МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Данчык — шлях да Беларусі // Культура і адукацыя беларускага замежжа

Аўтар: Сабалеўскі Анатоль
Кнiга: Культура і адукацыя беларускага замежжа. 'НАВУКА I ТЭХНІКА'. Мінск. 1993.
Год: 1993
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/
Анатоль Сабалеўскі

ДАНЧЫК – ШЛЯХ ДА БЕЛАРУСІ

Штодзённымі клопатамі поўніцца жыццё

людское.

Але калі зварухнецца душа чалавека,—

толькі песня здолее спатоліць яе.

МАКСІМ БАГДАНОВІЧ

11 верасня 1989 года раніцай, як звычайна на працягу вось ужо многіх гадоў, да перона вакзала беларускай сталіцы падышоў фірменны цягнік «Масква — Мінск». З аднаго з вагонаў разам са сваёй маці спадарыняй Юляй выйшаў і ўпершыню ў жыцці ступіў на родную зямлю продкаў Багдан Андрусішын ці, як яго найчасцей называюць, Данчык.

Для сустрэчы госця на пероне сабралася ладная купка людзей. Была тут і моладзь, і людзі пажылога веку. У руках яны трымалі пышныя букеты асенніх кветак І, угадаўшы ў вабным, парывістым юнаку Данчыка, дружна іх дарылі. Вітанне было сардэчнае.

Расчулены хлопец не мог стрымаць хваляванняў.

— Я не спадзяваўся... Дзякуй! Дзякуй!

На яго вуснах свяцілася мілая, ветлівая усмешка, а на вачах былі буйныя слезы...

Багдан Андрусішын, якога з дзяцінства ласкава называлі Данчыкам — гэта імя пазней стала псеўданімам творцы, яно, так бы мовіць, азначае мастакоўскую асобу, — нарадзіўся 2 лютага 1958 года ў Злучаных Штатах Амерыкі, у горадзе Нью-Йорку. Яго бацькі — украінец Павел і беларуска Юля — у час Айчыннай вайны былі вывезены ў Германію, а пасля вызвалення не пажадалі вярнуцца на радзіму. Баяліся сталінскіх рэпрэсій — як-ніяк знаходзіліся «пад уладай фашыстаў». З часам яны перабраліся ў Амерыку, дзе нарадзілі і выгадавалі двух сыноў: старэйшага Юрку і малодшага Багдана.

У 1976 годзе Данчык закончыў у Нью-Йорку ўкраінскую сярэднюю школу, якая называецца Акадэмія св. Юра. Карэспандэнт украінскай газеты «Свобода», якая выдаецца ў Злучаных Штатах Амерыкі, на яе старонках дае падрабязную справаздачу аб урачыстасцях, што адбыліся ў Акадэміі 20 чэрвеня з нагоды выпуску, дарэчы, пятага па ліку. Яны пачаліся ў царкве св. Юра. Выпускнікі — а іх было сорак, — апранутыя ў традыцыйныя тогі, урачыста ўвайшлі ў памяшканне і размясціліся на лаўках у цэнтры. Бакавыя ж месцы занялі іх бацькі, блізкія, знаёмыя, а таксама настаўнікі Акадэміі і пачатковай украінскай школы. Была праведзена Служба Божая, усе выпускнікі прынялі святое Прычасце. Пасля гэтага з украінскімі і амерыканскімі сцягамі — данчыкаўскі выпуск якраз супаў з важнымі грамадска-палітычнымі датамі: двухсотгоддзем незалежнасці Амерыкі і стагоддзем украінскага пасялення ў Злучаных Штатах — навучэнцы па парах, за якімі крочылі госці, перайшлі ў аўдыторыю самой школы. Урачыстасці працягваліся. Былі віншаванні, добрыя словы і пажаданні ў адрас выпускнікоў. Была цырымонія ўручэння дыпломаў і розных узнагарод. Цэлы шэраг з іх атрымаў Данчык, для якога выпускны дзень выдаўся асабліва зорным. «Найлепшым вучнем класа, — інфармаваў карэспандэнт,— быў Багдан Андрусішын, які акрамя іншых узнагарод і стыпендый таксама здабыў 1000-доларавую стыпендыю з Фонду Міхайла і Сабіны Туранскіх. Гэты Фонд штогодна надае такую грашовую ўзнагароду для найлепшага вучня Акадэміі» .

У заключэнне ўрачыстых цырымоній — гэта папярэдне абвяшчалася ў спецыяльна выдадзенай праграмцы — ад імя выпускнікоў выступіў Данчык. У прамове, сказанай, як спецыяльна падкрэслівае карэспандэнт «Свободы», на «цудоўнай украінскай мове», адзначалася, што за чатыры гады вучобы выпускнікі набылі не толькі агульныя веды, а і мелі магчымасць «усвядоміць сабе, хто ён ці яна фактычна ёсць». Данчык гаварыў і пра грамадзянскія абавязкі і служэнне справе, і пра тое, што не трэба забывацца пра ўласнае паходжанне і «сваімі паводзінамі не пасароміць сваіх продкаў». І, бадай, самымі важнымі, а для Данчыка ў далейшым і праграмнымі былі заключныя словы: выпускнікі не павінны злівацца ў агульную масу, а, наадварот, вызначацца сваёй унікальнасцю: «Бо не забываймася, што на свеце ёсць багата копій і адбіткаў. Толькі арыгіналы маюць сапраўдную вартасць, але іх, на жаль, мала». Да гэтай думкі, так ці інакш, мы яшчэ будзем звяртацца.

А тая ўрачыстая імпрэза скончылася наступным чынам: былыя навучэнцы пад акампанемент фартэп'яна хорам праспявалі песню «Альма Матар» і пад гукі маршу, як і ўваходзілі, парамі пакінулі школьную аўдыторыю.

Трэба сказаць, што бацькоўскай мове, культуры Данчык застаўся адданы і надалей. Яго даволі часта запрашаюць на розныя культурныя мерапрыемствы, якія ладзяць у Амерыцы ўкраінскія асяродкі, і хлопец з ахвотаю, з задавальненнем у іх удзельнічае. Выступае з выкананнем украінскіх песень, звычайна пад уласны акампанемент гітары. У шматлікай і, натуральна, неаднароднай аўдыторыі ён, бадай, заўсёды мае вялікую прыхільнасць і карыстаецца бясспрэчным поспехам. Данчык жаданы выканаўца на самых розных культурных імпрэзах, і, мабыць, лепш за ўсіх ён сам гэта ведае і ўсведамляе.

Усе ж Багдан Андрусішын не стаў украінскім спеваком, акцёрам, дзеячам. Стаў беларускім. І сваё мастакоўскае і чалавечае прызначэнне, калі хочаце, місію апраўдвае з высокай грамадзянскай годнасцю.

Чаму так сталася? Прычын, відаць, многа. Паспрабуем разабрацца ў некаторых з іх, дзеля чаго зноў давядзецца рэтраспектыўна азірнуцца назад, пачаць, так бы мовіць, з самага пачатку.

Данчык рос і выхоўваўся на беларуска-ўкраінскім паўзмежжы, дзе беларускія нацыянальныя карані выдаліся асабліва моцнымі і ўстойлівымі. Прабабка Данчыка Эмілія Шабуня (захаваўся кранальны фотаздымак: сядзяць абняўшыся і моцна прытуліўшыся адзін да аднаго прабабка і праўнук) даводзіцца роднай сястрой Івана і Антона Луцкевічаў, пачынальнікаў у ХХ стагоддзі беларускага Адраджэння. Яе двухгадовую дачку, цяперашнюю Яніну Каханоўскую, бабку Данчыка, насіў на руках Максім Багдановіч, калі ў 1911 годзе адпачываў у Ракуцёўшчыне, дзе жыў родны брат Івана і Антона Луцкевічаў. Высокую нацыянальную свядомасць мае і маці Юля Андрусішына, якая перадавалася ёй па спадчыне. Усё гэта, натуральна, не магло не паўздзейнічаць на душу Данчыка. Так, на запыт беластоцкага штотыднёвіка «Ніва»: «Раскажыце, калі ласка, аб сваіх бацьках і аб сваёй бабцы, як яны вам зашчапілі любоў да беларушчыны», Данчык адказаў: «Яны самі патрыёты сваёй Бацькаўшчыны і выхоўвалі мяне і майго брата ў любві і пашане да таго, ад чаго мы паходзім. Напрыклад, дома заўсёды гаварылі толькі па-нашаму: вывучалі гісторыю, геаграфію, культуру Беларусі: часта сустракаліся з нашымі людзьмі і ад малога актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці (беларуская школа, беларускі тэатр і г.д.). Дык, нягледзячы на тое, што я нарадзіўся ў Амерыцы, Беларусь была для мяне роднай — з пялёнак» . Зрабіла свой добры ўплыў і навакольнае асяроддзе, сустрэчы са сваімі аднагодкамі і людзьмі старэйшага веку.

З дзяцінства Данчык наведваў у Нью-Йорку Беларускую нядзельную школу. Акрамя вучобы школьнікі прымалі актыўны ўдзел у грамадскім і асабліва культурным жыцці. Так, месячная газета «Беларус», якая выдаецца ў Нью-Йорку, паведаміла, што 7 снежня 1969 года ўрачыста адзначаліся 49-я ўгодкі Слуцкага паўстання. (Неабходна заўважыць, што многія грамадскія падзеі, якія адбываліся ў Беларусі і якія ў нас у мінулыя гады ў лепшым выпадку замоўчваліся або тэндэнцыйна скажаліся і ганьбаваліся, сістэматычна адзначаліся і ўшаноўваліся беларускай эміграцыяй.) Пасля літургіі была адслужана паніхіда па героях Беларусі, што загінулі за бацькаўшчыну. Затым праводзілася, гаворачы традыцыйным паняццем, навукова-тэарэтычная частка: выступалі дакладчык, прамоўцы. А паміж імі бралі ўдзел вучні Беларускай нядзельнай школы — чыталі патрыятычныя вершы Янкі Купалы. Сярод іх згадваецца і Данчык Андрусішьш , якому тады ішоў дванаццаты год.

Літаральна праз некалькі тыдняў у Нью-Йорку ладзілася ўжо выключна культурная імпрэза — Дзіцячыя калядныя ялінкі,— арганізаваная непасрэдна самой Беларускай нядзельнай школай. На здымку сярод удзельнікаў (яны як бы акаймаваны двума сцягамі: з аднаго боку дзяржаўным амерыканскім, з другога — беларускім нацыянальным бела-чырвона-белым) бачым і Данчыка.

Газета «Беларус», якая не толькі інфармавала, але актыўна падтрымлівала палітычныя і культурныя пачынанні дзеячаў нашага замежжа, адабраючы выступленні юных выканаўцаў, рабіла і крытычныя заўвагі: «А ўсё ж арганізатары Ялінак, а перш-наперш бацькі маглі б парупіцца, каб, прынамсі, удзельнікі мастацкай праграмы не вярэдзілі вачэй безгустоўнай пярэстасцю вопраткі, а выступалі ў сваіх каларытных народных касцюмах, як гэта робіцца ў іншых беларускіх асяроддзях» . (Аналагічны папрок выказваўся і ў дачыненні правядзення гадавіны Слуцкага паўстання.) Словам, газета арыентуе, каб маладыя акцёры і па вопратцы вылучаліся ад іншых, выглядалі, так бы мовіць, і знешне ў нацыянальнай форме. Парады былі добрыя. Пазней Данчык возьме за правіла выступаць на сцэне ў бела-чырвонай, вышытай беларускім арнаментам сарочцы. І яго апратка будзе вельмі (ну проста стопрацэнтова!) пасаваць да ўсяго: і да аблічча спевака, і да яго рэпертуару, і нават, кал; хочаце, да манеры выканання, паводзін на сцэне.

Пачынаючы з 70-х гадоў, г.зн. з дванаццаці год, Данчык — амаль нязменны ўдзельнік, прынамсі, вельмі многіх культурна-грамадскіх пачынанняў. Спачатку ён выступае як мастацкі чытальнік, пазней — як спявак. Так, у 1971 годзе святкавалася пяцідзесяцігоддзе творчасці славутай паэтэсы Наталлі Арсенневай. І Данчык разам з іншымі прымае ўдзел у гэтай падзеі — чытае яе вершы. Да іх ён неаднойчы будзе звяртацца і пазней, выступаць і на сямідзесяцігадовым юбілеі Арсенневай. З рэпертуару паэтэсы, мабыць, асабліва моцнае ўражанне зробіць яго выкананне верша — рэлігійнага гімна «Магутны Божа».

25 сакавіка — дзень утварэння ў 1918 годзе Беларускай Народнай Рэспублікі — у нашым замежжы адзначаецца даўно і пастаянна. Асабліва ўрачыста праводзіцца ў Злучаных Штатах Амерыкі. Робяцца даклады, паведамленні. Арганізуюцца канцэрты. Так, 25 сакавіка 1970 года ў такім канцэрце ўжо ўдзельнічае і Данчык — чытае верш Янкі Купалы «Паўстань з народу нашага..». Цяпер выступае ў нацыянальным адзенні — у арнаментаванай беларускай сарочцы, падперазаны доўгім вышываным паскам (апратку для яго вышывае маці — спадарыня Юля).

Вельмі прыкметнае месца ў грамадска-культурным жыцці займае Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі (АБАМ). Тут праходзяць гартаванне новыя сілы. Арганізоўваючы і праводзячы разнастайныя асветніцкага і палітычнага характару мерапрыемствы, самі ўдзельнікі становяцца яшчэ больш нацыянальна свядомымі і жыццёва актыўнымі. Гэтую добрую школу, будучы працяглы час сябрам Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі, прайшоў і Данчык. Вось асобныя прыклады яго дзейнасці.

У 1975 годзе адзначалася дваццаціпяцігоддзе АБАМ. Пасля справаздачы кіраўніцтва, перавыбараў праводзіўся гадавы канцэрт моладзі, у якім прымалі ўдзел і прадстаўнікі старэйшага пакалення. На ім выступалі танцавальныя калектывы, спевакі, чытальнікі. Данчык браў удзел як саліст — пад гітару спяваў «Зорку Венеру» і «Ручнікі», «выклікаўшы, — па сведчанні друку,— захапленне слухачоў» . Лепшых з выканаўцаў журы ўзнагародзіла прэміямі. Данчык быў адзначаны «за беларускае слова».

На пачатку 1976 года зноў ладзілася свята Ялінкі, праводзілася калядаванне. Данчык з гітарай у руках разам з іншымі выступаў перад царквой св. Кірылы Тураўскага, з сябрамі Арганізацыі беларуска-амерыканскай моладзі наведваў з калядою нью-йоркскія кватэры суродзічаў. А 26 сакавіка таго ж года адзначалася чарговая гадавіна Беларускай Народнай Рэспублікі. Была Служба Божая ў кафедральным саборы Нью-Йорка, Казань у гонар акту 25 сакавіка, даклады, прамовы. Ад шэрагу бургамістраў амерыканскіх гарадоў і губернатараў штатаў, дзе 25 сакавіка абвяшчалася Днём незалежнасці Беларусі, зачытваліся спецыяльныя пракламацыі.

Самы актыўны ўдзел ва ўрачыстасцях прымала моладзь. І не выпадкова. «Старшыня Галоўнай Управы АБАМ Юрка Азарка ў сваёй прывітальнай прамове сказаў, што змагарамі за незалежнасць Беларусі былі якраз маладыя. Сімваламі для моладзі па эміграцыі становяцца тыя, што загінулі і памерлі за Бацькаўшчыну маладымі, як Кастусь Каліноўскі, Іван Луцкевіч і Максім Багдановіч. На іх і іхнюю дзейнасць і арыентуецца сучасная моладзь» . Падсумоўваючы ўсё тое добрае, што было зроблена, газета канстатавала: «...перш-наперш трэба з асаблівым націскам падчыркнуць выдатны ўдзел у гэтым святкаванні беларускае моладзі і ейны высокі энтузіязм» '.

У гонар свята даваўся вялікі канцэрт. Данчык цяпер удзельнічаў у ім і як мастацкі чытальнік, і як спявак. Зноў дадзім слова карэспандэнту «Беларуса»: «Выдатна і выступіў малады выканаўца, сябра АБАМ, Багдан Андрусішын, праспяваўшы пад уласны акампанемент на гітары жаўнерскую песню «У гушчарах» на словы Наталлі Арсенневай, песню «Спадчына» на словы Янкі Купалы ды прадэкламаваўшы найвыдатнейшы твор беларускай патрыятычнай прозы «Хрыстос Уваскрос» Сяргея Палуяна, у якім праведзена параўнанне цярпенняў Хрыста з пакутамі нашага народу» . Дарэчы, гэты твор Данчык чытаў на фоне выявы Пагоні. Выконваў яго прачула, з вялікім натхненнем.

Увогуле ж 1976 год выдаўся для Данчыка асабліва багатым на падзеі. Літаральна за некалькі дзён да ўрачыстасцей з нагоды заканчэння ўкраінскай сярэдняй школы —12 чэрвеня праводзіўся першы Беларускі народны фестываль, у якім удзельнічаў Данчык. Ён праходзіў у амфітэатры, дзе ўмяшчаецца пяць тысяч чалавек. «Тады я, — гаворыць Данчык,— першы раз выступіў з вялікай праграмай ды вельмі ўдала. Пасля гэтага мне давялося з беларускай песняй з'ездзіць ЗША і Канаду ўздоўж і ўпоперак — беларусы жадалі пачуць родную песню» .

У чэрвені на працягу дзевяці дзён (з 18 па 26) у канадскім горадзе Таронта працавала міжнародная выстаўка пад назвай «Караван». Яна традыцыйная, наладжваецца штогод і збірае шмат удзельнікаў і наведвальнікаў. Прынамсі, беларусы ў 1976 годзе ўдзельнічалі ў выстаўцы шосты раз. З паўсотні павільёнаў, што меліся ў Таронта, асабліва прыкметным быў якраз павільён нашых суайчыннікаў «Менск». Арганізатарам выступаў Саюз беларускай моладзі Канады, па сваім кірунку дзейнасці ў нечым падобны і нават блізкі да АБАМ. Сапраўднай акрасай павільёна «Менск» былі вышыўкі, выкананыя маці Данчыка Юляй Андрусішынай. Уражвала і калекцыя інкрустацыі саломкай беларускага майстра з Лондана Міколы Шуста. Вось водгук аб гэтых працах адной з наведвальніц: «Я шмат у якіх павільёнах была, але такой багатай выстаўкі й такіх прыгожых экспанатаў нідзе не бачыла, фантастычна!»

На выстаўцы працавалі беларуская кухня, бар, давалася мастацкая праграма. У ёй браў удзел і Данчык, які пад гітару выконваў «Беларусачку», «Спадчыну», «Ручнікі», «Лявоніху». А па вечарах ён разам з сябрамі выступаў і ў іншых павільёнах, напрыклад у летувіскім «Вільнюсе».

Надзвычай важнымі падзеямі ў жыцці нашай эміграцыі з'яўляюцца сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. Яны сістэматычна праводзяцца праз два гады папераменна то ў Злучаных Штатах, то ў Канадзе. Гэтыя сустрэчы з часам заваёўваюць усё большую папулярнасць, на іх з'язджаюцца нашы суродзічы і з Паўднёвай Амерыкі, і з шэрагу краін Еўропы (Англіі, Іспаніі, Францыі), і нават з далёкай Аўстраліі. Адбываюцца хвалюючыя спатканні, духоўнае паяднанне людзей, у поўным сэнсе слова братанне. Такія сустрэчы — як глыток чыстага паветра, крынічнай вады. Яны даюць раскіданым па свеце беларусам новыя сілы зберагчы сябе як нацыю у чужым, этнічна зусім далёкім асяроддзі. На 1976 год прыпадае па ліку дванаццатая сустрэча. Канцэрт на ёй ладзіла Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі. Удзельнічаў у ім і Данчык. Газета «Беларус» канстатавала: «Мастак Б. Андрусішын, 18-гадовы сябра АБАМ з Нью-Ёрку, даўно стаўся ўлюбёнцам беларускай публікі дзякуючы свайму глыбокаму лірычнаму выкананню і мадэрным «бітам» .

Да ўсяго іншага трэба дадаць, што ў верасні таго ж года Данчык пачаў вучобу ў Нью-Йоркскім універсітэце. Займаўся на славянскім аддзяленні. У 1980 годзе ён закончыў універсітэт, атрымаўшы спецыяльнасць журналіста. Разам з тым набыў і добрую музычную адукацыю па класу фартэпіяна.

Падсумоўваючы грамадска-культурныя падзеі 1976 года — а іх было каля дваццаці і ў абсалютнай большасці ўдзельнічаў Данчык, без яго ўжо цяжка ўявіць якую-небудзь значную імпрэзу,— вядомы дзеяч эміграцыі Вітаўт Кіпель сцвярджае, «што наш беларускі тон... пачынае быць прыкметным, нашая прысутнасць ужо не выпадак, а сталая з'ява, мы нашай перадусім ахвярнасцю і ўпартасцю змушаем заўважаць нас, прыслухоўвацца да нашых поглядаў і пачынаем адраджаць і вяртаць сабе нашую спадчыну ў Амерыцы» .

Словам, мацнела, шырылася беларуская справа. Яе разумна і самааддана вялі энтузіясты. У першай шарэнзе з іх — Данчык. «Адкуль вы чэрпаеце натхненне ў сваёй дзейнасці?» — запытае ў яго пазней карэспандэнт беластоцкага тыднёвіка «Ніва» Мікалай Гайдук. I пачуе ў адказ: «З пачуцця абавязку зрабіць нешта для дабра беларускай справы, папулярызаваць багацці беларускай культуры на амерыканскім кантыненце. Вельмі люблю беларускую песню, і таму гэты абавязак выконваю з прыемнасцю» .

І далей, расказваючы пра сваё захапленне і ўплыў на творчасць, працягвае: «Чуў і бачыў я «Песняроў» з Савецкай Беларусі, пазнаёміўся з імі падчас іхняга выступлення ў Нью-Йорку ў 1977 г. Імі я захапляўся да гэтага, яны былі маімі духоўнымі братамі. Калі ж я пазнаёміўся з імі, гэтыя пачуцці яшчэ больш узмацніліся, паглыбіліся. Сабраў я ўсе іхнія песні на пласцінках, у магнітафонных запісах». І яшчэ: «Надта ж люблю я стыль фольк, ён адпавядае майму тэмпераменту і голасу» .

З часам назапашваўся, пашыраўся песенны рэпертуар. Узнікла думка: запісаць яго на доўгайгральную пласцінку. Гэтую ідэю актыўна падтрымалі шматлікія беларускія слухачы, паклоннікі таленту Данчыка. І вось у 1977 годзе такая пласцінка выйшла ў свет. І ўжо на другім Беларускім фестывалі, які праводзіўся ў 1977 годзе, аматары не толькі маглі чуць свайго любімага выканаўцу, але і набыць яго пласцінку.

Украінскі часопіс «Юнак», які выходзіць у Амерыцы, вітаючы гэтую падзею, пісаў: «Часта кажуць, што цяжка зберагчы народную культуру і ідэнтычнасць у сённяшнім свеце, бо немагчыма абмінуць уплыў амерыканізацыі, які прыціскае нас з усіх бакоў. А падумайце, як надзвычай цяжка маладому хлопцу, што павінен зберагаць двайную культуру. А гэта самае здолеў зрабіць наш сябра ... Багдан Андрусішын. Яго бацька ўкраінец, маці беларуска, а сам Багдан гаворыць чыста і па-ўкраінску і па-беларуску ды цікавіцца культураю абодвух народаў» . І далей карэспандэнт зазначае: «Я ўпэўнены, што пласцінка Данчыка будзе падабацца слухачам рознага ўзросту, і таму рэкамендую яе ўсім» .

На дыску запісана чатырнаццаць беларускіх песень і рамансаў як прафесійных аўтараў, так і народных. Адкрываецца ён «Беларусачкай» Ю. Семянякі на словы А. Ставера (адсюль і назва ўсяго музычнага альбома). У ім таксама змешчаны «Ручнікі» М. Пятрэнкі (сл. В. Вярбы), «Ты мне вясною прыснілася» (сл. М. Шушкевіча) і «Беларусь, мая песня» (сл. М. Брауна) Ю. Семянякі, «Сонца за хмаркамі» I. Сушко (сл. Н. Тарас — на пласцінцы памылкова пазначана як песня невядомых аўтараў), «Алеся» (сл. А. Куляшова), «Спадчына» (сл. Я. Купалы) і «Каханне» (сл. Я. Коласа) I. Лучанка, «Зорка Венера» (сл. М. Багдановіча) на музыку, як цяпер мяркуюць, С. Рак-Міхайлоўскага, «Завушніцы» (сл. М. Танка) і «Александрына» (сл. П. Броўкі) У. Мулявіна і народныя творы «Ой, у полі тры крынічанькі», «Купалінка» і «Хлопец пашаньку пахае».

Данчык выконвае песні ў асноўным пад уласную гітару, асобныя дапамагае акампаніраваць на скрыпцы і на гітары Юрый Турчын.

Выданне пласцінкі як бы падвяло рыску пад першым этапам творчасці спевака. Лёгкі, мілагучны лірычны тэнар, чысты, свежы юнацкі голас пад мяккія пераборы струн гітары, сакавітае беларускае слова ў бездакорным і інтанацыйна вельмі выразным, сэнсоўна акрэсленым вымаўленні — усё-ўсё чаравала і захапляла. Цяпер з творчасцю Данчыка маглі знаёміцца і тыя, хто не меў магчымасці трапіць на яго канцэрты. Аўдыторыя спевака значна павялічвалася, а разам з тым пашыралася ў свеце і вядомасць, расла папулярнасць.

Ішоў час, міналі гады, у жыцці Данчыка творча насычаныя, моцна спрасаваныя. Ён па-ранейшаму актыўна ўдзельнічаў у грамадска-культурных пачынаннях, пра якія ўжо гаварылася: ва ўшанаванні Дня герояў Беларусі, звязаных са Слуцкім паўстаннем, у гадавінах Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка, у канадскіх выстаўках «Караван», у Беларускіх народных фестывалях, у чарговых сустрэчах беларусаў Паўночнай Амерыкі.

Арганізавалася і новая імпрэза — Тыдзень славянскіх культур. «Мэтай Тыдня, — паведамляў «Беларус», — было пазнаёміць школьную моладзь, як і амерыканцаў неславянскага паходжання, са славянскімі культурамі, а таксама каб гэтае азнаямленне было стымулам для школьнае моладзі выбіраць для студыяў гэтую тэму» . У ім ўдзельнічалі прадстаўнікі балгарскага, чэшскага, македонскага, польскага, рускага, сербскага, славенскага, украінскага замежжа. Актыўна выступілі і беларусы. Была арганізавана выстаўка абразоў і скульптур, асобна — народнага мастацтва, на якой паказваліся і экспанаты Юлі Андрусішынай, працавала беларуская нацыянальная кухня, якая таксама карысталася вялікім поспехам. Праводзіўся паказ славянскіх фільмаў, наладжваўся баль, дэманстраваўся рытуал дажынак.

У шырокай і, як бачым, вельмі разнастайнай праграме Тыдня належнае месца занялі і канцэрты творчых калектываў, салістаў. Выступленні Данчыка ўжо традыцыйна мелі надзвычай цёплы прыём.

Раіса Станкевіч, адказная ад беларусаў за правядзенне Тыдня славянскіх культур, якая нямала садзейнічала яго поспеху, справядліва пісала: «Як пасееш, так і пажнеш», — кажа беларуская народная прыказка. Дык будзем старацца ў будучыні яшчэ больш старанна, уважліва ды спорна засяваць, каб ураджай сабраць яшчэ большы, наш беларускі ўраджай!» . Уласна, для Данчыка гэта ўжо сталася сэнсам жыцця. Прыйшло і заслужанае прызнанне. Вось у пацверджанне толькі адзін штрых. Паэтэса рускага замежжа Галіна Румянцава ў 1980 годзе піша, а газета «Беларус» у пачатку наступнага года друкуе ў перакладзе К. Акулы на беларускую мову верш «Пясняр», прысвечаны Данчыку Андрусішыну:

Сэрца голас кранае,

Як прамень,

залаты —

ў чыстым полі крыніцы

і з сцюдзёнай вады.

Гнуцца вербы ад ветру,

ноч Купалы цвіце...

Песнямі маладою

Беларусь праплыве.

Верш заканчваецца такімі радкамі:

Зноў спявай мне ў Нью-Йорку

пра люстэркі азёр,

пра дубровы і зоркі

ды пра тых журавоў,

што лятуць на Палессе —

хоць страляй, хоць лаві...

Хай натхняць цябе песні —

два крылы,

дзве любві.

Закончыўшы універсітэт і сабраўшы крыху грошай, Данчык у 1981 годзе выпраўляецца ў краіны Заходняй Еўропы. Па дарозе наведвае і Польшчу — беларускія мясціны на Беласточчыне. Гэтая паездка як бы ўзняла новую хвалю трыумфу спевака. Тыднёвік «Ніва» пазней канстатаваў: «Беларускі салавей Злучаных Штатаў Амерыкі і Канады, спявак-легенда Данчык завітаў да нас! — Такая чутка апераджала трохдзённую пабыўку, а дакладней — вандроўку, на Беласточчыне Багдана Андрусішына.

У гэтым незвычайным марафоне па нашаму рэгіёну нястомны Данчык усё ж змог тры разы выступіць з песнямі: 23 жніўня г.г. у папулярным ветраку ў Белавежы перад беларускай студэнцкай моладдзю з вышэйшых школ Варшавы і Беластока, у наступны дзень у амфітэатры ў Гайнаўцы на турніры двух беларускіх фальклорных калектываў з Арэшкава і Навасадаў і напярэдадні ад'езду з Беласточчыны — у клубе беластоцкага гуртка БГКТ (Беларускага грамадска-культурнага таварыства. — А. С.). І ўсюды зачароўваў слухачоў высокім вакальным майстэрствам, крыштальным голасам, вабнасцю свае асобы» .

Між іншым, з лёгкай рукі аўтара гэтых радкоў Мікалая Гайдука за Данчыкам стала замацавалася слова салавей, праўда, з рознымі ўдакладненнямі: хто называе амерыканскім і канадскім, хто нью-йоркскім, а хто і проста беларускім.

У прыватным пісьме ў Амерыку М. Гайдук паведамляў: «...Найважнейшая радасць і пацяшэнне збалелай душы — гэта наведванне Беласточчыны цудоўным, ачаравальным вашым Данчыкам. Ён і сваімі спевамі і абаяльнасцю ўласнай асобы проста запаланіў ўсіх! Якую ж цудоўнасць вы, беларусы Амерыкі, выгадавалі, выпеставалі! Толькі зайздросціць... Многія плакалі ад узрушэння. Цяпер жа ён спявае нам па радыё, бо рэдактар беларускіх перадач запісаў яго канцэрты з Беластоку... Найважнейшае — ён паказаў, даў асабісты прыклад, як трэба любіць сваё і працаваць для дабра беларускай культуры. Вялікую, аграмадную дапамогу зрабілі вы, беларусы з Амерыкі, для ўмацавання нас, беларусаў Беласточчыны, падтрымалі па духу, мабілізавалі да далейшай нястомнай дзейнасці на ніве роднае культуры якраз песнямі роднымі, беларускімі ашаламляючага Данчыка! Вялікае дзякуй яму за спевы, а вам за яго выхаванне для беларускай культуры ад усіх нас!» Падобныя лісты былі і ад іншых слухачоў. Наступны буйны творчы крок спевака — выданне ў 1985 годзе другой доўгайгральнай пласцінкі «Я ад вас далёка...» На ёй змешчана дванаццаць песень. Яны разнастайныя, як гаворыцца, шырокага дыяпазону. Песні «Я ад вас далёка...» М. Куліковіча (сл. Я. Купалы), «Не шукай» I. Любана (сл. А. Русака), «Калыханка» Ю. Савіна (сл. А. Вольскага), «Мой родны кут» (сл. Я. Коласа) і «Бярозка» (сл. А. Вялюгіна) I. Лучанка, «Вы шуміце, бярозы» Э. Ханка (сл. Н. Гілевіча), «Зорачкі» на музыку і словы С. Новіка-Пяюна, беларускія народныя песні «А ў полі вярба», «Лянок», «Перапёлачка» і ў перакладзе з рускай мовы «Белавежская пушча» А. Пахмутавай (сл. М. Дабранравава), а таксама «Каханая» А. Карповіча (сл. С. Ясеня).

Творы, запісаныя на першай пласцінцы, у асноўным выконваліся, як ужо адзначалася, пад уласны акампанемент на гітары. Песні другога дыску гучаць у суправаджэнні цэлага шэрагу музычных інструментаў — піяніна, скрыпкі, гітары, мандаліны, ударных інструментаў, сінтэзатара. Калі ў першым выпадку Данчык выступае выканаўцам акрэслена бардаўскай песні, то другі збор твораў не ўмяшчаецца ў гэта паняцце. Дыяпазон спевака тут значна-значна шырэйшы. Павышаецца, удасканальваецца і само выканаўчае майстэрства. Прыўносіцца і іншая танальнасць у гучанне песень. Так, на змену гуллівай, нібы пырскі шампанскага, «Беларусачцы», у якой пеніцца, гарэзнічае сама маладосць, прыходзіць тужліва задуменная песня «Я ад вас далёка...», дзе адчуваецца туга, сцішаны боль па Айчыне, дзе юная бесклапотнасць яўна саступае сваё месца разважлівасці, пранікнёнасці, філасофскаму роздуму.

Новы песенны альбом Данчыка быў асабліва прыхільна і нават узрушана сустрэты і друкам, і шматлікімі слухачамі. Газета «Беларус», якая і раней даволі пільна сачыла за творчымі крокамі спевака, інфармавала чытачоў пра яго выступленні, аднак толькі ў агульных справаздачах аб грамадска-культурных мерапрыемствах, на гэты раз ці не ўпершыню змяшчае асобны артыкул «Пяе Данчык». Аўтар Алесь Карповіч, даючы агульную характарыстыку выканаўцу, адзначае: «Данчык мае лірычны тэнар шырокага дыяпазону, надзвычай прыемнага, мяккага, пяшчотнага тэмбру, добрае дыханне, тонкі слых, які дазваляе яму ўхіляцца ад інтанацыйных недарэчнасцей, выразную дыкцыю ды беззаганную беларускую вымову.

...Данчык у сваім выкананні даносіць да слухача элегічную лірыку мелодыі і патрыятычны ўздым тэкстаў песняў» .

Рэцэнзент асабліва робіць акцэнт на выкананні спеваком народных твораў, безумоўна, моцнай грані Данчыка: «Добра праспяваць народную песню зусім не так проста, толькі голасам тут не абыдзешся. Стварыць вобраз у народнай песні куды больш цяжка, як у рамансах ці опернай арыі, бо ў песні спявак мае справу з вельмі сціплым і лаканічным меладыйным матэрыялам і ад інтуіцыі, фантазіі, густу й чуйнасці спевака залежыць, ці ўзнікне ў ягоным выкананні адпаведны мастацкі вобраз, ці ён застанецца нераскрытым. Нескладаную, але поўную лірызму й затоенага суму мелодыю «Перапёлачкі» Данчык пяе цёпла й сардэчна, прыгожае суправаджэнне лёгка й асцярожна падтрымлівае вакальную лінію, нідзе не пераабцяжарваючы яе залішнімі інструментальнымі эфектамі. На добрым мастацкім узроўні гучаць і дзве другія народныя песні («А ў полі вярба», «Лянок».— А. С.)» .

Бадай, найбольш уражвае ў Данчыку яго беларускасць. Так, вядомы паэт, публіцыст, навуковец, грамадскі дзеяч Алесь Барскі, які жыве ў Польшчы, у артыкуле «Аб феномене» пісаў: «Колькі ж ёсць беларусаў, якія, жывучы на роднай зямлі, забываюць усё роднае і галоўны нацыянальны атрыбут — мову. Як жа звычайна і дзівосна, што Данчык — малады хлапец, народжаны ў ЗША, ніколі не быўшы ў Беларусі, навучыўся і захаваў крыштальную чысціню беларускай мовы. І якраз гэта і з'яўляецца ў маім успрыняцці фенаменальнай з'явай...

Калі слухаю Данчыка, здаецца мне, што ў яго голасе спалучаецца ў адну прыгожую цэльнасць пошум пушчы, журчанне крыніцы, стогны ветру, птушыны шчэбет, шэпты калосся.

Як добра, што такія самародкі, нягледзячы на тое што так далёка закінуў іх лес, аддаюць свой фенаменальны талент на службу Беларусі» .

Калега Барскага пісьменнік Сакрат Яновіч з Беластока ў лісце ў Амерыку да Андрусішыных піша: «Цяпер, як гаворыцца, у кожным культурным беларускім доме пачуеш спеў Данчыкаў, ён множыцца ў касетах. Якраз гэта і добры прыклад разумнай помачы эміграцыі Бацькаўшчыне. Не прапаганда патрэбна, але ўзбагачэнне нацыянальнай культуры, а затым і глыбокай годнасці за свае!»

З ліста студэнткі з Варшавы: «Цяпер я нічога больш не слухаю, апрача беларускіх песень у выкананні Данчыка. Яны надзвычайныя, фантастычныя. Захапляюся іх меладыйнасцю й чароўнасцю, прыгажосцю голасу й чысцінёй беларускай мовы песняра. Толькі пазайздросціць» .

З ліста сваяка Данчыка Лявона Луцкевіча з Вільні: «Дарагі Данчык! Хочацца перадаць табе ў гэтым лісце самую шчырую падзяку за твае цудоўныя песні, якія да глыбіні душы ўзрушылі ўсіх тых, хто ўжо паспеў іх праслухаць. Усе, хто чуў тваю першую плыту, адзначаюць вялікі прагрэс у тваім вакальным майстэрстве... Усіх вельмі здзіўляе, як спявак, якому ніколі не давялося пабываць на бацькаўшчыне, з такім пачуццём і разуменнем выконвае народныя песні, як трапна інтэрпрэтуе і адчувае беларускі фальклор».

А амерыканскі англа-беларускамоўны часопіс «Беларускі сьвет», прадстаўляючы Данчыка як «выдатнага беларуска-амерыканскага спевака і вядомага грамадскага працаўніка на культурнай беларускай ніве ў ЗША», адзначаў: «Бадай, не будзе памылкай сказаць, што няма на Захадзе ніводнае беларускае сям'і, якая не чула б песняў у выкананні Данчыка або не мела б кружэлкі ці касеткі з Данчыкавымі песнямі... Так, Данчык — фенаменальны спявак, фенаменальны папулярызатар і беларускай песні й беларускай культуры». I далей: «Данчык нарадзіўся ў Нью-Ёрку... Як жа лёгка ў такім асяроддзі згубіцца, забыцца пра сваю этнічнасць, занядбаць мову бацькоў і стацца звычайным, шэрым чалавекам у нью-ёркскім натоўпе.

Але Данчык — іншы! Ён адменны. Ён чалавек глыбокае душы й высокіх палётаў,— ён этнік» .

Дык вось ці цягнула спевака да Айчыны, дзе ён хоць і ніколі не быў, але карані, вытокі творчасці знаходзяцца якраз тут? Менавіта ж з беларускай крыніцы ён чэрпае як матэрыял для творчасці, так і натхненне. І нават больш — духоўнасць, так бы мовіць, усю сваю чалавечую існасць.

Пытанне ўвогуле рытарычнае. Вядома ж, хацелася пабываць на Бацькаўшчыне, сутыкнуцца з ёю ўвачавідкі, падыхаць яе паветрам. Можа, якраз таму так пранікнёна, з унутраным драматызмам гучалі ў вуснах Данчыка Купалавы словы, якія, дарэчы, паэт пісаў у Пецярбурзе, падчас доўгай сваёй адарванасці ад роднай зямлі:

Я ад вас далёка, бацькоўскія гоні, —

На чужое неба ўжо гляджу сягоння.

Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,

Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю...

На пытанне карэспандэнта беластоцкай «Нівы», ці намерваецца Данчык прыехаць у Савецкі Саюз, г.зн. у Беларусь, ён у 1988 годзе адказаў: «А Савецкі Саюз таксама даўно хацеў і хачу наведаць. Будзем бачыць. Я ніколі не трачу надзеі!»

З гутаркі, якая адбылася ў Нью-Йорку з беларускім спеваком, былым салістам «Песняроў» Леанідам Барткевічам: «— Данчык, ці думаеш ты прыехаць на Беларусь? — Я ўжо столькі гадоў хацеў на Беларусь, што ледзь было не расчараваўся. Але цяпер такія змены ў Вас!.. І я буду мець магчымасць таксама цяпер паехаць на Беларусь» .

Аб пэўных прычынах доўгай цеганіны Данчык расказваў карэспандэнту «Нівы» напярэдадні свайго прыезду ў нашу Рэспубліку:

«— Як дайшло да таго, што ты збіраешся ехаць у БССР?

— Я ўжо многа гадоў стараўся паехаць у Беларусь. Некалькі разоў запрашаў мяне ў Мінск мой сябар Лёнік Барткевіч, але адказ быў заўсёды «не».

— Гэта значыць, хто сказаў «не»?

— Ну, савецкае пасольства. Яны прычыны не давалі. Цяпер, калі сітуацыя змянілася, маю надзею, што пусцяць, хоць адказу яшчэ няма» .

А як жа Данчык, дакладней, яго песні даходзілі ў Беларусь, калі і як з імі пазнаёміліся нашы суайчыннікі? Трэба сказаць, што сама гэта хада выдалася надзвычай-надзвычай маруднай і цяжкай. Неяк і Данчык паскардзіцца, што ў Беларусі яго слаба ведаюць, бо не было рэкламы. Ды дзе там рэкламы, не было распаўсюджання яго песень, доўгі час нават не ўпаміналася імя выканаўцы.

У прысвечаным Данчыку выданні «Праз рок-прызму», якое ў 1989 годзе выйшла ў Нью-Йорку, нашы журналісты Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльгуй паказваюць, як пакутліва цяжка спявак заваёўваў увагу і сэрцы сваіх суродзічаў. Вось характэрны і паказальны для нашага нядаўняга жыцця прыклад. «Ужо ў пачатку 80-х беларускі журналіст Уладзімір Содаль, пабываўшы ў Вільні й сустрэўшыся з паэтэсай Зоськай Верас, паслухаўшы песень Данчыка й здабыўшы цікавыя фотаздымкі спевака, падрыхтаваў цікавы артыкул для газеты «Голас Радзімы». Адказу давялося чакаць доўга. Потым адна з супрацоўніц рэдакцыі паведаміла, што асоба Данчыка не падыходзіць для «Голасу Радзімы» — у яго контррэвалюцыйная сутнасць. «Не наш человек» .

Асобныя песні — найбольш вядомай была «Беларусачка» —у выкананні Данчыка распаўсюджваліся ў касетных запісах, якія рознымі шляхамі траплялі «адтуль», з Захаду. Але яны ўсё ж былі вялікай рэдкасцю і толькі ў адчайна смелых, хто не баяўся за сваю грамадзянскую рэпутацыю.

Само імя Данчыка ў нашым друку ці не у першы раз з'явілася пад канец 1986 года. У артыкуле пра Сяргея Новіка-Пяюна з нагоды яго васьмідзесяцігоддзя малады паэт Анатоль Сыс, распавядаючы пра лёс песні «Зорачкі», як бы абмовіўся, што яе ён часта слухаў «пад гітару ў цудоўным выкананні Багдана Андрусішына...» Вось і ўсё, як бы зусім між іншым. Прозвішча «праскочыла» ў друк праз цэнзуру, але наўрад ці многія з чытачоў яго запомнілі. Яно ж толькі мільганула.

Прыкладна такім чынам прарваліся асобныя Данчыкавы песні на тэлебачанне і радыё, у тым ліку і маскоўскае. У адным выпадку як бы проста так, у другім — як ілюстрацыя ў перадачы пра кампазітара Аляксандру Пахмутаву: маўляў, глядзіце, яе песню «Белавежская пушча» спяваюць і па-беларуску.

На пачатку, бадай, больш шанцавала на саюзную трыбуну. Так, у верасні 1988 года ў газеце «Советская культура» было апублікавана інтэрв'ю з Леанідам Барткевічам, які са сваёй жонкай — славутай гімнасткай Вольгай Корбут накіроўваўся ў Амерыку.

«— Леанід, вы едзеце па запрашэнню нейкай арганізацыі?

— Па запрашэнню — не здзіўляйцеся — беларускага амерыканскага спевака Данчыка. Нашаму знаёмству і сяброўству — больш дзесяці гадоў. У час гастроляў «Песняроў» па Амерыцы — а гэта быў 1977 год — нашу ўвагу прыцягнуў юнак, які быў практычна на ўсіх нашых выступлениях. Выявілася, што і сам ён спявае па-беларуску» . І далей Барткевіч коратка расказаў карэспандэнту пра біяграфічныя даныя Данчыка, пра яго карані, ахарактарызаваў творчасць спевака.

Увогуле сустрэча, а затым і сяброўства двух беларускіх спевакоў — Данчыка і Барткевіча — далі вялікі плён для іх абодвух, а значыць, і для нашай культуры. Гаворачы пра ўплыў «Песняроў», Данчык сведчыць: «Найбольшае ўражанне на мяне зрабілі песні ў цудоўным выкананні Лёні Барткевіча. Вельмі мяне цешыць і з'яўляецца для мяне вялікім кампліментам, калі людзі знаходзяць падабенства паміж нашымі галасамі» .

Дык вось, запрасіўшы восенню 1988 года Барткевіча ў Амерыку, як гаворыцца, з прыватным візітам, абодва спевакі не марнавалі дарам час. Яны запісалі новую касету пад красамоўнай, шматзначнай назвай «Мы адной табе належым» (парафраза з песні Сержука Сокалава-Воюша), дзе выступаюць у дуэце. На касеце дванаццаць песень. Вось яны, так бы мовіць, у храналагічным парадку: «Беларусь мая» (муз. В. Навіцкага, сл. С. Сокалава-Воюша), «Трэба дома бываць часцей» (муз. І. Лучанка, сл. Р. Барадуліна), «Ядлаўцовы лес» (муз. Я. Магаліфа, сл. А. Глобуса), «Не за вочы чорныя» (муз. Ю. Семянякі, сл. А. Русака), «Шумныя бярозы» (муз. Р. Пукста, сл. Я. Купалы), «Зваяваным» (муз. М. Куліковіча, сл. Я. Купалы), «Песня аб радзіме» (муз. Л. Барткевіча, сл. Г. Бураўкіна), «Алеся» (муз. І. Лучанка, сл. А. Куляшова), «Беларусачка» (муз. Ю. Семянякі, сл. А. Ставера), «Жураўлі на Палессе ляцяць» (муз. І. Лучанка, сл. А. Ставера), «Як у лесе зацвіталі» (муз. Дз. Лукаса, сл. Я. Купалы), «Крыніцы» (муз. і сл. С. Сокалава-Воюша).

Як бачым, на касету трапілі і самыя сучасныя песні, і тыя, што ўвайшлі ўжо ў класіку. Праўда, няма сярод іх беларускіх народных, тонкім інтэрпрэтатарам якіх раней выступаў Данчык ды і Барткевіч таксама. Яны абодва заваявалі славу іх выкананнем. А ўвогуле выбраны рэпертуар разнастайны як па эмацыянальным напале, так і па стылістыцы, шырокага дыяпазону. Тут і кранальна лірычныя, і светла тужлівыя, і ўзнёсла патэтычныя песні. Усё ж, мабыць, пераважаюць творы патрыятычнага плана. Перш-наперш якраз у гэтым асноўная адметнасць чарговага песеннага збору, для Данчыка ўжо трэцяга па ліку. Яго з'яўленне з новым энтузіязмам успрыняла амерыканска-беларуская грамада. «...Гэта, безумоўна, радасная падзея для беларускай культуры і сапраўдны падарунак для кожнага аматара беларускай музыкі!» — пісаў рэцэнзент «Беларуса» Алесь Карповіч. Ацэньваючы ж непасрэдны уклад амерыканскага спевака, зазначыў: «Данчык мае голас унікальнага тэмбру, яго адразу можна пазнаць па пяшчотнасці й лірычнасці, па тонкай перадачы адценняў тэксту, па свядомасці фразіравання, па дасканаласці інтанацыі. Трэба адзначыць і здольнасць Данчыка філіраваць гук, паступова пераходзіць ад абсяжнага фортэ да ледзь гучнага, пяшчотнага піяна» .

Вернемся, аднак, да храналогіі падзей, звязаных з прызнаннем Данчыка ў Беларусі, з пашырэннем на гэтай зямлі яго вядомасці.

1 кастрычніка 1988 года ў газеце «Чырвоная змена» ў аглядзе чытацкай пошты яшчэ раз прамільгнула прозвішча Данчыка. Студэнты ў лісце, дасланым у рэдакцыю, прапанавалі, каб перагарадзіць дарогу безгустоўным, пошлым песням пад гітару, друкаваць творы з нотамі з рэпертуару Камоцкага, Сокалава-Воюша, Андрусішына. А 10 снежня 1988 года на старонках той жа газеты змяшчаецца даволі падрабязная анатацыя на першую Данчыкаву пласцінку, выпушчаную ў Нью-Йорку больш дзесяці гадоў назад. Тут жа некалькі слоў гаворыцца і пра самога выканаўцу.

З'явіліся асобныя паведамленні ў часопісе «Бярозка», у некаторых іншых беларускіх выданнях.

І калі «Чырвоная змена» праводзіла хіт-парад папулярнасці 1988 года, Данчык з замежных спевакоў быў названы другім па вядомасці, саступіўшы толькі амерыканскаму выканаўцу Майклу Джэксану. З такой нагоды можна было б ужо і радавацца. Але пры больш уважлівым стаўленні да гэтай падзеі прымушае нас пакуль устрымацца ад павышаных эмоцый. Сам конкурс атрымаўся далёка не масавым — дастаткова сказаць, што на анкету адказалі толькі 144 чалавекі, у ацэнцы замежных спевакоў удзельнічала і таго меней — 81. За Данчыка ж было пададзена 17 галасоў, усяго на 4 галасы больш набраў яго супернік, якому дасталося першае месца.

А ўсё ж лёд замоўчвання і табу (апошняе ў нашай нядаўняй рэчаіснасці якраз наадварот спрыяла папулярнасці, нават стварала арэол сенсацыйнасці і пакутніцтва) скрануўся. Вось і газета «Голас Радзімы» ў нататках аб падарожжы па Злучаных Штатах Амерыкі ўжо даволі шмат увагі надае Данчыку. Акрамя агульных пра яго асобу і творчасць звестак чытаем і такое: «Я пішу гэтыя радкі пра Данчыка, беларускага салаўя Злучаных Штатаў Амерыкі і Канады,— заяўляе аўтар нататак Леанід Казыра,— і спадзяюся, шчыра веру, што прыйдзе, абавязкова прыйдзе час, калі Багдан Андрусішын прыедзе да нас на Беларусь, якую ён так хораша апявае ў сваіх песнях» .

Найбольш мэтанакіравана і паслядоўна ў прапагандзе Данчыка выступае «Чырвоная змена». У студзені 1989 года яна знаёміць чытачоў са зместам другога дыска спевака «Я ад вас далёка», публікуючы, як і ў першым выпадку, яго вонкавую выяву з партрэтам выканаўцы. А крыху пазней гэта газета друкуе інтэрв'ю з Данчыкам, што ўзяў у Нью-Йорку Леанід Барткевіч. Ён, вярнуўшыся з паездкі ў Беларусь, нямала пастараўся, каб пазнаёміць слухачоў з Данчыкавымі песнямі па радыё, па тэлебачанні.

А яшчэ раней тыднёвік «Літаратура і мастацтва» апублікаваў ліст з Наваполацка, у якім, у прыватнасці, гаварылася: «Мы лічым, што асабісты прыклад гэтага чалавека (Данчыка.— Л. С.), які, ніколі не быўшы на радзіме сваіх продкаў, за тысячы кіламетраў ад яе, вывучыў родную мову і сэрцам далучыўся да беларускай песні, можа паслужыць найлепшым урокам для шмат якіх нашых землякоў, адкрыць ім вочы на тое хараство, якое яны не бачаць, а часам і не хочуць бачыць». Звяртаючыся да канкрэтных устаноў, якім належала запрасіць спевака, аўтары сцвярджаюць, што «прыезд Данчыка ў нашу рэспубліку мог бы адыграць неацэнную ролю ў павышэнні прэстыжу беларускай культуры і роднай мовы» . Ліст падпісалі семнаццаць чалавек, сярод іх сёння вядомыя літаратары, грамадскія дзеячы Уладзімір Арлоў, Леанід Баршчэўскі, Ірына Жарнасек.

Урэшце заслон удалося пратараніць, пераадолець штучныя савецкія перашкоды — Данчык прыехаў у Беларусь. Ступіў пакуль на невядомую для яго зямлю. Усё ж, усё ж да таго часу незнаёмым, прынамсі, для абсалютнай большасці нашых людзей чалавекам. Ступіў на зямлю, каб самому яе спазнаць і каб спазнала яго яна. Але гэта ўжо тэма асобнай гаворкі.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by