|
Мечыслаў Яцкевіч (Ольштын)
Вільня як асяродак беларускай культуры і літаратуры пачатку XX ст. на фоне польскай і літоўскай культур
Пачатак XX ст. — гэта рубеж верхаводства шляхецкае інтэлігенцыі ў жыцьці беларускага народа. Ужо ад 1861г., ад скасаваньня прыгону, зь беларускае вёскі спадаюць адвечныя путы, якія прыкоўвалі да аднаго месца маладыя сілы. У новых варунках — як вольныя людзі — растуць новыя пакаленьні, што ідуць у школу, ідуць у горад, разьвіваючы свой інтэлект і свой кругагляд, раней абмежаваны вузкім колам спраў і інтарэсаў адно толькі свайго куточка. I з гэтых новых пакаленьняў людзей, што вырасьлі на волі, выходзяць усё больш і больш шматлікія народныя інтэлігенты, якім час ад часу ўдаецца пранікнуць і ў гімназіі, і ва універсітэты.
Беларуская інтэлігенцыя на Віленшчыне ўзбагачаецца новым сялянскім элементам, які хоць і расплываецца ў класава і нацыянальна чужым інтэлігенцкім моры, аднак пачынае пакрысе ўплываць і на тую асяродзіну, што яго глытае. Палітычны і сацыяльны радыкалізм універсітэцкай моладзі пачатку XX ст. памог новым беларускім інтэлігентам захаваць сувязь з роднай вёскай, а сьледам за гэтым — як лагічны вывад — пайшло і беларускае нацыянальнае ўсьведамленьне.
У пачатку XX ст. беларускі культурны і літаратурны рух знайшоў месца ў Вільні — старым асяродку культурнага жыцьця і адраджэнцкага будаўніцтва беларусаў. У гэты час Вільня пачынае іграць ролю цэнтра беларускай культуры і літаратуры, беларускага нацыянальнага адраджэньня. Антон Луцкевіч, вядомы публіцыст і беларускі дзеяч, у 1925 г. сказаў пра гэты горад: "Ды ня кожнае места мае такую прывабную сілу для тварцоў нашае адраджэнцкае літэратуры: нават Менск, сучасная сталіца Беларускае Радавае Рэспублікі, прымушаны ўступіць тут месца спрадвечнай сталіцы Беларусі — Вільні. Прымушаны ўступіць месца Вільні, бо ня мае таго, што мае Вільня: ня мае жывое дагэтуль 600-гадовае гістарычнае традыцыі, ня мае відавочных памятнікаў даўнае культуры і мастацтва, а галоўнае — ня мае сваёй асаблівай Душы, якую мае надвялейская сталіца і якая вызірае з кожнае вулкі старых кварталаў Вільні"1.
У надвілейскім горадзе жылі і працавалі такія вядомыя беларускія дзеячы, як Францішак Скарына, Вінцэсь Каратынскі, Францішак Багушэвіч (Мацей Бурачок), Канстанцыя Буйло і інш. Бываў тут Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Тут, у Вільні, выраслі ідэйна Ян Чачот і Уладзіслаў Сыракомля, якія пакінулі ў беларускім пісьменстве значны сьлед. Тут працаваў і склаў сваю галаву паўстанец-беларус Кастусь Каліноўскі, які мо' першы разглядаў Беларусь як палітычную катэгорыю; у Вільні расцвіла творчасьць Алаізы Пашкевічанкі-Цёткі.
Дзеля таго сьмела можна сказаць, што Вільня мае сваё пачэснае месца і ў беларускім руху яшчэ да адраджэньня. Як у XVI і XIX стст. білася ў Вільні беларускае сэрца, змагаючыся з пануючай чужой культурай — польскай і расійскай, так і ў пачатку XX ст. яно таксама пульсавала, як і пульсуе цяпер. У 1906 г. у Вільні пачала выходзіць першая беларуская легальная газета "Наша Доля", а пасьля — "Наша Ніва", якая выдавалася тут да 1915 г. Вільня бясспрэчназ 1906 г. зьявілася галоўным асяродзьдзем беларускага руху, кузьняй беларускай адраджэнцкай ідэалогіі.
У Вільні "Наша Ніва" пачала сістэматычнае выданьне беларускіх кніг. Сьцяпан Александровіч лічыць, што ніякай асобнай выдавецкай суполкі пры газеце не існавала. Брашуры, календары і зборнікі, выдадзеныя "Нашай Нівай", былі своеасаблівым дадаткам да газеты, перадрукамі ці асобнымі адбіткамі газетных матэрыялаў2. Першыя кніжкі "Нашай Нівы" (1907—1909) выйшлі з друкарні Марціна Кухты. У Вільні друкаваліся "Беларускія календары" на 1910-1913 гг. Выдаваліся яны невялікімі кнігамі (ад 86 да 120 старонак), тыражом ад чатырох да васьмі тысяч экземпляраў. Пры ўдзеле "Нашай Нівы" выйшлі зборнікі вершаў Якуба Коласа "Песьні жальбы" (1910) і Максіма Багдановіча "Вянок" (1913), з прозы — зборнік Якуба Коласа "Апавяданні", Ядвігіна Ш. "Бярозка" і "Беларускія казкі".
З 1908 г. у Вільні існавала беларускае выдавецкае таварыства "Наша хата", якое, на жаль, зрабіла не вельмі многа. У Вільні таксама дзейнічала таварыства "Палачанін", якое выпусьціла ў Марціна Кухты дзьве кнігі: зборнік гумарыстычных вершаў Альберта Паўловіча "Снапок" (1910) і паэму Тараса Шаўчэнкі "Кацярына" (1911). У 1913 г. тут было створана Беларускае выдавецкае таварыства, якое месьцілася на вуліцы Каштанавай, 5. Яно было вельмі актыўнае — толькі ў 1914 г. выдала 13 кніг тыражом 42 тысячы экземпляраў3. Такой колькасьці беларускіх кніг, як па назвах, так і па тыражы, яшчэ не выпускала за год ні адно беларускае выдавецтва. Былі тут выдадзены кнігі "Родныя зьявы" Якуба Коласа, "Рунь" Максіма Гарэцкага, "Васількі" Ядвігіна ТТТ.д "Курганная кветка" К.Буйлы і інш.
У Вільні разьвіваліся як паэты Янка Купала, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля, Лявон Родзевіч, Казімір Сваяк, Уладзімір Жылка і інш. Янка Купала ўжо з канца 1906 г. зьвязаўся з "Нашай Нівай". Рэдакцыя адразу ацаніла здольнасьці маладога паэта і пачала на пачэсным месцы зьмяшчаць яго творы. "Наша Ніва" неўзабаве выклікала Купалу з вёскі ў Вільню, расстаралася для яго працу намесьніка бібліятэкара ў бібліятэцы "Знание", уласнік якой, Барыс Даніловіч, быў вельмі блізкім чалавекам да нашаніўскай групы і пасьля прымаў чынны ўдзел у беларускім руху ажио да часу Першай сусьветнай вайны, якая адарвала яго ад Вільні4. У 1909 г. Купала выехаў зь Вільні ў Пецярбург, але ўжо ў 1913 г. вярнуўся ў надвілейскі горад, дзе затым працаваў у Беларускім выдавецкім таварыстве ды займаў адказнае становішча рэдактара "Нашай Нівы" ажио да эвакуацыі ў восені 1915 г.
Вільня звязала Купалу з сусьветнай літаратурай, а перадусім — з літаратурай польскай ды расійскай, творы якіх былі даступныя яму ў арыгіналах. Бясспрэчна, вялізны ўплыў на паэта зрабілі тут польскія рамантыкі, у першы чарод — Адам Міцкевіч, пераклады зь якога бачым ужо ў "Гусьляры". У паэзіі Купалы відаць таксама і ўплыў Юльюша Славацкага, чыё дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Вільні. Жывучы ў Вільні, Купала захапляўся творамі "Лірніка вясковага" — Уладзіслава Сыракомлі, зь якога тады шмат перакладаў. У горадзе над Вільёй паэт пазнаёміўся з творчасьцю такіх польскіх паэтаў і празаікаў, як Марыя Канапніцкая, Ян Каспровіч, Станіслаў Пшыбышэўскі. Як даказвае Антон Луцкевіч, "глыбока пранікае ў душу Купалы "пшыбышэўшчына" з усімі яе нэрвознымі настроямі, і пад уплывам бачанага на сцэне "Сьнегу" Пшыбышэўскага напісаў Купала імправізацыю "Сьнег" — верш высокай мастацкай вартасьці"5. У тым жа часе Купала збеларушчыў верш Яна Каспровіча "В сьвят", зьмешчаны значна пазьней у зборніку "Безназоўнае".
У Вільні Купала навучыўся ад польскіх рамантыкаў глядзець у мінуўшчыну шукаць хараство ў народных легендах, аповесьцях з даўно мінулых дзён, з усяго гэтага вельмі многа чарпаў для сваей творчасьці. Найноўшыя польскія паэты далі яму новыя формы верша, паказалі, якую вялікую вагу ў паэзіі іграе рытм і як ім карыстацца.
Змітрок Бядуля таксама, трапіўшы ў Вільню, добра адчуў душу гэтага горада. Першы раз прыехаўшы ў Вільню ў 1912 г. і пазнаёміўшыся з галоўным цэнтрам беларускага руху таго часу — рэдакцыяй "Нашай Нівы", ён перажыў глыбокія ўражаньні. Антон Луцкевіч пісаў, "што Вільня аканчальна вызначыла Бядулі яго жыцьцёвы шлях. Бядулю паразіла тут у роўнай меры як адраджэнцкая работа, так і тая спадчына па далёкай мінуўшчыне беларускага народу, каторую ён убачыў у пастаці бясцэнных збораў памятак старасьвеччыны, хаваных у той час Іванам Луцкевічам у памяшчэньні "Нашае Нівы"6.1 сінтэз усяго гэтага ўявіўся Бядулі, — піша Луцкевіч, — як "сьвятое месца", якое пясьняр наш апісаў у кароценькай імпрэсіі, ахвяраванай Івану Луцкевічу"7. У гэтай імпрэсіі паэт выказаў сваё захапленьне беларускасьцю, беларускай культурай, якая адраджалася тады ў Вільні. Бядуля пісаў:
"Божа! Гэта ж тут пачатак адраджэньня цэлага народу! Гэта ж прамень шчырага парыву беларускіх сыноў! Гэта ж тут працуець сям'я маладых сіл, каторыя не шкадуюць ахвяраваць сваё жыцьцё, сваё шчасьце за вялікі Беларускі народ!.. Сьвятое гэтае месца..."8
Старой Вільняй захапіўся Максім Багдановіч. "Характэрна, — піша А.Луцкевіч, — што чужыя месты, дзе жыў Багдановіч, не давалі яму натхненьня, толькі ў Вільні — духова родным месьце — "зьвярнуў яго Пэгас на вулкі з прывольных палявых дарог", толькі тут да яго душы прамовіла краса, "укрытая ў месьце"9. Гэту прыгожасьць Вільні Багдановіч выказаў у радках:
"Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!
Вір людскі скрозь заліў паясы тратуараў,
Блішчаць вокны, ліхтарні ўгары зіхацяць,
I гараць аганьком вочы змучанных твараў!"10
У Вільні з 1913 г. жыў Максім Гарэцкі, працаваў тут каморнікам, а з 1919 г. — педагогам, выкладаючы беларускую мову ў Віленскай Беларускай гімназіі. Зь Вільні ён разам з іншымі беларускімі дзеячамі быў высланы польскай уладай у Коўна. Адтуль паехаў у Латвію, дзе працаваў у беларускай гімназіі у Дзьвінску, зноў вярнуўся ў Вільню, але з прычыны забароны польскай уладай працаваць у Беларускай гімназіі перабраўся ў Мінск. Прабываньне Гарэцкага ў Вільні, хаця і кароткае, было вельмі пладавітым і важным для беларусаў Віленшчыны.
У горадзе Гедыміна нарадзіўся новы беларускі тэатр. Яго арганізацыя па-чалася ў 1906 г. у асяродзьдзі беларускай інтэлігенцыі. Але першы паказ драмы адбыўся толькі 25 лютага 1910 г. На сцэне драматычнага гуртка ў 1910— 1911 гг. з велізарным посьпехам праходзілі спектаклі Ігната Буйніцкага. У пазьнейшы час віленскія беларусы ставілі спектаклі розных аўтараў — Элізы Ажэшка, Якуба Коласа, Антона Чэхава і інш.
Трэба тут сказаць пра выключную ролю Францішка Аляхновіча ў разьвіцьці беларускай драматургіі і тэатра. Аляхновіч зьяўляецца наскрозь віленчуком, неадродным сынам Вільні. "Ён, — піша Луцкевіч, — інтэгральная частка віленскага мяшчанства, хоць і рознага — зычнага, але псыхолёгічна даволі аднароднага. Знамяніты віленскі жаргон — так званая "Польшчызна" — яе найлепшы гэтаму доказ. I Аляхновіч, творачы радам сваіх драматычных твораў, узятых зь віленскага жыцьця, як быццам паэму аб людзях Вільні — людзях даваеннага дня, знамяніта адтварае індывідуальныя рысы тыповых віленцаў"11. У "На Антокалі" і ў "Шчасьлівым мужу", у "Маньцы" і ў "Страхах жыцьця" — усюды бьецца пульс беларускага жыцьця ў Вільні пачатку XX ст.
Беларускае кулыурнае жыцьцё ў Вільні да Першай сусьветнай вайны разьвівалася на фоне культур польскай, літоўскай і гебрайскай. Няма тут часу, каб абмеркаваць дзейнасьць палякаў літоўцаў і гебраяў у Вільні, але трэба прыгадаць, што пасьля 1905 г. бурна пачала тут разьвівацца польская літаратура, зьявіліся часопісы і газеты, новы польскі тэатр. Палякі многа пісалі і на беларускія тэмы. Да сяброў беларускага руху можна залічыць такіх мясцовых публіцыстаў, як Люцыян Узембла, Напалеон Казімір Роўба, Зыгмунт Нагродзкі ці Людвік Абрамовіч, які ў часопісе "Пшэглёнд Віленьскі" ўдзяліў многа ўвагі беларускай культуры і літаратуры, беларускаму адраджэнцкаму руху.
Вільня пачатку XX ст. была таксама асяродкам літоўскага нацыянальнага і кулыурнага адраджэньня. У Вільні выходзілі літоўскія газеты, існавала навуковае таварыства, разьвіваўся літоўскі нацыянальны тэатр. Як даказваюць Альма Лапінскене і Адам Мальдзіс, менавіта тады, у дзесятыя гады, завязаліся ў Вільні добрыя сувязі паміж беларускімі і літоўскімі паэтамі. Яны "часта сустракаліся ў памяшканні беларускага клуба і літоўскага клуба "Рута". Там ставіліся беларускія спектаклі [...] давала канцэрты славутая група Ігната Буйніцкага"12. У гэтых клубах бывалі Цётка, Янка Купала, Ядвігін Ш.
Прыходзілі туды літоўцы Людас Гіра, Канстанцінас Мікалоюс Чурлёніс, Марыя Ластаўскене, а таксама палякі фатограф Ян Булгак, паэт Ежы Янкоўскі13.
I віленскія палякі-дэмакраты, і літоўцы адносіліся да беларускага руху добразычліва. Асабліва пасябраваў зь беларусамі вядомы літоўскі паэт Людас Гіра. Ужо ў 1910 г. ён пачаў перакладаць на літоўскую мову вершы Янкі Купалы і іншых паэтаў. Сам Людас Гіра добра валодаў беларускай мовай і нават пісаў па-беларуску вершы, дзе выявіў сваю любоў і павагу да беларускага народа.
На заканчэньне хачу выказаць тую праўду, што Вільня, гістарычная і сёньняшняя сталіца Літвы, сталася ў пачатку нашага стагодзьдзя галоўным асяродкам беларускай культуры. Яна і цяпер, у нашыя дні, таксама зьяўляецца важным цэнтрам беларускасьці на скрыжаваньні дарог паміж Усходам і Захадам.
Спасылкі:
1 Навіна А. Вільня ў беларускай літаратуры // Навіна А. Адбітае жыцьцё: Лекцыі і стацьці з беларускае адраджэнскае літаратуры. Вільня, 1929. С. 124.
2 Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 143.
3 Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. С. 147.
4 Навіна А. Адбітае жыцьцё. С. 143.
5 Навіна А. Адбітае жыцьцё. С. 148.
6 Тамсама. С. 132.
7 Тамсама.
8 Тамсама. С. 133.
9 Тамсама.
10 Багдановіч М. Вянок. Вільня, 1913. С 12.
11Навіна А. Адбітае жыцьцё. С 130.
12Лапінскене А., Мальдзіс А. Перазовы сяброўскіх галасоў. Мн., 1988. С. 64-65.

