МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Беларуская нацыянальная школа на эмiграцыi // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 2

Аўтар: Ляднёва Анфiса
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 2 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 362 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Анфіса Ляднёва (Мінск)

Беларуская нацыянальная школа на эміграцыі

Эміграцыя з Беларусі існавала з даўніх часоў. Розныя сілы штурхалі людзей здымацца з родных наседжаных мясцін і адпраўляцца на пошукі шчасця ў іншыя краіны. Беларуская нацыянальная дыяспара склалася ў выніку трох масавых эміграцыйных хваляў: на рубяжы ХІХ-ХХ стст., у міжваенны перыяд і пасля Другой сусветнай вайны.

Паспрабуем вызначыць месца беларускай школы ў азначаныя перыяды. Першая хваля была выклікана ў асноўным эканамічнымі прычынамі. Развіццё капіталістычных адносін стрымлівалася прыгонніцкімі перажыткамі, панавала малазямелле, лішак працоўнай сілы. Збядненне асноўнай масы сялян штурхала іх шукаць працу за межамі Бацькаўшчыны. Ехалі на некалькі гадоў, каб зарабіць грошы, а затым, вярнуўшыся дадому, падтрымаць сем'і ці, калі лёс паспрыяе, абзавесціся ўласнай гаспадаркай. Такі адыходніцкі характар эміграцыі вызначаў яе склад. Ехалі пераважна маладыя беларусы ва ўзросце 18-35 гадоў, сяляне, несямейныя. Асноўнымі краінамі іх пасялення сталі Германія, ЗША, Бразілія, Аргенціна, Канада. У большасці непісьменныя ці малапісьменныя, не маючы нацыянальна свядомых лідэраў і духавенства, эмігранты першай хвалі, нягледзячы на значную іх прысутнасць у замежных краінах, асабліва ў Паўночнай Амерыцы, не здолелі стварыць нацыянальна-арганізаванага жыцця. На пачатку стагоддзя іміграцыйныя ўлады амаль усіх краін не вылучалі беларусаў у асобную этнічную групу, адносілі іх да "рускіх" ці "палякаў". Гаварыць пра існаванне ў гэты час беларускіх школ або адукацыйных курсаў няма падстаў.

Першая сусветная вайна, рэвалюцыйныя падзеі 1917 г., жорсткія ўмовы жыцця ў час акупацыі Беларусі нямецкімі і польскімі войскамі, падзел беларускай зямлі паводле Рыжскага дагавору 1921 г. выклікалі новую хвалю перасялення за мяжу, якая была таксама працоўнай, але мела ўжо і палітычны характар, вызначалася пэўнай колькасцю інтэлігенцыі. Міжваенны перыяд характарызуецца значным выездам насельніцтва Заходняй Беларусі ў еўрапейскія краіны і на амерыканскі кантынент. Як і ў папярэднія гады, эмігранты ўключаліся ў рускія і польскія асяродкі. Але менавіта прадстаўнікі гэтай хвалі сталі пачынальнікамі стварэння нацыянальных арганізацый.

Так, прыбыўшы ў 1922 г. у ЗША, Я.Чарапук разам з Я.Варонкам заснаваў Беларуска-амерыканскі нацыянальны саюз, пры якім пачала дзейнасць і школь­ная камісія. Я.Чарапук разам з сябрамі-аднадумцамі спрабавалі вырваць беларусаў з абдымкаў чужых арганізацый, узбудзіць беларускія нацыянальныя ідэі, адчыніць беларускія школы. Але цуда не адбылося. Патрэбна была доўгая выхаваўчая праца, каб просты чалавек адчуў сваё нацыянальнае "я". Для гэтага Я.Чарапук і Я.Варонка абралі шлях супрацоўніцтва з рускімі арганізацыямі. Я.Варонка пачаў выдаваць беларускія выданні на рускай мове, пераняў кіраўніцтва расійскімі школамі. Каля чатырох гадоў у адной з такіх расійскіх школ для беларускіх дзяцей працаваў настаўнікам і Я.Чарапук. Аднак уся гэтая праца міжволі спрыяла русіфікацыі беларусаў, а не іх самавызначэнню.

На прыкладзе чыкагскага беларускага актыву бачна, што хаця другая хва­ля эміграцыі і вызначаецца больш актыўнай нацыянальнай і культурна-асветніцкай дзейнасцю, навучанне беларускіх дзяцей адбывалася ў расійскіх, польскіх і іншых школах, як таго жадалі бацькі. Такое ж назіралася і ў іншых краінах пасялення.

Сапраўдная гісторыя беларускай нацыянальнай школы на эміграцыі пачалася пасля 1945 г. у Нямеччыне, дзе па розных прычынах апынулася каля 400— 500 тысяч беларусаў1. Зразумела, што не ўсе яны засталіся ў чужым краі. Але і не ўсе беларусы, хто застаўся, праяўлялі нацыянальную свядомасць, былі палітычна актыўнымі. Менавіта ў Нямеччыне пачалася разбудова беларуска­га школьніцтва на чужыне. Гэта была значная з'ява эмігранцкага нацыянальнага жыцця. Меліся і неабходныя людзі, каб падняць арганізацыю школы. На чужыне апынулася шмат настаўнікаў, якія разумелі, што ў працэсе ўзгадавання і навучання не павінна быць значных перапынкаў. А многія дзеці, асабліва тыя, хто апынуўся ў Нямеччыне як працоўная сіла, па некалькі гадоў не наведвалі школу. Ды і дзеці, што выехалі на эміграцыю сумесна з бацькамі або падлеткі, якія вырашалі свой лес самастойна, мелі жаданне працягваць вучобу. Акрамя таго моладзь, адлучаная ад роднай мовы і беларускага жыцця, магла вырасці чужой для бацькоў, беларускага асяроддзя. Таму беларускія арганізацыі вызначалі выхаванне маладога пакалення як сваю важнейшую нацыянальна-грамадскую задачу. Ставілася мэта, каб усюды, дзе арганізуецца нацыянальны лагер ці самастойная беларуская група, у першую чаргу пачала працаваць школа.

Неабходна адзначыць, што беларускія пачатковыя школы ў Нямеччыне існавалі крыху раней, з 1943 г., калі на нямецкіх фабрыках і заводах працавалі тысячы маленькіх беларусаў. Толькі ў фірме "Юнкере" было занята каля трох тысяч чалавек. Пасля настойлівых намаганняў Беларускай Цэнтральнай Рады нямецкія ўлады пайшлі на адкрыццё школ для дзяцей у працоўных лагерах. Рэферэнтам пачатковай і агульнай асветы аддзела прапаганды, прэсы і куль­туры БЦР у 1943 г. стаў А.Орса. Пад яго кіраўніцтвам у 1944—1945 гг. арганізаваліся два дзесяткі пачатковых беларускіх школ у лагерах працы2. Галоўнай мэтай іх было не толькі даць агульную беларускую асвету, але ў першую чаргу вызваліць дзяцей ад непасільнай нявольніцкай працы. Такія ж школы некаторы час існавалі і ў Аўстрыі.

Арганізацыя беларускага школьніцтва ішла па трох напрамках — дашкольным, пачатковым і сярэднім. Дапамогу з памяшканнем, мэбляй, пісьмовымі прыладамі і належнасцямі, пераводам настаўнікаў і выхавацеляў з аднаго лагера ў другі аказвалі акупацыйныя ўлады і кіраўніцтва ЮНРРА. За настаўніцкую працу выдаваліся талоны, за якія ў спецыяльных крамах можна было атрымаць вопратку, цыгарэты, цукеркі ці што іншае. Але ўсё ж галоўныя турботы па наладжванні працы дзіцячых садкоў, пачатковых школ, гімназій, курсаў па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых клаліся на беларускія зонныя камітэты, бацькоў і настаўнікаў.

Дашкольнае выхаванне ахоплівала дзяцей ад трох да шасці гадоў. Дзіцячыя садкі працавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945-1948), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлез, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остергофен (1947), Гібелыптат (1948), Бакнанг і Розэнгайм (1949). Найбольш значнымі былі садкі ў Ватэнштэце, Віндзішбергердорфе, Розэнгайме, дзе палова дзяцей былі іншых нацыянальнасцей. Праграма заняткаў складалася з гульняў, спеваў, дэкламацыі вершаў чытання і пераказу апавяданняу, экскурсій. Выхавацелі імкнуліся даць усебаковае фізічнае і інтэлектуальнае развіццё, падрыхтаваць дзяцей да заняткаў у пачатковай школе.

Пачатковыя школы працавалі ва ўсіх лагерах, дзе ўтвараліся значныя беларускія асяродкі. Яны мелі тры, чатыры і нават пяць класаў. Наведвалі іх вучні ва ўзросце ад сямі гадоў. Першыя школкі адчыніліся восенню 1945 г. у лагерах Госляр, Ватэнштэт і Рэгенсбург. У іх выкладаліся беларуская і нямецкая мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства. Абавязковым быў Закон Божы. Шмат увагі надавалася эстэтычнаму і фізічнаму развіццю вучняў. Яны займаліся спевамі, маляваннем, ручной лепкай, гімнастыкай. Скончыўшы пачатковую школу, вучань быў падрыхтаваны да далейшай навукі ў сярэдняй школе.

Ідэя стварэння сярэдняй школы або гімназіі ўзнікла разам з арганізацыяй пачатковых школ. Значную дапамогу тут аказалі беларускія нацыянальныя ка-мітэты ў амерыканскай і англійскай зонах. У Нямеччыне працавалі тры беларускія гімназіі імя Усевалада Ігнатоўскага, імя Янкі Купалы і ў лагеры Ватэнштэт. Яны былі роўнымі па ведах і правах з нямецкай школай, а выпускнікі без перашкод паступалі ў вышэйшыя навучальныя установи Нямеччыны. Наибольшую вядомасць атрымала Першая беларуская гімназія імя Янкі Купалы, якая працавала на працягу 1945—1949 гг. 44 яе выпускнікі атрымалі права працягваць вучобу ў ВНУ Еўропы і ЗША.

Пераацаніць дзейнасць беларускага школьніцтва ў Нямеччыне немагчыма. На працягу пяці гадоў школьныя установи праводзілі навучальную і выхаваўчую работу сярод беларускай моладзі. Настаўнікі, бацькі, грамадскія дзеячы рабілі велізарныя і высакародныя высілкі па выхаванні ва ўмовах лагернага жыцця маладога пакалення ў нацыянальных традыцыях. "Што было б з нашай моладзьдзю, каб мы не мелі сваёй гімназіі", — адзначаў А.Орса3. Большасць выхаванцаў гімназіі атрымалі вышэйшую адукацыю, дасягнулі значных поспехаў у набытых прафесіях, спрыялі развіццю эканомікі, культу­ры і навукі краін, грамадзянамі якіх яны сталі, чым заслужылі пашану з боку грамадства.

У 1951 г. працэс масавага выезду беларусаў з Нямеччыны ў краіны новага пасялення ў асноўным закончыўся. Цэнтр беларускай дзейнасці перанёсся ў ЗША, Канаду, Англію. Надзвычай важна было не страціць набыты вопыт адукацыйнай працы, склад педагагічных калектываў і вучняў. Але, на вялікі жаль, іміграцыйныя законы некаторых краін не дазволілі многім беларусам з сем'ямі адначасова выехаць з Нямеччыны і кампактна пасяліцца на новым месцы. Прыстасаванне да новых умоў жыцця не было гладкім. Асноўная маса беларусаў больш дбала пра сваё матэрыяльнае становішча, бытавое ўладкаванне, чым пра нацыянальнае ўзгадаванне дзяцей, існаванне нацыянальнай школы. Разбудову яе давялося пачынаць нанава. Таму адначасова з гуртаваннем і арганізаваннем беларусаў разгарнулася праца па стварэнні асноў для нацыянальнага самазахавання, суботніх і нядзельных школак, дзе дзеці вучыліся б роднай мове, знаёміліся б з гісторыяй і культурай далёкай Бацькаўшчыны, яе багатай спадчынай.

Калі беларускія эмігранты жылі ў лагерах перамешчаных асоб у Нямеччыне і Аўстрыі, узгадаванне моладзі не было такім цяжкім, бо сярод іх было шмат настаўнікаў, а жылі ўсе разам. Пасля рассялення беларусаў па краінах свету кожны асяродак імкнуўся сам вырашыць праблемы выхавання дзяцей. Гэтую ношу ўзялі на сябе прадстаўнікі нацыянальна дзейнай часткі эміграцыі, у тым ліку і былыя настаўнікі. "Справа навучання беларускіх дзяцей у беларускіх школах павінна выяўляцца ў такой сіле, як і іншыя важнейшыя праблемы і патрэбы нашага жыцця і дзейнасці на эміграцыі", — пісала газета "Беларус"4.

Першыя дапаўняльныя школкі на эміграцыі ўзніклі ў пачатку 50-х гадоў. Дапамагала царква — як памяшканнем, так і выкладчыкамі. Пазней школы сталі часткай грамадска-культурных цэнтраў, беларускіх дамоў Зразумела, што не ва ўсіх краінах пасялення школьная справа развівалася аднолькава. Найбольшыя цяжкасці яна сустрэла ў Аўстраліі. Гэта тлумачыцца значнай тэрытарыяльнай адарванасцю беларускіх асяродкаў адзін ад другога і ў цэлым ад суродзічаў у іншых краінах, слабай нацыянальнай актыўнасцю. Толькі як пра часовую з'яву можна гаварыць пра школы ў Сіднеі, Адэлаідзе і Пэрце.

Найбольш моцнымі былі школы ў ЗША, Канадзе і Англіі. Курс навучання ўключаў агульнаадукацыйныя прадметы на беларускай мове, рэлігію, культурнае і эстэтычнае выхаванне. З цягам часу заняткі рабіліся больш разнастайнымі — дзеці прывучаліся да мастацкай самадзейнасці, ставілі спектаклі, рабілі пераклады мастацкіх твораў для паказу на сцэне. Кіраўнікі многіх школ дзялілі дзяцей на групы: пачынаючых і старэйшых, а для кожнай групы была свая навучальная праграма. З прыходам англамоўных дзяцей у працэсе навучання стала ўжывацца і англійская мова.

З канца 70-х гадоў беларуская школа на эміграцыі перажывае крызіс, у яе працы здараюцца перапынкі па некалькі гадоў. Новае пакаленне беларусаў расце ў сваёй большасці англамоўным, адбіваецца і абыякавасць некаторых бацькоў да нацыянальнага ўзгадавання дзяцей. Галоўная перашкода ў дзейнасці школы — невялікая колькасць вучняў. Даводзіцца ўгаворваць бацькоў, каб яны вазілі дзяцей раз у тыдзень на заняткі. У сучасны момант у ЗША назіраецца ажыўленне дзейнасці дапаўняльных школак.

Асаблівая ўвага пры наладжванні школьнай справы надавалася падручнікам, наглядным дапаможнікам. Выязджаючы на чужыну, толькі адзінкі з настаўнікаў бралі з сабой творы любімых пісьменнікаў, кніжкі для навучання дзяцей. Беларусы не ўяўлялі, які цяжкі шлях ім прыйдзецца прайсці спачатку па лагерах у Нямеччыне, потым па розных краінах свету. На эміграцыі настаўнікі маглі разлічваць толькі на ўласныя сілы і веды. Спачатку карысталіся кніжкамі, выдадзенымі ў Савецкай Беларусі. Але ў цэлым савецкія кнігі былі непрымальнымі для ўжывання не толькі з-за ідэалагічнай накіраванасці тэкстаў, а і па прычыне рэфармаванай беларускай мовы. У 1946 г. А.Радкевіч напісала і апублікавала ў Мюнхене першы на эміграцыі беларускі лемантар, які доўгія гады не губляў сваёй актуальнасці, шмат разоў перавыдаваўся. Недахоп дзіцячай літаратуры ў значнай ступені запаўняў часопіс "Каласкі", які выходзіў пры газеце "Бацькаўшчына".

У Нямеччыне, у лагерах для перамешчаных асоб метадычнымі цэнтрамі беларускага школьніцтва былі Першая беларуская гімназія імя Я.Купалы і пачатковая школа ў Міхельсдорфе. Тут складаліся навучальныя праграмы, распрацоўваліся падручнікі для ўсіх беларускіх школ. Пасля выезду беларусаў з лагераў цэнтрам педагагічнай думкі сталі ЗША. Адсюль здабыткі настаўнікаў — беларускія чытанкі, граматыкі, гістарычныя тэксты — разыходзіліся па іншых краінах.

У 1958 г. беларуская школа ў Чыкага выдала сваю першую кнігу "Падручнік для чытання ў 2 класе", складзеную настаўнікам гэтай школы В.Пануцэвічам. Ён жа ў 1959 г. выдаў для першакласнікаў "Першую чытанку". Абедзве кніжкі добра ілюстраваныя. На жаль, яны былі выдадзены на рататары. У 1957 г. у Мюнхене дзякуючы стараниям З.Станкевіч у выдавецтве "Бацькаўшчына" ўбачыў свет зборнік беларускіх казак, які доўгі час служыў дапаможнікам пры вывучэнні беларускай мовы на чужыне5.

У лагеры Міхельсдорф выдавецкай справай займаліся скауты. Тут існавала мощная скаўцкая арганізацыя, якой кіраваў В.Кіпель. Моладзь вырашыла выдаць неабходныя для школы падручнікі і дапаможнікі. Было арганізавана выдавецтва "Крыніца", душой якога сталі А.Марговіч і А.Бута. У 1947 г. былі выдадзены напісаныя настаўнікам пачатковай школы М.Міцкевічам чытанкі для дзяцей першых класаў, паэмы Я.Купалы. Для гімназіі прызначаліся падручнікі А.Калубовіча "Паэтычная стылістыка" (у чатырох кніжках) і М.Кунцэвіча "Лацінская мова".

У лагеры Ватэнштэт стараннямі настаўнікаў, беларускага дапамогавага камітэта і выдавецкай суполкі "Заранка" былі выдадзены кнігі для чытання О.Уайльда ("Казкі" і "Шчаслівы прынц" (1947)), Д.Дэфо ("Рабінзон Крузо" (1947)), М.Багдановіча ("Выбраныя вершы" (1947)), С.Каўша ("У калядную ноч" (1947)), В.Дуніна-Марцінкевіча ("Залёты" (1947)); падручнікі "Стары Запавет" (1946), чытанка Я.Гладкага для другога класа "Родны палетак" і чытанка па гісторыі для чацвёртага класа "Малюнкі мінулага", геаграфія (ч. 1, 1947). У Нямеччыне таксама выйшлі "Арыфметыка" для першага класа, "Роднае слова" і інш. Значная роля ў выданні падручнікаў належала Саюзу беларускіх настаўнікаў у Нямеччыне.

У 1961 г. парафіяльны камітэт праваслаўнай царквы св.Еўфрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы перавыдаў фотаспосабам "Беларускі лемантар" А.Радкевіч, задаволіўшы свае патрэбы і аказаўшы дапамогу іншым школам. У тым жа Саўт-Рыверы ў 1961 г. старанием Злучанага беларуска-амерыканскага дапамогавага камітэта перавыдадзена "Беларуская школа — першая пасля лемантара кніга для чытання" К.Езавітава, складзеная і выдадзеная ў Рызе ў 1926 г. Але змест падручніка не адпавядаў амерыканскім рэаліям, цяжка ўспрымаўся і не знайшоў попыту6.

Плённай была праца Юркі Станкевіча, па прафесіі інжынера-электрыка. У 1966 г. ён склаў і выдаў у Нью-Йорку "Падручнік беларускай мовы для II класа: правапіс і развіццё мовы", а ў 1968 г. у Кліўлендзе выйшаў яго падручнік "Кароткі агляд гісторыі Беларусі". Для дзяцей, якія нарадзіліся на эміграцыі і дрэнна ведалі мову сваіх бацькоў, прызначаны падручнік настаўніцы беларускай школы ў Таронта Валянціны Пашкевіч з вялікім беларуска-англійскім слоўнікам. У 1968 г. выйшла з друку яе ж "Першая чытанка пасля лемантара".

У канцы 60-х гадоў у ЗША была зроблена спроба стварыць каардынуючы цэнтр падрыхтоўкі падручнікаў. Пачала дзейнічаць камісія па рэдагаванні кніг для сярэдняй школы на эміграцыі, куцы ўваходзілі вядомыя, кваліфікаваныя настаўнікі. Заўчасная смерць А.Орсы, члена гэтай камісіі, не дазволіла яму закончыць падручнік па геаграфіі і кнігу "Думкі аб нацыянальным узгадаванні".

Прайшло шмат часу, пакуль беларускае грамадства прыступіла да сур'ёз-нага абмеркавання спраў выдання падручнікаў Старшыня Рады БНР В.Жук-Грышкевіч пісаў у 1973 г.: "...Падручнікі перш за ўсё, бо без падручнікаў бадай што нічога нельга навучыцца. А што ж казаць пра вывучэнне беларус­кай мовы й беларусаведы — жывучы ў чужамоўным акружэнні. 3 падручніка можна вучыцца ня толькі ў школе, але й самому дома. А беларусаведы трэба вучыцца не толькі дзецям, а й дарослым, бо рэдка хто з нас вучыўся ў бела­рускай школе. У першую чаргу трэба вучыць беларускай мове дзяцей і моладзь.. ."7 В.Жук-Грышкевіч выступіў ініцыятарам стварэння Фонда беларускіх падручнікаў, які быў 10 лютага 1973 г. заснаваны пры Беларускім шстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Йорку і яго філіі ў Канадзе. Дзякуючы фінансавай падтрымцы беларускіх асяродкаў і дапамозе з боку Канадскага федэральнага ўрада, які на запыт Каардынацыйнага камітэта беларусаў выдзеліў 15 тыс. долараў, быў выдадзены англамоўны падручнік В.Пашкевіч "Беларуская мова" ў дзвюх кнігах тыражом 2 тыс. экз. Падручнік быў куплены многімі бібліятэкамі свету, знайшоў попыт у Англіі, Нямеччыне, Бельгіі, Галандыі, Швецыі, Аўстрыі, Аўстраліі, Паўднёвай Амерыцы.

Значную ўвагу праўдзіваму і поўнаму асвятленню беларускай гісторыі ў амерыканскіх падручніках і школах надавалі вядомыя грамадскія дзеячы, кіраўнікі беларускіх згуртаванняў. Яны аказвалі ўсялякую дапамогу ў распаўсюджанні ведаў пра Беларусь у дзяржаўных і прыватных школах ЗША і іншых краін.

Здабыткі беларускіх эмігрантаў па разбудове школьніцтва на чужыне не засталіся марнымі. Гэта бліскучы прыклад, як трэба для дабра нацыі выкарыстоўваць адукаваных, дзяржаўных людзей, іх памкненні і здольнасці для захавання сваёй нацыянальнай самабытнасці. У адрозненне ад старой эміграцыі, якая імкнулася захаваць рэлігію, эмігранты пасляваеннай хвалі здолелі захаваць этнічныя карані, культуру, выхаваць сваіх дзяцей добрымі грамадзянамі, знайшлі мажлівасць, каб яны ведалі і любілі Беларусь.

Спасылкі:

1 Максімюк Я. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне: 1945 1950. Нью-Йорк; Беласток, 1994. С. 10.

2 Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939— 1951 гадах. Лос-Анджэлес, 1969. Ч. 1. С 49-50.

3 Бацькаўшчына. 1949. № 2. 106

4 Беларус. 1958. №43.

5 Беларус. 1989. №355. 108

6 Запісы Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. 1978. Кн. 16. С. 209.

7 Жук-Грышкевіч P. Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993. С. 611.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by