МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Удзел Беларускай рэдакцыi Польскага радыё ў працэсе будаваньня новых польска-беларускiх адносiнаў // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 2

Аўтар: Баршчэўская Нiна
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 2 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 362 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Ніна Баршчэўская (Варшава)

Удзел Беларускай рэдакцыі Польскага радыё ў працэсе будаваньня новых польска-беларускіх адносінаў

У Польскім радыё існуе пяць праграм: чатыры краёвыя і адна замежная. Пя­тая Праграма Польскага радыё гэтак і называецца — Праграмай для замежжа.

Перадачы Пятай Праграмы Польскага радыё выходзяць у эфір на дзевяці мовах: польскай, ангельскай, нямецкай, літоўскай, беларускай, расійскай, украінскай, чэшскай і эсперанта. У суткі складаюць яны 18,5 гадзіны. Асноўная мэта гэтых перадачаў — паведамляць суседзям пра падзеі ў польскай дзяржаве на іх родных мовах. Крыху іншае значэньне Польскае рэдакцыі. Перада­чы на польскай мове адрасаваныя суайчыньнікам, якія пражываюць па-за межамі свае бацькаўшчыны.

Зараз Пятую Праграму ўзначальваюць палітолаг Ежы Марэк Навакоўскі і намесьнік дырэктара Багуміла Бэрдыхоўска-Шастакоўска. Разам зь іх прыходам на пасады дырэктараў праграмы з пачаткам бягучага году большая ўвага і значэньне пачалі надавацца інфармаваньню слухача пра польскую ўсходнюю палітыку ды наогул пра праявы ўсялякіх кантактаў польскіх жыхароў з грамадзянамі тых дзяржаў, якія знаходзяцца за польскай усходняй мяжой.

Беларуская рэдакцыя Польскага радыё ўзьнікла параўнаўча нядаўна — у студзені 1992 г., усьлед за раней пакліканымі іншымі г. зв. усходнімі рэдакцыямі — літоўскай і ўкраінскай. Гэта быў водгук Польскага радыё на ўзьнікненьне за польскай усходняй мяжой новых незалежных дзяржаў: Літвы, Украіны і Беларусі. Раней жа перадачы на ўсход вяліся толькі на расійскай мове. Падставай для такога рашэньня быў прынцып, што найважнейшае — гэта добрыя ўзаемаадносіны з суседзямі, а дзеля гэтага трэба як найбольш пра сябе ведаць. I менавіта такую інфармацыйную функцыю імкнецца выконваць Беларуская рэдакцыя Польскага радыё, распавядаючы сваім слухачам у Беларусі пра розныя галіны жыцьця польскае дзяржавы ды пра польска-беларускае супрацоўніцтва ці кантакты ў галінах эканомікі, палітыкі і культуры.

У Беларускай рэдакцыі Польскага радыё працуе шэсць журналістаў. Гэта ў асноўным маладыя людзі беларускае і польскае нацыянальнасьцяў: выпускнікі і студэнты катэдры беларускае філялёгіі ды Інстытуту гісторыі Варшаўскага унівэрсітэту.

Рэдакцыя мае сваіх сталых супрацоўнікаў, якія вядуць літаратурныя, навукова-тэхнічныя і рэлігійныя перадачы.

Журналісты Беларускае рэдакцыі Польскага радыё для замежжа ўтрымліваюць сталы кантакт зь беларускімі журналістамі ў Беластоку, якія працуюць у Рэдакцыі нацыянальных меншасьцяў, час ад часу абменьваючыся звесткамі. Мы выкарыстоўваем матэрыялы нашых беластоцкіх сяброў тады, калі на Беласточчыне адбываюцца нейкія мерапрыемствы і мы па розных прычынах ня можам прысутнічаць. У сваю чаргу Беластоцкае радыё выкарыстоўвае тыя нашы матэрыялы, якія датычацца польска-беларускіх дзяржаўных кантактаў, карэспандэнцыі зь Беларусі. Дарэчы, тут варта адзначыць, што Польскае ра­дыё мае свайго карэспандэнта ў Беларусі. Ім зьяўляецца журналіст нашае рэдакцыі.

Існавала таксама супрацоўніцтва паміж нашай рэдакцыяй і радыёстанцы-яй "Беларуская маладзёжная", пакуль "БМ" не была ліквідаваная па палітычных прычынах.

Паўгадзінныя перадачы Беларускае рэдакцыі выходзяць у эфір тры разы ў дзень: а 14.30, 16.30 і 18.00 гадзінах паводле мінскага часу на кароткіх хвалях у дыяпазонах 41, 49 і 50 мэтраў. Можна нас таксама слухаць па спадарожніку EUTEL-SAT II F 3 а 16.00 гадзіне, а па суботах і нядзелях дадаткова а 12.30.

У перадачах закранаюцца многія пытаньні, звязаныя з палітычным, эканамічным і культурным жыцьцём польскае дзяржавы, двухбаковымі польска-беларускімі адносінамі ды жыцьцём нацыянальных меншасьцяў: беларускай у Польшчы і польскай у Беларусі.

Важнае месца займае інфармацыйны блок, на які складаюцца навіны, палітычныя і эканамічныя каментарыі і агляды прэсы: польскіх, сталічных і рэгіянальных газетаў ды беларускай прэсы Беластоцкага краю. З асаблівай увагай мы адлюстроўваем усё тое, што польскія газеты пішуць пра Бела­русь.

Асаблівую ўвагу зьвяртаем на двухбаковае польска-беларускае супрацоўніцтва ў розных галінах жыцьця. У Польшчу час ад часу прыязджаюць прадстаўнікі беларускіх уладаў, парляманцкія групы, групы журналістаў, прадпрымальнікі і бізнесмэны, ладзяцца агульныя кірмашы і выставы. Мы, па меры нашых магчымасьцяў, стараемся прысутнічаць на гэтых сустрэчах і мерапрыемствах, размаўляць аб мэце візыту, падпісаных пагадненьнях і карысьці, якую прынясе абмен вопытам ці думкай. Здараюцца і прыкрыя моманты ў нашых сустрэчах з прадстаўнікамі Беларусі, а менавіта, бывае і так, што некаторыя зь іх не размаўляюць па-беларуску.

Значны час у нашым эфіры прысьвячаем жыцьцю нацыянальных меншасьцяў Зразумела, што зьяўляецца значная колькасьць перадачаў пра беларусаў у Польшчы, бо такая наша асноўная мэта — шырока адлюстроўваць жыцьцё Польшчы.

Асобна хачу некалькі слоў сказаць аб прысутнасьці тэмы культурнага жыцьця. А гэта таму, што, нягледзячы на сьціплыя часавыя рамкі і вельмі запалітызаванае наша жыцьцё, мы інфармуем пра тыя культурныя мерапрыемствы, якімі жыве Польшча або якія адлюстроўваюць двухбаковы абмен паміж нашымі краінамі. Гэта — справаздачы з розных культур­ных імпрэзаў: прэм'ераў фільмаў ці тэатральных спектакляў, музейных выставаў, канцэртаў і фестываляў. Гэта — размовы зь цікавымі людзьмі, якія вядомыя сваёй працай у галіне культуры або яе папулярызацыі. Гэта, урэшце, матэрыялы, падрыхтаваныя з нагоды розных юбілеяў, дзе згадваем асобы знакамітых польскіх ды беларускіх пісьменьнікаў ці мастакоў. Асаблівае месца займаюць справаздачы з розных навуковых канферэнцыяў.

Вялікую ўвагу зьвяртаем на такія двухбаковыя польска-беларускія мерапрыемствы, як, напрыклад, сумесныя спектаклі, наладжаныя тэатрамі імя А.Венгеркі ў Беластоку і Я.Купалы ў Мінску. Размаўляем з тымі, хто займаецца папулярызацыяй беларускае культуры ў Польшчы і польскае ў Беларусі (напрыклад, зь перакладчыкамі мастацкае літаратуры). Інфармуем аб супольных канферэнцыях ці навуковых камісіях (як хаця б супольная камісія па падрыхтоўцы падручнікаў для навучаньня гісторыі).

Літаратурнай творчасьці белавежцаў прысьвечаны цыкл гутарак Алеся Барскага пад загалоўкам "Беларускі літаратурны рух у Польшчы", а творчасьці беларускіх пісьменьнікаў зь Беларусі — цыкл гутарак Сакрата Яновіча пад агульным назовам "Ад Бібліі да беларускай літаратуры".

Мы вельмі цешымся, што ёсьць водгукі ад нашых слухачоў, якія пішуць нам лісты ці прысылаюць рапарты пра чутнасьць перадачаў у эфіры. Дзякуючы гэтаму ведаем, якія перадачы карыстаюцца асаблівай папулярнасьцю, на якія праявы жыцьця трэба зьвярнуць большую ўвагу і якіх памылак пазьбягаць.

Мы адказваем на лісты і ў эфіры, і непасрэдна. Час ад часу ладзім конкур­сы зь цікавымі ўзнагародамі. Робім намаганьні, каб заахвоціць нашых слухачоў да актыўнага ўдзелу.

Беларуская рэдакцыя Польскага радыё працуе згодна з тэзісам, што добрасумленная інфармацыя вядзе да багацейшых ведаў пра жыцьцё нашых краінаў і народаў ды садзейнічае лепшаму ўзаемаразуменьню.

Яшчэ некалькі слоў пра мову нашых перадачаў. Несумненна, час ад часу прабіваюцца ў эфір розныя памылкі: і лексічныя, і стылістычныя. Нашы слухачы пішуць нам пра іх, за што мы вельмі ўдзячныя. Зразумела, што стараем­ся іх пазьбягаць, але не заўсёды атрымліваецца так, як прагнем. Але цяпер хачу сказаць пра другое. Вядома, што сёньня ў беларускіх сродках масавай інфармацыі побач з узаконенымі правіламі беларускага правапісу ўсё адважней   прабіваюцца   нормы   напісаньня,   выкладзеныя   Браніславам

Тарашкевічам, г.зв. тарашкевіца. Тарашкевіца нам бліжэйшая па дзьвюх прычынах. Па-першае, вядома, што зьмены, унесеныя ў беларускі правапіс у 1933 г., былі праведзены штучным чынам, з мэтай зьліцця беларускае мовы ў адзінае рэчышча з мовай расійскай. Па-другое, тарашкевіца бліжэйшая беларускім гаворкам Беласточчыны — роднай зямлі большасьці з нас. Імкнемся пасьлядоўна прытрымлівацца тых арфаграфічна-арфаэпічных нормаў, якія існавалі ў Беларусі да 1933 г. Гэты факт можна лічыць голасам у дыскусіі аб зьменах беларускага правапісу.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by