МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Дэкаратыўна прыкладное і выяўленчае мастацтва на старонках “Нівы” // Культура і адукацыя беларускага замежжа

Аўтар: Маленка Л.
Кнiга: Культура і адукацыя беларускага замежжа. 'НАВУКА I ТЭХНІКА'. Мінск. 1993.
Год: 1993
Краiна: Польшча
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/
Людміла Маленка

ДЭКАРАТЫЎНА-ПРЫКЛАДНОЕ І ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА НА СТАРОНКАХ «НІВЫ»

Дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва беларусаў у Польшчы — гэта тэма амаль зусім не асвет-лена ў нашым друку. Але жыццё ўжо даўно падштурхоўвае да вывучэння творчасці народа і на гэтай ніве.

Набыткі мастакоў і народных творцаў — прадстаўнікоў беларускай меншасці ў Польшчы — арганічна ўпісваюцца ў нашы агульныя працэсы адраджэнцкага руху, спрыяюць росту самасвядомасці, павароту да традыцый і шанавання роднай культуры. У іх творчай дзейнасці яскрава адлюстроўваюцца змены ў сучасным грамадскім жыцці, дзе культура беларускай дыяспары пачынае займаць трывалае месца.

Мяняецца разуменне творчай працы і мэты самаго твора. Мастацкі твор становіцца своеасаблівым сродкам, з дапамогай якога аўтар адкрывае сваё разуменне каштоўнасцей духоўнай культуры, звязвае яго з эстэтычным густам народа. Адсюль вялікая зацікаўленасць да этнаграфіі, фалъклору, народнага традыцыйнага мастацтва. Ва ўзаемадзеянні прафесійнай і народнай культур, узаемаўплывах мастацтваў розных народаў нараджаецца новы стыль, які, безумоўна, патрабуе свайго асэнсавання. І хоць на сённяшні дзень існуе вялікая цікавасць да пытанняў агульнагуманістычных, літаратурных, этнаграфічных і наогул асветы, аднак пра гэтыя галіны культуры беларускага замежжа пакуль гаворыцца мала і як бы між іншым.

Думаючы пра прыярытэты, пра важнасць сацыяльных пытанняў, аналізуючы агульнае становішча беларусаў як нацыянальнай меншасці за межамі дзяржаўнай Беларусі на тэрыторыях былога этнаграфічнага рассялення нашых суайчыннікаў, можна б было пагадзіцца з такім становішчам. Але калі зыходзіць з той ролі, якую адыгрывае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў захаванні і выяўленні нацыянальнай свядомасці, у фарміраванні адметных рыс характару, калі мець на ўвазе, якое месца займаюць гэтыя галіны творчай дзейнасці ў святле агульначалавечай прыроды і духоўным жыцці народа, хацелася б бачыць большую зацікаўленасць і большую ўвагу да іх з боку даследчыкаў. Прычыны існуючага становішча мы разгледзім на прыкладзе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларусаў Беласточчыны, Падляшша, якое асвятляецца на старонках вельмі чытабельнай і вядомай сярод беларусаў розных краін газеты «Ніва». Чаму менавіта Польшчы? Сёння на тэрыторыі толькі Беласточчыны, па звестках аўтараў «Нівы», пражывае каля 300 000 беларусаў. Гэта не толькі перасяленцы, якія з'явіліся тут у пачатку XX ст., а большасцю ў час грамадзянскай і пасля Вялікай Айчыннай войнаў. Гэта нашчадкі тых плямён, якія абаснаваліся на даных землях яшчэ на зыходзе мінулай і пачатку новай эры. Археолагі адкрылі тут ужо тады выразна сфарміраваныя тры культуры: балтыйскую, венедскую і зарубінецкую.

На думку польскага археолага беларускага паходжання Дануты Ясканіс, абгрунтаваную ў рабоце «Pradzieje Bialostoczyny» , венедская культура мела распаўсюджанне ў частцы Беласточчыны і з'явілася фундаментам, на якім пазней сфарміраваліся польскія плямёны. Зарубінецкая культура панавала ва ўсходняй частцы краю. На яе памежжы паўсталі ўсходнеславянскія плямёны, сярод якіх і беларускае племя дрыгавічоў.

Межы тэрыторый, заселеныя з аднаго боку польскім насельніцтвам, а з другога беларускім, застаюцца амаль нязменнымі і па сённяшні дзень. Бельск-Падляшскі захоўвае як доказ даўняга жыцця на гэтых тэрыторыях продкаў беларусаў помнік зарубінецкай культуры — магільнік ля вёскі Грыневічы Вялікія.

Гэты вядомы ўсяму свету помнік нагадвае, што з даўніх часоў тут побач жылі прадстаўнікі дзвюх культур. Прычым, нягледзячы на розныя, незалежныя ад іх гістарычныя нягоды, людзі жылі паміж сабой прыязна, спакойна, шмат у чым уплываючы адны на адных. У абедзвюх культурах — венедскай і зарубінецкай — многа падабенства і аднолькавых рыс, што робіць іх роднаснымі і сведчыць пра актыўныя ўзаемныя ўплывы і паходжанні з аднаго агульнаславянскага кораня.

Весткі аб гэтых плямёнах вядомыя ўжо з VI—V стст. да н.э. У IV томе «Гісторыі» Герадота Галікарнаскага сярод звестак аб народах, якія жылі на поўнач ад Чорнага мора па цячэнню р. Дняпра (так, як ішоў шлях грэчаскіх купцоў да берагоў Балтыйскага мора), ёсць апісанне жыхароў, якія жылі на сучаснай Валыні і Падляшшы прыкладна каля 512 г. да н.э. Герадот называў іх «нэўрамі» і надзяляў незвычайнымі якасцямі: «Павінны яны быць чараўнікамі, бо як скіфы, так і грэкі, якія пасяліліся ў Скіфіі, расказваюць, што раз у год кожны нэўр замяняецца ў воўка на некалькі дзён, а потым зноў прымае даўнішні выгляд... Нэўры маюць скіфскія звычкі, а на адно пакаленне перад паходам Дарыя (512 г. да н.э.) вымушаны былі пакінуць край па прычыне змей. Таму што зямля іх напладзіла мноства змей, а яшчэ больш прыходзіла іх з паўночных пустэчаў. Вымушаныя гэтым [нэўры] перанесліся паміж будзінаў, пакідаючы ўласны край» .

Вандруючы па Беласточчыне, можна наткнуцца на сляды падзей, пра якія сёння можна толькі здагадвацца, і адчуць уплывы народаў і культур, часам вельмі адлеглых. Ужо ў III—IV стст. н.э. праз Беласточчыну прайшла хваля готаў і гепідаў, якія са Скандынавіі вывандроўвалі ў прычарнаморскія землі. Дзякуючы рымскім і грэчаскім купцам сюды сталі пранікаць уплывы старажытнай антычнасці. У IX і X стст. назіраюцца развітыя кантакты з арабскімі краінамі. Пра гэта сведчаць скарбы арабскіх манет, знойдзеныя ў ваколіцах Мельніка і Драгічына.

На думку першага даследчыка гісторыі і этнаграфіі Падляшша Юзэфа Ярашэвіча, плямёны, што насялялі гэты край, здаўна вялі барацьбу з кіеўскімі, мазавецкімі і літоўскімі князямі. На гэтыя землі спакушаліся і крыжакі Тэўтонскага ордэна. Але больш адчувальнымі былі польскі і рускі ўплывы, якія прымаюць характар заваёўнага ўціску ўжо пры Балеславе Храбрым і Уладзіміры Вялікім.

У 1281 г. Падляшша было захоплена літоўскім князем Нарымунтам, які аддаў гэту зямлю з людзьмі свайму брату Трайдэну са званнем яцвяжскага князя. Па Уніі 1569 г. Падляшша перайшло ў склад Польшчы, маючы правы асобнага Падляшскага ваяводства.

Але, нягледзячы на волю гісторыі, сувязі з чужынцамі толькі садзейнічалі развіццю самабытнай і арыгінальнай культуры. З яе выявамі польскія даследчыкі сутыкаюцца і сёння. Аб гэтым пішуць навукоўцы У. Юзвюк, М. Мацюкевіч і інш. Як прыклад можна назваць артыкулы «Гайнаўскі павет Беластоцкага ваяводства» У. Юзвюка, «Матэрыяльная культура Сакольскага павета» М. Мацюкевіча ў другім навуковым зборніку Беластоцкага грамадска-культурнага таварыства, які выйшаў у 1964 г., а таксама іншыя матэрыялы на старонках «Нівы», змешчаныя ў розныя гады.

З'яўленне гэтых артыкулаў, абумоўленых асаблівай цікавасцю да гісторыі, этнаграфіі краю ў другой палове XX ст., садзейнічала вывучэнню беларуска-польскіх і польска-славянскіх сувязей, спрыяла абуджэнню нацыянальнай свядомасці нашых суайчыннікаў. З часам у гэтым напрамку склаліся дзве школы — варшаўская і вроцлаўская. Першая — на чале з яе стваральнікам прафесарам Б. Белаказовічам, другая — пад кіраўніцтвам выдатнага славіста М. Якубца.

Актывізаваўся працэс узаемапазнання культур польскага і беларускага народаў, чаму спрыялі навуковыя сувязі. Так, у 1988 і 1989 гг. былі наладжаны сумесныя Міжнародныя рабочыя сесіі, прысвечаныя польска-беларускім народным традыцыям. У іх прынялі ўдзел аддзел этнаграфіі Інстытута гісторыі і матэрыяльнай культуры Польскай Акадэміі навук, Польскае людазнаўчае таварыства ў Вроцлаве, кафедра этнаграфіі Вроцлаўскага універсітэта — з аднаго боку, і Акадэмія навук Беларусі — з другога (Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору). Кола акрэсленых праблем, якія займаюць сёння навукоўцаў, уключае пытанні матэрыяльнай культуры, сямейных абрадаў, традыцыйнай сімволікі, народнага традыцыйнага мастацтва. Апошняя з азначаных тэм на другой Міжнароднай рабочай сесіі (1989) разглядалася ў дакладах прадстаўніка Беларусі С. Мілючэнкава і Польшчы — А. Бляхоўскага і Э. Фрысь-Петрашкова.

Пры дастатковай разнастайнасці навуковых інтарэсаў, якія выявіліся ў сумесных сустрэчах, па-за ўвагай пакуль засталіся дзве важныя галіны — прафесійнае дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва беларусаў. А час адкрыць тайны сховішчаў гэтых відаў мастацтва, паказаць працэс іх развіцця ва ўмовах узаемных уплываў розных культур.

Рух у гэтым напрамку не будзе лёгкім, як не быў гладкім шлях беларусаў да свядомасці ў культуры, у пытанні нацыянальным. Многія этнаграфічныя беларусы асэнсоўвалі сваю нацыянальную прыналежнасць у залежнасці ад веравызнання. Пасля першай сусветнай вайны, па сцверджанню царкоўнага дзеяча Антона Міровіча, аўтара артыкула «Умовы фарміравання беларускай свядомасці праваслаўнага асяроддзя на Беласточчыне ў XX стагоддзі» , дарогі беларусаў-католікаў і беларусаў-праваслаўных разышліся.

У каталіцкім асяроддзі ўжо ў гэты час заўважаны пачаткі развіцця нацыянальнай свядомасці, але польскай. Прабуджэнне нацыянальнай свядомасці беларусаў-праваслаўных адлюстроўвае іншы працэс, які ўрэшце прывёў да заснавання Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Гэтай з'яве папярэднічалі адпаведныя змены, імкненне вызваліцца ад цяжару маральнага прыгнёту душы, адарванасці ад нацыянальных культурных традыцый.

Да пэўнага часу ў пасляваенны перыяд Польшча разглядалася як маналітная, адзінанацыянальная краіна. Але ўжо ў 60-х гадах прызнавалася, што колькасць грамадзян іншых нацыянальнасцей складае каля 2% ад агульнага насельніцтва. Самай вялікай лічылася група ўкраінцаў. Называлася лічба — каля 200 тыс. чалавек. Да 1947 г. яны займалі паўднёва-ўсходнюю частку краіны. У выніку акцыі «Вісла» раз'ехаліся па Заходніх і Паўночных землях. Потым ішлі беларусы — каля 160 тыс. чалавек (з іх 90% складалі сяляне); яўрэі — каля 25 тыс., чэхі і славакі — 20 тыс., рускія — 15 тыс., цыгане —10 тыс., літоўцы — 8 тыс. і немцы — 3 тыс.

Адносіны да насельніцтва нацыянальных меншасцей з цягам часу мяняліся. У 80-х гадах прызнавалася, што на тэрыторыі ПНР жыве 14 нацыянальных меншасцей і этнічных груп. Лічылася, што адны пасяліліся тут у выніку эміграцыі (да іх адносілі грэкаў, македонцаў, якія прыбылі ў Польшчу ў выніку дабравольнай эміграцыі ў 1949 г. і аселі ў асноўным ў Вроцлаве, Згажэльцы, Легніцы, Свідніцы, у Красценку Жашоўскага ваяводства) ці ў сувязі з пэўнымі гістарычнымі падзеямі (як гэта здарылася з рассяленнем татар, армян, караімаў). Не аспрэчвалася, што беларусы, украінцы, літоўцы мелі тут свае генеалагічныя карані. У Польшчы ёсць месцы, якія поўнасцю заселены беларускім насельніцтвам. Гэта ў Орле, Нараве, Гарадку, Дубічах Царкоўных. Кожны другі жыхар Беласточчыны карыстаецца беларускім вымаўленнем. Шмат беларусаў жыве ў Сядлецкім і Белападляшскім ваяводствах. Ёсць пэўныя групы ў Варшаве, Гданьску, Любліне.

У 1991 г. называліся наступныя лічбы: нацыянальныя меншасці ў Польшчы складаюць 2—4%. У іх ліку 200— 300 тыс. украінцаў, каля 200 тыс. беларусаў, 20—30 тыс. славакаў і чэхаў, 15—20 тыс. літоўцаў, 15 тыс. армян, больш за 10 тыс. яўрэяў, якія ўжо шэсць вякоў жывуць на польскай зямлі, 2 тыс. грэкаў. Сярод немцаў улічваліся тыя, хто нарадзіўся і застаўся на тэрыторыях колішняй гітлераўскай Германіі. Гэта сілезцы і мазуры, якіх каля 250 тыс.

Усе гэтыя народы не адразу займелі правы на ўласныя арганізацыі і самастойнае культурнае жыццё ў межах адзінай дзяржавы. Радыкальныя змены адбыліся ў апошнія гады. Прыкметны ўклад зрабіў аддзел па пытаннях нацыянальных меншасцей Міністэрства культуры Рэспублікі Польшча. Правы на існаванне атрымалі аб'яднанні па нацыянальнасцях, стварэнне якіх адносіцца да 50-х гадоў. На тэрыторыі краіны цяпер дзейнічаюць Украінскае грамадска-культурнае таварыства з рэгіянальным аддзелам лемкаўскай культуры з сядзібай у Варшаве (створана ў 1956 г.); Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ) з сядзібай у Беластоку (1956 г.); Чэшскае грамадска-культурнае таварыства з сядзібай у Варшаве (1956 г.); Літоўскае — з сядзібай у Сейнах Беластоцкага ваяводства (створана ў 1957 г.); Грамадска-культурнае таварыства немцаў з сядзібай у Велжбах і тэрытарыяльнай дзейнасцю ў Вроцлаўскім ваяводстве (1957 г.), а таксама культурнае аб'яднанне рускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, грамадска-культурнае таварыства яўрэяў, Саюз палітычных эмігрантаў з Грэцыі імя Нікаласа Балаяніса. У 1958 г. створана Белградскае культурна-асветніцкае аб'яднанне з галоўным праўленнем у Кракаве.

Беларускае грамадска-культурнае таварыства — гэта першая грамадская арганізацыя ў Польшчы, якая аб'яднала рух беларусаў да культурнага і нацыянальнага адраджэння. Гэты рух мае, можа, і не такую даўнюю, але цікавую гісторыю. Так, першая арганізацыя беларусаў, накшталт таварыства, узнікла ў 1905 г. у Варшаве. Вядома, што ў 1911 і 1913 гг. у «Даліне Швейцарскай» у Варшаве ёю арганізоўваліся беларускія імпрэзы, аб якіх, праўда, вядома нямнога. Але арганізацыя хутка спыніла існаванне.

У 1915 г., калі аднаўляецца Варшаўскі універсітэт, беларускія студэнты ўтварылі ў ім гурткі-таварыствы. Яны былі не асабліва шматлікія, але давалі магчымасць падтрымліваць сувязі і праводзіць сумесныя мерапрыемствы.

У 1919 г. у Варшаве ўзнікае «Беларускі камітэт», які гуртуе свядомых беларусаў. Але ў 1922 г. польскія ўлады забараняюць яго дзейнасць. «Беларускі камітэт» прыпыняе сваё існаванне да 1930 г. — да таго часу, калі быў утвораны «Саюз беларускіх студэнтаў у Варшаве». У 1933—1934 гг. выдаюцца пастановы, якія забараняюць дзейнасць гэтай арганізацыі.

У 1936 г. зноў робіцца спроба стварэння Беларускага культурнага таварыства ў Варшаве. Быў распрацаваны Статут. Але арганізацыя не атрымала падтрымкі ўлад і нейкі час існавала нелегальна. За гэты час быў падрыхтаваны і прапанаваны ўладам Статут «Асветніцкага таварыства беларусаў у Варшаве». Ён быў зацверджаны ў 1937 г. Аднак дзейнасць арганізацыі была абмежавана тэрытарыяльна Варшавай (спачатку меркавалася, што дзейнасць таварыства будзе распаўсюджвацца па ўсёй Польшчы і мець аддзелы і філіі на беларускіх землях) .

Гітлераўская навала надоўга перапыніла распачатую справу. Новае таварыства, як ужо адзначалася, створана толькі ў 1956 г.

Літаральна з першых дзён заснавання сіламі Праўлення і членаў БГКТ была распачата навукова-даследчая і асветніцкая дзейнасць. Гэта дапамагло адразу ж удакладніць некаторыя лічбы, якія называліся і ў нашым артыкуле. Менавіта пасля навуковых доследаў, на Кангрэсе адзінаццатым, які праходзіў у 1987 г. у Варшаве, прагучала лічба — 300 тыс. беларусаў жыве толькі ва ўсходняй частцы Беласточчыны. Пры агульнай колькасці насельніцтва гэтага краю каля 650 тыс. жыхароў беларусы складаюць амаль што 46%.

Але магчымасці і ўмовы развіцця сваёй нацыянальнай культуры не адпавядалі патрэбам людзей. Пра гэта мы можам гаварыць на падставе тых думак, якія былі выказаны Мікалаем Гайдуком у артыкуле «Беларусь — боль і надзея». Ён піша: «...Яны (польска-беларускія ўзаемаадносіны.— Л. М.) складаюцца не толькі з узаемных пахвал ды далікатнасцей, але і з горкіх нараканняў, ды з цяжкіх закідаў, прэтэнзій... і каб беларусы сталі «самым зацкаваным» (па выразу старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства Сакрата Яновіча) народам Еўропы, шчыра і настойліва папрацавалі не малыя сілы і не адно стагоддзе» .

Натуральна, выправіць тое, што існавала доўгі час, можна было не адразу. Але ўжо на канец 50 — пачатак 60-х гадоў Беларускае таварыства налічвала каля 4000 чалавек, мелася 135 гурткоў, 6 клубаў, 75 мастацкіх гурткоў, 6 уласных бібліятэк. Ужо ў 1960 г. Галоўным Праўленнем Таварыства польска-савецкай дружбы ў Крыніцах Кракаўскага ваяводства была наладжана выстава народнай творчасці нацыянальных меншасцей, якія пражываюць у Польшчы. Можна сказаць, што менавіта з гэтай выставы да святла сталі прабівацца крохкія парасткі талентаў, непаўторнай самабытнасці розных народаў, якія раней успрымаліся адной шэрай масай. Значна пазней — у 1987 г. — на Другім Кангрэсе ПРОН старшыня Праўлення БГКТ А. Баршчэўскі канстатаваў: «Яшчэ многія людзі ў Польшчы не ведаюць, што ўсходняя Беласточчына з'яўляецца двухмоўнай, двухрэлігійнай і двухнацыянальнай» .

Беларусы у сваёй частцы экспазіцыі выставы паказвалі традыцыйныя, асвечаныя жорсткім адборам часу шматвекавога жыцця на гэтай зямлі, яе ўмовамі вырабы. Былі рэчы з саломкі, лазы, расквечанае ўзорамі, створанымі не адным пакаленнем папярэднікаў, ткацтва, вышыўкі, традыцыйная вопратка, інкрустацыя, інтарсія, разьба па дрэве.

Перад гэтай выставай народнае мастацтва нацыянальных меншасцей у Польшчы — беларусаў, літоўцаў, рускіх, славакаў, украінцаў, яўрэяў — было наказана ў экспазіцыі Кракаўскага этнаграфічнага музея. Паказ арганізавала Міністэрства культуры і мастацтва.

Выставы не былі зваротам «да мінулага». Яны як бы працягвалі нітку сувязі часоў раней перарванай пераемнасці. Зварот да традыцыйнай нацыянальнай культуры разглядаўся як галоўны пункт праграмы, сфармуляванай Статутам БГКТ. Гэтаму была падпарадкавана і структура Таварыства. Каб шырэй ахапіць беларускае насельніцтва ўвагай і ўзаемнымі сувязямі, БГКТ стварыла павятовыя аддзелы ў Бельску, Гайнаўцы, Гарадку (Беластоцкага навета), Саколіцы, Семічах, Варшаве, якія цесна супрацоўнічалі з Галоўным праўленнем. У 1976 г. адбыліся арганізацыйныя змены, Таварыства перайшло на двухступенную структуру, г. зн. Галоўнае праўленне — гурток БГКТ.

У складзе БГКТ ужо ў 1960 г. мелася Беларускае літаратурнае аб'яднанне, мастацкае аб'яднанне, навуковы гурток, беларуская секцыя людазнаўчага таварыства. Навуковы гурток атрымаў два напрамкі: філалагічны і эканамічны. У 1982 г. была арганізавана этнаграфічная секцыя, якая занялася аховай помнікаў народнай культуры беларусаў. У Статуце былі акрэслены мэты: захаванне беларускай нацыянальнай тоеснасці, развіццё беларускага аматарскага руху, пашырэнне навучання беларускай мове, інспіраванне беларускага літаратурнага руху, захаванне беларускай матэрыяльнай культуры.

Пашырэнню дзейнасці БГКТ у розных напрамках спрыяла арганізацыя газеты «Ніва», першы нумар якой выйшаў у 1956 г. Значэнне гэтага выдання можна акрэсліць як ролю цэнтра, вакол якога збіраліся ўсе літаратурныя сілы беларусаў Польшчы. «Ніва» прадоўжыла асветніцкую справу 20-х гадоў, калі існавала Беларускае выдавецкае таварыства. Так, у 1921 г. выходзілі газеты «Наша думка», «Беларускія ведамасці», «Наш шлях», «Маладое жыццё». У 1924 г. — «Крыніца», «Сялянская праўда», «Грамадскі голас», «Голас беларуса». У 1927 г. — «Беларуская крыніца», «Сялянская Ніва», «Наша справа», «Наша праўда», «Беларускі дзень», «Беларускае слова». У 1939 г.— «Крыніца», «Сялянская Ніва», «Хрысціянская думка», часопісы «Родныя Гоні», «Беларуская культура», «Саха».

З адраджэннем «Нівы» звязаны не толькі новыя арганізацыйныя формы беларускага літаратурнага руху, але і агульная шырокая асветніцкая дзейнасць. І не было, мабыць, ніводнай праблемы з гісторыі культурнага і сацыяльнага жыцця беларусаў у Польшчы, на якую б не была звернута ўвага чытача «Нівы».

Сярод матэрыялаў, якія ў розныя часы публікавала газета, мы вылучым тыя, якія раскрываюць становішча дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва беларусаў Польшчы. Адзін з іх — артыкул М. Матэйчука «Трэба паказаць грамадству Польшчы матэрыяльную культуру беларусаў» . Менавіта з яго была распачата размова аб справе, якая з цягам часу пашыралася і завяршылася рашэннем арганізацыі беларускага этнаграфічнага музея ў Гайнаўцы. Пытанне захавання матэрыяльнай спадчыны беларусаў аўтар артыкула разглядае як асабліва важнае для асэнсавання каштоўнасцей, якія займаюць трывалае месца ў структуры канкрэтнай этнічнай свядомасці.

У той час на Беласточчыне існавалі тры музеі: у Беластоку, Сувалках і Ломжы. Але толькі ў зборах першага беларуская культура знаходзіла нейкае адлюстраванне. Таму рашучая і цвёрдая пастаноўка пытання аб стварэнні самастойнага збору мастацкай культуры беларусаў можна лічыць галоўнай заслугай данага артыкула.

Стварэнне музея, у які б поўна ўвайшла беларуская творчасць і мастацтва, стала часткай комплекснай праграмы адраджэння нацыянальнай культуры, распрацаванай БГКТ. Быў аб'яўлены першы конкурс на лепшага збіральніка народнай творчасці. І гэта праца распачалася даволі актыўна. Але на думку тагачаснага сакратара Галоўнага Праўлення БГКТ Янкі Зенюка, выказаную ў артыкуле «Аб працы Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў галіне збірання і захавання экспанатаў, матэрыяльнай культуры і мясцовага фальклору», да 1964 г. дзейнасць у гэтай галіне не мела акрэсленага кірунку. Ён пісаў: «На жаль, доследы гэтыя ва многіх выпадках не абапіраюцца на навуковыя метады... У сувязі з гэтым сабраныя экспанаты часта не ўяўлялі сабой вялікай навуковай вартасці і не маглі быць у ва многіх выпадках выкарыстаны практычна (напрыклад, песні збіралі без нот, рэчы — без метрычных даных і г.д.)» .

З 1964 г. пачалося сістэматычнае збіранне экспанатаў для рэгіянальнага музея. Зборы прымаў павятовы аддзел БГКТ у Гайнаўцы, выкарыстоўваліся таксама памяшканні ў Нароўцы і Белавежы. На старонках «Нівы» асобна адзначаны поспехі ў гэтай справе членаў самадзейнага эстрадна-тэатральнага калектыву .«Парнас» ды яго сяброў. Мабыць, пералічэнне ўсіх тых, хто меў удзел у стварэнні этнаграфічнага музея, заняло б не мала месца. Намаганнямі гэтых людзей 12 сакавіка 1966 г. адбылося афіцыйнае адкрыццё музея. У трох пакоях размяшчалася 380 экспанатаў. Музей атрымаў штатную адзінку супрацоўніка і стаў даступным для наведвальнікаў.

Да 1970 г. музей павялічыў свае зборы да 900—950 экспанатаў. З іх каля 80% —гэта падарункі ад насельніцтва. Тут было хатняе абсталяванне, прылады пчалярства, вырабы бондараў, прылады апрацоўкі драўніны і вырабы сталяроў, арыгінальныя машыны, зробленыя вясковымі ўмельцамі (напрыклад, драўляны керат і інш.), народная разьба па дрэву і раннія помнікі выяўленчага мастацтва — абразы.

Выставы арганізоўваліся па 14 тэматычных трупах. Экспазіцыя будавалася па наступнай структуры: апрацоўка зямлі, уборка расліннай сыравіны і апрацоўка расліннай і жывёльнай сыравіны; падрыхтоўка і захаванне ежы, вырабы калеснікаў і транспарт, вырабы ганчароў, вырабы кавалёў, пляцёнкі з салоны, вікліны і кары; прадметы для збірання ягад, грыбоў, прылады для лоўлі звяроў, птушак, рыбы, прадметы апрацоўкі валакна, пражы і ткацтва, ткацкія вырабы, вопратка.

Кожны год музей наведвалі каля 8 тыс. чалавек.

У 1969 г. паўстала пытанне аб асобным будынку для музея беларускай матэрыяльнай культуры. 16 чэрвеня 1972 г. Галоўнаму праўленню БГКТ было паведамлена, што Міністэрства культуры і мастацтва прыняло рашэнне, у адпаведнасці з якім Рэгіянальны музей у Белавежы перайшоў над Акруговы музей у Беластоку. На момант перадачы — 31 мая 1973 г. — налічвалася 987 экспанатаў. Але важнасць мела не колькасць, а якасць рэчаў. Гэта былі арыгінальныя, што не мелі паўтораў і дублікатаў, зборы, каштоўнасць якіх спецыялісты цанілі вельмі высока.

Акруговы музей браў на сябе абавязкі стварыць філіял рэгіянальнага характару і памясціць там экспанаты. Але ў хуткім часе доступ да збораў быў закрыты.

Да будаўніцтва новага памяшкання, ужо як Музея помнікаў беларускай культуры і рэвалюцыйнага руху, вярнуліся ў 80-х гадах. У 1983 г. была выдзелена пляцоўка ў Гайнаўцы. У 1984 г. — арганізаваны Грамадскі камітэт пабудовы музея. Да 1987 г. для будаўніцтва было сабрана 8 мільёнаў злотых і 3 тыс. долараў. У сярэдзіне 1989 г. уклад у будаўніцтва склаў 100 мільёнаў злотых (з іх 25 мільёнаў былі фінансаваны дзяржавай).

Стварэнне збору музея БГКТ разглядаў як адну з галоўных задач у справе захавання і адраджэння мастацкай культуры беларусаў Польшчы. Аб гэтым сведчыць і адозва БГКТ на праект Праграмы развіцця культуры Беластоцкага ваяводства на 1991—2000-я гады. У ёй падкрэслівалася, што заўвагі і прапановы, у тым ліку і адносна пабудовы музея, неабходна ўлічваць як факт прызнання права беларусаў на духоўную самастойнасць. Практычная рэалізацыя гэтага права рабілася ў рамках прынятай ідэі інтэграцыі, а не асіміляцыі народаў. Усе, што магло б пагражаць этнічнай, моўнай і культурнай тоеснасці беларусаў у Польшчы, атрымлівала рэзка негатыўную ацэнку .

«Ніва» з самых першых нумароў звяртала ўвагу чытачоў на пытанні паходжання беларусаў, асаблівасці іх матэрыяльнай культуры, традыцыйнага мастацтва. Газета стала гістарычнай сведкай абуджэння зацікаўленасці да спадчыны. Аб гэтым сведчаць спецыяльныя рубрыкі: «Беларускае народнае мастацтва», «Беларускія музычныя інструменты», «Акенца этнографа», «Са старонак нашай гісторыі», «Па роднай зямлі», «Наша галерэя», «Краязнаўчы слоўнік». Аўтары артыкулаў па гэтых раздзелах сістэматычна выступаюць на старонках газеты. Так, Вера Валкавыцкая друкавалася з 1956 г., Андрэй Гаўрылюк — з 1977 г. Тое, аб чым яны пісалі, было пачэрпнута з непасрэдных сустрэч з майстрамі, майстрыхамі, мастакамі. Шмат што ўжо належыць гісторыі, а штосьці — і будучыні. Такія ж артыкулы І. Верас «Бляскі і цені беларускіх дываноў», А. Карпюк «Сакольскія дываны» . У гэтай жа нізцы артыкулы аб выстаўках выяўленчага мастацтва і мастаках-жывапісцах: «Аглая Артысевіч — наш гонар» (аўтар А. Гаўрылюк), «Віншуем Лёніка» (без подпісу), «Галадоўскі аргенцінец» (без подпісу), «Іх напісала радасць» (аўтар А. Чачуга), «Гарэць душой» (аўтар В. Валкавыцкая), «Гісторыя, сучаснасць і — мы» (аўтар Ю. Туронак), «У гэтых карцінах ёсць жыццё» (аўтар А. Чачуга) .

Сярод аўтараў матэрыялаў па выяўленчаму і дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, гісторыі краю асаблівай зацікаўленасцю і шырынёю інтарэсаў да нацыянальнай культуры вылучаюцца журналісты і пісьменнікі Мікалай Гайдук, Міхась Шаховіч, Антось Мірановіч, Сакрат Яновіч. Іх артыкулы былі як бы водгукам на выбух нацыянальнага гонару, на пашырэнне, усплёск роднай культуры ў 80-я гады ў Польшчы. І калі раней, скажам, у 70-я гады, па гэтых праблемах змяшчаліся кароткія, сціслыя матэрыялы, у якіх папулярызаваліся здабыткі народнай творчасці, то цяпер даюцца грунтоўныя апісанні і аналіз выстаў, творчасці беларускіх мастакоў і мастакоў-беларусаў у Польшчы.

Матэрыялы інфармацыйнага характару тыпу фота-замалёвак рэчаў, куткоў. гарадоў і вёсак Беласточчыны, старой архітэктуры па-ранейшаму захоўваюцца. Яны як бы расквечваюць старонкі газеты фарбамі чорна-белай гамы, якая адпавядае стрыманай прыродзе трапяткога характару лініі графікі, ці стану помнікаў архітэктуры, або старых мясцін краю. Дзякуючы такім публікацыям жыццё, побыт беларускай дыяспары набывае для чытачоў рэальныя рысы.

Своеасаблівым пачынам і адначасова адлюстраваннем агульнага настрою гэтых часоў стаў артыкул М. Гайдука ў рубрыцы «Шляхам гадоў». Перад вандроўкай ён пісаў: «Наш раён даследуецца навуковымі інстытутамі, кафедрамі вышэйшых школ, ім займаюцца сотні вучоных... з-пад іх пяра выйшлі тысячы самых разнастайных артыкулаў, публікацый, кніг. Але ў іх рэдка дзе можна натрапіць на звесткі пра нас, насельнікаў гэтай зямлі, і наша мінулае. Складаецца ўражанне, што амаль усе гісторыкі або мэтанакіравана пазбягаюць як агню гэтай справы, або надта ж спрытна кружаць навокал і робяць галаваломныя выкрутасы, каб толькі не заглянуць углыб, у яе сутнасць і не сказаць праўду ды на ёй часам не апячыся» . А «Ніва» якраз і гаворыць сваім чытачам праўду.

Што ж тычыцца матэрыялаў па выяўленчаму і дэкаратыўнаму мастацтву, то іх можна падзяліць на дзве групы. Адну з іх складаюць артыкулы аб мастаках і мастацтве Беларусь Другая — аб мастаках-беларусах, якія жывуць у Польшчы. У ліку першых — артыкулы М. Гайдука «Чалавек і кодеры» («Ніва». 1981. № 43, аб творчасці Леаніда Шчамялёва), «У роздуме над роднай даўнінай» (таго ж аўтара. «Ніва». 1982. № 40, аб беларускім графіку Міколе Купаве).

Да другой групы адносяцца публікацыі «Сталіца там, дзе я» («Ніва. 1986. № 5), «Без здзіўлення няма мастацтва» («Ніва». 1986. № 19), «Лёнік на вялікім свеце» («Ніва». 1986. № 8).

Адбыліся змены ў самім падыходзе да збору звестак аб майстрах, іх творах, пачала надавацца большая ўвага прафесіяналізму, наяўнасці асаблівасцей «нацыянальных». Апошняе становіцца адметнасцю твораў «усходняга» (па выразу палякаў) гучання. Гэтыя рысы «ўсходнясці» разумеліся ўмоўна. Яны не былі стылем ці тэхнікай, якія б стваралі «модны» напрамак у выяўленчым мастацтве. Гэта хутчэй асаблівы настрой і больш структура мыслення, чым форма.

Нягледзячы на несумненны ўплыў мастацкай культуры, у якой жыве беларуская нацыянальная меншасць, таленавіты чалавек успрымае яе праз свой строй пачуццяў. У такім узаемадзеянні нараджалася творчасць мастакоў-жывапісцаў Лёніка Тарасевіча, Мікалая Давідзюка. Побач з гэтымі імёнамі можна было б паставіць і іншыя. Але ж іх яшчэ не адкрыла «Ніва».

Разам з творамі гэтых прызнаных майстроў у мастацтве адчуваюцца новыя павевы і плыні. Як іх разумеюць мастакі, можна зрабіць высновы з інтэрв'ю пісьменніка Сакрата Яновіча з М. Давідзюком. «Карціна, як і ікона, пачынаецца ад таго, што не ёсць яна ілюстрацыяй, але люстрам рэчаіснасці. У карціне самым важным з'яўляецца колер, а яшчэ іначай гаворачы — дынамічная раўнавага паміж колерам і формай. У карціне могуць быць вартасці эмацыянальныя і сімвалічныя (іншых я не прызнаю)» .

Неабходна дадаць, што ў гісторыі выяўленчага мастацтва такі падыход увогуле не новы і, як правіла, «сімвалізм» заўсёды прысутнічаў там, дзе трэба было, з прычыны розных абставін, выкарыстоўваць «Эзопаву мову».

Беларускія творцы ў Польшчы выбралі менавіта гэтую мову, каб адказаць на пытанні не толькі прафесійныя, але і сацыяльныя. Мастакоўская манера, сама структура твора, стыль рашэння — гэта нешта большае, чым знаёмае па спрэчках аб «рэалізме» і «абстракцыянізме».

Колер і фарбы як асноўныя аргументы ў данай размове выбіраюцца невыпадкова, яны заўсёды былі сродкам для раскрыцця патаемнага сэнсу і даюць магчымасць успрымаць карціну. Гэта своеасаблівая «школа».

Мастакі-беларусы Лёнік Тарасевіч і Мікалай Давідзюк атрымалі адукацыю ў Польшчы, Першы скончыў Варшаўскую акадэмію мастацтваў, другі — Вышэйшую школу мастацтваў у Лодзі. Дзякуючы «польскаму пасрэдніцтву» яны засвоілі еўрапейскую культуру, яе мастацкую спадчыну. Адначасова прынялі бясспрэчны прынцып высокага мастацтва: асэнсоўваючы дасягненні, культуру іншых народаў, цаніць «сваю іншасць, сваю непадобнасць».

Ва ўмовах, у якіх развіваецца выяўленчае мастацтва беларусаў у Польшчы сёння, апошняе дае магчымасць для фарміравання індывідуальнасці пры далейшай самастойнай працы. Гэта і знаходзіць адбітак на творчасці, на яе своеасаблівасці.

Адначасова мастацтва нашых суайчыннікаў становіцца і часцінай жыцця Польшчы, і за межамі краіны ўспрымаецца як арганічная форма яе культуры. Творчасць вышэйназваных беларускіх мастакоў Лёніка Тарасевіча і Мікалая Давідзюка — таму добрае пацвярджэнне.

Паміж творамі розных па нацыянальнаму паходжанню аўтараў ёсць шмат агульных рыс. Можна правесці і нейкія аналогіі. Але яны маюць характар знешняга падабенства. Фармальныя супадзенні адпавядаюць дамінуючаму стылю, сродкам, якія скіраваны на арыентацыю заходнееўрапейскага мастацтва.

Адразу трэба зрабіць удакладненне — гэта толькі адна з плыней у польскім мастацтве. Але ў яе межах — асноўныя дасягненні жывапісцаў-беларусаў.

Падпарадкаванасць еўрапейскім плыням не трэба разумець дакладна. Узаемаадносіны розных еўрапейскіх школ, да якіх мы адносім і польскую, складаныя і далёкія ад непасрэднага прамога ўплыву. Агульнай можа быць адна якасць — разуменне, што карціна не зводзіцца да лагічнасці сюжэтнага тэксту. Аб'ядноўваць можа агульная «мова» твора, кантэкст жывапіснай работы з надзённымі праблемамі грамадскага, сацыяльнага, культурнага жыцця. Межы мастацкага твора ў такім выпадку пашыраюцца, і тады яны могуць служыць імпульсам для новай трактоўкі рэальнасці.

«Умоўнасць» і «сімвалічнасць» у сучасным мастацтве Польшчы мае свае карані. Каб іх асэнсаваць, звернемся да сармацкага партрэта, дзе ў складаным супрацьлеглым адзінстве разам існавалі знакавасць, умоўнасць жывапіснага пісьма, раўнавага тэктанічнага ладу. Пластычная выразнасць была максімальна набліжана да стыхіі ўспрымання ў народным мастацтве. Колер набыў сімвалічнасць. Гэтыя якасці склалі адметнасць, на якіх выхоўвалася не адно пакаленне Варшаўскай мастацкай акадэміі.

Каларыстычныя дасягненні польскай школы выяўленчага мастацтва агульнавядомыя, а жывапісна-пластычныя якасці сталі адметнасцю амаль што нацыянальнай. За іх кошт мастацкія вартасці твора значна ўзрасталі і маглі быць вышэй таго філасофскага сэнсу, які ўкладаў у работу аўтар.

Індывідуальную рознасць і своеасаблівасць стваралі ўнутранае запаўненне, сэнс, які ўкладваўся ў спалучэнне фарбаў.

У сучасным мастацтве колеру стала падпарадкавацца і форма. Спалучэнне колеру і формы залежала не толькі ад творчай задумы мастака, але і ад сімволікі, якую набываў у розныя часы той ці іншы колер. Узнікаў складаны, часам сацыяльнага гучання падтэкст.

На гэтых асаблівасцях польскай школы выяўленчага мастацтва выхаваны і жывапісец Лёнік Тарасевіч. Таленавіты і адначасова вельмі працавіты мастак амаль адразу пасля заканчэння Акадэміі меў шэсць самастойных выстаў у сябе на радзіме і не менш — замежных. Сярод іх выставы ў Лондане, Стакгольме, Эдынбурзе, Мальме (Паўднёвая Швецыя). На яго карцінах, як заўважыў аўтар артыкула пра гэтага мастака пісьменнік Сакрат Яновіч, — «подых ельнікаў, чарната ўзаранага поля, белізна бярэзніку, сум снежнага безкраю. І няма людзей, постацей» . Менавіта праз краявіды малады творца перадае ўсю гаму сваіх пачуццяў, сярод якіх простае сузіранне роднай прыроды займае важнае, але не галоўнае месца. На яго карцінах хутчэй даецца вобраз прыроды, больш з родных Валілаў, адкуль паходзіць мастак.

Тарасевіч з цягам часу адыходзіць ад натуральнасці. Мастак усё больш «уваходзіць» у прыроду праз уласны светапогляд, светаадчуванне, усё больш настойліва выяўляе сваю асобу. Перадаваць рэальнасць праз чалавека, праз ягонае і сваё ўспрыманне — у гісторыі мастацтва метад вядомы. Але ён рушыць раўнавагу паміж тым, што бачыць творца і на чым акцэнтуе ўвагу ў закончанай карціне. Мастак часам выкарыстоўвае сродкі, якія агаляюць пачуцці. Можа захаваць толькі эмацыянальны вобраз. Мера адкрыцця новага на гэтым шляху дастаткова абмежаваная. Таму цікава, на што абапіраецца мастак, якое яго крэда. Л. Тарасевіч у інтэрв'ю газеце «Ніва» гаворыць: «...Мастак чэрпае з сябе, як літаратар усё жыццё піша пра сябе, хоць можа апісваць звяроў ці самалёты. Піша сваімі пачуццямі і сваім светабачаннем, розумам сваім і сэрцам сваім» .

Творчы працэс прыхаваны ад гледача. Для наведвальніка выставы — гэта тайнае дзейства, вынік якога адзіны: мастацкі твор. Твор цалкам належыць аўтару, часам замяняючы тое, што існуе ў прыродзе, выявай натуры.

Па выразу другога беларускага жывапісца ў Польшчы Мікалая Давідзюка, для мастака «важна, каб не пярэчыць свайму мастацкаму сумленню, каб задумацца над самім сабой». Адсюль — паміж тым, што дэкляруе мастак, і яго творам трэба бачыць супадзенне. Таму эмацыянальная шчодрасць і шчырасць — як бы натуральныя адметнасці работ мастакоў-беларусаў. Адначасова — якасці, якія выцякаюць са светапогляду і адрозніваюць ад работ іншых аўтараў, вылучаюць з агульнага напрамку выяўленчага мастацтва Польшчы.

З-за адсутнасці рацыянальнай памяркоўнасці некаторыя «ўбачылі» пагрозу ... для чысціні польскай культуры» . Гэтым мы акрэслілі яшчэ адну рысу, якая характарызуе «ўсходнясць». Аб нараджэнні такой асаблівасці можна гаварыць, калі ў прыярытэце каштоўнасцей асобнае значэнне набыла духоўнасць. Духоўнасць у формах тонкай вібрацыі пашыранай гамы пачуццяў, калі для ўздзеяння на эмоцыі гледача як галоўны сродак зноў жа выбіраюцца колер і фарбы.

Мікалай Давідзюк, як і Лёнік Тарасевіч, не мінуў гэтага выбару. Галоўныя якасці выразнасці яго карцін і эмацыянальнага ўздзеяння менавіта ў колеры. У гармоніі фарбаў мастак шукае сваю філасофію. Творчы пошук спалучаецца з вырашэннем праблем, якія ў адносінах да выяўленчага мастацтва знаходзяцца ў плоскасці суаднесенасці з нацыянальнымі традыцыямі.

Праблема выкарыстання нацыянальнай спадчыны, народнага мастацтва ў адраджэнні духоўнай культуры нацыянальных меншасцей у большай ступені, чым выяўленчае, датычыцца дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Розныя галіны творчай дзейнасці цесна звязаны з побытам, з жыццём чалавека. Адсюль і вялікая колькасць напрамкаў, устойлівых і часовых форм. У дадзеным выпадку развіццё дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва праходзіць больш інтэнсіўна і напружана, чым выяўленчага. Яно ідзе разам з засваеннем народных традыцый, у якіх у іншых формах адбіваецца і культура асяроддзя, з чым беларусы на тэрыторыі сучаснай Польшчы звязаны гістарычна.

Пачуццё часу і ўмоў асабліва адчувальныя ў драўлянай скульптуры. «Ніва» дае магчымасць прасачыць шляхі змен на прыкладзе работ народнага разьбяра Уладзіміра Наўмюка. Яго творчасці прысвечаны артыкул М. Гайдука «Талент і дабрыня» («Ніва». 1986. № 1).

Скульптура У. Наўмюка наследуе здабыткі гістарычнай культуры. Гэта сюжэтныя кампазіцыі, постаці рэальна існуючых і прыдуманых аўтарам людзей. Вобразы старых увабралі рысы і адметнасці канкрэтных асоб (часта знаёмых майстра) і святых, якія з даўніх часоў упрыгожвалі інтэр'еры касцёлаў і некаторых беларускіх цэркваў.

Першыя працы разьбяра — гэта прыдарожныя фігуркі святых, такіх, якія былі калісьці ў каплічках. Святы Ануфры, Хрыстос —работы, стылістычна блізкія да царкоўных. З вялікімі, шырока раскрытымі вачыма і ўважліва, дасканала прапрацаваным воблікам, валасамі, барадой. Яны ўспрымаліся б жывымі людзьмі, калі б не манера вырашэння фігур. У постаці інструмент майстра амаль не дакранаўся да дрэва — захоўвалася проста форма цыліндра. Гэта стварала нейкую адмежаванасць ад жыцця, надавала асаблівую манументальнасць. Рысы ж воблікаў былі скругленымі, мяккімі, пад рукамі творцы набывалі цеплыню.

Такая традыцыя трактоўкі вобразаў святых існавала ў беларусаў здаўна і добра знаёмая па тых работах, якія знаходзяцца ў Дзяржаўным мастацкім музеі і Музеі старажытнай беларускай культуры Акадэміі навук Беларусі.

Гэта ж манера захоўваецца, калі майстар звяртаецца да свецкіх вобразаў і выяў сваіх сучаснікаў. Адна тэма асабліва захапіла У. Наўмюка — жыццё простага чалавека. Сваімі работамі ён стварыў своеасаблівы помнік чалавеку-селяніну, гаспадару зямлі. Пры гэтым у трактоўцы постаці мужыка творца паўтарае ранейшыя прыёмы, як бы спалучаючы вобразы простых людзей і святых. У тварах гэтых выяў — дабрыня і жорсткасць, адцягненасць ад рэальнага і жыццёвая заклапочанасць, мужнасць і слабасць жывога чалавека, рысы канкрэтных людзей і абагульненыя. Дэталёвасць у прапрацоўцы твару, галавы кантрастуе з некалькімі дотыкамі рукі майстра да стану фігуры. Вочы таксама больш натуральныя (але незамнога). Галоўная ж увага надаецца характару і пластыцы жэста. Гэта нібы той акорд, з якога пачынаецца і якім заканчваецца дзеянне, перадаецца настрой. Найбольш выразна гэтыя якасці ўвасоблены ў работах «Маці», «Чулае сэрца», «Палудзень у полі», «Гаротныя думкі».

Майстэрства У. Наўмюка, як і іншых разьбяроў такога ўзроўню, дае падставы аднесці іх творы да высокага мастацтва. У аднолькавай ступені гэта тычыцца і такіх відаў творчай дзейнасці, як пляценне з лазы, саломкі, ганчарства, пісанак (ці крашанак, ткацтва, вышыўкі, вязання, кавальства.

У жыцці беларусаў у Польшчы гэтыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва існуюць супольна і як бы падпарадкоўваюцца адзіным законам развіцця. Захоўваючы стылістычныя асаблівасці, якія звязаны з магчымасцямі розных матэрыялаў, яны маюць рысы ці агульнасць, што дазваляе згрупаваць творы па напрамках. Пры гэтым будзем улічваць асноўную прыкмету — прынцыпы ўспрымання традыцыйнага, народнага.

Першую групу складуць работы майстроў, якія рэканструіруюць прадмет народнага мастацтва. Другую — рэчы з адбіткам прынцыпаў, структуры прадметаў народнага мастацтва. У такіх творах досыць дасканала захоўваюцца адметнасці традыцыйна нацыянальнага. Да трэцяй трупы адносяцца творы, у якіх характар традыцыйных прадметаў выяўляецца намінальна, нейкай адной рысай. Тут могуць спалучацца асаблівасці розных традыцыйных культур. Самастойны напрамак складаюць тыя творы, у якіх мастацкія асаблівасці звязаны з пераасэнсаваннем плыняў народнага і прафесійнага мастацтва.

Кожны з азначаных напрамкаў выяўляецца ў розных формах — у стыхіі народнага жыцця (г.зн. развіваецца самастойна на аснове народнай традыцыі) або арганізавана (у самадзейнай творчасці, мастацкай прамысловасці і інш.).

У межах мясцовых традыцый беларусаў Польшчы развіваецца такі від творчай дзейнасці, як «крашанкі». Гэта даволі распаўсюджаны від мастацтва, пра што сведчаць перыядычныя выстаўкі-агляды «крашанак» у розных паветах Польшчы. На Беларусі цяпер яны амаль што забытыя, раней былі вядомыя як «пісанкі».

Не вельмі складаны творчы працэс робіць «крашанкі» даступнымі і для дарослых і для дзяцей. Але высот майстэрства дабіваюцца не ўсе, хоць сакрэты як быццам ляжаць на далоні і захаваліся ў неперапыненай пераемнасці. Малюнкі «ёлачкай», «павучком», «дзеразой», з подпісам «Хр. В.» або без подпісу. Колеры натуральныя, бо фарбавалі ў цыбульніку, пялёстках лотаці, маладой жытнёвай руні. Былі і больш складаныя, калі карысталіся анілінавымі фарбамі.

Беларусы Беласточчыны ў «крашанках» захоўваюць традыцыйнасць. Узоры выбіраюць не асабліва складаныя і колеры любяць блізкія да натуральных.

Інакш склалася развіццё другога віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — кавальства. Беласточчына захавала памяць пра майстроў-кавалёў, пра творы і справы ў шматлікіх назвах урочышчаў, рэчак, вёсак, мястэчак: Руды, Рудні, Рудаўскі, Рудніцы, Рудкі, Рудакоўшчына, Кавалі, Кавалёўцы, Кавалькі, Клапачы, Кавальцы, а таксама ў прозвішчах: Рудак, Рудук, Рудкоўскі.

Але распаўсюджвалася кавальства на Беласточчыне, як і дасягненні ў гэтай творчай дзейнасці, у асноўным у мінулым. Большасць рэчаў, якія наведвальнікі бачылі на тэматычнай выстаўцы Акруговага музея Беласточчыны «Народнае кавальства Беласточчыны» ў 1986 г., адносяцца да XIX і пачатку XX ст. Пра гэта сёння амаль забытае мастацтва можна было б і не гаварыць, каб не ўражвалі прадметы побыту з металу тонкасцю арнаменту, арганічнай еднасцю форм у спалучэнні з чысцінёй і лаканічнасцю лініі контура.

У адрозненне ад кавальства пляценне з саломы, лазы, інкрустацыя рознымі матэрыяламі, ганчарства жывуць новым жыццём. Дасягненні ў гэтых відах творчасці былі наказаны на выстаўцы «Беларускае народнае мастацтва» (1982—1983 гг.).

Вырабы з саломкі арганічна ўваходзяць у святочныя падзеі. Як і даўней, яны выкарыстоўваюцца ў розных абрадах. Цікавую звестку пра гэта падала «Ніва» за 1986 г., № 41. На старонках быў апублікаваны здымак работы Вольгі Казлоўскай — арыгінальны дажынкавы вянок у спалучэнні каласоў, саломкі і іншых матэрыялаў. Ён вылучаўся з ліку работ, якія былі прадстаўлены іншымі майстрыхамі з гуртка вясковых гаспадынь вёскі Міклашы Арлянскай гміны.

Таленавітыя майстрыхі выкарыстоўваюць саломку і для даволі складаных сюжэтных кампазіцый. Залаты колер саломкі спалучаецца з рознай структурай пляцення і набывае асаблівую яскравасць, сонечнасць. Коні, жывёлы, лялькі ў жаночай або мужчынскай выяве ўспрымаюцца як з даўняй беларускай казкі. Гэта адчуванне ўзмацняецца ўражлівасцю формы.

Пляценне з лазы, ракіты, тканнё саламяных дарожак (хадакоў) развіваецца ў новых формах арганізацыі «Цэпэлія». Тут вырашаюцца дзве задачы: рэстаўрацыі і прапаганды народнага традыцыйнага мастацтва. Не адказваюцца і ад новых форм. Традыцыйнае існуе ў арганічным спалучэнні з прафесійнай тэхналогіяй, Новыя па прызначэнню рэчы ствараюцца з традыцыйных матэрыялаў, з выкарыстаннем сучасных метадаў пляцення, дасканалых сродкаў тэхналагічнага працэсу.

У асобных калекцыях адчуваецца ўплыў прафесійнага мастацтва.

Можна вылучыць два напрамкі творчай дзейнасці. Першы — захаванне традыцый у аўтэнтычных рэчах; другі — спалучэнне народнай сялянскай і прафесійнай культур.

Таленавітыя майстры, такія, як Васіль Куна з Міклашоў, Ульяна Фіёнік з Кошак, традыцыю ўспрымаюць праз сучаснасць, а свой час — праз традыцыю. Гэта дае плённыя вынікі. У некаторых відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як керамічная вытворчасць, ганчарства, ткацтва, вышыўка, вязанне, аналагічны падыход нават неабходны.

Гэтыя віды творчай дзейнасці падоўжваюць свае існаванне ў рэчышчы рацыянальна-утылітарнага прызначэння. Адсюль і правілы, прынцыпы творчай дзейнасці: тое, што робіць майстар, менш за ўсё разглядаецца як мастацкі твор.

Ля вытокаў такога падыходу — даўняя традыцыя прашчураў беларусаў — дрыгавічоў, якія пакінулі на тэрыторыі свайго рассялення ганчарныя вырабы вельмі простых форм, амаль што без узораў. Глякі, місы, іншы ўжытковы посуд меў сціплы колер, дасканалую форму, якая найбольш поўна адпавядала свайму ўтылітарнаму прызначэнню. Гэта тычыцца і так званай чорналашчонай, плямністай керамікі, якая захавалася аж да пачатку XX ст. Яна знайшла сваіх прыхільнікаў у сучасных майстроў Беласточчыны. Паслядоўнікі адроджанай традыцыі ёсць і на Беларусі (у Пружанах). Цікава, што іх вырабы амаль што паўтараюць беластоцкія.

Гэта дае падставу сцвярджаць, што з усіх відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ганчарства найбольш «кансерватыўнае», прывязана да традыцыйных форм, тэхналагічных метадаў і сродкаў упрыгожвання. Невыпадкова творы майстроў у гэтай галіне данеслі да нас подых асабліва даўніх вякоў.

Ганчарства і на сучасным этапе падуладна ўмовам, прадыктаваным побытам, жыццём народа.

Прызначэнне той ці іншай рэчы абумоўлівае яе мастацкую форму. У выніку майстры-ганчары — прававерныя захавальнікі традыцый.

У галіне ж ткацтва праблема адносін да традыцыйнага набыла больш складаны характар.

Па многіх прычынах уплыў прафесійнага мастацтва, гарадской культуры быў значным яшчэ ў папярэднія стагоддзі. Асобная роля ў гэтым належала буйным і дробным майстэрням і мануфактурам, якія існавалі ў Польшчы з XVIII ст. На шляху да нашага часу былі не толькі дасягненні, але і страты. Да іх можна аднесці і на нейкі час забытую тэхніку т.зв. падвойнага ткацтва. Адрадзілася яна на Беласточчыне. На сённяшні дзень стараннямі майстрых-беларусак падвойныя дываны сталі лепшым упрыгожваннем многіх выставак народнай творчасці на Беласточчыне і за яе межамі.

Так, на конкурс, які быў арганізаваны Аддзелам культуры і мастацтва Ваяводскай управы, беластоцкай «Цэпэліяй», Акруговым музеем, кааператывам вытворцаў рукадзелля «Народнае мастацтва», Беластоцкім аддзелам таварыства народных творцаў і шэрагам іншых устаноў, з 200 ткацкіх вырабаў 127 былі выкананы ў тэхніцы падвойнага ткацтва. Лепшымі з іх былі прызнаны работы майстрых з вёскі Васількова. І невыпадкова — менавіта тут пачыналася адраджэнне даўняй тэхнікі.

Але адрадзіўшы ці захоўваючы тэхніку, майстры вольна трактуюць і вар'іруюць узоры. Арнамент пачынае падпарадкоўвацца ўласным густам. У сюжэтных кампазіцыях адчуваецца ўплыў традыцыйнага прамысловага габелена і водгукі рэчаў даўніх мануфактур. Штосьці пераймаецца і з арнаменту іншых народаў.

У адрозненне ад ганчарства ў ткацтве, як ужо можна было пераканацца, больш адчуваюцца ўплывы розных стыляў і подыху часу. Асабліва гэта тычыцца арнаменту, дэкору. Больш «кансерватыўнымі» застаюцца тэхніка, метады ткацтва. Даволі ўстойлівай бывае і каляровая гама, якая кардынальна не змянілася і тады, калі сталі выкарыстоўваць штучныя фарбавальнікі.

У напрамку, блізкаму да ткацтва, развіваюцца ў беларусаў Беласточчыны вышыўка і вязанне карункаў. Але тут для вольнай трактоўкі традыцыйнага арнаменту свядома ставяцца заслоны. Адной з формаў такога «ўціску» сталі ўмовы ацэнкі твораў на выстаўках і конкурсах. Так, работы, якія былі прысланы на конкурс «Вышыўка і карункі» (Беласток, 1986 г., арганізатары «Цэпэлія», Аддзел культуры і мастацтва Ваяводскай управы, Акруговы музей, Ваяводскае праўленне лігі жанчын, кааператыў вытворцаў рукадзелля «Народнае мастацтва», Ваяводскае праўленне сельскагаспадарчых гурткоў), разглядаліся толькі па двух напрамках: традыцыйная вышыўка і адаптацыйная.

Агульнае знаёмства са станам выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларусаў у Польшчы, перш-наперш дзякуючы публікацыям «Нівы», дае падставу зрабіць наступныя высновы:

1. Галоўным у творчасці беларусаў стала ўсведамленне і разуменне асаблівасцей сваёй нацыянальнай традыцыі.

2. Менавіта традыцыі і народнае мастацтва займаюць асабліва важнае месца.

3. На традыцыях грунтуецца працэс адраджэння духоўнай культуры.

І таму, каб зразумець узаемасувязі і ўзаемаўплывы, асаблівасці працэсаў у культуры, трэба звярнуцца да вытокаў народнага мастацтва.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by