|
Змест:
ПОСТАЦІ
- Школа
Мішчанчук.
«Між берагамі» (Лёс і творчасць Наталлі Арсенневай)
- Лідзія
Савік. «Мне
песня дадзена для мукі...» (Штрыхі да творчага партрэта
Масея Сяднёва)
- Яўген
Адамовіч.
Вучоны, паэт, грамадзянін (Штрыхі да творчага партрэта
Аляксандра Баршчэўскага—Алеся Барскага)
- Анатоль
Сабалеўскі.
Данчык — шлях да Беларусі
ВЫДАННІ
- Віктар
Шматаў. Нататкі мастацтвазнаўчай Скарыніяны
- Уладзімір
Мамонька. Праблемы культуры і мастацтва ў «Запісах»
- Людміла
Маленка. Дэкаратыўна-прыкладное
і выяўленчае мастацтва на старонках «Нівы»
ФАЛЬКЛОР (БЕЛАСТОЧЧЫНЫ)
Раздзел: ЧАС духоўнага ПАЯДНАННЯ
А ўсё ж, што б ні гаварылі, шырыцца, набірае моц беларускае Адраджэнне. Нягледзячы на адчайнае супраціўленне нацыянальных нігілістаў, чыноўнікаў, бюракратаў. Не зважаючы на тое, што перашкоды чыняцца ледзь не на кожным кроку.
I тым не менш. Вяртаюцца з небыцця многія слынныя імёны, якія раней ганьбаваліся ці старанна затоптваліся. Становіцца нашым духоўным набыткам іх творчая спадчына. Увогуле вяртаецца гістарычная памяць. Наладжваюцца розныя культурныя пачынанні, імпрэзы. І ўжо сёння мы значна духоўна багацейшыя, чым былі колькі гадоў назад.
Адна з выразных прыкмет нацыянальнага Адраджэння, як і яго своеасаблівасць на цяперашнім этапе, — памкненне да духоўнага яднання беларусаў свету ў незалежнасці, хто на якой адлегласці ці па які бок мяжы знаходзіцца. Раней такога не было.
Калі, скажам, уздымалася адраджэнская хваля у пачатку ХХ стагоддзя і затым шырылася ў 10-я гады, многія беларусы — працоўны люд — якраз ад'язджалі ці ўжо да гэтага ад'ехалі за мяжу. Адпраўляліся туды ў пошуках кавалка хлеба. Ім было не да нацыянальнай ідэі, цешыліся, што проста могуць выжыць. Да таго ж тады зусім не тыя былі камунікатыўныя сродкі і ўвогуле сацыяльныя ўмовы, каб мець магчымасць ладзіць моцныя, сталыя кантакты.
У 20-я гады, калі ўжо на іншым этапе развіцця грамадства і, натуральна, у іншых умовах працягваўся адраджэнскі рух, на паяднанне беларусаў рашуча адмоўны ўплыў аказвалі класавая ідэалогія ды і проста дзяржаўныя межы.
Цяперашнюю ідэю звычайна вытлумачваюць дзвюма акалічнасцямі: дэмакратызацыяй грамадства і чарнобыльскай катастрофай. Вядома, тут ёсць рацыя. Беларусы спакон веку, хіба што за выключэннем перыяду, калі мелі сваю дзяржаўнасць — Вялікае княства Літоўскае, цярпелі ўціск ад розных улад, і таму генетычна прывучаны знаходзіць любыя сродкі і формы, каб выявіць уласную нацыянальную годнасць, займець права «людзьмі звацца». І было б недарэчным і смешным не выкарыстаць з толкам і карысцю сённяшнія магчымасці. Зразумела і тое, што бяда, гора, ды такія грандыёзныя, як чарнобыльская навала, аб'ядноўваюць, не могуць не аб'ядноўваць людзей. Час брацца і моцна трымацца за рукі. Асабліва. калі на парадак дня з усей сур'ёзнасцю паўстала праблема выжывання нацыі.
Словам, дэмакратызацыя нашага жыцця і галоснасць спрыяюць паразуменню і збліжэнню людзей нашай Бацькаўшчыны, хто б дзе ні быў, а злавесны Чарнобыль рабіць гэта вельмі прыспешвае. Аднак першапрычына ўсё ж, думаецца, у нечым іншым і значна-значна большым. Сёння покліч да нашага духоўнага паяднання і супрацоўніцтва пранізвае, так бы мовіць, усю атмасферу, і было б залішне смелым і нават самаўпэўненым канкрэтна называць крыніцы, з якіх ён лучыцца. Пакінем гісторыкам высвятляць імпульсы і энергію нашых агульных памкненняў. Зрэшты, дапаможа патлумачыць і сам час.
Але не гаварыць цяпер пра такі душэўны покліч было б таксама несправядліва.
А зараз звернемся непасрэдна да навуковай галіны дзейнасці. Можна спадзявацца і верыць, што праз нейкі перыяд з'явяцца працы, у якіх грамадзянская гісторыя народа, яго духоўная, матэрыяльная культура, увогуле усе сферы жыцця і творчасці будуць даследаваны комплексна, у незалежнасці ад таго, у якой краіне ці на якім кантыненце знаходзіцца беларус. Нарэшце, займеем, так бы мовіць, цэласную, непадзельную карціну. Але яна не з'явіцца вось адразу, сама па сабе. Дзеля гэтага трэба працаваць не пакладаючы рук. Прытым менавіта аб'яднаўшы сілы. Адным словам, да жаданай мэты ў нас няпростая і доўгая дарога.
Складанасцей будзе шмат. Скажам, у Беларусі, калі мы хочам вывучыць жыццё, культуру, побыт людзей пэўнай мясцовасці, то арганізуем экспедыцыю — найлепш з большай колькасцю навукоўцаў і розных спецыялістаў — і даследуем усе гэта якраз комплексна. Такой магчымасці ў нас цяпер няма ў дачыненні да іншых краін, і нават цяжка прагназаваць, калі яна з'явіцца. Пакуль што самыя высокія душэўныя парывы глушыць «проза» жыцця — неканвертуемыя ці, як у нас гавораць, «драўляныя рублі», адсутнасць валюты ды і ўсё яшчэ няпросты выезд за мяжу. У гэтых дачыненнях у нас, як быццам і ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь, бадай, поўнасцю пануе_старая бюракратычная сістэма. Таму трэба шукаць іншыя формы і сродкі, прынамсі, напачатку давядзецца задавальняцца не такімі шырокімі, як хацелася б, размахамі і маштабамі. Неабходна збіраць усё, што ёсць пад рукамі, што ўвогуле даступна, даследаваць, абагульняць і рабіць гэта здабыткам чытачоў. Як гаворыцца, класці цагліну да цагліны, кідаць зерне за зернем. І ўжо гэтым у пэўнай меры будзем змяншаць белыя плямы ў культурным летапісе народа, якіх у нас яшчэ ўга колькі многа. І паступова наблізімся да вырашэння галоўнай задачы.
Такім бачыцца шлях, калі гаварыць пра яго ў найбольш агульных абрысах. Само сабой, могуць быць і пэўныя адхіленні, як і іншыя формы і метады. Трэба рацыянальна выкарыстоўваць усё магчымае і плённае. І рабіць гэта на сучасным узроўні мыслення. Тут маецца на ўвазе вось што.
Бадай, над усімі намі завіс вялікі груз мінулага. Ён у розныя перыяды называўся па-рознаму — і вульгарным сацыялагізмам, і проста сацыялагізаваннем, а з нядаўняга часу — ідэалагізацыяй. Гэтым вельмі хварэлі мы. Але хварэлі, мяркуючы па тых выданнях, з якімі ўдалося пазнаёміцца, і нашы замежныя суайчыннікі. Нярэдка перад усім браў верх вобраз ворага: капіталізму, імперыялізму — з аднаго боку, і бальшавізму, камунізму — з другога. Таму адны і тыя ж, скажам, творы літаратуры, мастацтва, культуры каменціраваліся і ацэньваліся з ідэалагічнага, палітычнага боку зусім па-рознаму, гледзячы па які бок дзяржаўнай мяжы адпаведна знаходзяцца і творцы, і чытачы. Можа, калі-небудзь нейкага кніжніка і зацікавіць, хто і як зачынаў варажнечу, і возьмецца ён даследаваць даную тэму. Але менавіта цяпер, думаецца, не час на гэта траціць сілы. Ды і звычайна ў даўгу ніхто ні перад кім не заставаўся.
А вось сёння доўгагадовы груз ідэалагізмаў, сацыялагізмаў, палітызмаў і іншых там «ізмаў», якія не збліжалі людзей, а толькі іх раз'ядноўвалі, мы павінны рашуча адкінуць і скіраваць сілы, намаганні дзеля вырашэння актуальных нацыянальных задач. Дзеля і ў імя Беларускага шляху. Пры безумоўным верхавенстве агульначалавечых каштоўнасцей, высокай маральнасці.
Хоць пра гэта сёння толькі лёгка гаварыць. У наш надзвычай палітызаваны час, дарэчы, у значна большай меры, чым у папярэднія перыяды, цяжка абмінуць і палітычныя праблемы. Пра гэта сведчыць і шэраг матэрыялаў, што змяшчаюцца ў дадзеным зборніку.
Усё ж ёсць надзея, што, разрахаваўшыся са сваім заідэалагізаваным мінулым, у недалёкай будучыні зоймемся, так бы мовіць, чыста навуковымі, чыста культурнымі справамі.
Што ж тычыцца вывучэння беларускага замежжа, яго духоўнай і матэрыяльнай культуры, то яно, зноў жа з-за палітычных прычын, пачалося зусім нядаўна, і час, што называецца, катастрафічна ўпушчаны. Цяпер прымаюцца пэўныя захады, каб паправіць становішча. У навуковых і навучальных установах знаходзяцца працаўнікі, утвараюцца групы, якія даследуюць гісторыю, культурныя працэсы. Сёе-тое з матэрыялаў на раней забароненую тэму з'явілася і ў друку, пакуль найбольш у перыядычным. Але робіцца гэта яшчэ не так планамерна, як спантанна, з нагоды таго ці іншага выпадку. Асабліва калі надараецца знайсці адпаведны матэрыял. Грунтоўныя, цэласныя даследаванні, улічваючы нашы магчымасці, у тым ліку і выдавецкія, мабыць, з'явяцца не так хутка.
А час не церпіць.
І таму, адчуваючы пільную патрэбу, каб духоўныя, культурныя набыткі замежных суродзічаў сталіся і нашымі набыткамі, каб зліквідоўваць прагалы на карце нацыі, выпраўляць мінулыя памылкі, дапушчаныя несправядлівасці, увогуле садзейнічаць большаму паразуменню і паяднанню народа, па нашай ініцыятыве пры Міністэрстве культуры Беларусі, якое прыняло на сябе абавязкі падтрымкі ідэі і фінансавання, у сярэдзіне 1991 года быў арганізаваны Часовы творчы калектыў па даследаванні тэмы «Духоўная і матэрыяльная культура беларускага замежжа». У яго склад увайшоў шэраг вядомых у рэспубліцы, аўтарытэтных навукоўцаў розных галін ведаў — спецыялісты па літаратуры і мове, фальклору, тэатральнаму, выяўленчаму, музычнаму мастацтву, самадзейнай творчасці.
Так, у гэтым выданні ўдзельнічаюць доктар філалагічных навук, прафесар Анатоль Фядосік, доктар мастацтвазнаўства Віктар Шматаў, кандыдаты філалагічных навук, дацэнты Яўген Адамовіч і Мікола Мішчанчук, кандыдаты філалагічных навук, члены Саюза пісьменнікаў Арсень Ліс і Лідзія Савік, кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Маленка, малады даследчык Уладзімір Мамонька. Гэта людзі вядомыя, аўтарытэтныя ў рэспубліцы, на рахунку большасці з іх сур'ёзныя, глыбокія даследаванні.
Увага нашага калектыву перш-наперш скіроўвалася на знакамітыя постаці ў беларускім замежжы, творчасць якіх ужо сёння павінна б была вывучацца школьнікамі, студэнтамі. Але для гэтага трэба пазбавіцца тых адмоўных шлейфаў, якія многія гады ім начапляліся прапагандай, неабходна разбурыць старыя стэрэатыпы, скажоныя ўяўленні. Ды ў нас пакуль і не напрацавана матэрыялаў, каб іх можна было рэкамендаваць школам, вышэйшым навучальным установам. Тое, што цяпер прапаноўваецца чытачам,— фактычна першыя спробы хоць нейкім чынам іх папоўніць.
Было вырашана пазнаёміць грамадскасць з той друкаванай прадукцыяй, якая выходзіць у беларускім замежжы. Натуральна, ахапіць усе аспекты не было магчымасці, давялося абмяжоўвацца толькі асобнымі тэмамі, асобнымі праблемамі. Але гэта зусім не выключае таго, што да іншых тэм і праблем нельга будзе звяртацца ў далейшых даследаваннях і распрацоўках. Як і ўвогуле да культурна-асветніцкіх і рэлігійных цэнтраў, якія створаны нашымі замежнымі беларусамі.
У сферу інтарэсаў Часовага творчага калектыву ўваходзіць шырокі спектр жыцця і дзейнасці суайчыннікаў. У прыватнасці, іх побыт, традыцыі, якія генетычна, па спадчыне перадаюцца новым пакаленням з Бацькаўшчыны. Цікавым будзе і тое новае, што нарадзілася на сумежжы ці ў судакрананні з іншымі культурамі. Патрэбна даследаваць мову, у пэўнай ступені закансерваваную, якая не адчувала на сабе дырэктыўнага ўздзеяння рускай. Мастацкую самадзейнасць, народную творчасць. І шмат-шмат іншых праблем. З іх у гэтым зборніку давялося абмежавацца адной з адзначаных вышэй тэм, звязанай з фальклорам. Да таго ж толькі пэўных жанраў і аднаго рэгіёна — Беласточчыны. Але ў далейшым тэматыка будзе пашырацца і, хочацца спадзявацца, узбагачацца.
У гэтай кнізе гаворка ідзе пра беларускае замежжа Злучаных Штатаў Амерыкі і Польшчы, дзе, да слова, наша дыяспара найбольш мабільная і паяднаная. У наступных жа працах, натуральна, будуць ахоплівацца і іншыя краіны.
Задум і памкненняў, як бачым, нямала. Маем таксама намер свае, няхай і сціплыя, набыткі не трымаць у шуфлядах сталоў, а як мага хутчэй даводзіць да чытачоў.
І ўжо цяпер востра адчуваем, што без супрацоўніцтва з нашымі замежнымі суайчыннікамі, калегамі, без узаемадапамогі нам будзе цяжка, а плён намаганняў станецца значна меншым. Формы ўдзелу ў працы, як і дапамогі, могуць быць самыя шырокія і разнастайныя, так бы мовіць, індывідуальныя ў кожным канкрэтным выпадку. Былі б добрыя, жыццядзейсныя намеры і здзяйсненні.
То няхай усім нам дапаможа Бог!
кіраўнік Часовага творчага калектыву
пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь,
доктар мастацтвазнаўства, прафесар
«МІЖ БЕРАГАМІ»
(Лёс і творчасць Наталлі Арсенневай)
На сучасным этапе адбываецца пераацэнка эстэтычных каштоўнасцей пад уплывам новых абставін, у атмасферы галоснасці і паступовай, хай сабе і нясмелай, дэмакратызацыі жыцця. Адкінуўшы дэмагагічныя лозунгі і заклікі, камуфляж утапічных ідэй, мы стараемся паглядзець па-новаму на літаратурны працэс ХХ ст., упісаць у яго імёны забытых і забітых мастакоў і тым самым пашырыць гарызантальныя параметры ўспрымання эстэтыкі слова. Прычым дзейнічаць у такім напрамку трэба рашуча і смела: вопыт канца 50—70-х гадоў пераконвае, што можа здарыцца, калі абмяжуешся частковым, няпоўным адкрыццём праўды, будзеш прыслухоўвацца да камандаў зверху, чакаць установак. Чым хутчэй мы дадзім грунтоўныя літаратурныя партрэты А. Мрыя і Я. Пушчы, У. Жылкі і Я. Нёманскага, З. Астапенкі і М. Багуна, тым хутчэй напішам і новую, не вульгарызаваную, не ідэалагізаваную гісторыю літаратуры. Чым больш рашуча будзем адмаўляцца ад погляду на слоўнае мастацтва як абслугу таталітарнай дзяржаўнасці, наймічку палітыкі, тым ярчэй заззяюць, як зоркі першай велічыні, на небасхіле нашай літаратуры і аповесць М. Гарэцкага «Дзве душы», і п'еса Ф. Аляхновіча «Няскончаная драма», і паэма В. Казлоўскага «Рахіль», і лірыка А. Моркаўкі ваеннага часу.
Калі прастора вывучэння «рэпрэсіраванай літаратуры» даволі шырокая і ўсё больш і больш пашыраецца ў 80-я гады, дык пра літаратуру беларускага замежжа напісана параўнальна мала. Тут акрамя кніжкі артыкулаў Б. Сачанкі «Сняцца сны аб Беларусі...» ды публікацый у перыядычным друку гэтага ж аўтара, а таксама Я. Лецкі, Л. Савік, М. Мушынскага, А. Марціновіча і некаторых іншых крытыкаў цяжка назваць яшчэ што-небудзь. Да таго ж, многія публікацыі носяць, як правіла, ідэалагізаваны характар: падвышаецца публіцыстычная, няякасная ў мастацкіх адносінах «прадукцыя» толькі за адны антыкамуністычныя ідэі. А у самым значным з напісанага (згаданая кніга Б. Сачанкі) творчасць адлучаных ад Радзімы мастакоў глыбока не аналізуецца, ацэньваецца павярхоўна. Тут яшчэ адчувальнае жаданне пісьменніка даць палітычную ацэнку паводзін людзей, якія па розных прычынах пакінулі сваю Радзіму, вынесці ім прысуд, прыклеіць ярлык здрадцаў. Вось як, напрыклад, просталінейна тлумачацца аўтарам кнігі «Сняцца сны аб Беларусі...» старонкі ваеннай біяграфіі Н. Арсенневай: «І сам Ф. Кушаль, а за ім і Н. Арсеннева ўключыліся ў супрацоўніцтва з нямецка-фашысцкімі захопнікамі — Ф. Кушаль на крыві беларускага народа даслужыўся да генерала, а Н. Арсеннева працавала ў прафашысцкай «Менскай (Беларускай) газэце»; пасля ўтварэння так званай Беларускай Цэнтральнай Рады стала «кіраўнічкай» аддзела літаратуры Беларускага культурнага згуртавання» .
Думаецца, што досыць ужо ісці ў даследаванні беларускай літаратуры толькі па гарызанталі, уводзячы ўсё новыя і новыя імёны, пашыраючы спіс прачытаных твораў, хоць гэта і неабходна. Прыйшоў час і грунтоўнага аналізу, вертыкальнага зрэзу напісанага эмігрантамі. Толькі мастацкія якасці, эстэтычная вартасць, наяўнасць агульначалавечага зместу могуць быць гарантам высокай вартасці тых ці іншых твораў. Творы ж слабыя, хай сабе і актуальныя па тэматыцы для пэўнага часу, антыўтапічныя па змесце, не павінны вывучацца манаграфічна ў школе і ў ВНУ.
Лес не галубіў і не песціў Н. Арсенневу — выдатнага майстра пейзажнай, пластычнай і суразмернай лірыкі, глыбокіх, тонкіх па псіхалагічнаму малюнку элегій, страсных, публіцыстычных одаў ваеннага часу, якімі народ заклікаўся да барацьбы супраць тыраній з Захаду і Усходу, і, нарэшце, вершаў аб прасвятленні, Ісусе Хрысце, які з'явіўся перад людзьмі ў драматычна-складаны час. Гэта быў лёс «Між берагамі», пра які паэтка сама так слаўна расказала ў аднайменным лаканічным творы-роздуме, споведзі, напісаным у 1971 г., у Рочэстэры, далёка ад Радзімы:
Няцямным немаўлём я пяты памачыла
упершыню ў кіпень ракі майго жыцця.
І вось другі ўжо бераг шэры неўпрыцям
расце перад вачмі... ЁН прыме на спачынак.
А я б — яшчэ плыла, няхай між берагамі
каменне, і віры, і дна глыбінны жвір...
Ці раз параненая імі да крыві
не паддалася ўсё ж, не пала я ў змаганні.
Рака, рака жыцця! У градаў гнеўнай пене,
у зернетах пяску на плёсах залатых,
бурлі ж павек між берагамі ты,
і ў грудзі — ўжо не мне — а змене бі па змене!
Верш праграмны. Сэнс у ім сканцэнтраваны да выбуховасці. ЁН поўны мужнага болю, але не адчаю, гордай усвядомленасці, што не здрадзіла сабе і не схілілася перад жорсткім лесам, поўным «горкай радасці», як выказаўся б з гэтай нагоды П. Панчанка.
Недаследаванасць біяграфіі паэткі савецкім літаратуразнаўствам дае нам падставы колькі слоў эскізна сказаць і пра гэта. Нарадзілася яна ў Баку, на Каўказе. 3 роду Арсенневых (генеалагічная лінія бабулькі Лермантава). У хуткім часе сям'я пераехала ў Вільню, якую Арсеннева лічыць сваёй Радзімай: «...Месцам майго нараджэння лічыцца ўлюбёная Вільня, дзе я фактычна расла й гадавалася ад першых месяцаў свайго жыцця». Тут, перад самай вайной 1914 г., яна пачала вучыцца ў гімназіі. Пасля было бежанства (1915— 1919 гг.), вяртанне ў родны горад з Яраслаўля, вучоба ў Першай Віленскай беларускай гімназіі, дзе настаўнічалі М. Гарэцкі, А. Луцкевіч, Б. Тарашкевіч, А. Смоліч і іншыя выдатныя дзеячы беларускага нацыянальнага Адраджэння. Тут, у гімназіі, Н. Арсеннева пачала пісаць вершы. Асмелілася паказаць іх славутаму пісьменніку, літаратуразнаўцу Максіму Гарэцкаму, які прачытаў іх студэнтам на вечарыне, а затым і надрукаваў у альманаху.
Восенню 1922 г. Н. Арсеннева выйшла замуж за Францішка Кушаля — члена вайсковай камісіі БНР, а пры немцах — генерала, які, па сведчанні Б. Сачанкі, прымаў удзел у карных аперацыях супраць свайго народа.
Былі ў біяграфіі паэткі 15 гадоў жыцця ў Польшчы, злавесны 1939 год, які, як піша яна сама, «паклаў канец майму спакойнаму, але аднастайнаму жыццю». Было высяленне з Вілейкі ў сталінскі ГУЛАГ у Казахстане і нечаканае вызваленне перад самай вайной. Пра гэты хуткаплынны, але ці не найбольш драматычны перыяд свайго жыцця Н. Арсеннева крыху пазней выказалася так: «Аб Казахстане пісаць вельмі няма чаго. Кожны ведае, што гэта такое... Шчаслівы выпадак хацеў, каб мы, худыя да непазнання, апаленыя начорна сухімі казахстанскімі вятрамі, вярнуліся на Бацькаўшчыну перад самай вайной, у траўні 1941 году» .
Найбольш нявысветленая ў біяграфіі Н. Арсенневай — ваенная старонка. Вышэй ужо прыводзілася ацэнка яе паводзін у акупаваным Мінску Б. Сачанкам, якая, вядома, не можа нас задаволіць як надзвычай спрошчаная і агульная. На нашу думку, паэтка ў гэты час перажывала перыяд узлёту духоўных сіл, верыла ў адраджэнне нацыі на руінах, хоць і востра адчувала трагедыю свайго народа, бачыла незлічоныя страты. Як і кожны таленавіты мастак, яна ў сваёй апантанасці была па-за палітыкай, больш цікавілася станам сваёй душы, асабістымі адчуваннямі моманту. Да таго ж людзі, не запраграмаваныя сталінскім рэжымам на таталітарны калектывізм, тады пакутліва шукалі адказу на пытанне: «Якая з дзвюх тыраній — заходняя ці ўсходняя — прынясе менш зла, спыніць нацыянальнае і маральна-духоўнае рабства?» Наталля Арсеннева не магла не перажываць тое, што з ёю здарылася ў сталінскім ГУЛАГу, не была раўнадушнай да паводзін свайго мужа, дзеянні якога наўрад ці ўхваляла. Адным словам, ва ўсіх нюансах яе светаўспрымання ваеннага часу нам яшчэ трэба ўважліва разабрацца, а не прыклейваць паэтцы ярлык «не нашай», «чужой». Вось як яна сама ацэньвае свае становішча ў пачатку вайны: «Не паспелі мы разгледзецца добра навокал, як пачалася вайна, якая ледзьве не каштавала мне жыцця, але затое й штурханула мяне да новае творчасці. І хоць і цяпер жывецца мне не надта соладка, але я маю гэтулькі працы, і мне так хочацца працаваць, што я зусім не наракаю на ваенныя цяжкасці, а, наадварот, чуюся шчасліваю, што магу нарэшце жыць, пісаць гэтулькі, колькі мне толькі хочацца» .
Наталля Арсеннева ніколі не была катам свайго народа. На яе руках няма крыві невінаватых ахвяраў. Яе ваенная біяграфія — гэта жыццяпіс спакутаванай чалавечай душы, якая шукае выйсця з трагедыйных абставін. Светаадчуванне паэткі ў суровы час вельмі блізкае да светаадчуванняў многіх савецкіх людзей, разгубленых, развучаных быць самімі сабой, прымаць неардынарнае індывідуальнае рашэнне. Акрамя гэтага, на яе светаадчуванне паўплываў востры шавіністычны ўціск з боку тых, хто хацеў вокамгненна звесці многія народы у адну дружную сям'ю. Не ўсім удавалася таму ўціску супрацьстаяць. Многія былі настолькі запалоханы, што выбіралі ...маўчанне. Але чалавек «з другога берага» Н. Арсеннева не маўчала. Смела, мужна яна дапамагала народу пачуцца народам у злавесным крывавым месіве-бойні, устаць з каленяў, захавацца і выстаяць у барацьбе за выжыванне.
Адчуванне падобнага стану, калі хочацца быць вышэй за пакуты, за нявер'е і як бы стаць над абставінамі, а таксама уменне быць прарокам на сваёй зямлі, адрозніваць вечнае ад часовага выяўляецца ў вершах паэткі ваеннай пары «Хай грыміць», «Куды?», «Усё роўна», датаваных 1942—1943 гг. У іх уражвае сама канцэпцыя ваеннага жыцця — як жыцця сярод разбурэння, разлому, бясконцых стратаў, загадкаў і рэбусаў. Н. Арсеннева мужна і сурова прызнае ўсё такім, як ёсць: дэфармаваным, зрушаным у планетарным і — больш — светавым, касмічным маштабе. Скажам, у Я. Купалы беларусы крочаць сваімі зямнымі сцежкамі адваёўваць права «людзьмі звацца» («А хто там ідзе?»). У Н. Арсенневай жа беларусы — «сыны зямлі, сыны сусвету» — выйшлі за межы зямных прастораў «і з прагнасцю дзікой» імкнуцца сцвердзіць вечную ісціну пра сэнс існавання, пра сакрэт жыцця і тым самым перамагчы бяду, тугу, нейкую спрадвечную наканаванасць. I толькі затым ужо, усім разам «пад адзін патрапіць крыж» («Куды?»).
Наталля Арсеннева пашырае прасторавыя абсягі паэзіі. Так, выпраўляючы беларусаў у далёкую касмічную вандроўку, яна як бы ўдакладніла свайго папярэдніка Купалу, працягнула яго размову пра шлях людзей як пра агульначалавечы шлях, давёўшы, што акрамя зямной праблемы нацыянальнага самавызначэння нашаму народу наканаваны яшчэ і іншыя, не менш важныя клопаты: дазнацца адказу на філасофскія пытанні вечнага і часовага, спасцігнуць ісціну ў яе вытокавым і выніковым значэнні.
Верш «Куды?» — пра цяжкасці пошуку сэнсу. Невыпадковыя ў гэтай сувязі радкі: «Паверце, й кон, і чар няўлоўных, дзіўных мэтаў— адно Калумбава яйко».
Ёсць і яшчэ адзін варыянт адказу на пытанне, згаданае вышэй. Паэтка спакутаванай, збалелай свядомасцю прызнае нявечнасць такіх паняццяў, як «вайна» і «мір», «драма» і «радасць», і ўзвышае над імі паняцці «мастацкая творчасць», «беларускае слова». Трэба было ад многага абстрагавацца, забыцца на канкрэтныя факты і эпізоды тагачаснага жыцця, на кроў і смерць і паверыць у тое, што не бралі ў разлік акупанты ўсіх часоў і розных рангаў,— у магічную сілу слова, выказанага, напісанага, занатаванага.
Для таго каб пазбегнуць рытарызму і дэкларатыўнасці, Н. Арсеннева ў вершы «Хай грыміць» разгортвае шырокі метафарычны малюнак, стварае паўнакроўную карціну ворыва, сяўбы, жніва. Выходзіць на скрываўленае поле плуг «раны заворваць», збіраюцца на ім аратыя і жнеі. І вось ужо спеюць беларускія словы — «жывыя каласы». Верш заканчваецца надзвычай ёмістымі шматсэнсавымі радкамі:
У палёх, узарапых нарогамі танкаў,
беларускага слова падбіраем жніво.
Дарэчы, нібы паўтараючы паэтку-эмігрантку, Максім Танк назаве сваю пакуль што самую новую па часе кнігу лірыкі шматзначна—«Збор калосся» і правядзе такую ж, як і яна, аналогію паміж сяўбой — жнівом селяніна і сяўбой — жнівом калоссяў — слоў мастака. М. Танк таксама аддае перавагу гэтай велічнай місіі паэта-сейбіта перад усімі іншымі, увекавечвае яе.
Менавіта ў гады вайны мацнела вера Н. Арсенневай не толькі ў свой народ, але і ў роднае слова. Яна стала паратункам для паэткі і вылілася ў адточаныя радкі, атрымала надземны, касмічны характар. І ніякія віхуры-бураломы не маглі скрышыць нязгаснай веры у карыснасць, у велічнасць яе сяўбы-жніва. Верш «У дажынкі» якраз пра гэта. З эпіграфам «А ў нас сёння дажыначкі» паводле народнай песні. Верш восеньскі і не восеньскі. Сумны і светлы. Элегічны і адычны. Зямны і касмічны. Апісальны і медытатыўны. З вельмі трапнымі мастацкімі дэталямі. Але мяркуйце самі, што гэта за твор:
Цалуе сонца шэры камень
туманных вуліц... Восень зноў.
Яшчэ раз рупнымі рукамі
мы дажынковы вяжам сноп.
Яшчэ раз хмелем родных песняў
мы наліваем чары сэрц.
Хай свет вакол,
як лета, чэзне,
а жыць мы будзем пакрысе.
(Курсіў наш.— М. М.)
Раз-пораз Арсеннева занатоўвае працэс цяжкога нараджэння веры ў Слова і Мастацтва ў сваёй душы. Ад прызнання да непрызнання яе важнасці — часам адзін крок, паўкрока. Верш 1944 г. «Уночы» пачынаецца са сцвярджэнняў: «Не слова сягоння, а куля парадак вядзе ў нас»; «Паэт лепшы той, хто туліць гранату ў руках...» І можна было закончыць твор на падобнай трывожнай ноце. Можна было абмежавацца канстатацыяй сваёй слабасці, бясілля трымаць, як іншыя, у руках гранату. Але і ў гэтым, бадай адным з самых трагедыйных, вершы Н. Арсеннева застаецца верная сабе — пераадольвае часовую слабасць, разломвае скарынку лёду, каб не згасіць святло веры ў душы ў недарэмнасць, водгульнасць мастацкай творчасці:
А ўсё ж,
як ніхто не бачыць,
ледзь ноч начапляе зор
на неба,— лірычным плачам
зноў плача маё пяро.
Н. Арсеннева ў гады вайны прайшла як бы праз падвоеныя ў параўнанні з іншымі мастакамі пакуты, абумоўленыя адчуваннем трагедыі не толькі беларускага народа, а чалавецтва ў цэлым і плюс да гэтага — непаўнацэннасці зробленага ёю падчас нядоўгага жыцця ў роднай Беларусі. Яна не верыць ні бальшавікам-камісарам, ні фашыстам-гестапаўцам. І тут яе пазіцыя аказваецца блізкай да пазіцыі Ларысы Геніюш.
Цяпер Н. Арсеннева знаходзіцца ў Злучаных Штатах Амерыкі. У палітычным жыцці ўдзелу не прымае.
Думаецца, што вельмі правільна вызначыў своеасаблівасць і адметнасць жыццёвага шляху Н. Арсенневай вядомы беларускі літаратуразнавец-эмігрант, укладальнік і аўтар прадмовы да зборніка яе выбраных твораў «Між берагамі» Антон Адамовіч. ЁН адзначае, што жыццё паэткі — пяціэтапная эміграцыя: 1915—1919, 1922—1939, 1940—1941, 1945 гг. і надалей. І нягледзячы на такое становішча, якое не назавеш інакш, як кашмарным, паэтка жыла, верыла, не страчвала надзеі на святлейшы дзень, дзень адраджэння нацыі, народа: «Ды гэны паэтычны кірунак, нахіл да аптымізму выяўляецца не толькі ў выпадку, калі яна зусім свабодна выбірае сабе край за свой «родны», але — і нават яшчэ мацней — у тых разох, калі такога свабоднага выбару перад ёй няма» .
Нягледзячы на эміграцыю, адарванасць ад краю, няпэўнасць грамадска-сацыяльнага і нацыянальнага становішча краіны, паэтка стрымлівала сябе ад расчаравання і бязвер'я. Яе біяграфія — гэта біяграфія чалавека, які ў большай ступені, чым многія іншыя скончыліся.
Такім чынам, на Н. Арсенневу трэба паглядзець як на чалавека, што знаходзіцца між берагамі, з параненай душою, але светлымі і незаплямленымі думкамі. Яна выстаяла ў барацьбе з суровымі абставінамі, не здрадзіла свайму народу ў скрутны час. Яна, як магла, супрацьстаяла дзвюм крывавым дыктатурам, была незалежнай і смелай у поглядах на жыццё.
Першы зборнік вершаў Н. Арсенневай «Пад сінім небам» быў выдадзены ў Вільні ў 1927 г. Затым быў падрыхтаваны да друку другі — «Жоўтая восень» (1937), які па розных прычынах так і не ўбачылі чытачы. Зборнік «Сягоння» выйшаў у 1944 ваенным годзе. Следам за ім рыхтаваўся да друку чарговы — «Не астыць нам». 1979 год — год выдання кнігі выбраных твораў «Між берагамі». Вось, бадай, галоўныя набыткі славутай беларускай паэткі, лёс якой так нагадвае лёс Максіма Багдановіча, які таксама не страціў адчування роднага, нацыянальнай годнасці, будучы далёка ад свайго краю, не растварыўся ў рускамоўным асяроддзі. Фенаменальнасць і непаўторнасць паэзіі Н. Арсенневай вызначаецца многімі фактарамі. Па-першае, што б мы ні казалі, гэта паэзія, пераважна створаная за межамі свайго краю, не на Радзіме. І таму яна не магла быць цалкам аптымістычнай, жыццярадаснай, мажорнай па сваім пафасе. Гэта паэзія сцішаная (за выключэннем ваеннага часу) па інтанацыі, мінорная, роздумная. Сваёй агульнай танальнасцю яна блізкая да паэзіі Максіма Багдановіча. Элегізм — вось яе вызначальная рыса ў розныя перыяды. Роздум, маналагічная спавядальнасць — вось яе спосаб выражэння мінорнага настрою. І нарэшце, падобная танальнасць прадвызначае міні-вобразнасць. Антон Адамовіч зазначаў: «І сваім першым па-беларуску напісаным вершам і першым вершам друкаваным Наталля Арсеннева пачынала свой шлях як ПАЭТКА ВОСЕНІ, вобраз восені ад самых гэтых пачаткаў стаўся для яе найбліжэйшым, найулюбёнейшым, найінтымней зробленым канкрэтным увасабленнем вобраза тае прыроды, на якой, як было сказана, засяроджвалася й нат перазасяроджвалася яна ў сваёй творчасці ўвесь даваенны час» .
Усё цесна пераплятаецца ў мастацтве: настрой душы і эпохі; пафас часу і танальнасць слова, радка, кнігі; жыццёвая біяграфія і біяграфія жанраў; агульнае і прыватнае. І ў мастацтве Арсенневай не маглі не адбіцца факты міжбярэжнага жыцця, скруха па стратах, надзея на адраджэнне. І яна любіла лета, а не восень, спявала пра радасць, а не пра боль, была адычнай, а не элегічнай. Не здрадзіла праўдзе абставін. І яшчэ: паэтка не абмяжоўвалася канстатацыяй убачанага, павярхоўным апісаннем таго, што аказвалася ў полі зроку, бо душа яе ўскалыхвалася ад крутых берагоў, раз-пораз натыркалася на раўнадушша, прадзіралася праз цемру да святла і не магла выбавіцца на шырокі прастор.
Толькі два разы назіралася палітычная, грамадская актывізацыя яе творчасці — у Вялікую Айчынную вайну ды на сучасным этапе, калі з'яўлялася вера ў магчымасць дасягнення гармоніі на зямлі.
У першым выпадку вера грунтавалася на ілюзіях, што захопнікі дадуць поўную нацыянальную свабоду. Як ужо адзначалася, паэтка ў гэты час працавала плённа і шмат. Пісала «вершы на выпадак», якія затым сталі песнямі вайскоўцаў-беларусаў, гімны адраджэння, лібрэта опер «Лясное возера», «Ізяслаў Чарадзей», «З выраю», перакладала творы Гётэ і Гаўптмана, займалася актыўнай культурна-асветніцкай працай. Усё гэта рабілася, нягледзячы на суровыя падзеі.
У другім выпадку ўзлётныя мары паэткі звязаны з нараджэннем новай веры — веры ў Бога. Пра гэта верш «Верце!», які заканчваецца заклікам да нас, жывых, верыць у васкрэшанне свайго краю:
I ніваў сонечны прасцяг,
і пушчы, сінія ад сценяў,
святкуюць Свята ўваскрасення.
Такі спрадвек закон жыцця...
Чакайце ж, верце, прыйдзе ЁН,
Вялікі Дзень, і ў нашу хату,
пашле і нам нарэшце свята
дзіўны, нязнаны Божы Кон!
У іншыя ж перыяды творчасці паэтка піша ў мінорным ключы. Мажорная інтанацыя прабіваецца на паверхню з цяжкасцю, не разліваецца шырокай ракой, хоць і не згасае, канчаткова не знікае.
Вядома, сказаць нешта новае, свае ў ключы элегіі надзвычай цяжка. Дастаткова прыгадаць, што ў азначаным напрамку працавалі многія таленавітыя паэты XIX—XX стст.— Гейне і Гётэ, Пушкін, Лермантаў і Баратынскі, М. Рыльке і А. Блок, Я. Купала, М. Багдановіч, У. Жылка, Я. Пушча і многія іншыя. Амаль кожны вядомы мастак слова нязменна звяртаўся да жанру элегіі, каб паскардзіцца «на свет цэлы», адкрыць свае маркотныя думкі чытачу, хоць словам разарваць сіло трагедыйных абставін. З верша ў верш паўтараліся і трагедыйныя вобразы-дэталі, вобразы-карціны згасаючай прыроды. Нараджаўся культ восені і ночы з адпаведным ім настроем. Атрыбуты элегічнай паэзіі перыяду агульнага паніжэння грамадскага настрою, як гэта надарылася пасля паражэння рэвалюцыі 1905—1907 гг., а таксама на пераломе 20—30-х гадоў і ў ваенны час. Трэба было адолець цяжкасці, выбавіцца з палону традыцый і стэрэатыпаў, знайсці свае, арыгінальнае рашэнне так званых вечных матываў у танальнасці элегічнага настрою і адпаведнага яму пафасу.
Наталля Арсеннева адметная найперш сваім уменнем спрачацца ўласнымі творамі з іншымі, шукаць новыя варыянты мастацкага вырашэння праблем, быць не падобнай нават там, дзе, здавалася б, і адкрываць ужо няма чаго.
Для пацверджання нашай думкі, скажам умоўна, пра «мінінаватарства» аўтаркі звернемся да канкрэтных яе твораў, напісаных у розныя перыяды дзейнасці.
Вось, да прыкладу, верш «Летуценні», створаны ў 1920 г., на пачатку паэтычнай дзейнасці. Ім нібы адкрывалася дарога да настальгіі, шчымлівага суму і смутку аб пакінутым краі. У гэтым вершы паядналіся дзве карціны — светлая, яркая, сакаўная, паўднёвая і не такая яркая, сатканая з «кволага сіняга неба», «срэбрам раззораных ночаў», «цьмянага, ціхога» сонца, але затое не застыглая, аднастайна-прыгожая, а дынамічная, рухомая, зменлівая. Верш пра вечнае змаганне ў чалавечай свядомасці роднага, менш экзатычнага, з раскошнымі фарбамі чужога. У ім праводзіцца магістральная лінія, на канцах якой — Ясенін і наш Панчанка, а недзе пасярэдзіне — З. Астапенка з яго марыністыкай. І праводзіцца па-свойму: у згаданых класікаў-лірыкаў XX ст. несумяшчальныя фарбы аднаго і другога краёў, узаемна выключальная статыка прыроды (а ў Панчанкі і грамадства), у пачынаючай жа паэткі — не іх параўнальнае апісанне, а раскрыццё філасофіі прыроды і жыцця. Не кантрастнасць розных фарбаў, постацяў і г.д., а ўнутраная сутнасць адной і другой прыроды цікавіць мастачку. Непрымальная ў першым выпадку: поўдзень (надоўга страчаная малая радзіма) і сярэдняя паласа (новая малая радзіма) — упаўне прымальная ў другім. Першая прырода — застыглая, вечна нязменная, другая — рухомая, вытканая з кантрастаў, як само чалавечае жыццё:
Бо там без працы, а родзяць зярняты,
бо там чужое нам вечнае свята,
тамака сэрца маўчыць.
Тут жа ж, у нас па гайках, пералесках
посля зімы зацвітаюць пралескі,
сцюжу змяняе вясна.
Тут пасля гора жыцця шлях святлее,
тут пасля слёз расцвітаюць надзеі,
тут і у сэрцы вясна!
Так семнацаццігадовая пачынаючая аўтарка (дарэчы, можа, чыста інтуітыўна) здолела . адрозніць застыглае ад зменлівага, мёртвае ад жывога, паставіла асабісты настрой у залежнасць ад падобнай дыферэнцыяцыі І дзякуючы гэтаму вывела даволі аб'ектыўную формулу любві да прыроды. Праз чатыры дзесяткі гадоў А. Куляшоў, аўтар «Новай кнігі», яшчэ глыбей раскрые гэту формулу, прыме блізка да сэрца і тое, як «дыван вясны перацвітае ў лета», а «завея лісцяў у сняжынак пух», менавіта такую прыроду, якая знаходзіцца ў руху наперад, мяняючыся, удасканальваецца, як і чалавек — яе рэгуліроўшчык.
Элегічная паэзія грунтуецца, што б мы ні гаварылі, на сентыментальным пафасе, які можа быць расслаблены і аморфны. Калі ж ён падмацоўваецца пафасам трагедыйным і гераічным, танальнасць вершаў становіцца больш строгай і стройнай, а думка як бы ўшчыльняецца, кандэнсуецца. Нешта падобнае мы назіраем у вершах Н. Арсенневай ранняга перыяду «Восень», «Ночы й думкі», у пазнейшых — «Жоўтая восень», «Фестываль», у абсалютнай большасці твораў ваеннага часу — «Сягоння», «Вось толькі выпішуся трохі», «Краіне», «Калі», «Восеньскія чары» і інш. Лірыка паэткі становіцца шматслойнай па пафасе, а значыцца, і сэнсава шматмернай.
Зыходная сітуацыя верша «Вось толькі выпішуся трохі» трагедыйная: ідзе вайна, акупаваны фашыстамі Мінск, абясцэненыя чалавечыя жыцці. І ў гэтых умовах трэба неяк існаваць. І не толькі жыць, але і пісаць, змагацца. Сама па сабе сітуацыя мае агульначалавечы змест. Усё гэта над палітыкай і палітыканамі, над канкрэтнай трагедыяй, бо тое, пра што у ім спавядаецца, — вечная дылема для мастака, гамлетаўскае «быць альбо не быць?» Падзея падаецца маштабна, абагульнена, адбываецца проста на планеце Зямля. І такімі ж рысамі маштабнасці і абагульненасці характарызуецца Мастачка — чалавек, які перажывае драму часовага становішча «не на той вуліцы», дакарае сябе, што робіць не так, адчувае ахвярнасць свайго лесу. Твор сінтэтычны, бо ў ім паядналіся элегічны сум, трагедыйны боль, гераічны пафас. Па жанры — гэта элегія і балада адначасова, да таго ж, з элементамі адызму. I задача даследчыкаў заключаецца не ў тым, каб вызначыць ступень наяўнасці рысаў кожнага жанру ў творах падобнага роду, а ў тым, каб падкрэсліць думку аб спалучальнасці адзнак розных жанраў і родаў у межах асобных твораў, нават такіх «малафарматных», як верш.
Наталля Арсеннева выходзіць у гэтым і многіх іншых вершах ваеннай пары за межы камернай суб'ектыўнасці якраз дзякуючы уменню спалучаць розныя жанравыя адзнакі, разнавіднасці пафасу і адпаведна настрою ў межах аднаго твора. І дзякуючы гэтаму яны атрымліваюць новае пафаснае і змястоўнае напаўненне, перарастаюць з трагедыйных вершаў-жальбаў і скаргаў на бязлітасны лёс у вершы-роздумы пра веру і вернасць, жыццё і смерць, чалавечую існасць і сутнасць мастацтва, застыгласць і рух. Элегія Н. Арсенневай становіцца медытатыўнай. Дзякуючы гэтаму паэтка яшчэ ў 20— 40-я гады закладвала асновы для далейшага ўзлёту беларускай філасофскай элегіі, якую затым дастойна прадставяць А. Куляшоў («Новая кніга», «Хуткасць»), М. Танк («Хай будзе святло», «Дарога, закалыханая жытам», «Прайсці праз вернасць», «За маім сталом», «Збор калосся»), А. Вярцінскі, Я. Сіпакоў, Т. Бондар, А. Разанаў і іншыя аўтары.
Каб у чытача не склалася ўражанне пра бяздоказнасць выказанай думкі, прывядзём урывак са згаданага вышэй твора — сэнсава значнага, афарыстычнага:
Сціскаць ці варта думы, словы
ў цясноце сэрца...
......................................................
Як бы няхочучы, стаўляеш
сябе адну — у цэнтр сусвету,
і па сабе згінаеш баі
старых і новых запаветаў.
А дзе ні глянь — мільёны жыццяў
ірвуцца ніткай перапрэлай,
мільёны зноў — шукаюць сыці,
руін разблытваючы шэрасць.
Як тут не йсці за імі следам...
.......................................................
Зноў бестурботным скамарохам
пайду руіны песняй песціць,
узноў пачну смуціцца штодня
чужой тугой, душу шыпшыніць,
чужой вясёласцю й паходняй
гарэць на ветры за краіну!
Лірыка — род літаратуры, як ніякі іншы, схільны да адлюстравання агульнага погляду на жыццё і выяўленне сумарнага перажывання. Яна раскрывае надзвычай агульныя ісціны —люблю і ненавіджу, сумую і радуюся, смяюся і плачу, бо агульныя ж і нашы пачуцці,_ якія можна пералічыць па пальцах, агульныя і сцэнарыі, сюжэты, на аснове якіх выкрасаецца лірычнае перажыванне. А калі браць жанры паасобку, дык у іх яшчэ больш звужваецца лірычная матывацыя і адпаведна тэматычны змест, а традыцыйны пачатак дамінуе над наватарскім. Задача паэта-лірыка надзвычай цяжкая — па магчымасці разарваць (ці хоць часткова адкарэкціраваць) традыцыйны родавы змест, знайсці свой арыгінальны ці хоць крыху наватарскі лірычны ход, удакладніць інтэрпрэтацыю вечных матываў. Н. Арсеннева паспяхова справілася з гэтым ужо на пачатку дарогі, што няцяжка прасачыць на прыкладах некаторых яе элегій.
Агульнавядома, што элегія вядзе сваю генеалогію з жалобнага твора. Пазней яе змест мяняўся, пашыраўся, набываў большую маштабнасць. Твор жалобны паступова ператвараўся ў твор-скаргу на жыццё, людзей, абставіны (рамантыкі, сентыменталісты), у філасофскую медытацыю паводле асэнсавання нялёгкага становішча асобы ў грамадстве (А. Пушкін, М. Лермантаў, Я. Баратынскі, Я. Купала, М. Багдановіч, А. Куляшоў, М. Танк, М. Забалоцкі і інш.). Аднак усе разнавіднасці элегіі абапіраліся на агульныя зыходныя пазіцыі — на малюнкі прыроды. У полі зроку паэтаў аказваліся восеньскія, часцей сіратліва-сумныя, змрочныя фарбы, асабліва ў перыяд згасання, пацямнення і г. д. Восеньскі матыў, настрой, пафас, восеньскія фарбы станавіліся дамінуючымі і ў рускіх, і ў беларускіх, і ў заходнееўрапейскіх элегічных творах.
Н. Арсеннева, будучы яшчэ маладой, нікому не вядомай паэткай, ідзе на пераадоленне традыцыйнай інтэрпрэтацыі матываў восені і ночы. Ёй імпануе рознакаляровасць і гукавая шматфарбнасць гэтых прыродных з'яў. Арсеннева стараецца зразумець іх маштабнасць, неаднароднасць і неадназначнасць у адносінах да чалавека, у параўнанні з ім — «старэйшым братам прыроды». Так, восень для яе — не толькі і не столькі пара згасання, а найперш — перадумова абнаўлення, адраджэння («Восень»). «Хай апошнія кветкі ў садзе жаўцеюць, — будзем чакаць вясны!» — сцвярджае аўтарка ў сваёй ранняй элегіі.
Яшчэ больш маштабная трактоўка матыву ночы і адпаведнага ёй стану душы ў «начных элегіях» Наталлі Арсенневай «Калі ноч запануе», «Ночы й думкі», «Вячорная містэрыя», «Вечар», «Незгаданае», «Фестываль» і інш. Традыцыйна ў сусветнай паэзіі ноч паказвалася як час маўклівы, змрочны, трывожны, напоўнены бязгучнай цішынёй. Маркотныя перажыванні і думы ў свядомасці чалавека нараджаў і вечар. А гэта ўсяляк дэкларавала слоўнае мастацтва. Для Н. Арсенневай ноч зноў жа ўяўляецца разнаколернай — ад белай да цьмянай, «з ледзяным ззяннем зор» і разназычнай — то ціхай, то гучнай, гаманлівай. Розныя яна навявае і думкі: «светлыя», «чорныя», «благія», «ціхія» («Ночы й думкі»).
Для перадачы думак і пачуццяў, выкліканых начной і вечаровай парою, паэтка карыстаецца трапнымі вобразамі-дэталямі, якія сведчаць пра схільнасць яе да імажынісцкага пісьма, разлічанага на яркі і арыгінальны малюнак. Дзякуючы маляўнічасці вершы набываюць прадметнасць, пластычную яскравасць: «І росамі вечар заплакаў, у змроку хаваючы вочы» («Вячорная містэрыя»); «Зноў сівее зімовая далеч, зноў зяленяцца змрокі, як лёд, і гарыць пурпуровай эмаляй нежывы і халодны заход» («Новая зіма»); «Незгаданаю ўсмешкаю ўсміхаецца бездань нябёс...» («Незгаданае»). Маляўнічая канкрэтыка, пластыка не перашкаджаюць аўтару ўзняцца на вышыню філасофскага абагульнення, прыйсці да вываду аб трагедыйнасці чалавечага жыцця ў цэлым.
Асабліва ўражвае ў гэтым плане верш Н. Арсенневай «Фестываль», які датуецца 1936 г. Яркі ўзор медытатыўнай лірыкі, ён уваходзіць у залаты фонд паэзіі пра месца чалавека ў сусвеце і на планеце Зямля. Чалавек у гэтым свеце разам з жывой прыродай — пакутнік, яму цяжка выжыць у змаганні з неспрыяльнымі абставінамі. Сцюжай і нясцерпнай тугой прасякнуты твор з першага і да апошняга радка. ЁН выклікае асацыяцыі і з вершам «Між берагамі» — пра беспрытульнасць чалавечага лесу на зямлі і з многімі іншымі настальгічнымі творамі пра адарванасць ад Радзімы, пра пакутнасць лёсу эмігранта. Трагедыйнасць лірыкі Н. Арсенневай мае як бы некалькі вымярэнняў: практычна-зямное (эміграцыя, палітычныя і ідэйныя канфлікты з грамадствам, сямейна-бытавая неўладкаванасць і інш.), якое мы назвалі б мікравымярэннем, і касмічнае (чалавек і прырода пасярод космасу, ва ўлонні спрадвечных стыхій, сярод якіх — сцюжа, ноч, цемра, безвыходная бяда), якое з поўным правам можна назваць макравымярэннем, блізкім да Куляшоўскага і Танкавага. Чытаеш верш «Фестываль» — і ўяўляеш планету Зямля ў палатаным кажушку нябёсаў, з радкамі сляпых бяроз, якая ў змроку і задусе рухаецца па наканаванай ёй арбіце трывогі і скрухі:
Слата... Асенняе змярканне
глядзіць вачмі сляпымі ў змрок,
дзе парудзелым мокрым зданнем
плывуць бярозы праз пясок.
Плывуць і белымі рукамі
ірвуць густы, густы туман,
а над слатой, над туманамі
нябёс палатаны рызман...
Бязлюднай пушчай выдаюцца
нябёсы, сінія даўней,
у сценях восеньскіх, у пустцы,
штораз пусцей, штораз цямней.
І толькі рад бярозкаў нема
з вачэй сляпых страсае жаль...
Спраўляюць восень, ноч і цемра
глухі, распачны фестываль.
Антон Адамовіч у згаданай ужо прадмове да зборніка «Між берагамі» вызначыў стан душы паэткі Арсенневай як «уступальны аптымізм», паводле якога і дзве залежныя ад яго «настраёвыя танальнасці-лады» — «мінорамажор» і «мажорамінор» у даваенны час. І падкрэсліў «актывізацыю» паэткі ў ваенны час. Думка слушная. Сапраўды, уся творчасць Арсенневай уяўляе сабой сінтэз аптымістычнага і песімістычна-трагедыйнага настрояў, гераічнага, сентыменталісцкага і трагедыйнага пафасаў. У ёй адначасна гучаць боль і радасць, адчувальныя мажорны і мінорны пачаткі. У залежнасці ад гэтага вызначаюцца і жанры. Калі ў першы перыяд яе творчасці пераважалі элегічныя, восеньскія вершы, то ў ваенны час верх у іх бярэ баладна-адычны пачатак. Пасля ж вайны, прайшоўшы праз расчараванне, перажыўшы трагедыю адрыву ад краю і страты веры ў адраджэнне нацыі, паэтка настроілася на хвалю адычную, знайшла Дарогу ў Храм, да Бога.
У зборніку «На ростанях» дамінуе думка пра ўваскрэшанне жыцця, веры. Вяртаецца на грэшную зямлю Ісус Хрыстос, і побач з ім аказваецца Беларусь. Беларусь і Бог — яны побач, яны крочаць скалечанымі І зруйнаванымі прасторамі. I наўрад ці знойдуцца сілы, здольныя іх затрымаць. Радасны, святочны настрой, гераічна-трагедыйны пафас патрабуюць пэўнай формы выяўлення. З'яўляецца ода з адпаведным пафасам і настроем. Канстатацыя і апісанне выцясняюць медытатыўны пачатак, думка «агольваецца», споведзь становіцца адкрытай, радок — расшыфраваным. Як часта бывае ў одзе, верш грунтуецца на пафасных зваротках, рытарычных пытаннях і выгуках, закліканых перадаць усхваляванасць і напружанасць духоўнага стану аўтаркі. Для надання гучанню вершаў урачыстасці Н. Арсеннева выкарыстоўвае пашыраны вершаваны памер — чатырохстопны ямб, той ямб, які некалі А. Блок і іншыя паэты, а перадусім Я. Баратынскі назвалі «жалезным». Дзякуючы гэтаму памеру, а таксама іншым вышэйадзначаным якасцям мяняецца танальнасць паэзіі Н. Арсенневай у цэлым — на першай пазіцыі аказваецца гераічны пафас, знікае рэзкая кантрастнасць фарбаў, гармонія перамагае дысгармонію і дысцыплінуе ў сваю чаргу думку, надаючы ёй сэнсавую дакладнасць. Бадай, паэзія ў такім варыянце страчвае псіхалагічную глыбіню. Можна нават вінаваціць аўтарку ва ўтапічным пражэкцёрстве і безаглядным аптымізме.
Аднак заспакойвае тое, што ў пасляваенных вершах, пераважна аднатанальных, нягледзячы на аптымістычны настрой, застаецца і пачуццё трывогі, адчуванне радасці ў іх падаецца на фоне разбурэння і папялішчаў. Хрыстос — і попел, Беларусь — і Хрыстос. Уваскрэшанне Хрыстова — і Уваскрэшанне Радзімы, Вялікі Дзень і наша ўбогая хата, Божае Дзіця і дуга нябёсаў, якая яго абдымае, — вось скразныя вобразы вершаў Н. Арсенневай «Уваскрэсні!» і «Верце!» Творы гэтыя дастойна вянчаюць кніжку «Між берагамі», адыгрываюць ролю характарыстычнага, сімвалічнага эпілогу. Вызначыць іх месца ў сэнсавым радзе паэзіі Н. Арсенневай у цэлым — адна з нашых задач.
Паэзія Арсенневай пачыналася з адкрыцця прыроды — светлай, мяккай і цёплай, трошкі засмучонай, але гарманічнай у аснове. Невыпадковымі былі і назва першага зборніка — «Пад сінім небам», і зварот да царства міфалогіі, цудаў, да фальклорнай стыхіі, як і ў М. Багдановіча, што асабліва выразна выявілася ў другой частцы першай кнігі «Зачарованы кут. З крыніцы народнай», у вершах «Лясун», «Вяселле», «Песні», «Балотніца», «Жаўрук», «Дзяўчына». Творчасць пачыналася са спробы разабрацца ў прыродзе, зразумець яе жывую душу, па магчымасці выправіць дысгарманічныя з'явы, згарманізаваць і наблізіць іх да чалавека. Нават восень, ноч і вечар у раннім слоўным мастацтве паэткі мелі ў сабе зародкі станоўчага, верніцкага. Бога ў гэтым лірычным пласце пакуль няма, ён заменены натуральнай, некранутай прыродай, зліўся з ёю непарыўна, растварыўся ва ўсім свеце. Ідэал як сэнс жыцця, пошукаў і прызначэння чалавека пакуль што выступае цьмяна і неаформлена. Паэтка дэкларуе сваю любоў да роднага краю праз захапленне някідкаю, дынамічнаю і рухомаю красою ў адрозненне ад паўднёвай, яркай, але статычнай.
У вайну з'явілася вера, надзея, упэўненасць у магчымасці адрадзіць край і народ. Арсеннева ўсклала на сябе абавязкі Прарока, які павінен «быць песняром і цяпер, калі дзень наш — і з смерцяй братанне» («Пясняр»). Паэт паўстае волатам, які можа «выплавіць гімн» «з віску куляў, гарматных грымотаў». Ён прарок новых, святлейшых дзён. I, здаецца, круг пошукаў завяршыўся, ісціна адкрылася, шлях да Храма знойдзены, але адно толькі перашкаджае такой выснове-тэзе: усё ж Арсеннева не мела поўнай упэўненасці ў магчымасці рэалізаваць станоўчую праграму ў разбуранай вайной краіне. Вельмі часта яе ахоплівала разгубленасць, апаноўвала адчуванне бесперспектыўнасці місіі мастака слова:
Хочацца бегчы, шукаць нейкія новыя словы,
словы, якія з жыцця ветрам гарачым змялі б
жоўтыя рукі крыжоў і шэрыя твары палонных,
целы, што гойдае ноч на шыбеніцах галін.
Вера нарадзілася ў пакутлівай барацьбе з абставінамі. Хрыстос пачуваўся ў сабе самой. Але «ваяўнічага аптымізму» (Ант. Адамовіч) ваеннага часу хапіла ненадоўга. Згасла гераічная пафаснасць, сцішыўся голас, наступала эпоха «міжбярэж'я» — з яе адметнай танальнасцю, баладнай трагедыйнасцю, пакутлівым адчуваннем адарванасці ад аднаго і другога берагоў. Гэты перыяд характарызуецца прызнаннем трагедыйнай разломленасці жыцця і недасяжнасці гарманічнага стану рэчаў, ва ўсякім разе для яе, паэткі. Каб быў Бог, дык ён не дапусціў бы такіх пакутаў, заступіўся б за чалавека. Але ўся трагедыя адрынутага ў тым і заключаецца, што Бога няма ці што ён позніцца. Застаецца спадзявацца толькі на сябе і — маладзейшых, тых, хто заменіць папярэднікаў, нават такіх, якія аказаліся між берагамі трагедыйных абставін.
І наступны, новы перыяд дзейнасці Н. Арсенневай — 70-я гады. Матыў бязвер'я і расчаравання, адчуванне фатальнай трагедыйнасці лёсу саступаюць месца аптымістычнаму вываду, што Бог ёсць, што ён дапаможа ўсталяваць справядлівасць на зямлі, прынясе адраджэнне роднаму краю. Такой нам уяўляецца агульная сэнсавая, змястоўная эвалюцыя творчасці выдатнай беларускай паэткі.
Творчасць Наталлі Арсенневай складае часцінку залатога фонду нашай беларускай нацыянальнай паэзіі. Вытрыманая ў стылі класічнай, суразмернай паэзіі, скіраваная на засваенне набыткаў Купалы і Коласа, Пушкіна і Лермантава, Багдановіча і Цёткі, яна павінна быць адкрыта чытачу ва ўсім аб'ёме. Замоўчванне яе, абумоўленае дзесяцігоддзямі непрызнання мастацтва, створанага за мяжой, нічога не прынесла і не прынясе грамадству, акрамя страт.
На працягу ўсяго жыцця Н. Арсеннева змагалася за права гаварыць народу праўду, быць з народам і Радзімай і ў радасны (такіх было мала), і ў трагічны, скрутны час. Ідэя нацыянальнага адраджэння ў яе творчасці найцяснейшым чынам звязана з ідэяй набыцця веры, уваскрэшання. Яе паэзія надпалітычная, надідэалагічная, бо поўніцца ідэяй чыстай красы і любові да Беларусі, бо гэта паэзія ацэнкі свайго міжбярэжнага лёсу, незалежнага ад кан'юнктуры. Прызнаная ў свой час выдатнымі лідэрамі Адраджэнства М. Гарэцкім, А. Луцкевічам, творчасць слаўнай паэткі вучыць нас мужнасці, стойкасці і аптымізму ў самых суровых жыццёвых выпрабаваннях.
Паэзія Наталлі Арсенневай мае права на манаграфічнае вывучэнне і ў ВНУ, і ў школе, бо ёсць у ёй усё, што для гэтага неабходна: тэматычнае багацце і навізна (узяць хоць бы тую ж тэму эміграцыі), філасофская глыбіня, жанравая разнастайнасць, эстэтычная вытанчанасць, адшліфаванасць мастацкай формы і, галоўнае — нацыянальная адметнасць, праўдзівасць, пранесеныя праз навальнічныя гады і жорсткія выпрабаванні. Кожны, хто прыпадзе да яе хоць аднойчы ў жыцці, ужо не захоча з ёю расстацца:
Ідзе Хрыстос... Над ім дугою
ўстае густы блакіт нябёс,
а ногі ў ранах незагойных
кладуць сляды на шэрань рос...
Дык прыпадзем і вусны спалім
на тых слядах, што Бог-Хрыстос
губляе, моўчкі йдучы ў далеч,
бо Ён ускрос, Ён уваскрос! («Уваскрэсні!»)
«МНЕ ПЕСНЯ ДАДЗЕНА ДЛЯ МУКІ...»
(Штрыхі да творчага партрэта Масея Сяднёва)
Ад сына твайго, што не здрадзіў табе,
Што з імем тваім непахісна стаяў, як стаю,
Прымі ў тваёй цяжкай, святой барацьбе
Ад шчырага сэрца прызнанасць маю...
МАСЕЙ СЯДНЁЎ
Беларускае пісьменніцкае замежжа — амаль невядомая для нас зямля... І адкрыццём для айчыннага чытача з'яўляюцца сёння вершы, паэмы, раманы Масея Сяднёва — аднаго з найбольш таленавітых прадстаўнікоў беларускай пісьменніцкай эміграцыі. Яго кнігі паэзіі «Патушаныя зоры» (1975), «Ачышчэнне агнём» (1985), «А часу больш, чым вечнасць» (1989), раманы «Раман Корзюк» (1985), «І той дзень надыйшоў» (1987), якія ён падараваў нашай Нацыянальнай бібліятэцы ў час свайго наведвання Беларусі ў траўні 1990 г., уведзены ў адкрыты фонд і іх легальна ўжо можна прачытаць.
Як цяжка ўсведамляць, што мы наогул былі пазбаўлены магчымасці своечасова знаёміцца з лепшымі дасягненнямі творчага, філасофскага, паэтычнага мыслення, рабіць іх сваім духоўным набыткам, не кажучы пра хараство роднага слова, якое столькі год гучыць за межамі Бацькаўшчыны. Няма патрэбы ідэалізаваць эмігранцкую літаратуру, яна вымагае аб'ектыўнага вывучэння і аналізу. Яе здабыткі, вядома ж, не могуць пераважыць зробленае пісьменнікамі на радзіме, але несумненна, што беларуская літаратура з уключэннем у яе працэс многіх недазволеных раней імён стане нашмат багацейшая. Размова ідзе аб вяртанні рэпрэсіраваных, замоўчаных, выгнанніцкіх твораў — усяго значнага, таленавітага — свайму народу, Бацькаўшчыне, аб згуртаванасці беларусаў свету, духоўнай саборнасці нацыі, пастаўленай на грань выжывання.
Не думаю, што творчасць М. Сяднёва можа паказацца не сучаснай, не захопіць чытача святлом простай чалавечнасці, хоць сам паэт сумняваецца: «Ну што каму да твайго слова?.. Не патрабуем тонкіх мы тваіх сугуччаў, час іншы ў нашых душах дрэмле...»
Праз усё, што створана Сяднёвым, праходзіць нязменны матыў адданасці і любові да матчынай мовы, роднай зямлі, якая была такой няласкавай да паэта («Як мне цябе, радзіма, не хапала! Якою я згараў журбой!»). Здаецца, ён усім сваім жыццём і творчасцю выпакутаваў права спытаць: «Суродзічы мае... Ды голас мой пачуеце вы, шчыры і адданы?» І права быць пачутым.
Паэзія М. Сяднёва прываблівае перш за ўсё нацыянальнымі, чыста беларускімі тэмамі, крынічнай мовай, высокімі пачуццямі, звязанымі з тугой па Радзіме. Яе лірычны герой — сціплы, адкрыты чалавек, з па-сапраўднаму беларускім цярплівым характарам, безаглядна ўлюбёны ў далёкі, але дарагі і незабыўны край бацькоў. У творах М. Сяднёва, напоўненых высокім эмацыянальным напалам, пераліваюцца блізкія беларускаму сэрцу перазвоны традыцыйнай паэзіі. Шмат у іх аўтабіяграфічнага, асабіста перажытага, што найбольш пераконвае ў праўдзівасці кніг, прасякнутых увагай да звычайнага чалавека. Аўтабіяграфізм, аднак, успрымаецца ў шырокім сэнсе — не толькі як асноўныя вехі жыццёвага шляху, але і глыбока мастацкае, эстэтычнае самавыяўленне духоўнага свету. Тут сапраўды не паэт, а яго біяграфія піша сваёй рукой гісторыю лірычнага героя. Але паэт заўсёды больш цэласны і значны, чым яго біяграфія, таму што ён — гэта цэлы свет — радасць і смутак, шчасце і трагедыя, гармонія і супярэчнасць. I ніхто не скажа пра паэта больш і лепш, чым ён сам у сваіх творах.
Творы М. Сяднёва не ўспрымаюцца без разумення яго складанага жыццёвага лесу, насычанага драматычнымі падзеямі. Сялянскі сын з глыбіннай Магілёўшчыны, студэнт Мінскага Вышэйшага педінстытута, таленавіты паэт, вершы якога ў 30-я гады пачалі друкавацца на старонках «ЛіМа», «Полымя рэвалюцыі», «Савецкай Беларусь, «Чырвонай змены», «Беларускай работніцы і_сялянкі», у альманаху «Аднагодкі», узрастаў, як і многія нашы паэты, сярод прыгажосці беларускай прыроды, свету, што вабіў «адзінствам хараства», дзе ён, натхнёны мілагучнасцю роднага слова, пачаў «спяваць хвалу сонцу, вясне, дажджу і грому», вясковаму маленству, адчуваў бясконцасць жыцця, дарог, першых юначых захапленняў, студэнцкай дружбы, трапяткую далучанасць да вялікай літаратуры, радасць ад сустрэч з Я. Купалам, Я. Коласам, З. Бядулем, К. Чорным, творчасцю якіх шчыра захапляўся.
Раннія вершы М. Сяднёва — «Вашай песні» (прысвечаны Я. Коласу і прачытаны аўтарам у прысутнасці знакамітага пісьменніка), «Максіму Горкаму— Чалавеку», «Пад дажджом», «Набяру я з крыніцы халоднай вады», «Пастушка», «Жаданне», «Сосны», «Снегапад», «Маленства», «Каханнем называецца яно» і інш. — былі надрукаваны і заўважаны літаратурнай грамадскасцю, што акрыліла маладога паэта, надало яму сілы, творчага імпэту, добрых спадзяванняў. («Поўнілася сэрца маё песняй і не ведаў, дзе я — на зямлі ці ў храме...»)
Адчувалася на першапачатковым этапе вучоба ў Я. Купалы і асабліва ў М. Багдановіча. Станаўленне творчай індывідуальнасці М. Сяднёва адбывалася на асваенні акаляючага жыцця, пра якое ён гаварыў мовай пачуццяў. Вершы прасякнуты непазбыўным лірычным настроем, аптымізмам, уменнем маладога аўтара бачыць нябёсы і на зямлі, пошукам тых «слоў-зярнятак», якія б маглі перадаць «суладдзе песень». Верш паэта, па яго ўласнаму вызначэнню, «тугі, нацэлены і порсткі», кранаў душу чытача адухоўленасцю, нацыянальным каларытам, трапна знойдзеным народным выразам, багаццем роднага слова. Аўтар ужо мог прызнацца самому сабе: «Скарб я маю багаты, ён завецца доляй паэта...»
Вось за гэты скарб паэт і паплаціўся. Яго, як і многіх іншых пісьменнікаў, прадстаўнікоў таленавітай моладзі, рэпрэсіравалі ў кастрычніку 1936 г., абвінаваціўшы ў нацдэмаўшчыне і ў тым, што распаўсюджваў «упадніцкія творы Пушчы і «Матчын дар» Алеся Гаруна».
Пачаліся змрочныя турэмныя дні, допыты, перасыльныя лагеры, Калыма — этапы, па якіх М. Сяднёў ішоў разам з Мікулічам, З. Астапенкам, С. Дарожным, С. Знаёмым, М. Багуном, С. Баранавых, У. Клішэвічам, Т. Лебядой, Я. Скрыганам, А. Звонакам, У. Хадыкам і іншымі нявольнікамі. У яго паэзіі гэты перыяд атрымаў назву «Патушаныя зоры».
Просіцца песня на волю —
У неспазнаны шчэ свет.
Песня мая, ты не мучайся болей —
Волі не мае твой ціхі паэт...
Вершы гэтага цыкла набываюць зусім іншую эмацыянальную танальнасць, іншыя фарбы — у адрозненне ад узнёслых лірычных матываў тых, што пісаліся «на досвітку». Нават загалоўкі вершаў гавораць пра цяжкія пачуцці, адчуванні, якія перажываў зняволены паэт: «Жах», «Уночы», «Жудка. Цемень мне сэрца гняце», «Затуманеная даль», «Здрайцам», «Правадыр на трыбуне», «На развітанне», «У камеры», «Горы над Байкалам», «Байкал», «Крывавы цар». Радкі многіх з іх складваліся ў памяці падчас знаходжання ў Мінскай турме, Новасібірску, пры пераездзе ў закратаваных вагонах паўз Байкал, на пераплаве ў Ахоцкім моры па дарозе на Калыму, у жудасных умовах Калымы. І хоць гучаць словы роспачы, страху, развітання, чуваць адгалоскі сентыментальнай турэмнай паэзіі («Турма. Як бляск вар'яцкіх воч, у вокнах б'ецца жах», «не заляцець табе птушкай за краты», «у жыцці я першы раз падумаў, што зямля — вялікая ад страху», «не хочацца жыць, а памерці — шчэ болей», «чырвоны ліст жыцця апаў», «таварышы, гуляйце без мяне», «у няволі сярод чужых памірае патомак ваш», «я скуты ў цёмным сутарэнні», «як зачыніліся за мною дзверы турмы, душой як занямог, усей сардэчнай сілай верыць я стаў, што ёсць на свеце Бог»), аднак скрозь іх прабіваюцца радкі надзеі, у якіх сцвярджаюцца чалавечая годнасць, вера ў лепшую долю: «Родныя, не плачце пры ўспаміне — не загіне ваш бяздомны сын: я прыду з далёкае чужыны, змучаны выгнаннем, на спачын. Утаю я сэрца свайго раны, абаб'ю з адзення пыл дарог. Усхвалёваны душою стану на даўно пакінуты парог» («Маім бацьком»).
Звяртаючыся да сваёй песні-музы, якую ён складае, «згасаючы ў нямой цішы», паэт і ў няволі застаецца паэтам, вершы клічуць яго «ў мінулае адплыць, упіцца хмельнасцяй юнацтва. Завуць спакусліва яшчэ пажыць хвілінамі кахання і мастацтва». Яны дапамагалі яму замест турмы зайсці «у ціхасць Белавежы», «хадзіць, забыўшы ўсё, па росах», знайсці «заспакаенне ад хаосу зямнога», вярнуцца да «таемных вобразаў». «Захапіўся песняй я сваёю, падкаваў я рыфмай чарадзейку. Толькі ж грымнула над галавою:— Згінеш ты, Масей, ні за капейку. Я ў няволі. Маці, мая маці, ну нашто дала ты мне жалейку?..» — спускаецца з чароўных паэтычных нябёсаў паэт-нявольнік. Глыбокія перажыванні раскрываюцца ў формах балюча падкрэсленага кантрасту. Радасць жыцця абрываецца цяжкай рэчаіснасцю. Тут не толькі вобразы-сімвалы — самі рыфмы ствараюць два светы: свабода і няволя, сутыкненне трагічнага і жыццярадаснага. Лірыка гэтага часу напоўнена горкім смуткам і трагізмам. Паэт бачыць сваю безабаронную музу, якая «ад мукі стаіць, пакорлівая, на двары і ззаду звязаныя рукі», адчувае, што яго верш «ахрып на цэменце ў каземаце», «хруснуў касцьмі», аднак нішто не можа адняць паэтычны дар, прымусіць маўчаць яго песню. Праўда пачуццяў, жорсткая праўда рэчаіснасці, абумоўленая ўнутранай свабодай, гучыць у вершах, якія ўзнікалі па гарачых слядах страшных падзей таго часу.
Дармо: хоць білі у цішы
і пхалі нанач у задуху—
не выбілі з яе душы
і песеннага духу.
Ці йна была на Калыме,
ці ў камеры вільготнай, цеснай,
ці смерць была ў яе наўме —
яна была заўсёды песняй.
І менавіта нязломленая песня, у якой «па радкох, нібы па жылах, кроў гарачая хадзіла», дала магчымасць паэту ўсклікнуць:
Пярунамі біце, словы,
і душу маю ўзбунтуйце,
каб гарэла і спявала
яна, стомленасць забыўшы!
Пазней М. Сяднёў успамінаў: «Я жыў паэзіяй, паэзія давала мне крылы, глушыла боль... Як, дарэчы, і ў сталінскіх турмах, на Калыме. Каб, здаецца, не вершы — не жыў бы...»
Можа, за гэты паэтычны дар лес быў літасцівы да М. Сяднёва?. Прывезены з Калымы ў Мінск напярэдадні вайны на паўторнае следства, ён атрымаў неспадзяваную свабоду... дзякуючы вайне. (Нямецкія самалёты бамбілі Мінск, дарогу на ўсход, па якой гналі калону зняволеных, ішло шмат бежанцаў.) І гэта вызваленне ён вітаў «сваіх радкоў лірычнейшым салютам» («Вызваленне»). Вярнуўшыся да бацькоў у вёску Мокрае, М. Сяднёў (дарэчы, яго лес, як характэрная з'ява таго часу, паслужыў жыццёвай асновай для мастацкага ўвасаблення вобраза рэпрэсіраванага сына Зазыбы — Масея ў трылогіі I. Чыгрынава) ніякага ўдзелу ні з якога боку ў вайне не прымаў. А ў 1944 г. вымушаны быў эмігрыраваць, апасаючыся за сваё жыццё. Пісаў увесь час вершы, друкаваў, дзе толькі мог, у тым ліку і ў такіх беларускіх выданнях, як часопіс «Новы шлях», газетах «Раніца», «Новая дарога», «Беларускі работнік». Быў падрыхтаваны да друку зборнік вершаў, які, аднак, згарэў пры пажары. Невялікія зборнікі выходзілі ў Рэгенсбургу («У акіяне ночы», 1946), Мюнхене («Спадзяванні», 1948), у пераможанай намі Германіі, дзе М. Сяднёў жыў у першыя эмігранцкія гады. Гэты перыяд знайшоў сваё адлюстраванне ў цыкле вершаў «На маршрутах».
Ёсць пэўная двухсэнсоўнасць у такой жорсткай, супярэчлівай пераплеценасці чалавечага лесу і абставін. Для нас, выхаваных на догмах камандна-бюракратычнай сістэмы, перажыўшых спусташальную вайну, паўстае тут пытанне: хто яны, пакінуўшыя бацькаўшчыну, ратаваўшыя ўласныя лёсы і чалавечую годнасць? З другога боку — нельга
