МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

На берагах Даўгавы-Дзвiны: Латышска-беларускiя ўзаемасувязi // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 2

Аўтар: Апiня Iлга
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 2 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 362 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Латвія
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Ілга Апіня (Рыга)

На берагах Даўгавы — Дзвіны: Латышска-беларускія ўзаемасувязі

Гісторыя беларусаў у Латвіі мае шматвяковыя карані. Hi з адным з народаў, што жывуць цяпер на тэрыторыі сучаснай Латвіі, латышоў не лучаць такія даўнія повязі, як з беларусамі. У гэтых народаў быў адзіны агульны велізарны арэал, дзе пачынаўся іх этнагенез. Пра гэта кажуць дадзеныя археалогіі, антрапалогіі, лінгвістыкі, канцэпцыя балцкага субстрату ў беларускім этнасе, які адрознівае яго ад іншых усходніх славян.

Агульным для абодвух народаў быў водны шлях да Балтыйскага мора, адна лёсавызначальная рака Даугава-Дзвіна. Адсюль і духоўная блізкасць латышоў Латталіі і беларусаў якая адбілася ў дахрысціянскай міфалогіі і фальклоры.

У апошнія стагоддзі латышы і беларусы Латгаліі мелі прыкладна аднолькавы сацыяльны стан: яны былі пераважна сялянамі, цярпелі ад сацыяльнага прыгнёту з боку польскіх паноў. Небяспека апалячвання або русіфікацыі пагражала і латышам, і беларусам. У гарадах Латгаліі (як, зрэшты, і Беларусі) гэтыя народы вельмі доўга амаль не былі прадстаўленыя: там жылі гебраі, палякі, рускія.

Этнакультурнае асяроддзе ўсходняй часткі Латвіі — Латгаліі, стракаты этнічны склад і наяўнасць некалькіх канфесій наклалі адметны адбітак на самасвядомасць і ўзаемастасункі прадстаўнікоў усіх этнічных груповак гэтага рэгіёна, які месціцца на стыку балцкага і славянскага арэалаў. Тут адбывалася ўзаемная асіміляцыя па ўсіх напрамках, ход якой часта вызначалі не этнічныя прыхільнасці, а гістарычныя перыпетыі, адміністрацыйны ўціск, канфесійная прыналежнасць.

Аб поспехах культурна-асветнай дзейнасці беларусаў у Латвійскай Рэспубліцы 20—30-х гадоў красамоўна сведчаць наступныя факты. Раней на тэрыторыі Латталіі (да 1917 г. яна ўваходзіла ў склад Віцебскай губерні), як і ў самой Беларусі, беларускіх школ не было. У Латвіі яны пачалі ўтварацца з 1921 г. (у лепшыя гады іх было каля 40). Да таго ж функцыянавалі дзве беларускія гімназіі — у Даўгаўпілсе (Дзвінску) і Лудзе. Пэўны час дзейнічалі таксама двухгадовыя настаўніцкія курсы.

Беларуская інтэлігенцыя здолела стварыць шэраг культурна-асветных, грамадскіх і нават гаспадарчых (кааператывы) структур, якія актывізавалі беларускае насельніцтва Латгаліі. Першай з іх была суполка "Бацькаўшчына" ў Даўгаўпілсе, створаная ў 1921 г. настаўнікам Янам Харлапам пры падтрымцы Яна Райніса. Менавіта гэтая суполка пачала згуртоўваць беларускую інтэлігенцыю, наладзіла працу першых школ. Потым функцыянавалі іншыя таварыствы: "Беларуская хата", "Рунь", "Араты", таварыства беларускай моладзі. Дзейнічалі беларускія бібліятэкі, дзіцячыя садкі пры школах, беларускія выдавецтвы. Выходзілі кнігі К.Езавітава і іншых аўтараў, газета "Голас беларуса", часопісы "Беларускае жыццё", "Школа і жыццё". Часопіс "Беларуская школа ў Латвіі", які на працягу некалькіх гадоў (1926-1933) рэдагаваў К.Езавітаў, можна назваць хронікай жыцця латвійскіх беларусаў тых дзесяцігоддзяў.

У драматычных гуртках пры летніх курсах беларускіх настаўнікаў узгадаваліся свае акцёры і рэжысёры. У 1928 г. дзейнічалі ўжо два беларускія тэатры — у Рызе і Даўгаўпілсе. Беларускаму народнаму тэатру ў Рызе дапамагалі дзяржаўныя ўстановы Латвійскай Рэспублікі, Культурны Фонд, рускі тэатр і гебрайскі Рабочы тэатр. Да 193 2 г. у рэпертуары тэатра было 10 пастановак — у асноўным класіка. Адначасова ішлі п'есы Янкі Купалы, Марка Твэна і Рудольфа Блаўмана. Даўгаўпілскі тэатр арыентаваўся на музычныя пастаноўкі этнаграфічнага плана. Яркай падзеяй у жыцці беларусаў Латвіі былі дні беларускай культуры ў Латталіі ў 1929 г. — у аддаленыя ад цэнтраў воласці і вёскі Латталіі, дзе жылі беларусы, прыязджалі лектары (С.Сахараў, К.Езавітаў М.Дзямідаў і інш.), ставіліся п'есы, гучалі беларускія песні і вершы. Мяркуючы па водгуках у друку, у школах збіра-ліся па 100-300 зацікаўленых гледачоў. Несумненным вынікам кулыурна-асветніцкай працы было павышэнне пісьменнасці беларускіх сялян. Паводле звестак К.Езавітава і М.Скуеніка на пачатку 20-х гадоў сярод беларусаў было шмат непісьменных. Школы на роднай мове дапамагалі кулыурнаму росту: у 1935 г. пісьменных беларусаў было 55 працэнтаў (сярод рускіх — 50 працэнтаў), а пісьменных мужчын-беларусаў нават 67 працэнтаў

Узлёт беларускай культуры ў Латвіі ў гады Латвійскай Рэспублікі можа падацца цудам — чымсьці нечаканым і цяжка вытлумачальным. Адкуль узяліся беларускія нацыянальныя сілы для такога рыўка — без закладзеных раней традыцый, гатовай інфраструктуры, без яўных перадумоў? Багатае культурнае жыццё такіх нацыянальных меншасцей Латвіі, як немцы, палякі, гебраі, рускія, тлумачыцца іх гісторыяй. А беларусы, абсалютную большасць якіх (82 працэнты — па некаторых падліках) складалі бедныя латгальскія сяляне? I ўсё ж парадокса тут няма.

У другой палове XIX ст. пачаўся няспынны працэс нацыянальна-культурнага абуджэння беларусаў (як і іншых прыгнечаных, непаўнапраўных народаў Усходняй Еўропы — балгараў, украінцаў, латышоў, эстонцаў і т.д.). Барацьба беларусаў за нацыянальную незалежнасць у 1917—1919 гг., а таксама своеасаблівы зігзаг у гісторыі савецкай нацыянальнай палітыкі ў 20-х гадах ("беларусізацыя") стымулявалі развіццё нацыянальнай інтэлігенцыі. Гэты працэс не мог не паўплываць і на беларусаў, што жылі па-за самой Беларуссю.

Палітычныя ўмовы і маральны клімат у Латвійскай Рэспубліцы да перавароту К.Ульманіса ў 1934 г. спрыялі ўздыму культуры нацыянальных меншасцей Латвіі, якія складалі чвэрць яе насельніцтва, а ў Латгаліі — нават палову. У парламенцкаи дэмакратычнаи дзяржаве былі прыняты вельмі ліберальныя законы аб грамадзянстве, аб нацыянальных школах. Напрыклад, закон аб нацыянальных школах, прыняты 8 снежня 1919 г. Народным Саветам, абвяшчаў, што ў Латвіі пры падтрымцы дзяржавы будзе створана столькі і такіх нацыянальных школ, колькі спатрэбіцца нацыянальным меншасцям.

Усе беларусы Латвіі (96,8 працэнта) былі грамадзянамі і мелі палітычныя пра­вы. Праўда, іх палітычная актыўнасць была нізкай (як, зрэшты, і ў рускіх, большасць якіх таксама складалі сяляне Латталіі). Яны не маглі разлічваць на сваю фракцыю ў Сейме (як гебраі і немцы), не маглі разлічваць і на падтрымку іншых нацыянальных партый. Прадстаўнікі рускай і польскай фракцый у Сейме выступалі супраць стварэння беларускіх школ у Латвіі, затое паслядоўна абаранялі іх інтарэсы дэпутаты — сацыял-дэмакраты, у асаблівасці Ян Райніс. Працэс суп­раць беларускіх настаўнікаў у 1924-1925 гг. (абвінавачванне групы настаўнікаў у дзяржаўнай здрадзе, надалей цалкам знятае) не адлюстроўваў, аднак, агульнай атмасферы ў краіне, ён відавочна быў зламыснай інтрыгай правых сіл. Усё ж гэта была маральная траўма і ўдар па беларускіх культурных пачынаннях. Пасля пра-цэсу стала змяншацца колькасць беларускіх школ. Калі казаць пра галоўны накірунак перыяду, то гэта была рэальна дзеючая мадэль культурна-нацыянальнай аўтаноміі, якая забяспечвала дзяржаўныя субсідыі, падтрымку мясцовых уладаў і стымулявала ініцыятыву нацыянальнай інтэлігенцыі.

Адносна спрыяльнае стаўленне да нацыянальнай культуры ў Савецкай Беларусі 20-х гадоў адбівалася на старонках беларускага друку Латвіі ў выглядзе нейтральнай інфармацыі аб тэатральным жыцці Мінска, навінках літаратуры, навуковага жыцця — без палітычнага падтэксту, але з несумненным гонарам за поспехі беларускай культуры. Адзначым, што і латышы ў Беларусі (каля 15 тысяч) да 1937 г. мелі свае нацыянальныя школы ў месцах кампактнага пражывання, сваё нацыянальна-культурнае жыццё.

Сітуацыю рэзка змянілі падзеі сусветнага маштабу, якія папярэднічалі Дру­гой сусветнай вайне: умацаванне таталітарных сістэм (гітлерызму ў Нямеччыне і сталінізму ў СССР), узмацненне жорсткасці палітычных рэжымаў амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку і ў Латвіі пасля 1934 г. Нарэшце, найважнейшая прычына, якая тлумачыць уздым беларускага нацыянальнага жыцця ў Латвіі, — цэлая плеяда зацікаўленых, энергічных, інтэлігентных людзей. Цэнтральнай постаццю быў Настаўнік, беларускі настаўнік — ён жа і стваральнік хораў, драматычных гурткоў часопісаў, аўтар артыкулаў і кніг. Ужо ў 1921 г. на самых першых курсах беларускіх настаўнікаў вучыліся 73 чалавекі. А ўвосень пачалі дзейнічаць 16 беларускіх школ.

Спачатку перашкодай для атрымання вышэйшай адукацыі ў Латвіі магло быць слабае веданне дзяржаўнай мовы. У Празе і Вільні былі заснаваны стыпендыі для беларускай моладзі. Тыя, хто атрымаў там вышэйшую адукацыю, вярталіся назад у Латгалію. У кожным з культурных таварыстваў было 150-200 актывістаў. У шэрагах беларускай інтэлігенцыі былі прафесійныя мастакі, паэты (аб'яднанне беларускіх паэтаў налічвала каля 20 беларускіх літаратараў).

Відавочна, што такія яркія постаці нацыянальнага адраджэння, як Сяргей Сахараў, Кастусь Езавітаў, Мікола Дзямідаў ды інш., не былі адзіночкамі, што ў іх было шмат аднадумцаў і паплечнікаў

23 красавка 1994 г. у Рызе, у сядзібе Асацыяцыі нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі (АНКТЛ) адзначаліся адначасова юбілей Сяргея Сахарава і пяцігоддзе стварэння культурна-асветнага таварыства беларусаў Латвіі "Світанак". Апошнія пяць гадоў былі пазначаны не толькі аднаўленнем незалежнай Латвійскай дзяржавы і нацыянальным адраджэннем латышоў, але і адраджэннем нацыянальных меншасцей у краіне, асабліва тых, якія, як беларусы, маюць гістарычныя карані ў Латвіі. Беларускай інтэлігенцыі — ядру таварыства "Світанак", даводзіцца пераадольваць немалыя перашкоды: недасканаласць заканадаўства, а таксама нацыянальны нігілізм у свядомасці многіх беларусаў — жыхароў Латвіі.

I ўсё ж перспектывы беларускай супольнасці Латвіі ўяўляюцца светлымі, калі ўлічыць, што яна мае свае карані ў Латгаліі, анклаве, дзе можна наладзіць сваё культурнае жыццё. Беларуская інтэлігенцыя, актывісты суполак "Світанак" і "Прамень" працуюць дзеля таго, каб беларусы Латвіі здолелі здабыць сваё нацыянальнае аблічча. Досвед 20-х гадоў, досвед беларускага адраджэння ў Латвійскай Рэспубліцы можа дапамагчы ў галоўным: нацыянальным выхаванні дзяцей і падлеткаў абуджэнні нацыянальнай самасвядомасці.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by