога госця...

Нарэшце ў канцы верасня М. Багдановіч прыехаў. Спаткаў яго А. Смоліч і прывёў у “Беларускую хатку”, дзе мы цэлай грамадой чакалі іх з нецярплівасцю.

Сардэчны, скромны, просты М. Багдановіч адразу заваяваў агульную сімпатыю. Ужо ў канцы вечара здавалася, што ён даўно паміж намі, што ўсім блізкі і дарагі. Тым больш трывожылі нас яго бледнасць і бліскучыя гарачкай вочы. Кашляў зусім мала. Пасля гарбаты сядзелі нядоўга. Трэба было змучанаму дарогай адпачыць. На прыгатаваную кватэру адвялі Багдановіча Смоліч, Фальскі і Галубок.

Дагаварыліся, што Багдановіч будзе сталавацца ў “Беларускай хатцы”, дзе будзе мець не толькі абеды, але і снеданні і вячэры. Мая маці ў той час была загадчыцай сталоўкі, і мы жылі там жа, на месцы. Так што я з Багдановічам бачылася па 3 разы на дзень, а вечары, як заўсёды, праводзілі разам з цэлай нашай грамадкай. Галубок, Фальскі, Смоліч, Багдановіч, часта Ядвігін, я...* Праз пару дзён выявілася, што Багдановіч вельмі мала дбае аб свае здароўе. Найчасцей забываўся прыняць лякарствы, не прыносіў іх з сабой. Як кожны такі хворы, не любіў, каб яму прыпаміналі аб лякарствах, а тым самым аб хваробе. Тады ўмяшалася мая маці. Угаварыла Багдановіча, каб аддаў ёй у рукі ўсе лякарствы, і сама іх яму давала ў адпаведны час. Новыя дозы хто-небудзь з нас прыносіў з аптэкі, так што ён не патрабаваў аб сваім лячэнні думаць і клапаціцца. Адразу ў першы вечар здзівіла нас просьба Багдановіча не класці яму ў гарбату цукру... На пытанне, ці не любіць салодкага, адказаў: “Не ў тым справа... але з цукрам не п'ю”. Дарма стараліся пераканаць, што гэта не здорава, што цукар яму неабходны... Не і не. Раз нехта, не помню ўжо хто, цішком перамяняў шклянку і гарбата аказалася салодкай. Як жа ён разгневаўся, разнерваваўся. Ледзь удалося супакоіць і прыйшлося перапрасіць. Праз пару дзён пасля гэтага, калі мы снедалі ўдваіх, я запыталася: “Скажыце шчыра, чаму так упіраецеся пры сваёй пастанове, нашто вы сабе шкодзіце?”

“Бачыце, кажа, я вельмі перажываю тое, што я бяссільны памагчы тым, хто цяпер пад час вайны церпіць голад, асабліва шкадую дзяцей... Калі я сабе адмаўляю таго, што люблю (бо, прызнацца, люблю салодкую гарбату), мне здаецца, што я раблю нейкую ахвяру, і гэта хоць крыху пацяшае...”— “Выбачайце, кажу, але фактычна ваша ахвяра нічога дзецям не дае”.— “А гэта пабачым...” — неяк загадкава адказаў. I сапраўды праз нейкіх тры месяцы пабачылі. Багдановіч працаваў у магістраце ў аддзеле харчавання. Там працаўнікам, апрача платы, выдавалі паёк, пераважна цукар. I вось у адзін дзень раніцай, выходзячы на працу, М. Багдановіч просіць маю матку, каб дала яму чыстую пошаўку. Увечары, калі ўсе сабраліся і дзівіліся, чаму няма Багдановіча, ён прыйшоў позна і прынёс на плячах больш як паўпуда цукру. Аддаў яго мне (я была сакратаркай “Камітэта дапамогі ахвярам вайны”) і кажа: “Гэта для дзяцей уцекачоў”. Усе былі ўзрушаныя. Толькі зрабілі вымаўку, што не сказаў каму-небудзь, каб памагчы прынесці, і сам цягнуў і мучыўся.

Неяк у канцы кастрычніка прыехала да мяне з фронту медсястра беларуска, мая сяброўка з Гродзенскага гуртка беларускай моладзі Марыся Бобрык. Прыехала на адзін дзень і ўвечары позна выязджала. Я сабралася яе праводзіць. Мы з ёю ўжо выходзілі, як падышоў да мяне Багдановіч і пытаецца: “Можна мне з вамі?” — “Разумеецца, калі ласка...” Вуліцы былі пустыя, нідзе нікога. Не ведаю чаму, мы ішлі не па тратуары, а пасярод вуліцы. Мы з сяброўкай успаміналі Горадню, нашае там жыццё, працу ў гуртку. Багдановіч з зацікаўленнем слухаў, заўважыўшы, што жыў у Горадні, як быў маленькі, і што там пахаваная яго маці. Варочаліся зноў па сярэдзіне вуліцы памаленьку, не спяшаючы. I тады ён пачаў гаварыць аб сабе...

“Я ўжо пагадзіўся са сваёй хваробай і з тым, што жыць асталося не шмат, але мне цяжка, што не магу мець сям'і. Я так люблю дзяцей. Ведаеце, як я пачаў пісаць і друкаваць вершы — на жаль, не на сваёй мове, а па-расейску, бо я гадаваўся ў расейскім асяроддзі, як не горка да гэтага прызнацца — я напісау калыханку і аддаў яе ў друк, падпісзўшы псеўданімам. Усе, хто чытаў, думалі, што гэтую калыханку напісала жанчына і што жцнчына — маці! У гэты твор я ўлажыў усё свае жыццё...”

Пасля наша гутарка перайшла на Менск і ўражанні ад усяго пазначанага і пабачанага. М. Багдановіч, паводле яго слоў, чуўся паміж намі добра, як у сям'і. “Маю толькі адно прыкрае перажыванне, якое адбірае мне спакой. Можа, вы чулі, што я ўжо даўжэйшы час перапісваўся з мінчанкай N. Завязалася лістоўная прыязнь, шчырасць. Вось прыехаўшы і пазнаёміўшыся з N. асабіста, уся прыязнь развеялася... Не магу ей адказаць тым самым — не магу... і гэта так мучыць! Раблю чалавеку прыкрасць. Ці ж гэта можа не балець?” Як я пераканалася ў далейшым, чутнасць М. Багдановіча на нечую крыўду была выключнай. Жыццё праходзіла. “Камітэт дапамогі ахвярам вайны” вёў барацьбу з беспрацоўем. Асабліва балюча было мне, што г. зв. Таццянінскі камітэт адмовіў нам далейшай субсыдыі на ўтрыманне дзіцячага прытулку і запрапанаваў забраць нашых дзяцей пад сваю беспасрэдную апеку. Мы прымушаныя былі згадзіцца. Але паставілі варунак, што нашыя дзеці будуць вучыцца асобна па-беларуску і вучыць іх будуць нашыя вучыцелькі: дачка Ядвігіна Ванда Лявіцкая і яе памочніца Ядзя Раткевіч, якія і дагэтуль апекаваліся дзецьмі.

Нашыя дзеці на лета былі вывезеныя на вёску, і трэба было іх адтуль перавезці ў Ратамку і аддаць у прытулак Таццянінскага камітэта. Прыйшлося мне ехаць памагчы перавозіць дзяцей. Дні ўжо былі кароткія, холад, а ехаць трэба фурманкай кіламетраў 30. Падарожжа не вельмі мілае. Сядзелі мы ў сталоўцы ў поўным зборы і гаварылі аб гэтым. Была пятніца, ехаць мела я ў суботу. Раптам М. Багдановіч кажа: “I я паеду”. Мы ўсе ахнулі! “Што вы кажаце! У такі холад 30 кіламетраў фурманкай! I не думайце!” Зазлаваў на нас Максім. “Што я, маленькі? Волі сваёй не маю? Сказаў паеду і — паеду”. Ізноў пасыпаліся пратэсты. Адзін Галубок маўчаў і думаў нешта сваё. Калі ўжо даходзіла да праўдзівай сваркі, Галубок кажа: “Ціха, ша! Успакойцеся! Я пайду і хутка вярнуся, тады пабачым!..” Не было яго з гадзіну. Нарэшце крокі па сходах, адчыняюцца дзверы, уваходзіць Галубок з аграмадным кажухом, якія насілі вартаўнікі ў дэпо.

— Маеце, дзядзька Максім, паедзеце.

Усе абступілі Галубка, дзякуючы за такое ўладжанне справы.

На другі дзень паехалі. Было ўжо цёмна. Выехалі за горад на тракт. Грукат сціх. Пачалі мы гутарку. Закранулі розныя тэмы. Дайшлі да паэзіі, да яе форм, да тэорыі паэзіі... I раптам нашую ўвагу звярнула нейкая незвычайная чырвань на небе. Пад'ехалі далей на ўзгорак, глядзім — пажар... гарыць вёска! Далека ад нас, але і так было відаць слупы агню, якія падымаліся аж да хмараў. Які жудасны вобраз! “А сколькі там гора людскога, сколькі слёз”,— кажа Багдановіч. Мы змоўклі надоўга.

Прытулкі Таццянінскага камітэта ў Ратамцы мела візітаваць сястра Льва Талстога. Дзеля гэтага ладзілі спектакль-вечарыну. Нашая школа мела выступіць са сваёй асобнай праграмай ды ў беларускіх нацыянальных вопратках. Паставілі сцэнічны абразок “Пастушка”; дэкламацыі, хор. З Менска сабраліся паехаць і мы. М. Багдановіч, А. Смоліч, сёстры Бядулі (каб падтрымаць хор, яны абедзве прыгожа пяялі) і я. Дагэтуль стаіць мне ў вачах Багдановіч: у белай вышыванай кашулі, падпяразаны прыгожым паяском, вясёлы. Умяшаўся ў хор... Здавалася, і ён запяе...

Скончылася ўсё позна, цягніка ўжо не было, і прыйшлося праседзець ноч, бо спаць не было дзе. Школа беларускіх дзяцей змяшчалася ў летнім драўляным дамку — “дачы”. Вучыцелькі мелі маленечкі пакойчык з жалезнай печкай, а клас не апаліваўся. Мы, дзяўчаты, сабраліся ў маленькім пакоі, а Багдановіч (Смоліч выехаў увечары, не чакаючы канца) пастанавіў сядзець у халодным класе. Як мы ні прасілі, нічога не памагала. “Там і так цесна”,— кажа. На працягу ночы я разы тры