МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Мiхась Мiцкевiч (Антось Галiна): Беларускi i амерыканскi перыяды жыцця i творчасцi // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 1

Аўтар: Белы Сымон
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 1 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 356 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Сымон Белы (Радашковічы)

Міхась Міцкевіч (Антось Галіна): Беларускі і амерыканскі перыяды жыцця і творчасці

Маё даследаванне не прэтэндуе на глыбокі аналіз жыццёвага і творчага шляху малодшага брата Якуба Коласа. Прапаную пазнаёміцца толькі з асноўнымі штрыхамі грамадскай дзейнасці вернага і шчырага сына Беларусі, які любіў сваю Бацькаўшчыну як нешта святое. Мне ён даводзіцца дзядзькам.

Перада мной — альбом пра жыццё і творчы шлях Якуба Коласа, выдадзены "Народнай асветай" у 1974 г. Складальнікі — супрацоўнікі літаратурнага музея песняра Даніла Міцкевіч, Мікола Базарэвіч, Іван Курбека і Міхась Пратасевіч. Аўтарам удалося сабраць ілюстрацыі і змястоўную інфармацыю да іх пра асноўныя этапы жыцця вялікага паэта. Аднак у гэтым выданні адсутнічае ўся Коласава праўда, не паказаны ўсе яго цяжкія жыццёвыя перьшетыі, часам трагічныя. Досыць прыгадаць, што ў 1922 г. Якуб Колас востра выступіў супраць прарасійскіх прадстаўнікоў у навуковых колах. Прымаў ён удзел у антыбальшавіцкай арганізацыі Юрыя Лістапада. У дваццатыя гады ў Беларускай Акадэміі навук зарадзілася беларуская нацыянальна-дэмакратычная плынь дзеля аднаўлення незалежнай Беларускай дзяржавы. Якуб Колас быў адным з галоўных натхніцеляў гэтага руху. Можна назваць і другія сведчанні непакорнасці паэта камуністычнай ідэалогіі. Відаць, толькі вялікая папулярнасць Коласа на радзіме і далёка за яе межамі не дала магчымасці паслугачам "жалезнай рукі" знішчыць выдатнага нацыянальнага дзеяча, класіка беларускай літаратуры.

Антось Галіна (псеўданім Міхася Міцкевіча) пайшоў сцежкай старэйшага брата да канца сваіх дзён. I таму нічога дзіўнага, што на дваццатай старонцы альбома засталася белая пляма... Няма тут здымка Міхася Міцкевіча сярод усіх братоў і сясцёр. У той час не дазвалялася гаварыць і пісаць пра тое, што не адпавядала пануючай ідэалогіі.

... У майго дзеда Міхаіла Казіміравіча Міцкевіча дзеці раслі, як баравікі ў цяністым сасняку, што непадалёку ад славутай Альбуці. Пяць братоў і чатыры сястры гукалі на нёманскіх абсягах. Па запісаных мной словах цёткі Мані, самай малодшай з роду Альбуцкіх (так, на мікалаеўскі лад, называлі родзічаў Якуба Коласа), "Міхась радзіўся і гадаваўся на Парэччы сярод дарослых, таму і быў крыху разбэшчаны, бо ўсе яму патуралі і любілі, асабліва дзядзька Ан-тось, які сцяною стаяў за пляменніка і браў яго з сабой рыбу лавіць, бярозавы сок "спускаць", паказваў норы барсукоў, гойсаў з ім па лесе..."

Міхась і Маня, як самыя малодшыя, трымаліся разам, гулялі вакол хаты пад шатамі дубоў, пакуль малыя былі. Часам дзядзька Антось вазіў іх у чоўне аж да Нёмана па быстрацечнай рачулцы. Але ж з гадамі мужчынская "парода" брала сваё: Міхаська круглы, як гарбуз, гойсаў па лесе, ужо свістаў у чатыры пальцы, знаходзіў гнёзды і норы, збіраў добра баравікі. Трымаўся мужчынскай кампаніі, сябраваў з дзедам Сачком (на мікалаеўскі лад), а так з Дземідовічам, заядлым рыбаком, чытаў яму па складах казкі, якія навёз з Нясвіжа брат Кастусь. А дзядзька Антось вучыў здольнага пляменніка першай грамаце. I ў Мікалаеўшчынскай пачатковай школе вучыўся ён лёгка, без прымусу. Улетку, пасучы каровы на Буданскім лузе, браў з сабой кнігу казак Льва Талстога, уладкоўваўся на тоўстым суку пад зялёнай шапкай дуба і чытаў запоем. Аднойчы так зачытаўся, што забыўся пра сук, на якім сядзеў, падхапіўся і кулем паляцеў на зямлю. Сястра Маня насміхалася над братам, прыгаворвала: "Ах, вы граф Толстой несчастный". За што Міхась не раз ця-гаў сястру за косы, нават склаў пра яе верш:

Сядзіць Маня на ложцы пры сцяне, Косы, як лейцы, цягаць добра мне.

Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю Міхась закончыў у 1917 г., але ў школе працаваў мала. Усчалася грамадзянская вайна, малады Міцкевіч стаяў на раздарожжы, не мог прыняць рашэння. Разабрацца ва ўсім вэрхале сялянскаму хлопцу было не проста. Калі ж быць шчырым, не ляжала ў яго душа да тых, хто хацеў разбурыць "мнр до основання". Пакутную Беларусь тады раскалолі на Усходнюю і Заходнюю. У Заходняй засталіся палякі. Тут у Смольні і жыў дзядзька Міхась, стаў ён працаваць на зямлі, а яго браты Кастусь, Алесь і сястра Алена аказаліся ў "Саюзе непарушным". Пасля смерці маці Ганны (яна жыла пры Юзіку) малодшы брат збудаваў сабе сялібу-хутар правей Стаўбцоўскай дарогі, пры самым сасняку. Меў пару гектараў пуставатай зямлі-баравіны і лужок для вьшасу хатняй жывёліны. Часта сваю гаспадарку давяраў майму бацьку або сваяку Прускаму, якога НКВД у ноч 1940 г. забрала назаўсёды... Тады дзядзька прыехаў на калёсах і забраў стрыечную сястру з дзецьмі да сябе на хутар. Ён, як і дзядзька Антось, не шукаў сабе жонку, хоць сваццяў было многа. У кожнай дзяўчыне заўважаў якую-небудзь ганьбу: то смяецца многа — толькі палец пакажы, то шмат гаворыць, то моцна сапе носам, то крокі шырокія робіць... Каржакаваты, шыракаплечы, лабасты, з доўгім шырокім носам, са смяшынкай Коласа, ён, часам, гарачыўся ў гутарцы, любіў пажартаваць, трапна падбіраючы словы. Гаварыў з націскам у голасе, надаваў кожнаму слову асаблівы сэнс. Адбіваючыся ад розных сваццяў, гаварыў па-філасофску: "Чалавечына! Адна душа ў боце, другая ў жываце, а трэйцяя па свеце ходзіць ды людзей зводзіць, а чацьвёртай мне зусім не трэба, пражыву бабылём, як дзядзька Антось".

Дзядзька часта заходзіў зімовымі вечарамі да сястры Юзі, маёй маці, муштраваў сваіх шматлікіх пляменнікаў, даваў "квасу" за правіннасці, асабліва за навуку, бо надаваў адукацыі вялікае значэнне. "Без навукі — як бязрукі", — часта паўтараў ён. На розных сходках моладзі дома і ў іншых вёсках вёў прапаганду, каб родная мова не была мачыхай для беларусаў, каб яны не цураліся дзедаўскай спадчыны, ганарыліся сваёй нацыяй, каб "беларускае сонца свяціла і грэла беларусаў". He захацеў настаўнічаць у польскай школе, ламаць сваю мову на "жондовы ензык". Застаўся руплівым гаспадаром. Працы не шкадаваў, кожны год збіраў каменне, добра ўгнойваў палеткі. Мікалаеўцы дзівіліся, што на такой пустэчы расло жыта ў рост чалавека, асабліва ўдавалася грэчка. Але не заўсёды дзядзька займаўся гаспадаркай сам, часта яму дапамагалі сваякі.

Хоць мяжа была на замку, але Міхась і яго аднадумцы мелі шмат рознай савецкай літаратуры. Бальшавікі масіўна вялі прапаганду, абяцалі райскае жыццё ў Саветах. Дзядзька не зусім давяраў гэтаму, тым не менш арганізаваў самадзейны драматычны гурток, дзе паставіў "Мікітаў лапаць", "Збянтэжанага Саўку", "Пінскую шляхту", "Паўлінку". Сам браў галоўныя ролі, гуляў як заядлы артыст, выступаў у друку, высмейваючы панскія парадкі і польскі жонд. He мог змірыцца, што на прасцягах Бацькаўшчыны гаспадараць фанабэрыстыя асаднікі, для якіх мужык — непаўнацэнная асоба. He менш страшнае тварылася за мяжой, у краіне "жалезнай рукі", дзе гуляў чырвоны тэрор, знішчаў "ворагаў народа", у лік якіх трапіў родны дзядзька Міхася Язэп Лёсік, Аляксандр Сянкевіч, іншыя мікалаеўскія інтэлігенты. Старшыня Рабоча-сялянскай грамады Браніслаў Тарашкевіч спаткаў сваю смерць у Курапатах з мікалаеўскім чалавекам па прозвішчы Дземідовіч. He адзін дзесятак хлопцаў уцяклі за мяжу, ратаваліся ад паноў, а бальшавікі амаль усіх іх "упарадкавалі". Сярод тых, хто застаўся ляжаць у вечнай мерзлаце, пляменнік дзядзькі Міхася Алесь Белы.

Калі грамадоўцы на пачатку сваёй дзейнасці імпанавалі настрою і духу дзядзькавай душы, то пасля таго, як вярхушка гэтай арганізацыі прымкнула да камуністаў Заходняй Беларусі, брат Коласа абурыўся, бо адраджэнне культурнай і духоўнай спадчыны трапіла ў бальшавіцкія цуглі. З абодвух бакоў — і палякі і саветы — пазбаўлялі беларускі народ права людзьмі звацца, адбіралі ад яго мову, культуру.

I ўсё-такі прыход саветаў восенню 1939 г. дзядзька Міхась спаткаў з адкрытай душой. Пайшоў працаваць у народную асвету, стаў актыўным прапагандыстам роднага слова. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам арганізоўваліся культармейцы з вучняў старэйшых класаў. Бацькі селі за парты, а дзеці вучылі іх першай грамаце: пісаць, складаць і па складах чытаць. Людзі атрымалі надзелы зямлі, сенажаці, паверылі "самаму мудраму". Наступіла палёгка ў жыцці. Вяскоўцы хадзілі ўзрушаныя і ўцешаныя. Вёска сустрэлася з дэпутатам БССР, народным песняром і земляком Якубам Коласам. Савецкая ўлада дапамагала аднавіць вёску, якая згарэла датла ў 1940 г. Тым не менш трывожны цяжар не пакідаў сэрцы аднавяскоўцаў Міхася. Якуб Колас прыехаў да іх не адзін. З ім, у скуранках, былі ахоўнікі з НКВД. Радня, якая сабралася праз дваццаць гадоў у хаце дзядзькі Міхася, нават не пагаварыла шчыра са сваім славутым братам. Хоць і хацела душа распытаць яго пра сваякоў, што жылі там, пра сваіх сыноў і іх сяброў, што ўцяклі ад панскага прыгнёту і ніякіх вестак пра сябе не падавалі, але Якуб Колас стараўся не дакранацца да гэтай тэмы. Толькі тайком даў зразумець Міхасю: тыя, хто ўцёк ад палякаў, сталі "ворагамі народа", таму трэба чакаць бяды... Спадзяванні на лепшую долю і захаванне духоўнай памяці таялі з кожным днём. Кожны чакаў — каго сягоння? Выклікалі ў адпаведную ўстанову і дзядзьку Міхася: пагутарылі "по душам" і "далікатна" папярэдзілі, каб маўчаў. Відаць, аўтарытэт Якуба Коласа паспрыяў таму, каб не трапіў на Салаўкі, адкуль рэдка хто вяртаўся да хаты.

Міхась Міцкевіч застаўся верным сваім землякам і ў гады фашысцкай навалы. Ён зноў працаваў у асвеце. У Мікалаеўшчыне дырэктарам школы стаў сваяк і сябра Якуба Коласа Ігнат Міцкевіч, які выкладаў там рускую мову. Усе астатнія прадметы, як і ў дваццатыя гады, — на роднай мове. Дзядзька Міхась быў задаволены, што матчына мова зноў загучала ў школах Стаўбцоўшчыны. Праўда, у многіх вёсках заняткі праводзіліся па хатах.

У гады нямецкай акупацыі дзядзька застаецца самім сабою: дбае пра нацыянальную культуру, мову. Падтрымлівае сувязі з партызанамі, якіх было шмат у Мікалаеўшчыне. У яго хаце жылі колькі савецкіх палонных, што пазней сталі ляснымі мсціўцамі. Пра гэта ўспамінаюць сувязныя Антоцкая, Вязаўцава... Карная экспедыцыя праехала міма вёскі, хоць і была важкая падстава, каб расправіцца з мікалаеўцамі. Партызаны з дапамогай паліцыянтаў (двое з іх "служылі" немцам па заданні партызанскай разведкі) спалілі пастарунак, колькі паліцыянтаў узялі ў палон.

1944 г. стаў паваротным у асабістым жыцці дзядзькі Міхася. Ён развітваецца з Радзімай назаўсёды... Баючыся рэпрэсій і, па словах цёткі Мані, "каб не пала цень на Костуся", выехаў на Захад. Спачатку прьшыніўся ў Чэхаславакіі, зарабляў сабе на хлеб. Давялося ўспомніць навуку дзядзькі Антося, які прышчапіў здольнаму пляменніку любоў да цяслярнай і бондарскай справы. Пазней эмігрант-уцякач, а калі шчыра — выгнаннік, апынуўся ў Заходняй Германіі. Ён і там не сядзеў, склаўшы рукі. Паводле Міхася Тулейкі, таксама эмігранта, за межамі Бацькаўшчыны быў дзейны і вельмі ахвярны. У Германіі дзядзька Міхась жыў у лагеры для перамешчаных асоб, вучыў дзяцей у беларускіх школах, працаваў іх інспектарам. У 1947 г. Міхась Міцкевіч абіраецца сакратаром беларускага настаўніцкага згуртавання на эміграцыі. У гэтым жа годзе ён складае праграму беларускай мовы для 1—5-х класаў, апрацоўвае чытанкі для дзяцей малодшага ўзросту. У 1949 г. прымае актыўны ўдзел у стварэнні беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Розенгайме, становіцца сакратаром Вышэйшага царкоўнага ўпраўлення.

У 1950 г. брат Якуба Коласа пераязджае на сталае жыхарства ў Нью-Йорк. I тут не прьшыняе сваёй актыўнай дзейнасці па адраджэнні матчынай мовы, займаецца навукова-даследчай працай. Піша чытанкі для вучняў малодшага ўзросту, даследуе творчасць Якуба Коласа, узяўшы за аснову "Новую зямлю". Пільна сочыць за перыядычным друкам на Бацькаўшчыне. У шаноўныя гады становіцца глыбока веруючым. Ён быў не толькі рэдактарам газеты "Беларус" (пэўны час выдаваў гэты друкаваны орган на свае грошы), але і рэдактарам часопіса "Голас царквы". Быў сябрам Галоўнай управы БАЗА, апекуном Сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Йорку. Да канца сваіх дзён матэрыяльна дапамагаў царкве. Па словах былога дырэктара філіяла музея Я.Коласа Уладзіміра Міцкевіча, Якуб Колас атрымаў аднойчы ліст ад брата праз Дразда, настаўніка з Новага Свержаня, і незадаволена тады выказаўся: "...Дурны Міхась. Што ён цягаецца па Парыжах. Каб ён быў тут, я б яго выбавіў..."

Памёр Міхал Міцкевіч 25 кастрычніка 1991 г. на руках пляменніка Алеся Міцкевіча, сына сястры Міхаліны. Беларуская дыяспара і Бацькаўшчына страцілі ў яго асобе вельмі шчырага абаронцу нацыянальнай спадчыны, чалавека вялікай душы, які пакінуў глыбокі след у сэрцах тых, хто ведаў яго. Як дзеяч беларускай культуры і як пісьменнік, публіцыст, ён заслугоўвае, каб яго дзейнасць была глыбока даследавана, каб магіла на беларускім могільніку ў Іст-Брансвіку (штат Нью-Джэрсі) стала жывой памяццю для ўсіх тых, хто шануе і любіць сваю нацыю.

Трэба думаць, псеўданім Антось Галіна ў Міхала Міцкевіча не выпадковы. Дзядзька Антось быў яго кумірам і дарадцам, самым блізкім сябрам, таму каб захаваць пра яго святую памяць, ён і назваўся Антосем Галінай — як працяг роду Міцкевічаў. Літаратурную дзейнасць Антось Галіна пачаў у 1918 г. Выступаў у друку з апавяданнямі, фельетонамі пра жыццё сялян, семінарыстаў, фармаванне нацыянальнай свядомасці. У канцы свайго жыцця ён пераклаў на беларускую мову Напрастольнае і Паспалітае Евангелле, якое пачало друкавацца ў Амерыцы.

Максім Гарэцкі высока цаніў творчасць Міхала Міцкевіча, пісаў: "Вельмі спадзейны і паважны публіцыст". А Мікола Прускі, сваяк дзядзькі Міхася, выдавец часопіса "Беларускі свет" у Амерыцы, сцвярджаў: "Дзядзька Міхась і Бацькаўшчына былі нібы параднёнымі... Гэта быў дабрадушны і цудоўны чалавек, вялікі патрыёт, і любіў сваю Бацькаўшчыну, як нешта святое".

...Па-ранейшаму растуць купчастыя дубы на Бервянецкім лузе, Нёман коціць хвалі ў далячынь. Шалясцяць лістамі старыя ліпы на падворку леснічоўкі. Сюды, на паклон да аўтара "Новай зямлі", кожны год прыязджаюць тысячы людзей, каб прайсціся па шляху Коласа, аздобленым літаратурнымі помнікамі. Умелыя рукі мастакоў і скульптараў таленавіта ўвасобілі неўміручыя вобразы родных і блізкіх мікалаеўцаў. I вельмі горка ўсведамляць, што свой вечны спакой брат Якуба Коласа знайшоў далёка ад роднай зямлі. Але трэба спадзявацца: знойдзецца самабытнаму выгнанніку з роду Міцкевічаў месца для літаратурнага помніка сярод герояў "Новай зямлі". Міхалова дрэва мусіць мець і гэтую, апошнюю галіну.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by