|
Валянцін Грыцкевіч (Санкт-Пецярбург)
Сферы і формы гістарычнай культуры
У нашы дні ўплыў сродкаў масавай камунікацыі на фармаванне гістарычных ведаў сярод насельніцтва пацясняе ўплыў навуковых спосабаў іх перадачы, далучаючыся да існуючых па традыцыі пазанавуковых спосабаў перадачы ведаў пра мінулае. Гэта вядзе да таго, што павышаецца цікавасць спецыялістаў-гісторыкаў не толькі да традыцыйных навуковых спосабаў такой перадачы, але і да вывучэння імі пазанавуковых — як традыцыйных, так і новых — яе спосабаў. Тут непазбежнае выкарыстанне сучасных звестак сацыялогіі, псіхалогіі, гісторыі культуры.
У сувязі са сказаным узнікае неабходнасць ахарактарызаваць гісторыю на-вуковую і гісторыю пазанавуковую ці "парагісторыю". Гісторыяй можна лічыць распавяданне пра мшулае чалавецтва, якое вызначаецца адноснай верагоднасцю, храналагічнай уладкаванасцю, унутранай арганізацыяй, размяш-чэннем у гістарычным кантэксце, якое мае непасрэдныя або апасродкаваныя адносіны да гістарычнай рэчаіснасці.
Парагісторыяй можна лічыць распавяданне пра мінулае чалавецтва, якое не адпавядае хоць бы аднаму з пералічаных патрабаванняў. Яе прыкладам могуць служыць міфы, утопіі, пераважная большасць мастацкай літаратуры на гістарычную тэму.
Узнікае патрэба даць уяўленне пра тыя з'явы, што ахопліваюць усе галіны і накірункі гістарычнага мыслення як гістарычную культуру ў шырокім сэнсе гэтага слова. У яе склад уваходзяць:
- гістарычная культура ў вузкім сэнсе слова, гэта значыць комплекс каштоўнасцей і ўзораў паводзін, што замацаваліся ў дадзенай групе грамадства ў дадзены перыяд, а таксама твораў, якія звязаны з пазнаннем і "перажываннем" мінулага;
- гістарычная думка, гэта значыць гістарычныя ідэі, канцэпцыі, тэорыі, погляды на пэўныя гістарычныя праблемы, падзеі, персанажы, вобразы гістарычнага мінулага, што функцыянуюць у асобныя гістарычныя перыяды;
—гістарычная ідэалогія, гэта значыць гістарычны змест пэўнай палітычнай дактрыны, у тым ліку гісторыя пэўнага палітычнага руху ці арганізацыі, гене-алогія гэтага руху (арганізацыі), канцэпцыя гісторыі таго калектыву, на выражэнне мэтаў якога прэтэндуе дадзены палітычны рух ці арганізацыя;
- гістарычная свядомасць, гэта значыць гістарычныя веды, якія функцы януюць у чалавечай свядомасці, прасякнуты каштоўнаснымі элементамі і прадвызначаны актуальнай сітуацыяй, акрэсленым бачаннем будучыні;
- гістарычная адукацыя, гэта значыць для асоб, якія навучаюць, — дзейнасць з мэтай азнаямлення іншых з гісторыяй, а для асоб і груп, якія атрымліваюць адукацыю, — пазнанне мінулага імі самімі з дапамогай іншых;
- гістарычная міфалогія, гэта значыць перадача пэўных гістарычных каштоўнасцей, пажаданняў, надзей у гістарычнай апратцы, у форме "надчасавых" узораў паводзін, якія прыняты і асвечаны яго носьбітамі;
- гістарычная традыцыя, гэта значыць адносіны асобных пакаленняў і сацыяльных груп (у тым ліку этнасаў класаў, лакальных груп, сем'яў) да культурных каштоўнасцей мінулага, іх згода ці нежаданне іх прымаць;
- гістарычны менталітэт, гэта значыць склад мыслення, комплекс меркаванняў ці прымхаў наконт мінулага, якія ствараюць базу мыслення індывіда або сацыяльнай групы і кіруюць гэтым мысленнем.
Пералічаныя сферы гістарычнай культуры ўспрымаюцца асобнымі коламі насельніцтва ў пэўных формах. У склад гэтых формаў уваходзяць:
— гістарыяграфія, якая фіксуе вынікі навуковых даследаванняў і перадае
іх спецыялістам гуманітарных дысцыплін, прадстаўляе гэтыя вынікі настаўнікам, папулярызатарам і аматарам гісторыі (з рысамі прыярытэту пазнавальных мэтаў, арыентацыяй на аб'ектыўную трактоўку падзей мінулага і выкананнем патрабаванняў даследчыцкай методыкі);
— гістарычная публіцыстыка як метафарычны спосаб распавядання пра сучаснасць з мэтай выяўлення і фармавання грамадскай думкі (з рысамі прыярытэту практычных мэтаў, моцна развітой "актуалізацыяй" падзей мінулага, грэбаваннем патрабаваннямі даследчыцкай методыкі, аднабаковым падборам фактаў, прыданнем ім сімвалічнага характару, насычэннем выкладання
эмацыянальнымі элементамі, шматзнакавасцю тэрмінаў, смеласцю суджэнняў, трактоўкай гіпотэз як цалкам даказаных сцвярджэнняў);
— гістарычная навукова-папулярная літаратура, якая перадае неспецыялістам у трансфармаваным і спрошчаным выглядзе складаныя гістарычныя веды з дапамогай навучальнай, займальнай, мастацкай літаратуры, публіцыстыкі, кінематографа, радыёвяшчання, тэлебачання, відэатэхнікі, фоназапісу;
- гістарычная навучальная літаратура, якая дае перавагу ідэйна-выхаваўчым мэтам, прыстасоўвае змест літаратуры да пазнавальных магчымасцей чытачоў, насычае гістарычнае распавяданне ацэначнымі меркаваннямі, узмацняе эмацыянальны бок гістарычнага распавядання, яўна ці ўпотай маралізуе, шырока прымяняе факты-сімвалы;
- гістарычная мастацкая літаратура, якая вызначаецца канкрэтнасцю і вобразнасцю, больш чым навуковая літаратура адпавядае актуальным сацыяльным патрабаванням, прадастаўляе чытачу большую свабоду ў галіне самастойнай канкрэтызацыі яе зместу, стварае вобразы мінулага не адэкватна гістарычнай рэчаіснасці, а ў адпаведнай мастацкай форме, арыентуецца не толькі на
адзінкавыя факты і агульныя працэсы, але і на канкрэтныя, індывідуальныя падзеі, дае магчымасць чытачу больш лёгка і трывала засвоіць гістарычныя звесткі пра мінулае, чым з навуковага ці папулярнага твора, уводзіць у распавяданне фіктыўныя персанажы і падзеі; - успаміны, якія апісваюць падзеі праз суб'ектыўнае ўспрыманне іх складальнікаў, валодаюць наступнымі рысамі: фактычнымі недакладнасцямі і памылкамі, пераацэнкай аўтарам крыніцы ўласнай ролі ў апісаных ім падзеях, прадузятасцю аўтара;
- вусная гісторыя, якая ўзнікае спантанна і з'яўляецца антыэлітарнай формай уяўленняў пра мінулае, якая супрацьстаўляецца афіцыйнай гісторыі.
Разгляд розных сфераў і формаў перадачы гістарычнай культуры дазваляе больш дакладна акрэсліць суадносіны навуковых і пазанавуковых гістарычных ведаў у фармаванні ўсё больш блізкіх да ісціны ўяўленняў пра мінулае і сярод спецыялістаў-гісторыкаў і сярод вывучаючай мінулае моладзі, і сярод астат-няй, пераважнай часткі насельніцтва.

