|
ВУЧОНЫ, ПАЭТ, ГРАМАДЗЯНІН
(Штрыхі да творчага партрэта Аляксандра Баршчэўскага — Алеся Барскага)
Асобу чалавека, асабліва творчага, фарміруюць зямля, асяроддзе і абставіны...
Гістарычна склалася так, што беларускай зямлі апошнімі стагоддзямі вельмі не шанцавала. Маючы некалі прававую дзяржаўнасць, высокую духоўную і матэрыяльную культуру, Беларусь дзеяннямі сваіх моцных суседзяў паступова страціла амаль усё і нават гістарычную памяць. Страціла свае абшары разам з людзьмі на ўсходзе і на захадзе, на поўдні і на поўначы. Але і з тае зямлі, якая усе ж засталася Беларуссю, колькі людзей змушаны былі ратавацца эміграцыяй у блізкі і далёкі свет зноў жа выкліканымі гістарычнымі абставінамі і сітуацыямі. Шмат было і гвалтоўных перасяленняў, высылак за бунты, за паўстанцкі рух, а то і проста дзеля развіцця земляробства і сельскай гаспадаркі, скажам, Паволжа, куды змушаны былі рушыць па волі царскіх улад дзесьці трыста тысяч сялянскіх сямей. А колькі розных вярбовак? Адным словам, зведаў беларус і марозны Сібір, і Далёкі Усход, і цалінныя землі, і Карэлію, і іншыя землі Расійскай савецкай зямлі. Сустрэць земляка можна на ўсіх кантынентах свету: у Амерыцы, Азіі, Аўстраліі і ў шмат якіх дзяржавах. Жывуць яны, ствараючы больш-менш кампактныя групоўкі, задзіночанымі, а то і проста ў адзіночку. Вякамі абшчыпвалі Беларусь як толькі маглі. Частка ж, і не малая, была перададзена «по воле трудящихся» ў склад зямель суседзяў. І жывуць там нашы людзі пад воляю чужых дзяржаў.
Самым вялікім абшарам, можна сказаць астэроідам, з’яўляецца беларуская Беласточчына, з вельмі неардынарным лёсам зямля і з цудоўнымі людзьмі. Уваходзіць яна ў склад Польшчы і паслугоўваецца законамі гэтай дзяржавы. Але дзякуючы моцнаму асяродку беларускай мясцовай інтэлігенцыі, якая здолела нарадзіцца, вырасці і выспець у Народнай Польшчы, Беласточчына і сёння застаецца беларускай не па назве, а па зместу і духу, абуджае беларускае насельніцтва да самасвядомасці, нацыянальнай годнасці і павагі да свайго, роднага. Хочацца, каб у недалёкай будучыні з павагаю была прадстаўлена беларускаму чытачу мажная кагорта свядомых працаўнікоў на глебе роднай мовы і культуры, голас якіх і дзеянні даўно выйшлі далёка за межы Беласточчыны і сталі гонарам усёй беларускай зямлі. Так, гонарам, бо ў Беластоцкім асяродку беларусаў не толькі захавалася, але і развіваецца з культурнай і духоўнай спадчыны тое, што змізарнела, зачахла, забылася на прасторах вялікай Бацькаўшчыны.
Сведчаннем гэтага «Ніва» — узорны беларускі грамадска-культурны тыднёвік, беларускія календары, альманах «Белавежа», кнігі розных аўтараў. На вялікі жаль, у нас пра іх мала хто чуў і ведае, а трэба, каб і чулі, і ведалі ўсё, бо іхняя праца — гэта подзвіг. І прычыніліся да гэтага подзвігу такія постаці, як Уладзімір Станкевіч — адзін з першых старшынь Галоўнага Праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства, Георгій Валкавыцкі — першы галоўны рэдактар «Нівы», моцны гурт літаратараў: Яша Бурш, Мікалай Гайдук, Янка Дубіцкі (Ян Чыквін), Мацей Канапацкі, Пятро Ластаўка, Віктар Швед, Сакрат Яновіч. Яны заснавалі і літаратурнае аб'яднанне. Актыўна выявілі свае творчыя асобы Лявон Майсеюк, Базыль Чачуга, Вітальд Мікульскі, Мікалай Казак, Уладзімір Паўлючук, Уладзімір Юзвюк, Анатоль Хлябцэвіч, Дзмітрый Шатыловіч, Язэп Малеша, браты Янка і Андрэй Беразаўцы. У «Ніве» сказалі сваё слова Уладзімір Саўко, Васіль Баршчэўскі, Аляксандр Амільяновіч, Язэп Рыбінскі, Мікола Матэйчук, Андрэй Сошка (Вацлаў Асіповіч), Вера Ляўчук (Валкавыцкая), Зося Бусловіч, Міхась Хмялеўскі, Хведар Ільяшэвіч, Уладзімір Сасім, Мікалай Красоўскі, Сцяпан Луневіч, Мікола Базылюк (Дварэцкі), Балеслаў Манкевіч, Мацей Канапацкі, Вінцук Склубоўскі, Надзея Артымовіч, Янка Цялушэцкі, Юрка Геніюш, Яніна Чэрнякевіч, Ада Чачуга, Яўгеній Іванюк, Хведар Хлябіч, Аркадзь Ляўшук і інш. Вырасталі і мастакоўскія кадры — Васіль Літвінчук, Марыя Корсак, Уладзімір Наумюк, спявачка Ніна Свентахоўская, танцоры Ліля Гайдук і Янка Крупа, гумарыст Янка Валендзнюк, акардыяніст Янка Гарчыца, кіраўнік хору Гелена Зюлкоўская, інжынер-будаўнік і грамадскі дзеяч Кастусь Майсеня, Янка Сычэўскі, Валянціна Ласкавец і шмат іншых.
У асяродку гэтых названых і неназваных імён вырастала творчая постаць Алеся Барскага (Аляксандра Баршчэўскага). Пра яго жыццёвы і творчы лес далей і пойдзе гаворка. Традыцыйна пачну з біяграфіі, а дакладней, з таго кутка зямлі, дзе нарадзіўся будучы паэт, вучоны, педагог, прафесар, перакладчык, грамадскі дзеяч і далікатны, талерантны, сімпатычны чалавек, для якога «ў Бандарах — мой аграмадны свет». Менавіта з гэтых радкоў пачынаецца юбілейны артыкул у «Ніве» з нагоды 60-годдзя Алеся Барскага. Напісаў яго замілавана і цёпла вядомы беларускі літаратар, зямляк і суродзіч юбіляра Уладзімір Казбярук. Ён піша, што «вёска Бандары — своеасаблівы куток Беларусі з незвычайна самабытным мікракліматам — этнаграфічным і маральным» . І хоць да вайны дзеці вучыліся ў польскіх школах суседніх вёсак Рыбакі (чатыры класы) і Лука (пяты клас), але польскага уплыву не адчувалася. У Бандарах на 16 дамоў і 20 сем'яў былі паравы млын, кузня, крама, майстраваліся лыкавыя рашоты, а з конскага воласу сіты — занятак і ўмельства роду Баршчэўскіх. А яшчэ займаліся бандарствам і вясною сплавам лесу плытамі (па мясцоваму — арэлькай) па тады яшчэ паўнаводнай Нарве. Лес вёскі непасрэдна адбіваўся і на лесе яе насельніцтва, а залежаў ён «ад многіх падзей на далёкім і блізкім свеце». Улада мянялася часта. Пасля царскай Расіі ўладарылі то немцы, то палякі, то бальшавікі. Затрымаліся да 1939 г. палякі, а потым амаль на 2 гады ўсталявалася савецкая ўлада, якая змянілася фашысцкай акупацыяй да вызвалення ў 1944 г. Са жніўня гэтага ж года Бандары зноў сталі польскай тэрыторыяй, апынуўшыся за славутай «Лініяй Керзана», пра якую, заўважае Казбярук, нашы гісторыкі добра не ведаюць, а таму і гавораць няпраўду.
Менавіта вёска Бандары, якая месціцца на беразе лагоднай блакітнаводнай Нарвы і навідавоку загадкавай, казачна-маляўнічай Белавежскай пушчы, 2 лістапада 1930 г., пабагацела яшчэ на аднаго свайго сына — Аляксандра Баршчэўскага, які прыйшоў у жыццё ў звычайнай сялянскай хаце і стаў потым гонарам не толькі Бандароў, але і Беласточчыны і ўсёй Беларусі, не забыўшыся на родную хату.
Ля ціхай хаты, на галінах
Калыша птушак дуб-равеснік.
І гэта ёсць мая Айчына,
Якой спяваю свае песні.
Радаслоўная Баршчэўскіх, як і большасці беларускіх сем'яў, глыбей двух-трох каленаў не ідзе. Але і пра тыя два-тры не шмат ведаецца. Продкі былі беларусы, мажліва, з-пад этнічнага беларускага раёна, але гэтаму значэння не надавалі. Сям'я з католікаў, хоць бацькаў дзед быў хрышчаны ў царкве, а вянчаўся ў касцёле. А бацька, наадварот, быў хрышчаны у касцёле, а вянчаўся ў царкве. Вось такая сямейная хрысціянская унія. Бацька часам быў злосны, выбуховы. Алесь лічыць, што ён характарам бліжэй да бацькі, але у вострых сітуацыях свядома стараецца не паўтараць яго.
Маці выходзіла з тыповай беларускай сям'і, па прозвішчу Буйка. Лагодная, працавітая жанчына. Любіла дзяцей, сям'ю, гаспадарку. Яна і карміла ўсіх, прала, і ткала, апранала. Яна і ў агародзе, і ў полі, і на лузе. Яна і бацьку астуджвала. Род празывалі папамі. Невядома чаму. Можа, з-за барады, што насіў дзед Антон, а мо і таму, што, выязджаючы на базар з рашотамі, заўсёды напаўголаса маліўся.
Гадаваўся Шурык Баршчэўскі — гэтак ласкава называлі яго ў сям'і — у асяродку старэйшых за яго сясцёр і як наймалодшы і адзіны сын, па ўласным прызнанні, быў моцна распушчаны. Яго вельмі любілі бацькі і сёстры Люба, Мар'я, Насця і Надзея. «Бывала, уся сям'я раніцай шукала мае рэчы: нагавіцы, кашулі, боты, бо я здымаў і кідаў іх абы-куды» . Ён лічыць, што элементы хаатычнасці засталіся і дагэтуль. Не ведаю, наколькі такая самакрытычнасць апраўдваецца дзеяннямі ў хатніх абставінах. Што ж тычыцца творчых і навуковых работ, грамадскіх поглядаў і грамадскай пазіцыі, то такіх хібаў ці недахопаў я не заўважаў. Думаю, што не заўважалі іх і іншыя.
У школе вучыўся не дрэнна, але вундэркіндам не быў. «Пайшоўшы ў першы клас, — успамінае Алесь,— я часта ўцякаў з яго, і маці сілаю цягнула мяне назад» . Да верасня 1939 г. закончыў два класы паўшэхнай школы і з удзячнасцю ўспамінае Жэшатэрскіх — першых сваіх настаўнікаў, якія адкрылі яму чароўны свет кнігі. «Найбольшае ўражанне рабілі на мяне казкі: тыя, якія чытаў у школе настаўнік, а ўжо асабліва казкі пастуха Аўштоля з вёскі Шымкі». Яго прыход на радоўку да Баршчэўскіх быў сапраўдным святам, і малы чакаў гэтага моманту з вялікай нецярплівасцю. Аўштоль быў майстрам плясці з карэнняў ці лазы кошыкі і апавядаць казкі, якія давалі «тое, што сёння дае мне, — успамінае Барскі,— радыё, тэлебачанне, кніга, тэатр ці кіно» . Ён лічыць, што і паэтычную струну ў 1936 ці 1937 г. разбудзіў у ім пастух Аўштоль, а таму ўдзячная памяць зберагла яго вобраз. Як прызнаецца Алесь, яму пашанцавала на пастуха, але каб гэтак пашанцавала, то, бясспрэчна, трэба было нарадзіцца паэтам, што і здарылася ў дадзеным выпадку.
Гадаваўся юнак па ўсіх законах сялянскага жыцця. Яго далучалі да працы па гаспадарцы, і ён быў добрым памочнікам у пасільнай рабоце. Сялянскай практыкай пачаў займацца ў 11 гадоў, а ў 15 добра касіў. Акрамя гаспадаркі Баршчэўскія спрадвеку выраблялі рашоты. Гэтаму рамяству ад бацькі даволі рана навучыўся падлетак. Не было яму яшчэ і чатырнаццаці, калі бацька павёз на базар у Ялоўку яго першае рэшата. Натуральна, што сын вельмі хваляваўся. Рэшата ж было зроблена з дрэннай сыравіны і яшчэ не дасканала, і таму не мела таварнага выгляду. А вельмі ж хацелася, каб было прададзена. І прадалося. Бацька выкарыстаў арыгінальны псіхалагічны прыём, які падзейнічаў адразу. Заехаўшы на базар, ён высока падняў рэшата і крыкнуў: «Налятай на дзяшоўку!» За тавар атрымаў некалькі нямецкіх марак, бо быў гэта перыяд нямецкай акупацыі. Зрэшты, як успамінае Алесь Барскі, з яго мог бы атрымацца добры рашотнік. Традыцыйная здольнасць Баршчэўскіх на гэта рамяство для Алеся не прапала задарма. Яна пазней дала яму магчымасць прасяваць праз сіта душы і розуму складаныя жыццёвыя сітуацыі і атрымліваць прадукцыю вышэйшага гатунку на ніве паэзіі, фальклору, навукі і іншых відаў яго апантанай дзейнасці. Тады ж бацькі спадзяваліся, што ў сям'і расце будучы гаспадар, і ладавалі свае планы. Планам гэтым, аднак, не выпала ажыццявіцца. У 1949 г.— гэты год стаў пераломным ці вызначальным у жыцці Алеся — юнак пакінуў вёску і паехаў вучыцца ў Бельск Падляшскі ў сельскагаспадарчую школу. Пасля школы ён падаўся на універсітэцкія падрыхтоўчыя курсы ў Люблін. Вось як ён успамінае гэты перыяд свайго юнацкага жыцця: «Жылі мы ў семнаццаціасабовым пакоі, спалі на трохпавярховых драўляных ложках. Ложкі часта ламаліся, і бедны быў той з першага паверху, на якога ўпалі два жыхары з вышэйшых паверхаў разам з дошкамі і сеннікамі... Усе мы былі страшэннымі галадранцамі — сынамі сялян і рабочых з Беласточчыны, Любліншчыны, Кялеччыны» . У яго, як і ў большасці, была напачатку адна кашуля і адна пара шкарпэтак. Вечарамі іх даводзілася часта мыць, а нярэдка дасушваць на сабе ці пад сабою, заадно і прасуючы. Стыпендыя была мізэрная, але выручала разгрузка вагонаў ноччу. Хто хацеў «лёгкага» заробку — ішоў у медыцынскую акадэмію карміць эксперыментальныя вошы. І ўсё ж, нягледзячы на такія ўмовы, «...усе мы, — прыгадвае далей Алесь,— былі поўныя веры і энтузіязму. Горача былі ўдзячны дзяржаве і новай сістэме за тое, што дае нам магчымасць вучыцца і паступаць у вышэйшыя навуковыя ўстановы. Наогул мы ўсе ў сваіх сем'ях былі першымі асобамі, якія мелі атрымаць у будучым універсітэцкія, політэхнічныя, лекарскія дыпломы» .
Гэта былі першынцы з тых трохсот тысяч беларусаў, якія жывуць у Польшчы, і не толькі беларусаў, але і палякаў.
Закончыўшы курсы, Алесь накіраваўся на рускую філалогію Лодзінскага універсітэта, як і многія з яго асяроддзя, — у дзіравых ботах і зацыраваных нагавіцах, з патаемнымі марамі і ўздыхамі пра самы звычайны гадзіннік.
«Але жылі мы буйна. На сходах і мітынгах пагражалі сусветнаму імперыялізму, праносіліся са штандарамі і транспарантамі па вуліцах гарадоў. Верылі, што якраз мы з'яўляемся стваральнікамі новага свету і апосталамі новага ладу. Усе мы былі здольныя падпарадкаваць свае ўласныя патрэбы інтарэсам калектыву» . Пасля універсітэцкага курса Алесь паспяхова абараніў магістэрскую дысертацыю. У 1955 г. пайшоў штурмаваць навуку далей, стаўшы аспірантам. Вось што ён успамінае: «І тут наступіла нечаканае і можа найбольш лагічнае — рашыў я пісаць кандыдацкую дысертацыю не па рускай, а па беларускай літаратуры. Дайшоў да голасу кліч крыві». І дзякаваць Богу, што дайшоў гэты кліч крыві да голасу і даў беларускай літаратуры і культуры арыгінальнага паэта і даследчыка, гэтакага мажнага рупліўца — сейбіта на ніве роднай зямлі.
З 1956 г. Баршчэўскі пад кіраўніцтвам праф. Антаніны Абрэмбскай-Яблонскай працуе на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта. І з таго часу ён не ўяўляе свайго жыцця без паэзіі і без студэнтаў, для якіх з'яўляецца настаўнікам, кіраўніком, бацькам. Гэта адчуваецца ва ўзаемаадносінах абодвух бакоў. А інакш, відаць, і не можа быць, бо, як сам заяўляе: «Кантакт са студэнтамі з'яўляецца маім надзённым хлебам». З 1975 г. Баршчэўскі ўзначальвае кафедру беларускай філалогіі. Дзякуючы вялікаму аўтарытэту пры досыць неспрыяльных абставінах, якія склаліся ў 1980—1981 гг., студэнты і большасць выкладчыкаў выказалі яму тайным галасаваннем свой давер і не дазволілі кіраўніцтву вызваліць ад пасады загадчыка. Пазіцыя ж гранічна ясная: «...кожны са студэнтаў і навуковых супрацоўнікаў павінен лічыць сябе місіянерам беларускага аддзялення, якое чакае шчырых беларускіх рук і сэрцаў», — заяўляе ён у адным з артыкулаў у рубрыцы «На мяжы» з цыкла «Ад пачуцця сораму да пачуцця гонару» .
Аўтарытэт Алеся Барскага (Аляксандра Баршчэўскага) вырас у адметную і значную з'яву на глебе беларускай літаратуры, культуры і навукі, што і дало права грамадскасці абраць яго членам праўлення Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, віцэ-прэзідэнтам асацыяцыі фалькларыстаў Беларусі. Ён быў многагадовым старшынёю праўлення літаратурнага аб'яднання «Белавежа», з'яўляецца членам рады згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», з 1984 г. — старшынёю праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства.
Не сакрэт, што ў вельмі значнай, калі не поўнай ступені творчы і грамадскі поспех мужчыны залежыць ад жонкі, вядома, у тым выпадку, калі яна падзяляе з мужам і радасці, і засмучэнні, і ўсё, што называецца жыццём. Амельян Ніна, Нінця — гэтак ласкава называе Алесь сваю спадарожніцу — сталася яму і жонкай, і сябрам. Тым больш што навуковыя і педагагічныя інтарэсы сям'і супадаюць. Яна — кандыдат філалагічных навук, займаецца мовазнаўствам і працуе поруч з загадчыкам кафедры. Алесь гаворыць, што паходзіць яна з тыповай беларускай прыпушчанскай вёскі Козлікі, з лагоднай сялянскай сям'і. На падворку бацькоў ажно два бусліныя гнязды — птушкі добра адчуваюць людскасць. Успамінаецца такі выпадак: аднойчы з гнязда вывалілася бусляня. Ніна падабрала яго, выхадзіла, выкарміла і выгадавала. Бусел стаў свойскім, баяліся, што восенню не паляціць са сваімі, бо не было лятацкай практыкі, але паляцеў і развітваўся з жалем. І дома гаспадыня ўмее ўсё. Нешта шые, перашывае на машыне. Чалавек яна цярплівы, ціхі, спакойны і дасціпны. Гутару з Алесем і адчуваю, што Нінця для яго — адна з тых важнейшых крыніц, якія жывяць душу паэта і напаўняюць яе творчай энергіяй.
Пра навуковы патэнцыял Аляксандра Баршчэўскага сведчаць яго фундаментальныя даследаванні, кнігі, артыкулы. Сярод іх магістэрская — 1955 г.; кандыдацкая дысертацыя на тэму: «Творчасць Якуба Коласа (1906—1930)» — 1966 г.; доктарская дысертацыя на тэму: «Беларуская абраднасць і фальклор Усходняй Беласточчыны» — 1986 г.; больш чым два дзесяткі навуковых прац, апублікаваных у зборніках, часопісах, у перыядычным друку Варшавы, Беластока, Мінска, Лодзі, Кракава, Лондана, Нью-Йорка. У школах карыстаюцца хрэстаматыямі па беларускай літаратуры для VIII (1967) і VII класаў (1974), складзенымі разам з В. Шведам. Студэнты карыстаюцца кнігамі «Гісторыя беларускай літаратуры. Фальклор» (1976), «Гісторыя беларускай літаратуры перыяду Кіеўскай Русі і Вялікага княства Літоўскага» (1981) і інш.
Баршчэўскі напісаў шмат рэцэнзій, навукова-папулярных артыкулаў, выдаў зборнік перакладной літаратуры з беларускай і рускай на польскую і з польскай на беларускую мовы, з украінскай на беларускую. Апублікаваў цыкл навукова-папулярных прац «Беларускі фальклор» (каля 100 частак) на старонках «Нівы» 1984—1987 гг.). Ён прымае актыўны ўдзел у навуковых канферэнцыях, чытае лекцыі па пытаннях беларускай літаратуры па запрашэнні універсітэтаў (Нью-Йорк, Лондан, Мінск, Гродна). Ведаюць яго і як навуковага кіраўніка дактарантаў Тамаша Е. Бірда з ЗША («Роля «Нашай Нівы» ў развіцці беларускай літаратуры»), Вольгі Дзяшко з Беларусі («Мастацкая літаратура на старонках заходнебеларускай прэсы»), магістэрскімі працамі, якіх налічваецца больш за 240.
Асоба вучонага фарміравалася на глебе даўніх беларуска-польскіх сувязей. Ён пільна сочыць за развіццём гэтых сувязей, сам бярэ ўдзел у такой важнай справе, пра што сведчыць артыкул «Беларуска-польскае культурнае супрацоўніцтва на працягу дваццаці год існавання Народнай Польшчы» , напісаны ў 1965 г. і прымеркаваны да дзён польскай культуры ў Беларусі. А. Баршчэўскі паслядоўна і дасведчана апавядае пра вытокі беларуска-польскіх сувязей з гістарычных пазіцый. Яшчэ ў першай палове XIX ст. праявіўся інтарэс да беларускай культуры на глебе вывучэння багатага беларускага фальклору польскімі і беларуска-польскімі пісьменнікамі. Пачынальнікам быў Адам Міцкевіч, у якога і «Дзяды», і фантастыка «Балад і рамансаў», і «Пан Тадэвуш» крынічаць Беларуссю, яе фальклорам.
Звяртаецца ўвага на гэтую сувязь у творчасці пазнейшых пакаленняў пісьменнікаў, такіх, як В. Дунін-Марцінкевіч, У. Сыракомля, Э. Ажэшка, К. Каліноўскі, Я. Купала.
Чытаем мы і пра непрыхільныя адносіны польскага буржуазнага ўрада да Савецкага Саюза, і аб прыгнёце Заходняй Беларусі. Але прыязныя пачуцці паміж беларускім і польскім народамі паспрыялі перакладу ў нас на беларускую мову многіх твораў А. Міцкевіча і іншых польскіх пісьменнікаў.
Пасля другой сусветнай вайны гэтыя сувязі ўзмацніліся і не толькі на літаратурнай глебе. З польскай на беларускую і з беларускай на польскую мовы перакладаліся дзесяткі мастацкіх твораў шматлікіх пісьменнікаў. Святкаваліся юбілеі польскіх пісьменнікаў на Беларусі і беларускіх у Польшчы. Ажывіліся гэтыя сувязі і на глебе супрацоўніцтва вучоных Польшчы і Беларусі, асабліва пасля 1956 г. Практычна гэты двухбаковы абмен быў амаль ва ўсіх важнейшых галінах жыцця і звязаны з прозвішчамі дзесяткаў і дзесяткаў вучоных. Не менш плённым было супрацоўніцтва ў галіне культуры і мастацтва, звязанае з імёнамі Э. Цюкшы, Р. Шырмы, Г. Цітовіча, Г. Чэрны-Стэфанскай і выступлениямі Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Купалы ў Польшчы і польскіх калектываў «Мазоўшы», «Шлёнск» на Беларусі.
У асобе Аляксандра Баршчэўскага выяўляецца прынцыповы, глыбока дасведчаны даследчык. Нават на прыкладзе адной яго работы «Ігнат Дварчанін — даследнік нашаніўскай літаратуры» можна пераканацца ў высокіх здольнасцях вучонага. Зразумець абгрунтаванасць яго высноў, убачыць уменне весці палеміку, заставацца бескампрамісным у прынцыповых пытаннях. І разам з тым быць праўдзівым у ацэнках, добразычлівым у адносінах да іншых навукоўцаў.
Аляксандр Баршчэўскі, рэалізуючы пастаўленую перад сабой даследчую задачу, праводзіць бліскучы аналіз «Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры (ад 1905 году)» I. Дварчаніна.
Так, пасля сціслага паведамлення пра Ігната Дварчаніна як палітычнага і культурнага заходнебеларускага дзеяча ён звяртаецца да яго літаратурных і навуковых прац, Што ж тычыцца «Хрэстаматыі», то яна не страціла сваёй актуальнасці і вучэбнай каштоўнасці і сёння. Ёю і цяпер карыстаюцца студэнты і супрацоўнікі кафедры Беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта. «Кніга Дварчаніна напоўнена вялікай колькасцю фактаў, звязаных з галоўнымі прадстаўнікамі беларускай паэзіі і прозы нашаніўскага перыяду» .
Аўтар артыкула пагаджаецца з I. Дварчаніным у тым, што «Наша Ніва» вырашала не толькі чыста літаратурныя праблемы, але і многае іншае, што датычыла беларускага нацыянальнага жыцця. У цэлым пагадзіўшыся з характарыстыкай дзейнасці «Нашай Нівы», з яе найважнейшымі накірункамі, А. Баршчэўскі доказна запярэчыў сцвярджэнню, што тыднёвік «сканцэнтраваў вакол сябе ўсіх свядомых беларусаў» . Такое не магло адбыцца таму, «што ў момант узнікнення тыднёвіка, а таксама ў першы перыяд яго дзейнасці беларуская нацыянальная свядомасць як масавая з'ява па сутнасці не існавала...
Кантакт з шырокімі коламі беларусаў быў для «Нашай Нівы» вельмі цяжкі. Справа ў тым, што да першай сусветнай вайны не было ў Беларусі беларускіх школ. Вынік такога стану рэчаў просты — беларусы не ўмелі чытаць па-беларуску» . А. Баршчэўскі апелюе ў гэтым пытанні да Максіма Багдановіча: «Беларуская інтэлігенцыя не існавала і трэба было яе стварыць. Гадавальніцай для яе стала «Наша Ніва»...
Для многіх тысяч людзей «Наша Ніва» была першай крыніцай ведаў, першай прачытанай імі газетай, газетай, .вольнай ад дзяржаўнага уплыву, газетай, якая звярталася да іх зразумелай мовай» .
Не згаджаецца А. Баршчэўскі з I. Дварчаніным і адносна таго, «што публіцыстыка «Нашай Нівы» мела песімістычны слязлівы характар» . Сваю нязгоду пацвярджае доказамі і з захапленнем адзначае правільнасць думкі складальніка «Хрэстаматыі» пра патрыятычнасць газеты, якая падаецца супярэчлівай да раней выказанага, але супадае з думкамі пра ролю «Нашай Нівы» яе галоўнага ідыёлага Івана Луцкевіча: «Важнаю адзнакаю «Нашае Нівы» быў яе глыбокі патрыятызм. Любоў да бацькаўшчыны ставілася перад усім. Хацелася ажывіць цэлы край у сучаснасці, адрадзіць яго колішнюю славу, уваскрасіць тую мову, якая была калісь ува ўрадах, а цяпер засталася толькі між простага народу» .
Далей А. Баршчэўскі адзначае: «Творчасць Яна Баршчэўскага, Яна Чачота і часткова творчасць Вінцука Дуніна-Марцінкевіча развівалася ў перыяд польскага рамантызму, а творчасць Францішка Багушэвіча (Мацея Бурачка) і Янкі Лучыны (Яна Неслухоўскага) прыпала на перыяд польскага пазітывізму. Факт гэты мае для нашых разважанняў істотнае значэнне. Паказвае ён беспадстаўнасць спробаў Дварчаніна ў тым месцы, дзе ён стараецца паміж рамантычна-народніцкім і рэалістычна-народніцкім кірункамі змясціць творчасць тыповых нашаніўцаў Ядвігіна Ш., Каруся Каганца, Альберта Паўловіча — пісьменнікаў, якія пісалі на пачатку XX, а не ў палове XIX стагоддзя» .
Тым не менш даследчык заключае: «Нягледзячы на ўсё, «Хрэстаматыя» заслугоўвае найвышэйшай ацэнкі як кніга, якая ўзнікла ў выніку літаратуразнаўчых зацікаўленняў I. Дварчаніна і яго асветніцкай пасіі» . А. Баршчэўскі заслугоўвае пахвалы і павагі за глыбокі разгляд «Хрэстаматыі» і творчасці самога I. Дварчаніна.
Прафесійны ўзровень вучонага добра бачны і па іншых яго навуковых працах і даследаваннях. Возьмем адно з іх — «Нашаніўская пара. Янка Купала». У гэтай рабоце адчуваецца глыбіня разумення паэзіі Янкі Купалы і крытычны падыход да яе. Аналізуючы купалаўскія вершы на польскай мове, А. Баршчэўскі прыходзіць да высновы, што: «Сялянская постаць у польскіх вершах Купалы хутчэй нагадвае манекен і матэрыяльнае ўбоства, чым чалавечую асобу, для якой характэрны і эмацыянальнасць і разважлівасць, акрэсленыя погляды, імкненні і прынцыпы» . Але адносна «Жалейкі» Янкі Купалы выступае актыўным абаронцам, слушна заяўляючы, што «ў гэтым зборніку знаходзяцца вершы з разнастайнай тэматыкай і не менш разнастайнай архітэктонікай. І хоць «Жалейка» была паклонам беларускаму сялу і формай абароны беларускага селяніна, а «мужыцкая нядоля — гэта адзін з лейтматываў зборніка», усё ж у «Жалейцы» выяўляецца «разнаколерная мазаіка беларускай рэчаіснасці». Даследчык не пагаджаецца з думкаю, «што Купала ў «Жалейцы» толькі фіксаваў праявы ўпадку і цемры беларуса», ён знаходзіць, што «паэт паказваў чысціню і прагнасць яго душы і клікаў яго да самавызвалення» .
Алесь Барскі актыўна, ахвотна і самаахвярна траціць энергію няўрымслівай душы ў шмат якіх накірунках і сферах сённяшняга рэальнага жыцця. У яго асобе шчасліва ўжываюцца вопытны і таленавіты журналіст, фалькларыст, грамадскі дзеяч, філосаф і гаспадар, які ведае цану полю, лугу і аддае ім сваю павагу, клопат, розум і фізічную сілу селяніна.
Але галоўным сваім прызваннем і працай Алесь Барскі лічыць паэзію, якой шчыра, сардэчна і добрасумленна служыць, можна сказаць, усё сваё свядомае ад юнацкае пары жыццё. Акрамя шматлікіх вершаў, змешчаных на старонках «Нівы», альманаха «Белавежа», «Беларускага календара», іншых перыядычных выданняў, ён выдаў паэтычныя зборнікі «Беларускія матывы» (1962, Беласток), «Жнівень слоў» (1968, Мінск), «Мой бераг» (1975, Мінск), «Блізкасць далёкага» (1983, Беласток), «Лірычны пульс» (1987, Мінск).
У гэтых зборніках — яго душа, светапогляд, жаданні, імкненні, развагі, сумненні. Тут яго песня і оды каханню, радзіме, бацькам, Бандарам, сябрам, пушчанскаму наваколлю, Белавежскай пушчы і сусвету. Праўда, сам Барскі трактуе ўласную паэзію не як песню, а як форму абавязку пер ад Айчынай, маючы на ўвазе, што тэта шы-рэй. У нейкай ступені з гэтым трэба пагадзіцца.
Пачатак паэтычнай творчасці Барскага прыпадае на палову 40-х гадоў. У 1945 ці 1946 г. прачытаў ён у нейкай польскай газеце інфармацыю пра паэтычны конкурс. Загарэўшыся жаданнем удзельнічаць у ім, Барскі напісаў некалькі дзесяткаў вершаў, паслаў іх на адрас газеты і з юнацкім нецярпеннем чакаў адказу. Але адрас быў падпісаны невыразна, і вершы, паблукаўшы па краіне, вярнуліся назад. Гэтай тэхнічнай няўдачай і патушыўся першы паэтычны запал — друкавацца. Афіцыйным творчым дэбютам стаў 1958 г. На старонках тыднёвіка «Ніва» былі надрукаваны першыя вершы Аляксандра Баршчэўскага пад псеўданімам «Алесь Барскі». Ён вырашыў застрахавацца ад насмешнікаў, калі вершы ўспрымуцца як няўдалыя, і не рызыкнуў падпісаць іх сваім прозвішчам, а сканструяваў псеўданім, выкінуўшы склад «шчэў». Але дэбют быў удалым. «Ніва», а потым і іншыя выданні ў Польшчы, Беларусі падтрымалі малады талент, які вырас у арыгінальнага і смелага паэта. Так, смелага, бо Барскі на глебе ведання польскай паэзіі пераносіць навацыі ў тканіну беларускага слова і ў сэнсе формы, і ў сэнсе рытмікі, рыфмікі. Усё гэта разам можна назваць свежым струменем, адметнасцю творчай манеры паэта. А калі гаварыць пра ўзаемаўплыў і ўзаемаўздзеянне беларускай і польскай паэзіі, то творы Алеся Барскага ў гэтым накірунку можна лічыць узорнымі.
Барскі як паэт шматтэмны і шатпраблемны, а карацей сказаць — поліфанічны. Усе пяць зборнікаў маюць сваё паэтычнае аблічча. У іх шмат арыгінальных і цікавых знаходак. Розняцца яны паэтычным настроем, рытмікай, мелодыкай, тэматыкай. А ў цэлым яны кроўная радня; галоўным героем гэтых зборнікаў з'яўляецца лірычная асоба, якая, падобна жытнёваму і пшанічнаму коласу, падобна Пушчы, вырасла на Беласточчыне, увабраўшы ў сваё сэрца, у сваю душу і зямлю, і неба малой радзімы. І яго выслоўі-сцвярджэнні «У Бандарах — мой агромністы свет!» — не поза паэта. Гэта яго жыццё. Ён сапраўды «з зямлёю роднаю ў вечным ладзе». А гэты лад дзеля вялікай мэты, бо «наша шчасце — у шчасці ўсёй Беларусі!» Дзеля гэтае святыні паэт і жыве:
Лёс пакіне нас там, дзе ён толькі захоча.
Але хай ён аслепіць сытым усім вочы.
Калі схочуць яны ці з бяды, ці з раскошы
Прамяняць родны край на хвалу ці на грошы.
Родны край, родная зямля, радзіма — гэтыя паняцці ў паэзіі Алеся Барскага, можна сказаць, скразныя. Імі напоўнена душа лірычнага героя. Яшчэ на паўвяковым юбілеі Алеся Барскага вядомы даследчык славянскіх літаратур, дацэнт, доктар Фларыян Няўважны, аналізуючы паэтычны набытак, адзначае творчыя поспехі аўтара. Даследуючы асобу лірычнага героя, Ф. Няўважны гаворыць пра яго як «поўнасцю арыгінальнага і незалежнага чалавека», для якога «розум і пачуццё аднолькава вартасныя элементы...» і для якога праблема «малой айчыны» паступова перарастае ў праблему «вялікай айчыны». Падтрымліваючы доказнае сцвярджэнне Ф. Няўважнага, Віктар Рудчык заўважае: «Такую ж падвойную айчыну носіць у сваім сэрцы амаль кожны беларус, пражываючы ў Польшчы, кожны аўтар беларускіх літаратурных тэкстаў». Трэба зазначыць, што тэма «вялікай айчыны» для паэтаў, якія жывуць за яе межамі, з'яўляецца найбольш абвостранай і пачуццёвай, а, магчыма, у нейкім сэнсе і настальгічнай. У А. Барскага тэма Радзімы гучыць і ў тэксце і ў падтэксце шмат якіх вершаў. У адным з іх ён піша:
Супольная радасць — Радзіма
У жыце псалмы і оды,
У жыце — Іерусалімы,
сімфоніі і рапсодыі.
І феерверкі валошак,
І мёдадайныя вікі.
Хто ж на свеце
як ты вялікі?
Тут радасць і боль адначасны,
пчаліныя яды і мёды,
цалуецца цёмнае з ясным.
Радзіма — балада і ода.
У другім вершы чытаем:
Краю мой родны,
прыгожы і ціхі.
Дала табе дзіўную долю планета.
Хапае ў цябе
і раскошы і ліха...
Паэт пацвярджае сваёй паэзіяй і тое, што радзіма — балада і ода, і тое, што хапае ў ёй і раскошы і ліха.
Міхась Шаховіч у юбілейным артыкуле да 50-годдзя з дня нараджэння А. Барскага «Хто знае трывогу сяўбы, той ведае жнівы раскошу...» заўважае, што «дзіцячыя перажыванні, вобразы навакольнага краявіду, сны глыбока запусцілі карэнні сваёй прыгажосці ва ўражлівае сэрца будучага паэта. І вершы — гэта свайго роду рэха дзяцінства» . Думка слушная, але ў паэта Барскага ўсё куды глыбей, бо вершы — гэта Божы дар (як сказаў У. Казбярук, «Алесь Барскі — паэт з ласкі Божай»), які праз жыццё і змаганне мацнее, сталее і мудрэе, люструючы вопыт паэта, яго погляды, біццё неспакойнага сэрца, пастаянны клопат пра нацыянальнае і агульначалавечае. У гэтым сэнсе найбольш змястоўным з'яўляецца апошні зборнік «Лірычны пульс» з невялікім да яго, але талковым уступным артыкулам Уладзіміра Гніламёдава «Свеце мой шырокі...» Зборнік адкрываецца вершам «Маці» з раздзела «З зямлёю роднаю у вечным ладзе». Гэта, па сутнасці, — ключ да ўсяго цыкла. Твар маці для паэта быў сонцам, ветразем, небам, хлебам і песняй. Усім гэтым для яго з'яўляецца і родная зямля.
Мне цяжка жыць без тваёй мовы,
Без залацістае пшаніцы,
Без мёдадайнай канюшыны,
Без грамабойнай навальніцы,
Без белавежскае дзяўчыны.
Зямля «росціць колас, як неба, высокі, нібы гімн праспяваны палеткам шырокім». Верш-балада «Колас» апавядае пра непарыўную повязь жыцця, якая нараджае ўсё, і паэзію ў тым ліку, бо тут і паэт — колас, і людзі — калоссі.
Калі ты пры мне ёсць,
дык няма пры мне бедаў,
Пражыву без сталіц, пражыву без Еўропы,
Але як без калосся пражыць земляробу?!
Паэт спавядаецца коласу, ён прызнаецца, што і песня паэтава з несмяротных каранёў коласа, і беларуская ніва, айчыннае поле таксама з яго, коласавай, ласкі. Паэт жаліцца гордаму коласу, што:
Мы чужое хваліць, а свае апаганіць
Так умеем, як іншы ніхто не ўмее.
Дык з табой нас ніколі не кіне надзея.
Калі расціць хлеб, то праца навучыць шанаваць свае. Для паэта Колас — гэта гімн, віцязь грузінскі, танцорка-індуска, і брат, і сын, і вяшчун, і продак, і бацька, і дзед, і лекар вечны.
А святыняй мы лічым бацькоўскае поле,
Толькі ў працы на ім —
наша шчасце і воля,
З зямлёю роднай расстацца
нас ніхто не прымусіць,
Наша шчасце — у шчасці усёй Беларусі!
Гэта ўжо «вялікая радзіма». Яна пастаянна жыве ў сэрцы паэта. І не проста жыве...
І толькі ў табе,
Зялёны родны краю,
Мой лес і шчасце.
І толькі ў табе
Я горача жадаю
Знайсціся і прапасці.
У вершы «Каравай» высвечваецца гістарычнае мінулае роднай зямлі, згубная дзейнасць модных прышэльцаў-гаспадароў, тытанічная працавітасць і барацьба народа за волю і родную мову ў межах сваёй айчыны. Увогуле тэма «вялікай радзімы», як можна ўжо было пераканацца, скразная ў паэзіі Алеся Барскага. А папярэднічае ёй, з'яўляецца як бы фундаментам тэма «малой радзімы», тэма родных Бандароў:
Я толькі на роднай зямлі
Станаўлюся свабодным.
Выключна ў сваіх Бандарах
Да сонца й зямлі
Дастаю адначасна рукамі.
Або:
Мае Афіны тут —
Назваў іх Бандарамі.
Ці:
А неба ў Бандарах,
Найбольшае на свеце.
.....................................
У Бандарах —
Мой аграмадный свет:
Мае Амерыкі,
Сібіры
І Сахары.
Я волат там...
Заўважым, што Бандары знаходзяцца:
У салаўінай краіне —
У Белавежы.
Менавіта тут з галінкі яловай, з азёраў сініх, з інею, з саломы пшанічнай, з песні крынічнай, з бур навальнічных, з цішы вячэрняй стварыў Бог і Белавежанку, гераіню гэтай зямлі, своеасаблівы вянок Айчыны («Белавежанка»).
Паэт жыве родным краем. Яму часта хочацца вярнуцца ў сваё дзяцінства і юнацтва:
З крыніцы памяці маёй
Плывуць чаўны дзяцінства.
Паэт помніць, як:
Сярод дрэў — гаманлівых багоў —
Я рабіў свае першыя крокі.
З маткай крок,
З бацькам крок
I далей...
Ласкай маці і сонцам сагрэты.
Вершы напоўнены душэўнай цеплынёй і непасрэднасцю ўражанняў. Акаляючая прырода — жывая істота. Назіраючы за роднай прыродай, жывучы ў яе асяроддзі, паэту хочацца:
Звязаць зямлю з блакітам
І быць такім зямным,
І быць такім паднебным,
Хмяліць зямлю зялёнай акавітай,
І ў свята быць патрэбным,
І ў будзень быць патрэбным.
Паэт удала карыстаецца прыёмам супрацьпастаўлення:
Банальная — непаўторная,
Гераічная — труслівая,
Шчырая — фальшывая,
Крыклівая — нямая,
Добрая — злая,
Журботная — вясёлая,
Мімалётная — вечная —
Твая і мая ўласнасць —
Сляза.
Нельга не пагадзіцца і з такім сцверджаннем:
І чым мы больш спяшаемся ў жыцці,
Дык тым хутчэй з жыцця адыдзем.
Справядліва і тое, што:
Да эпохі бацькоў —
Мы з пагардай заўсёды —
З сентыментам і культам...
Але са свайго жыццёвага вопыту паэт ведае:
Так заўсёды на свеце:
«Сыны нас асудзяць,
Апраўдаюць унукі».
У вершы «Праз сон сівы...» сцвярджаецца, што калі ў чалавека добры настрой, то і яго «старасць маладзее». Здорава заўважана.
Сярод асноўных тэм, а магчыма, і галоўнай у творчасці Алеся Барскага з'яўляецца тэма кахання. Паэт ведае цану гэтаму святому пачуццю. Умеў і ўмее кахаць. Яго сэрца пяе гімны каханню, бо:
Твой дотык,
Да цела майго —
Гэта дотык крэсіва
Да краменя.
Датыкнешся —
І я адзываюся іскрай.
Або:
З твае рукі
Бяру я промні
і вышываю імі
сваю дарогу.
Каханне мае надзвычайную сілу, і паэт сцвярджае:
Каханне,
Ты цудатворнасць,
У хлеб ператворыш камень.
І белым сумленне чорнае
Пад тваім дотыкам стане...
Паэт Барскі — вялікі патрыёт роднага. Сапраўдны сын краіны паэзіі, а слова ў гэтым краі — галоўны герой. Таму ён і заяўляе:
Мая паэзія — мой абавязак
Перад зямлёю і перад родным словам...
....................................................................
І толькі ў мове роднай я шчаслівы,
І толькі ў мове роднай буду вечны.
Спрактыкаваны майстра шырока карыстаецца багатым арсеналам паэтычнага майстэрства. У яго вершах шмат залацінак, накшталт жнівень — саламяная кантата; кропляй сонца пчала капнула ў кветку; мне крыўдна за красу зямлі, што паклююць акопы воспай; зноў беланогі снег пабег за прыгуменне; і грэюць сосны плечы голыя; беглі вятры, кульгаючы па травах; быль цалавалася з казкай і шмат іншых.
Паэтычны ўзлёт і поспех Алеся Барскага невыпадковы. Яшчэ ў 1962 г. «Беларускі каляндар» пра яго пісаў: «Гэта паэт, які знайшоў тэму і стыль. Вершы яго характарызуюцца добрай мастацкай апрацоўкай, сугучнасцю і меладычнасцю. Тэматыка вершаў Барскага разнастайная: тут тэма бацькаўшчыны, тэма мастацтва, тэма прыроды. Але найбольш кранае паэта адвечная тэма —каханне. Прыгажосць кахання спалучаецца ў Барскага з прыгажосцю прыроды, красы, Прырода дапамагае аўтару выказаць думкі, пачуцці, пажаданні. Вершы Барскага захапляюць слухача лірызмам, таму яны і карыстаюцца заслужаным поспехам» .
Набыўшы вопыт у суровай школе жыцця, паэт дзеліцца ім з маладымі творцамі. Ён, як ужо адзначалася, доўгі час быў старшынёй літаратурнага аб'яднання «Белавежа». Вось некалькі вытрымак з яго крытычнага артыкула «Літаратурныя дасягненні і літаратурныя заданні» пра творчасць маладых: «Зразумела, што ў творчых пошуках кожны можа свабодна выбіраць такую тэматыку, якая найпаўней адказвае схільнасцям яго характару, яго густам, яго ўнутраным патрэбам і яго творчай манеры. Пры гэтым, аднак, мы не можам не лічыцца з канкрэтнымі палітычна-грамадскімі ўмовамі, у якіх жывем і на патрэбы якіх кожны з нас павінен аддаць частку свайго таленту, частку сваёй працы, частку свайго сэрца...
Думаю, што галоўным нашым заданнем павінна быць ілюстрацыя сацыяльнага побыту беларусаў у Польшчы. Творы нашы павінны даносіць да чытача акрэсленыя палітычныя і грамадскія ідэі. Ідэі новага павінны запанаваць у нашых творах поўнасцю. Зразумела, што мы далей павінны апісваць прыроду. Прыроды нельга аддзяліць ад быцця народа. Па майму суб'ектыўнаму перакананню, у нашых вершах, апавяданнях, нарысах і публіцыстыцы павінны мацней загучаць белавежскія матывы...
Аднак нават паэту нельга глядзець на_жыццё выключна з вышыні месяца і праз прызму сакавітых рос. Нямнога можна забачыць, не глыбока можна ўнікнуць у справы людскіх клопатаў, радасцей і імкненняў, карыстаючыся акулярамі з жоўтых асенніх лістоў. Час ужо скіраваць нашы творчыя пошукі ў бок грамадскіх праблем, у бок сучаснасці.
Творчасць наша мусіць праявіць грамадскую актыўнасць, у другім выпадку страціць сэнс свайго існавання. Думаю, што адкрыццё зялёнага святла для сацыяльнай і нацыянальнай праблематыкі ў нашых творах з'яўляецца адным з найбольш актуальных заданняў.
Заўсёды мусім памятаць аб тым, для каго пішам, а пішам, як вядома, выключна для людзей. Няма нічога больш індывідуальнага, як літаратурны твор, але няма нічога больш грамадскага, як літаратурны твор» .
Паэтычная ўдача не пакідае Алеся Барскага яшчэ і вось чаму: «Горад, — прызнаецца паэт, — завалодаў толькі маёй фізічнай субстанцыяй, але ніколькі духоўнай». І верыцца ў сказанае ім:
Каб мог жыццё пачаць аднова,
пачаў бы ад касы і плуга,
зямлі астаўся б шчырым другам...
У яго паэзіі ўвасоблена душа земляроба, душа вясковага чалавека, але з разуменнем горада — душа інтэлігента і сына сваёй зямлі з марамі, імкненнямі, роспаччу, радасцю, спадзяваннямі і надзеямі на лепшае, весялейшае, скажам так, — людскае жыццё. Яго паэзія — гэта любоў і каханне, гэта — ветразь і паходня:
І каб заўсёды мог
З сумленнем чыстым
Сказаць Айчыне:
— Тваім сынам верным быў,
хаця не стаў
Бетховенам ці Лістам.
Але затое стаў Алесем Барскім, які жыве Айчынаю, спявае, як можа, ёй свае песні, радуецца і тужыць разам з ёю, імкнецца «не забыць і не аддаць нікому слядоў матчыных ног і слоў з легенд старых» («Каб не забыць»). Ён да гэтага заклікае ўсіх беларусаў, і не толькі беларусаў.
Пра гэта сведчыць і яго аб'ёмная, надзвычай разнатэмная публіцыстыка.
На.старонках «Нівы» шмат гадоў сістэматычна друкуюцца над агульнай рубрыкай «На мяжы» цыклы рэпартажаў пісьменніка, як, скажам, «Амерыканскія былі», публіцыстычных артыкулаў «Ад пачуцця сораму да пачуцця гонару», нарысы, успаміны, эсэ. Гэтыя публікацыі сведчаць пра надзвычай шырокае кола інтарэсаў аўтара, пра яго глыбокае веданне жыцця людскога. Яны гавораць пра Алеся Барскага і Аляксандра Баршчэўскага як палітыка, філосафа, грамадзяніна, вытанчанага інтэлігента. У яго вострае вока назіральніка, уменне сканцэнтраваць сваю думку на галоўным. Чытаеш, скажам, рэпартажы «Амерыканскія былі», і разам з аўтарам суперажываеш, пазнаеш шмат цікавага і значнага. Ён умее цаніць людзей за тое, што і яму дорага. «Сустракаліся з амерыканскімі, беларусамі, хваляваннем і ўдзячнасцю я думаю аб тых, што, нягледзячы на дзесяткі гадоў і тысячы кіламетраў, захавалі ў сэрцы любоў да святога — гэта значыць да Радзімы. Пры нагодзе з агідай думаў аб тых беларусах, а такіх у нас нямала, якія, жывучы на роднай зямлі, зрабіліся рэнегатамі і чужынцамі. Няма нічога прыгажэйшага, чым вернасць да роднага ў чалавека, які жыве на чужыне, і няма нічога больш агіднага, чым нізкапаклонства да чужога ў чалавека, які жыве на радзіме» . Адзначыўшы гэтыя асаблівасці, ён прыходзіць да наступнай высновы: «На жаль, рэнегацтва — гэта тавар, які мы, беларусы, можам у неабмежаваных колькасцях экспартаваць ва ўсе краіны свету». Пярэчыць гэтаму таксама, на жаль, не выпадае. Разам са сваімі ўражаннямі і захапленнямі ён шмат паведамляе каштоўнай інфармацыі, як, скажам, пра Нью-Йоркскую публічную бібліятэку, пра беларускі і «Полацак», пра мастака Мірановіча, пра вадаспад Ніягара, пра Міхася Міцкевіча — роднага брата Якуба Коласа, пра Луцкевічаў, Данчыка і многае іншае.
Яго шматгадовая рубрыка «На мяжы» вырасла ў вялікую цікавую кнігу з ахопам самых разнастайных тэм і праблем культурнага, палітычнага, сацыяльнага характару._
Але найбольш важнай тэмай усё ж з'яўляецца тэма беларускага пытання. Яна вар'іруецца перыядычна і асвятляецца з розных бакоў. Каб упэўніцца ў гэтым, варта пачытаць нарыс «Аб самабічаванні», які пачынаецца так: «У натуры чалавека існуе схільнасць да годнасці з тае рацыі, што ён чалавек і што ён належыць да акрэсленай нацыі. Як гэта справа выглядае ў нас? Пакуль што спадарожнічае нам задавальненне з тае рацыі, што мы беларусы. Не толькі пакінула гордасць, але ў нашы сэрцы ўсяліўся сорам ад нашай беларускасці» . Справядлівасць сказанага відавочная.
Прасякнуты клопатам пра будучыню беларусаў у Польшчы зварот «Да родных», у якім аналізуецца новая палітычная сітуацыя пачатку 90-х гадоў і ставяцца задачы для дзеяння, каб выжыць. Адна з такіх — «захаваць і замацаваць усё тое, што стварылі папярэднікі, — вось наша задача і наш абавязак перад сваёй нацыяй, перад чалавецтвам і перад сваім сумленнем». Пісьменнік заяўляе: «Вялікі свет прыроды таму, што складаецца з моўных, культурных, нацыянальных, этнічных разнароднасцяў. Адна з гэтых прыгожых разнароднасцяў у свеце —беларусы» . Ён выступае за родную мову, бароніць яе: «Памятайце, аднак, што ратунак роднага станецца немагчымым без выратавання фундаментаў беларускай нацыянальнасці — мовы» .
А вось да якой высновы прыходзіць Алесь Барскі ў артыкуле «Аб талерантнасці». «Чалавек, які напаўняе сваё сэрца нянавісцю і пагардай да чалавека іншай нацыянальнасці, іншай веры ці іншых палітычных перакананняў, належыць да істот, заслугоўваючых якраз на нянавісць і пагарду. І такая асоба. ў ніякім выпадку не можа атаясамлівацца не толькі з ідэяй Бога, але з істотай чалавека» .
Пісьменніка хвалюе вельмі многае. Вось некалькі загалоўкаў яго артыкулаў і цыклаў: «Аб цэпе і сярпе», «Аб маторах прагрэсу», «Аб паспешлівасці», «Аб абавязках і магчымасцях», «Аб маладых і старых», «Аб крыллях», «Аб імёнах», «Аб народнай сіле», «Беларускі фальклор», «Аб нейлонах, бетонах і душы», «Аб невядомых палякам беларусах», «Аб інтэлігенцыі», «Аб дабрабыце і дабраце», «Аб духоўнай мізэрнасці», «Аб цане папулярнасці», «Аб родным». Апошні з артыкулаў спавядальнага характару. Пісьменнік гаворыць: «Лёс хацеў, каб нарадзіўся я на беластоцкай зямлі і каб пайшоў праз жыццё беларусам. Беласточчына, ты і толькі ты наша незаменная вечная Радзіма. І нідзе на свеце, дзе ўдалося мне пабываць, — ні ў Францыі, ні ў Германіі, ні ў Амерыцы, ні ў Англіі, ні ў далёкім Сібіры не гарыць такім зялёным полымем маёвая зелень, не міргаюць так залётна зоркі, не шалеюць так салаўі, не ўміраюць у такой цудоўнай агоніі кастрычніцкія бярозавыя дубровы і пералескі» .
Шмат цікавых назіранняў сустракаем у цыклах «Аб нявыкарыстаных шанцах», «Аб прамінанні» і асабліва «Аб дзяржаўнасці і нацыянальнасці». Тут гаворка ідзе пра вельмі важнае — пра тое, што нямала беларусаў многіх вёсак Беласточчыны... сваю духоўную апустошанасць лічаць поўняй, а сваё найбольшае паражэнне перамогай» . Такіх беларусаў, дарэчы, шмат і ў самой Беларусі, якія іншых вучаць беларускасці, а сваіх дзяцей гэтаму не вучаць. Ёсць шмат і такіх, якія выбралі беларускую філалогію ці беларускае мастацтва, а на практыцы карыстаюцца, праўда, у адрозненне ад беластоцкіх беларусаў не польскай, а рускай моваю. Пісьменнік прыходзіць да цікавага назірання. Ён лічыць, што «асвета забівае нацыянальную свядомасць. Чыноўнік служыць ці па-руску, ці па-польску» . А такія, як Ян Чачот, Вінцук Дунін-Марцінкевіч, Ян Баршчэўскі, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч, Янка Лучына і яшчэ некаторыя людзі, былі па сваім паходжанні «беларусамі, па выхаванню палякамі, а па дзяржаўнай прыналежнасці рускімі» .
З цікавасцю чытаецца цыкл «Ад пачуцця сораму да пачуцця гонару». У ім галоўнай праблемай, якая трывожыць пісьменніка, з'яўляецца праблема нацыянальнай годнасці. Ён з горыччу заяўляе, што «...беларусы — гэта народ, які выразна не хоча быць народам». Падстаў для такога горкага заключэння, на жаль, сёння дастаткова. Гледзячы, як робіцца ў іншых, ён заклікае: «Мы, беларусы, павінны вучыцца ад палякаў гарачай прывязанасці да роднай культуры і роднай нацыі». І зноў з горыччу: «... забітасць і зняволенасць беларускага грамадства дайшла да такой ступені, што не мае ён (беларускі народ.— Я. А.) пакуль што не толькі пачуцця нацыянальнага гонару, але і пачуцця беларускага сораму» .
Надзвычай арыгінальны цыкл «Паўторнасць непаўторнага». У ім змешчана больш чым шэсцьсот мудраслоўяў, афарызмаў, афарыстычных выразаў. Вось некалькі з іх: «Калі чую словы: беларускі нацыяналізм — шукаю лупу або бягу да мікраскопа»; «Чужую геніяльнасць часта прымаем за глупства, а свае глупства — за геніяльнасць»; «Мір — гэта антракт паміж спектаклямі войнаў»; «Трываласць яго прынцыпаў абапіралася на зменлівасць настрояў начальніка»; «Той, хто добразычліва выслухоўвае глупства, не менш вінаваты, чым той, хто іх выказвае»; «Цяжка стаць справядлівым, стаўшы моцным»; «Страўнікі грамадзян могуць расказаць найбольш аб тым, што знаходзіцца ў галовах дзяржаўных дзеячаў»; «Бяда, калі чалавек думае да паловы, а выказваецца да канца»; «Галоўным ворагам нявольніка з'яўляецца яго страх, а не прыгнятальнік» і інш.
Прайшоўшы нялёгкі жыццёвы шлях, зведаўшы жыццё ў твар, пісьменнік заяўляе, што калі б на пачатку гэтага шляху яму было прапанавана жыццё без клопатаў, без працы, жыццё, абсыпанае грашыма, або жыццё ахвярнае, працавітае, безграшовае, то тады ён выбіраў бы першае. Але каб адбыўся паварот жыцця і зноў яму ўсё гэта было прапанавана, то з сённяшніх пазіцый ён «выбраў бы жыццё цяжкае, бо, толькі перамагаючы цяжкасці, даецца чалавеку здольнасць адчуваць шчасце». Хочацца, каб Алесь Барскі — Аляксандр Баршчэўскі да канца сваіх дзён быў шчаслівым.
