МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Нацыянальная школа як фактар захавання беларускай дыяспары ў Латвіі // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 2

Аўтар: Целеш Вячка
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 2 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 362 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Латвія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Вячка Целеш (Рыга)

Нацыянальная школа як фактар захавання беларускай дыяспары ў Латвіі

Беларусы на тэрыторыі сённяшняй Латвіі жывуць з старажытных часоў. Стварэнню і папаўненню беларускай дыяспары садзейнічалі розныя фактары. У часы Полацкага і Вялікага Літоўскага княстваў суседнія народы — бе­ларусы і латышы — разам змагаліся супраць нямецкіх рыцараў, вялі паміж сабой гандаль. Агульная рака Дзвіна-Даугава з часоў сярэдневякоўя і да XX ст., да перакрыцця яе плацінай электрастанцыі, была тут галоўным гандлёвым шляхам.

Яшчэ ў 1229 г. паміж Рыгай і Полацкім княствам быў афіцыйна заключаны дагавор аб гандлі. У XV ст. беларусаў у Рызе было ўжо шмат, яны мелі тут свае гандлёвыя канторы. У 1453 г. у старым горадзе імі была пабудавана царква святога Мікалая, а ў 1779 г. з'явілася яшчэ адна беларуская царква—Траецкая.

Паступова, у выніку розных прычын і абставінаў у розныя часы асядалі беларусы ў Латвіі. Але найбольш іх там жыло і застаецца сёння ў Латгаліі — на памежжы беларусаў і латышоў. У часы Расійскай імперыі гэтая частка сённяшняй Латвіі ўваходзіла ў Віцебскую губерню, тут пражывала больш 80 тысяч беларусаў. Калі ў 1920 г. Латвія стала незалежнай дзяржавай, у яе межы ўвайшлі і Латгалія з былымі віцебскімі паветамі і беларусамі, якія атрымалі статус нацыянальнай меншасці. Па перапісу таго года іх у Латвіі налічвалася 75,6 тысячы.

Калі была заснавана Латвійская дзяржава, беларусам, як і іншым нацменшасцям, было дадзена права на нацыянальна-культурную аўтаномію, у тым ліку і на адукацыю на роднай мове. Дзеля арганізацыі беларускай школы ў Латвіі вельмі шмат зрабіў беларус з Латгаліі, сябра ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі Кастусь Езавітаў. У мясцовых расійскіх школах ён адшукаў для гэтай справы настаўнікаў-беларусаў. I адзін з іх — Сяргей Сахараў, вядомы педагог і фалькларыст. З Заходняй Беларусі Езавітаў запрасіў беларускіх настаўнікаў Паўліну Мядзёлка, Міколу Дзямідава, Максіма Гарэцкага, Сцяпана Сіцько, Яна Шчорса і інш. У 1921 г. у г. Даўгаўпілсе Кастусём Езавітавым і Сяргеем Сахаравым было заснавана культурна-асветнае таварыства "Бацькаўшчына", якое актыўна ўзялося за арганізацыю беларускіх школ. У 1921/22 навучальным годзе было адкрыта 16 пачатковых беларускіх школ у Даўгаўпілскім павеце і каля 30 школ у Лудзенскім павеце. У 20-30-х гадах у Латвіі працавалі больш 50 беларускіх школ і беларускія гімназіі ў Лудзе, Даўгаўпілсе і Рызе. У гэтых школах даваліся добрыя веды па беларускай і латышскай мовах, гісторыі і літаратуры Беларусі, выхоўваліся патрыятызм і любоў да сваей этнічнай радзімы, да сваіх каранёў, нацыянальнай культуры і спадчыны.

У школах працавалі розныя гурткі, музычны аркестр, хор і нават тэатр. Вучні выдавалі часопісы "Ластаўка", "Школьная праца", "Школьная часопісь", дзейнічалі беларускія патрыятычныя скаўцкія арганізацыі. Нягледзячы на тое што выпускнікі гэтых школ не мелі магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю на роднай мове ў Латвіі і нават на этнічнай Радзіме (Савецкая Беларусь варожа ставшася як да капіталістычных дзяржаў, так і да сваіх суродзічаў, што ў іх пражывалі), бацькі з ахвотай аддавалі сваіх дзяцей у беларускія школы. Праз вывучэнне гісторыі, літаратуры, краязнаўства, культуры Латвіі, традыцый латышоў тут выхоўвалася таксама і любоў да гэтага народа, да "малой" сваёй Радзімы. Пасля заканчэння школы выпускнікі, добра валодаючы латышскай мовай, маглі паспяхова здаваць уступныя экзамены і вучыцца ў вышэйшых і іншых навучальных установах Латвіі, хоць вучоба там вялася на латышскай мове. Напрыклад, выпускнікі Даўгаўпілскай беларускай гімназіі Міхась Калінін і Петра Мірановіч паступілі і вучыліся ў Латвійскай акадэміі мастацтваў. Скончыла Латвійскую кансерваторыю Надзея Мікалаева-Комісар, Павел Чаркоўскі — Рыжскі чыгуначны тэхнікум.

Пакуль існавала беларуская школа, захоўвалася і беларуская дыяспара, бо праз нацыянальную школу пашыралася нацыянальная самасвядомасць беларусаў, яна супрацьстаяла іх асіміляцыі. З прыходам у Латвіі ў 1934 г. да ўлады аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта К.Ульманіса пачалася латышызацыя Латвіі, а найбольш Латгаліі. У сувязі з гэтым беларускія школы ліквідоўваліся і замяняліся латышскімі, хоць ў Рызе да 1940 г. яшчэ захаваліся дзве беларускія пачатковыя школы і вячэрняя гімназія імя Францыска Скарыны. З ліквідацыяй беларускіх школ тады ж амаль у тры разы паменшылася і беларуская дыяспара. У 1935 г. беларусаў у Латвіі налічвалася 26,8 тысячы. Шмат беларускіх дзяцей пайшло вучыцца ў латышскія і расійскія школы, якія паўплывалі на асіміляцыю беларусаў, найбольш на іх другое і трэцяе пакаленне. Гэта сёння тут могуць засведчыць такія беларускія прозвішчы старажылаў, як Худабчонак, Лукашэвіч, Трубяцкі, Крук, Юрэвіч, якія лічаць сябе расійцамі, Пашкевіч, Тамашыцкі, Васілеўскі, Навікевіч, Азерскі — палякамі, а Петрашкевічс, Раманоўскіс, Лапчонакс, Паўлюкс, Карповічс, Цэбарс і шмат іншых лічацца латышамі. Безумоўна, былі і ёсць асобныя выпадкі асіміляцыі беларусаў, калі яны пераходзілі ў іншую нацыю па прычыне кахання і жаніцьбы ці па прычыне палітычнай сітуацыі, або па прычыне моды, калі стала прэстыжным быць латышом, палякам або расійцам. Аднак гэтыя выпадкі пры нармальным развіцці беларускай культуры і асветы ў Латвіі не могуць істотна ўплываць на памяншэнне беларускай дыяспары.

З прыходам у 1940 г. і потым, у 1945 г., у Латвію камуністычнага рэжыму, усе беларускія школы былі зачынены, засталіся толькі латышскія і расійскамоўныя. Шмат беларускіх настаўнікаў і былых вучняў былі рэпрэсаваны. Пасля гэтага пачалася прыкметная асіміляцыя мясцовых беларусаў з латышамі ці палякамі, а найбольш іх пачалі пісацца расійцамі. Нягледзячы на гэта, колькасць беларусаў у Латвіі не толькі не зменшылася, але пачала хутка расці за кошт іх прыезду з Беларусі. Вялікія новабудоўлі, распачатыя ў Латвіі, запатрабавалі шмат спецыялістаў і рабочай сілы. Суседняя Беларусь імкнулася іх забяспечыць. У 1959 г. беларусаў тут ужо налічвалася 61,6 тысячы, а ў 1989 г. — больш за 119 тысяч.

У 1990 г. латышскі народ аднавіў незалежнасць сваей дзяржавы, і беларусы зноў атрымалі нацыянальна-культурную аўтаномію. Тут заснаваны і сёння дзейнічаюць тры таварыствы беларускай культуры. У Рызе гэта — "Сьвітанак" і "Прамень", а ў Даўгаўпілсе — "Уздым". Беларуская ды­яспара цяпер налічвае 109 тысяч чалавек. Амаль 10 тысяч з іх у выніку нестабільнасці эканамічных і палітычных абставін у апошнія гады вярнуліся ў Беларусь.

У 1994/95 навучальным годзе Латвійскае таварыства беларускай куль­туры "Сьвітанак" адкрыла ў Рызе першы клас беларускай школы. Хоць колькасць беларусаў у Латвіі цяпер намнога большая, чым у 20—30-я гады, аднак з-за моцнай іх русіфікацыі, якая адбылася за савецкі час, стала вельмі складана адрадзіць беларускую школу ў Латвіі. Але зрух да яе адбыўся. Ужо працуе падрыхтоўчая група новага першага класа, які павінен адкрыцца ў верасні 1995 г. Аднак цяжкасці на шляху гэтай школы былі і застаюцца. Цяпер, можа, лягчэй знайсці настаўніка для беларускай школы, чым у тыя часы, але больш складана сёння з атрыманнем памяшкання, якога яна яшчэ не мае і часова месціцца ў расійскамоўнай школе № 15. Існаванне беларускай школы ў Латвіі часткова залежыць і ад адносін да яе самой Беларусі, ад падтрымкі яе беларускай дзяржавай, падпісання двухбакавога пагаднення паміж міністэрствамі адукацыі Беларусі і Латвіі, дзе прадугледжана атрыманне ў Беларусі на роднай мове сярэдняй і вышэйшай адукацыі беларусамі Латвіі. Бацькі вядуць дзяцей у беларускую шко­лу не толькі з-за нацыянальнай самасвядомасці і патрыятызму, але з-за таго, што вераць ў адраджэнне Беларусі, у тое, што беларускія школы і ВНУ пяройдуць на беларускую мову навучання. I калі нехта з выпускнікоў не здолее атрымаць вышэйшую адукацыю ў Латвіі, то добра ведаючы род­ную мову, ён будзе мець магчымасць атрымаць яе на сваей этнічнай Радзіме. Калі ж сітуацыя ў Беларусі зменіцца ў адваротны бок, то беларусам у Латвіі цяжэй будзе аднавіць беларускую школу, нацыянальную культуру і супрацьстаяць паступовай іх асіміляцыі.

Дзеля таго, каб захаваць дыяспару, нам неабходна беларуская школа. Сён­ня ад усіх жыхароў некарэннай нацыі Латвіі патрабуюць хутчэйшай інтэграцыі ў гэту дзяржаву — каб больш гарманічнымі сталі адносіны паміж латышамі і іншымі нацыямі, якія тут жывуць, каб разам будавалася незалежная дзяржава. Менавіта такая школа з паглыбленым вывучэннем у ёй латышскай мовы, гісторыі, культуры і традыцый латышскага народа будзе інтэграваць беларусаў у латвійскую дзяржаву і культуру, аднак не асімілёўваць іх. Бо выхаваная ў ёй нацыянальная самасвядомасць застрахуе выпускнікоў беларус­кай школы ад гэтага.

Цяпер у Латвіі выпрацоўваецца новы закон аб адукацыі, які забяспечыць існаванне дзяржаўных школ з латышскай мовай навучання і школ нацыянальных меншасцей. Расійскамоўныя школы, якіх амаль палова ў Латвіі, павінны з цягам часу перайсці на дзяржаўную мову навучання. Каб заха­ваць гэтыя школы, некаторыя іх кіраўнікі прапаноўваюць стварыць так зва-ныя мульцінацыянальныя школы. Гэта тыя ж расійскамоўныя школы, дзе будуць вучыцца дзеці розных нацыянальнасцей, для якіх расійская мова — родная мова. Усе вучні гэтых школ павінны будуць вывучаць мову і культу­ру беларусаў, украінцаў, палякаў, латышоў, гебраяў і іншых нацыянальнас­цей, што вучацца ў іх. Адна такая школа ўжо працуе ў г. Краславе. Але гэтая мадэль адмоўна была сустрэта ўдзельнікамі канферэнцыі "Адукацыя нацыянальных і этнічных мінарытэтаў ў Латвіі — учора, сёння і заўтра", якую наладзіў Латвійскі фонд Сораса 28—29 красавіка 1995 г. у Рызе. Як гаварылася на канферэнцыі, такая школа будзе выхоўваць нешта накшталт савецкага чалавека. З гэтым можна пагадзіцца. Бо ці змогуць дзеці беларусаў у такой школе добра вывучыць мову сваей маці, ведаць гісторыю і куль­туру Бацькаўшчыны, калі ім трэба будзе вучыць, акрамя латышскай і англійскай, яшчэ шмат чужых моваў і гісторый. Верагодней за ўсё, з такіх школ будуць выходзіць, як і раней, інтэрнацыяналісты, якія не будуць папаўняць беларускую дыяспару і падтрымліваць развіццё яе культуры з-за нізкай нацыянальнай самасвядомасці. Таму такая школа не павінна замяняць бела­рускую нацыянальную адукацыю.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by