МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Беларуская перакладная лiтаратура XV-XVI стст. як мост памiж Усходам i Захадам // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 2

Аўтар: Кiпель Зора
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 2 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 362 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Зора Кіпель (Нью Ёрк)

Беларуская перакладная літаратура XV—XVI стст. як мост паміж Усходам і Захадам

Важнасьць беларускай перакладной літаратуры XV-XVI стст. велізарная ў агульным літаратурным працэсе ўсходняга славянства. На вялікі жаль, пе­ракладной літаратуры таго пэрыяду пакідалася мала мейсца ў літаратурных досьледах XIX ст. Тым больш роля беларускай літаратуры альбо зусім ігнаравалася, альбо была гэтак замаскаваная заблытанай тэрміналёгіяй ("северо-западная", "юго-западная","літоўска-руская", "польска-руская", найчасцей — "руская" і толькі зрэдку з'яўлялася беларускае "наречие"), што літаратураведы проста абыходзілі гэтае пытаньне, ці, у лепшым выпадку, успаміналі мімаходзь.

Дазвольце тут зрабіць невялікую зацемку, што да тэрміну "рускі", які ўвёў найбольш канфузу ў беларускай гісторыі ды літаратуры, у XV-XVI стст. у Маскоўшчыне пісьмовая літаратурная мова ніколі не называлася "рускай" — тэрмін гэты стасаваўся да літаратуры беларускай і ўкраінскай.

У пачатку XX ст., калі беларускія навукоўцы пачалі цікавіцца гісторыяй беларускай літаратуры як цэласьцяй — перакладной літаратуры пэрыяду XV-XVI стст. аддалася надежная вартасьць. Аднак уплыў яе на разьвіцьцё іншых усходне-славянскіх літаратураў яшчэ і да цяпер мала падкрэсьліваецца.

Росквіт беларускай літаратуры канца XV - пачатку XVI стст., калі выявілася зацікаўленьне сьвецкай тэматыкай, быў безумоўна пад уплывам заходне-эўрапейскай культуры, праз пасярэдніцтва заходне-славянскай. Уплыў Захаду й заходняга Рэнэсансу ў Беларусі выявіўся пераважна ў тым, што заквітнела літаратура на роднай мове — лаціна і царкоўна-славяншчына ўступіла месца беларускай мове. У заходніх славянаў, чэхаў і палякаў, гэты працэс пачаўся раней: у XV ст. — у Чэхіі, а хутка затым і ў Польшчы пачала разьвівацца літаратура на нацыянальных мовах, што неўзабаве паўплывала і на Беларусь. Як трапна заўважыў праф. М.Янчук у сваёй кнізе "Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры" (Мн., 1922), "блізкае суседства з Польшчай, апрача пэўных нявыгадаў, мела і дадатныя рэзультаты для Беларусі. Польшча, якая знаходзілася ў вельмі блізкіх і цесных зносінах з Захадам яшчэ ў той час, калі ўсходняя славяншчына баялася яго як чумы, пачала вельмі рана пераймаць заходнюю культуру і асьвету... яна сталася пасярэднікам паміж намі й Захадам".

Беларуская літаратура, у сваю чаргу, сталася мастом, пасрэднікам паміж Захадам і Расіяй.

У XV ст. у Маскоўшчыне знаёмства з заходне-славянскай літаратурай яшчэ блізу не існавала. У XVI ст. яна лічылася "иностранной", але паступова, праз пасрэдніцтва беларускай перакладной літаратуры, уплывы заходнія дасягаюць і маскоўскай кніжнасьці і чытача.

Беларуская перакладная літаратура XV-XVII стст. была багатай і тэматычна разнастайнай — пакрывала амаль усе літаратурныя жанры: была і рэлігійная і псеўда-рэлігійная — як апокрыфы і жыцьці сьвятых, геаграфічна-апісальная і гістарычная, і навукова-папулярная ды, што найцікавей, літаратура для займальнага чытаньня — навэлы, рыцарскія раманы, зборы апавяданьняў рознага зьместу. Усё гэта, зразумела, не магло не імпанаваць кніжнікам у Расіі. Перакладалася гэтая літаратура пераважна беларусамі ці людзьмі беларускага паходжаньня, што жылі ў Расіі. На пачатку XVII ст. у Маскве наваг сфармавалася свайго роду карпарацыя перакладчыкаў беларусаў і ўкраінцаў, якія галоўным чынам перакладалі ўсялякія афіцыйныя дакументы, аднак рабілі і літаратурныя пераклады.

Шляхамі, якімі заходне-эўрапейская літаратура ішла ў Беларусь, ды зь Беларусі далей на Усход, і якія сьведчаць пра шырыню і плённасьць беларускіх літаратурных дачыненьняў з іншымі літаратурамі, былі наступныя:

  1. Праз Польшчу, як ужо зазначалася вышэй;
  2. Праз Чэхію — непасрэдна альбо праз пасрэдніцтва Польшчы;
  3. Праз пасрэдніцтва паўдзённых славянаў, перадусім сэрбаў;
  4. Праз гэбрайскую літаратуру.

Нярэдка тыя ці іншыя творы прыходзілі да нас зь некалькіх крыніцаў, а часам наваг цяжка з пэўнасьцю сказаць адкуль.

Я пастараюся коратка разгледзець творы беларускай перакладной літаратуры, якія такімі шляхамі прыйшлі да нас з Захаду, засяроджваючыся толькі на тых, што ў сваю чаргу перайшлі ад нас у Расію.

1. Непасрэдна з Польшчы да нас прыйшлі: "Хроніка ўсяго сьвету" Марціна Бельскага. Упершыню яна зьявілася на польскай мове ў 1554 г. У 1564 г. выйшла новае выданьне, зь якога і быў зроблены беларускі пераклад недзе паміж 1564—1572 гг. Расійскі пераклад Хронікі быў зроблены зь беларускага ў 1584 г. Між іншым, з гэтай хронікі ўсходнія славяне даведаліся і пра Амэрыку. Важна таксама заўважыць, што Хроніка Бельскага праз Беларусь трапіла і ў Сэрбію.

У 1582 г. зьявілася другая гістарычная кніга — "Хроніка Польская, Літоўская і Жамойцкая" Мацея Стрыйкоўскага, якая пакрывала землі Кіеўскія і Маскоўскія. Была яна таксама перакладзена зь беларускай мовы на расшскую.

"Жыцьці Сьвятых" ("Zywoty Swie_tych") Петры Скаргі ўпершыню былі надрукаваныя ў Вільні ў 1579 г. Кніга была вельмі папулярная ў Беларусі — было некалькі перакладных сьпіскаў XV і XVII стст. Праз беларускія перак­лады дайшлі да Расіі ў XVII ст.

"Гісторыя пра Атылу, караля Вугорскага" ("Vita Attilae") мадзярскага гуманіста Нікалая Олага (Nicolas Olahus) — твор рэнэсанснай літаратуры на лацінскай мове. У 1574 г. перакладзены Цыпрыянам Базылікам на польскую мову і надрукаваны ў Кракаве. Беларускі пераклад быў ведамы ў рукапісе 1580 г., а пазьней ведамы і ў Маскоўшчыне.

"Вялікае Зерцала" ("Spectrum Magnum") уключае апавяданні на розныя тэмы, пераважна дыдактычнага характару. На працягу стагодзьдзяў апавяданьні дадаваліся, і да XVI ст. колькасьць іх вырасла да 2000. Лацінскі арыгінал гэтага зборніку быў выдадзены ў 1488 г. у Нідэрляндах. У 1677 г. перакладзены з польскага рукапіснага тэксту на расійскую мову выхадцам зь Беларусі.

"Мукі Хрыстовы" ("Passio Christi") і "Аповесць аб трох Каралях" у Беларусі былі перакладзеныя у XV альбо ў пачатку XVI ст. з польскіх рукапісаў, якія ў сваю чаргу зьяўляліся перакладамі лацшскіх тэкстаў, шырока распаўсюджаных на Захадзе. "Мукі Хрыстовы" былі ў XVII-XVIII стст. ведамыя і вельмі папулярныя ў Расіі — нават сярод старавераў (некаторыя выданьні друкаваліся ў Супрасьлі ў патаемных друкарнях старавераў).

"Траянская гісторыя" — рамана-сэрбскія паданьні пра Траянскую вайну, што адлюстроўвалі распаўсюджаны сюжэт, былі ведамыя ў Беларусі ў XV ст.

Найбольшую ж папулярнасьць, аднак, набыла ў нас перакладзеная ў канцы XV — пачатку XVI ст. з лацінскай мовы праз пасрэдніцтва польскай, як найчасьцей уважаецца, а можа і чэскай 'Тісторыя Траянская вайны" ("Historia Destractionis Troiae") сіцылійца Гвіда дэ Калумна (Guido de Columna). Антычны сюжэт гэтага твору менып выразны — гэта ўжо больш рыцарскі раман. Кнігі гэтыя перайшлі ад нас у Расію, бо ўпамінаюцца ўжо ў 1537 г., а ў пачатку XVIII ст. былі надрукаваныя ў Маскве — гэта была адна з першых друкаваных гражданкай кнігаў Пятроўскай пары.

Між іншым, варта зазначыць, што "Траянская Хроніка" Гвіда дэ Калумна была першай друкаванай кнігай на чэскай мове (1468), таму чэскае пасрэдніцтва тут зусім магчымае, але яшчэ з пэўнасьцяй не дасьледванае.

Аднэй з самых цікавых і шырока распаўсюджаных кнігаў зьяўляецца "Александрыя". У беларускай навуцы яна добра дасьледаваная і апісаная праф. У Анічэнкам, і я доўга на ей ня буду затрымоўвацца. Але трэба зазначыць, што "Александрыя" прыходзіла ў Беларусь двума шляхамі. Найперш, у XV ст. праз Сэрбію — так званая сэрбская "Александрыя" і пазьней праз польскі пераклад лацінскай вэрсіі ("Historia de Proeliis"). Было некалькі польскіх друкава­ных выданьняў (1550, 1611, 1701 і пазьнейшыя). Праўдападобна, што беларускія пераклады паўсталі з выданьня 1550 г., аднак аўтар беларускага перакладу карыстаўся і другімі матар'яламі, бо рабіў некаторыя дабаўленні, ці часам скароты. Ад нас гэтая вэрсія ў XVII ст. дайшла да Расіі. Тэксты сэрбскай "Александрыі" былі ведамыя ў Расіі з канца XV ст. Можна меркаваць, што і яны дайшлі да Расіі праз беларускае пасрэдніцтва.

2. З Чэхіі літаратурныя ўплывы на Усход ішлі двума шляхамі: адзін — вакольным шляхам праз Польшчу, а другі непасрэдна ў Беларусь, а тады ўжо ў Расію. Трэба зазначыць, што польская мова таго часу была вельмі падобнай да чэскай, і беларускі перакладчык мог свабодна карыстацца абодвума тэкстамі.

Першым этапам непасрэднага ўспрыйманьня пісьменных тэкстаў у Беларусі быў XV і пачатак XVI ст. Да гэтага пэрыяду адносяцца "Таўдаль" і "Аляксей, чалавек Божы".

"Кнігу пра Таўдаля Рыцара" ("Viso Tundali"), перакладзеную ў XVI ст. з лацінскага арыгіналу, важна адзначыць, хоць і сумнеўна, ці папала яна ад нас у Маскоўшчыну. Адны аўтары прыпушчаюць, што так, але другія сьцвярджаюць, што "Таўдаль" у Расію не дайшоў. Пра гэты твор хочацца ўспомніць з другой прычыны, а менавгга таму, што ен у чэскім арыгшале не захаваўся, як на жаль, загінуў у пажары Другой сусьветнай вайны ў Варшаве і адзіны ведамы беларускі рукапіс, што ніколі ня быў цалкам выдадзены. Вось жа маеты, якімі праходзяць творы з аднэй мовы ў другую, з аднэй краіны ў другую, бываюць часам канчальна спаленыя.

"Аляксей, чалавек Божы" (уключаны ў "Legenda Aurea Jacobi a Voragine") — гэта легэнда, перакладзеная з лацінскага арыгіналу XIII—XIV стст.: веда-мая ў чэскіх рукапісных зборніках XIV-XV стст. У Беларусь прыйшла ў XV-XVI стст. (некаторыя аўтары прыпушчаюць, што нават непасрэдна з лацінскіх тэкстаў), а ад нас — у Маскоўшчыну, дзе была пазьней вельмі папулярная.

"Сказ аб Сыбільлі Прарочыцы" ("Oraccula Sibillina") — апавяданне аб прароцтвах Сыбільлі пра прыход Хрыста і інш. апавяданьні, з лацінскага арыгіналу ў XV ст. перакладзенае на чэскую мову, а з чэскай у XV ст. — на беларускую. Захаваліся два чэскія сьпіскі, але наш, беларускі, хоць і вельмі блізкі, але ня зусім супадае зь імі. Дзеля гэтага ёсьць меркаваньне, што быў яшчэ нейкі тэкст, магчыма і прамежкавы польскі, якім карыстаўся наш перакладчык. Сыбільлі былі вельмі папулярныя і ў Расіі ў XVII ст. У 1673 г. зьявілася "Книга о Сивиллах" Мікалая Спафарыя.

"Рымскія Дзеі" ("Gesta Romanoram") — збор апавяданьняў XIII ст. з рымскай гісторыі (сярод іх — Апалён Тырскі). Да зборніку з гадамі дадаваліся розныя іншыя апавяданьні, і колькасьць іх узрастала. У XV ст. зборнік быў перакладзены на чэскую мову, а ў XVI — на польскую. Польскі пераклад захаваў толькі 39 апавяданьняў. Расійскае выданьне 1681 г. праз пасрэдніцтва беларускага было кампіляцыяй польскага выданьня 1663 г., якое не захавалася, як не захаваўся і беларускі пасярэднік. Захаваўся, аднак, іншы беларускі тэкст перакладу "Рымскіх Дзеяў", які ў 1688 г. рыхтаваўся да друку ў Магілёве, але быў надрукаваны амаль праз сто гадоў пасьля, у 1877—1878 гг. у Пецярбургу і ведамы ў літаратуры як " рускі пераклад з беларусіцызмамі".

"Апалён Тырскі" ("Historia Apollonii Тугі"), як ужо гаварылася вышэй, быў часткай "Рымскіх Дзеяў" (173 разьдзел у лацінскім зборніку). Гэтая еярэдневяковая перапрацоўка грэцкага апавяданьня, нягледзячы на антычны сюжэт, належыць да літаратуры рэнэсансу. У Беларусь прыйшла праз чэскі перак­лад, а ад нас — у Расію.

3. З твораў якія дайшлі праз сэрбскае пасрэдніцтва, важна адзначыць перадусім аповесьць пра Баву "Гісторыя аб княжаці Гвідоне" ("Bovo d' Antona"). Першапачатковая крыніца — італьянскі рыцарскі раман, што ў XVI ст. дайшоў да Беларусі. Сэрбская вэрсія не захавалася. Ад нас раман перакінуўся ў Расію. У XVII ст. у расійскай вэрсіі ўключаюцца фальклёрныя лубачныя элемэнты з рускіх народных казак. У XVIII ст. ён быў надрукаваны і стаў адным з самых папулярных твораў у Расіі.

“Гісторыя Варлаама і Іасафа" ("Barlam et Iosaphat") мае доўгую і заблытаную гэнеалёгію. Арыгінал аповесьці ўсходні — пэрсідскі ці індускі. Былі ведамыя грэцкія і лацінскія вэрсіі. Да нас "Гісторыя" дайшла праз паўднёва-славянскае пасрэдніцтва, дзе была ведама ўжо ў XIV ст. Рукапісныя сьпісы, асобныя прытчы, урыўкі былі ведамыя ў нас рана, але шырокае распаўсюджаньне аповесьць набыла толькі ў XVII ст., калі "Гісторыя" інтэрпрэтуецца як легэнда, нанава перакладзеная з дапамогай лацінскіх тэкстаў. Беларускі пераклад быў надрукаваны ў Куцейне ў 1637 г., а праз сорак зь лішкам гадоў, у 1681 г. — у Маскве, у рэдакцыі Сімяона Полацкага, які карыстаўся куцейненскім тэкстам. Сьледам за нашым выданьнем Сімяон падзяліў апо­весьць на разьдзелы і ўказаў зьмест кожнага зь іх (гэта ёсьць і ў лацінскіх тэкстах, але няма ў ранейшых сэрбскіх і славянскіх рукапісах).

Успамінаючы пра Сімяона Полацкага, творчасьць якога ў Беларусі, дарэчы, выдатна дасьледаваная Лолай Званаровай, важна таксама зазначыць, што барока ў яго чысьцейшай форме было прынесенае ў Расію ў XVII ст. якраз Сімяонам Полацкім.

4. Нарэшце, чацьвёртым шляхам, праз гэбрайскае пасрэдніцтва, да нас дайшлі творы астранамічныя, астралягічныя, філязофскія. Кнігі гэтыя праз Беларусь і Ноўгарад былі перанесеныя і ў Маскоўшчыну, дзе набылі бірку "жыдоўствуюшчых" і былі забароненыя царкоўнымі ўладамі як кнігі "отре­ченные". Нягледзячы, аднак, на забароны, яны былі даволі папулярныя. Праўда, у Маскве яны не перакладаліся, а толькі перапісваліся.

Наиважнейшая тут была "Тайна Тайнаў" ("Sekreta Secretoram"), твор псэўда-Арыстотэлеў, нібыта напісаны ім для Аляксандра Вялікага. Першапачаткова — арабскі філязофскі твор, які трактаваў характэрныя асаблівасці чалавека. У XIII ст. быў перакладзены на лацшскую мову. Быў ведамы ў XV ст. і ў чэскім перакладзе. Беларускі тэкст перакладзены з гэбрайскага арыгіналу, з дадатковым матар'ялам з твораў філёзафа Майманіда, арабскага лекара IX X стст. Алразі ды грэцкага лекара Галена (II ст.); у наш тэкст уключаныя і мэдычныя і дыетычныя парады. З прыемнасьцю, але разам з тым і з жалем, зазначаю, што гэта — адзіны з усіх успомненых у нашым аглядзе рукапісны твор, які знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у Нацыянальнай бібліятэцы ў Мінску. Астатнія ж рукапісы раскіданыя на ўсе бакі сьвету.

"Шастакрыл" — кніга астранамічнага характару, табліца месяцаў, разьдзеленая на шэсьць частак-крылаў. Першапачаткова разлічаная для ўстанаўленьня Вялікадня, пазьней ужывалася як кніга для варажбы. Аўтар яе, Імануэл-Бэн-Якаб, — італьянскі гэбрай. Наш пераклад, праўдападобна, быў зроблены з гэбрайскага, бо ў тэксьце шмат гэбраізмаў

"Логіка" Майманіда-Аль-Газалі з гэбрайска-арабскага арыгіналу ў Х? ст. была перакладзеная на беларускую мову. Пры гэтым у тэкст уводзшася шмат нэалягізмаў, каб ператлумачыць чытачу адцягненыя, абстрактныя філязофскія паняцьці.

Шмат яшчэ твораў можна было б уключыць у гэты разгляд. Але я абмежавалася найбольш характэрнымі, якія ад нас дайшлі ў Маскоўшчыну, ды найменьш спрэчнымі, бо няварта нам ісьці па сьлядох неаб'ектыўных дасьледчыкаў і дапускаць новыя канфузы і кантравэрсіі. Нам важна засыгналізаваць свае ды вывучаць і адстойваць яго, бо нашая перакладная літаратура настолькі багатая і разнастайная, што змагла заняць прагрэсыўную ролю ў пераходзе аднэй культуры ў другую — быць мастом паміж Захадам і Усходам.

На вялікі жаль (выбачайце за такія, можа, банальныя метафары), нашая перакладная літаратура сапраўды стала "мастом", праз які хадзілі туды-сюды, пераносілі з аднаго мейсца ў другое. Ды многае заставалася на адным ці другім баку маета, вельмі часта гублялася пры пераносе, — а на масьце нічога не засталося.

Прыйшоў час вярнуць нам нашую літаратурную спадчыну, у тым ліку і перакладную, на цьвёрдую беларускую глебу і ў поўным складзе.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by