МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Ураджэнцы Беларусі ва універсітэтах Усходняй і Заходняй Еўропы // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 2

Аўтар: Гапоненка Вольга
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 2 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 362 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Вольга Гапоненка (Мінск)

Ураджэнцы Беларусі ва універсітэтах Усходняй і Заходняй Еўропы

Гісторыя грамадства — гэта гісторыя развіцця яго сацыяльнага і навукова-тэхнічнага быцця. Погляд на яе як на гісторыю інтэлектуальнай дзейнасці, а не як на паслядоўны працэс класавай барацьбы з непазбежнымі сацыяльнымі рэвалюцыямі — падстава для асэнсавання многіх праблем мінулага і сучаснага. Таму ва ўмовах нацыянальна-культурнага адраджэння асаблівую актуальнасць набывае вывучэнне гісторыі навуковай думкі і арганізацыі навукі ў Беларусі. Гэтая праблема з'яўляецца адным са звенняў разумення таго, як ішло фармаванне гістарычнай свядомасці і самасвядомасці беларускага этнасу.

Гісторыя айчыннай вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў — гэта гісторыя ўзлёту навуковай думкі, гісторыя знішчэння здабыткаў культуры і адраджэння лепшага на новай ступені. Нібыта ў люстэрку, тут адбіліся ўсе змены, што адбываліся ў сацыяльна-палітычным і эканамічным жыцці краіны. Беларусь сёння — гэта краіна з высокім інтэлектуальным патэнцыялам. Яе навуковыя школы ў галіне тэарэтычнай і лазернай фізікі, оптыкі і спектраскапіі, алгебры і тэорыі лічбаў ужо даўно прызнаны ў навуковым свеце. Значных поспехаў дамагліся біёлагі, хімікі, медыкі.

Багатая і своеасаблівая навуковая школа Беларусі творча ўвабрала ў сябе вопыт розных школ і краін. Яе стваралі не толькі беларусы, але і рускія, палякі, немцы, французы, італьянцы, яўрэі. Тут працавалі арыгінальныя мысліцелі, умелыя хірургі і тэрапеўты, таленавітыя вучоныя і даследчыкі. Шэраг выдатных дзеячаў навукі, літаратуры, мастацтва, палітыкаў дала свету Бела­русь. Знайсці узаемасувязь і ўзаемаўплыў гэтых працэсаў, далучыць навуко-вую і культурную спадчыну, пакінутую ўраджэнцамі Беларусі, да беларускай культуры як яе неад'емную частку — задача, актуальнасць якой пацвярджаецца часам.

У дадзенай працы ўпершыню праводзіцца гістарычна-навуковы аналіз ролі універсітэтаў Заходняй і Усходняй Еўропы ў адукацыйных працэсах ў Беларусі, разглядаецца ўклад ураджэнцаў Беларусі — прафесараў і выкладчыкаў замежных універсітэтаў — у развіццё фундаментальнай навукі, тэхнікі і медыцыны свету, у кулыурнае жыццё розных краін. Многія з імёнаў вучоных і дзеячаў адукацыі тут упершыню ўводзяцца ў навуковы ўжытак, звязваюцца з беларускай нацыяй1.

Значны ўздым у навуцы і вышэйшай адукацыі ў Расійскай імперыі, у склад якой пад назовам "Паўночна-Заходні край" уваходзіла і Беларусь, прыпаў на пачатак XIX ст. Прычыны таго былі ў сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці краіны, а таксама ў натуральным ходзе развіцця навуковай думкі.

Гэта быў час буйных зрухаў у сусветным прыродазнаўстве. Дастаткова прыгадаць такія факты, як апублікаванне "Паходжання відаў" Ч.Дарвіна (1859), адкрыццё рэнтгенаўскіх промняў (1895), радыёактыўнасці (1896) і радыю (1889). Ідэя эвалюцыі, якая ўзнікла ўжо ў папярэднюю эпоху, атрымала поўную перамогу. Перыядычны закон, тэорыя хімічнай будовы спрыялі ўмацаванню дыялектычнага разумения з'яў прыроды. Законы электрамагнітнага поля, сфармуляваныя Дж.Максвэлам, паклалі пачатак новаму перыяду ў гісторыі фізікі. На мяжы XIX—XX стст. вучоныя адкрылі невядомыя раней дыскрэтныя элементы матэрыі. Супольнымі намаганнямі матэматыкаў і фізікаў былі значна пашыраны ўяўленні класічнай механікі аб руху, прасторы і часе.

Развіццё капіталістычных адносін, патрабаванні эканомікі з'явіліся магутным штуршком для выкарыстання дасягненняў навукі і тэхнікі. Стварэнне новых галін, рост дзяржаўнага апарата запатрабавалі павелічэння колькасці адукаваных людзей. Прагрэс навукі і развіццё формаў яе арганізацыі вызначаліся не толькі эканамічнымі патрабаваннямі. На пашырэнне навуковых даследаванняў істотна паўплывалі і ўнутраныя заканамернасці развіцця самой навукі. Логіка яе развіцця вылучала праблемы, якія можна было вырашыць толькі праз пашырэнне і ўдасканаленне арганізацыі навуковых устаноў, падрыхтоўку большай колькасці вучоных. Вынікам стала пашырэнне сеткі навучальных устаноў.

Да старэйшых, Маскоўскага і Дэрпцкага універсітэтаў былі дададзены Пецярбургскі (1819), Віленскі (1801), Харкаўскі (1805), Казанскі (1804), Кіеўскі (1834), Наварасійскі (1861) і Томскі (1888) універсітэты. З'явіліся новыя для расійскай вышэйшай школы тэхнічныя інстытуты — Харкаўскі тэхналагічны (1885) і політэхнічныя ў Рызе (1896), Кіеве (1899) і Томску (1900).

Вучэбным і адміністрацыйным цэнтрам Віленскай навучальнай акругі, у склад якой уваходзілі Віцебская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская губерні, на пачатку XIX ст. становіцца Віленскі універсітэт. Ён адыграў выключную ролю ў культурным развіцці Беларусі, распаўсюджанні прыродазнаўчай адукацыі, падрыхтоўцы настаўнікаў для гімназій Віленскай навучальнай акругі і самога універсітэта. У выніку ўдзелу выкладчыкаў і студэнтаў універсітэта ў лістападаўскім паўстанні, якое ахапіла і беларускія землі, урадавым указам 1832 г. ён быў зачынены. За гады свайго існавання ён даў свету многіх таленавітых навукоўцаў. У першую чаргу згадаем М.Пачобута-Адляніцкага — заснавальніка віленскай астранамічнай школы і першага дырэктара Віленскай абсерваторыі, І.Дамейку — геолага, прафесара універсітэтаў Сант'яга, С.Горскага, будучага дырэктара Батанічнага сада Віленскага універсітэта, чые навуковыя даследаванні значна ўзбагацілі веды пра флору Беларусі, паэта А.Міцкевіча, заснавальніка фізічнай школы ў Вільні В.Міцкевіча, лаўрэата дзямідаўскай прэміі М.Ястржэмбскага — аўтара першага ў Расіі дапаможніка па будаўнічай механіцы "Курс практычнай механікі" (1837), І.Гайдэталя — інжынера, генерал—маёра, кіраўніка работамі па ўдасканаленні канала Агінскага, юрыста С. Казакевіча, лекара і батаніка, доктара медыцыны і хірургіі Дэрпцкага універсітэта Ё.Лібошыка, дэкана фізіка-матэматычнага факультэта Віленскага універсітэта М.Палінскага і многіх іншых.

Праз трыццаць гадоў такі самы лёс напаткаў першую ў Расіі навучальную ўстанову сельскагаспадарчага профілю — Земляробчы інстытут у Гор­ках (Магілёўская губерня). Беларусь засталася без сваей вышэйшай навучаль­най ўстановы і была фактычна ператворана ў калонію. "Адсталая ўскраіна царскай Расіі" — такая пашыраная характарыстыка замацавалася за Беларуссю не на адно дзесяцігоддзе, хаця ўзровень пісьменнасці тут быў вышэйшы, чым у Маскоўскай губерні і няшмат саступаў Пецярбургскай. Выхаванцы гімназій вымушаны былі працягваць вучобу за яе межамі — у навуковых цэнтрах свету.

Аналы старадаўніх універсітэтаў Заходняй Еўропы ў Берліне, Гэйдэльбергу, Гётынгене, Стакгольме, Парыжы, Празе, Кракаве, Варшаве захоўваюць звесткі пра ўраджэнцаў Беларусі, якія тут атрымалі вышэйшую адукацыю. Сярод выхаванцаў Берлінскага універсітэта трэба згадаць імёны аднаго з заснавальнікаў фізікі нізкіх тэмператур, прафесара і загадчыка фізічнага інстытута Ягелонскага універсітэта Ж.Урублеўскага і першай жанчыны-сябра Акадэміі навук, прафесара Стакгольмскага універсітэта С. Кавалеўскай, якая ўнесла значны уклад у вывучэнне механікі цвёрдага цела, прафесара Ветэрынарнага інстытута ў Дэрпце А.Краеўскага, лекараў І.Юндзіла і Ф.Негалеўскага. У Парыжскай Сарбоне атрымаў грунтоўныя веды па медыцыне адкрывальнік метаду фармавання адбіткаў жывой прыроды ва ўмовах электрычнага разраду Я.Наркевіч-Ёдка. У ёй вучыліся лінгвіст Р.Каліна, будучы прафесар Віленскага універсітэта астраном В.Каршэўскі, хімік і публіцыст, прафесар Тэхналагічнага інстытута ў Томску А. Асяндоўскі.

Стажыроўку ў Гэйдельбергскім універсітэце меў хімік Эдвард Урублеўскі. Курс Варшаўскага універсітэта скончыў трэці з братоў Урублеўскіх — Станіслаў, які кіраваў на пачатку XX ст. вайсковай прамысловасцю Польшчы, літаратар Л.Каратынскі, адвакат Л.Папіецкі, гісторык і географ, прафесар Варшаўскага політэхнічнага інстытута Т.Ліпінскі. Страсбургскі універсітэт скончыў стваральнік тэоріі нелінейных ваганняў Л.Мандэлыптам. У Кёнігсбергскім універсітэце вучыўся, а потым быў прафесарам у Гётынгенскім універсітэце Г.Мінкоўскі, якому належыць распрацоўка матэматычнай інтэрпрэтацыі спецыяльнай тэорыі адноснасці ў межах уяўленняў аб чатырохмернай прасторы-часе.

Лекцыі вядомых вучоных Еўропы ў Берліне, Гэйдельбергу, Гётынгене, Вене і Кембрыджы слухалі В.Ермакоў, з імем якога звязаны фундаментальныя даследаванні ў галіне тэорыі радоў, дыферэнцыйных раўнанняў, тэорыі функцый і алгебры, У.Садоўскі — адкрывальнік эфекту вярчальнага ўздзеяння палярызаванай светлавой хвалі на пласціну, праз якую ён праходзіць, І.Яркоўскі, выпускнік Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, які яшчэ да адкрыцця электрона прапанаваў тлумачэнне перыядычнасці ўласцівасцей хімічных эле-ментаў праз падабенства атамных структур.

Міграцыя інтэлігенцыі ў навучальныя установи была нешматлікай і складала толькі некалькі працэнтаў у агульным эміграцыйным працэсе. Асноўнымі месцамі, дзе ўраджэнцы Беларусі маглі атрымаць вышэйшую адукацыю, заставаліся універсітэты Усходняй Еўропы. У розныя перыяды з іх ліку тут вучылася ад 5 да 10 працэнтаў агульнай колькасці студэнтаў расійскіх універсітэтаў. Сярод выхаванцаў гэтых устаноў былі вучоныя, чые імёны трывала ўвайшлі ў біяграфічныя даведнікі і слоўнікі.

Базавай навучальнай установай для беларускіх губерняў становіцца ў 30-я гады XIX ст. Кіеўскі універсітэт Святога Уладзіміра, куды былі накіраваныя частка бібліятэкі, калекцыя манет і медалёў, прылады фізічнага кабінета, абсталяванне хімічнай лабараторыі і мінералагічны кабінет Віленскага універсітэта. Сярод яго выхаванцаў прыгадаем імёны вядомых вучоных фізіка Ж.Урублеўскага, матэматыка В.Ермакова, астранома і геафізіка О.Шмідта, дзеяча асветы, выкладчыка гімназій у Рызе, Вільні і Варшаве У.Ліхтаровіча і многіх іншых.

Асаблівы прэстыж меў у тыя часы Пецярбургскі універсітэт. Толькі яму было дазволена рыхтаваць "выкладчыкаў для ўсіх навучальных устаноў Імперыі", а не для пэўнай навучальнай акругі. Пецярбургскі універсітэт скончылі прафесар Дэрпцкага універсітэта А.Садоўскі, прафесар Пецярбургска­га тэхналагічнага інстытута, аўтар кніг па механіцы І.Яўневіч, рэктар Казанскага універсітэта Д.Дубяга, заснавальнік савецкай школы тэарэтычнай электратэхнікі У.Міткевіч, піянер-канструктар электрычных машын, сябра Міжнароднага таварыства электрыкаў В.Рэчнеўскі, арганізатар аптычнай прамысловасці Расіі Аляксей Гершун і яго сын, заснавальнік савецкай гідраоптыкі Андрэй Гершун. Тут складваліся першыя навуковыя школы ў розных галінах ведаў — матэматыцы, фізіцы, хіміі2. Неабходныя прадумовы для ўзнікнення навуковай школы былі звязаны з актыўным развіццём навуковых даследаванняў і вышэйшай адукацыі.

Выхаванцамі Маскоўскага універсітэта былі дзеяч аховы здароўя Польшчы М. Ласкі, матэматык М.Пагарэльскі, прафесар Варшаўскага універсітэта, адзін з стваральнікаў тэорыі аналітычных функцый В.Ермакоў. В.Ермакоў прымаў актыўны ўдзел ў арганізацыі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, з'явіўся аўтарам першага вучэбнага плана фізіка—матэматычнага факультэта. У савецкі час студэнтамі Маскоўскага універсітэта былі акадэмікі Расійскай Акадэміі навук фізікі В.Гальданскі і Я.Зельдовіч, акадэмікі АН Беларусі М.Ярмоленка і М.Паўлючэнка.

Значную ролю ў падрыхтоўцы вучоных і прафесараў універсітэтаў Расіі адыграў Дэрпцкі універсітэт. Вышэйшую адукацыю ў сценах гэтай навучальнай установи атрымалі акуліст, ардынатар Інстытута афтальмалогіі ў Варша­ве Вітаўт Наркевіч-Ёдка, мастак і фатограф Л.Крашэўскі, гісторык і архівіст, супрацоўнік бібліятэкі Варшаўскага універсітэта М. Круповіч, батанік У.Розэт. Шмат з яго выхаванцаў працавалі настаўнікамі беларускіх гімназій (М.Рэчынскі, Р.Кунцэвіч, П.Вагнер, І.Галавацкі, А.Сцяпанаў і інш.), а таксама Полацкага кадэцкага корпуса (П.Іваноў, К.Тэйхман, Г.Штукей).

Казанскі універсітэт скончыў настаўнік Шляхецкага інстытута ў Вільні К.Чаховіч — адзін з пачынальнікаў спектраскапіі атамаў і малекул ва ўзбуджаным стане. У Харкаўскім універсітэце вучыўся археолаг і філолаг, прафе­сар таго ж універсітэта УЮргевіч.

Задача універсітэтаў не абмяжоўвалася толькі падрыхтоўкай кваліфікаваных настаўнікаў Асноўнае бачылася ў распрацоўцы сістэмы падрыхтоўкі ўласнай навуковай школы. Найбольш таленавітая моладзь заставалася ва універсітэтах для падрыхтоўкі да навуковай ступені. Тут яе прадстаўнікі мелі магчымасць сфармавацца як вучоныя, дасягнуць значных поспехаў ў навуко­вых даследаваннях.

Многія з прафесараў універсітэтаў таксама былі беларускага паходжання. Яны ўнеслі істотны уклад у развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі і праводзілі цікавыя навуковыя даследаванні. У Пецярбургскім універсітэце батаніку вык-ладаў В.Баранецкі, мовазнаўства — У.Гіргас, астраномію — Д.Дубяга, гісторыю — Я.Замыслоўскі, заалогію — А.Кавалеўскі, геалогію — У.Кавалеўскі. Сярод прафесараў Маскоўскага універсітэта—фізік І.Весялоўскі, хімік Р.Гейман, матэматык П.Пагарэльскі, анатам Л.Сяўрук.

Рэктарам Дэрпцкага універсітэта быў А.Будзіловіч. Фізіку чытаў прафесар А.Садоўскі, гісторыю права — прафесар А.Змачынскі. Прарэктарам Дэрп­цкага анатамічнага інстытута быў абраны А.Вішнеўскі.

Пэўную долю ў адукацыю моладзі ўнеслі прафесары універсітэта Св. Уладзіміра ў Кіеве І.Абламовіч, С.Багенскі, С.Выжэўскі, В.Дамброўскі, С.Зяновіч, І.Лазарэвіч, Р.Чугаевіч, І.Станкевіч, прафесары Харкаўскага універсітэта Я.Рагоўскі, А.Шагін, А.Міцкевіч, Л.Лазарэвіч, прафесары Казанскага універсітэта В.Кавалеўскі, П.Вагнер і многія іншыя.

Кожны універсітэт меў неблагую навуковую базу. Гэта дазваляла прафесарам і выкладчыкам праводзіць навуковыя даследаванні. Лабараторыі, навуко­выя кабінеты, абсерваторыі, клінікі універсітэтаў Вільні, Казані, Дэрпта, Пецярбурга, Масквы і інш. з'явіліся месцамі ўзнікнення новых галінаў ведаў, навуковых адкрыццяў3. Менавіта таму многія адкрыцці ў той час былі зробленыя ў сценах універсітэтаў, а прафесары і ад'юнкты вышэйшых навучальных устаноў папаўнялі шэрагі сапраўдных сяброў Пецярбургскай Акадэміі навук.

Згодна з Рэгламентам Пецярбургскай Акадэміі навук кожны з абраных сяброў акадэміі "павінен быў быць вядомы ў навуковых колах сваімі адкрыццямі ці вынаходніцтвамі". Толькі ў XIX ст. яе сябрамі былі абраны ўраджэнцы Беларусі батанік К.Мейер, заолаг А.Кавалеўскі, мовазнаўца І.Кавалеўскі, матэматыкі В.Ермакоў і В.Энгельгард, астраном В.Вішнеўскі, гісторыкі Я.Замыслоўскі і М.Кутарга4.

Шмат ураджэнцаў Беларусі паспяхова вывучаюць таямніцы прыроды ў вядучых навуковых установах Усходняй і Заходняй Еўропы і сёння. Прафесарам Брусельскага універсітэта, дырэктарам Міжнароднага інстытута фізікі і хіміі з'яўляеццачлен Бельгійскай Акадэміі навук, лаўрэат Нобелеўскай прэміі І.Прыгожын. Віцябляніну, акадэміку Расійскай АН В.Гальданскаму належыць адкрыццё з'явы двухпратоннай радыёактыўнасці. Сярод стваральнікаў атамнай бомбы ёсць імя А.Брыша. Квантаваэлектрадыманічную тэорыю тэрмічнага выпраменьвання стварыў ураджэнец Ліды акадэмік РАН А.Мігдал. Выкладчыцкую дзейнасць ў філіі Мэрылендскага універсітэта ў Франкфурце-на-Майне вядзе ураджэнец Навагрудчыны былы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі Б.Кіт.

Навука інтэрнацыянальная, але кожны вучоны мае сваю радзіму. Для Жыгімонта і Эдварда Урублеўскіх, Уладзіміра і Аляксандра Кавалеўскіх, Івана Яркоўскага і Ігнація Дамейкі і многіх-многіх іншых гэта — Беларусь. Шматпакутная, яна паступова вяртае сабе гістарычную памяць, а разам з ёй і імёны сваіх сыноў. Вывучэнне іх навуковай спадчыны — справа нялёгкая, але вартая намаганняў.

Спасылкі:

1 Артыкул падрыхтаваны па матэрыялах біяграфічных даведнікаў "Polski slownik biograficzny", "Slownik biologow polskich", "Slownik polskich pionerow techniki", "Рус­ского биографического словаря", матэрыялаў С.-Пецярбургскага аддзялення архіва АН, Цэнтральнага гістарычнага архіва Ленінградскай вобласці, гістарычных архіваў ў Мінску і Гродне, кніг: Рождественский В. Очерки по истории систем народного про­свещения в России в XVIII-XIX вв. СПб., 1912; Биографический словарь преподава­телей и профессоров Императорского С.-Петербургского университета за 1869-1894. Т. 1—2. СПб., 1896, 1899; Биографический словарь преподавателей и профессоров Императорского Московского университета: 1755—1855. Ч. 1—2. М., 1855; Биографи­ческий словарь преподавателей и профессоров Юрьевского, бывшего Дерптского уни­верситета: 1802-1902. Т. 1-2. Юрьев, 1902; Биографический словарь преподавателей и профессоров университета Святого Владимира: 1834—1884. Киев, 1884; Загоскин Н.П. Биографический словарь преподавателей и профессоров Казанского университе­та. Ч. 1-2. Казань, 1902; Биографический словарь преподавателей и профессоров Харь­ковского университета. Т. 1-4. Харьков, 1902-1908.

2 Апошнім часам праблеме "навуковая школа" слушна надаецца шмат увагі, бо менавіта навуковыя школы адыгралі кіруючую ролю ў развіцці навукі. Аднак разгаяд гэтага пытання пакуль абмяжоўваецца аналізам навуковай спадчыны лідэра школы і некаторых найбольш выдатных яе прадстаўнікоў. Але толькі праз фізічную школу Ф.Петрушэўскага ў Пецярбургскім універсітэце за гады яе існавання прайшло амаль 3,5 тыс. чалавек. Многія з іх былі ўраджэнцамі Беларусі і пасля заканчэння універсітэта выкладалі ў беларускіх гімназіях. У сувязі з гэтым здаецца цікавым у перспектыве падрыхтаваць поўныя спісы студэнтаў з Беларусі. Адзначым, што вопыт складання падобных спісаў ужо ёсць ў прыбалтыйскіх дзяржавах.

3 У другой палове XIX ст. Расія значна уступала заходнееўрапейскім краінам па колькасці універсітэтаў, навуковых таварыстваў, навуковых лабараторый і метэастанцый. Поспехі навуковых даследаванняў былі дасягнуты ў гэты перыяд не за кошт арганізацыйных мерапрыемстваў, а часам насуперак ім. Далейшы ўздым універсітэцкай навукі з'явіўся вынікам не дзеяння новых статутаў універсітэтаў, а агульна-сацыяльнага развіцця грамадства, таленавітасці, самаадданасці прафесараў іх упартасці і настойлівасці ў пераадоленні перашкод.

4 Гл.: Модзалевский Б.Л. Список членов Императорской Академии наук: 1725-1907. СПб., 1902.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by