МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

“Мне песня дадзена для мукі” ( Штрыхі да творчага партрэта Масея Сяднёва) // Культура і адукацыя беларускага замежжа

Аўтар: Савік Лідзія
Кнiга: Культура і адукацыя беларускага замежжа. 'НАВУКА I ТЭХНІКА'. Мінск. 1993.
Год: 1993
Краiна: Беларусь
Крыніца: Бібліятэка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына": http://lib.zbsb.org/
Лідзія Савік

«МНЕ ПЕСНЯ ДАДЗЕНА ДЛЯ МУКІ...»

(Штрыхі да творчага партрэта Масея Сяднёва)

Ад сына твайго, што не здрадзіў табе,

Што з імем тваім непахісна стаяў, як стаю,

Прымі ў тваёй цяжкай, святой барацьбе

Ад шчырага сэрца прызнанасць маю...

МАСЕЙ СЯДНЁЎ

Беларускае пісьменніцкае замежжа — амаль невядомая для нас зямля... І адкрыццём для айчыннага чытача з'яўляюцца сёння вершы, паэмы, раманы Масея Сяднёва — аднаго з найбольш таленавітых прадстаўнікоў беларускай пісьменніцкай эміграцыі. Яго кнігі паэзіі «Патушаныя зоры» (1975), «Ачышчэнне агнём» (1985), «А часу больш, чым вечнасць» (1989), раманы «Раман Корзюк» (1985), «І той дзень надыйшоў» (1987), якія ён падараваў нашай Нацыянальнай бібліятэцы ў час свайго наведвання Беларусі ў траўні 1990 г., уведзены ў адкрыты фонд і іх легальна ўжо можна прачытаць.

Як цяжка ўсведамляць, што мы наогул былі пазбаўлены магчымасці своечасова знаёміцца з лепшымі дасягненнямі творчага, філасофскага, паэтычнага мыслення, рабіць іх сваім духоўным набыткам, не кажучы пра хараство роднага слова, якое столькі год гучыць за межамі Бацькаўшчыны. Няма патрэбы ідэалізаваць эмігранцкую літаратуру, яна вымагае аб'ектыўнага вывучэння і аналізу. Яе здабыткі, вядома ж, не могуць пераважыць зробленае пісьменнікамі на радзіме, але несумненна, што беларуская літаратура з уключэннем у яе працэс многіх недазволеных раней імён стане нашмат багацейшая. Размова ідзе аб вяртанні рэпрэсіраваных, замоўчаных, выгнанніцкіх твораў — усяго значнага, таленавітага — свайму народу, Бацькаўшчыне, аб згуртаванасці беларусаў свету, духоўнай саборнасці нацыі, пастаўленай на грань выжывання.

Не думаю, што творчасць М. Сяднёва можа паказацца не сучаснай, не захопіць чытача святлом простай чалавечнасці, хоць сам паэт сумняваецца: «Ну што каму да твайго слова?.. Не патрабуем тонкіх мы тваіх сугуччаў, час іншы ў нашых душах дрэмле...»

Праз усё, што створана Сяднёвым, праходзіць нязменны матыў адданасці і любові да матчынай мовы, роднай зямлі, якая была такой няласкавай да паэта («Як мне цябе, радзіма, не хапала! Якою я згараў журбой!»). Здаецца, ён усім сваім жыццём і творчасцю выпакутаваў права спытаць: «Суродзічы мае... Ды голас мой пачуеце вы, шчыры і адданы?» І права быць пачутым.

Паэзія М. Сяднёва прываблівае перш за ўсё нацыянальнымі, чыста беларускімі тэмамі, крынічнай мовай, высокімі пачуццямі, звязанымі з тугой па Радзіме. Яе лірычны герой — сціплы, адкрыты чалавек, з па-сапраўднаму беларускім цярплівым характарам, безаглядна ўлюбёны ў далёкі, але дарагі і незабыўны край бацькоў. У творах М. Сяднёва, напоўненых высокім эмацыянальным напалам, пераліваюцца блізкія беларускаму сэрцу перазвоны традыцыйнай паэзіі. Шмат у іх аўтабіяграфічнага, асабіста перажытага, што найбольш пераконвае ў праўдзівасці кніг, прасякнутых увагай да звычайнага чалавека. Аўтабіяграфізм, аднак, успрымаецца ў шырокім сэнсе — не толькі як асноўныя вехі жыццёвага шляху, але і глыбока мастацкае, эстэтычнае самавыяўленне духоўнага свету. Тут сапраўды не паэт, а яго біяграфія піша сваёй рукой гісторыю лірычнага героя. Але паэт заўсёды больш цэласны і значны, чым яго біяграфія, таму што ён — гэта цэлы свет — радасць і смутак, шчасце і трагедыя, гармонія і супярэчнасць. I ніхто не скажа пра паэта больш і лепш, чым ён сам у сваіх творах.

Творы М. Сяднёва не ўспрымаюцца без разумення яго складанага жыццёвага лесу, насычанага драматычнымі падзеямі. Сялянскі сын з глыбіннай Магілёўшчыны, студэнт Мінскага Вышэйшага педінстытута, таленавіты паэт, вершы якога ў 30-я гады пачалі друкавацца на старонках «ЛіМа», «Полымя рэвалюцыі», «Савецкай Беларусь, «Чырвонай змены», «Беларускай работніцы і_сялянкі», у альманаху «Аднагодкі», узрастаў, як і многія нашы паэты, сярод прыгажосці беларускай прыроды, свету, што вабіў «адзінствам хараства», дзе ён, натхнёны мілагучнасцю роднага слова, пачаў «спяваць хвалу сонцу, вясне, дажджу і грому», вясковаму маленству, адчуваў бясконцасць жыцця, дарог, першых юначых захапленняў, студэнцкай дружбы, трапяткую далучанасць да вялікай літаратуры, радасць ад сустрэч з Я. Купалам, Я. Коласам, З. Бядулем, К. Чорным, творчасцю якіх шчыра захапляўся.

Раннія вершы М. Сяднёва — «Вашай песні» (прысвечаны Я. Коласу і прачытаны аўтарам у прысутнасці знакамітага пісьменніка), «Максіму Горкаму— Чалавеку», «Пад дажджом», «Набяру я з крыніцы халоднай вады», «Пастушка», «Жаданне», «Сосны», «Снегапад», «Маленства», «Каханнем называецца яно» і інш. — былі надрукаваны і заўважаны літаратурнай грамадскасцю, што акрыліла маладога паэта, надало яму сілы, творчага імпэту, добрых спадзяванняў. («Поўнілася сэрца маё песняй і не ведаў, дзе я — на зямлі ці ў храме...»)

Адчувалася на першапачатковым этапе вучоба ў Я. Купалы і асабліва ў М. Багдановіча. Станаўленне творчай індывідуальнасці М. Сяднёва адбывалася на асваенні акаляючага жыцця, пра якое ён гаварыў мовай пачуццяў. Вершы прасякнуты непазбыўным лірычным настроем, аптымізмам, уменнем маладога аўтара бачыць нябёсы і на зямлі, пошукам тых «слоў-зярнятак», якія б маглі перадаць «суладдзе песень». Верш паэта, па яго ўласнаму вызначэнню, «тугі, нацэлены і порсткі», кранаў душу чытача адухоўленасцю, нацыянальным каларытам, трапна знойдзеным народным выразам, багаццем роднага слова. Аўтар ужо мог прызнацца самому сабе: «Скарб я маю багаты, ён завецца доляй паэта...»

Вось за гэты скарб паэт і паплаціўся. Яго, як і многіх іншых пісьменнікаў, прадстаўнікоў таленавітай моладзі, рэпрэсіравалі ў кастрычніку 1936 г., абвінаваціўшы ў нацдэмаўшчыне і ў тым, што распаўсюджваў «упадніцкія творы Пушчы і «Матчын дар» Алеся Гаруна».

Пачаліся змрочныя турэмныя дні, допыты, перасыльныя лагеры, Калыма — этапы, па якіх М. Сяднёў ішоў разам з Мікулічам, З. Астапенкам, С. Дарожным, С. Знаёмым, М. Багуном, С. Баранавых, У. Клішэвічам, Т. Лебядой, Я. Скрыганам, А. Звонакам, У. Хадыкам і іншымі нявольнікамі. У яго паэзіі гэты перыяд атрымаў назву «Патушаныя зоры».

Просіцца песня на волю —

У неспазнаны шчэ свет.

Песня мая, ты не мучайся болей —

Волі не мае твой ціхі паэт...

Вершы гэтага цыкла набываюць зусім іншую эмацыянальную танальнасць, іншыя фарбы — у адрозненне ад узнёслых лірычных матываў тых, што пісаліся «на досвітку». Нават загалоўкі вершаў гавораць пра цяжкія пачуцці, адчуванні, якія перажываў зняволены паэт: «Жах», «Уночы», «Жудка. Цемень мне сэрца гняце», «Затуманеная даль», «Здрайцам», «Правадыр на трыбуне», «На развітанне», «У камеры», «Горы над Байкалам», «Байкал», «Крывавы цар». Радкі многіх з іх складваліся ў памяці падчас знаходжання ў Мінскай турме, Новасібірску, пры пераездзе ў закратаваных вагонах паўз Байкал, на пераплаве ў Ахоцкім моры па дарозе на Калыму, у жудасных умовах Калымы. І хоць гучаць словы роспачы, страху, развітання, чуваць адгалоскі сентыментальнай турэмнай паэзіі («Турма. Як бляск вар'яцкіх воч, у вокнах б'ецца жах», «не заляцець табе птушкай за краты», «у жыцці я першы раз падумаў, што зямля — вялікая ад страху», «не хочацца жыць, а памерці — шчэ болей», «чырвоны ліст жыцця апаў», «таварышы, гуляйце без мяне», «у няволі сярод чужых памірае патомак ваш», «я скуты ў цёмным сутарэнні», «як зачыніліся за мною дзверы турмы, душой як занямог, усей сардэчнай сілай верыць я стаў, што ёсць на свеце Бог»), аднак скрозь іх прабіваюцца радкі надзеі, у якіх сцвярджаюцца чалавечая годнасць, вера ў лепшую долю: «Родныя, не плачце пры ўспаміне — не загіне ваш бяздомны сын: я прыду з далёкае чужыны, змучаны выгнаннем, на спачын. Утаю я сэрца свайго раны, абаб'ю з адзення пыл дарог. Усхвалёваны душою стану на даўно пакінуты парог» («Маім бацьком»).

Звяртаючыся да сваёй песні-музы, якую ён складае, «згасаючы ў нямой цішы», паэт і ў няволі застаецца паэтам, вершы клічуць яго «ў мінулае адплыць, упіцца хмельнасцяй юнацтва. Завуць спакусліва яшчэ пажыць хвілінамі кахання і мастацтва». Яны дапамагалі яму замест турмы зайсці «у ціхасць Белавежы», «хадзіць, забыўшы ўсё, па росах», знайсці «заспакаенне ад хаосу зямнога», вярнуцца да «таемных вобразаў». «Захапіўся песняй я сваёю, падкаваў я рыфмай чарадзейку. Толькі ж грымнула над галавою:— Згінеш ты, Масей, ні за капейку. Я ў няволі. Маці, мая маці, ну нашто дала ты мне жалейку?..» — спускаецца з чароўных паэтычных нябёсаў паэт-нявольнік. Глыбокія перажыванні раскрываюцца ў формах балюча падкрэсленага кантрасту. Радасць жыцця абрываецца цяжкай рэчаіснасцю. Тут не толькі вобразы-сімвалы — самі рыфмы ствараюць два светы: свабода і няволя, сутыкненне трагічнага і жыццярадаснага. Лірыка гэтага часу напоўнена горкім смуткам і трагізмам. Паэт бачыць сваю безабаронную музу, якая «ад мукі стаіць, пакорлівая, на двары і ззаду звязаныя рукі», адчувае, што яго верш «ахрып на цэменце ў каземаце», «хруснуў касцьмі», аднак нішто не можа адняць паэтычны дар, прымусіць маўчаць яго песню. Праўда пачуццяў, жорсткая праўда рэчаіснасці, абумоўленая ўнутранай свабодай, гучыць у вершах, якія ўзнікалі па гарачых слядах страшных падзей таго часу.

Дармо: хоць білі у цішы

і пхалі нанач у задуху—

не выбілі з яе душы

і песеннага духу.

Ці йна была на Калыме,

ці ў камеры вільготнай, цеснай,

ці смерць была ў яе наўме —

яна была заўсёды песняй.

І менавіта нязломленая песня, у якой «па радкох, нібы па жылах, кроў гарачая хадзіла», дала магчымасць паэту ўсклікнуць:

Пярунамі біце, словы,

і душу маю ўзбунтуйце,

каб гарэла і спявала

яна, стомленасць забыўшы!

Пазней М. Сяднёў успамінаў: «Я жыў паэзіяй, паэзія давала мне крылы, глушыла боль... Як, дарэчы, і ў сталінскіх турмах, на Калыме. Каб, здаецца, не вершы — не жыў бы...»

Можа, за гэты паэтычны дар лес быў літасцівы да М. Сяднёва?. Прывезены з Калымы ў Мінск напярэдадні вайны на паўторнае следства, ён атрымаў неспадзяваную свабоду... дзякуючы вайне. (Нямецкія самалёты бамбілі Мінск, дарогу на ўсход, па якой гналі калону зняволеных, ішло шмат бежанцаў.) І гэта вызваленне ён вітаў «сваіх радкоў лірычнейшым салютам» («Вызваленне»). Вярнуўшыся да бацькоў у вёску Мокрае, М. Сяднёў (дарэчы, яго лес, як характэрная з'ява таго часу, паслужыў жыццёвай асновай для мастацкага ўвасаблення вобраза рэпрэсіраванага сына Зазыбы — Масея ў трылогіі I. Чыгрынава) ніякага ўдзелу ні з якога боку ў вайне не прымаў. А ў 1944 г. вымушаны быў эмігрыраваць, апасаючыся за сваё жыццё. Пісаў увесь час вершы, друкаваў, дзе толькі мог, у тым ліку і ў такіх беларускіх выданнях, як часопіс «Новы шлях», газетах «Раніца», «Новая дарога», «Беларускі работнік». Быў падрыхтаваны да друку зборнік вершаў, які, аднак, згарэў пры пажары. Невялікія зборнікі выходзілі ў Рэгенсбургу («У акіяне ночы», 1946), Мюнхене («Спадзяванні», 1948), у пераможанай намі Германіі, дзе М. Сяднёў жыў у першыя эмігранцкія гады. Гэты перыяд знайшоў сваё адлюстраванне ў цыкле вершаў «На маршрутах».

Ёсць пэўная двухсэнсоўнасць у такой жорсткай, супярэчлівай пераплеценасці чалавечага лесу і абставін. Для нас, выхаваных на догмах камандна-бюракратычнай сістэмы, перажыўшых спусташальную вайну, паўстае тут пытанне: хто яны, пакінуўшыя бацькаўшчыну, ратаваўшыя ўласныя лёсы і чалавечую годнасць? З другога боку — нельга сёння жыць па таталітарнаму мысленню: чорнае ці белае, калі не расстрэл, то помнік, калі эмігрант, то здраднік, ідэалагічны вораг — усё адназначна, і ніякія прычыны не прымаюцца пад увагу. Аднак перш чым строга спытаць, чаму выжыў, ацалеў, ці не лепей убачыць, што мог здзейсніць чалавек насуперак цяжкім абставінам, як мог захаваць жывую душу, не азлобіцца і, робячы ўступкі часу, нешта страчваючы, усё ж выконваць свой абавязак — аддаваць даніну павагі і любові Радзіме, свайму народу, прысвяціўшы яму паэтычны талент. Ды і хто, як не ён сам, высокі і строгі сабе суддзя?

Стан паэта ў гэты момант — раздвоенасць, супярэчлівыя пачуцці, балючыя пытанні («Дзве душы ў маёй душы аднэй між сабой змагаюцца бесперапынку»). Унутраны голас, быццам старонні дарадца, прамаўляе словы, якія сам ён баіцца выказаць: «Паэтам Бацькаўшчыны застанешся, хоць на свабоду Бацькаўшчыну прамяняў ты, за вызваленне ейнае загінуць баючыся» («Урывак»). Ці лягчэй стала сэрцу, што раскутая песня паэта стала вандроўнай, страціла Радзіму?

Вёрсты шлях мой далёкі пакрылі,

боль у сэрцы маім,

што гадамі насіў, не заціх.

Нібы птушка пярынкі з крылляў,

разгубляў я па свеце

самых родных і дарагіх.

Цыкл вершаў «На маршрутах» — гэта не толькі паэтычная назва, але і трапнае вызначэнне пэўнага адрэзка жыццёвага шляху М. Сяднёва — пра непрыкаянасць, бяздомнасць, цяжкі псіхалагічны настрой, адарванасць ад усяго роднага, звыклага. Ёсць у гэтым цыкле і пра вайну, якою яе бачыў, перажыў чалавек з тваёй біяграфіяй («сустракалася ўсюды вайна са мною, бачыў я і руіны з руін»). У вершах выказаны адчуванні паэта ад сустрэч з польскай, чэшскай зямлёй, з Прагай, разбомбленым Берлінам, рэйхстагам («цяжка стаяў рэйхстаг калісьці на нашай спіне»), з «Эўропай — старой дамай». І ўсюды не аддзяляе сябе ад суайчыннікаў, хоць боль і страты вайны перажываюцца больш як асабістае, а не ўсенароднае бедства.

У 1946 г. М. Сяднёў піша паэму «Мая вайна» (першапачатковая назва «На край святла») — своеасаблівы дзённік, дзе апавядаецца пра першыя дні вайны, якія заспелі яго ў Мінскай турме, вяртанне да роднай хаты («забілася сэрца птахам...»), і паэму «Цень Янкі Купалы» (цень песняра блукае па акупіраваным Мінску, бачыць жудасныя разбурэнні, павешаных на пляцы Волі...). Пазней, у цішы Глен Кова ён не раз успомніць пакутніцкую смерць маці і напіша трагічную паэму «Мікола Бугроў» (1983). Гэтыя балючыя ўражанні ад вайны глушылі напачатку тугу па родных, пакінутай Бацькаўшчыне. Але потым матывы смутку, тугі па радзіме пачынаюць прарывацца амаль у кожным вершы, жывуць у яго душы пастаянна, дзе б ён ні быў, што б ні пісаў: «Каляндар лістае месяц снежань. На маёй радзіме, пэўна, снег...»

Як адчувае сябе чалавек, які выпаў з гісторыі сваёй краіны, са звыклага асяроддзя? Ён стварае сваю асабістую гісторыю, жыве інтэнсіўным унутраным жыццём. У М. Сяднёва гэта духоўная перапоўненасць знаходзіла выйсце ў мастацкай творчасці, дзякуючы якой лес яго на чужыне з цягам часу станавіўся не такім горкім і цяжкім. І ўсё ж:

Не навучыла ты мяне, чужына,

любіць цябе за холад і цяпло.

Не быў табе я нат прыблудным сынам —

што меў раней і тое уцякло.

Але праз дзён тваіх глухую муць і шэрасць

наўчыла ты мяне, на зло драпежных зграй,

народ мой шанаваць і верыць,

любіць мацней мой родны край... («Чужына»)

Лірыка гэтага часу прасякнута ўспамінамі аб зорах маладосці, трывогай — ці прыйдзецца вярнуцца на Бацькаўшчыну, «бо што мілей выгнанніку-паэту, чым вобраз твой далёкі і блізкі»? Паэт востра адчувае свае адзіноцтва, слых яго «аглушаны чужою гаворкай», ночы цвітуць снамі аб далёкім родным краі. («Так прайшоўся я ў сне па зямлі Беларусі — гэта значыць, напэўна, я туды не вярнуся...») У вершах «Хусцінкі», «Сум», «Вечар», «Сон», «Адзіноцтва», «Відзенне Бацькаўшчыны», «Боль», «Смерць малітваў» і іншых раскрываецца светаадчуванне чалавека, для якога страта Айчыны раўназначна страце ўсяго лепшага ў жыцці, нават паэтычнага натхнення. («Для песні радок здабываю няўпэўнена, рэдка, скупа...») І толькі калі Бацькаўшчына «хлыне ў сэрца», адбываецца сапраўды цуд, сапраўды паэтычны ўзлёт.

Усё найбольш значнае, што створана М. Сяднёвым, прысвечана Беларусі, і сабраны гэтыя вершы, паэмы ў кнізе «Ачышчэнне агнём» (раздзел «Памяць»). Вершы гэтага цыкла напісаны ў 1983—1984 гг. у Глен Кове пад Нью-Йоркам, дзе сёння жыве М. Сяднёў. Яны напісаны рукой сталага, шмат перажыўшага, перадумаўшага чалавека, які ў сваёй жыццёвай уладкаванасці прызнаецца: «Калі я гэты бераг і абраў, не значыць, што забыў я іншы бераг...» («Айчына»). Нягледзячы, што ўжо шмат часу прайшло з моманту развітання з Радзімай, ён па-ранейшаму «бы з сабою ў змове, думае толькі ў сваёй роднай мове». Беларускую мову паэт збярог, па яго ўласных словах, «дзякуючы таму сумнаму факту, што амаль паўстагоддзя я не жыў на радзіме і не быў, такім чынам, падуладны працэсу асіміляцыі, працэсу дэнацыяналізацыі, які адбываўся і адбываецца цяпер у Беларусі і які ахапіў усе слаі насельніцтва, у тым ліку — _і, можа, найбольш — інтэлігенцыю. Я, так бы сказаць, вывез з сабою беларускую мову ў ейнай «чысціні», яшчэ не сапсаваную, такой, якой вывучаў яе ў школе, успрыняў ад нашых класікаў, пазнаў інтуітыўна. З такой закансерваванай, зберажонай мовай я і жыў увесь час, ёю карыстаўся, на ёй пісаў, яна была ў мяне адзіным сродкам выяўлення сябе...» І сапраўды, можа, таму выклікае моцнае пачуццё суперажывання і разумення лёс лірычнага героя ў творчасці М. Сяднёва, што раскрываецца ён беларускім словам, якому падуладныя самыя разнастайныя адценні эмацыянальнай палітры нацыі.

Цяпер на бацькаўшчыне ўжо марозы

кладуць узор на ранішнім лядку.

Падпаленыя восеняй бярозы

усцяж гараць на бальшаку...

У полі бацьку я ў падмозе,

гляджу жывёлу, бульбіны пяку.

І ўсё гляджу чамусьці, як бярозы

гараць на нашым бальшаку.

Я восеняй жыву ў трывозе,

забудуся, ды зноў кране:

падпаленыя восеняй бярозы

гараць пякучай ранай у мяне. («Восень»)

Пякучай ранай гараць яго ўспаміны пра маці, яе нястомныя рукі («Кросны»), пра бацьку і сясцёр, родную вёску. «Журботныя ў мяне матывы і згадак шмат пра Беларусь... Макранскія прыпамінаў я нівы і матчын на стале абрус...» (паэма «Беларусь»). У памяці паўстаюць вясковыя, сямейныя звычаі — як бабуля хадзіла маліцца ў Кіеў, пішацца «Сказ пра нашу кабылу», сабаку Азліка — усё тое, што за далечынёй гадоў здаецца такім незваротным і незабыўным. Ён знаходзіць асаблівую крыніцу натхнення ў дзедаўскай, бацькоўскай зямлі, сялянскай стыхіі, традыцыйным вясковым укладзе, у сваім дзяцінстве і раннім юнацтве, азораным матчынай ласкай і цеплынёй. Бацькаўшчыне нясе паэт сваю радасць і гора («табе аднэй пажалюся я горам: мне сумна, што ты ёсць, смяртэльна — што няма...»).

Вершы, прысвечаныя Беларусі, поўняцца адным пытаннем: «Нашто ж, скажы, між Захадам і Усходам вачыма сінімі ты прарасла?», у якім чуваць шматгадовая настальгія чалавека, пазбаўленага Радзімы, але ў думках ніколі яе не пакідаўшага. Ён гатовы збудаваць помнік для свайго народа:

Узняўшыся над галавою цемрашалаў,

каб ён зіхцеў із роду ў род.

Ты заслужыў і гонар і пашану

малы — вялікі мой народ.

Тваю зямлю укрылі сваім прыскам

твае пакутныя сыны.

Пагляд твой засцяць абеліскі,

Хатыні ў сэрца б'юць званы. («Помнік славы»)

Верачы ў духоўныя сілы народа, М. Сяднёў у вершы «Беларускім паэтам» сцвярджае, што «была ад веку на музыкаў і паэтаў не беднай беларуская зямля».

Таксама ведама: звялося іх нямала,

У беспрасветнай згінула начы.

Нам талентаў хіба хапала —

Не ўмелі толькі іх мы зберагчы...

Пасля вялікіх нашых заваёваў

на трон усселася мана:

паэтам засталася толькі мова,

але адмерці, кажуць, мусіць і яна...

(«Беларускім паэтам»)

Гэтыя «зямныя песні і лірычнае адтварэнне перажытага» (Ул. Глыбінны), трывога за мову, за захаванне ўсяго лепшага, таленавітага ў народзе перарастаюць у далейшай творчасці М. Сяднёва ў роздум аб жыцці наогул, лёсе чалавека ў ім, аб прызначэнні паэта і паэзіі (цыклы вершаў «Як спажытак штодзённы», «Роздум», «Слова», «На спынку»).

Адбіраючы вершы і размяшчаючы іх па цыклах з назвамі, што дакладна акрэсліваюць вехі паэтычнай, духоўнай біяграфіі, М. Сяднёў імкнецца ў аснову кожнага цыкла ўключыць найбольш вызначальныя матывы, на якіх будзе трымацца ўвага чытача і што дапаможа яму адчуць не толькі драматызм жыцця паэта, але і яго светаўспрыманне.

У паэзіі М. Сяднёва няма, дарэчы, ніякіх ідэалагічных напластаванняў, за якімі не відаць чалавека, няма «вырашэння праблем», прысвячэння нейкім зададзеным тэмам. Яна не лунае ў высокія міражы і недасягальныя для чытача пошукі незвычайнай формы і шматступенных асацыяцый, няма вычурнай метафарычнасці. Усе, пра што хоча сказаць паэт, арганічна і лёгка выцякае з яго душы. У цэнтры мастакоўскага мыслення — чалавек, перш за ўсё — уласны лес, шмат разоў апісаны ў вершах, паэмах, раманах, але быццам ні разу не паўтораны. І наказаны ён з агульначалавечых, гуманістычных пазіцый.

Паэт піша «захоплены свабодай выяўлення пра ўсё, што выспела ў маёй душы і што згаджаецца з маім сумленнем...» Гэта асноўнае яго паэтычнае крэда. Ён ідэйны ў той ступені, як ідэйны М. Багдановіч, які не прымаў той павярхоўна-тэндэнцыйнай «ідэйнасці», што не бярэ ў разлік абавязку мастацтва ўзвышаць чалавечае ў чалавеку, даваць яму адчуванне асабістай адказнасці за стан свету. М. Сяднёў арыентуецца на звычайнага чалавека, для якога важныя рэальныя каштоўнасці жыцця, а не ідэалагізаваныя догмы. Ён надзвычай патрабавальны да сябе, як да паэта, да сваёй песні, бо «я сэрца і розум ёй аддаў, сябе ўсяго і беззвароту...»

Задумваючыся над імкліва праляцеўшымі гадамі, М. Сяднёў выказвае думку— можа, лепей было б хадзіць за плугам, чым быць паэтам, не было б столькі пакут у жыцці, не зведаў бы турэмныя этапы, не страціў бы Радзіму:

Каму ўсе радасці жыцця,

лірычных песень згукі,—

не для пацехі й забыцця —

мне песня дадзена для мукі...

Паэта ахопліваюць сумненні, незадаволенасць зробленым:

Я не паэт, калі душы маёй малітваў не шэпча ў грозныя часы народ. Я не паэт, калі расчуленыя рытмы не плавяць абыякавасці лёд.

Я не паэт — не ўзнёсся я над часам,

наш век не задрамаў ў радкох маіх паэм...

Ён засмучаны сваёй звычайнасцю. І хоць да чужое славы не зайздросны, аднак яму б хацелася «так уваскроснуць, як Максім Багдановіч, Колас, Купала». І ў гэтым жаданні няма нічога ад манумента самому сабе. Проста паэту надзвычай важна прызнанне Радзімы!

Як і ў многіх беларускіх аўтараў, узлёт верша М. Сяднёва ў самым простым, звычайным:

Хочацца перш пачаць самымі простымі словамі,

кашуляй з майго пляча, шышкамі яловымі.

Бульбай і жытам густым, закаханымі яе вачыма,

тленам, хатаю і ўсім тым, без чаго жыць ніяк

немагчыма...

І найбольш гэты ўзлёт — у пачуццях, перажываннях, у «муках творчасці», праявах высокай духоўнасці, здольнай глыбока ўздзейнічаць на чалавека, адрадзіць і ўсцешыць яго душу. У вершах цыкла «Слова», якія па значнасці абагульняючай думкі роднасныя вершам пра Бацькаўшчыну, — духоўная споведзь паэта, імкненне падсумаваць зробленае, вызначыць, што прынесла людзям яго слова, які след пакінула ў іх душах. Паэта непакоіць, што слова ў наш век перастала «быць словам Божым адкрыцця», абясцэнілася, страляе маной («Хлуслівыя вусны»), стала страшней за атам. М. Сяднёў бачыць сваю задачу — «ад пустазелля ніву прапалоць, каб ажыло нанова слова як дзеянне, як адкрыццё, як плоць». Ён верыць, што час Божага натхнення, час паэтаў не мінуў. У душы цепліцца надзея, што «можа ўведаюць яны, чым жыў паэта іх нязнаны». А ён жыў «журбою чалавечай», пакутаваў, калі знікала натхненне, імкнуўся не дапусціць, каб будзённае сцірала святое ў душы, дамагаўся, каб у ёй жыло святло і прыгажосць («я хараству адданы рыцар»).

Паэт не можа зразумець так званых патрыётаў, якія не маюць уласнай пазіцыі, якія сённяшняе славяць, «да ўчарашняга павярнуўшыся спіною», не прымае пустога красамоўства, здрадніцтва, людзей без сумлення і міласэрнасці («Сябрам»). У яго «душа заходзіцца часамі па грэшных і маленькіх душах».

Здавалася, усе ўляглося з гадамі, аднак і позні роздум не вызваляе душу паэта ад адказнасці за чалавецтва, ад усведамлення ўласных цяжкіх страт, ад пакутлівай раздвоенасці, калі ўсё ёсць: і хлеб надзённы і хата цёплая, а «душа жыве, як мы, пад плотам, нацягнутая як струна, пад гнётам суму і згрызотаў пякельна мучыцца яна». Грамадзянскае, чалавечае сумленне паэта глыбока трывожыць супярэчнасці свету і асабліва тое, што чалавецтва страчвае агульную мову з прыродай, што «над светам грэшным, вінаватым запанаваў няўмольны атам». М. Сяднёў гаворыць аб хуткаплыннасці жыцця, прыгажосці свету, які не паспяваеш агледзець. Са шчырым захапленнем ён апавядае аб сваіх вандраваннях па Германіі і Італіі, натхняецца жаночым хараством, апісвае сваю палескую Лёрэляй, стварае вершы пра каханне. Паказваючы чытачу непаўторнае хараство зямлі, выходзіць на шырокі прастор — бачыць засмучаныя горы, мора, чуе скаргу хваляў, узіраецца ў акіян і неба. Адчуваючы вечнасць сусвету, шкадуе людзей, якіх «у мятусні зямной, у поце, ў мыле мы любім мёртвых болей, чым жывых».

Паэт адчувае сябе далучаным да ўсіх зямных спраў, радасцей і гора, пачынае бунтавацца акіянам, кружыцца разам з зямлёй, бачыць небяспеку нікчэмных душ, слухае песню жаўрука, заўважае, як з «бетону і каменю пачынае вылазіць вясна», звяртаецца да трыбунаў і натхнёных прарокаў, да маладых, «там, дзе мы ўпадзём без сілаў, там павінны падняцца вы», зноў сумуе па Радзіме («не зажываюць па табе ўсё раны»). Да ўсяго, асабліва да жыцця людзей, «стварэнняў міласэрных», да якіх палымнеў самай чыстай любоўю, — паэту ёсць справа. Ён моліць Бога за людзей:

Памілуй або пакарай,

ад скверны нас ачысці!

Ім не патрэбны рай —

зямлю зрабі вячыстай!

У цыкле вершаў «Прароцтва Сывілаў» М. Сяднёў звяртаецца да лёсу чалавека і чалавецтва ў Сусвеце. Прарочыцы прадказалі беды паэта, але не сказалі, як ад іх уберагчыся. М калі ў дзяцінстве ад небяспечнага агню яго аберагала маці («Жыжа»), то ў вялікім і бязлітасным жыцці яму часта падразалі крылы — быў ён на Бацькаўшчыне ці на чужыне. Упершыню ў гэтым цыкле з'яўляюцца вершы, прысвечаныя новай айчыне, хоць «іншая», бацькоўская мая, бесперастанку біла ў маё сэрца».

Я здабываў цябе за пядзяй пядзь.

Ты цвёрдаю навукаю мяне вучыла.

Не лёгка мне было цябе прыняць,

яшчэ цяжэй — назваць сваёй айчынай...

У вершы «Амерыка цягніком» паэт гаворыць пра свае ўражанні ад сустрэчы з Амерыкай («Амерыку я прапусціў і — усё праз мае вочы...»). І яму трывожна, што Нью-Йорк, прывабны і страшны, дабіраецца і туды, «дзе я жыў раней». У непрыманні звычайным чалавекам таго, што тояць у сабе агромністыя гарадскія кангламераты, выяўляецца занепакоенасць будучыняй дзяцей і ўнукаў («Адзінокая маці», «Сучасная балада»).

Ёсць у кнізе «Ачышчэнне агнём» раздзел, у якім змешчаны санеты, незвычайны для творчасці М. Сяднёва жанр. Напісаны яны ў падражанне М. Багдановічу. Некаторыя звернуты да антычнасці («Арфей», «Леда»), але і ім уласціва выразна беларуская акраса. Так, Арфей — гэта той жа Сымон-музыка, якога слухаюць абшары і «святлеюць, як ад нейкіх чараў».

Упершыню М. Сяднёў пераклаў цыкл санетаў Гётэ. Перакладаў таксама вершы Гейне, Мёрыке, Рыльке, Гарсіі Лоркі, многіх украінскіх паэтаў на беларускую мову.

У вершах апошніх гадоў (кніга «А часу больш, чым вечнасць») — водгулле пражытага паэтам жыцця, які ўвайшоў у сваю восеньскую пару. Аўтар поўніцца жаданнем:

Каб пры канцы шляхоў маіх далёкіх,

што не ўкладаюцца ні ў вёрсты і ні ў мілі,

не помнячы грахоў і крыўдаў лёгкіх,

прыхільныя багі мяне благаславілі... («Малітва»)

Ад прысвечаных роднай Беларусі лірычных вершаў філасофскага напалу да зусім даверлівага, спакойнага тону ў творах 80-х гадоў адчуваецца свая, творчай індывідуальнасці М. Сяднёва ўласцівая сістэма гармоніі. Яна выяўляецца ў суладдзі формы і эмацыянальнага, унутрана скандэнсаванага, напружанага зместу. З аднаго боку, у душы паэта па-ранейшаму «грае вячыстасць клёнаў», улюбёнасць у жыццё, трывожыць нязгасная памяць. З другога: «Хаджу павольней. Нікуды не рвуся. Мой хлеб надзённы ў мяне ёсць. Ды ўсё ў сібірскай завірусе ад холаду мая танцуе маладосць».

З вітком гадоў ступаю ўсё цяжэй,

як бы ўзбіраюся я на гару.

З вітком гадоў раблюся ўсё цішэй,

не палымнею сэрцам, не гару.

Іду, ўзбіраюся, і за спіной

Увесь набытак свой нясу.

Нічога не пакінуў за сабой —

усё узяў: няўдачы, роспач, сум...

Гэтыя гады паэта асветлены найсвяцейшым з усіх праяў — Словам. «Такая ціхасць тут і лагада ў гэтай чуйнай і малой каплічцы! Хачу тут вечнасці паклон аддаць і суму на часінку хоць пазбыцца. Успомніць тых, якіх ужо няма, пра самых блізкіх, пра сябе самога...»

З гадамі да эмацыянальнасці ў творчасці М. Сяднёва дадалося рацыянальна-аналітычнае, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці, душы чалавека. Звычайна ў лірычным вобразе спачатку выступаў вясковы юнак, студэнт, зняволены, выгнанец, а пазней — сталы чалавек, які задумваецца над пытаннем: ці так жыў? што зрабіў для Бацькаўшчыны? Жыццё, якім бы цяжкім яно ні было, дае сапраўднаму мастаку і патрэбны вопыт, і сюжэты, і неабходныя для творчасці яркія хвіліны душэўнага ўздыму. М. Сяднёў, як ужо не раз адзначалася, зведаў, што такое страх, рэпрэсіі, выгнанне, пакуты, якой яны могуць дасягнуць меры. Можа, таму яго лірычныя вершы, якія выплёскваліся з душы, — гэта цэласныя творы, якім уласціва завершанасць адлюстраванай у іх карціны жыцця, што грунтуецца на канфліктнасці пачуццяў, руху думак, абвостранасці перажыванняў.

І, магчыма, таму паэту захацелася паспрабаваць свае сілы ў прозе, дзе шырэй можна разгарнуць падзеі эпохі, больш шматбакова раскрыць унутраны свет сучасніка. Аднак проза М. Сяднёва — гэта проза паэта, што асабліва прыкметна ў глыбока асабістым, лірычным рамане «І той дзень надыйшоў». «Раман Корзюк» — таксама аўтабіяграфічны твор. І калі першы найбольш моцны ў мастацкіх адносінах, то другі цікавы сваёй інфармацыйнасцю, новым для беларускай прозы поглядам на падзеі 1937 г.

Як паэта М. Сяднёва не можа не цікавіць сучасная беларуская паэзія. Ён выступае з крытычнымі артыкуламі, у якіх разглядае творчасць П. Панчанкі, Р. Барадуліна, Я. Янішчыц, Г. Каржанеўскай, Р. Баравіковай, Т. Бондар, А. Пісьмянкова, М. Мятліцкага і іншых аўтараў («Пасталенне сучаснай беларускай паэзіі»). Ім напісаны ўспаміны пра народных песняроў «Юбілейныя сустрэчы (Зблізку ад Коласа й Купалы)», змешчаныя ў кнізе «Янка Купала і Якуб Колас» (Нью-Йорк, 1982).

Паэзія, проза, артыкулы, успаміны, пераклады М. Сяднёва даюць падставу яму сказаць: «Няхай і няшмат намі зроблена, але ж гэта таксама нейкі ручаёк, які ўвальецца ў нашу агульную раку...»


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by