|
РАДЗІННА-ХРЭСЬБІННАЯ І ВЯСЕЛЬНАЯ ПАЭЗІЯ
Як і паэзія земляробчага календара беларусаў, сямейна-абрадавая вылучаецца з песеннай творчасці славян надзвычайным багаццем зместу і хараством паэтычнай формы. Калі меркаваць па тых творах, якія дайшлі да нас у запісах М. Федароўскага і многіх мінулых і сучасных збіральнікаў традыцыйнага фальклору, тое ж самае можна сказаць і пра песні Беласточчыны, асабліва калі да яе аднесці тую вобласць, якая ўтварылася пасля Тыльзіцкага дагавору 1807 г. (у адпаведнасці з указам цара ў вобласць уваходзілі паветы: Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі і Драгічынскі; дарэчы, у снежні 1939 г., пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі і БССР, у Беластоцкую вобласць увайшлі паветы: Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Высока-Мазавецкі, Граеўскі, Гродзенскі, Ломжынскі і Сакольскі).
Да апошняга часу вывучэннем сямейна-абрадавай паэзіі Беласточчыны ніхто не займаўся. Некаторыя творы з гэтага рэгіёна толькі ўпаміналіся ў даследаваннях, прысвечаных пэўным тэарэтычным праблемам або больш шырокім рэгіёнам. Нарэшце, у 1990 г. выйшла ў свет манаграфія прафесара філалогіі Варшаўскага універсітэта А. Баршчэўскага «Беларуская абрадавасць і фальклор усходняй Беласточчыны (радзіны, вяселле, смерць)» , у якой ён шырока выкарыстаў сучасныя запісы традыцыйнай сямейна-абрадавай паэзіі і апісанні абрадаў і звычаяў, зробленых на Беласточчыне, пераважна на сумежжы з нашай рэспублікай.
Беларускі фальклор розных жанраў, запісаны ў рэгіёне, які даследуецца намі, друкаваўся ў газеце «Ніва», беларускіх календарах, выдадзеных у Польшчы, у шматтомным зборы беларускай народнай творчасці, які публікуецца ў Мінску з 1970 г., і інш.
Сямейна-абрадавая паэзія, як і іншы беларускі фальклор, прываблівае нас мілагучнасцю песень, паэтычным хараством вобразаў, глыбінёй выказаных пачуццяў. Нездарма яшчэ ў 1837 г. у прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана» Ян Чачот заклікаў вучыцца ў сялян: «Мы многаму ў іх навучымся з пазнання іх становішча і характару; знойдзем у іх паданні, казкі, былі, самае багатае будзе жніва песень, якія дадуць магчымасць пазнаць іх тонкія, прыгожыя, нават далікатныя і глыбокія пачуцці... Які гэта скарб для адукаванага спевака і даследчыка! Колькі там нязмушанай і свежай паэзіі» . Такую ж прыхільнасць да беларускіх песень захаваў Ян Чачот і пазней. У прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзвіны» ў 1844 г. ён выказаў удзячнасць сялянам за захаванне старажытных абрадаў і песень, адзначаў у іх «асаблівую красу, навізну адкрыццяў і сцісласць у перадачы пачуццяў» .
Коратка ахарактарызуем радзінна-хрэсьбінную і вясельную паэзію Беласточчыны ў кантэксце агульнанацыянальнай песеннай творчасці.
Беларуская традыцыйная народная радзінная абраднасць вызначаецца арыгінальнымі рытуальнымі дзеяннямі і звычаямі, змястоўнай паэзіяй, асноўным прызначэннем якой было даўней садзейнічаць шчасліваму лёсу нованароджанага. З цягам часу функцыянальнасць абрадаў і паэзіі змянялася. Утылітарна-магічная функцыя паступова уступала месца рытуальна-цырыманіяльнай, пацяшальнай.
Асноўныя жанры ў радзіннай паэзіі: песні, прыпеўкі, прыказкі, прымаўкі, прыгаворкі, зычэнні, тосты, засцярогі, прыкметы. Радзінныя абрады і асабліва хрэсьбінныя песні складаюць нацыянальную адметнасць вусна-паэтычнай творчасці беларусаў, арэал распаўсюджвання іх ахоплівае амаль усю нашу этнічную тэрыторыю, у той час як у рускіх і ўкраінцаў гэтыя абрады і песні зафіксаваны галоўным чынам у сумежных з Беларуссю раёнах. У Польшчы хрэсьбінныя песні падобныя да беларускіх — некаторыя радзінныя абрады зафіксаваў С. Дваракоўскі каля Трыкоцына. Даследчык М. Я. Грынблат тлумачыць гэту з'яву беларускім уплывам .
Як і ва ўсіх усходнеславянскіх народаў, у беларусаў, у тым ліку і ў жыхароў Беласточчыны, існавала шмат перасцярог, забаронаў, якія павінны былі выконвацца парадзіхай, блізкімі і навакольнымі людзьмі. Перш за ўсё набліжэнне родаў трымалася ў тайне. Цяжарнай жанчыне нельга было глядзець на нябожчыка, інакш дзіця будзе хворым. Каб дзіця не было касавокім, забаранялася будучай маці доўга глядзець у люстра або ў ваду. Ёй небяспечна было наступаць на аглоблю, дугу, хамут, абады і на розныя крывыя прадметы: дзіця можа стаць гарбатым. Падобных і іншых абмежаванняў А. Баршчэўскі ў названай вышэй кнізе прыводзіць звыш 30. Сярод іх і такія забароны: пераносіць у падоле коцікаў, бо дзіця будзе сляпым; прыбіраць да шлюбу маладую, інакш прычыняцца ў яе жыцці цяжкасці; згінацца, калі праходзіць пад жэрдкамі, бо дзіця будзе з гарбом; атрасаць яблыкі, грушы, слівы, бо садавіна, якая падала б на яе цела, выклікала б з'яўленне ў дзіцяці ў тым месцы гуза велічынёй з паднятага фрукта .
Пэўныя патрабаванні былі да бабкі-павітухі (або пупарэзніцы): на яе ролю падбіралі немаладую паважную жанчыну, у якой ёсць свае дзеці. У час родаў у жанчыны развязвалі ўсе вузлы, расцягвалі каўняры, адчынялі засланку ў печы, раскрывалі дзверы, скрыні, а часам нават і царскія вароты ў царкве.
У беларусаў існавала ўяўленне, што парадзіха можа падзяліцца пакутамі з мужам. Гэтым абумоўліваюцца і перажыткі кувады: у час родаў муж стагнаў, надзеўшы спадніцу і абвязаўшы галаву хусткай. Каб паскорыць і аблегчыць роды, у Себежскім раёне Віцебскай вобласці мазалі жывот парадзіхі кроўю белага пеўня . Падобныя дзеянні былі характэрны для ўсіх усходнеславянскіх народаў.
Пасляродавыя абрадавыя дзеянні накіроўваліся на абарону нованароджанага ад злых сіл, на «ачышчэнне» парадзіхі.
Як адзначаў Д. Зяленін, у радзінных абрадах «выразна адлюстравана ўяўленне, што пакуты парадзіхі выкліканы не натуральнымі прычынамі, але насланы на яе нячыстай сілай або злымі людзьмі. Неабходна поўная тайна, каб ні чорт, ні злыя людзі не даведаліся пра момант родаў, тады можна пазбегнуць болю; гэтага ж дабіваюцца, хоць і ў меншай меры, з дапамогай розных абаронных сродкаў. Парадзіха, часткова і дзіця, павітуха і нават муж парадзіхі, так як і само памяшканне, у якім адбываюцца роды, лічацца нячыстымі, гэта нечысціня, не столькі фізічная... колькі духоўная. Унутранасці чалавека наогул лічацца нячыстымі, у гэтых выпадках яны раскрываюцца, апаганьваюць усё навокал і прыцягваюць нячыстую сілу» .
Таму парадзісе забаранялася на працягу сарака дзён наведваць царкву, толькі пасля гэтага тэрміну дазвалялася хрысціць дзіця, каб вадой «ачысціць» яго і далучыць да Бога, да хрысціянства.
Пасля родаў парадзіху наведвалі суседкі, сяброўкі, абавязкова замужнія. Такое наведванне называлася адведкамі, або провідкамі. Парадзісе прыносілі аладкі, яечню, кісель. і іншыя стравы, прадукты, каб яна магла хутчэй аднавіць свае сілы.
Важнейшым кампанентам радзіннай абраднасці былі само хрышчэнне і хрэсьбіннае застолле. Насілі хрысціць дзіця ў царкву хрышчоны бацька і хрышчоная маці — кум і кума, якія падбіраліся з паважаных багатых нестарых людзей і для якіх давер сям'і нованароджанага быў вялікім гонарам. У задачу хрышчоных бацькоў уваходзіла даць імя дзіцяці. Як правіла, яно давалася па жаданні бацькоў нованароджанага. Але бывалі выпадкі, калі кум і кума забывалі прапанаванае імя. А. Баршчэўскі нагадвае, што ў вёсцы Альхоўка кумы назвалі дзіця Васілём у той час, калі ў сям'і ўжо быў Васіль . Як у той жартоўнай песні:
Былі ў бацькі тры сыны,
Ух я! [паўтараецца пасля кожнага радка];
Да ўсе яны Васілі.
Адзін коні пасе,
Другі лапці пляце,
Трэці сядзіць на камені,
Дзяржыць дуду на рэмені.
Ці не дудка была,
Весялушка мая
Весяліла ж мяне
На чужой старане.
Я і да бацькі да ног,
Мне і бацька пірог,
Я і да маткі да ног,
Мне і матка пірог...
Як піша А. Баршчэўскі, падобныя выпадкі, калі дзіцяці давалі не тое імя, якое хацелі бацькі, на Беласточчыне былі неадзінкавыя. Так, у Вялікіх Тыневічах дзве сястры мелі аднолькавае імя Яўгенія .
У народных песнях раскрываюцца небездакорныя ўзаемаадносіны кумы і кума, што часам бывала і ў сапраўднасці. Аднак часцей за ўсё ў іх адсутнічае асуджэнне паводзін кумоў як грахоўных, нават у песнях, прасякнутых дасціпным народным гумарам. Камізм вобразаў выяўляецца не ў з'едлівай знішчальнай сатыры, а ў мяккім добразычлівым паджартоўванні. Такой жа асаблівасцю вызначаюцца і хрэсьбінныя песні пра куму і кума з эратычным зместам, як, напрыклад, песня «Кум разоркаю ішоў», запісаная М. Федароўскім. Прывядзём урывак з яе, каб пераканацца ў бяскрыўднасці, добразычлівасці гумару:
Кум разоркаю ішоў,
Куль саломы нашоў.
— Кума мая, кумушка ты мая,
Чырвоная ягадка ты мая!
Кум куму абуваў,
Пад пелену зазіраў.
— Кума мая і г. д.
Што у цябе тут за звер?
Я баюся, каб не з'еў!
Кума мая і г. д.
— Ці ты ў лесе не бываў,
Воўка-звера не відаў?
— Кума мая і г. д.
Ой, я бачыў воўка,
Ні така галоўка.
Кума мая і г. д.
Я сказаў бы заяц,
Кума будзеш лаяць,
Кума мая і г. д.
Я сказаў бы парася,
Да та ворса хараша.
Кума мая і г. д....
Таму нельга пагадзіцца з думкай Я. Карскага, які лічыў, што ў хрэсьбінных песнях асуджаецца эратызм у паводзінах кумоў пад уплывам хрысціянскай рэлігіі . Нельга поўнасцю згадзіцца і з М. Грынблатам, які прызнае ганьбаванне ў народных творах «распусных паводзін кумоў» . Такая думка не грунтавалася на дэталёвым аналізе тэкстаў, а на афіцыйных поглядах, якія існавалі ў грамадстве. Але народ не заўсёды прытрымліваўся афіцыёзу. Магчыма, таму вельмі цяжка знайсці такую хрэсьбінную песню пра паводзіны кумы і кума, якія не вызначаліся б камізмам, добразычлівым гумарам. Раскаванасць, якая праяўляецца ў эратычных хрэсьбінных песнях, — рыса, блізкая да карнавальнай, нічым не абмежаваная ў словах і дзеяннях, вольнасць, абумоўленая верай у магічную сілу таго смеху, які У. Проп называў рытуальным. Ён лічыў, што існавала магія смеху, якая асабліва выразна праяўлялася ў сувязі з дзвюма важнейшымі з'явамі — нараджэннем чалавека і яго смерцю: «Калі з уступленнем у царства смерці спыняецца і забараняецца ўсякі смех, то, наадварот, уступленне ў жыццё суправаджаецца смехам. Мала таго: калі там мы бачылі забарону смеху, дык тут мы назіраем запавет смеху, прымус да смеху. Мысленне ідзе і яшчэ далей; смеху прыпісваецца здольнасць не толькі суправаджаць жыццё, але і выклікаць яго» , — пісаў У. Проп.
Смех павінен быў магічна садзейнічаць нараджэнню, росту, аздараўленню чалавека. Уяўленні пра гэта дайшлі да сучаснасці яшчэ з антычнасці. Выклікаўся смех спецыяльнымі рытуальнымі дзеяннямі, словамі. У радзіннай абраднасці не апошнюю, а галоўную ролю адыгрывалі песні, прыгаворкі, зычэнні, тэатралізаваныя гумарыстычныя сцэнкі.
Хрысціянская мараль уплывала на змест хрэсьбінных песень, у тым ліку і песень пра ўзаемаадносіны кумы і кума. Але нельга поўнасцю пагадзіцца з думкай М. Грынблата, які пісаў: «Погляд на парушэнне маральных норм кумамі як на грахоўнасць у рэлігійным разуменні сапраўды хрысціянскага, а значыць, і больш позняга паходжання. Пацвярджаецца гэта і тым, што такі погляд мы знаходзім і ў прыпеўках, у жанры, намнога маладзейшым за хрэсьбінныя песні. У адной хрэсьбіннай прыпеўцы з запісаў М. Федароўскага кума, абураная заляцаннямі кума, адказвае:
Чы ты, куме, п'яны,
Чы ты апантаны?
Чы ты, куме, зыйшоў з ума?
То ж я твая родна кума!
Супраць гэтага нельга было б пярэчыць, калі б даследчык прывёў дакладна і поўнасцю гэту прыпеўку і звярнуў увагу на наступную песню. Першая частка прыпеўкі гучыць так: «Такі, кума, дайсе, // Такі дагадайсе, // Такі часам пад поясам // Пашчупаці дайсе» (запісана ў Гнезне). Наступная ж песня, запісаная М. Федароўскім ў Мсцібаве, спрабуе апраўдаць паводзіны кума:
Прыехалі на даліну:
— Давай, кумко, бо я згіну!
— Ці ты, куме, п'яны?
Ці ты апантаны?
Ці ты, куме, без розума?
То ж я твая родна кума!
— Як кум кумы не п....е,
То ні будзе ў небе;
Трэба ўсяляк старацце,
Каб да неба дастацце.
Магчыма, такія песні мелі на мэце выклікаць смех, так неабходны ў час радзіннай урачыстасці. Галоўнае ж: вялікага абурэння паводзінамі кума тут не выказваецца.
Магічную сілу смеху прызнавалі ўсе славяне і іншыя народы. Н. Румянцаў так вызначаў функцыянальнасць смеху: «Старажытныя славяне (і іншыя народы) прыпісвалі смеху асобую магічную сілу — садзейнічаць падняццю і ўзмацненню вытворчых сіл прыроды, таму ж ураджаю хлеба, траў, пладоў, множанню жывёлы і г. д. Верылі, што чым больш будзе смеху і чым гучней будзе ён, тым багацей будзе прырода ў надыходзячым годзе, тым больш яна народзіць і дасць чалавеку прадуктаў харчавання. Адсюль смех меў тады, у святочныя дні, і магіка-абрадавае значэнне: ён павінен быў паўплываць на прыроду і прымусіць яе таксама «смяяцца»...
Уяўленне пра стваральную сілу смеху існавала яшчэ ў глыбокай старажытнасці. У. Проп прыводзіць для пацвярджэння гэтай думкі ўрывак з лейдэнскага папіруса, які адносіцца да трэцяга стагоддзя нашай эры: «Бог засмяяўся, і радзіліся сем багоў, якія кіруюць смерцю... Калі ён засмяяўся, з'явіўся свет... Ён засмяяўся другі раз, усё стала вадой. З трэцім раскатам смеху паявіўся Гермес...»
Народ імкнуўся да надзейнай аховы дзіцяці і іншымі сродкамі — шляхам далучэння яго да свайго роду, што сімвалізуецца адпаведнымі дзеяннямі. Як паведамляў Д. Зяленін, у Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні хрышчоная маці на некалькі секунд клала свайго хрэсніка пад печ, а потым тройчы абносіла яго вакол стала. Даследчык тлумачыць гэтыя дзеянні як прыём дзіцяці «пад родны дах, у лік членаў пэўнага роду» .
Сярод перасцярог, якія прымаюцца для аховы нованароджанага, вядомы наступныя: беларусы Мінскай губерні пры хрышчэнні дзіцяці клалі соль у вушы; пасля хрышчэння, каб пазбавіць нованароджанага ад хвароб, змяшчалі ў карыта, з якога паілі коней; перадавалі яго праз акно, а не ў дзверы .
Як паведамляе А. Баршчэўскі, у сёлах Можу і Махнатым пасля вяртання з хрышчэння кума перадае дзіця бабцы, якая вымае з яго кашулькі кавалачкі хлеба, пакладзеныя пры зборах у царкву, і кідае на дзяжу.
Цэнтральнай падзеяй у радзінных абрадах з'яўляліся хрэсьбіны — урачыстае застолле, бяседа, якая адбывалася па традыцыйнаму рытуалу, што складваўся на працягу стагоддзяў. Рэшткі яго дайшлі да нашага часу ў большай або меншай захаванасці амаль на ўсёй тэрыторыі беларусаў, у тым ліку і на Беласточчыне. На хрэсьбіны запрашаліся сваякі, сябры, суседзі. Абавязковымі гасцямі былі бабка, кума, кум. Для іх адводзілася ганаровае месца — кут. Рыхтуючыся для ўрачыстага застолля, бабка варыла ў гаршку кашу, якую затым выстаўляла з зычэннем: «Дай жа, Божа, каб у етым доме было многа дзетак на палу, жарабятак з цяляткамі на двару, парасятак з ягняткамі на вару і ўсякага дабра гэтаму двару». Гаршчок з кашай павінны былі разбіць і раздаць удзельнікам урачыстасці, якія прымалі кавалкі кашы і аддзячвалі падарункамі. Рытуал разбівання гаршка з кашай меў мясцовыя асаблівасці: у адных вёсках кашу разбіваў кум, у другіх той, хто больш пакладзе грошай, у трэціх — хто апошні дасць грошы на кашу.
Найбольшую каштоўнасць з радзіннай паэзіі маюць хрэсьбінныя песні, якія і вызначаюць нацыянальную адметнасць беларусаў, таму што гэтыя творы ў нас лепш, у параўнанні з іншымі народамі, захаваліся. Выконваліся яны ў час святкавання нараджэння і хрышчэння дзіцяці. Колькасць песень, якія толькі прымяркоўваліся да ўрачыстасці, але зусім не звязваліся з ёю, паступова расла, і цяпер значна пераважае ў песенным рэпертуары хрэсьбіннага абраду.
Змястоўнасцю і паэтычным хараством вызначаюцца ў хрэсьбіннай паэзіі велічальныя песні. У іх услаўляюцца бацька і маці дзіцяці, бабка, кум і кума. Выказваюцца пажаданні шчаслівага лёсу дзіцяці.
А. Баршчэўскі прыводзіць такую песню, прысвечаную маці дзіцяці:
Ой, наша Марына
Нарадзіла сына:
Сына, як дубочка,
Падобнага на мужа.
Расці, наш сыночак,
Расці, як дубочак,
Будзь жэ ты разумны,
Каб мог палічыці
Усе ў вёсцы гумны.
Цікава славіцца бацька ў хрэсьбіннай песні:
Наш [імя бацькі] маладзец, майстэр на ўсе рукі,
Падкідае бабцы што рок па унуку.
Хлопец, як грыбочак, як рыба здаровы,
Як зорачкі вочы, як шнурочкі бровы.
Трапныя параўнанні тут садзейнічаюць стварэнню вобраза дзіцяці, якому ўдзельнікі хрэсьбін жадаюць прыгажосці і здароўя. Пахвала бацьку, як правіла, выказваецца ў жартоўным тоне, як, напрыклад, і ў песні:
Паздароў, Божа, кываля,
А што скаваў нам дзіця,
А ні ў ручкі ні хукаў,
А ні молатам ні стукаў,
А ў мяккіх падушках,
А пад цёплай дзяружкай,
Без молата, без кавадла,
А паглядзіш — дзіця ладна!
Бытавалі таксама песні, у якіх бацька дзіцяці паўстае ў вобразе клапатлівага і стараннага, уважлівага і спагадлівага гаспадара. Ніякія цяжкасці і перашкоды не могуць спыніць яго, каб выратаваць жонку і дзіця. І ён нярэдка ноччу, часам па гнуткай кладцы бяжыць да бабулькі і просіць яе пайсці з ім да парадзіхі.
Сярод мноства сатырычна-гумарыстычных песень пра куму і кума сустракаюцца і такія, у якіх яны малююцца ідэалізавана, Адну з іх, запісаную ў Белавежскай гміне, прыводзіць А. Баршчэўскі:
Кума на куце села,
Харошу песню спела,
Першу — хрышчоную,
Другую — вясельную,
Ой, дай, Божэ, дзіцяці
Да вяселля даждаці.
З вялікай пашанай ставіліся ўдзельнікі хрэсьбін да бабкі, якой належала важнейшая роля — прыняць роды, Да яе звярталіся ў песнях з самыми пяшчотнымі словамі: бабусечка, бабулька-галубка, бабуся-галубуся, бабачка-любачка і г.д. Ёй дагаджаюць падарункамі, дзякуюць. У шматлікіх песнях, запісаных і ў апошні час, ушанаванне бабкі спалучаецца са спагадлівым гумарам. Яе вобраз прыпадабняецца кветцы, чым дасягаецца паэтычная замілаванасць чалавечай прыгажосцю, перш за ўсё з-за ўсведамлення важнасці зробленага ёю. Але нам не ўдавалася адшукаць песню, якую змяшчае ў сваёй кнізе А. Баршчэўскі, запісаную каля Супрасля:
Ой, моцна ступіўся мой ножык старэнькі,
Чым буду адрэзваць я пупавінку
Дзетачкам вашым маленькім?
Кіньце капейкі, кіньцё яшчэ грошык,
Каб дзеткі былі здаровы і былі харошы.
Ой, мушу я, мушу яшчэ доўга жыць
І вам у фартушку дзетачак насіць.
Звычайна не бабка, а кум або той, хто разбіў гаршчок з кашай, збіралі падарункі. І належалі гэтыя падарункі парадзісе, дзіцяці, якое нарадзілася. Таму гэта песня, у якой адлюстроўваецца патрабаванне бабкі даць грошай, каб змяніць затуплены ножык, рэдкасць. Праўда, даследчык далей зазначае, што сабраныя манеты, якія прысутныя клалі на талерку або на засцеленую хустачку, дзялілі папалам: адна палавіна аддавалася для дзіцяці, другая — бабцы.
Найбольшае пашырэнне ў хрэсьбіннай паэзіі мелі гумарыстычныя песні, якія нібы развенчвалі ідэальнасць вобразаў галоўных удзельнікаў урачыстага застолля ў велічальных песнях. Незласліва высмейваліся бабка, кум, кума. Многія з гэтых песень бытуюць і сёння.
На хрэсьбінах спявалася шмат бяседных песень, у якіх славіліся шчодрасць і гасціннасць гаспадароў, выказвалася радасць з нагоды з'яўлення новага чалавека, раскрывалася атмасфера святкавання ўрачыстасці падзеі. Як адзначае А. Баршчэўскі, вельмі папулярнай на Беласточчыне (як і ва ўсёй Беларусі) была песня «Ой, куме, куме, добра гарэлка...» з яе своеасаблівым ухваленнем п'янкі. Песень і прыпевак падобнага ідэйнага накірунку спявалася нямала, сярод іх, напрыклад:
Ой, выпіла, выхіліла,
Сама сябе пахваліла:
— Я з харошага роду,
П'ю гарэлку, як воду.
Бяседныя песні вызначаліся дасціпным гумарам, з'едлівай насмешкай з п'яніц, нядбайліц, няўмек, гультаёў. У гэтых песнях, як і ў іншых народных творах, выяўляліся высакародныя і высокамаральныя ідэалы працоўных, іх нецярпімасць да п'янства, ашуканства, гультайства і іншых людскіх заган.
Такім чынам, радзінная паэзія Беласточчыны, як і ўсёй Беларусі, суправаджалася цікавымі адметнымі абрадамі, песнямі, прыпеўкамі і творамі іншых жанраў, якія вызначаюцца багатым зместам і надзвычайнай паэтычнасцю. Лепшыя ўзоры традыцыйнай сямейна-абрадавай паэзіі не толькі адносяцца да духоўнай спадчыны нашага народа, але і ўваходзяць у многіх выпадках у сучасны рэпертуар.
Яшчэ большай жывучасцю, папулярнасцю, тэматычнай разнастайнасцю, паэтычнай дасканаласцю характарызуюцца творы беларускага вяселля ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі, у тым ліку і ў беларускай дыяспары ў Польшчы.
З дарэвалюцыйных запісаў вясельнай абраднасці і паэзіі Беласточчыны вылучаюцца запісы М. Федароўскага і Р. Шырмы, якія мы і разгледзім, супастаўляючы з даследаваннем А. Баршчэўскага, публікацыямі 70—80-х гадоў.
Беларускае вяселле называлі цікавым тэатралізаваным народным прадстаўленнем Е. Раманаў, Р. Шырма і іншыя фалькларысты. Так, Р. Шырма, які фальклорныя запісы рабіў на сумежжы з Беласточчынай і часткова ў самым рэгіёне, заўважаў: «Вяселле — самы ўрачысты абрад у жыцці беларускага народа. Гэта своеасаблівая народная опера з пралогам, драматычнай кульмінацыяй і заўсёды шчаслівым заканчэннем. Народ стагоддзямі дасканаліў, калі можна так назваць, лібрэта гэтае оперы, якая надзвычай багата насычана спевамі, музыкай, танцамі, вострым дыялогам, гумарам» .
Вясельны абрад Беласточчыны ў асноўным складваўся з тых самых этапаў, што і ў іншых рэгіёнах Беларусі. М. Федароўскі вылучаў наступныя этапы ў вясельнай абраднасці Беласточчыны і яе сумежжа: запыты, залёты, заручыны, запоіны, даведзіны, дзевіч вечар, запросіны (на вяселле), выезд маладога з дому, прыбыццё маладога, выезд да шлюбу, пячэнне каравая, вяртанне з касцёла, скупванне дружак, прыезд маладога да жонкі, упавіванне, надорванне маладухі, дзяленне караваю, прыданская вячэра, пераносіны, падыманне, надорванне свекрыві, надорванне маладога, абдорванне караваем, заканчэнне .
А. Баршчэўскі вылучае ў вясельным абрадзе Беласточчыны этапы: допыты, сваты, агледзіны, змовіны, заручыны, дзявочы вечар, каравай, абрады ў дзень шлюбу, пасад, успамаганне, вянок, шлюб, вясельная бяседа, перапіванне, пакладзіны, прыданне, упавіванне, перазовіны.
Р. Шырма даў абагульненае апісанне вясельнага абраду і вылучыў у ім сватанне, запоіны, вяночкі, перад выездам да шлюбу, прыехаўшы ад шлюбу, каравай «гібаюць», выезд да маладой жаніха, гасціна (у маладой і маладога), прыданне. Крыху інакш размеркаваны ім песні па раздзелах: Заручыны. Вяночкі (Зборная суботка, дзявочны вечар). Перад выездам да шлюбу. Пасля шлюбу. Вяселле ў маладой. Сіроцкія. Як выязджаюць па маладую. Каравай, благаслаўляюць маладых. Выязджаючы да маладога. Вяселле ў маладога. Прыданне. Спевы, жарты, прыпеўкі і танцы.
Прыведзеныя прыклады вясельнага абраду сведчаць, што даследчыкі вылучаюць адны і тыя ж этапы, больш або менш падрабязна, з рознымі ці падобнымі назвамі. Такія ж этапы вяселля характэрны для ўсяго беларускага этнасу. Мясцовыя або рэгіянальныя адрозненні бываюць нязначныя. Праўда, з традыцыйнага вяселля зараз захавалася далёка не ўсё, асабліва ў гарадах ды і ў некаторых вёсках. Можна зразумець заклапочанасць фалькларыстаў, якія імкнуцца зафіксаваць тое, што яшчэ жыве або захавалася ў памяці людзей.
Вяселлі часцей за ўсё адбываліся восенню. Тлумачыцца гэта галоўным чынам большым дастаткам у гэты час, чым вясной ці летам. Паводле паведамлення А. Баршчэўскага, век дзяўчыны на Беласточчыне розніўся. Лічылася натуральным, калі дзяўчына брала шлюб пасля васемнаццаці гадоў. Але калі па розных прычынах выданне замуж было больш выгадным, то і раней — здаралася, што маладая дзяўчына брала шлюб у шаснаццаць або нават пятнаццаць гадоў . На Гайнаўшчыне даследчык сустрэўся з раней не апісаным звычаем, калі мясцовыя хлопцы вазілі дзяўчыну па сваёй вёсцы альбо і па навакольных І голасна абвяшчалі «паспялуха!!!» Такім чынам звярталі ўвагу на «паспелую» да шлюба дзяўчыну. А. Баршчэўскі лічыць звычай своеасаблівай натуральнай прэзентацыяй дзяўчыны .
Падобны звычай існаваў у беларусаў Смаленшчыны. На масленым тыдні дарослую дзяўчыну, якой прыходзіў час браць шлюб, вазілі па вёсках. «Спыняючыся каля кожнай хаты, дзе быў хлопец, асоба, якая вазіла дзяўчыну, пытала: «Ці не надабі табе надаба», калі адказ быў адмоўны, то яны з тым жа запытаннем ехалі да наступных падобных хат», — пісаў А. Шлюбскі. Так ездзілі да таго часу, пакуль у якой-небудзь хаце не зацікавяцца дзяўчынай, тады ўвосень да яе прысылалі сватоў . У народаў свету традыцыі, блізкія да гэтых, вядомы. У Індыі, напрыклад, яшчэ і цяпер ваколіцы вёскі Суратх (штат Біхар) запаўняюцца натоўпамі мужчын з касты брахманаў, якія прыязджаюць сюды на своеасаблівы сход. Юнакі, якія жадаюць браць шлюб, разам з апекунамі рассаджваюцца ў цяні дрэў і чакаюць прапаноў ад тых, у каго ёсць дарослыя дочкі. Пры гэтым жаніхі спецыяльна адзяваюцца ў вопратку малінавага колеру і маюць асобую павязку на галаве. З'яўленне жанчын, асабліва нявест, забараняецца. Калі юнак спадабаўся сваякам нявесты, яны ўмаўляюцца аб пасагу, высвятляюць якасці жаніха, а яго сваякі — характар нявесты. У шлюб маладыя людзі ўступаюць, ні разу не ўбачыўшы адзін аднаго . Пры ўсіх адрозненнях звычаяў, якія прыведзены намі, сутнасць іх тоесная: паказаць і прапанаваць нявесту або жаніха, каб падабраць пару і пажаніць.
Змяняліся адносіны да ўзяцця шлюбу. Яшчэ да другой сусветнай вайны пераважалі шлюбы не па каханні, а па прымусу бацькоў, якія кіраваліся пры гэтым гаспадарча-эканамічнымі інтарэсамі. А. Баршчэўскі прыводзіць словы жыхара вёскі Янава Міраслава Самоўлюка, які рытарычна ўсклікнуў: «Чы то колісь бацько пытаў сына, з кім вон хоча жэніцісь, або маці пытала дочку, за кого вона выдалася б? Крый Божэ! Старые самі договарывалісь, гледзячы не на красоту, але на роботносць, на гектары, на грошы». І зусім па-іншаму бяруцца шлюбы пасля вайны. Моладзь ужо не падпарадкуецца бацькам: «Скажэ яму бацько слово, а вон яму: «Коль тобе не подобаецца, то я заўтра выеду ў място [горад] і толькі мяне будзеш бачыці». Такого бацько ожэніт? Вон якую схочэ, такую ў хату прыволочэ, а бацькі і не пікнут. От што» .
З пасляваеннага часу пачала імкліва змяншацца роля традыцый у вясельнай абраднасці. Гэта відаць і з успамінаў П. Д. «Вяселле», змешчаных у «Ніве» 27 лютага 1983 г. Недзе адразу ж пасля вайны жаніх Васька высватаў сабе дзяўчыну з бліжняй вёскі — Дыдулёў. Ехалі фурманкамі з песнямі. У хаце маладой сталы гнуліся ад смачнай яды і гарэлкі, таму што бацька нявесты быў багаты і шчыры чалавек. Бяседа праходзіла весела, радасна. Расказчык толькі дакараў жаніха, што шмат выпіў і сапсаваў вясельны настрой, калі пачаў прыдзірацца з-за смажанай капусты на стале:
«— Эй, Назарук, што мае госці — гэта козы і маюць есці капусту?..
А тут на бяду прыйшлі ў хату мясцовыя хлопцы і нясмела папрасілі «выкупу» за маладую, па абычаю — літр водкі. Васька рвануўся да сваёй кішэні і выглядала, што ён выцягне адтуль пісталет. Хлопцы праз галаву ў дзверы кінуліся наўцёкі.
Васіль набандычыўся, нядобра расхадзіўся і пачаў гаварыць:
— Гэта не вяселле, у мяне будзе інакш...»
Аўтар іранічна заўважае, што сапраўды ў маладога было інакш, але значна горш.
З успамінаў прыцягвае ўвагу эпізод з вянчаннем. Калі павялі маладых у царкву вянчаць, спахапіліся, што няма старэйшага свата. Бацюшка спяшаўся і таму сказаў, каб запрасілі другога свата, які павінен трымаць вянец над галавою маладога. Ніхто не хацеў. Нарэшце, згадзіўся Грыцько, але бацюшка даведаўся, што ён жанаты, і прагнаў.
«Раззлаваны бацюшка зрабіў па-свойму і абышлося без старэйшага свата, бо вянец паставіў на галаве маладога і той, як кароль з каронаю, бучна стаяў са сваёй палавінай — жонкай. Раздаўся смяшок у царкве і што-раз мацнейшы. Ніхто ж яшчэ ў сваім жыцці не бачыў, каб так вянчаліся. Старэйшы сват маладой трымае вянец над яе галавой — так трэба, а вось малады — Васька стаіць сам з вянцом на галаве. Хто не мог стрымацца, дык каб не нарабіць рогату ў царкве, паўцякалі на двор» .
Падрыхтоўчы этап беларускага вяселля, у тым ліку і на Беласточчыне, уключаў запыты, або допыты, сватанне, агледзіны, змовіны, заручыны, запоіны. І ўжо на гэтым этапе выконвалася шмат песень, прыпевак, прыгаворак. У традыцыйных звычаях і песнях выяўляюцца рудыменты старажытных форм шлюбнай абраднасці — куплі-продажу нявесты, умыкання яе.
Запыты, або допыты, зводзіліся да высвятлення, ці згодзіцца дзяўчына браць з пэўным хлопцам шлюб. Хлопец яе пытаў, ці можна яму прыходзіць з дружком у сваты. М. Федароўскі заўважае, што «об гэтых запытах прыказвают:
Ідзетэ до Зосімовіч пыд дуб,
Выберэце собе, которы которой люб».
Мы не прыводзім песень, якія спяваюць, калі едуць або ідуць у сваты, але звяртаем увагу на драматызацыю, што характэрна для гэтага этапу. Прыходзячы ў сваты, дружка вітаецца і пачынае размову: «Мы прысланы, коб быў стол засланы, чарочка подана і дэўка прызвана», — і ставіць пляшку гарэлкі. Выпіваючы чарку, прыгаворваюць: «Дай жэ Божэ, коб было гожэ. Коб нашэму тэляты воўка пойматы». Дзяўчына ў знак згоды надпівае з чаркі, а сванька спявае:
Ехалі сваты мімо гай зелёны,
Мімо гай зелёны, мімо сад вішнёвы.
Сад поломалі, сокола зэгналі,
Зелёну рутэньку коньмі стопталі,
У красной панночкі праўды пыталі:
— Красна панночка, чы будэш наша?
Колі будэш наша, мы сад одсадзім,
Мы сад одсадзім, сокола прынадзім,
Зелёну рутоньку сам Бог зародзіт.
Маці нявесты абкручвае пляшку поясам, чым дае жаніху добрую надзею, а дзяўчына завязвае дружку ручнік праз правае плячо. Як паведамляе М. Федароўскі, такіх падарункаў дружка атрымліваў за ўсё вяселле сем — «першы на залётах, другі на заручыны, трэйці на даведзіны ў опошні чэтвэр пэрэд вэселем, чэцвэрты по розплецінах, пяты на ўповіване, шосты на подымане молодых, а сёмы на ўкончані вэселя» .
Не заўсёды адбываліся разгляды, або агледзіны, таму што, калі маладыя жылі ў адной вёсцы, не было патрэбы ў азнаямленні з гаспадаркай жаніха. Але абавязковымі з'яўляліся заручыны і запоіны (нярэдка яны зліваліся ў адзін этап). Звычайна яны адбываліся праз тыдзень пасля сватання. Песні гэтага этапу мелі прызначэнне апаэтызаваць асноўныя рытуальныя звычаі, магічна спрыяць шчасцю маладых, ідэалізаваць і ўславіць іх, садзейнічаць стварэнню пэўнай атмасферы, адпаведнай урачыстасці падзеі. Дзяўчаты, якія прысутнічалі на заручынах, спявалі:
Заручыны і запоіны
Бог нам даў, Бог нам даў.
Не завідуйце, добры людзі,
Будэ і вам, будэ і вам.
Ой, у городзе віно родзіт,
Розсцелается зелье,
Зачынаетса, почынаетса
У нас вэселе.
Бог нам дае,
Матуля спомагае,
Ешчэ до того
Родзіма прыставае.
Як і ва ўсёй вясельнай абраднасці, вялікая роля належала хлебу, пачынаючы з першапачатковых этапаў. А. Баршчэўскі паведамляе, што на заручынах старшы дружка рассцілаў перад маладымі ручнік і клаў на яго пачаты бохан хлеба. Маладыя клалі рукі, якія звязваліся ручніком і некаторы час заставаліся сплеценымі, госці ж пелі песні, змест якіх быў звязаны з абрадам. У якасці прыкладу прыводзіцца песня з вёскі Рыбакі:
Ой, наша [імя] дарагая,
Ой, ужэ сонечко дагарае,
Ой, рук! ужэ паложаны на хлебе,
Ой, хутко паведут да шлюбу цебе.
Ой, хутко пакінеш хату матулі,
Ой, благаславі дочку, татулю.
Бацька падходзіў да маладых і гаварыў: «Благаславі вас, Божа. Дай Бог вам шчасліва да шлюбу дачакаць і павянчацца». Пасля гэтага маладыя выцягвалі рукі з ручніка .
Утылітарна-магічная функцыя першапачатковых, як і іншых, вясельных абрадаў пацвярджаецца самім зместам песень, заклінальных тоставых формул, якія прамаўляліся на пэўным этапе шлюбнай урачыстасці. М. Федароўскі, напрыклад, адзначаў: «Калі п'юць за здароўе заручоных, выкрыкваюць: «Віват! Дай жа Божа, каб нашыя маладыя заўсюды вясёлыя былі, каб скакалі, гулялі, пладзіліся, як пчолы ў улею альбо авечкі ў хляве, а любіліся, як галубкі ў гняздзе!»
Значнае месца ў вясельнай абраднасці займаюць велічальныя песні. У іх нярэдка маладая абмалёўваецца трапнымі, выразнымі штрыхамі; паказваецца яе працавітасць, сціпласць, душэўнае хараство. Раскрыццю псіхалогіі дзяўчыны нярэдка садзейнічаюць традыцыйныя мастацкія выяўленчыя сродкі і прыёмы. Напрыклад, вобраз падстрэленай «вутачкі», якая «нізенька ляціць, не далятаець, нам крыллейкам не махаець», асацыятыўна выклікае вобраз заручонай дзяўчыны, засмучанай невядомасцю лёсу. Яна, як падстрэленая птушка, «смутненька ходзіць, цяжанька ўздыхаець. А дзе станець, прыхінецца, слязьмі абальецца».
Сімвалам горкага расставання нявесты з матулькай бываюць бярозка з лістком, вобразы якіх персаніфікуюцца.
Напярэдадні вяселля, часцей за ўсё ў суботу вечарам, адбываліся спецыяльныя цырымоніі, якім надавалася важнае значэнне ў вясельным рытуале. Называўся гэты этап дзявочным вечарам, вяночкамі, зборнай суботкай, даведзінамі. У Пружанах дружка ад імя маладога перадаваў дружцы нявесты чаравікі, у якія маладая павінна была абуцца і ехаць да шлюбу. Чаравікі завязваліся ў хустку і перадаваліся на талерцы разам з руцвяным вяночкам. Пры гэтым тройчы паўтаралася просьба прыняць чаравікі і вянец. Дружка прымаў спачатку вяночак, а пасля чаравікі. У гэты час граў музыка і прыпяваў:
Ой, чы з пэрцэм, чы не з пэрцэм
Я до цебе з шчырым сэрцэм,
Дзеўчыно моя,
Заручоная.
Я до цебэ прыходзіў,
Чэрэвічкі прыносіў,
Дзеўчыно моя,
Заручоная.
Цебэ ў дому не застаў,
Чэрэвічкі просвістаў,
Дзеўчыно моя,
Заручоная.
У зборную суботу выконваўся таксама абрад пячэння караваю. Каравайніцы мясілі цеста і пяклі пірог, спяваючы пры гэтым песні, у якіх каравай маляўніча паэтызуецца. Патрэбы на каравай гіпербалізуюцца:
Караваю, Божы дару,
Многа на цябе трэба,
Мяшок мукі пшанічнай,
Цэбар вады крынічнай.
Каравай, у вобразе якога ўшаноўваецца хлеб як аснова дабрабыту сям'і, персаніфікуецца, славіцца. Важнасць гэтага абраду пацвярджаецца і тым, што ў некаторых творах у падрыхтоўцы караваю ўдзельнічаюць сам Бог і анёлы, як у песні, якую прыводзіць А. Баршчэўскі ў названай вышэй кнізе (песня запісана ў вёсцы Зубово):
Над садком сонцэ вісіт,
Сам Бог коровай месіт,
Анёлы воду носят,
Прэчыстой Дзевы просят (с. 86).
ЁН жа адзначае, што пасля пасадкі караваю з хаты выправоджваюць дзяцей, каб пазбегнуць стукання дзвярэй і крыкаў, з-за чаго каравай можа «сесці». Каравайніцы, памыўшы дзяжу і выліўшы ваду пад садовыя дрэвы і на дарогу ў розных кірунках, садзяцца за стол, выпіваюць. Песні спяваюць прыглушаным голасам, каб не пашкодзіць выпечцы караваю. Калі ж каравай удаваўся, пелі песні, у якіх славіліся і жанчыны, якія яго рыхтавалі: «Ой, харошы наш каравай, харошы, // Бо харошы каравайніцы гібалі» . Песня напоўнена дасціпным гумарам, які характэрны для многіх песень абраду.
На Беласточчыне, як і ва ўсім беларускім этнасе, існаваў звычай пасаду нявесты. Напярэдадні шлюбавін (або ў дзень вянчання) маладую саджалі на дзяжу і развівалі яе касу. Пасад нявесты таксама суправаджаўся песнямі, якія адлюстроўвалі абрадавае дзеянне:
Брат касу расплятае,
Каснічку вынімае,
Кладзе на заслонцы,
Хай будзе малодшай сястронцы.
Закончыўшы абрад пасаду маладой, да прысутных звяртаўся маршалак з просьбай успамагаць нявесту. Бацька, маці, хрышчоны бацька і іншыя ўдзельнікі вяселля клалі на талерку невялікія грошы. У песні, якую пры гэтым спявалі, выказваецца заклік: «Няхай цябе, донька, пан Бог спаможа і ўсе святыя, і людзі гожы» . У іншых песнях гучыць просьба да бацькоў благаславіць маладую перад выездам да вянца. Бацька благаслаўляў з дапамогай абразоў.
Пра вянчанне мы вышэй ужо ўпаміналі. З песнямі вярталіся маладыя з царквы. Ад імя нявесты гучала песня:
Моя матёнко-утко,
моя матёнко-утко,
чом ны выходыш хутко,
чом мынэ ны вытаіш,
чом мынэ ны пытаіш,
дэ я була, з кым шлюб брала,
на ручнычку стояла,
на ручнычку стояла.
Бацькі сустракалі маладых каля хаты з хлебам і соллю; маці часам была ў вывернутым кажусе з векам дзяжы, у якое насыпана жыта, благаслаўляла іх. Дружка з сяброўкамі пелі пра перажыванні маладой, якая «плакала зэ шлюбу прыехаўшы, баценьку да ног паўшы» . Пра душэўны стан нявесты гаворыцца і ў песні, якую запісаў Р. Шырма ў 1939 г. у м. Белавежа:
Ой, ці жаль матулю, ці не жаль,
Ці тваё сардэнька не вяне,
Ці тваё сардэнька не вяне,
Што тваё дзіцятка не гляне?
Як села ўчора з вячора,
То сядзіць сягоння смучона,
Спусціла ачэнькі да зямлі,
Палажыла ручкі на прыпол,
Палажыла ручкі на прыпол,
Цяжанька сатхнула — Божа мой!
На вяселлі выконвалася шмат лірычных песень, у якіх абмалёўваліся вобразы маладых, адлюстроўваліся іх пачуцці, узаемаадносіны з бацькамі. Асабліва шмат спявалі гумарыстычных песень, дзе ў камічным выглядзе паўстае сват, сваха, дружкі і іншыя ўдзельнікі вяселля. Насмешка з іх была не зласлівай, таму за такія песні ніхто не крыўдзіўся. Шмат песень мелі бяседна-застольны характар:
Ой, од віна дорожэнька, од віна
пазбыралася Лідочкына родына.
Молода Лідочка своей матюнькы пытае,
нашчо матюнька родыноньку збырае.
— Ой, на тое, мая дочэнька, на тое,
на пышное высыльічко на твое!
Беларускія вясельныя песні характарызуюцца найбагацейшай паэтычнай сімволікай, з дапамогай якой ярка абмалёўваюцца вобразы. Персаніфікацыя, шырокае ўжыванне метафар, эпітэтаў, параўнанняў, гіпербал і іншых выяўленчых сродкаў садзейнічалі павышэнню паэтычнага хараства песень, выразнасці адлюстравання ў іх вясельных персанажаў, раскрыццю іх псіхалагічнага стану.
Такім чынам, шлюбны абрад беларусаў, у тым ліку і Беласточчыны, насычаны шматлікімі традыцыйнымі песнямі і творамі іншых жанраў, якія суправаджалі ўсе абрадава-рытуальныя дзеянні. Яны ператваралі абрад у цікавае вясёлае драматызаванае прадстаўленне, у якім раней пануючая, магічная функцыя страціла сваё значэнне, уступіўшы месца эстэтычнай і цырыманіяльнай; гэтыя функцыі сталі дамінантнымі.
