|
Галіна Алейнік (Мінск)
Выданні беларускага замежжа ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Сярод шматлікіх сацыяльных інстытутаў Нацыянальнай бібліятэцы належыць асаблівае месца — яна скарбніца і захавальніца агулыгачалавечых духоўных і навуковых каштоўнасцей, зафіксаваных на адпаведных носьбітах з дапамогай пэўных сімвалаў.
Нацыянальная бібліятэка, апрача таго, з'яўляецца дакументальнай памяццю таго народа, імя якога яна носіць. Яна павінна быць тым адзіным месцам на Зямлі, дзе можна атрымаць вычарпальную інфармацыю пра гэты народ.
Вось чаму Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) практычна з дня свайго заснавання рупліва збірае і захоўвае ўсе выданні, рукапісныя матэрыялы, a цяпер і іншыя носьбіты інфармацыі (гуказапісы, аўдыёвізуальныя дакументы, мікраносьбіты і г.д.), створаныя беларусамі, або такія, якія маюць дачыненне да Беларусі па змесце ці мове. Выкарыстоўваючы спецыяльную тэрміналогію, можна сказаць, што ажыццяўляецца мэтанакіраванае фармаванне фонду нацыянальнага дакумента і экстэрыёрыкі, для Беларусі — беларусікі. Дарэчы, вядзецца навуковая работа па ўдакладненні і размеркаванні дадзеных тэрмінаў. Цяпер гэты сукупны фонд складае каля паловы мільёна адзінак захоўвання. Папаўненне фонду нацыянальнага друку ў Беларусі ў адпаведнасці з яе дзяржаўнымі межамі кожнага перыяду ўжо больш за семдзесят гадоў (з 1922 г.) забяспечваецца сістэмай кантрольных і абавязковых экземпляраў, што практычна гарантуе яго паўнату.
He меншую каштоўнасць для беларускай культуры маюць дакументальныя друкаваныя і рукапісныя помнікі, створаныя нашымі суродзічамі — прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў розных кутках свету. Гэта вынікі культурнай дзейнасці і этнічных беларусаў у суседніх з Беларуссю дзяржавах, і тых беларусаў, каго ў розныя часы лёс раскідаў амаль па ўсіх кантынентах.
Цяпер прагрэсіўная частка грамадства ўжо разумее, што беларускае замежжа шмат зрабіла і робіць для развіцця беларускай культуры, літаратуры, навукі, мастацтва. Беларусы замежжа вьшускаюць кнігі, часопісы, газеты, стварылі бібліятэкі, музеі, архівы, дзе збіраюцца і захоўваюцца друкаваныя выданні, рукапісныя дакументы. Гэтая спадчына, якую стварылі і сабралі нашы суайчыннікі за межамі Беларусі, дастаткова вялікая, але далёка не асвоеная ў Беларусі, а часткова яшчэ і невядомая. Аднак без яе беларуская культура заўсёды будзе няпоўная. Гэта ўрэшце стала відавочным.
Таму, выкарыстоўваючы больш спрыяльную сітуацыю, НББ скіравала свае намаганні на папаўненне збору выданняў беларускага замежжа як часткі ўсёй калекцыі нацыянальнага фонду. Пры гэтым мы кіруемся наступнымі прынцьшамі: імкненне да паўнаты, адлюстраванне разнастайнасці светапоглядаў аўтараў, шматгаліновасць, відавая разнастайнасць.
Фармаванне ўказанай часткі фонду мае даўнюю гісторыю. Яшчэ да Другой сусветнай вайны рабіліся захады, каб набыць выданні, што выходзілі з друку, у прыватнасці ў Заходняй Беларусі. Безумоўна, у той час, як і ў пазнейшы, пасляваенны, існавалі значныя ідэалагічныя абмежаванні. Аднак часам і такія выданні, што ў афіцыйных уладаў не выклікалі ідэалагічных пярэчанняў, да Беларусі не даходзілі, а асядалі ў буйнейшых кнігасховішчах Расіі. Вось чаму фонд рос марудна, выданні беларускай эміграцыі адсутнічалі, пытанне аб паўнаце фонду наогул не магло ставіцца. Таму без перабольшання можна сцвярджаць, што па сутнасці частка нацыянальнага фонду "Беларускае замежжа" ў асноўным створана за апошнія сем-восем гадоў, калі ва ўмовах былога Саюза ў сувязі з працэсамі дэмакратызацыі стварыліся для гэтага рэальныя перадумовы. Мяркуем, што не апошнюю ролю тут адыграла і наданне былой Дзяржаўнай бібліятэцы ў 1992 г. статуса Нацыянальнай. Нашы суайчыннікі за мяжой сталі бачыць у бібліятэцы не частку дзяржаўнай структуры, а сацыяльны інстытут, што абслугоўвае патрэбы ўсёй нацыі.
Усё гэта стварыла магчымасць весці камплектаванне фонду "Беларускае замежжа", выкарыстоўваючы розныя каналы. Умоўна іх можна падзяліць на два віды: афіцыйныя каналы міжнароднага кнігаабмену (МКА) і асабістыя кантакты з дзеячамі беларускага замежжа. Першы з іх найбольш шырока прымяняецца для набыцця выданняў беларусаў Беласточчыны, а таксама іншых беларусазнаўчых выданняў у Польшчы. Трывалыя сувязі ўсталяваліся ў НББ з 35 арганізацыямі Польшчы, партнёрамі па МКА.
Значна папоўніўся збор выданняў беларускага замежжа дзякуючы асабістым кантактам з яго вядомымі дзеячамі. Неацэнную дапамогу ў папаўненні калекцыі аказалі Вітаўт і Зора Кіпелі, якія сабралі і перадалі НББ у сукупнасці каля 700 адзінак кніг і часопісаў, што складае амаль чвэрць усёй калекцыі. Шмат зрабілі для дакамплектавання калекцыі Кастусь Акула, Юры Весялкоўскі, Янка Мойсік, айцец Аляксандр Надсан і многія іншыя.
У выніку фонд "Беларускае замежжа" цяпер уяўляе сабой калекцыю, разнастайную паводле зместу, аўтараў, відаў выданняў, моваў, носьбітаў інфармацыі.
Паколькі доўгі час колькасны ўлік выданняў калекцыі не праводзіўся, выданні асобна не выдзяляліся, а расстаўляліся па меры паступлення разам з прадукцыяй беларускіх выдавецтваў, назваць дакладную лічбу, якая характарызавала б яе аб'ём, немагчыма. Апошнія гады такі ўлік наладжаны. Больш таго, стварэнне электроннага каталога (ЭК) на фонд нацыянальнага дакумента і беларусікі, дзе беларускае замежжа пазначаецца спецыяльным кодам, дазволіць у бліжэйшы час не толькі атрымаць такую лічбу, але і весці хуткі пошук па розных параметрах. Прымяніўшы спецыяльную методыку, удалося падлічыць, што калекцыя выданняў беларускага замежжа сёння складае каля трох тысяч адзінак захоўвання. Яна носіць ярка выражаны гуманітарны характар. Сярод выданняў 35 працэнтаў — мастацкая літаратура, у тым ліку для дзяцей, астатнія — па літаратуразнаўстве, мовазнаўстве, гісторыі, этнаграфіі, фальклоры, мастацтве і г.д. У моўным аспекце 70 працэнтаў — выданні на беларускай мове, 20 — на польскай, 7,5 — на англійскай, 2,5 працэнта — на іншых мовах. У відавым аспекце 87,5 працэнта — кнігі, 12 — часопісы, 0,5 — газеты. Па носьбітах 99,3 працэнта папяровыя, 0,7 — мікрафільмы і мікрафішы.
Сярод галіновай літаратуры пераважаюць выданні па гісторыі ад старажытных часоў да сучаснасці. Тут можна назваць працы пра дзейнасць Фран-цыска Скарыны Сымона Брагі, "У святле гістарычных фактаў" Паўла Урба-на, "Беларусь: на скрыжаваннях гісторыі" Янкі Запрудніка, "Нарысы з гісторыі Вялікалітвы-Беларусі" Янкі Станкевіча, "Беларуская краявая абарона: уніформа і адзнакі" Уладзіміра Шнэка. Вялікую цікавасць уяўляюць падручнікі беларускай мовы і слоўнікі. Сярод іх — "Беларуская мова" Валянціны Пашкевіч, слоўнікі і падручнікі Янкі Станкевіча. Мае бібліятэка і рэлігійныя выданні на беларускай мове — Біблію, службоўнікі, малітоўнікі, катэхізісы, акафісты, царкоўныя календары.
Мастацкая літаратура прадстаўлена творамі Вінцука Адважнага, Кастуся Акулы, Наталлі Арсенневай, Юркі Віцьбіча, Уладзіміра Глыбіннага, Алеся Салаўя, Масея Сяднёва, Янкі Юхнаўца і інш. Надзвычайную каштоўнасць для нас маюць бібліяграфічныя даведнікі Вітаўта і Зоры Кіпеляў, Міколы Панькова, Вітаўта Тумаша, якія з'яўляюцца крыніцамі інфармацыі для далейшага дакамплектоўвання збору.
Асабліва трапяткія адносіны з боку супрацоўнікаў НББ і яе чытачоў да тых выданняў з калекцыі, на якіх стаяць аўтографы і даравальныя надпісы аўтараў.
Перыядычныя выданні прадстаўлены 77 часопісамі, сярод іх — "Беларускі зборнік", "Беларускі свет", "Божым шляхам", "Запісы Беларускага Інстытута навукі і мастацтва", "Конадні", "Зважай!", "Полацак", "Палесьсе" і інш. Варта адзначыць, што камплекты часопісаў даволі поўныя. Падборка газет складаецца з 16 назваў, у іх ліку — "Бацькаўшчына" за 1947-1960 гг., "Беларускі голас" за 1984-1991 гг., асобныя нумары газет "Беларускія навіны", "За волю".
Вялікая каштоўнасць калекцыі не толькі ў яе наяўнасці, але і ў даволі разнастайным і актыўным выкарыстанні. Перш за ўсё бібліятэка выкарыстоўвае гэтыя выданні для стварэння бібліяграфічных крыніц. Так, у бюлетэні "Новыя кнігі Беларусі" былі змешчаны тэматычныя дадаткі "Беларускае замежжа" (1992, № 7-8) і "Проза беларускага замежжа" (1995, № 4). Абапіраючыся на збор, мы рыхтавалі бібліяграфію да персанальных памятных дат Наталлі Арсенневай (1993), Масея Сяднёва (1993), Юркі Віцьбіча (1995).
Бягучая інфармацыя змяшчаецца ў першым раздзеле бюлетэня "Новыя кнігі Беларусі" пад рубрыкай "Ураджэнцы Беларусі за мяжой", а таксама ў штогодніку "Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі" пад аналагічнай рубрыкай.
Вялікую цікавасць у наведвальнікаў бібліятэкі выклікаюць выстаўкі з эк-земпляраў калекцыі. Яны прысвячаюцца, як правіла, вялікім падзеям нацыянальнага значэння: міжнародным з'ездам беларусаў, кангрэсам беларусістаў і г.д. Становіцца традыцыяй экспанаваць выданні, атрыманыя бібліятэкай у якасці падарункаў ад яе сяброў і дабрадзеяў.
Калекцыя НББ "Выданні беларускага замежжа" была выкарыстана выкладчыкамі Беларускага універсітэта культуры пры распрацоўцы тэмы "Бібліяграфія беларускага замежжа", якая ўвайшла ў навучальныя курсы "Гісторыя беларускай бібліяграфіі" і "Бібліяграфічнае забеспячэнне нацыянальнай праграмы "Спадчына", пры падрыхтоўцы паказальніка бібліяграфічных крыніц беларускага замежжа.

