|
Марына Ліс (Мінск) Сяргей Сахараў і беларуска-балцкія сувязі
З імем Сяргея Сахарава звязаны самыя яркія старонкі беларускага нацыянальна-адраджэнцкага, культурна-асветніцкага руху ў Латвіі, ля вытокаў якога ён стаяў разам з Кастусём Езавітавым і іншымі беларускімі дзеячамі.
5 Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Торонто, 1993. С. 138-141.
Латвійская рэспубліка пасля атрымання незалежнасці пачала развівацца дэмакратычным шляхам. Гэта адбілася і на становішчы нацыянальных меншасцей, якія, згодна з Канстытуцыяй, мелі правы на нацыянальна-культурную аўтаномію.
Беларусы — жыхары Латвіі, таксама, хаця і ў ліку апошніх, выкарысталі гэтую магчымасць. 15 красавіка 1921 г. у Дзвінску было заснавана культурна-асветнае таварыства "Бацькаўшчына"1, якое кіравала культурна-адраджэнцкім працэсам. Яно мела свае філіялы ў іншых латышскіх гарадах, дзе пераважала беларускае населыгіцтва. Люцынскі аддзел "Бацькаўшчыны" ўзначаліў С.Сахараў. У верасні 1921 г. беларускім асветнікам удалося пры непасрэднай дапамозе славутага латышскага паэта Яна Райніса, шчырага прыхільніка беларусаў, на той час дэпутата Латвійскага сейма, адкрыць пры Міністэрстве асветы свой Беларускі аддзел. Кіраўніком яго быў прызначаны той жа Сахараў2.
За кароткі тэрмін Беларускі аддзел з дапамогай "Бацькаўшчыны" адкрыў каля 50 беларускіх школ, дзве дзяржаўныя беларускія гімназіі (у Дзвінску і Люцыне), наладзіў аднагадовыя настаўніцкія курсы, стварыў сялянска-гаспадарчую школу. Акрамя таго, праводзілася актыўная асветніцкая работа сярод беларускага насельніцтва гарадоў і вёсак. Сіламі культурна-асветных арганізацый і гімназійных калектываў ладзіліся вечарыны, канцэрты, ставіліся спектаклі паводле твораў беларускіх пісьменнікаў. Ва ўсіх гэтых мерапрыемствах Сахараў браў самы актыўны ўдзел.
Вялікую ўвагу ў сваёй дзейнасці лідэры беларускага культурна-адраджэнцкага руху прыдавалі развіццю нацыянальнага друку. У Латвіі той пары выходзілі такія выданні, як рыжская газета "Голас беларуса" (1925-1929), часопіс "Беларуская школа ў Латвіі" (1926-1934). "Беларускае выдавецтва ў Латвіі" вьшусціла ў свет каля 20 кніг і брашур, пераважна падручнікаў для беларускіх школ. Мела свой друкаваны орган, газету "Думка беларуса" (1930) і Беларуская дэмакратычная партыя, арганізатарам якой быў С.Сахараў3. Размножаныя на шапірографе, выходзілі ў свет рукапісныя часопісы беларускіх гімназій — "Ластаўка" (1923-1924) у Люцыне, "Школьная праца" (1926-1929) у Дзвінску. Заснавальнікам і рэдактарам апошняга таксама з'яўляўся Сахараў.
Шырокі арганізатарскі талент, чалавечая абаяльнасць С.Сахарава як магніт прыцягвалі да сябе ўсё новых і новых паплечнікаў па адраджэнні беларускай культуры. Пра папулярнасць яго сярод беларускага населыгіцтва Латвіі сведчыць хаця б тое, што ён быў старшынёй праўлення Дзвінскага аддзялення "Таварыства беларускіх вучыцялёў у Латвіі", членам управы беларускага культурна-асветнага аб'яднання "Рунь", Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства, быў выбраны ў Дзвінскую гарадскую Думу.
Але працэс беларускага культурнага адраджэння праходзіў у даволі складаных умовах. Такая актывізацыя беларускай меншасці прыйшлася не да спадобы некаторым рэакцыйным сілам у Латвіі. Супраць беларускіх культурных дзеячаў былі кінуты абвінавачанні ў арыентацыі на Савецкую Беларусь і нават у здрадзе нацыянальным інтарэсам Латвійскай рэспублікі, якія скончыліся судовым працэсам у 1925 г. Абвінавачванні гэтыя не пацвердзіліся, і ўсе падсудныя былі апраўданы. С.Сахараў не быў непасрэдна прыцягнуты да судовай адказнасці, але рэпрэсіўныя меры закранулі і яго — патрыёт быў вызвалены ад пасады кіраўніка Беларускага аддзела, а сам аддзел — часова зачынены4.
У 1925-1932 гг. С.Сахараў узначальваў Дзвінскую дзяржаўную беларускую гімназію. Асновы нацыянальна-патрыятычных традыцый у ёй ужо былі закладзены папярэднім дырэктарам У.Краскоўскім і калектывам настаўнікаў. З прыходам Сахарава гэтыя традыцыі былі прадоўжаны. За час кіравання ім Дзвінскай гімназіяй яна ператварылася ў актыўны культурна-грамадскі асяродак беларускай меншасці, да таго ж гэтая навучальная ўстанова заставалася адзінай на ўсю Латвію беларускай сярэдняй школай, бо Люцынская беларуская гімназія на той час была ўжо ліквідавана.
Між тым эканамічны крызіс у Латвіі, які пачаўся ў 1928 г., выклікаў услед за сабой і крызіс палітычны. Гэта негатыўна адбілася і на адносінах да нацыянальных меншасцей. Пачаўся рашучы наступ на беларускі адраджэнцкі рух. Перш за ўсё ад Беларускага аддзела адбіраліся школы, якія перадаваліся агульнаму школьнаму дэпартаменту. З 1932 г. пачалася паступовая ліквідацыя Дзвінскай гімназіі. С.Сахараў у 52 гады быў адпраўлены на пенсію. Адлучаны ад любімай педагагічнай справы, ён распачаў актыўную літаратурную працу. На пенсіі ім было напісана шмат артыкулаў па розных пытаннях, а таксама брашура, прысвечаная гісторыі Люцына "Горад Лудза ў мінулым і сёння" (1935), гістарычны нарыс "Краслава і Плятэры" (1936), кнігі "Прападобная Еўфрасіння, княжна Полацкая" (1939), "Полацкі князь Усяслаў — нацыянальны беларускі асілак" (1939).
Але самай капітальнай працай таго часу было выданне духоўнага багацця латышскіх беларусаў — фальклору Латгаліі і Ілукшчыны, якога Сахараў назапасіў вялікую колькасць. Збіраць фальклорныя творы ён пачаў яшчэ ў час кіравання Дзвінскай гімназіяй. Разам з вучнямі і настаўнікамі выязджаў у месцы кампактнага пражывання беларусаў у Латвіі і там запісваў сапраўдныя жамчужыны народнай паэзіі. Фалькларыстычная дзейнасць збіральніка прынесла вялікі плён. Вынікі фальклорных экспедыцый, якія былі ажыццёўлены ў рэгіёны з суцэльным беларускім насельніцтвам, яскрава пацвердзілі існаванне беларусаў Латвіі як самастойнага этнасу з старажытнымі традыцыямі і высокамастацкай духоўнай культурай. Ужо да 1937 г. Сахараў сабраў звыш тысячы народных твораў розных жанраў. Была праведзена вялізная работа па іх апрацоўцы і сістэматызацыі, якая ў выніку завяршылася салідным фальклорным зборам з пяці частак.
Палітычная сітуацыя ў рэспубліцы напярэдадні Другой сусветнай вайны змянілася ў лепшы бок, палагаднелі адносіны і да нацыянальных меншасцей, з'явілася надзея на аднаўленне беларускага адраджэнцкага руху. Сабраныя і ўпарадкаваныя фальклорныя матэрыялы С.Сахараў прадставіў на разгляд у Культурны фонд Латвійскай рэспублікі. 3 красавіка 1939 г. фальклорнай камісіяй, якую ўзначальваў прафесар Страўберг, была высока ацэнена праца Сахарава, а складальнік атрымаў прэмію ў памеры 700 латаў5. Акрылёны такой падтрымкай вучоны адразу ж пачаў рыхтаваць фальклорны збор да выдання. У гэтай рабоце вялікую дапамогу аказвалі яго родныя — жонка Вольга Фёдараўна, беларуская пісьменніца, і дачка Галіна. Увесь ганарар пайшоў на выдавецкія выдаткі. Нарэшце ў 1940 г. выйшаў першы вьшуск збору — "Народная творчасць Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў". Каштоўнасць выдання заключалася ў тым, што фалькларыст уводзіў у агульнанацыянальны культурны ўжытак звыш чатырох тысяч твораў народнапаэтычнай спадчыны з той этнічнай тэрыторыі, якая раней не была даследавана беларускімі этнографамі і фалькларыстамі.
На жаль, неспрыяльныя палітычныя ўмовы 40-50-х гадоў не дазволілі С.Сахараву выдаць падрыхтаваныя ім наступныя вьшускі "Народнай творчасці Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў", хаця з яго боку былі зроблены для гэтага самыя рашучыя захады, у тым ліку і частыя звароты да адміністрацыі АН БССР.
Цяпер уласны архіў С.Сахарава разам з шматлікімі фальклорна-этнаграфічнымі запісамі (каля трох тысяч фальклорных твораў) захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа АН Беларусі. Дублікаты фальклорных матэрыялаў С.Сахарава можна знайсці ў Акадэміі навук Латвіі, Літвы, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы АН Беларусі. Рукапісны фальклорны збор С.Сахарава ўключае ў сябе творы ўсіх жанраў вуснай народнай творчасці. Сярод іх нямала сапраўдных шэдэўраў.
Разнастайныя інтарэсы С.Сахарава, яго прыродная цікаўнасць тычыліся самых розных сфераў духоўнага жыцця. Яго хвалявала ўсё, што было звязана з Беларуссю, магло спрыяць яе далейшаму адраджэнню і росквіту. Таму ў гэтым працэсе С.Сахараў не апошняе месца адводзіў і ўстанаўленню шырокіх сяброўскіх сувязей паміж беларусамі і іх суседзямі-балтамі. У 30-я гады быў напісаны шэраг прац, якія ў той ці іншай ступені закраналі пытанне беларуска-балцкіх кантактаў. Сярод іх — даклад на тэму "Паралелі з гісторыі беларускага, латышскага і літоўскага народаў", які быў прачытаны ў канцы снежня 1933 г. па Каўнаскім радыё6.
Абгрунтоўваючы тэму свайго выступлення, С.Сахараў зазначыў, што сувязь трох братніх народаў не вьшадковая. Яна абумоўлена іх тэрытарыяльна-геаграфічнай блізкасцю, эканамічнымі ўмовамі, дыктуецца гістарычнымі і палітычнымі інтарэсамі народаў-суседзяў.
Беларуска-балцкія кантакты, па сцвярджэнні С.Сахарава, зарадзіліся ў глыбокай даўнасці. У ІХ-Х стст. гэта былі цесныя гандлёвыя сувязі паміж беларусамі і латышамі па Дзвіне, а яшчэ раней — з літоўцамі па Нёмане і Віліі. Пра іх узаемаадносіны сведчаць цікавыя археалагічныя звесткі, а таксама шматлікія дзяржаўныя дакументы тых часоў. Напаміны пра старадаўнія ўзаемасувязі захавала і латышская мова, у якой сустракаюцца словы, блізкія да беларускіх. Як лічыў Сахараў, пры нармальным ходзе гістарычнага жыцця ўзаемныя эканамічныя інтарэсы гэтых народаў маглі б прывесці іх да самага цеснага збліжэння. На жаль, нямецкая каланізацыя ў канцы XII - пачатку XIII ст. перакрэсліла сувязі.
Наадварот, па словах даследчыка, сувязі з літоўцамі ўмацаваліся настолькі, што ў ХШ ст. прывялі да супольнага дзяржаўнага жыцця, палітычны сэнс, прычыны і асновы якога былі заснаваны на сумесным змаганні з нямецкай і польскай каланізатарскай палітыкай.
Беларусы прынеслі ў Літву сваю культуру, мову, заклалі аснову для росквіту аб'яднанай дзяржавы і стварылі свае юрыдычныя нормы — Статуты ВКЛ. У выніку дзякуючы ўзаемным намаганням паўстала моцная дзяржава, якая нанесла нямецкаму ордэну рашучы ўдар. Такім чынам, сцвярджае С.Сахараў, аб'яднанне літоўцаў і беларусаў выратавала ў тыя часы ўсю Балтыю.
Умацаванню супольнай дзяржавы літоўцаў і беларусаў перашкодзіла Люблінская унія 1569 г. Палякі рашуча выступілі супраць старадаўніх традыцый Літоўска-Беларускай дзяржавы, асабліва супраць усяго беларускага, у першую чаргу, дзяржаўнай мовы ВКЛ. I ў гэты цяжкі для беларусаў і літоўцаў час яны поруч імкнуліся захаваць сваю самабытнасць.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь і Літва апынуліся ў межах Расійскай імперыі. Тут зноў спаткаліся беларусы і літоўцы з латышамі (апошнія былі далучаны да Расіі яшчэ ў часы Пятра I). Новае становішча беларусаў і літоўцаў мала чым адрознівалася ад папярэдняга — на змену паланізацыі прыйшла палітыка русіфікацыі. Беларуская і літоўская мовы былі забаронены. Латышам пашчасціла больш: іх мова існавала ў школах і латышскіх настаўніцкіх семінарыях.
С.Сахараў вылучыў некаторыя асаблівасці сацыяльнага становішча, характэрныя для трох народаў у час знаходжання іх у складзе Расіі. Так, у прыватнасці, ён адзначыў адсутнасць заможнага класа, невялікую колькасць сапраўднай нацыянальнай інтэлігенцыі. Гэта тлумачылася аб'ектыўнымі прычынамі. Але і беларусы, і літоўцы, і латышы здолелі ў неспрыяльных умовах зберагчы і раскрыць творчы патэнцыял сваіх народаў. Важную ролю ў гэтым працэсе С.Сахараў адводзіў народнай творчасці, якая абуджала нацыянальныя пачуцці і аб'ядноўвала лепшыя сілы.
Нацыянальнае адраджэнне беларускага, літоўскага і латышскага народаў як масавая з'ява, па словах Сахарава, назіраецца ў канцы XIX - пачатку XX ст., асабліва пасля рэвалюцыі 1905 г., калі бьша знята забарона на беларускую і літоўскую мовы (стварэнне розных таварыстваў, аб'яднанняў ад пеўчых калектываў да сельскагаспадарчых кааператываў; размах прагрэсіўнага друку і інш.). Бурны нацыянальна-адраджэнцкі рух напалохаў царскі ўрад. З яго боку ажыццяўляліся жорсткія рэпрэсіўныя меры — роспуск партый, закрыццё газет і часопісаў і г.д.
Рэвалюцыя 1917 г. прынесла Латвіі і Літве, канстатуе С.Сахараў, магчымасць стварэння сваіх незалежных дзяржаў. Беларусі ў гэтым пашчасціла менш, бо яна была падзелена паміж Польшчай і Расіяй. Частка беларусаў апынулася і на тэрыторыі Латвіі.
Такімі бачыліся С.Сахараву гістарычныя і культурныя паралелі ў развіцці трох суседніх народаў. 3 сучаснага пункту гледжання некаторыя палажэнні даклада вучонага можна было б пашырыць, з нечым паспрачацца, але галоўнае заключаецца ў тым, што ён першым у свой час і з дэмакратычных пазіцый узняў гэтую цікавую і перспектыўную тэму.
Спасылкі:
1 Езавітаў К. Беларусы ў Латвіі. Рыга, 1927. С. 45.
2 Тамсама. С. 57.
3 Езавітаў К. 30 год вучыцельскае працы С.П.Сахарава // Беларуская школа ў Латвіі (Рыга). 1933. № 3 (20).
4 Беларускі працэс у Латвіі. Рыга, 1926.
5 Сегодня. 1939. № 94; Jaunakas Zinas. 1939. № 78. 332
6Рукапіс даклада захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ імя Я.Коласа АН Беларусі (ф. 3, воп. 1, адз. зах. 10).

