МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Каляндарна-абрадавыя творы // Культура і адукацыя беларускага замежжа

Аўтар: Ліс Арсен
Кнiга: Культура і адукацыя беларускага замежжа. 'НАВУКА I ТЭХНІКА'. Мінск. 1993.
Год: 1993
Краiна: Польшча
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/
Арсень Ліс

КАЛЯНДАРНА-АБРАДАВЫЯ ТВОРЫ

У мастацкай сістэме фальклору кожнага народа ёсць жанр або некалькі жанраў, неабавязкова дамінантных, якія надаюць яму нацыянальную адметнасць. Непаўторнасць, спецыфіка кожнай асобнай народна-паэтычнай культуры абумоўлена, як вядома, этнапсіхалагічнай асаблівасцю носьбіта дадзенай творчасці, прыродна-геаграфічнымі і гістарычнымі абставінамі яго жыцця. Ёсць і ў беларускім фальклоры свае вызначальныя напрамкі развіцця, жанры, што надалі яму самабытны характар, вылучаюць сярод народнапаэтычных культур іншых, нават самых блізкіх этнасаў.

Вучоныя розных краін, прадстаўнікі розных галін ведаў здаўна праяўлялі цікавасць да вусна-паэтычнай творчасці беларусаў, асобных яе жанраў. Міфолагаў (А. Афанасьеў, А. Патэбня, П. Бяссонаў) цікавілі абрады, павер'і і абрадавыя песні. Паслядоўнікаў гістарычнай школы і кампаратывізму (А. Весялоўскага, А. Лабаду) — зноў жа перш-наперш абрадавая песнятворчасць. Беларускія казкі патрапілі ў знаныя зборнікі рускіх казак Афанасьева, у «Bajarz polski» Глінскага і атрымалі ў фалькларыстаў высокую ацэнку.

«Перачытаўшы ўсе рускія казкі, — пісаў вядомы казказнавец С. В. Саўчанка, — мы можам смела сцвярджаць, што па жывасці і хараству апавядання беларускія казкі не маюць сабе роўных» '. Агульнавядома, як высока ацэньваў беларускі фальклор глыбокі яго знаўца і інтэрпрэтатар Адам Міцкевіч. Прыгадаем яго выказванне з курсу лекцый па славянскіх літаратурах: «...З усіх славянскіх народаў русіны, гэта значыць сяляне Пінскай, часткова Мінскай і Гродзенскай губерняў, захавалі найбольшую колькасць агульнаславянскіх рыс. У іх казках і песнях ёсць усё» . Хацелася акцэнтаваць увагу якраз на гэтым азначэнні — «усё». Сапраўды, багацце беларускага казачнага эпасу, сабранага такімі вялікімі рупліўцамі беларусазнаўства, як Я. Раманаў, М. Федароўскі і А. Сержпутоўскі, уражвае. Сярод беларускіх казак пра жывёл, фантастычных і навелістычных, ёсць шэдэўры ўзроўню агульначалавечай культуры. Аднак не казачны эпас беларусаў, дарэчы, апошнія дзесяцігоддзі належна ацэнены на радзіме братоў Грым (з 1966 па 1980 г. у Германіі дзесяць раз выдаваліся «Беларускія народныя казкі»), вызначае багацце і нацыянальную адметнасць беларускага фальклору. Найпаўней беларус выказаў сябе ў сістэме жанраў сямейна- і каляндарна-абрадавай паэзіі. Перад усім каляндарна-абрадавага фальклору. Менавіта жанры каляндарна-абрадавай творчасці адыгралі галоўную ролю ў абслугоўванні такой найважнейшай жыццёвай сферы асноўнай масы народа, як гаспадарчая, земляробчая дзейнасць на працягу года.

Каляндарна-абрадавая творчасць — адзін з самых старажытных духоўных спадарожнікаў чалавека. Вытокі асобных элементаў яе паэтыкі, якія грунтуюцца на старажытным светаўспрыманні, губляюцца дзесь у эпохах неаліту (позняга каменя) і бронзы. Станаўленне каляндарна-абрадавай паэзіі, як аб гэтым сведчаць археалогія і аналіз генезісу каляндарных абрадаў, звязана з узнікненнем і развіццём земляробства. Гэты важны здабытак цывілізацыі актывізаваў пазнанне чалавекам навакольнага свету і сувязі жыцця на зямлі з рытмамі прыроды, космасу. Першасныя веды аб свеце і сусвеце аказаліся акумуляваны ў абрадах і звычаях, якія практычна не што іншае, як «сімвалічнае выражэнне пэўнай ідэі, пачуцця, дзеяння або замена непасрэднага ўздзеяння на аб'ект уяўляемым (сімвалічным) уздзеяннем» .

Такім чынам, ахопліваючы адну з галоўных сфер дзейнасці чалавека — працоўную, да таго ж, на працягу такога вялікага адрэзку часу, каляндарна-абрадавая паэзія не магла не стаць тым, чым яна стала — універсальнай паэтычнай, духоўнай скарбніцай народа. У ёй з асаблівай паўнатой знайшлі высокапаэтычнае ўвасабленне этнічныя і эстэтычныя ідэалы народа, выявіліся яго мастацкія патэнцыі. Да асабліва буйнага ўзрастання каляндарна-абрадавай творчасці ў беларусаў і добрага яе захавання прычынілася і нацыянальная гісторыя. Народ земляробаў пасля дэнацыяналізацыі сваёй верхняй праслойкі нейкі час — цэлая гістарычная паласа (з сярэдзіны XVII да сярэдзіны XIX ст.) — заставаўся адзіным стыхійным носьбітам нацыянальнай ідэі. Пакінуты асвечанымі вярхамі, ён засяродзіўся ў сваім духоўным жыцці на развіцці тых з'яў, што былі звязаны з падвалінамі яго быту. Каляндарныя абрады і гадавы круг песень, якія суправаджалі аграрныя святы і работы на ніве, і з'явіліся той духоўнай апорай, тым прыкладаннем сіл, што разам з мовай дапамаглі этнасу супрацьстаяць дэнацыяналізуючаму напору з Захаду і Усходу ўтрымацца на караванных шляхах народаў. На тых шляхах, якімі ішлі войны, руйнаванне быту і культуры, няволя. Каляндарна-абрадавая творчасць у беларусаў аказалася не толькі жывым лучвом пакаленняў, але і неад'емным элементам у сістэме духоўных каардынат нацыі, асабліва на этапе яе адраджэння.

Такія з'явы, як каляндарна-абрадавая творчасць, патрабуюць асабліва руплівага збірання і вывучэння ва ўсіх іх рэгіянальных адменах, бо адносяцца да фундаментальных праяў народнага духу, да падвалін нацыянальнай культуры ўчора і заўтра. Гэтым і тлумачыцца наша цікавасць да паэзіі земляробчага календара беларусаў у кантэксце фальклору Беласточчыны.

Аб'ектам увагі збіральнікаў помнікаў народна-паэтычнай культуры фальклор Беласточчыны, асабліва ўсходняй яе часткі, стаў даўно. Першым з фальклорам Надбужжа, у тым ліку з каляндарна-абрадавымі песнямі, пазнаёміў навуковую грамадскасць польскі фалькларыст беларускага паходжання К. У. Вуйцкі . Цікавыя звесткі пра купальніц на Падляшшы падаў са сваіх родных мясцін І. Ярашэвіч , гісторык Вялікага княства Літоўскага. На заклік Рускага геаграфічнага таварыства, якое яшчэ ў 1847 г. разаслала свае анкеты-апытанні, з Бельскага павета адгукнуўся настаяцель царквы Брэн. Ён даслаў у Пецярбург даволі добрыя этнаграфічныя нататкі, у тым ліку апісанні каляндарных абрадаў. Свае фальклорна-этнаграфічныя запісы ён завяршыў аптымістычнай беларускай прыказкай, або мудраслоўем: «Не ўважай на ўраджай, — сей: жыта будзе» .

Маецца некалькі ўзораў восеньскіх песень з Забужжа ў публікацыі без подпісу «Заметкі аб заходняй частцы Гродзенскай губерні ў трэцім выпуску «Этнографического сборника», выдадзенага РГТ .

З кайстрай збіральніка здабыткаў народнай культуры прайшоў па Беласточчыне і знакаміты Міхал Федароўскі. У яго фенаменальным зборы «Люд беларускі» сярод гадавых песень (так фалькларыст акрэсліваў, тытулаваў каляндарна-абрадавую песнятворчасць. — А. Л.) ёсць запісы вяснянак з-пад мястэчка Крынкі, цудоўных валачобных з-пад Ялаўкі, Крынак, песень купальскіх, або янаўскіх, як часцей тут іх завуць, а таксама юраўскіх і жніўных з Сухаволі і іншых месц . Некалькі калядак і жніўных з Бельскага павета трапіла ў калектыўны зборнік упраўлення Віленскай вучэбнай акругі, адрэдагаваны Я. Раманавым .

У сваіх фальклорна-асветніцкіх вандроўках па Заходняй Беларусі ў 30-я гады не абмінуў Беласточчыны і славуты беларускі фалькларыст-музыказнаўца і культурна-грамадскі дзеяч Рыгор Шырма. Найболей запісаў каляндарных песень (калядак, юраўскіх, жніўных, валачобных) зрабіў Р. Шырма ў в. Пяшчанікі каля Гарадка. Купальскія і восеньскія песні запісаны фалькларыстам у Страшаве Беластоцкага павета. Ёсць у чатырохтомніку народных песень, сабраных Р. Шырмам, і запісы з Сакольскага і Аўгустоўскага паветаў. Але найболей рупліўцу беларускай песні на Беласточчыне «пашанцавала» на валачобныя творы . Сабраныя на польска-беларускіх узмежках, валачобныя песні натхнілі Р. Шырму на даследаванне іх і вызначэнне арэалу бытавання ў гэтым рэгіёне і далей. Аддаўшы належнае зместу і мастацкаму хараству гэтага старажытнага жанру беларускай народнай песнятворчасці, Р. Шырма пісаў у заключэнне: «Каб акрэсліць карту распаўсюджання гэтых (валачобных. — А. Л.) песень, то, пачынаючы з поўначы, трэба заняць усю Віленшчыну і далей паветы Горадзенскі, Ваўкавыскі, Сакольскі і Беластоцкі. Апошні пункт Беластоцкага павета вёска Тапілец над ракою Наравай з'яўляецца этнаграфічным рубяжом паміж беларусамі і польскімі мазурамі» . Даследчык не прамінае падкрэсліць той факт, як народная культура, у прыватнасці песня, дапамагае ўдакладніць этнаграфічную мяжу: «Граніца валачобнай песні — дакладная этнаграфічная граніца паміж абшарамі з беларускім і польскім насельніцтвам» .

Ведаючы палітычную атмасферу Заходняй Беларусі даваеннага часу, нельга не бачыць тут і імкнення беларускага культурна-грамадскага дзеяча ўзяць у сведкі песню ў яго спрэчцы з афіцыйнымі польскімі чыннікамі, якія не бачылі беларусаў на беларускай зямлі. Што ж да сабраных твораў, памятак народнай культуры на Беласточчыне да 50-х гадоў нашага стагоддзя, то, нягледзячы на тое што гэты край не абышлі сваёй увагай такія знакамітыя фалькларысты-збіральнікі, як Міхал Федароўскі і Рыгор Шырма, спадчына яго ў агульнанацыя-нальнай песеннай скарбніцы выглядала досыць сціпла. І толькі з заснаваннем у Польшчы ў 50-я гады Беларускага культурна-грамадскага таварыства і яе друкаванага органа «Нівы», разгортваннем асветнага руху беларусаў на Беласточчыне, узрастаннем, гуртаваннем творчых інтэлігентных сіл у рэгіёне збіранне і публікацыя фальклору, прапаганда песні праз эстраду набыла не спарадычны, а сталы характар. Актуаліі культурна-грамадскага, асветнага жыцця беларусаў у Польшчы вылучылі цэлую кагорту збіральнікаў і публікатараў перад усім песеннага фальклору, слоўнага і музычнага. Гэта М. Гайдук, яму, здаецца, належыць адно з першых месц у справе збору і публікацыі фальклору Беласточчыны, А. Баршчэўскі, вядомы больш як даследчык народна-паэтычнай спадчыны, М. Шаховіч, В. Стахвюк і музыканты Л. Панько, В. Залеская, Я. Бондар. Такім чынам, руплівасцю некалькіх пакаленняў збіральнікаў сабраны значны фальклорны матэрыял, на падставе якога можна ўстанавіць жанравы склад каляндарна-абрадавай паэзіі Беласточчыны, выявіць агульнае з усёй беларускай народнапаэтычнай спадчынай і спецыфічнае, уласцівае гадавому кругу песень і абрадаў гэтага рэгіёна.

Можна сказаць наперад, што ў каляндарна-абрадавым фальклоры краю над Наравам прадстаўлены песні ўсіх чатырох перыядаў земляробчага календара, чатырох пор года, чатырох цыклаў. На жаль, слаба запісаны каляндарныя абрады ў рэгіёне. Пашанцавала практычна адным жніўным. А між тым запісы калядак, шчадровак, або гагатух па-мясцоваму, ды валачобных і жніўных, здзейсненыя ў 60—80-я гады, самі па сабе сведчаць, што класічная каляндарна-абрадавая беларуская традыцыя яшчэ нядаўна жыла ў гэтым рэгіёне, як і на ўсім беларуска-этнічным мацерыку. Праўда, са сваімі адменамі. Як уласна калядныя тут часцей трактуюцца песні, пазней узніклыя на старадаўняй язычніцкай аснове, пераважна з хрысціянскай міфалогіяй. Напрыклад:

Добры вочур, пане орендару!

Радуйся землё, вэсэліся небо (2).

Сынця нам Боже народыў.

Засцілай столы всэ цісовые,

Наставляй кубкі всэ золотыя,

Налівай мэды всэ солодкія;

Ідут до тэбе трое гостэнькув.

Першы гостэнькі сам пан Буг з неба,

Другі гостэнько Найсвенча матка,

Трэты гостэнько Божы сынашек.

Трэба сказаць, што засваенне новага светапогляду ішло па старым светапоглядным каноне. І дзе ў больш старадаўняй песні тымі госцікамі, аб прыходзе якіх абвяшчаў гурт абрадавых спевакоў-калядоўшчыкаў, былі сонца, месяц і дожджык, на падставе хрысціянскага вучэння з'явілася Святая Тройца. Не лішне падкрэсліць, што і ў стылявым плане хрысціянізаваная калядка набірала моўна-вобразных барваў, была арганічная ладам і складам:

Ой, добры вэчор, пане гаспадару, до тэбэ!

Спадзівайтэся доброго госця до сэбе.

Доброго госця, самога Бога к вячэры.

З сабраных на Беласточчыне песень зімовага цыкла багацей выглядае пераднавагодні вечар. Багатая куцця, або Шчадруха. Яе шчадроўкі, або гагатухі, уяўляюць сабой архетып колішняй заклінальнай песні на ўрадлівасць. Яны яскравыя сваёй паэтычнай палітрай — вобразнасцю. Кампазіцыя іх, як правіла, простая. Васілёва маці, якая ўпамінаецца звычайна ў першым радку, — маці Васіля, Васілля, патрона земляроба, згодна з грэчаскай легендай, самога ў мінулым ратая і сейбіта . Вось прасцейшы тып шчадроўкі (гагатухі) з вёскі Кленікі Бельскага павета:

Васілёва маці

Пашла гатоваці

Пірог на лапаці.

Радзі, Боже, жыто

На новае літо:

3 одного колосочка

Жыта повна бочка,

У клуньцы паложно,

У дзежці усходно,

На прыпечку красно,

А ў печцы ясно.

Згодна са старадаўнімі міфалагічнымі ўяўленнямі, пажаданне, выказанае рытуальна, павінна было здзейсніцца. Таму заклінанне на ўраджай у каляндарна-абрадавай песні набывала форму гіпербалізаваных вобразаў: «З одного колосочка жыта повна бочка...» Бочка згадваецца невыпадкова, не дзеля рыфмы: служыла яна ў сярэднявечнай Беларусі ды, мабыць, не толькі Беларусі, мерай зерня, ёмкасцю, у якой захоўвалася збажына на ўжытак і на насенне, «на семя і на емя», як гаворыцца ў песні.

Сучасны запіс прыведзенай песні, зроблены М. Гайдуком у в. Трасцянка гміны Нарэва, уяўляе сабой той самы архетып, але яшчэ больш распеты, дэталізаваны менавіта ў заклённай частцы, у якой і ўвасоблена ўся практычная сутнасць абрадавай песні — паспрыяць земляробу — спору на ніве ў аддзяку за яго цяжкую працу.

Васілёва маті, Васілёва маті пошла гоготаті,

Гоготушка!

Нэ гоготаті, нэ гоготаті, Бога просіті,

Гоготушка!

— Раді, Божэ, жыто, роді, Божэ, жыто на новое ліето,

Гоготушка!

Зверху колосісто, зверху колосісто, сосподу корэністо,

Гоготушка!

Зверху колосісто, зверху колосісто, на полю снопісто,

Гоготушка!

В стороньці спорно, в стороньці спорно, в діежці пудыходно,

Гоготушка!

В діежці пудыходно, в діежці пудыходно, на лопаті гладко,

Гоготушка!

На лопаті гладко, на лопаті гладко, на столе скібісто,

Гоготушка!

На столе скібісто, на столе скібісто, пуд столом крошысто,

Гоготушка!

Заклінанне на ўраджай у працытаванай песні здзяйсняецца паводле формулы, якая сустракаецца ў іншых цыклах каляндарных песень: у імператыўнай форме жадаецца жыта каласістае, караністае. У традыцыйнай формуле заклёну на жыта сцяблістага, трывалага, моцнага ў сцябле, як прымета яго ўрадлівасці і стойкасці. Затое ў «шчадроўцы» з-пад Нарэва ёсць далейшая дэталізацыя ў зычаннях, якая звычайна, прынамсі, менавіта ў такой вобразнай форме, не сустракаецца ў вядомых беларускіх каляндарных песнях. Дэталізацыя гэта ў сваёй зыходнай функцыі была выклікана прагматычнай задачам праз рытуальныя словы песні садзейнічаць ураджаю, паспрыяць гаспадару-земляробу. Аднак прадметна-рэчыўная вобразнасць абрадавай песні набыла і паэтычную, выяўленчую яскравасць і сілу. Магія, уласцівая старажытнаму светаразуменню, увасобленая ў слове абрадавай песні, перарасла ў магію мастацкую, катэгорыю эстэтычную. На полі снапіста, у старане спорна, у дзяжы падыходна, на лапаце гладка, на стале скібіста — увесь гэты вобразны рад, што адлюстроўвае этапы падрыхтоўкі хлеба, нават праз фанетычна малапрадукцыйнае прыслоўе дасягае паэтычнай яскравасці, сэнсавай важкасці.

Адзін з самых спрактыкаваных збіральнікаў фальклору Беласточчыны М. Гайдук у нататцы да найбольш значнай нізкі калядных песень, апублікаваных у «Беларускім календары», зазначае, што ўсе яны спяваюцца менавіта «перад Новым годам», практычна адносіць іх да шчадровак . І гэта не суб'ектыўны момант. Сапраўды, шчадроўкі, або гагатухі, згодна з мясцовай традыцыяй, у Наднароўі пераважаюць. Класічная беларуская калядка, звернутая да гаспадара, з апісаннем яго двара, праслаўленнем яго розуму і багацця, у гэтым рэгіёне не выяўлена. Яўна пераважае больш сціслая кампазіцыйна, з адным матывам шчадроўка, хоць і не заўсёды яна суправаджаецца тыповым шчадроўскім рэфрэнам «Добры вечар добрым людзям» і да т.п. Што да шчадровак, то ёсць сюжэты, якія бытуюць практычна на ўсім Палессі, аж да Браншчыны на Усходзе. Вось такі адзін тыповы ўзор:

Ластовонька прылетала,

В акенэчка заглядала:

Чы е ўдома пан господар,

Чы е ўдома пані господыня?

Е ўдома пан господар,

Е і ўдома господыня—

Сідят собіе ў концы стола.

На іх шуба дублёна,

На шубаньцы кован пояс,

На поясу калітонька,

В колітоньці по сто злоты...

Звычайна так шчадроўкі прадстаўляюць гаспадара, услаўляючы яго як галаву сям'і, разумнага і багатага. За гэтай абрадавай ідэалізацыяй у старажытнасці выяўлялася імкненне праз магію слова паўплываць на лёс гаспадара ў пярэдадзень Новага года, забяспечыць багацце сям'і, яе дабрабыт. Паэтызацыя, узвышэнне, такім чынам, грунтаваліся на міфалагічна-магічным уяўленні і мелі гуманістычны сэнс па сутнасці. Зрэшты, шчадроўкі з Гайнаўскага павета маюць змадыфікаваны рэфрэн, бясспрэчна, вельмі старадаўні: ён захоўвае загадную (імператыўную) форму заклёна.

Ясна-красна в лузі каліна,

Ой, дай Божэ, в лузі каліна!

Шчэ з краснейша Іванка жона,

Ой, дай Божэ, Іванка жона!

По дворы ходыт, як місыць сходит,

Ой, дай Божэ, як місыць сходит.

До сіні вуйшла — зоронька зыйшла,

Ой, дай Божэ, зоронька зыйшла.

До хаты вуйшла — панычы сыдят,

Ой, дай Божэ, панычы сыдят.

Панычы сыдят, шапонькі дыржат,

Ой, дай Божэ, шапонькі дыржат.

Пытают йійі: «Чыя ты жона?

Ой, дай Божэ, чыя ты жона?

Чы ты попова, чы королева?»

А Іванко кажэ: «То моя жона,

Ой, дай Божэ, то моя жона.

Моя жоночка, як паненочка,

Ой, дай Божэ, як паненочка.

За ею посаг — посаг ны малы,

Ой, дай Божэ, посаг ны малы!

Погон скота, скрыня золота,

Ой, дай Божэ, скрыня золота.

Скрыня золота, постіэль белая,

Ой, дай Божэ, постіэль белая.

Постіэль белая, сама молода,

Сама молода, молодюсінька.

Ой, дай Божэ, молодюсінька.

Трэба адзначыць, што гэта сюжэт з агульнанацыянальнага беларускага каляднага рэпертуару, аднак у мясцовай традыцыі атрымаў творчую пераапрацоўку. На ўсходзе Беларусі ён часцей адрасуецца дзяўчыне. На Беласточчыне ж запісаны неаднойчы, і таму фактар суб'ектывізму, выпадковасці выключаецца. Паводле сваёй вобразнай структуры, элементаў паэтыкі песня ўяўляе сабой вельмі архаічны і арганічны твор. Можна з вялікай доляй верагоднасці дапусціць, што гэта архетып шчадроўкі, на сюжэт: жонка (дачка) гаспадара — гожая і багатая як панначка. Мастацкае выкананне сюжэта арыгінальнае, яскрава паэтычнае. Не банальная ў песні і канцоўка, у якой шчадравальнікі патрабавалі ад гаспадара каляднага — узнагароды за песню:

За те, прыспівкі — гарнэць гарэлкі,

Ой, дай Божэ, гарнэць гарэлкі.

За тэ хорошы — то сорок грошы,

Ой, дай Божэ, то сорок грошы.

Гэты сюжэт у калядцы з Гайнаўскага павета пераасэнсоўваецца ў кантэксце святочных пажаданняў гаспадаровай дачцы. Ужо не проста хлопцы, панічы, а канкрэтна сваты здзіўляюцца дачцэ, якая «па двары ходыт, як месэць сходыт» . Але твор не атрымаў такой раскошнай вобразна-паэтычнай выявы, як у прыведзенай намі песні. Ён яўна страчвае пры параўнанні са шчадроўкай гэтага сюжэта ў запісе З. Радчанкі з Гомельшчыны . І прычына гэтага, відаць, не у інфарматары, забыцці традыцыі, а ў інтэрпрэтацыі сюжэта мясцовай традыцыяй. Але кожная лакальная фальклорная традыцыя цікавая не толькі пацвярджэннем сваёй сувязі, пераемнасці з агульнанацыянальнай, але — і гэта, можа, у першую чаргу — сваім адыходам ад нацыянальнай спадчыны, тым новым, што яна ўносіць у супольную скарбніцу. У даным выпадку — паэтычную. У гэтым сэнсе бясспрэчную цікавасць уяўляе калядка, менавіта калядка (жанр яе выразна падкрэсліваецца тыпова калядным рэфрэнам), запісаная ў 60-х гадах у Бельскім павеце. Прынамсі, том «Зімовыя песні» з акадэмічнага збору беларускай народнай творчасці — а ён уяўляе сабой поўны звод песень зімовага цыкла — гэтага сюжэта не фіксуе. Песня, пра якую ідзе гаворка, гаспадарская. Добра захаваная. Можа, хіба што ёсць нейкая страта ў вобразах-гародах. У трыядзе адна з частак фактычна паўтараецца з малым вар'іраваннем. Калядка выяўляе добры эпічны стыль, грунтоўнасць структурнай будовы:

По столі по тэсовому, каледа,

По обрусу кружэсцовому, каледа,

Пані Пэтрова сына повыла, коледа,

Сына повывшы, зрадовалася, коледа,

Здаровавшыся, лісты пысала, коледа, :

Лісты пысала, мылому слала, коледа,

— Ой, бувай, бувай, мыла до дому, коледа,

Вжэ твоя мыла сына вповыла, коледа,

— Ой, коб жэ я віедав шчо тое правданька, коледа,

Прыпысав бы я юй тры горудці, коледа,

Першы горудэць — вішні-чэрэшні, коледа, -

Другі горудэць — жыто-пшэніця, коледа,

Трэці горудэць — грушкі-яблушкі, коледа,

Вішні-чэрэшні час абрываты, коледа,

Жыта-пшэніцю час пожынаты, коледа,

Грушкі-яблушкі час абрываты, коледа,

Сынка Іванка час мужоваты, коледа.

Такім чынам, калядкі і шчадроўкі, што бытуюць на Беласточчыне, сведчаць аб досыць прадуктыўным развіцці тут зімовай разнавіднасці каляндарна-абрадавых песень, сувязі іх з агульнанацыянальнай беларускай традыцыяй і наяўнасці арыгінальных лакальных рыс у ёй. Папраўдзе, гэты факт не з'яўляецца нечым нечаканым: поўдзень Беларусі, Палессе — традыцыйны рэгіён бытавання калядна-шчадроўскіх песень, а паўднёва-заходнія этнічныя беларускія ўзмежкі ў сэнсе народнай культуры даволі цесна прымыкаюць да мітраполіі.

Некалькі нечаканым для даследчыка каляндарна-абрадавага фальклору ёсць наяўнасць у рамках каляндарна-абрадавай песнятворчасці Пабужжа—Наднароўя досыць развітай традыцыі вяснянак. Сканцэнтраваная ў Падняпроўі і Пасожжы класічная традыцыя песень гукання вясны, вяснянак-заклічак слаба выяўлена або зусім не пашыраная ў многіх рэгіёнах Беларусі.

Тыповую вяснянку-заклічку «Ой, вясна-красна, што ж ты нам прынесла?» з Бельскага павета сустракаем ужо ў зборніку этнаграфічных матэрыялаў, сабраных у пачатку стагоддзя.

Ой, вэсна-красна, што ж ты нам прынэсла?

Ой, рано-рано, што ж ты нам прынэсла?

Малым діетонькам по краснуом яечку,

Молодым діевонькам по рутвянум вяночку,

Молодыченькам по вышытум чіепочку,

Старым бабонькам по крывому кіёчку.

Ой рано-рано, по крывому кіёчку.

У гэтай заклічцы, звернутай да вясны, якая ва ўяўленні старажытнага чалавека з'яўлялася ў выглядзе антрапаморфнага вобраза, ёсць шырока абагульнены погляд на веснавое абнаўленне свету. Выражаны ён праз блізкія чалавеку працы бытавыя вобразы. Захавалася ў вясновапесеннай традыцыі Беласточчыны, у прыватнасці ў Бельскім павеце, і рэдкасная, толькі аднойчы занатаваная ў фалькларыстыцы, прызыўна-заклічная вяснянка, у якой якраз створаны вобраз самой вясны. Песня «Прыді, прыді, вэсна» кампазіцыйна распадаецца на дзве часткі. У першай гучыць заклік-заклінанне, а ў другой даецца выява жаданай, прызыванай госці-вясны, як бы яна адразу і адклікнулася на рытуальны зварот да яе спеўнага абрадавага гурту:

Прыді, прыді, вэсна,

Прыді, прыді, красна,

До нас у тоночок.

Прынесі нам збожжа,

Прынесі цветочек,

Штоб увіць віночок!

Едэ вэсна, едэ

На золотом коню,

У золёнум кафтане,

У брычцы седзячы.

Вызэ, вызэ вэсна

Ясные дэнёчкі,

Частые дожджочкі,

Зэлёные травы...

Параўнанне вяснянкі з Беласточчыны з запісанай на семдзесят гадоў раней на Барысаўшчыне пераконвае, што гэта адзін і той жа твор. Варыянты розняцца ў нязначных дэталях. У запісанай А. Багдановічам песні дзяўчаты заклікаюць вясну прыйсці не ў ток, як у адменніку з Бельскага павета, а ў танок — карагод. Дарэчы, закліканне прыйсці ў ток — на гумно не абавязкова агаворка, памылка. Арэлі вясной часта ладзілі менавіта на таку, вясну клікалі з гуменных стрэх: так што ток (гумно) у песні — мясціна, паняцце, адпаведныя абрадаваму кантэксту.

Затое вобраз вясны ў вяснянцы, запісанай на Барысаўшчыне, больш земляробчы, сейбіцкі. Калі вясна ў песні з Беласточчыны едзе на залатым кані (вобраз касмічны, сімвалічны), у брычцы седзячы, то вясна ў аналагічным творы з Барысаўшчыны прадстае ў некалькі іншым вобліку:

Едзіць вясна, едзіць

На залатым кані,

У зялёным саяні,

На сасе седзючы,

Сыру зямлю аручы,

Правай рукой сеючы,

А смыком скародзячы...

У веснавым каляндарна-абрадавым цыкле больш, чым у іншых сезонных цыклах, песень лірычных, не звязаных з земляробчай магіяй, міфалагічнымі ўяўленнямі. Наяўнасць «чыстай» — найчасцей гэта любоўная — лірыкі ў веснавым цыкле тлумачыцца асобным станам душы чалавека ў пару адраджэння прыроды, ажывання зямлі. На Беласточчыне веснавыя лірычныя песні маюць спецыфічную мясцовую назву, уласнанароднае акрэсленне. Іх называюць «агулькі» і «гаікі». Паводле сцверджання інфарматараў, яны выконваліся выключна вясною. Агулькі спяваліся ў перыяд Вялікадня, але яны не мелі нічога супольнага з абхаднымі валачобнымі песнямі, якія выконваліся на першы ці другі дзень Вялікадня вечарам валачобным гуртам.

Агулькавыя песні — сведчаць аўтары даследавання веснавога абрадавага фальклору на Беласточчыне В. Залеская і В. Стахвюк — выконвалі дзяўчаты, якія збіраліся на лавачках ля хат штодзённа, пасля заходу сонца, што было абумоўлена інтэнсіфікацыяй сельскагаспадарчых работ . Названыя аўтары далей адзначаюць, што пры гэтым назіралася чыста абрадавая з'ява — спроба хлопцаў абліць пявунняў вадою. Гэты магічны акт быў скіраваны на стымуляванне ўраджаю, асабліва лёну, аб чым сведчыць заклён-прыгавор «каб лён быў ядронейшым!», якім суправаджалася абліванне .

Агулькамі называюцца на Беласточчыне і вяснянкі-заклічкі тыпу «Вэсна красна, што ты нам прынэсла?» З Юр'я, як сведчаць В. Залеская і В. Стахвюк, на Сёмуху-Тройцу спявалі на Беласточчыне «гаікі», веснавыя лірычныя песні . Узорам «гаікаў» можа быць запісаная ў Бельскім павеце ад спявачкі Тэклі Аўсейчык песня, вядомая ў іншых рэгіёнах Беларусі проста як веснавая:

Ты дуброва, ты дуброва,

Ты зэлёная была.

По тобе жэ я ходіла,

Заблуділася была.

Я думала, што дуброва,

То лісок нэвысок,

То лісок нэвысок,

Нэ доходіт, нэ доносіт

До матулі голосок.

За невялікім выключэннем «агулькі» і «гаікі» Беластоцкай зямлі (апошнія, пэўна, узялі сваю назву ад таго, што спяваліся ў акрытых маладой лістотой гайках, на ўлонні расквітнелай прыроды) адрозніваюцца ад лірычных песень, прымеркаваных да вясны, другіх беларускіх рэгіёнаў. Яны, вядома, уяўляюць значную цікавасць як творы, якія перадаюць перажыванні чалавека: пачуццё кахання, надзеі выйсці замуж, узяць шлюб з добрым чалавекам. Але ў плане абрадава-каляндарным, уласна абрадавым яны менш цікавыя.

Адметнасць веснавога цыкла абрадавай творчасці на Беласточчыне, як і ўсёй Беларусі, складаюць валачобныя песні. Дзякуючы М. Федароўскаму і Р. Шырме валачобныя з паўднёва-заходняга рэгіёна досыць рэпрэзентатыўна прадстаўлены ў беларускай фалькларыстыцы. Гэтыя творы з сённяшняй Беласточчыны звязаны з валачобна-песеннай традыцыяй Ваўкавысчыны і Слонімшчыны. У такім шырокім этнарэгіёне бытуюць фактычна адны і тыя самыя сюжэты валачобных песень. Іх мастацкае афармленне, паэтыка выяўляюць нязначную адбежнасць. Характэрная рыса рэгіянальных валачобных — адсутнасць сярод іх песень, у пэўным сэнсе каронных, адрасаваных гаспадару. Бытуюць пераважна валачобныя, якія выконваюцца паненцы — незамужняй дачцы гаспадароў. Найчасцей сустракаецца сюжэт на тэму, як дзяўчына губляе персцень пры мыцці хусця і просіць рыбалоўнікаў вылавіць яго невадам, Распаўсюджаны таксама далёкі варыянт гэтага сюжэта — уронены ў Дунай персцень дзяўчына пачаргова просіць дастаць, прывезці яго бацьку, брата і мілага. Песні на гэтыя сюжэты пачынаюцца, як правіла, даволі дасканалым паралелізмам.

Тонка, тонка канапелька, канапелька, лолам!

Да танчэйша красна панна, лолам!

Хусты мыла, бель бяліла, бель бяліла, лолам.

Натуральна, што пры ўсёй эпічнасці валачобныя, адрасаваныя дзяўчыне, набывалі ў выкананні не толькі мажорны — валачобная песеннасць у меладыйна-ладавай аснове сваёй мажорная, — але і крыху гуллівы тон. Вось песня з вёскі Тапілец, з польска-беларускай, паводле слоў Р. Шырмы, этнічнай мяжы:

Тонка лёнка-канапелька,

Гэй, віно!

Яшчэ тоньша Гандзюленька,

Паву пасе, пер'е бярэ.

Што сабярэ — то ў хвартушок,

А з хвартушка вянок віе,

Віе, віе, перавівае,

Да галоўкі прышчапляе.

Скуль жа ўзялісь буйны ветры

І звеялі павін вянец,

I паняслі ў быстры Дунай.

Да Дунаю сцежка йдзе,

На той сцежцы камень ляжыць,

На камені — тры малойцы.

Адбываецца дыялог паміж паннай і малойцамі-рыбалоўцамі. На іх пытанне, што за дар яны атрымаюць за вылаўлены з Дунаю вянец, гучыць адказ:

— А першаму — павін вянец,

А другому злоты персцень,

А трэцяму сама млода,

Сама млода, як ягода,

Як ягода ў буйным лесе.

У іншых варыянтах гэтага сюжэта прысутнічае яшчэ такая дэталь, як нязгода з-за няроўнасці падарункаў за вылаўлены вянец (персцень). Пры гэтым выяўляецца пэўны артыстызм выканаўцаў песні і своеасаблівы прагматызм:

Злоты персцень пераломіцца, пераломіцца, лолам!

Шалкова хустка да зносіцца, да зносіцца, лолам!

Сама млода як ягода, як ягода, лолам!

Да на век доўгі, на век доўгі, лолам!

Да на быт добры, на быт добры, лолам!

Сюжэт пра сустрэчу дзяўчыны, што ўраніла персцень — у сучасным запісе мова крыху спаланізавана — самы пашыраны ў рэгіёне. Даволі распаўсюджаны і сюжэт валачобнай пра тое, як дзяўчына раўнуе вышчыпнутую ружу-кветку да свайго твару, — запісы зроблены на Беласточчыне М. Федароўскім і Р. Шырмам. У афармленні гэтага сюжэта, прынамсі ва ўступе-заспеве, ёсць арыгінальныя рысы. Відаць імкненне неяк па-свойму акрэсліць месца дзеяння. Напрыклад:

Між клеткамі, між новымі,

Эй, тото, да між клеткамі, між новымі

Расце ружа чырвоная...

Часцей жа ў межах усяго арэалу бытавання сюжэта «дзяўчына раўнуе ружу да свайго лічыка» гэты локум афармляецца ў словазлучэнні «У гародзе на пераходзе».

Ёсць у запісе Р. Шырмы зусім арыгінальны валачобны сюжэт, ні разу не паўтораны, у агульнанацыянальным рэпертуары беларускіх валачобных спеваў. Інфарматар, носьбіт песні, паходзіў з Гарадка, з-пад Беластока. Акрамя адметнага сюжэта твор цікавы яшчэ і тым, што дае мясцовую назву валачобнікаў — валхоўнічкі. Змест песні наводзіць на думку, што інфарматар быў знаёмы з беларускай валачобнай традыцыяй у іншых рэгіёнах і дазволіў сабе шырокую імправізацыю. Праўда, можна дапусціць і іншае: бытавалы ў рэгіянальнай беластоцкай традыцыі сюжэт мог з часам забыцца і выпасці з рэпертуару. З-за адноснай вялікасці твора прывядзём адзін фрагмент яго:

Ой, шлі-беглі валхоўнічкі, гэй, віно!

Пыталіся нова двара, гэй, віно!

З нова двара ды паненкі, віно!

А ў тым двары тын тыновы, гэй, віно!

Тын тыновы, сад вішнёвы, віно!

Вароцечкі букавыя, гэй, віно!

А замочкі нутраныя, гэй, віно!

А ключыкі залатыя, віно!

Красна панна адмыкала, гэй, віно!

Валхоўнічкі упускала, віно.

— Ціха, ціха, валхоўнічкі, гэй, віно!

Не стукайце боцечкамі, гэй, віно!

Не бразгайце падкоўкамі, віно!

Бо мой айцец вельмі грозны, гэй, віно!

У ложы ляжыць, грозу дзяржыць, віно...

Аналагічна рэлігійным калядкам на Беласточчыне бытавалі і валачобныя рэлігійнага паходжання, аб чым сведчаць сучасныя запісы іх . Мяркуючы па больш ранніх запісах фальклору, некалі ў сістэме веснавых абрадаў практыкаваўся на Беласточчыне і юраўскі абрад, бытавалі рытуальныя юраўскія песні. Цяпер толькі слабы водгук іх фіксуецца ў веснавых песнях любоўна-шлюбнай тэматыкі .

У песенным жа зборы Р. Шырмы ёсць юраўская песня, занатаваная ў в. Пяшчанікі, каля Гарадка, дзе дзейнай асобай выступае Юр'ева маці, гаворыцца пра сімвалічныя залатыя ключы, якімі яна адмыкае сырую зямлю і выпускае расу . Такім чынам, фіксуецца тыповая абрадава-магічная юраўская песня земляробчай скіраванасці. Не менш характэрная абрадава-юраўская песня з Бельскага павета была апублікавана ў свой час настаўнікам Якавуком у калектыўным фальклорна-этнаграфічным зборніку, падрыхтаваным над рэдакцыяй Я. Раманава. У ёй прысутнічае цэнтральны вобраз юраўскіх песень Юрай і многія міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з гэтым старажытным святам земляробаў і жывёлаводаў. Пры гэтым не столькі сам вобраз Юр'я, як паэтычная выява яго, тэкстуальная падача, калі можна так выказацца, адметная, не падобная на вядомыя з іншых юраўскіх, што бытуюць у цэнтральных, паўночна-заходніх рэгіёнах Беларусі:

Ой, Юры, Юры, Грыгоры,

Пожені волы ў поле

На шаўковую травіцю,

На мэдовую росіцю.

Нэхай волікі пудідят,

Нэхай нас люді поглядят.

Шаўкова трава наросла,

Золотая роса напала.

А по туой траве-мураве

Іграе Юры на коніе,

На вороному коніку,

На золотому сідёлку...

У песні інтэрпрэтуюцца такія паняцці, звязаныя з Юр'ем-святам, Юр'ем-патронам земляробства і жывёлагадоўлі, як абрадавы выган жывёлы на пашу, адпаведная міфалагічным уяўленням ідэалізацыя: валы выганяюцца «на шаўковую травіцю, на мэдовую росіцю», выпадае-падае залатая раса. А сам Юры іграе на вараным кані, залатым сядле.

Летні каляндарна-абрадавы цыкл песень на Беласточчыне прадстаўлены ўсімі іх разнавіднасцямі, найперш творамі купальскай і жніўнай паэзіі, а таксама песнямі сенакоснымі. Праўда, уведзенага ў публічны ўжытак матэрыялу небагата: сенакосная з Сакольскага павета ва ўжо згадваным зборніку пад рэдакцыяй Я. Раманава, у публікацыях І. Ярашэвіча, арыгінальная купалка ў запісе Р. Шырмы, некалькі купальскіх песень з Бельскага павета, пададзеных у друк Аляксандрам Артымовічам.

Што да жніўных песень, то тут збор быў больш плённы. Але спачатку пра Купалле. І. Ярашэвіч, падаючы звесткі пра Купалле ў мястэчку Кляшчэлі, агаворваецца, што ўзяў іх ад мясцовага святара Сасноўскага, а занатаваны яны ў канцы XVIII ст. Такім чынам, у нашым распараджэнні адна з самых ранніх крыніц аб купальскім абрадзе, праводзінах купальскага свята ў паўднёва-заходнім этнічным кутку. Аўтар публікацыі расказвае пра раскладанне сярод местачковай плошчы вогнішча і карагодак дзяўчат і жанок вакол яго. Адзін такі карагод пад назваю «Рагулька», мяркуючы па яго характары, меў рытуальнае назначэнне. Рагулька ж (адна з абраных для гэтага дзяўчат), падобна Купалцы з абраднасці цэнтральных рэгіёнаў Беларусі, адыгрывала апякунскую ролю ў дачыненні моладзі .

Купальскія песні ранняга пласта выражалі перш за ўсё магічна-засцерагальныя ўяўленні старажытнага земляроба:

Купальнаі ночы

Выпеклі ведзьме вуочы,

Каб па жыце не хадзіла,

Каб расы не збірала,

Каласкам не шкодзіла,

Каб красы не здзіўляла.

Апошнія словы трэба разумець — каб не шкодзіла жыту ў час красавання, не здымала красы, а з ёю і спору. Гэта, уласна, не столькі песенька, хоць яна мела і мелодыю, колькі свайго роду тлумачэнне абраду. Як вядома, згодна з павер'ямі, ноч на Купалле была ноччу цудаў і разгулу розных сіл, варожых чалавеку. Дзеля таго, каб засцерагчы збажыну ад магчымых ведзьміных падкопаў, у жыта кідалі галавешкі з купальскага вогнішча з надзеяй адпалохаць ліхія сілы. Прыведзеныя радкі якраз маглі суправаджаць такое магічна-засцерагальнае дзеянне ўдзельнікаў купальскіх абрадаў.

Трэба сказаць, што песні аграрнай тэматыкі, якія ва ўсіх каляндарна-абрадавых цыклах пераважаюць, у купальскім рэпертуары аказаліся адціснутымі на другі план паэзіяй любоўнага і шлюбнага зместу. Гэта адбылося з той прычыны, што Купалле — старажытная ўрачыстасць у гонар летняга сонцастаяння — было ў адначассі парой росквіту прыроды, а таксама часам кахання, як адной з праяў чалавечага ў чалавеку. Любоўныя матывы ў купальскіх песнях Беластоцкага краю прама пераклікаюцца з тым, як яны паэтычна ўвасоблены ў іншых рэгіёнах Беларусі, у тым ліку і самых аддаленых. Дастаткова нагадаць запісаныя ў 70-я гады нашага стагоддзя купальскія песні ў Бельскім павеце, каб пераканацца ў сказаным. Прывядзём фрагменты купальскіх з Беласточчыны:

Ой, рано на Івана

Проті Івана нучка мала,

Дэ Купало ночовала?

Ночовала ў чыстум полю,

У чыстум полю, сярод жыта.

або:

Купальна ночка нэвэлічка,

Нэ выспалася дэвічка.

Ягодкі рвала — драмала,

Прыбірала — заснула.

Позна захаваліся на Беласточчыне асобныя ўзоры купальскай лірыкі, пазначаныя паэтычнай тонкасцю, эстэтычнай дасканаласцю. Напрыклад, не можа не ўразіць, як дасканала скарыстаны прыём рэтардацыі дазваляў у песні перадаць розныя этапы выпрацоўкі палатна ў кантэксце шлюбнага матыву ў песні Тэклі Алісейчык з Бельшчыны:

Тэмна нучка купалочка,

У рэчцы гусі купалісе,

На бэрэжку сушылісе.

Наша Марыська зжурылася,

Што яе дары нэ прадяные;

Хоть прадяные, нэ звіваные,

Хоть звіваные, нэ снованые,

Хоть снованые, нэ вытканые,

Хоть вытканые, нэ белёные,

Хоть белёные, нэ делёные

Тому-сёму по локтіку.

Многа досціпу, вобразна-мастацкай вынаходлівасці ў купальскіх песнях жартоўнай тэматыкі. У сістэме купальскіх абрадаў, гульняў вакол рытуальнага вогнішча яны займалі значнае месца. Гумар купальскіх песень мяккі, лірычны — дзявочы гумар. Жартоўныя купалкі дасягаюць яскравага камізму сітуацый. Як правіла, будуюцца яны на антытэзе:

Малая ночка купалначка,

Нашы малойцы не выспаліся,

За воламі ідуць хліпаючы,

Слёзкамі вочы сціраючы.

— Быцю, быцю, пазыч хваста,

Пратру вочы пасля ночы.

Нашы дзевачкі выспаліся,

За валамі ідуць спяваючы,

Свае хустачкі вышываючы.

Нягледзячы на ўсё багацце і пышнасць купальскіх абрадаў і рытуалаў, усё ж своеасаблівага апагея каляндарна-аграрная абраднасць дасягала ў час жніва, асабліва на дажынках — гэтай вяршыні палявых работ.

Пры ўсёй супольнасці асобных рыс жніўных, дажынкавых абрадаў Беластоцкага рэгіёна з абрадамі іншых еўрапейскіх суседніх народаў, а перад усім беларусаў на Міншчыне і Віцебшчыне, яны вызначаюцца рэгіянальнай адметнасцю. Гэта ж датычыць і песеннага суправаджэння абрадаў, і самой жніўнай працы. У адрозненне ад пашыранага ў цэнтральнай і паўночнай Беларусі абраду «завівання барады», сэнс якога заключаўся ў магічным акце, накіраваным на захаванне плёну, прадуцыравальнай сілы нівы, у паўднёва-заходнім рэгіёне здзяйсняўся падобны абрад пад назваю «перапёлка» . Звычай замест дажынкавага снапа і проста вянка несці спецыяльны вянок-кветку ўласцівы ўсяму паўднёва-заходняму рэгіёну, паэтычна адлюстраваны ў песні з усходняй Беласточчыны:

Адчыняй, пане, новы варота,

Нясём кветаньку з срэбра і злота...

Характэрна, што на Беласточчыне збярогся не фрагментарна, як гэта часта бывае на адрогах этнатэрыторыі, а цалкам жніўна-дажынкавы рэпертуар. Тут да нядаўняга часу бытавалі, аб чым сведчаць публікацыі М. Федароўскага і іншых фалькларыстаў, песні, што адлюстравалі розныя этапы жніва. Напрыклад, такія тыпова жніўныя песні — жніўнапесенная класіка, як «А ўжо вечар, вечарэе», «Пайду я дарогаю», «У нашага пана дзіва, што пры месяцы жніва» і інш.

Больш цікава тое, што сярод уласна жніўных, тых, што непасрэдна суправаджалі працу, на Беласточчыне, у прыватнасці ў ваколіцах гістарычнага Заблудава, бытуюць — прынамсі, нядаўна былі запісаны — арыгінальныя жніўныя песні, невядомыя ў іншых лакальных традыцыях. Прычым песні гэтыя вызначаюцца багатым зместам, глыбокім псіхалагізмам, яскравай паэтыкай. Прывядзём адну з іх:

Ой, волока, волока,

Доўгая і шырока,

На юой жэнчыкі жалі,

На юой жэнчыкі жалі.

Голосно, туонко спіевалі:

— Жэнчыкі молодые,

Жэнчыкі молодые —

Серпікі золотые.

Наша пані домуе,

Наша пані домуе—

Нам вэчыэру готуе.

Нам вэчыэра нэ міла.

Нам вэчыэра нэ міла —

Постотянка ўтоміла.

Досыць многа адметнага ў змесце і паэтычна-выяўленчай прыродзе дажынкавых песень краю Нарава і Буга. У гэтым няцяжка пераканацца, пазнаёміўшыся з падборкай дажынкавых твораў, запісаных у 20-я гады ў Беластоцкім і Аўгустоўскім паветах рупліўцам беларускай музычнай фалькларыстыкі, незабыўным Р. Шырмам. І ў першую чаргу з песнямі «Лятаў саколік па полю», «Ой, у садочку цвіла лілея», «Дзякуем табе, наш моцны Божа», «Дажалі жыта да самага долу» .

Восеньскія песні, запісаныя невядомым збіральнікам у сярэдзіне XIX ст., — дапушчальна гэта быў Кіркор — а таксама Р. Шырмам, сведчаць, што асенняя песня, адметная па музычнай прыродзе, асабліва танальнасці, у Беластоцкім рэгіёне не выявіла выразнай жанравай спецыфікі, так, як гэта можна бачыць у паўночна-заходнім этнабеларускім краі. Тут гэта звычайная лірычная песня, якая сваёй паэтыкай, выяўленчай палітрай не вылучаецца з агульнага масіву пазаабрадавай лірыкі. Зрэшты, так яна выглядае на ўсходзе і па ўсім поўдні беларускага этнаграфічнага абшару, у самой, так сказаць, мітраполіі.

Нават кароткі разгляд каляндарна-абрадавай творчасці Беласточчыны дазваляе зрабіць пэўныя высновы:

1. Песні гадавога круга, або каляндарна-абрадавыя, якія складаюць ядро беларускай народнапаэтычнай творчасці, мелі на Беласточчыне значнае развіццё і ў нейкай меры захаваліся да нашага часу. Яны — значны элемент духоўнай культуры беларускага этнасу ў Польшчы.

2. Каляндарна-абрадавы фальклор Беластоцкага краю звязаны з народнапаэтычнай творчасцю Рэспублікі Беларусь, як частка з цэлым, як перыферыйная з'ява адзінага нацыянальнага мацерыка народнай культуры.

3. У рамках каляндарна-абрадавай паэзіі Беласточчыны развіваліся ўсе яе песенныя разнавіднасці, і перш за ўсё такія класічныя жанры фальклору, як калядкі, шчадроўкі, вяснянкі, валачобныя песні, юраўскія, купальскія і жніўныя.

4. Каляндарна-абрадавая творчасць Беластоцкага рэгіёна мае свае асобныя адметныя рысы як у абрадах, так і ў песнях, у мове — з характэрным палескім яе дыялектам.

5. Асобнымі творамі каляндарна-абрадавы фальклор Беласточчыны ўносіць свой уклад у агульную беларускую народна-культурную скарбніцу.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by