МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" - міжнароднае грамадскае аб'яднанне, дзейнічае з 1990 года, аб'ядноўвае 135 арганізацый з 28 краін свету
Бібліятэка МГА ЗБС Бацькаўlчына



На сайт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа Даследчыя працы дзеячаў замежжа Пераклады Публіцыстыка Успаміны Эпісталярыі Дакументы Бібліяграфіі Інтэрв'ю Персаналіі Перыядычныя выданні Паэзія Проза Драматургія
“Бібліятэка Бацькаўшчыны” МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Беларускі інстытут навукі і мастацтва (Нью-Йорк) Беларускі кнігазбор Бібліятэчка Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” (Беласток) Беларускі Гістарычны Агляд Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь»
Агляды Адукацыя Бібліятэка Бацькаўшчыны Бібліятэкі, архівы, музеі Гісторыя Друк Культура Літаратура Мастацтва Мова Музыка Навука Падарожжы Персаналіі Рэлігія Сучаснасць Успаміны Часопіс Іншае

Наталля Арсеннева - мiж Вiльняй i Рочэстэрам // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян., міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Ч. 1

Аўтар: Чыквiн Ян
Кнiга: Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыян.. міжрэлігійн. і міжкультур. ўзаемадзеяння. дыялогу і сінтэзу. Ч. 1 / Рэд. Ул. Конан і інш. - Мн.: ННАЦ імя Ф. Скарыны. 1997. - 356 с. - (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 6).
Год: 1997
Раздзел: Даследаванні па гісторыі і культуры замежжа, Даследчыя працы дзеячаў замежжа
Краiна: Нявызначана
Крыніца: Беларуская інтэрнэт—бібліятэка: http://kamunikat.org/

Ян Чыквін (Беласток)

Наталля Арсеннева — між Вільняй і Рочэстэрам

Яшчэ нядаўна імя Наталлі Арсенневай, як і іншых беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, было пад забаронай. Але ўжо ў верасні 1993 г. у Рэспубліцы Беларусь грамадства святкавала 90-ю гадавіну з дня нараджэння выдатнай паэткі. З гэтай нагоды з'явілася ў Мінску факсімільнае перавыданне яе першай кніжкі "Пад сінім небам" (1927), а ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры была наладжана літаратурная сустрэча, адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай юбілею, аднак без прысутнасці самой Наталлі Арсенневай. Найстарэйшая беларуская пісьменніца, перакладчыца твораў Гётэ, Гаўптмана, Кляйста, Шэкспіра, Міцкевіча, песняў для баптыстаў жыве цяпер у ЗША, у Рочэстэры.

Як жа склалася жыццё паэткі, што мы ведаем пра яе творчую біяграфію? На жаль, грунтоўнага агляду жыццёвага творчага шляху Наталлі Арсенневай, акрамя біяграфічна-крытычнага нарыса Антона Адамовіча1, дасюль няма.

Ёсць, праўда, крыху біяграфічных звестак у даваенных беларускіх газетах, у эміграцыйным друку2. У сучасным беларускім літаратуразнаўстве толькі пачынаюцца асэнсаванне біяграфіі паэткі, спробы ўпісаць яе паэзію ў літаратурны працэс XX ст.3

Нарадзілася Наталля Арсеннева 20 верасня 1903 г. у Баку, дзе тады жылі яе бацькі, патомныя расіяне. Але паколькі неўзабаве яны пераехалі ў Вільню, у дакументах месцам нараджэння значыцца гэты горад. "Месцам майго нараджэння, — гаворыць паэтка, — лічыцца ўлюблёная Вільня, дзе я фактычна расла й гада-валася ад першых месяцаў майго жыцця. У Вільні я пачала й вучыцца, перш у хаце, з маткай, якая была настаўніцай, а пасля, перад самай вайной 1914 года, у Віленскай Марыінскай гімназіі"4. Там "з школьнага падручніка геаграфіі Спірыдонава, з тэксту, паданага дробным друкам і неабавязковага для завучвання, яна ўпершыню даведалася, што ёсць беларусы, і ў іх ёсць літаратура, дзе найбольшы паэт Янка Купала; была пададзеная й першая зваротка Купалавага верша "Я мужык — беларус", дзе будучую паэтку найбольш уразіла слова 'цёмны'"5.

Аднак пачалася Першая сусветная вайна і, паколькі бацька Наталлі быў расійскім урадаўцам, уся сям'я Арсенневых была эвакуявана ў глыб Расіі — спачатку ў знаёмае ім Баку, а пазней — у Яраслаўль над Волгай. Тут яны прабылі чатыры гады. Вярнуліся Арсенневы ў Вільню толькі на пачатку 1920 г. У тым жа годзе Наталля разам з сястрой і братам паступіла ў толькі што зас-наваную Першую Віленскую Беларускую гімназію.

Вільня і Беларуская гімназія — асноўныя вузлы біяграфіі маладой паэткі. Вучылі ў ёй беларускую моладзь такія настаўнікі, як Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Браніслаў Тарашкевіч, Аркадзь Смоліч. Тут Наталлю поўнасцю і назаўсёды паланіў беларускі адраджэнцкі рух. "У Віленскай Беларускай гімназіі, — успамінае паэтка, — я ўпершыню сустрэлася з беларускай справаю і захапілася ёю"6.

Спроба пісаць вершы, відаць, па-расійску з'явілася ў Наталлі ўпершыню ў час "бежанства". Тады яна была вучаніцай Яраслаўскай Кацярынінскай гімназіі. Але яна з імі яшчэ "хавалася". Першыя свае беларускія вершы маладая паэтка адважылася паказаць свайму настаўніку Максіму Гарэцкаму. "Ён з вялікай увагай праглядаў мае першыя вершы, ганіў, што было блага, і заахвочваў мяне да лепшага пісання"7. Першы друкаваны верш Арсенневай з'явіўся ў газеце "Наша Ніва" 28 кастрычніка 1920 г.

У 1921 г. Наталля Арсеннева скончыла гімназію і, закончыўшы яшчэ падрыхтоўчыя педагагічныя курсы, атрымала пасаду настаўніцы ў адной з васьмі адчыненых тады ў Вільні пачатковых беларускіх школ. Годам пазней яна паступіла на гуманітарны факультэт Віленскага універсітэта, але правучылася там нядоўга. Восенню 1922 г. Наталля выйшла замуж за капітана Францішка Кушаля (1895-1968) і выехала з ім у Польшчу. "На вельмі доўга, — пісала паэтка ў 1942 г. — Але хоць раз на год я прыязджала на Беларусь, у сваю родную Вільню, або да мужавых бацькоў у Валожыншчыну"8.

Апынуўшыся на чужыне, Наталля Арсеннева на кароткі час замоўкла. "Сувязь з Бацькаўшчынай хіба і была прычынай таго, што насуперак усім, вельмі неспрыяльным абставінам я не кінула пісаць", адзначыла яна ў аўтабіяграфічнай нататцы'.

Выезд у чужое моўнае асяроддзе, адасабленне ад "беларускай справы" аказалі, відавочна, рашаючы і выключна станоўчы ўплыў на фармаванне адметнага паэтычнага светаадчування Наталлі Арсенневай. Унутраную патрэбу складання вершаў толькі па-беларуску ўзбудзіла ў ёй, несумненна, тая ж "беларуская справа". I вось той моцны імператыў творчасці, распалены ў душы агонь паэзіі цяпер пераплаўляў на чужыне, трансфармаваў увесь беларускі "матэрыял", усё блізкае паэтцы, канкрэтнае і знаёмае да драбніцаў, што дагэтуль і стварала вобраз радзімы, ідэю Беларусі, якая тут жа перарастала ў ідэал — у "дзіўную песню", што існуе як водгалас вечнай праўды, дабра і прыгажосці, як сімвал зямлі абяцанай. Яе асноўнай тэмай становіцца жыццё лірычнага "я" ва ўяўленай айчыне. Toe жыццё паэтка любіць проста дзеля самога жыцця, у шматстайных яго праявах знаходзячы крыніцу чалавечай радасці і творчай інспірацыі. He выпадкова для яе "песняў" найважнейшымі былі "сардэчныя" месцы дзеяння і псіхалагічны час.

Пачынаючы з 1922 г. Наталля Арсеннева ўсё шчыльней замыкаецца ў сваіх чыста індывідуальных настроях і перажываннях. Яна стварае ўласны свет паэтычнай уявы, свет чысты, вытанчаны — і як жа непадобны да тагачаснага паэтычнага свету, скажам, Максіма Танка, Міхася Машары, Уладзіміра Жылкі. Творчай пазіцыяй становіцца для Арсенневай пазіцыя адстароненага назірання, прынцьш эстэтызацыі жыццёвых з'яў і фактаў. Паэзія яе ў гэты, "польскі" (1922-1939), перыяд тэматычна звужаецца да камернага лірычнага "я", якое аднак штораз экстрапаліравала сябе ў план прыроды ды ў перспектыву вечнасці. Дзякуючы вось гэтаму тэматычнаму звужэнню, паэтка значна пашырыла псіхалагічны партрэт сваёй лірычнай гераіні — багатай духоўным жыццём беларускай жанчыны. Праз яе светлы вобраз паэтка пераадольвала заштампаваны ў літаратуры плачлівы або тьшова змагарны жаночы характар, а таксама комплекс нацыянальнай непаўнавартасці. Толькі праз такую, "душэўную", прызму гераіня Арсенневай магла ўспрымаць і ўспрымала многія тагачасныя грамадскія, нацыянальныя, палітычныя беларускія праблемы. У плане фармальным дзеля падкрэслення сваёй паставы паэтка карыстаецца карункавай вобразнасцю, метафарычнай іншасказальнасцю і мілагучным рытмічна-інтанацыйным меласам вершаў, у якіх яна дасягае артыстычнага майстэрства10.

Увядзенне ў беларускую літаратуру вобраза такой, не прыніжанай, не затурканай, а светлай, жаночай жанчыны і было найбольшай творчай заваёвай Наталлі Арсенневай, яе першага "польскага" перыяду.

У адрозненне ад сваіх паэтычных аднагодкаў не толькі з Заходняй Беларусі, але і з Беларусі савецкай, якія "стала й нязбочна йшлі тым шляхам нацыянальна-вызвольнага змагання, які быў бітым, генеральным шляхам і "беларускае справы" і беларускае літаратуры"11, Наталля Арсеннева "шлях гэты проста як бы дэманстрацыйна ігнаравала"12. I, нібы насуперак літаратурнай традыцыі даваць загалоўкі зборнікам паэзіі цалкам бязрадасныя, сваёй першай кнізе вершаў яна дала назоў "Пад сінім небам" (Вільня, 1927).

Тагачасная крытыка адразу заўважыла, сцвярджае Антон Адамовіч, адметнасць першай лірычнай кнігі Наталлі Арсенневай — у аўтарскай удзячнай любові да Жыцця, у веры-закаханасці ў Прыроду. Асабліва крытыкам кідалася ў вочы паэтычнае мілаванне-апалогія восені, чым яна таксама плыла супраць усталяванай плыні беларускай паэзіі. "Жоўтая восень" — пад такой назвай у 1928-1936 гг. Арсеннева падрыхтавала да друку другі зборнік вершаў, які, аднак, асобным выданнем не выйшаў з-за вайны.

"1939 год палажыў канец майму спакойнаму, але аднастайнаму жыццю, — успамінала паэтка. — Муж пайшоў на вайну, і я доўгі час аб ім нічога не ведала. Я ж з сынамі, пасля рознае цяганіны, апынулася ў г. Вялейцы, адкуль мы і былі вывезеныя бальшавікамі ў Казахстан на пачатку 1940 г.

Аб Казахстане пісаць вельмі няма чаго. Кожны ведае, што гэта такое ..."13

Значна пазней стала вядома (з вуснаў самой Наталлі Арсенневай), што дзякуючы "шчасліваму вьшадку" (даведаўшыся, куды яе вывезлі, Янка Купала, Пятрусь Глебка і іншыя беларускія пісьменнікі зрабілі адпаведныя захады дзеля яе вяртання), яна ў маі 1941 г., перад самай вайной змагла вярнуцца на бацькаўшчыну, на радзіму мужа, у Доры каля Валожына. У тым самым часе быў вьшушчаны з маскоўскай Лубянкі і яе муж.

Пачатак нямецка-савецкай вайны і гітлераўская акупацыя Беларусі — гэта адначасова пачатак найбольш цьмянага "нямецкага" перыяду (1941-1944) у біяграфіі паэткі. У публікацыях пра яго гаворыцца досыць агульна: восенню 1941 г. Наталля Арсеннева ўсёй сям'ёй пераехала на жыхарства ў Мінск, Францішак Кушаль актыўна супрацоўнічаў з гітлераўцамі, а яна сама працавала ў прафашысцкай "Менскай газэце" і была нават узнагароджана гітлераўскім медалём14.

Аднак сваёй паэтычнай творчасці Арсеннева ўсё ж не аддала, як дапаможнага сродку, на службу акупантам. Красамоўна сведчыць пра тагачасную паэтычную палітычную пазіцыю зборнік вершаў "Сягоння", выдадзены ў 1944 г. у Мінску.

На працягу трох гадоў "нямецкага" перыяду Наталля Арсеннева напісала каля дзевяноста новых лірычных вершаў, што ўвайшлі ў зборнік "Сягоння", арыгінальныя лібрэта для трох беларускіх опер "Лясное возера”, “Усяслаў Чарадзей", "З выраю". Зроблена шмат перакладаў як паэтычных твораў Гётэ, Гаўптмана, Кляйста, так і тэкстаў лібрэта опер "Вяселле Фігара" і "Чарадзейская флейта" Моцарта, "Зачараваны стралец" Вебера, "Гэнзель і Грэтэль" Гумпэрдынка. I ў ніводнай з гэтых формаў літаратурнай творчасці Арсеннева не стала найміткай палітыкі. Калі яна ў той час і хацела каму служыць сваёй паэтычнай працай, дык толькі беларускаму народу і айчыне. Аднак паэтка ведала, што ў трагічную для народа пару хацець яму служыць — яшчэ не значыла быць прынятым на тую службу, зразуметым ім ды ўхваленым. Таму не вьшадкова ў названым зборніку скразной лініяй праходзіць тэма роздумаў пра існасць мастацтва, ролю творцы ў крывавым змаганні. Кім павінен "сягоння", у час "пажарышчаў дзікіх"15, быць паэт — мытарам, прарокам, лекарам, чараўніком, валадаром, асілкам? Як творцу Наталлю Арсенневу вельмі хвалюе пытанне пра сваё месца ў свеце, якога "за горла душыць вайна", і пра адказнасць — не толькі за сябе, але і за ўвесь народ, нацыю, за ўсю айчыну . У вершы, якім адкрываўся зборнік "Сягоння", паэтка разгублена пытаецца ў самой сябе: " Але пра што пісаць?" Ці "вьшлаўляць гімны", "ствараць маршы", "латаць проразі падзеяў", "лавіць надзею з падзеяў, паўсловаў, жаданняў"? Ці, можа, тужыць, маліцца і "ўпесціцца мроямі", "нізаць каралі рос, вянок асенні віць"?

Замкнёнае да гэтага часу на прыватнай сферы жыцця кола лірычных вершаў Наталлі Арсенневай у "нямецкі" перыяд выразна размыкаецца. Пашыраецца яго ўнутрыжанравы дыяпазон. Акрамя вытрыманых у ранейшым ключы, параўнальна нешматлікіх прыродаапісальных твораў і твораў інтэлектуальна-эмацыянальнага ахопу жыцця паэтка стварае цяпер і "вершы на вьшадак", і вайскова-патрыятычныя песні, і малітвы-рэквіемы, і публіцыстычна-дэкларацыйныя прысягі.

Такое "размыканне" лірычнага верша Наталлі Арсенневай адбывалася як своеасаблівае яго "ўзбройванне" супраць вайны. Тэма вайны стаецца неадчэпнай, стрыжнявой тэмай амаль усіх яе тагачасных вершаў. Аднак вайну паказвае Арсеннева не падрабязна, не праз мілітарную канкрэтыку, не праз паіменнае "геройства", але абагульненым, метафарычным вобразам. Вайна для паэткі — гэта ноч, змрок, чорная сажа," разбадзялая смерць", "жыццё ў жалобнай раме", "велічны скон", "руіны, ... крыжы і пажарышчы, роспач, голад, калецтва, жалобы", "пустэча пагарэлішч".

Вайну ўспрымала паэтка як усеагульнае нялюдскае няшчасце, выразна па-жаночаму, з нетрадыцыйным для беларускай літаратуры арыстакратызмам погляду. У яе адносінах да вайны, змагання адчуваецца пачатак Яраслаўны. Як і ў "Слове пра паход Ігаравы", лірычная гераіня Арсенневай таксама чакае — у сваёй крэпасці, у сваім "не занятым" ворагамі доме вяртання жаўнераў-вояў. Складае пра іх песні. Узбройвае маршамі. Плача ды моліцца за іх вяртанне жывымі. I верыць у недалёкую светлую будучыню.

Жаночая жанчына Наталлі Арсенневай "польскага" перыяду ў перыядзе "нямецкім" праявіла перш-наперш свой не абыякі віталізм, тую жыццёва-жаночую сілу, устойлівасць, якая заўсёды была, ёсць і будзе здаровым фундаментам кожнай нацыі. Тут крыніца аптымізму паэткі. Толькі праз той віталізм яна даходзіла да важнай, вядома таксама і для жанчын,нацыянальна-патрыятычнай і сацыяльнай праблематыкі. I як той вектар "жыццёвай сілы", была яна ў той час нацэлена выключна ў будучыню, у тую прышласць, што мелася быць больш чалавечнай, чым дагэтуль была для паасобных людзей і цэлай нацыі разам.

Аднак гісторыя павярнулася да многіх беларусаў яшчэ раз нечаканым бокам. Як шмат хто ў 1944 г. з маладой інтэлігенцыі, так і Наталля Арсеннева перад прыходам ў Беларусь Чырвонай Арміі выехала ў Нямеччыну, а праз шэсць гадоў — у Злучаныя Штаты Амерыкі. Так пачаўся яе трэці і апошні, эміграцыйны перыяд творчасці. У параўнанні з ранейшымі перыядамі — найменш стваральны, нізкапрадукцыйны.

У другой палове саракавых, пяцідзесятых і яшчэ пачатку шасцідзесятых гадоў вершы Наталлі Арсенневай паяўляліся ў беларускім эміграцыйным друку амаль што сістэматычна. Але недзе ад 1962-1964 гг. паэтка не друкуецца амаль зусім. Праўда, зрэдзь пад націскам, несумненна, эміграцыйных абставін яна ў вершаванай форме стрымана аддавала і аддае па сённяшні дзень даніну гістарычна-палітычным падзеям і царкоўна-хрысціянскім традыцыям. Аднак "арсеннеўскага" больш нічога ўжо не выйшла з-пад яе пяра. У эміграцыйны перыяд не выдала паэтка і ніводнага свайго асобнага зборніка. Таму апублікаваны ў 1979 г. Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Йорку том "Між берагамі: Выбар паэзіі Наталлі Арсенневай. 1920-1970" з'яўляецца кнігай, што канчаткова вянчае яе творчы шлях. Вершы, якія туды ўвайшлі, былі, аднак, аўтарам дапрацаваныя і нават "перапрацаваныя" нанава16.

У гэтым томе, які доўга рыхтаваўся да выдання, лірычныя вершы эміграцыйнага перыяду аўтарка выдзеліла ў два раздзелы (нібы ўнутраныя зборнікі): вершам, напісаным у Нямеччыне (43 творы), дала загаловак "He астыць нам. 1944-1949", а створаным на амерыканскай зямлі (1950-1964) "На ростанях" (113 твораў). Апошнія скампанаваны ў 12 цыклаў (амаль у тым парадку, як у пяцідзесятых гадах яны друкаваліся ў беларускіх эміграцыйных часопісах "Бацькаўшчына", "Конадні", "Беларус").

Раздзел "На ростанях" адкрываўся досыць рэдкім у беларускай літаратуры марыністычным цыклам вершаў (сем твораў). У ім паэтка адлюстроўвала свежыя да болю і несуцешныя ўражанні і думкі пра пераезд на караблі ў 1950 г. з Еўропы ў Амерыку — "у нязнаны, новы свет"," але не Бацькаўшчыну, не!" Праз гэты марыністычны цыкл, як і праз большасць вершаў эміграцыйнага перыяду, лейтматывам праходзіць думка пра трагічную адстароненасць, адарванасць ад роднай зямлі, закінутасць у зусім іншую, чужую беларусам стыхію ("Вада вакол ... вада нідзе // Нічога больш між намі й светам"). Гэтыя вада-акіян і яго прадонне, і далеч без даляглядаў як рэальныя з'явы перарасталі ў Арсенневай у сімвал страты цвердзі пад нагамі, поўнай дэзарыентацыі ў свеце і часе ("ці часу, як кажуць, няма наагул?") і пакінутасці на волю лёсу.

Знайшоўшыся "між берагамі", паэтка аднак не ўзбунтавалася, не загарэлася помстай, не ўсчала "ходання з лёсам". Па-жаночаму, кіраваная вышэйшымі духоўнымі і эстэтычнымі каштоўнасцямі і ідэаламі, яна значна хутчэй,чым многія іншыя беларускія эміграцыйныя паэты, ішла на "скарэнне" перад лёсам. Калі ў першых вершах з раздзела "He астыць нам. 1944-1949" прабіваўся яшчэ пратэст супраць "падступнага, куслівага, насмешлівага лёсу" ("нат ахвяраў сваіх ты не змусіш скарыцца"), то чым далей, тым скарга на "крывіцкі Кон" выразна слабела, і раздзел "На ростанях" ужо адлюстроўвае не толькі поўнае паэтычнае прымірэнне ("такі наш кон", "добры кон", "Божы кон"), але і — што на першы погляд парадаксальна — удзячнасць такому наканаванню. "Мне лёс даў можа болей, як каму, — гаворыць яна ў адным з вершаў. — Жыццё мне дорыць сны блізу на кожным кроку".

Сон тут — гэта іншасказальнае найменне Арсенневай і творчага працэсу, і адначасна прадукту таго працэсу. Сніць сон значыла для яе тое самае, што займацца творчасцю, пісаць лірычныя вершы. Як і сненне ёсць нейкая квінтэсенцыя жыцця, нейкі зрэз самых розных планаў чалавечай экзістэнцыі, а не само жыццё, так і паэзія — паводле аўтаркі "Пад сінім небам" — таксама не жыццё, бо яна над жыццём17.

Наталля Арсеннева ўсведамляла сваю ўражлівую "жывую душу", чулую на свет нерукатворнай прыгажосці ("Люблю я свет красы, але не свет людзей"). He вьшадкова яна, перахварэўшы і Нямеччыну ("як тварыць?") і асабліва Амерыку, тую індустрыяльную, бетонную, непрыветлівую не толькі для яе песняў ("Навошта я пішу, для каго?"), бачыла сваю суаднесенасць, адчувала роднасць не з кім-небудзь з людзей, але з магноліяй:

Аплёў, аблытаў, як драсён,

той гуд не толькі брук,

але й хаценні, змогу.

А ўсё-ткі, за снягі бялейшая, усцяж,

ледзь красавік,

цвіце магнолія пад мурам.

("Магнолія ")

У перыядзе эміграцыйным, у Амерыцы, Наталля Арсеннева прьшадабня-ецца да магноліі, дрэва, якое своеасабліва цвіце пасярод выасфальтаванай га-радской рэчаіснасці. I зноў, як на пачатку свайго творчага шляху, стаецца паэтка непараўнанай пясняркай жыцця прыроды — "сяброўкі восені" ("Гэтак будзеш ты мной") і гмаху імперыі-вясны ("Гмах імперыі"). У вершы "Нарадзіны паэты" гэтую "перамогу магноліі" Арсеннева ўспрымала як новараджэнне:

Смяюся ...

Паэта новы

вось-вось тут на свет прарос.

("Нарадзіны паэты ")

У канцы 50 — пачатку 60-х гадоў пачынаецца ў еўрапейскай культуры новая паэтычная эпоха. Стыль гэтай эпохі выказвалі ў Амерыцы і краінах Захаду "бітнікі" з сваёй праграмай сацыяльнай нязгоды і пратэсту, а ва ўсходніх славянскіх літаратурах — паэты-"эстраднікі". Публіцыстычнасцю, рэпартажнасцю, нацэленасцю на масавага слухача яны былі шмат у чым падобныя на сваіх заходнееўрапейскіх контркультурнікаў.

Такіх "ціхіх" паэтаў, як Наталля Арсеннева, якая — стаўшы эмігранткай — не мела таксама і "куды сказаць", новая эпоха пакідала без належнай увагі. "Я кужалем сівым няўзнак датку мой верш", — пісала яна ў вершы "Гадзіннік", прадчуваючы, што яе час і час эпохі "дыхаюць не ў тахт".

Спасылкі:

1 Адамовіч Антон. Наталля Арсеннева. "Між берагамі": Біяграфічна-крытычны нарыс // Арсеннева Наталля. Выбар паэзіі. 1920-1970. Нью-Ёрк; Таронта, 1979.

2                Адамовіч Антон. Наталля Арсеннева. С. 328-329.

3                Машара М. Плач над Гудзонам // Голас Радзімы. 1960. № 28; Сачанка Б.Беларуская эміграцыя: Факты і меркаванні // Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі ... Мн., 1990; Сямёнава А. Лёс — і над лёсам // Голас Радзімы. 1993. № 3; Вярбоўская В. Праз слёзы адчуваецца надзея // Культура. 1993. № 5; Мішчанчук М. Між берагамі: Лёс і творчасць Наталлі Арсенневай // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993. Кн. 1; Калеснік У. Наталля Арсеннева: Віленскія гады // Літ. і мастацтва. 1994. № 4. 9 снеж.; Пранчак Л. Беларуская Амерыка: "Я заўсёды любіла Беларусь ..." / Інтэрв'ю з Наталляй Арсенневай // Літ. І мастацтва. 1994. № 3. 19 жн.

4                Біяграфічныя звесткі пра паэтку прыводжу ўслед за біяграфічна-крытычным нарысам: Адамовіч Антон. Наталля Арсеннева. С. XI.

5                Тамсама. С. ХІ-ХІІ.

6                Тамсама. С. XIII.

7                Адамовіч Антон. Наталля Арсеннева. С. XIII.

8                Тамсама. С. XIV.

9                Тамсама.

10         Верш Наталлі Арсенневай вызначаецца сваёй рытмічна-інтанацыйнай гармоніяй: паэтычнай дакладнасцю, мілагучнасцю, свежасцю і прыгажосцю вобразаў, сэнсавай выразнасцю. Амаль усе лірычныя творы сілабатанічнага складу. Перавагу аддае паэтка, аднак, памерам трохскладовым і асабліва ўлюбёнаму анапестычнаму рытму.

11         Адамовіч Антон. Наталля Арсеннева. С. XXIX.

12         Тамсама.

13         Тамсама. С. XVIII. Аб казахстанскай ссылцы гл: Арсеннева Н. У казахстанскай ссылцы // Бацькаўшчына (Мюнхен). 1952. № 94-95, 96.

14         Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі ... С. 44-46; Багдановіч І.Арсеннева Наталля // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. Мн., 1992. Т. 1. С. 103.

15         Тут і далей цытую вершы Наталлі Арсенневай з яе кнігі "Між берагамі". Нью-Ёрк; Таронта, 1979 (без указання старонак).

16 Адамовіч Антон. Наталля Арсеннева. С. XX. 340

17 "Жыццё жыццём, а паэзія — над жыццём", — кажа паэтка і цяпер. Гл: Вярбоўская В. Праз слёзы прадчуваецца надзея. С. 6.


У пачатак

Азербайджан Аргенціна Арменія Аўстралія Аўстрыя Беларусь Бельгія Бразілія Венгрыя Венесуэла Вялікабрытанія Германія Грузія Данія ЗША Ізраіль Іспанія Італія Казахстан Канада Кыргызстан Кітай Латвія Люксембург Літва Малдова Мексіка Нарвегія Польшча Расія Украіна Францыя Чылі Чэхія Швейцарыя Швецыя Эстонія Японія Нявызначана
Галоўная - Пошук - Планы - Новыя паступленні
Rating All.BY akavita биографии белорусских писателей, мордкович zbsb [@] lingvo.minsk.by
zbsb [@] tut.by