|
Альма Лапінскене (Вільнюс)
Беларусістыка ў Літве
Пра беларусістыку ў Літве можна гаварыць шмат і ў розных аспектах, таму што гісторыя беларусістыкі ў нашай краіне ў нейкім сэнсе — гэта гісторыя культур двух народаў, дзвюх дзяржаў. Гісторыя цікавая, неадназначная і вельмі змястоўная. Каб у гэтым упэўніцца, даволі глянуць на наша стагоддзе.
У пачатку XX ст. Вільня стала супольным цэнтрам выдання літоўскіх і беларускіх газет. Прыгадаем толькі, што ў 1904 г. тут пачаў выходзіць першы літоўскі штодзённік "Vilniaus zinios", a ў 1906 г. — i першыя легальныя беларускія газеты "Наша Доля" і "Наша Ніва". У друкарні М.Кухты побач з іншымі літоўскімі і беларускімі кнігамі ў 1913 г. выходзіць "Вянок" М.Багдановіча. У Вільні жывуць, пішуць і сябруюць А.Пашкевіч-Цётка-Кайрэне, Марыя Ластаўскене, Янка Купала, Людас Гіра. Тут, у першым нумары газеты "Viltis" за 1910 г., змешчаны артыкул Л.Гіры "З беларускай літаратуры" — адна з першых спроб пазнаёміць літоўскага чытача з беларускай літаратурай. Артыкул паклаў пачатак літоўска-беларускай літаратурнай кампаратывістыцы.
У міжваенны перыяд Вільня — гэта не толькі цёмныя дні прыгнёту, але і ўзаемнае разумение, узаемападтрымка літоўскіх і беларускіх пісьменнікаў, супольныя вечарыны, дзе гучалі вершы М.Танка, А Жукаўскаса, Ю.Кекштаса, О.Міцюце, М.Машары.
У той жа час у Каунасе старанием Міністэрства беларускіх спраў і Беларускага цэнтра ў Літве (кіраўнік К. Душэўскі-Дуж) выходзяць беларускія кнігі і часопісы. Сярод іх — "Крывіч" (1923—1927), альманах "Беларускі асяродак" — вельмі каштоўныя выданні.
Падобных фактаў шмат. I шмат ix яшчэ чакае даследавання, альбо новага погляду, новай ацэнкі.
Для савецкага перыяду нашых культурных адносін характэрна ўсім нам добра знаёмая ідэалагічная спецыфіка. Аднак жа за тыя пяцьдзесят гадоў сувязей, няхай і інспіраваных, нашых навукоўцаў, пісьменнікаў, перакладчыкаў зроблена было шмат. Але пра гэта ўжо нямала пісалася, таму лічу больш патрэбнай і карыснай гаворку пра беларусістыку ў сённяшняй Літве.
Цікава паглядзець, ці перамянілася што, калі Літва і Беларусь сталі незалежнымі дзяржавамі. Палітычныя, сацыяльныя змены безумоўна аказваюць уплыў на развіццё культуры і навукі, асабліва гуманітарнай. Мабыць, дзякуючы гэтым зменам з'явілася мажлівасць стварэння МАБ, а разам з тым — і яго падраздзялення ў Літве.
Коратка пра Асацыяцыю беларусістаў Літвы. Яна дзейнічае ўжо чатыры гады — з 21 лютага 1991 г. Цяпер у яе спісе — 20 сяброў. Збіраемся мы разы чатыры ў год. Праведзена ўжо 16 пасяджэнняў. Два з іх можна назваць мініканферэнцыямі — гэта пасяджэнне, прысвечанае 100-годдзю М.Гарэцкага (красавік 1993 г.), і вечар паэзіі і перакладаў А.Мінкіна, сябра нашай асацыяцыі (май 1994 г.).
Асацыяцыя арганізавала і правяла дзве навуковыя канферэнцыі: у лістападзе 1991 г. сумесна з русістамі Вільнюскага універсітэта мы правялі сустрэчу, прысвечаную 100-годдзю М.Багдановіча, а праз два гады — канферэнцыю "В.Ластоўскі і яго асяроддзе". У абедзвюх канферэнцыях удзельнічалі госці з Мінска. 10 лістапада мінулага года сумесна з Саюзам пісьменнікаў Літвы быў арганізаваны літаратурны вечар-сустрэча з В.Быкавым. Атрымалася сапраўднае свята беларускай літаратуры. Сёлетаў красавіку арганізавалі вечар паэзіі Р.Барадуліна ў келлі Конрада. Шкада, што з-за хваробы паэт не прыехаў. Часткова гэта кампенсавала прэзентацыя кнігі В .Быкава "Альпійская балада; Воўчая зграя" ў Саюзе пісьменнікаў Літвы і літаратурны вечар яе аўтара, у якім удзельнічаў і Р.Барадулін.
Арганізацыйная дзейнасць — толькі адна, вонкавая старонка дзейнасці нашых беларусістаў. Стварэнне асацыяцыі прынесла двайную карысць для беларусістыкі. Па-першае, беларусісты цяпер маюць магчымасць арганізоўваць свае мерапрыемствы, якія прапагандуюць беларускую культуру. Па-другое, стаўшы сябрам асацыяцыі і атрымаўшы правы ў гэтай арганізацыі, кожны беларусіст тым самым атрымлівае і прыемны абавязак стала працаваць у сферы беларусістыкі. I гэтая праца сяброў асацыяцыі самая важная.
Сёння ў нашай асацыяцыі пяць літаратараў-перакладчыкаў, сем мовазнаўцаў, шэсць гісторыкаў, два фалькларысты.
Фальклор асабліва выразна сведчыць пра этнічныя і культурныя сувязі нашых народаў. У літоўскіх і беларускіх песнях можна знайсці амаль літаральна супадаючыя тэксты. Таму так важны параўнальны даследчыцкі метад. Літоўскія фалькларысты вельмі часта выкарыстоўваюць прыклады з беларускага фальклору. Сябры нашай асацыяцыі В.Місявічэне і Н.Лаўрынкене, даследчыцы старажытных літоўскіх каляндарных і жніўных песняў параўнальным метадам, сцвярджаюць, што па распаўсюджанні старажытных песняў можна вызначыць самабытны арэал блізкіх кантактаў паміж балтамі і ўсходнімі славянамі.
Агульны арэал абумовіў шмат супольных старонак гісторыі. Гісторыя ВКЛ у Літве даследуецца даўно, але цяпер працы гісторыкаў больш палемічныя і тым самым вастрэйшыя, цікавейшыя. Безумоўна, кожны літоўскі гісторык, даследчык нашай старажытнай гісторыі, з'яўляецца і даследчыкам гісторыі Беларусі, не кажучы ўжо пра сяброў нашай асацыяцыі Р.Гірконтаса і Ю.Шаўцова.
Самую вялікую групу складаюць мовазнаўцы. Доследы моўных кантактаў праводзіліся і ў савецкі час. Пра гэта рупіліся мовазнаўчыя інстытуты. Шмат зроблена ў гэтай галіне Э.Грынавецкене. Але цяпер цэнтрам беларускай лінгвістыкі стала кафедра славянскай філалогіі, арганізаваная ў Вільнюскім універсітэце ў 1990 г. (кіраўнік праф. В.Чэкмонас). Тутраспрацоўваюццатры праграмы, цесна звязаныя з беларусістыкай. Першая праграма — "Даследаванне літоўска-славянскіх этнагенетычных кантактаў". У яе ўваходзіць манаграфічнае апісанне беларускіх гаворак на поўдзень ад Вільні, сацыялінгвістычны атлас літоўска-беларускай моўнай мяжы. Над гэтай праграмай працуюць В.Чэкмонас, М.Савіч і інш. Другая праграма — "Помнікі і пісьмовая традыцыя царкоўнаславянскай мовы ВКЛ". Гэта міжнародная праграма — у яе распрацоўцы ўдзельнічаюць навукоўцы з Расіі, Балгарыі, Польшчы. Трэцяя праграма — "Доследы старажытнай беларускай мовы" (па творах М.Сматрыцкага, "Хроніцы Быхаўца" і іншых помніках). Над тэмай працуюць Н.Марозава, Л.Ясюлевіч і інш. Асобны напрамак — даследаванне польскіх і беларускіх рукапісных помнікаў, пісаных арабскімі літарамі. Гэтым займаецца Г.Мішкінене, С.Шупа. Акрамя таго, сумесна з Жэнеўскім універсітэтам праводзіцца даследаванне сацыялінгвістычнай сітуацыі ў Літве і Беларусі.
Трэба адзначыць, што беларусісты кафедры хутка будуць выкладаць студэнтам-філолагам беларускую мову як другую мову.
Пачаўшы гаворку пра выкладанне мовы, трэба сказаць некалькі слоў і пра беларусістыку ў нашым педуніверсітэце.
Беларускае аддзяленне факультэта славістыкі Вільнюскага педагагічнага універсітэта было адкрыта ў 1991 г. па ініцыятыве Літоўскага ўрада, актыўна падтрыманай беларускай грамадскасцю. У верасні 1991 г. пачала дзейнічаць кафедра беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры (загадчыца — доктар Л.Плыгаўка). Цяпер на беларускім аддзяленні 30 студэнтаў: II курс — 10, III курс — 12, IV курс — 8 чалавек. Усе студэнты рыхтуюцца да атрымання двайной спецыяльнасці: першая, асноўная, — "Беларуская мова і літаратура". Тут былі тры наборы студэнтаў, у 1994 г. студэнты не прымаліся, сёлета прыём таксама не прадбачыцца паводле рашэння як кафедры беларусістыкі, так і кіраўніцтва ВПУ і Міністэрства навукі і асветы. Прычыны — адсутнасць фінансавых сродкаў і, быццам бы, патрэбы ў большай колькасці спецыялістаў па беларусістыцы.
Але дазвольце вярнуцца да турбот нашай асацыяцыі ў вельмі важнай галіне беларусістыкі — у літаратурных сувязях, перакладзе.
У літаратурнай кампаратывістыцы вялікіх прац цяпер не бачым — часам з'яўляецца юбілейны артыкул або рэцэнзія (можа гэта і нармальна пасля выхаду кнігі "Перазовы сяброўскіх галасоў"). Больш турбуе іншае — пераклады, таму што яны — галоўнае звяно літаратурных сувязей.
З 1945 да 1990 г. у Вільнюсе на літоўскай мове выйшла 51 кніга беларускіх аўтараў (у год — прыкладна адна кніга, апошняя ў 1990 г. — "Год нулявы" В.Адамчыка). I пасля гэтага чатыры гады зусім "пустыя". У канцы 1994 г. выйшла "Дзікае паляванне караля Стаха" У.Караткевіча, у гэтым годзе — "Альпійская балада; Воўчая зграя" В.Быкава. Але ж гэтыя пераклады праляжалі ў выдавецтвах без руху па пяць-шэсць гадоў. Значыць, столькі ж гадоў ніхто нічога не перакладае. Не перакладае таму, што вельмі цяжка выдаць. Выдавецтвы зацікаўлены ў літаратуры Заходняга свету — гэтую літаратуру больш купляюць. А мастацкая літаратура суседзяў, часам і больш каштоўная, застаецца невядомай. Гэта ненармальна.
Мы, беларусісты нашай асацыяцыі, упэўнены, што і пры рыначных умовах культура павінна мець сваю накіраванасць. А ў культурным абмене суседзі павінны мець прыярытэт. На наш погляд, патрэбна, каб Міністэрства культуры Літвы і Міністэрства культуры Беларусі падпісалі дамову: кожны год на парытэтных асновах фінансаваць хаця б па два пераклады суседняй літаратуры. Толькі тады нашы літаратурныя сувязі сапраўды стануць сувязямі, толькі тады можна будзе сказаць, што стан беларусістыкі ў Літве нармальны.

