МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Праблемы культуры і мастацтва ў “Запісах” // Культура і адукацыя беларускага замежжа

Аўтар: Мамонька У.
Кнiга: Культура і адукацыя беларускага замежжа. 'НАВУКА I ТЭХНІКА'. Мінск. 1993.
Год: 1993
Краiна: ЗША
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/
Уладзімір Мамонька

ПРАБЛЕМЫ КУЛЬТУРЫ І МАСТАЦТВА Ў«ЗАПІСАХ»

Бадай, мала хто з шырокіх чытацкіх колаў ведае пра існаванне навукова-даследчай установы на эміграцыі— Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНІМ). Нават успамінаць пра яго ў нашай партыйнай прэсе, тым больш у станоўчым плане, было «не прынята», і таму пра інстытут, як і ў цэлым пра існаванне беларусаў за межамі нашай Бацькаўшчыны, мы даведваліся хіба толькі з «галасоў» ды, як кажуць, «з вуснае народнае творчасці».

Практычна першыя звесткі пра дзейнасць БІНІМ у беларускай прэсе з'явіліся на старонках газеты «Голас Радзімы» , якая змясціла інтэрв'ю з яго цяперашнім дырэктарам, вядомым на замежжы беларускім вучоным і даследчыкам Вітаўтам Кіпелем.

Ідэя стварэння інстытута ўзнікла ў беларускай эміграцыі адразу ж у пасляваенныя гады. Гэта было прадыктавана вялікай эмігранцкай хваляй з нашай рэспублікі, у тым ліку навукоўцаў, літаратараў і майстроў мастацтваў. Як вядома, яна была звязана з рэпрэсіямі, якія шырока праводзіліся ў Беларусі сталінскім рэжымам пачынаючы з 1929 г. і асабліва ў пасляваенны перыяд, а таксама прымусовай высылкай многіх «неудобных» сістэме прадстаўнікоў інтэлігенцыі.

Інстытут быў створаны ў Злучаных Штатах Амерыкі ў 1951 г., куды з цягам часу перабралася вялікая колькасць эмігрантаў-беларусаў, першапачаткова асеўшых на Нямеччыне (спробы арганізаваць інстытут адразу пасля заканчэння вайны ў ФРГ не атрымалі належнай падтрымкі з боку кіруючых колаў Захаду, а таксама па прычыне пэўнай неарганізаванасці інтэлігенцыі беларускай эміграцыі). Ён быў адкрыты дзякуючы намаганням доктара Вітаўта Тумаша, Янкі Ліманоўскага (раней — старшыня БЕЛАПа), уладыкі Васіля (у цывільным жыцці Ул. Тамашчык), прафесара Міколы Дарашэвіча і інш. Актыўна падтрымлівала гэтую ідэю і спадарыня Наталля Арсеннева. Адным з ініцыятараў арганізацыі інстытута быў таксама прафесар Л. Анішкевіч .

З 1962 па 1966 г. у ФРГ працаваў філіял інстытута, які потым самаліквідаваўся, а таксама дзейнічае філіял БІНІМ у Канадзе.

Лік супрацоўнікаў інстытута ў розны перыяд яго функцыяніравання вагаўся ў межах ад 200 да 100 чалавек.

Асноўную дзейнасць інстытута Вітаўт Кіпель адзначыў, як «наладзіць сталы выхад англамоўна-беларускамоўнага часопісу ды прыдбаць у члены Інстытуту маладзейшых асобаў».

За сорак гадоў свайго існавання Беларускі інстытут навукі і мастацтва без перабольшання зрабіў важкі ўклад у папулярызацыю беларускай культуры на Захадзе і ў Амерыцы, правёў шэраг даследаванняў па тэмах, якія на Бацькаўшчыне калі і выконваліся, то звычайна пад пільным партыйна-бюракратычным вокам, што вядома ж не магло не адбіцца на іх навуковай якасці. Інстытут прымаў удзел у праграме касмічных даследаванняў ЗША, праводзіў сумесную работу з навукова-даследчымі ўстановамі Англіі і Францыі. На жаль, толькі цяпер робяцца захады па наладжванню супрацоўніцтва з навукоўцамі нашай рэспублікі.

З 1952 г. Беларускі інстытут навукі і мастацтва пачынае выдаваць зборнікі «Запісы». Як пазначана ў прадмове да першай кнігі, «...такія імёны, як Ластоўскі, Ігнатоўскі, браты Гарэцкія, Смоліч, Доўнар-Запольскі, Эпімах-Шыпіла, Шчакаціхін, Некрашэвіч, Лёсік, Пушча, Дубоўка, Тэраўскі, Міровіч, Галубок, застануцца ўзорным прыкладам ахвярнасці і шчырай адданасці як мастацтву й навуковай праўдзе, так і свайму народу... З мэтаю большага зацікаўлення важнейшымі пытаннямі беларусаведаў сваіх і чужых, з мэтаю публікавання працаў у гэтай галіне, інстытут пачынае выдаваць свой навуковы орган — «Запісы»...»

Дарэчы адзначыць, што беларускае замежжа наогул мае багатую выдавецкую практыку. Дастаткова сказаць, што на сёння за мяжой выпускаецца больш за дваццаць беларускамоўных часопісаў і газет, калі не ўлічваць тых, якія па розных прычынах перасталі існаваць ці, наадварот, з'явіліся зусім нядаўна і не паспелі яшчэ заняць свайго месца ў замежнай перыёдыцы. Сярод іх — «Бацькаўшчына», «Беларус», «Беларуская газэта», «Беларуская думка», «Беларуская царква», «Беларускі работнік», «Божым шляхам», «Веда», «Зьвіняць званы сьвятой Сафіі», «Зьніч», «Крывіцкі сьветач», «Літва», «Пагоня», «Раніца», «Сакавік», «Студэнцкі кліч», «Студэнцкія весткі», «Шарсьцень», «Шляхам жыцця», «Шыпшына», «Полацак» і інш.

Першыя шэсць кніг «Запісаў» былі выдадзены ў 1952—1954 гг. у Нью-Йорку. Наступныя пяць у 1962—1970 гг. надрукаваны ў Мюнхене (ФРГ). Цяпер зноў выходзяць у ЗША. На сучасны момант свет убачылі больш за 20 кніг «Запісаў».

«Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва» змяшчаюць фундаментальныя навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы, аналітычныя і рэцэнзійныя матэрыялы практычна па ўсіх сучасных галінах ведаў. Можна назваць шмат навуковых публікацый «Запісаў» па гістарыяграфіі, геаграфіі, сацыялогіі, педагогіцы, літаратуры, земляробству і інш.

Мэтай данага артыкула з'яўляецца знаёмства чытачоў, а таксама даследчыкаў, выкладчыкаў і г.д. з найбольш прыкметнымі працамі навукоўцаў і творцаў замежжа, звязанымі з беларускай культурай і мастацтвам. Аўтар не ставіць задачы глыбока сістэматызаваць мастацтвазнаўчыя працы, змешчаныя ў «Запісах». Найбольш значныя артыкулы будуць падавацца ў паслядоўнасці, у якой яны змешчаны ў выданні.

Трэба сказаць, што артыкулы па мастацтву і культуры займаюць у «Запісах» каля палавіны іх аб'ёму. Тут друкаваліся такія вядомыя навукоўцы-даследчыкі, як Рыгор Максімовіч, Уладзімір Сядура, Андрэй Багровіч, Ян Станкевіч, Сымон Брага, Вітаўт Тумаш, Ян Садоўскі, Юрка Віцьбіч, Янка Запруднік, Павел Урбан, Станіслаў Станкевіч і інш.

У першай кнізе «Запісаў» змешчаны артыкул Міколы Куліковіча «Беларуская музыка (кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва)» — яшчэ аднаго актыўнага аўтара зборніка. М. Куліковіч прасочвае развіццё музычнай творчасці на Беларусі ад першых, дайшоўшых да нас гістарычных звестак да твораў беларускіх савецкіх кампазітараў, напісаных да 60-х гадоў. Трэба адзначыць, што гэта праца вядомага, таленавітага творцы і даследчыка, хоць магчыма і спрэчная ў некаторых момантах, практычна абыдзена ў савецкіх выданнях, уключаючы і нядаўна выпушчаны першы том «Музычнага тэатра Беларусь. Не знойдзем мы які-небудзь напамінак пра яго і ў «Гісторыі беларускай савецкай музыкі» (выдадзена ў 1971 г.— аўтарскі калектыў пад кіраўніцтвам праф. Г. Глушчанкі).

М. Куліковіч характарызуе ў артыкуле беларускае прафесійнае музычнае мастацтва, якое не паспела заваяваць шырокага прызнання ў мастацкім жыцці іншых народаў свету. Аднак аўтар бачыць прычыны падобнага становішча «зусім не ў «маладзіні» беларускае музыкі і не ў адсутнасці здольных і таленавітых музыкаў, а ў тым, што воляю гістарычнага лесу Беларусь рана згубіла сваю дзяржаўную незалежнасць. Лепшыя сыны беларускага народа аддавалі свае здольнасці й служылі не сваёй Радзіме, а валодаючым культурам Польшчы (Міцкевіч, Манюшка, Карловіч і шмат іншых) і Расеі (Глінка, Дастаеўскі і шмат іншых)» .

З гэтым аўтар звязвае таксама адсутнасць у мінулым на Беларусі сваіх нацыянальных тэатраў, музычных школ ці нават легальных аматарскіх гурткоў. Першыя сапраўдныя магчымасці выхавання нацыянальнай музычнай інтэлігенцыі М. Куліковіч гістарычна прывязвае да канца XIX і пачатку XX стст. І затым прасочвае далейшае развіццё: «Беларуская музыка... паўстала толькі ў трыццатых гадох нашага веку, калі ў Беларусі былі арганізаваныя й адкрытыя оперны тэатр, філармонія, эстрада, кансерваторыя, сетка сярэдняе і ніжэйшае музычнае адукацыі, калі арганізуецца Саюз беларускіх кампазітараў, спеюць аўтарскія кадры, калі загучалі свае нацыянальныя оперы, сімфоніі, камерныя й масавыя творы» .

Але асноўнае месца ў працы М. Куліковіча адводзіцца даследаванням вытокаў беларускай народнай музыкі.

У другой кнізе «Запісаў» надрукавана заканчэнне згаданага артыкула. Пачынаецца ён з перыяду «асветніцтва» ў Расіі 40—60-х гадоў XIX ст., перыяду, які гісторыкі звязваюць з узмацненнем рэвалюцыйных ідэй і беларускага нацыянальна-адраджэнцкага руху. Гэтыя гады; як вядома, сталі жыватворнымі для станаўлення беларускай літаратуры, у якую прыйшлі пісьменнікі П. Багрым, Я. Баршчэўскі, В. Равінскі, Р. Рыпінскі, Я. Чачот, В. Дунін-Марцінкевіч. Менавіта іх літаратурная спадчына, даводзіць аўтар, стала асновай для музычнай творчасці. гэтага часу.

Адным з першых жанраў «запраўднай беларускай нацыянальнай музычнай творчасці» Куліковіч называе рамансава-песенную спадчыну, а вядомым яе ўзорам — твор аматара-кампазітара Антона Абрамовіча «Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята» на словы Я.Баршчэўскага.

Паводле тагачасных сведчанняў, у. 1843—1845 гг. у Беларусі вялікай папулярнасцю ў «хатнім музыцыраванні карысталіся яшчэ дзве песні-рамансы: «Зайграй, зайграй, хлопча малы, і ў скрыпачку, і ў цымбалы» на словы П. Багрыма і «Эх, каб нам быць весялей» на словы Я. Чачота. У гэты ж перыяд пачынаецца і сцэнічнае выкананне беларускага песеннага і танцавальнага фальклору. Робяцца першыя спробы апрацоўкі народных твораў для сольнага, інструментальнага і харавога выканання.

Як выдатную палітычную і культурную з'яву апісвае М. Кулікавіч, стварэнне ў сярэдзіне XIX ст. першай беларускай оперы «Сялянка» (муз. С. Манюшкі, тэкст В. Дуніна-Марцінкевіча). Была пастаўлена на сцэне Мінскага тэатра Поляка ў 1852 г.): «Па-першае, гэта першы беларускі твор вялікае формы, што паклаў фундамент новаму этапу ў гістарычным развіцці беларускае музыкі. Па-другое, гэта быў першы твор, у якім поўна й яскрава загучаў з тэатральнае сцэны для шырокае грамадскасці беларускі фальклор. Па-трэцяе; гэта была першая прафесіянальная высокакваліфікаваная беларуская музыка, напісаная майстраю сваёй справы, што паставіла пытанне аб паважнай творчай працы над беларускаю песеннасцяй» .

Важкім з'яўляецца і тое, што ў гэты ж самы час у многіх гарадах Беларусі ствараюцца майстэрні для вырабу клавішных і струнных інструментаў (фабрыка клавіраў у Мінску, а таксама майстэрня цымбалаў у Барысаве).

Далей у артыкуле М. Куліковіча падаюцца ўплывы ідэй вызвалення, грамадска-палітычных рухаў (паўстанне 1863—1864 гг., творчасць «бацькі беларускага Адраджэння» Ф. Багушэвіча, рэвалюцыя 1905—1906 гг., згуртаванне вакол газеты «Наша Ніва» ў Вільні ў 1906—1915 гг., лепшых беларускіх пісьменніцкіх сіл Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Гаруна, М. Гарэцкага, А. Цёткі, Ядвігіна Ш., К. Каганца, З. Бядулі) на далейшае развіццё прафесійнага і народнага музычнага мастацтва. Прычым у сітуацыі, калі «на ўвесь, празываны тады Северо-Западный край, у які адміністрацыйна ўваходзілі Віленская, Віцебская, Магілёўская й Сувальская губерні, была толькі адна музычная школа Імпіератарскага Расейскага музычнага таварыства ў Вільні, у якой усё ўзгадаванне вялося ў расейскім духу» . Надаючы вялікае значэнне сістэме музычнай асветы ў настаўніцкіх і духоўных семінарыях, аўтар падкрэслівае, што ў іх сценах добра выкладаліся спевы, музыка, ігра на скрыпцы, тэорыя і дырыжыраванне.

У гэтыя гады шырока распаўсюджваецца сярод этнографаў і інтэлігенцыі (настаўніцтва, студэнтаў) збіранне беларускага фальклору. Выходзіць першы ў Беларусі зборнік гарманізацый беларускіх песень кампазітара Л. Рагоўскага — аўтара першай аркестровай сюіты для сімфанічнага аркестра. Цалкам на беларускіх песнях будуе свае творы на пачатку 90-х гадоў вядомы кампазітар Мечыслаў Карловіч (1876—1909 гг., яму належаць сімфанічныя паэмы «Адвечная песня» і «Літоўская рапсодыя»). З яго імем М. Куліковіч звязвае ўвядзенне беларускага фальклору ў еўрапейскую сімфанічную літаратуру.

Нашаніўская пара спрыяла і стварэнню беларускіх патрыятычных музычных твораў. Сярод іншых аўтар называе песні і гімны «А хто там ідзе?» Л. Рагоўскага на словы Я. Купалы (1906), «Не пагаснуць зоркі ў небе» М. Янчука на словы Я. Купалы (1911).

У 1910 г. у Вільні Ф. Аляхновіч стварае драматычнае аб'яднанне, у якім музыка — неад'емная частка кожнага спектакля. Яшчэ большае развіццё набывае аматарская музычная творчасць (пераважна харавога і харэаграфічнага жанраў). Сярод калектываў — гурток танцора і акцёра Ігната Буйніцкага ў Вільні, у складзе якога акрамя драматычных акцёраў былі хор, балет, інструментальны ансамбль.

М. Куліковіч апавядае і пра з'яўленне ў той час у Вільні беларускіх вечарынак, дзе прысутныя маглі пазнаёміцца з папулярнымі тады п'есамі «Модны шляхцюк», «Паўлінка», «Міхалка», «Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» «і за спевамі ды скокамі, дэкламацыяй беларускіх вершаў і празаічных адрыўкаў, сольным і харавым пяяннем, інструментальнай музыкай і балетам. Усё гэта неадступна датрымоўвалася ў беларускім народным духу».

Заканчвае свой артыкул М. Куліковіч першымі крокамі станаўлення беларускай музычнай школы, што цесна звязана з імем кампазітара У. Тэраўскага.

Адным з цікавейшых артыкулаў у «Запісах», прычым як для гісторыкаў, так і для дзеячаў культуры і мастацтва, з'яўляецца навуковая праца Р. Максімовіча «Важнейшыя моманты культурных працэсаў Беларусі» . У ім аўтар дае абгрунтаваны адказ на пытанні: да якой, цывілізацыі належыць адносіць Беларусь, якое месца займае яна ў цывілізацыйных схемах Еўропы? (Аднымі з першых пасля другой сусветнай вайны данае пытанне паставіў вядомы на эміграцыі прафесар Леў Акіншэвіч, які звярнуў увагу "на неабходнасць яго асвятлення у новым, сучасным навукова-гістарычным аспекце .)

Ва ўступнай частцы артыкула Р. Максімовіч піша,што «трэба ў першую чаргу звярнуць увагу на беларускія спрадвечныя духовыя элементы, іхні характар, ды паспрабаваць адзначыць і скласіфікаваць «усходнясць», «заходнясць» ці іншую іхную культурную існасць» .

Артыкул складаецца з дзвюх асноўных частак — «Псіхічна-духовыя свомасьці беларускага народу» і «Цывілізацыйныя ўплывы Візантыі».

У першай частцы характарызуецца саматычны склад беларусаў у аналогіі з большасцю еўрапейскіх народаў. Блізкі да тыповых рыс народаў Заходняй Еўропы і нацыянальны характар беларусаў. Аўтар адзначае, што «ў адваротнасць расейскаму, беларускі народ практычна не мае ніякіх паважнейшых дамешак, ні фінскіх, ні мангольскіх, ні іншых азійскіх» .

Падкрэсліваецца таксама і імкненне беларускага народа да дэмакратычных форм праўлення. Р. Максімовіч піша, што ў супрацьлегласць Кіеву і Суздальшчыне (пазней Маскоўшчыне) беларускія князі заўсёды дбалі аб супрацоўніцтве і добрым сужыцельстве са сваім народным вечам. У Вялікім княстве Літоўскім улада вялікага князя афіцыйна называлася вельмі характэрным беларускім словам «гаспадар» і не мела адзнак дэспатычнага самадзяржаўя. Высока развіваецца і набывае росквіт у тыя часы права на Беларусі, пакінуўшы далёка за сабою суседнія Польшчу, Маскоўшчыну і іншыя народы Еўропы (маецца на ўвазе дасягненне найвышэйшай дасканаласці ў трох рэдакцыях Статута ВКЛ — 1529, 1566, 1588 гг.).

Стагоддзі XIX—XX характарызуюцца поўнай стратай самастойнасці, што азначала пазбаўленне магчымасці для Беларусі развіваць традыцыйна-дэмакратычны палітычны лад. Але, нягледзячы на гэта, падкрэслівае аўтар, ужо ў час спроб аднаўлення сваёй дзяржаўнасці ў 1917—1921 гг. і пазней практычна не існавалі беларускія партыі правага ці левага таталітарнага кірунку.

Як тыповыя рысы азначаюцца менавіта талерантнасць і свабода сумлення. «Усе важнейшыя рэлігійна-светаглядныя перамены ў Беларусі — прыход хрысціянства ў Х ст., з'яўленне каталіцтва, шпаркі прыплыў ды адплыў рэфармацыйнага руху ў XVI—XVII стст., пазнейшая каталіцкая рэакцыя ды рэлігійная унія 1596 г. — адбываліся на беларускіх землях без крывавых братазгубных змаганняў, гэтак характэрных ды частых у тую пару для шмат якіх краінаў Заходняй Еўропы. Гісторыя Беларусі не ведае інквізацыйных агнёў, а ні Баўтрамеевых ночаў» .

У другой частцы артыкула раскрываецца асноватворны ўплыў старажытнай культуры Візантыі на станаўленне беларускай культуры пасрэдніцтвам вядомага гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі», што перасякаў землі Беларусі і меў важнае гандлёва-культурнае значэнне для ўсёй тагачаснай Еўропы. У асноўным, піша Р. Максімовіч, культурныя каштоўнасці канцэнтраваліся ў царкве, якая ў тыя вякі фарміравала духоўнае жыццё народа, накладвала на яго свой светапогляд. Назіраецца паступовае ўрастанне ў старую мясцовую культуру візантыйскай царкоўнай архітэктуры і малярства, музыкі, царкоўнай і свецкай пісьменнасці. У сувязі з гэтым 988 год (хрышчэнне людзей Усходняй Еўропы і Беларусі) можна лічыць важнай вехай у гісторыі культуры беларускага народа.

Наступная гістарычная дата — 1240 год — пачатак мангола-татарскага іга на ўкраінскіх і рускіх землях. Разрыў непасрэдных кантактаў з Візантыяй стаў важным гістарычным стымулам для актывізацыі незалежнай творчай ініцыятывы ў справе развіцця культуры на Беларусі.

Год 1392 — першыя шматлікія запросіны ў Польшчу беларускіх мастакоў для роспісу касцёлаў (польскага малярства тады наогул не існавала) і беларускіх музыкантаў у каралеўскі двор у Кракаве.

1475 — апошні год, калі польскі летапіс адзначае дзейнасць беларускіх мастакоў на землях Польшчы. І толькі беларускія музыканты-гусляры застаюцца яшчэ пры каралеўскім двары. Гэтым жа часам у пісьменнасці Беларусі адбываецца працэс паступовай замены царкоўнаславяншчыны беларускімі моўнымі элементамі.

Сілу культурных традыцый Візантыі на землях Беларусі значна аслабіў рэфармацыйны рух XVI ст. У выніку паўстання Берасцейскай рэлігійнай уніі (1596) заходнія формы ўрываюцца ў самую цвярдыню — ахоўніцу візантыйскіх культурных традыцый — праваслаўную царкву (на канец XVIII ст. пад яе ўплывам заставалася толькі каля дваццаці працэнтаў насельніцтва ВКЛ).

Заканчваючы артыкул, Р. Максімовіч піша, што «колькасна й сваім значэннем візантыйскія формы малеюць з кожным стагоддзем, хоць зусім з беларускай зямлі яны не счэзлі ніколі. Сляды іх бачныя й па сёння ці то ў нашай архітэктурнай спадчыне, ці то ў традыцыях царкоўнага малярства, у народнай музыцы, у формах беларускіх імёнаў, ці то ў сучасным, моцна азаходненым, кірылічным шрыфце, які з'яўляецца не чым іншым, як далёкім нашчадкам старой грэцкай абэцэды» .

У «Запісах» друкуецца і артыкул яшчэ адной вядомай асобы беларускай навукова-творчай эміграцыі Уладзіміра Сядуры «Вытокі беларускага мастацтва» . Ён з'яўляецца часткай фундаментальнай працы аўтара кнігі «Беларускае мастацтва», выдадзенай таксама за мяжой. Чытачам будзе цікава даведацца пра версію ўзнікнення беларускага малярства, твораў, якія вядомы ўжо з XII ст. (фрэскі Полацкага Барыса-Глебскага манастыра і Смядынскія роспісы ў Смаленску). У. Сядура спрабуе прасачыць арыгінальнасць беларускага накірунку ў мастацтве з вядомым уплывам на яго ўсходняга і візантыйскага жывапісу (Смядынскія фрэскі), а таксама некаторае падабенства да заходнееўрапейскіх формаў у арнаментных дэталях (Полацкія фрэскі).

Значнае месца ў артыкуле адводзіцца перыяду праўлення караля Ягайлы, а таксама пашырэнню беларускага малярства ў Польшчы ў XIV і XV стст. Як вядома, Ягайла праз усё жыццё пранёс патрыятычныя пачуцці да Беларусі, дзе ён жыў да свайго абрання на польскі каралеўскі пасад. Уплыў на яго беларускага царкоўнага малярства з'явіўся прычынай запросін беларускіх мастакоў для роспісу польскіх касцёлаў. Менавіта з гэтым фактам У. Сядура звязвае роспіс насценнымі фрэскамі ў візантыйскім стылі шэрагу касцёлаў на тэрыторыі былой этнаграфічнай Польшчы (Вісліцкага, Сандомірскага, Гнезненскага) у той самы час, калі паўсюдна там пануе гатычны стыль. У якасці доказаў беларускай прыналежнасці роспісаў касцёлаў (па гістарычных звестках, як ужо адзначалася, польскага культавага жывапісу тады наогул не было, мясцовым малярам даводзілася толькі фарбаваць сцены ды залаціць зоркі на іх). У. Сядура прыводзіць надпіс на старой беларускай мове нейкага майстра Андрэя, зроблены ў 1413 г. у Люблінскім замку, а таксама кірылічны надпіс на старажытнай беларускай мове, датаваны 1478 г., на фрэсках у капліцы Святога Крыжа Кракаўскай катэдры.

На падставе фактаў аўтар робіць выснову аб магчымым існаванні ў тыя часы мастацкай школы ў Вільні. «Тагачасныя мастацкія традыцыі беларускага малярства сцвярджаюць, што яно было мастацтвам своеасаблівага, асобнага кірунку, пабудаванага на візантыйскіх формах, але і з самастойным трактаваннем традыцыйных тэмаў» . Пазней гэтыя традыцыі перанясуцца з паланізаванай Вільні ў цэнтральную і ўсходнюю Беларусь (XVII—XVIII стст.) —Віцебск, Магілёў, Слуцк — і атрымаюць яшчэ большае развіццё. Як найлепшыя з вядомых захаваных узораў беларускага царкоўнага жывапісу называюцца фрэскавыя роспісы «з тонкай арнаментальнай распрацоўкай» у Благавешчанскай царкве Супрасльскага манастыра на Гродзеншчыне (1551).

Другая частка артыкула ахоплівае перыяд XVII—XVIII стст., калі ў гарадах Беларусі, дзякуючы Магдэбургскаму праву ўзнікаюць рамесніцкія цэхавыя аб'яднанні «залатароў, разбяроў, дрэварытнікаў і маляроў» . Практычна з гэтага часу выяўленчае мастацтва выходзіць за рамкі культавага прызначэння і ўкараняецца ў побыт у выглядзе невялікіх малюнкаў на драўляных дошках. У. Сядура сцвярджае існаванне мастацкіх цэхаў (школ) па меншай меры ў Віцебску, Магілёве і Слуцку, бо «якраз там найбольш выразна выявіўся адыход ад візантыйскіх прататыпаў і першаўзораў ды набліжэнне да некаторых заходне-еўрапейскіх школаў... з гледзішча стылістычнага тут можна адзначыць некаторае падабенства да нямецкага малярства XVI стагоддзя» .

Шэраг з указаных у артыкулах фактаў вядомы ў нашай рэспубліцы. Аднак сёння востра паўстала праблема гістарычнай праўды, патрэба аднаўлення і развіцця беларускай нацыянальнай мастацкай школы, вяртання на Радзіму многіх імёнаў нашых слаўных дзеячаў, несправядліва забытых ці выкрасленых, і «Запісы» ўносяць свой неацэнны ўклад у гэтую вялікую справу.

У асноўным у першых (нью-йоркскіх) выданнях «Запісаў» тэму культуры і мастацтва раскрываюць вышэй названыя працы. Далей ідзе «мюнхенскі» перыяд. Чытачы могуць пазнаёміцца з цікавым артыкулам Андрэя Багровіча «Жыхарства Беларускае ССР (у святле перапісу 1959 г.)», арыгінальнымі фактамі, прыведзенымі ў гістарычным аглядзе пачатку дачыненняў «Камунізм і «беларускі нацыяналізм» Н. Недасекі, з працамі Я. Станкевіча «Пскоўскі дыялект», С. Станкевіча «Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу» і інш.

У мюнхенскіх выданнях «Запісаў» пачынаецца шырокае публікаванне даследаванняў жыцця і дзейнасці Францішка Скарыны. Так, змешчана праца Сымона Брагі «Пытанне імя доктара Скарыны ў святле актаў і літаратуры», у якой, у прыватнасці, аўтар дае звесткі, што «ўва ўсіх выдадзеных Скарынам кнігах і ведамых сёння архіўных дакументах і актавых датычных яго запісах Скарынавае прозвішча разам з імем сустракаецца каля 200 разоў, і заўсёды з імем Францішак. Толькі ў копіі аднаго дакументу, кракаўскае прывілейнае граматы караля Жыгімонта з 25 лістапада 1532 году, і толькі раз, перад Franciscii яшчэ ёсць і Georgii» . У наступным, пятым выпуску апублікаваны яго артыкул «Доктар Францішак Скарына» .

Увогуле пятая кніга «Запісаў», выдадзеная ў Мюнхене ў 1970 г., поўнасцю прысвечана Скарыніяне. У ёй надрукаваны артыкулы В. Тумаша «Скарына ў Падуі», «Кнігі Скарыны ў Італіі першае палавіны XVI стаг.», Я. Садоўскага «Лексічныя асаблівасці Кнігі Царстваў Скарыны», «Скарынавы Кракаўскія прывілейныя граматы 1532 году» (пераклад Т. Татарыновіча, заўвагі В. Тумаша), бібліяграфія Скарыніяны і інш.

Неабходна адзначыць, што Беларускі інстытут навукі і мастацтва на працягу ўсяго часу існавання праводзіў сістэматычны збор і вывучэнне актаў, дакументаў і фактаў, якія тычацца жыцця, дзейнасці і літаратурна-выдавецкай спадчыны доктара Скарыны. У прадмове да пятай кнігі ад імя рэдкалегіі гаворыцца, што «сабрана ўжо даволі шмат каштоўнага архіўнага матэрыялу, выяўлена ці мала й зусім новага. Вядзецца адначасна рэгістрацыя скарынаведнай літаратуры ды ўсёй, раскіданай на працягу блізу пяці стагоддзяў «скарыніяны» наогул — ад часоў Скарыны й да нашых дзён» .

Як ужо ўказвалася вышэй, далей «Запісы» выдаюцца зноў у Нью-Йорку. У 70—90-х гадах, на якія прыпадаюць выданні, у актыве аўтараў акрамя названых з'яўляюцца новыя, у тым ліку і савецкія (напрыклад, музыказнаўцы А. Смагін, З. Мажэйка, гісторык М. Улашчык і інш.). Праўда, як правіла, «Запісы» больш апелююць да іх работ, раскрываюць іх змест пасрэдніцтвам рэцэнзавання.

Першая кніга гэтага перыяду выдання — дванаццатая. Сярод іншых матэрыялаў тут сустракаем артыкул вядомага фалькларыста, лексікографа і педагога Адама Варлыгі «Карэншчына» (успаміны-нарысы з канца XIX — пачатку XX ст.) . У даным выпадку тут апублікаваны выбраныя раздзелы з падрыхтаванай тады да друку кнігі аўтара «Чутае—Бачанае—Перажытае» пра народны побыт Лагойшчыны. Сярод іх «Зямля—Людзі», «Замчышчы—Курганы—Могільцы», «Швэды—Французы—Маскалі», «Белевуш», «Смала», «Самазахаванне чысціні новы», «Танцы даўніх часоў», «Карагодныя гульні», «Народныя музыкі», «Нацыянальна-культурны зрух». Думкі аўтара, выказаныя ў артыкуле дзякуючы даступнасці добраму літаратурнаму стылю, лёгка ўспрымаюцца і, магчыма, зацікавяць шырокія чытацкія колы. Вось для ілюстрацыі некалькі радкоў з раздзела «Самазахаванне чысціні мовы»: «Хоць селянін часта называў сваю мову простай, мужыцкай, непаважнай у параўнанні з іншымі мовамі, але інстынктыўна трымаўся яе й бараніў ад засмечвання чужымі словамі. Калі хто нават трохі й мог гаварыць па-польску, дык гаварыў гэтай мовай толькі з ксяндзом, па-расейску ж — толькі з урадаўцам ці ўраднікам. Калі хто ведаў нейкае польскае слова ды ўстаўляў яго ў сваю гутарку ў сваім асяроддзі, яго высмейвалі. Калі Агата Адамчыкава назвала сваю Марылю «цурка», дык ёй прылажылі гэтае слова, як мянушку. Гэта Марыля з словам «цурка» і замуж пайшла. Нават ейную дачку называлі «Цурчына Анэта».

Трэба адзначыць яшчэ адну асаблівасць нью-йоркскіх выданняў «Запісаў» 70—90-х гадоў. Акрамя навукова-даследчых артыкулаў пачалі змяшчацца матэрыялы, якія шырэй знаёмяць чытачоў з сучасным культурным жыццём беларускага замежжа і носяць больш публіцыстычны характар. Напрыклад, у нью-йоркскім выданні апублікаваны артыкул Вітаўта Кіпеля «Бібліяграфічныя дапаможнікі пры арганізацыі калекцыяў беларусікі» . Ён знаёміць чытачоў з Нью-Йоркскай Публічнай бібліятэкай ЗША, якая з'яўляецца «піянерам сістэматычнае разбудовы фондаў калекцыі беларусікі й бібліяграфіі беларускіх ды беларусаведных матэрыялаў». Нашым даследчыкам, відаць, цікава будзе ведаць, што бібліяграфічныя зборы беларусікі сёння даволі поўныя і рознабаковыя не толькі ў Злучаных Штатах, але і ва ўсіх краінах Захаду. У публікацыі В. Капель апісвае рэтраспектыўную, бягучую, спецыяльную бібліяграфію, распрацаваную Публічнай бібліятэкай, а таксама падборачна-рэкамендацыйныя дапаможнікі і беларускую бібліяграфію на замежных мовах.

Трынаццатая кніга «Запісаў» зацікавіць даследчыкаў беларускага фальклору, традыцый і народных абрадаў. У першую чаргу дзякуючы культурна-гістарычнай працы ўжо згаданага намі Адама Варлыгі «Вяселле на Лагойшчыне» . У ёй, напісанай жывой народнай мовай, апавядаецца пра багатыя культурныя традыцыі беларускага вяселля, якія бытавалі ў ваколіцах Лагойшчыны ад пачатку XIX да 20-х гадоў нашага стагоддзя. У «Запісах» матэрыял друкуецца часткова з рукапіснай спадчыны Адама Варлыгі (1890—1972 гг.), якая захоўваецца ў БІНІМ.

Беларускі інстытут навукі і мастацтва шмат працуе над падрыхтоўкай і выданнем зборнікаў вершаў, песень і т.п. Гэта знаходзіць адлюстраванне і ў «Запісах». Да прыкладу, у трынаццатай кнізе «Запісаў» змешчаны «Роздум пра музыку» Дзмітрыя Верасава . Артыкул напісаны з нагоды выхаду зборніка Э. Зубковіч «Край мой васільковы» (Нью-Йорк, 1972). У ім даецца характарыстыка напісаных кампазітарам песень, выказваецца арыгінальны погляд увогуле на беларускую музычную творчасць. Дарэчы, да 80-годдзя з дня нараджэння вядомага кампазітара, педагога і музыказнаўцы Эльзы Зубковіч (нарадзілася ў Мінску ў 1895 г.) у чатырнаццатым выпуску «Запісаў» апублікаваны артыкул Алеся Карповіча.

Багатая на мастацтвазнаўчыя матэрыялы семнаццатая кніга, якая выйшла ў Нью-Йорку ў 1983 г. У яе ўвайшлі матэрыялы пра культурна-асветнае жыццё беларускай эміграцыі. Сярод іх — артыкул Раісы Жук-Грышкевіч «Беларускае выяўленчае мастацтва на Захадзе» , у якім разглядаецца творчасць мастакоў, ілюстратараў і скульптараў у ЗША, Канадзе, Аўстраліі і Заходняй Еўропе. Аўтар у храналагічным парадку называе выставы, дае біяграфічныя даныя аб мастаках. Як бы працягвае гэтую тэму Уладзімір Шыманец у рабоце «Мастакі з Беларусь Парыжская школа» . У ім даследуецца творчасць сямі выхадцаў з Беларусі вядомых мастакоў — заснавальнікаў Парыжскай школы.

Дзейнасць беларускіх кампазітараў, хармайстраў, дырыжораў, новыя музычныя творы і працы па музыказнаўству асвятляюцца ў артыкуле Дзмітрыя Верасава «Беларуская музыка у Злучаных Штатах» .

Васемнаццатая кніга «Запісаў» , як і ўпамянутая вышэй пятая, утрымлівае падборку навукова-даследчых матэрыялаў Скарыніяны. Яе змест: «Доктар Ф. Скарына й Кароль Фердынанд» С. Брагі, «Скарыніяна ў ліставанні. Лісты 1965—1968 гг.» В. Тумаша, «Марфалагічныя асаблівасці Кнігі Царстваў Ф. Скарыны» Я. Садоўскага, «Скарынаў Каляндар і каляндарная сістэма Беларусі яго пары» В. Тумаша. У кнізе таксама даецца ксеракапічны перадрук тэкстаў Скарынавай Паскаліі (Вільня, 1522 г.) і змяшчаюцца фотарэпрадукцыі з «Падарожнай кніжкі» доктара Францішка Скарыны (Вільня, 1522).

У дзевятнаццатай кнізе «Запісаў», якая на сёння маецца ў Беларусі, выдадзенай у 1989 г. (калі браць пад увагу храналогію выпускаў, то на цяперашні час павінны быць яшчэ па меншай меры дзве кнігі — 20-я і 21-я), даследуюцца праблемы нацыянальнай гістарыяграфіі, літаратуры і мовы.

З трынаццатага нумару «Запісы» пачынаюць друкаваць раздзел «З беларусаведнае хронікі». І, можа, якраз гэтым выданне пашырае кола сваіх чытачоў за межы спецыялістаў і навукоўцаў.

У першых паведамленнях даецца падрабязнае апісанне дзён беларусаведных студый у Атаўскім універсітэце з 19 па 27 красавіка 1976 г. І як адна з яркіх з'яў гэтых дзён — аўтарскі вечар знакамітай на эміграцыі беларускай паэтэсы Наталлі Арсенневай.

Менавіта з хронікі мы даведаемся аб багатым мастацкім жыцці беларускага замежжа, аб найбольш значных яго падзеях. Скажам, у 1974 г. адбылася першая выстаўка беларускіх мастакоў (і яе і іншыя ў асноўным арганізуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва). Яна затым стала традыцыйнай і штогод праводзіцца ў Злучаных Штатах Амерыкі, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах свету.

12 чэрвеня 1976 г. у Мастацкім Цэнтры Нью-Джэрсі (ЗША) прайшоў і першы Беларускі фестываль музычнага і харавога мастацтва (другі — 21 жніўня 1977 г., трэці — 21 мая 1979 г. і г.д.). Каб мець уяўленне аб іх размаху, прывядзём вытрымкі з публіцыстычнай працы В. Кіпеля, прысвечанай трэцяму Беларускаму фестывалю ў ЗША. «...Фестываль паказаў шырыню кантактаў ды ўдзелу ў палітычна-грамадскім жыцці краіны беларускае нацыянальнае групы. Адчытаныя былі і прысланыя для фестывалю колькі дзесят прывітанняў ад арганізацый і ўстановаў беларускіх, ад шмат якіх амерыканскіх культурна-грамадскіх ды палітычна-дзяржаўных дзеячаў, уключна з прывітаннем з Вашынгтону, з Белага Дому, ад прэзідэнта Джымі Картэра.

Губернатар штату Нью-Джэрсі Брэндан Бэрн адзначыў фестываль пракламацыяй, тэкст якой гэтакі:

Дзеля таго, што жыхары беларускага паходжання складаюць важную частку ўсяе нашае грамадскасці штату, ды

Дзеля таго, што жыхары беларускага паходжання адзначаюць 61-я ўгодкі Беларускае Народнае Рэспублікі, не зважаючы на тое, што ў іхняй бацькаўшчыне пануе камуністычная Расея, ды

Дзеля таго, што жыхарам беларускага паходжання важна з пашанай перахоўваць сваю багатую культурную спадчыну, каб ейныя асаблівасці маглі перадавацца з пакалення ў пакаленне, ды

Дзеля таго, што новы сезон у Цэнтры Мастацтваў Штату Нью-Джэрсі ў Галмдэл сёлета пачнецца наказам беларускага мастацтва й культуры.

Дзеля гэтага, я, Брэндан Бэрн, Губернатар Штату Нью-Джэрсі, гэтым абвяшчаю 21 травеня 1979 году ДНЁМ БЕЛАРУСКАГА ФЕСТЫВАЛЮ» .

На заканчэнне трэба адзначыць, што, як падае хроніка, у год нашы суайчыннікі арганізуюць і праводзяць больш за трыццаць шырокамаштабных навукова-тэарэтычных і культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, такіх як навукова-практычныя беларусаведныя канферэнцыі, выстаўкі і фестывалі, сустрэчы з вядомымі навукоўцамі, літаратарамі, выканаўцамі, а таксама канцэрты, публічныя лекцыі і т.п.

Навукова-мастацкае і культурнае жыццё беларускага замежжа, пакуль так мала вядомае на нашай Радзіме Цікавае, разнастайнае. І надышоў час для больш цесных кантактаў, навуковых творчых узаемасувязяў, абменаў з нашымі замежнымі суайчыннікамі.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by