|
Аляксей Каўка (Масква)
"Усход" і "Захад" у мастацкім светабачанні Янкі Купалы
У кожнага народа, як і ў асобнага чалавека, — свой непаўторны лёс. Адметнасць беларускага лёсу, Беларускага Шляху — у замаруджанасці, незавершанасці нацыянальнатворчага працэсу і, як вынік, — у нікласці самасцвярджальных, волевыяўленчых якасцей беларускай супольнасці. Драматычная, з трагікамічным адценнем дылема паміж тэрыторыяй і нацыяй, насельніцтвам і народам, ускраінай і краінай, тутэйшасцю і нацыянальнасцю гэтак жа востра, як і на пачатку XX ст., на зыходзе яго працінае розум і сэрца ледзь не кожнага свядомага беларуса. I сучасны паэт-пачатковец лішні раз прыгадаў нам пра надзённасць Купалавага пытання ("А хто там ідзе?.."): "Згорбленая бабулька- Доля безнадзейна блукае на мяжы Расеі і Польшчы. / Дзе тая краіна, што шукала шчасця? / Дзе той народ, які абвясціў, што ідзе?"1 Гэтая ж праблема кволасці беларускага "я", няпэўнасці нацыянальна-палітычнага і духоўнага самавызначэння і самасцвярджэння жыхароў "прамежкавай" (паміж Усходам і Захадам) краіны апошнім часам не сыходзіць з праграм навуковых канферэнцый, з старонак манаграфічных і публіцыстычных прац, не кажучы пра надзвычаина павышаны патрыятычны неспакой беларускага мастацкага слова. На фоне разняволенай грамадска-творчай думкі адвечны дэфіцыт Беларушчыны ў Беларусі — ці не найвастрэйшы з усіх іншых нястач — не здаецца нам неадольным. Здабыванне ўласнай Бацькаўшчыны, шлях беларуса да Беларусі — якім не быў бы ён цярністым, задоўжаным — завершыцца гістарычнай перамогай. А значыць, і Беларушчына ў Беларусі — разняволенае нацыянальнае жыццё ва ўсёй паўнаце (мова, культура, палітыка, эканоміка, увесь грамадскі лад) — з традыцыйна напружанага, змагарнага стану "віхуры і націску", "мужнасці і геройства" набудзе ўрэшце натуральны, унармаваны характар. А посткаланіяльны абшар на геаграфічным стыку еўрапейскага Усходу і Захаду, знаны ў свеце, ад нядаўняга, пад фармальнай назвай Рэспубліка Беларусь, пачне прывабліваць тоеснасцю нацыянальнага аблічча, адэкватным саманазве спосабам і стылем быцця.
На карысць аптымістычнага зыходу ў беларускім, скрозь яшчэ адкрытым пытанні сведчаць этнічная жыццёўстойлівасць беларусаў, загартаваная ў шматвяковым процістаянні асімілятарскаму націску суседніх польскага і, асабліва, рускага этнасаў2. Сведчыць немалы крытычны досвед, назапашаны ў беларускім вызвольным Слове, а найперш у класічнай спадчыне нашых пісьменнікаў, Янкі Купалы ў прыватнасці.
Агульна кажучы, праблема "Усходу" і "Захаду" — пастаянны, адзін з вядучых матываў гісторыка-філасофскай рэфлексіі, мастацкай фантазіі паэта, прыкметная тыпалагічная рыса Купалавай адраджэнцкай легенды, Купалавага вызваленчага нацыяналізму, што пасля доўгіх гадоў маны і знявагі, праз уз'юшаны супраціў далакопаў беларушчыны ўсё ж зноў прамаўляе да слыху і сумлення беларускага чалавека. З гледзішча той жа самай праблемы асэнсоўваецца ім пстарычны, па большасці драматычны шлях краіны, абумоўлены ў многім яе прамежкавым геацывілізацыйным становішчам, канкрэтна — паміж "праваслаўнай" Расіяй і "каталіцкай" Польшчай, у проціборстве і ўзаемадзеянні з якімі Беларусь на працягу стагоддзяў мусіла бараніць сваю этнакультурную індывідуальнасць, уласнае права на суб'ектна дзейсную ролю ў гістарычным працэсе.
Вораг польскі і рускі Шчыра множыў курганы, — Не было Беларусі. Толькі быў "Край забраны". Расіяне, палякі Ды французы і шведы Беларускай крывёю Палівалі край гэты.
Летапіснае. 1928 3
Вельмі паказальнае, для Купалавай паэтыкі наогул характэрнае сэнсава-рытмічнае сугучча вобразных паняццяў "курганы" — "забраны", дзе ландшафтна-сімвалічнае, "курганнае" ўвасабленне роднага краю накладваецца на яго пад'ярэмны "скурганены" стан. Але гэта — знешняя, панарамна разгорнутая карціна Беларускага Лесу, за покрывам якой кіпяць роспаччу і пратэс-там патаемныя глыбіні знявечанай ды ўсё ж нескаронай Беларускай натуры:
Годзе заходняй ці ўсходняй культуры!
Для беларуса цана ім адна.
Усе вы, панове, аднакай натуры:
З сэрца чужога кроў ссалі б да дна.
Вашу карысць нам і вашы паслугі
Добра ўжо скеміў таптаны народ,
Добра вядомы і путы, і пугі,
Песціў якімі ваш захад і ўсход.
Годзе!.. 1912 (216)
Дзёрзкі, не пазбаўлены пэўнага эпатажу паэтычны выклік сумежным краінам Беларусі паўстае ў якасці своеасаблівага мастацкага сінтэзу адносна ролі "Захаду" і "Усходу", а дакладней — фактычных наступстваў панавання ў краі іншаземшчыны, пры якім сістэма культурнага ўзаемадзеяння падмяняецца і падмінаецца сістэмай ушчамлення і выцяснення культуры карэннай, беларускай, палітыкай асіміляцыйнага абалваньвання абарыгенаў. Купала наўрад ці перабольшваў. Якуб Колас у аналагічным пытанні выказаўся не менш "нелицеприятно" ("З двух бакоў айцы дубінай заганялі нас у рай"). Як і Ігнат Абдзіраловіч (І.Канчэўскі) — у сваім філасафічным абагульненні той жа самай праблемы: "Уплывы Захаду і Усходу ў перакручаных... часам карыкатурных выразах круцілі і гвалцілі душу беларуса, толькі прымушаючы яго ўбачыць, што ў чужой скуры заўсёды дрэнна, што трэба вытварыць нешта сваё, роднае, блізкае, арганічнае"4. Пэўна ж і Купалава паэтычная апазіцыя прадыктавана ў дадзеным выпадку не самім фактам, але дэфармаванай, "перакручанай" прысутнасцю іншаземных культур у Беларусі, іхнім місіянерствам, спрэчным з ідэяй самацэннасці кожнай нацыянальнай культуры, духоўнай дасканаласці, генетычна закладзенай у кожным народзе. Спусташальныя наступствы гэтага місіянерства на беларускім абшары, падмацаванага стараімперскім "Divide et impera", занадта білі ў вочы, ранілі свядомасць ці не кожнага душою не атлусцелага грамадзяніна, каб не заўважыць іх, не назваць дакладным імем:
Што вы прынеслі? Што? ..
Загляньце Да беларуса сумных хат...
З тых самых лык пляце ён лапці,
Якія плёў сто год назад.
Апекунам. 1909 (104)
"Лапцюжная" Беларусь у выяўленчай сістэме Купалы — тэта не толькі, не столькі нават метафарычнае ўвасабленне ейнага сацыяльнага заняпаду. Перад чытачом — не проста алегарычны вобраз, але мастацкая сімволіка надзіва ёмістай грамадска-гістарычнай і філасофскай насычанасці, якая не толькі засяроджвае чытацкую ўвагу на тых ці іншых рэаліях, але яшчэ больш засцерагае па-прарочаму суродзічаў ад духоўнага паярэмлення — "лапцюжніцтва" ("абуванне ў лапці") і жабрацтва, — варушачы і падкрэсліваючы больш агульную ідэю нацыянальнай тоеснасці, годнасці чалавека.
Такім самым, падкрэслена сімвалічным назвай і зместам успрымаецца і верш "Хаўруснікам" (1913), зроджаны з колішняй канкрэтнае практыкі асімілятарства ў Беларусі польскага і рускага друку (газеты "Gazeta codzienna", "Виленский вестник"), аднак, як можна заўважыць, насычаны невычэрпным сэнсам адносна Беларускай ідэі як ідэі самавызначэння і самарэалізацыі народа пры пастаянным асіміляцыйным націску звонку:
"Gazeta" бармоча:
"Hex бэндзе ён ляхам".
А "Вестник" — пусть лучше
Московским прет шляхом.
Спрачаліся доўга,
Як край наш раскрасці,
Дый спеліся ўрэшце:
Парваць на дзве часці.
Адна часць Варшаве
Лізаць ногі будзе,
Маскве хай другая
Нясе свае грудзі.
Забыліся толькі
Хаўруснікі ночы
Спытаць беларуса,
Чым сам ён быць хоча.
(231-232)
З усяго вышэйсказанага напрошваецца агульная выснова. Сустрэча, узаемадзеянне, а больш дакладна — процідзеянне Усходу і Захаду на беларускіх землях абярнулася для іх трагікамічным, бязглуздым ("дурным") сінтэзам: палітычнай смерцю, культурным заняпадам, дэфармацыяй нацыянальнай свядомасці беларуса. Мастацкі аналіз недарэчнага, пад "чужацкай апекай" памірання Беларушчыны ў Беларусі здзеиснены Купалам праз пераважна "малыя" жанравыя формы (лірычны верш, эпіграма, байка, памфлет), на мінімальнай, звычайна паэтычнай, "плошчы". Аднак жа высокі энергійны зарад і адпаведную выбуховую сілу нясуць у сабе вобразы і думкі, што стартуюць з невялічкай мастацкай "пляцоўкі". Падамо некалькі лапідарных, даволі прадстаўнічых вобразных абагульненняў, здатных, як здаецца, сілай Мастацкай Праўды спаборнічаць з Праўдай гістарычнай навукі і, натуральна, стымуляваць беларускіх Карамзіных і Салаўёвых на стварэнне праўдзівай, паўнавартаснай гісторыі сваёй краіны.
Вось ён, "усходне-заходні" сінтэз у Беларусі ў Купалавай мастацкай рэдакцыі: "Сотні лет непрыяцелем-братам прыбітая..." ("Беларушчына", 1908); "Так спіш, так жывеш мімаходам / Мой край, як сцяпная магіла / З сваім незавідным народам, / З патухшай і славай і сілай" ("Мой край", 1910); "Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава / Торг гругановы вядуць між сабой" ("Над Нёманам", 1911—1912); "Працай жывяцца нашай прыблуднікі, / А мы толькі ўздыхаем і плачам" ("Не для нас...", 1911-1912); "На батракоў здаліся ўнукі / На вольнай прадзедаў зямлі, / Пайшлі ў няволю без прынукі, / Як па вяровачцы пайшлі" ("Гарыслава", 1912); "Чужынцы запрэглі народ у прыгон, / А песню аддалі на здзекі" / ("Казка аб песні", 1905—1916); "Упаў народ, змарнеў народ, забыўся / Як Бацькаўшчыну, як яго завуць" ("Свайму народу", 1918); "Не на пацеху дзеці даны / Матулі, што іх сцеражэ, / Усё адно сусед паганы / У плуг жалезны запражэ" ("Як цені...", 1918); "I душыць кліч: "Ці доўга будзе нам заломам / Варшава панская і рабская5 Масква?!" ("Наша гаспадарка", 1918). I ўрэшце — штосьці істотнае пра беларускую, дужа хваленую сціпласць-талерантнасць: "Аграбленыя з гонару й кашулі, / З свайго прыпыну выгнаныя вон, / Мы дзякуем, што торбы апранулі / На нас ды з нашых нітак-валакон" ("Перад будучыняй", 1922).
Змрочным увасабленнем незайздроснага "заломнага" лесу Беларусі паўстае з Купалавых старонак збіральны вобраз-сімвал "чужака" з мноствам сумежных вобразаў-іпастасяў: "апекуны", "хаўруснікі ночы", "сваякі-суседзі", "блізкія і далёкія", "непрыяцель-брат", "чужынец-дзікун", "сусед паганы", "трутні, падкія на соты", "ваш захад і ўсход" і г.д.
Адваротны бок чужацкага "медалю", абсурдны працяг і завяршэнне іншаземнага панавання ў краіне звязаны з распладненнем, засіллем у дэнацыяналізаваным беларускім грамадстве халопскай ідэалогіі і псіхалогіі, сервілістычнага рабалепства перад чужацкімі прыхамацямі. Гэтай жа акалічнасцю спароджаны не менш распаўсюджаны тып беларускага адшчапенца-перакіньчыка, таго самага нутранога халопа, у кім зацятая практыка асімілятарства ледзь не дашчэнту выпетрыла і амярцвіла нацыянальныя кляйноты і імпульсы, учыніўшы з яго адданага "апалагета і панегірыста" (М.Грушэўскі) сваіх парабаціцеляў і, у хаўрусе з апошнімі, цынічнага глуміцеля беларушчыны: "Свае таргуюць і чужыя табой, няшчасны беларусе!" ("Апекунам"); "З ярэмнай збрыўшы стараны / Царыць чужынец, а ў паслугах / Хто? — Беларускія сыны!" ("Беларускія сыны", 1919).
У адрас дамарослых, нацыянальна акалечаных валанцёраў чужацкіх інтарэсаў у родным краі скіравана востра публіцыстычнае, у біблейска-прытчавым стылі, слова пісьменніка, які ўзрушана і пераканаўча даводзіць сучаснікам і нашчадкам аб вячыстым, непадуладным аніякаму рэнегацтву ідэале Беларуса-Грамадзяніна — барацьбіта і гаранта свабоднай, незалежнай Бацькаўшчыны: "На беларускай зямлі было і цяпер ёсць шмат фальшывых прарокаў, шмат рэнегацкіх душ, што за лыжку поснай поліўкі з чужой міскі запрадаюць сябе і свой народ у рабства чужынцам, але гэтага няма чаго баяцца... Будзем верыць, што і ў нас, беларусаў, прыдуць новыя людзі, новыя прарокі і будуць па-божаму над фалыпывымі прарокамі і прадажнымі душамі суды судзіць, з пакалення ў пакаленне пракляццямі ўспамінаць [...] Перуновым голасам будзем гаварыць з суседзямі сваімі, бліскавічнымі літарамі будзем упісваць сваю гісторыю ў векавечную кнігу гісторыі народаў [...] Змагайся і стань вольным, Беларускі народ!" ("Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы", 1920) (352).
У кантэксце адмоўнага сінтэзу "Усход-Захад" нельга абысці ўвагай парадыйна-камічныя, на побытавым узроўні праявы беларускай рэчаіснасці, выніклыя з вонкава прымітыўнага прыпадабнення мясцовага правінцыяла да "польскай" або "рускай" культуры. I тут на змену Купале-лірыку, публіцысту прыходзіць ці, правільней, таго і другога не менш бліскуча давяршае Купала-камедыёграф, насяляючы мастацкі абшар краіны каларытнымі фігурамі Адольфа Быкоўскага, Пустарэвіча (камедыя "Паўлінка"), Мікіты Зносака, Усходняга Вучонага, Заходняга Вучонага (трагіфарс "Тутэйшыя") — увечненымі ў смехатворных эмблемах іхняй "кулыурнасці": пустарэвічавым "вось-цо-да", зноскавым "между протчым".
На гэты раз, асабліва у "Тутэйшых", бескампраміснаму мастацкаму суду падвергнута адна з самых вострых праблем беларускага нацыянальнага самапачуцця —так званая тутэйшасць. Яна — як праблема субкаланіяльнага або постімперскага ідэйна-бытавога хранатопу ў беларускім жыцці, канкрэтна — у разнавіднасці "знасілоўшчыны" — намі ўжо закраналася6. Гэтым разам хацелася б толькі падкрэсліць сімвалічны, інакш — шматзначны, невычэрпны сэнс створанага Купалам трагіфарса і перадусім — прароча-засцярожлівае стаўленне драматурга да мімікрыстычных здольнасцей нашага Зносака-Знасіловіча, аднолькава гатовага, як памятаем, служыць ці прыслугоўваць і справе чарнасоценца Пурышкевіча, свайго ідэйнага бацькі, і, пры змене абставін, нават "беларускаму асэсарству", паколькі, як цынічна ён заўважае, і пад беларускім сцягам "можна праводзіць у тутэйшую сярмяжную шацію ісцінныя прынцыпы аб ядынасці, непадзельнасці расейскай, между протчым, імпэрыі" (Дз. IV, з'ява 2).
Сутнасць і пафас Купалавай думкі ў яе мастацка-вобразнай праяве зводзіцца, рэзюмуючы, да наступнага.
- Успрыманне "Усходу" і "Захаду", вузей — суседніх Расіі і Польшчы дэтэрмінавана характарам і наступствамі іх уздзеяння на жыццёвыя лёсы Беларусі і Беларушчыны, уздзеяння ў агульным гістарычным балансе адмоўнага, з неаблічальнымі стратамі для беларускага нацыянальнага будаўніцтва.
- Выйсце — ва ўрухаменні ўласных дзеятворчых рэсурсаў: беларускай палітыкі, культуры, нацыянальнай годнасці і самапавагі і, у першую чаргу, самастойнай, незалежнай беларускай дзяржавы — "калі не хочам згінуць, калі не хочам быць вечнымі рабамі" ("Больш самачыннасці", 1919 (291)).
- Дэфармацыя "заходняй" і "ўсходняй" культур на беларускім абсягу не
засланіла ад Купалавых вачэй найлепшых гуманістычных традыцый Захаду і Усходу, іхняга духоўнага ўзаемапранікнення, адбытага не ў апошнюю чаргу за пасрэдніцтвам таксама Беларусі, старабеларускай культуры.
Уся справа палягае ў тым, каб знешнія ўплывы не прыніжалі, не прышчамлялі, а стымулявалі развіццё, узбагачэнне культуры айчыннай. Яскравы доказ таму — асабісты творчы вопыт Янкі Купалы, які ўзорна спалучыў Беларускае Адраджэнцкае Слова, беларускую самабытнасць з рускай рэалістычнай літаратурнай школай (Пушкін, Някрасаў), украінскай і польскай вызваленчай рамантыкай (Шаўчэнка, Міцкевіч), заходнееўрапейскім сімвалізмам (Пшыбышэўскі, Метэрлінк, Ібсен), узбагаціўшы беларускую культурную традыцыю, ад Скарыны і Гусоўскага пралеглую, — выйсці ў шырокі свет, застаючыся сабой.
Спасылкі:
1 Пракаповіч I. Дзе тая краіна? // Літ. і мастацтва. 1993. 9 крас.
2 У.Старчанка, выказваючы цікавыя, даволі пераканаўчыя заўвагі адносна стратных вынікаў працяглай, мэтанакіраванай асіміляцыйнай палітыкі ў Беларусі (дэфармацыя нацыянальнай свядомасці, моўны нігілізм, прымітыўнае перайманне чужаземнай культуры і т.д.), тым не менш фармулюе аптымістычны вывад аб кардынальнай устойлівасці генетычных рысаў у нацыянальным характары беларусаў: "Нават забыўшыся на беларускую мову, не ведаючы гісторыі свайго народа, беларус паводзіць сябе менавіта як беларус. Гэта малазаўважна ў зрусіфікаваным беларускім культурным асяроддзі, але калі беларус трапляе ў сапраўды рускае культурнае асяроддзе за межамі сваёй Бацькаўшчыны, ён лёгка пераконваецца ў сваёй адметнасці" (Старчанка У. Мадэль нацыянальнай культуры. Гомель, 1994. С. 7—8).
3 Купала Я. Жыве Беларусь: Вершы, артыкулы / Склад. В.Рагойша. Мн., 1993. С. 428 (далей спасылкі на гэтае выданне ў тэксце, у дужках — нумар старонкі).
4 Абдзіраловіч I. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветапогляду. Мн., 1993. С. 11.
5 "рабская" — так у першапублікацыі верша (газета "Звон", 1919, № 26); у зборніку "Спадчына" (Менск, 1922; рэпрынт, 1992) на месцы гэтага слова — шматкроп'е; у цытаваным зборніку "Жыве Беларусь!" — "царская".
6 Гл.: Каўка А. Драма асобы —драма ідэі: Пра паэтычны лёс Янкі Купалы // Полымя. 1994. №9. С. 213-215.

